epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

«З тае пары мінула процьма год...»

Р. К.

 

З тае пары мінула процьма год,

Калі адколінай з разгалістага клёна,

Прастрэленае куляй навылёт,

Маё каханне ля тваіх варот

Апала ціха на мурог зялёны.

Адна адколіна — пясчынка ў моры страт...

Клён як стаяў, так і стаіць ля брамы.

Такіх асілкаў на Палессі шмат,

Што ні камель, то барацьбіт, салдат,

На кожным з іх — адколіны і шрамы.

А ты жывеш і снішся мне заўжды

То знічкаю, то ластаўкай крылатай,

Дазволь хоць выпіць конаўку вады,

Каля тваёй хаціны з лебяды

Стамлёнаму дарогамі салдату...


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 78
Крыніца: скан