epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Вясновыя перагуды

Прыйшла вясна. Пачаўся рух.

Стрыж круціць петлі — цырк!

Драч на шчыглоў — таксама ж зух! —

Скрыпіць у ядлаўцы:

— Цішэй вы! Будуць пець гракі.

— Ну што ж, няхай пяюць.

— А рад у вас, паны, які?

Яны ж мяне заб’юць,

Калі прыкмецяць у кустах

Хоць аднаго дразда.

І шпак для іх не пеўчы птах —

Выпорваюць з гнязда.

А вы — звычайныя шчыглы,

Лясная драбяза.

Гракі турнуць вас за вуглы.

Назад, кажу, назад!

— Эх ты, бяскрылая душа,—

Пачулася ў адказ.—

Хіба ў вароніх шалашах

Ты песню чуў хоць раз?

І сам, кумок, ты не дарос

Яшчэ да спевака,

Хоць шчыра ў засені бяроз

Падтакваеш гракам.

— Кар-р-рамба! — вылаяўся драч.—

Прэч з лесу, і канец!

Я — пачынаючы скрыпач,

А вы — на смех мяне?

Я век не знаюся з бядой...

— Дык грай, мы зробім круг,—

Шчыглы вясёлай чарадой

Памкнуліся на луг.

І песня з імі, хоць ты плач!

Гракі ад страху ў крык,

Не, гэта той сярдзіты драч

Прабуе ў лозах смык.


1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 72-73
Крыніца: скан