epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Жывыя прывіды

Позняе ворыва
  Кніга першая
    Дарога на радзіму
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
      8
      9
    Кат просіць спагады
      1
      2
      3
      4
    Сіла чалавека
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
Па два патроны на брата
  Кніга другая
    Пасля «трагічнай смерці»
      1
      2
    Замах на гісторыю
      1
      2
    Генералы дыверсійных чысцілішчаў
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    Кліенты «варажбіткі» Гэлены Змачынскай
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    Хто каго
    Відушчыя слепакі або шляхцюкі ў сацыялізме
    Замест эпілога
    «Крыжаносцы» з санацыйнага балота
    Дацэнтура здрады
    Біблейскія скокі ў імя антыкамуністычнай марокі
    Змагары за «мошчы гебельсавай цешчы»


 

Гэтая кніга — мастацка-публіцыстычны рэквіем тым, хто загінуў або прапаў без звестак у барацьбе за станаўленне Савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі ў першыя пасляваенныя гады. Многія з іх былі яшчэ зусім маладыя, неабстраляныя, але шчыра верылі ў правату сваёй рабоча-сялянскай справы, таму бясстрашна змагаліся супраць звар'яцелых на антысаветызме і антысацыялізме недабіткаў крывавага гітлераўскага «новага парадку» і польскай санацыі. Ёсць сокалы, на долю якіх выпала нялёгкая задача змагацца з ворагамі сацыялізма і камунізма. І не толькі на бунтарнай зямлі бацькоў нашых... Менавіта таму і хочацца нізка пакланіцца ім за гэта.

 

 

Позняе ворыва

 

Кніга першая

 

Дарога на радзіму

 

1

Кажуць, што ў кожнага чалавека ёсць свая зорка. Блішчыць яна, малапрыкметная, між іншых зорак, потым сарвецца з вышыні і падае на зямлю, рассыпаючыся і гаснучы ў пацёмках.

— Пагасла зорка — не стала чалавека, — гавораць старыя людзі і набожна хрысцяцца.

Мая зорка яшчэ недзе іскрыцца ў бяздоннай сінечы.

Быў час, калі я ахвотна спароў бы яе з неба, але не ведаў, як гэта зрабіць. На календары — 1957 год. Вясна. Мяне, Ігната Лагоду, для адных адпетага нягодніка, бандыта, для другіх — былога афіцэра польскай разведкі, а цяпер — журналіста, карэспандэнта адной беларускай абласной газеты, толькі што выпісалі з траўматалагічнага аддзялення варшаўскай гарадской паліклінікі. Польскія сябры часова ўладкавалі мяне ў ціхім атэлі «Тэрмінус», абставілі кветкамі, прынеслі аднекуль радыёпрыёмнік. Думаюць — неадольная прага жыцця яшчэ верне мяне ў іх па-ваеннаму суровае, строгае, але прыветлівае і дружнае асяроддзе. А мяне тым часам вельмі сур’ёзна трывожыць адна неадчэпная думка: колькі дзён я яшчэ працягну? Не скажу, што гэта прыдае мне бадзёрасці. Але... на ўпарадкаванне нататкаў, якія я крадком рабіў у паліклініцы, сіл усё ж хопіць. Павінна хапіць!..

Дзіўна, але Антосю Малочку, майму стрыечнаму брату, па хадайніцтву якога мяне зноў выклікалі ў Польшчу, яшчэ, напэўна, і ў галаву не прыйшло, што я ўжо ў «Тэрмінусе» другі раз кантуюся. Прынамсі, пані Гражына М., адна з супрацоўніц гэтага атэля, адразу мяне пазнала. Толькі яна, як відаць, не прывыкла гучна выказваць свае эмоцыі. Помню, як яна некалі дапамагла мне хутка асвойтацца ў сваім горадзе. Па наклейках на чамадане і загранічных штампах на пашпарце яна здагадалася, што я патэнцыяльны бадзяга, і з уласцівай бадай што толькі варшавянкам непасрэднасцю, адкрыта, калі не сказаць больш, з выклікам абвясціла мне гэта. Але я чалавек нефанабэрысты, таму падкрэслена спакойна ўзяў у яе ключ ад прызначанага мне пакоя і адразу ж вынесся з вестыбюля. Затое потым, калі я схадзіў на службу і вярнуўся адтуль у новых афіцэрскіх даспехах, усё нібыта стала на свае месцы: я асцярожна, каб не перабраць меру, пацвельваўся з Гражыны, а яна — напружана маўчала.

Цяпер я, аднак жа, не дазволіў бы сабе такіх вольнасцей. Гэтая мілая жанчына, напэўна, ужо зразумела, што мае дні палічаны, але нават не падае выгляду, як ёй непрыемна гэта ведаць. Калі ж убачыла, што я пачаў нервавацца і ад цямна да цямна корпацца ў паперах, — пры першай жа магчымасці з найвялікшай асалодай сілаю выцягнула мяне з-за стала і пачала сварыцца.

Не ведаю чаму, але я баюся вачэй пані Гражыны. Колькі б я ні бадзёрыўся, а яна крадком разпораз заглядае ў мой нумар. І заўсёды дарэчы: то кіўне галавой на сцянны гадзіннік і скажа, што мне пара піць тое ці іншае лякарства, то прынясе свежыя газеты і часопісы, то проста так пастаіць каля дзвярэй. А вочы — бездань тугі і трывогі!..

«Помні, Ігнат, — гаварыў мне некалі бацька, — дурням і баязліўцам няма чаго рабіць на гэтым свеце. Будучыня, скажу я табе, за кемлівымі і мужнымі людзьмі». А я, мажліва, таму, што мы жылі ў лесе, рос дзікуном, потым, калі пачаў хадзіць у школу, сяму-таму навучыўся і стаў камсамольцам — трапіў у «антыхрысты», на якіх усё мясцовае кулацтва глядзела з жывёльным страхам і пагрозліва махала кулакамі. Мой бацька з гэтай нагоды перапісаў на мяне сваю дубальтоўку, а маці — патаемна ад нас — роспачлівы цалавала валасатыя заграбастыя рукі ксяндза Казіміра Сікірыцкага, каб не адлучыў нас ад касцёла.

— Бог літасцівы, дачка мая! — гудзеў, як звон, хітры святоша. — Такіх, як твой сын, вераадступнікаў зараз многа. Падаць ад гэтага духам мы не будзем. Мажліва, у твайго сына хопіць розуму апамятацца. Інакш бальшавікі зробяць з яго чырвонага камісара. Ён жа ў цябе вучоны...

Ды выйшла так, што мой атэстат сталасці многа год праляжаў пад зялёным сукном у раённай пракуратуры. Занёс яго туды дырэктар школы, стары дзівакаваты чалавек з даваенным стажам звышпільнасці.

У той дзень у школе ўсё хадуном хадзіла: вярнуўшыся з пракуратуры, дырэктар паклікаў да сябе нашага класнага кіраўніка і загадаў яму напісаць на мяне адмоўную характарыстыку.

Класны сумеўся:

— А што вам гэты хлопец благое зрабіў? І калі зрабіў, то чаму я нічога не ведаю?

— Значыць, вы палітычна сляпы чалавек, — крыва ўсміхнуўся дырэктар. — Сляпы і добранькі. Чаму ж вы самі не дакапаліся да праўды?

— Да якой праўды?

— Не прыкідвайцеся прасцячком! Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Ці даўно скончылася вайна. Людзі яшчэ ў зямлянках таўкуцца. А вы, камуніст, прыгрэлі тут бандзюка... Дзе і калі вы з гэтым сваім Ігнатам Лагодам спеліся... прабачце, пасябравалі? Хадзілі да яго ў лес?

— А то як жа, — спакойна адказаў класны. — Хадзіў. Пагаварыў там са старым Лагодам начыстату і запісаў яго сына Ігната ў школу. А пасля яшчэ колькі разоў наведваўся ў інтэрнат — расказваў навічку пра нашы, савецкія, парадкі, раіў: не агінайся, вучыся... Як гэта было неразумна, праўда? Але парадаваць вас нічым не магу. У мяне рука не паднімецца пісаць кепскую характарыстыку на гэтага хлопца. Ігната Лагоду добра выхавалі партызаны. Ён ніколі не будзе бандытам. Вам, напэўна, няма чаго рабіць, калі прычапіліся да яго...

— Дзякую за шчырасць, — замармытаў дырэктар, хаваючы злосць. — У вашай мясцовасці я чалавек новы, мог і памыліцца. Але каяцца будзеце вы.

— Не каяцца, а біцца я з вамі буду, — паправіў дырэктара класны, — за кожнага вучня. Па ўсіх законах мірнага часу.

Даўся дырэктару ў знакі гэты мой атэстат! Ці мала чаго маглі нагаварыць на мяне людзі? У сорак шостым годзе, калі пачалася калектывізацыя, усім камсамольцам даставалася на арэхі. Я часам нават не начаваў дома, асабліва пасля таго, як у пушчы аб’явіўся пан Томчак, заўзяты пілсудчык, даваенны войт нашай гміны. Ён думаў, што яго банда зробіць тое, чаго не маглі зрабіць і не такія, як ён, — перашкодзіць арганізацыі калгасаў.

Аднойчы Томчак завітаў да нас, як да старых знаёмых, макам рассыпаўся ён перад маім бацькам, а калі мы вытурылі яго з хаты — пачаў помсціць.

Спачатку праз Томчака трапіў у бяду мой стрыечны брат — Антось Малочка. Урэшце Томчак пастараўся, каб і маё прозвішча было занесена ў спісы палітычных злачынцаў.

Усю справу зрабілі «рэчавыя доказы» — два лісты пана Томчака, знойдзеныя пры арышце ў нейкага ляснога валацугі, з якіх вынікала, што Антось Малочка, а затым і я, Ігнат Лагода, адракліся ад сваіх родных і блізкіх і перайшлі ў банду.

...З бацькам мне заўсёды было добра. Ён ніколі не крычаў на мяне, часта браў з сабой у лес на паляванне, вучыў ставіць пасткі, раскладаць агонь і здабываць сабе ежу. І хоць часам, апрача ягад і грыбоў, мы там нічога не знаходзілі, але дамоў заўсёды вярталіся задаволеныя сабой.

Маці — вечна нечым заклапочаная, сярдзітая — сустракала нас насцярожана, як чужых.

— Дзе ж ваша здабыча? — пацвельвалася яна, накрываючы на стол. — Хоць бы зайчаня якое спаймалі. Эх вы, ахотнічкі! А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё, да апошняй крупінкі, падчысціла.

Бацька заклапочана чухаў патыліцу, уздыхаў і падсоўваў мне сваю місу:

— Еш! Мне яшчэ трэба да канца выслухаць гэту абедню і напаіць карову. Маці ведае, чым утнуць чалавека.

Карова стаяла на прывязі пад адкрытым небам. Ноччу бацька цягаў яе на павадку за Нёман, запускаў у панскую канюшыну, але малако мы рэдка бачылі: трэба было прадаваць, каб раздабыць які грош. Толькі раз маці пачаставала нас сырадоем. Бацька быў тады ў новым суконным пільчаку, многа гаварыў і нават пагладзіў мяне па галаве сваёй шырокай далоняй.

— Позна ты сягоння ўспароўся, Ігнат. Хутчэй пі малако ды пойдзем у Зачэпічы. Цяпер мы вольныя птахі, сынок. Чырвоная Армія прыйшла, — радасна гаварыў ён. — Эх, і зажывём мы без паноў і асаднікаў! Адно, што нас ужо ніхто не аштрафуе за самасад, і патравы на скарбовым полі. А другое, усе мы, гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі.

— Ты еш ды не замінай мне тут! — злавала маці, прыбіраючы хату. — Уласныя, кажа, надзелы будуць мець! Хто ж іх вам на талерачцы прынясе! Гэтыя бальшавікі? Ад бязбожнікаў дабра не дачакаешся.

— Хочаш, каб я запусціў у цябе якім-небудзь апоркам? — злаваў стары. — Каб пачуў твае словы які-небудзь пан Томчак, ён толькі пахваліў бы цябе за такую агітацыю. З-за такіх размоў уцякаць ад цябе хочацца.

— Хто цябе трымае? Свет вялікі.

— Вялікі, але на табе клінам сышоўся.

— То-та ж, без мяне ты прапаў бы на сваім хутары ад бясхлебіцы і нуды.

Маці надзьмулася. Бацька быў пакрыўджаны таксама. Выходзячы, ён на хвіліну прыпыніўся, хацеў нешта сказаць, але, прыкмеціўшы ў матчыных руках мокрую анучу, моўчкі падаўся на двор.

Так яны і жылі між сабою, калючыя, няласкавыя, але патрэбныя адно аднаму.

Як я і памятаю, то мой бацька быў вельмі прастадушны. ён па-свойму радаваўся кожнай навіне, калі яна спрыяла людзям, але нікому нічога не гаварыў аб гэтым, і таму некаторыя лічылі, што ён благі чалавек. А калі ён адмовіўся ад панскай зямлі, а толькі папрасіў, каб яму не забаранялі паляваць у лясах, — усе зашапталі, што яго нехта падкупіў.

Асабліва стараўся наш сусед Мітрафан Задрапей, чалавек непамяркоўны, крыклівы, гатовы кожнага ачарніць, каб толькі самому было добра.

Задрапеева хата стаяла непадалёку ад нашага гумна за высокім тынам, пераплеценым лазою і калючым дротам. На двор вяла брама, на якой красаваўся выразаны з бляхі певень. У ціхае надвор’е ён спакойна кляваў гнілую перакладзіну. Калі ж пачынаўся вецер, Задрапееў певень раптам ажываў і пачынаў круціцца на доўгім іржавым цвіку, як ачмурэлы. Людзі называлі яго астраномам. Па тым, у які бок певень павернецца, гаспадар хутара вызначаў пагоду. Калі бляшаны астраном пачынаў лапатаць крыламі, Задрапей паспешліва заганяў у хлявец свінню з парасятамі, склікаў дадому курэй, зачыняў аканіцы і выходзіў на поплаў глядзець, што робіцца на нашым двары.

— Эй вы, басота! — крычаў ён нам цераз усё поле.— Хавайцеся ў хату, пакуль ветру няма. Чуеце, што я вам сказаў, га?

— Чуем, браток, чуем, — спакойна адказваў мой бацька. — Ты нас аглушыў ужо сваім крыкам. Рэжуць цябе, ці што? Заткні сваё горла анучай. Бо як спушчу з ланцуга сабаку, дык без штаноў пачыкіляеш дадому.

— Не страш, — агрызаўся Задрапей і ўсё ж, убачыўшы нашага ваўкарэза, хаваўся за браму.

Але на хутары Задрапея чакала горкая адзінота, таму ён, прыхваткам падмацаваўшыся ў хаце, зноў шукаў прычыны выскачыць на поплаў ды пасварыцца з кім-небудзь; браму пакідаў адчыненай, каб відаць было, што робіцца ля свіронка, у якім стаялі кубельцы з салам. Хіба гэта дрэнная прынада для вясковай галоты? Сарвуць замок, павыносяць скаромнае ў лес, а потым яшчэ і за збожжа возьмуцца. Кажуць, што ў мікалаеўскую вайну Задрапей падрэзаў сабе паджылкі, каб не ісці ў царскую армію. Але свайго дабра не ўпільнаваў — зладзеі вывелі ў яго з хлява каня і хамут укралі. З таго часу прайшло гадоў дваццаць, але Задрапей больш нікому не верыў.

Слухаючы Задрапея, можна было падумаць, што ўсе беднякі — зладзеі і разбойнікі. Пільнуючыся свайго хутара, ён адстаў ад жыцця, адзічэў. Сялян, якія адкрыта выступалі супраць паноў, Задрапей называў «выўратоўцамі». А пасля смерці Пілсудската ён так напалохаўся, што бегаў у пастарунак па вінтоўку — чакаў канца свету.

Неяк пад вечар мая цётка Ярына, едучы з мльь на, бачыла, як асаднікі цішком звозілі ў лес сваё дабро і капалі ямы. Знайшлася там работа і Задрапею. ён высек таўшчэзную палку і стаяў на варце. Прыкмеціўшы на дарозе Ярыну, заспяшаўся дадому: не хацеў, каб гэтая вострая на язык кабета бачыла яго з панамі.

Ярына сама ненавідзела Задрапея. Калісьці яна была наймічкай у пана Томчака, а Задрапей — фурманам. Абое маладыя, адзінокія, яны, можа, нават і пажаніліся б, але пан разлучыў іх. Ён праз які год прагнаў Задрапея з маёнтка, а сам пачаў заляцацца да яго нявесты. Вярнуўшыся ад пана з малым, Ярына кожны дзень плакала, грызла кулакі ад роспачы, а Задрапея, які мерыўся пасля гэтага ўзяць яе да сябе, абліла памыямі і выгнала з хаты.

Ярына не адкрылася людзям, думала, яны не зразумеюць яе. І Задрапей маўчаў. Яго тады нібы падмянілі. Тыдняў два нікога не пускаў да сябе на падворак. Потым нешта габляваў, збіваў цвікамі ды зноў пачынаў заядла габляваць. Здохла свіння. Галодныя парасяты спліндравалі агарод і пачалі лазіць у наш ячмень. Бацька бегаў за імі з калом, праганяў за равок, потым спусціў сабаку. Але Задрапею не сказаў ні слова. Каму гэта ў тыя змрочныя дні хацелася з ім сварыцца? Пагаравалі крыху ды асталіся, як кажуць, пры сваіх інтарэсах.

Маёй маці, якая намагалася памірыць яго з Ярынай, Задрапей, узлаваўшыся, гнеўна сказаў:

— Пільнуй свайго носа, кабета! Раскудахталася тут! Быццам я сам ужо нічога не разумею. Ентай кабеце і чорт не дагодзіць. Такая ўжо натура ў яе — сплахаваў адзін раз, не абараніў ад пана, век памятаць будзе.

— А ты яшчэ раз зайдзі да яе.

— Чаго? Каб на ўсё сяло падняла вэрхал ды зноў абліла памыямі?

Так нічога і не дабілася тады мая маці.

— Што ён там майструе? — пыталіся мы ў яе.

— Не прыглядалася, — рэзка адказала яна. — Можа, новыя дубэльты хоча паставіць у вокны. А Ярыне хоць кол на галаве чашы. Уперлася, калючка, і нават глядзець на яго не хоча. Мне ўжо нават шкада Задрапея.

— Лепш ты мяне пашкадуй, — умяшаўся бацька. — Іншаму б памог, а пра Задрапея і не гавары мне. Сам вінават. Не трэба было пакідаць Ярыну адну ў бядзе...

Пасля гэтага бацька нават не сеў вячэраць — хадзіў па хаце, курыў, глядзеў у акно. Разы два пытаў у мяне, ці даўно я быў у Зачэпічах. Потым узяў са стала пад каптан бохан хлеба і сам накіраваўся да Ярыны. У яе ж нават хаты сваёй не было — жыла ў падсуседзях у людзей, Антося аддала пасвіць каровы. А што было б, каб ён захварэў?

Аднойчы і сама маці, пакінуўшы мяне аднаго, пабегла цераз балота ў Зачэпічы. Балотам бліжэй было ад нас да гэтай ціхай невялікай вёсачкі. Перад гэтым дастала з куфра скрутак палатна, пастаяла, падумала, потым, узяла нажнічкі і адрэзала ад яго кавалак.

— Нічога не зробіш. Стары не загрызе... Сам сказаў, каб памагла Ярыне.

Не забываўся на цётку Ярыну і войт задворанскай гміны пан Томчак. Гэта быў не багаты, але вельмі напышлівы пілсудчык. Ад страху ці для большай важнасці, едучы па справах у Зачэпічы, Томчак забягаў у пастарунак па ахову. Камендант даваў яму двух паліцыянтаў з карабінамі. Зімой яны суправаджалі Томчака пешшу. Ён дазваляў ім чапляцца на санкі, але толькі з горкі. Летам карціна мянялася: Томчак тросся ў брычцы, а паліцыянты — адзін спераду, другі ззаду — стараліся на веласіпедах, падаткнуўшы крыссё сваіх доўгіх шынялёў. На шашы ўсё ішло добра, але калі брычка збочвала ў наш засценак, паліцыянты бралі веласіпеды на плечы і панура цёпкаліся за ёю па гразі аж да самай кузні, дзе зноў пачыналася торная дарога.

Ля кузні пана Томчака сустракаў Харытон Барыла, пажылы, але яшчэ рухавы мужчына з калючымі насмешлівымі вачыма і скрыўленым ротам. Калісьці гэта быў важны чалавек. Ён хадзіў па навакольных хутарах і маёнтках, пілікаў на скрыпцы, спяваў песні і шыў панам модныя жупаны і бармы. Сёе-тое прыдбаў ён тады і сабе — адзін пан даў кажух, другі памог справіць хромавыя боты на выхад, а Томчак падарыў яму свой плюшавы камзол з галунамі і «прымазаў» у солтысы. З таго часу Барыла заўсёды быў на пабягушках у шляхты. Але пан Томчак быў стрэляны верабей, ён доўга правяраў Барылу і рабіў гэта з такім разлікам, каб, як кажуць, усё было шыта-крыта. Калі ж той пачынаў злаваць і агрызацца, тады пан Томчак, важна надзьмуўшыся, рашуча адганяў яго ад сябе.

— Субардынацыя, кураня печанае, перш за ўсё субардынацыя! — строга гаварыў ён Барылу. — Знімі шапку! Так. А цяпер падатры кулаком нос ды слухай, нягоднік. Падатак усе заплацілі?

— Усе, толькі Задрапей нешта марудзіць...

— Ён ужо быў у мяне. Быў і, можна сказаць, дамогся свайго. Не напірай на гэтага дзікуна, ён з намі яшчэ разлічыцца.

— Чым, сваім першачком, можа?

— А гэта ўжо справа секвестратара. Зразумеў, галава? Эх ты, а яшчэ солтыс...

— Так і запішам: мне ўсё ясна, пане войце. Толькі ад Задрапеевага першачку, кажуць, сабакі дохнуць...

— Ну, гэта, разумееш, яшчэ праверыць трэба, — глыбакадумна тлумачыў войт. — А секвестратар няхай п’е нараўне з вамі. Чуеш?.. Не падабаешся ты мне, пане Барыла. Гаворыш адно, а думаеш другое. І вочы ў цябе блішчаць, як у воўка... Але я, кураня печанае, калі-небудзь зноў загляну да цябе... З камендантам... Аб’яві ўсім сялянам, што я неўзабаве накладу на іх яшчэ адзін падатак, не, не падатак, а штраф.

— Калі за самасад, дык нічога не выйдзе, — махнуў рукой Барыла. — Летась нашы мужчыны знішчылі яго да каліва.

— За каміны і платы аштрафую, калі не пабеліце!— не здаваўся пан Томчак.— Ад ваяводы ўжо ёсць цыркуляр на гэта. Будзеш у гміне — пакажам. Я толькі прыехаў сказаць, каб ты не заседжваўся тут. Павыпорвай іх з хат і нікому палёгкі не давай. Будуць агінацца — зараз жа садзіся на каня і скачы ў пастарунак да Бешчата. ён ужо насабачыўся падганяць гультаёў. З гэтым камендантам, кураня печанае, мы тут як бачыш навядзём парадак.

— Так і запішам! — слухмяна горбіўся Барыла. — Парадак у нас будзе. Сказалі б ужо заадно, дзе раздабыць вапну? Вы ж нам яе не дасце, калі не заплацім гатоўкай?

— Дам. Потым адробіце ў полі. Можаце і пад заклад што-колечы пакінуць.

— А што вы параіце Ярыне Малочка? У яе ж нават пантофляў няма — босая ў касцёл ходзіць. Думаеце, нам з вамі паздаровіцца, калі сунемся да яе ў хату? Як бог свят, павыпорвае дзеркачом вочы. Ярына, узлаваўшыся, і каменданту ў каршэнь надае. Падумайце, колькі сораму будзе! І нікому на яе не паскардзішся. Нават некаторыя вашы пісарчукі і рэферэнты шкадуюць гэту разбойніцу. Мне што? Я нічога дрэннага не зрабіў Ярыне. А вас яна ў лыжцы вады ўтапіла б.

Войт паціскаў-плячыма.

— Якая Ярына? Тая, што ў мяне была пакаёўкай? Зараз жа прыкусі, пане Барыла, свой паршывы язык! Хіба я вінават, што Ярына бедна жыве? Няхай у вёсцы па хатах жабруе, калі не хацела слухацца мяне. Праз яе і малы будзе гадавацца ў нястачы. А Мітрафан Задрапей добры, ціхі чалавек, мерыўся ўсынавіць хлопца. Не захацела... Хто вінен?

Пакідаючы вёску, пан Томчак яшчэ раз нагадаў Барылу пра ваяводаў цыркуляр, выправіў наперад паліцыянтаў, якія чакалі яго на вуліцы, сеў у сваю брычку і паехаў далей незадаволены, сярдзіты.

Барылава служба не давала ніякага прыбытку. Амаль усе солтысы жылі бедна, ці, як у нас казалі, марнаваліся на сабачым хлебе. Барыла кожны дзень як апантаны насіўся па хатах, пытаў, хто як плаціць падаткі, памагаў секвестратару апісваць маёмасць у нядоімшчыкаў, расклейваў на сценах розныя загады і абвесткі, адказваў за спакой і парадак у вёсцы. Бадай што ні адзін чалавек не зайздросціў яму. Некаторыя нават спагадліва ківалі галовамі і гаварылі: «Чаго ты, Харытон, надрываешся? Плюнь на ўсё ды ары сваё поле». — «Нічога, мужчынкі, нічога, — аднекваўся Барыла. — Я не надарваўся. Трэба ж некаму і солтысам быць. Галоўнае, каб, як кажуць, і воўк быў сыты, і каза цэлая...»

 

2

У маленстве я быў вельмі настырлівы. Не робячы многа шуму, я лёгка, як кот, мог пераскочыць Задрапееў тын, прытаіцца ў агародчыку ля адчыненага акна ды паслухаць, аб чым гаварылі польскія ўрадоўцы з гаспадаром хаты.

Частым госцем у Задрапея быў і Барыла. Напіўшыся, ён лез цалавацца да паноў. Прыбіраючы са стала пустыя талеркі, Задрапей штурхаў Барылу кулаком пад бок, перасцерагаў:

— Будзь чалавекам, Харытон! У маёй святліцы не разгуляешся...

Дзіўна, што і сам Задрапей часам лез да паноў цалавацца, хоць быў дужа гідлівы, рэзкі, а з асобнымі ўрадоўцамі нават залішне грубы. Проста не верылася, што гэты калючы чалавек мог быць услужлівы і пакорны.

Пры чужых людзях заходзілі размовы аб цэнах на гародніну і садавіну, аб жарабіцы, якую Задрапей гадаваў для польскай арміі. У пушчы і грыбы давалі сякі-такі прыбытак, але Задрапей ленаваўся збіраць і сушыць іх на продаж, ён хацеў адразу «ўзбіцца» на вялікія грошы, каб прыкупіць яшчэ крыху зямлі і параўняцца з багацейшымі хутаранамі.

— Чаго ты, Мітрафан, сядзіш дома? — пыталіся ў Задрапея сяляне. — Думаеш, мы цябе з’ямо?

— З’есці вы мяне не з’ясце, а дома мне лепш, — адказваў ён. — Няма калі хадзіць да вас на пасядушкі.

— А чаго ж ты перад панамі лістам сцелешся? Думаеш, зямлі прырэжуць?

— Няхай іх маланка парэжа! Навошта мне тая зямля? Але ж і лаяцца з імі не хочацца. Мне, калі на тое пайшло, трэба гнуць сваю лінію.

А пасля ўз’яднання Беларусі, калі ў Зачэпічах загаварылі аб калгасах, Задрапей зноў адгарадзіўся ад свету, ні з кім не хацеў гаварыць. Як бусел, дзень і ноч ён стаяў ля сваёй брамы — слухаў галасы, што даносіліся з вёскі. Касіў і звозіў усё адзін, нават па газу і соль пасылаў у Зачэпічы свайго пастуха, каб толькі не сустракацца з людзьмі.

Мне, тады ўжо росламу і дужаму падлетку, карцела дапячы гэтаму дзіваку. Я нават мерыўся спаліць яго хутар, але Задрапееў пастух Сяргей Моніч, якому я сказаў пра гэта, пасмяяўся з мяне:

— Ух ты, калашманец рабаносы! У восьмы клас ужо ходзіш, а розуму, як у дзіцяці. Надумаў што! Ты лепш схавайся ў ядлоўцы або за гумном у каноплях ды... ведаеш што?

— Ведаю! — суха адказаў я. — Паглядзі на сябе. На тваім твары больш рабаціння.

— Дурны, я не аб гэтым...

— Тады аб чым жа? Ты яшчэ не сцяміў, чаму твой гаспадар асцерагаецца нас? У яго гумне нехта чужы сядзіць. Свой не цураўся б людзей. А гэты, як галодны воўк, шнырыць па хутарах. Можа, былы пан ці асаднік які. Калі будзе бегчы міма нас — спаймаем?

— Гм, гм, канечне... — згадзіўся Сяргей. — Мы і Задрапея выведзем на чыстую ваду, калі будзе памагаць бандытам. Чаго ж баяцца? Але ты, Ігнась, не гарачыся. Давай пагаворым аб гэтым праз дзень. Мне яшчэ трэба сыскаць у гэтага адшчапенца грошы. Хіба я дарма тут усё лета гараваў ля яго кароў? Няхай плаціць.

Але грошай мы не паспелі сыскаць: пачалася вайна. Немцы напалі на нас, на Савецкі Саюз.

У Сяргеевых бацькоў, як і ў цёткі Ярыны, не было ні кала ні двара. Сяляне гадавалі Сяргея радоўкай. Гэта яшчэ больш парадніла нас, бо мне таксама нялёгка даводзілася, хоць я і сядзеў на бацькоўскім хлебе. Помню, толькі ў гэтую вайну, хаваючыся ад нямецкіх паліцаяў, ці, як у нас іх называлі, рагулеўцаў, мы аднойчы моцна пасварыліся з Сяргеем. Я наважыўся перабрацца за Нёман, дзе ўжо гаспадарылі партызаны, а ён вярнуў мяне назад і сказаў:

— Сядзі ў маёй зямлянцы, бо прыдушу! Паглядзім, што будзе далей. З бацькам сваім ты раіўся? Не? Дык ідзі! Пашукай яго ў лесе, разявака...

Мой бацька тады рэдка паказваўся дома. І ў лесе ён трымаўся глухіх сцяжын і воступаў. Пакуль я знайшоў яго там, партызаны выбілі рагулеўцаў у Нягневічы, да якіх ад нашай вёскі было кіламетраў трыццаць.

Я сам бачыў, як напалоханыя паліцаі ганебна драпалі цераз балота. Потым падабраў аўтамат з поўным дыскам патронаў і пачаў вучыцца страляць.

— Эх ты, ваяка! — злаваў Моніч. — Не страляй. Усё роўна я цябе, Ігнат, нікуды не пушчу. Дзе ты ўзяў аўтамат? Паліцаі кінулі? Не брашы! Ты яго, напэўна, сцягнуў недзе, а мне не гаворыш.

Толькі раз ён крыху памякчэў і пахваліў мяне. Праўда, гэта было пазней, пад самы канец вайны. У Зачэпічах тады спыніліся на пастой недабіткі былых пілсудчыкаў, пераадзетыя ў чырвонаармейскую форму. І ніхто не здагадаўся б, што гэта такія ж, як і рагулеўцы, рабаўнікі і забойцы. У вёсцы заліхвацка іграў гармонік, яны спявалі, танцавалі «рускага» — чакалі, пакуль людзі павыходзяць з лесу. Але ў Зачэпічах ім не пашанцавала. Усё сапсаваў Задрапей. ён пазнаў атамана банды пана Томчака, запрасіў яго да сябе.

Колькі яны там выпілі і з’елі, невядома, толькі Томчак, наглытаўшыся за сталом нейкай дрэні, раптам схапіўся за жывот і выбег за хутар, у кусты. Трэба ж было яму якраз наткнуцца на мяне. Убачыўшы ў маіх руках аўтамат, Томчак вылупіў ад страху вочы, дзіка закрычаў і кінуўся ўцякаць назад. Я паваліўся ў траву і пачаў падганяць яго кулямі...

Вечарам Моніч, прысеўшы ля копанкі на пеньчуку, сказаў:

— А ты малайчына, Ігнась! Хвалю за адвагу. Асаднікі нікога не пашкадавалі б. Усё іх начальства сядзіць у Лондане. І пан Томчак там быў. А цяпер яго скінулі на парашуце сюды. Казалі, германца будзе выганяць з хутароў...

Што тады думаў Моніч, не ведаю. Але па твары відаць было — гаварыў шчыра. Асабліва пра асаднікаў.

За ўсю вайну я ні разу не бачыў у пушчы немца. Баяліся сунуцца да нас і паліцаі. Партызаны лупцавалі іх, як сабак. Ніхто не збіраўся патураць і асаднікам. І калі партызаны разбілі Томчакаву банду, ён пачаў адзін нападаць на людзей. Пасля ў яго знайшліся новыя дружкі. І лавіць іх было цяжка, бо кулакі дапамагалі бандытам хавацца. Швэндаючыся па лесе, бандыты не абміналі і наш хутар.

У сорак шостым годзе восенню, пасля адной сутычкі з бандытамі, Сяргей Моніч, паранены, схаваўся ў нашай варыўні. Мяне тады не было дома, ездзіў са справаздачай у раённы зямельны аддзел. І бацька, як на бяду, недзе бадзяўся па лесе са сваімі пасткамі. Монічу аставалася адно: зашчапіць на кручок дзверы ў варыўні ды ціха ляжаць, пакуль хто з нас не прыйдзе дадому. Ён так і зрабіў, ды спакойна ўлежаць не мог. Каля хаты раптам пачуліся галасы, і на падворку замітусіліся нейкія дзве постаці. Гэта быў мой бацька і... Томчакаў ардынарац Метак Жмігроцкі.

Напіўшыся ля калодзежа вады, Метак гаварыў:

— З хаты, дзядзька Пятрусь, не вылазь. Схавайся дзе-небудзь ды сядзі. Твой сын камсамолец, і гэта адно можа давесці Томчака да шаленства.

— А што ён мне зробіць? — насцярожыўся бацька.— На пятроўку ў загавіны на хвост солі насыпле? Не буду я хавацца! Хіба я тут не гаспадар? А Томчака павесіць трэба! Ніхто яго не клікаў сюды. Трапіць пад гарачую руку, дык і касцей не сабярэ. Цярпець не магу, калі мяне палохаюць. Так ад майго імя і скажы Томчаку.

— Мне яшчэ да сястры трэба забегчы. А яна недзе за Чароткавам на румку жыве.

— Я думаю, што і сястра бразне дзвярыма перад тваім носам. Сабачая ў цябе служба, Метак!

— Чаму — сабачая? Я не бандыт.

— А хто ж ты? Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары, бачачы, што Метак на двары адзін. — Бандыт і трапло! Супраць каго ты ідзеш? У твайго ж гаспадара поўна злосці на нашага брата-мужыка, — ён адвярнуўся і плюнуў. — Калі ты апошні раз бачыў Томчака? На золку? А я магу даць галаву наадрэз, што ён і цяпер недзе тут сноўдаецца з хутара на хутар. Але да мяне ён не сунецца. Я б яго задушыў, гада... Праз Томчака і яго ліхую хеўру я, можна сказаць, без ног застаўся. Раматус, ліха яго матары, жыцця не дае. Вы з лесу, а я ў лес... Не, больш мяне адсюль і вожахам не выпараце! Годзе! Насіў воўк, і яго панясуць... Ты чуў пра салдат, што па дарозе з Германіі прыпыніліся ў Юрацішках? Яны тут з вамі доўга цацкацца не будуць — акружаць на якім-небудзь хутары ці ў лесе, і — гамон!

— І вы, канечне, будзеце рады? — Метак акінуў яго пранізлівым позіркам, потым азірнуўся і ціха шапнуў: — Дзіўны вы чалавек, дзядзька Пятрусь. Пагаварылі б яшчэ, ды няма калі...

Ён перазарадзіў аўтамат і, пераскочыўшы плот, знік у ляшчэўніку.

— От прахвост! Нагнаў на мяне страху, а сам у кусты,— стары яшчэ пастаяў трохі пасярод двара, падумаў, таўхануў ботам калоду, што буцвела ля плота.— Адразу і не скеміш, што да чаго, — сказаў хрыпла не то ад узрушанасці, не то ад стомы. — У Метака, пэўна, зямля з галавы не выходзіць. Колькі ж можна жыць адшчапенцам? Хто ў полі пад мэндлямі рос, той у воўчай нары доўга не ўседзіць. Трэба было затрымаць тут гэтага шыбеніка, і — аман. Толькі ці з маім розумам гэта рабіць? Бандыты і не такіх прыбіралі са сваёй дарогі. Падумаеш, дык і невядома, куды пахіліцца. А ў сяле толькі і размовы: хутаране — баязліўцы, самастрахоўшчыкі! Чым жа і як у чыстым полі можна застрахавацца? — Прыпыніўшыся ля варыўні, ён паволі нагнуўся, падняў з травы акрываўлены насавік. — Бачылі? Гэтага яшчэ не хапала! Хто ж тут быў?

Бацька абшнырыў усе будынкі, перш чы?л ісці ў хату. Ён і варыўні не абмінуў, але Моніча там ужо не было.

У той жа дзень па Зачэпічах пайшла гамонка, быццам мой бацька прадаўся бандытам. Знайшліся нават «сведкі», якія не раз бачылі яго з Томчакам на Воўчым балоце. Стары толькі паціскаў плячыма: чаго людзі ні выдумаюць, калі захочуць пачасаць языкі! Курыная слепата напала на іх, ці што? Яшчэ не было такога выпадку, каб Томчак хоць адзін дзень спакойна ўседзеў на месцы. Сабаку сабачая доля: усе пракліналі гэтага бандзюка і гуртам праганялі з урочышча на ўрочышча, каб не замінаў у пушчы.

Нават яго былы халуй Барыла, які пасля вайны нейкім цудам стаў лесніком, кожны дзень гойсаў з карабінам па хутарах.

Як раз’юшаны звер, уваліўся ён у нашу хату, дачуўшыся пра Метака. Але бацька зараз жа асадзіў яго.

— Не крычы на мяне, Харытон — сказаў ён Барылу. — Апошняе слова ўсё ж будзе за мной. Так і запішы ў свой сшытак. Успомні, як ты пры панах распінаўся! Унь на цвіку яшчэ вісяць павесткі, якія я не хацеў браць, а ты сілай піхаў мне ў кішэні. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бунтаўшчыком і злодзеем называў. А цяпер... Не, тут нейкая памылка выйшла. Будзеш глуміцца — умомант аблапошым на сходзе. Дальбог жа, я сам выступлю і скажу, якая ты, Харытон, патайная зараза.

— Не скажаш, — затрос галавою Барыла. — Мяне ўжо ў Зачэпічах хацелі падкусіць, ды нічога не выйшла,— кінуў ён, ідучы да стала. — Вось бачыш, лесніком прызначылі. А ведаеш чаму? Бо дачуліся, што я быў кашаварам у адным партызанскім атрадзе. І ты не лезь у мае справы!.. Што? Гэтая мая перасцярога глупства для тваёй светласці? А я мог бы і дабром сваім падзяліцца з табой. Падумай, Пятрусь. Адно тваё слова — і зажывеш панам.

Бацька нават не змаргнуў вокам. Саскочыўшы з палацяў, ён стаяў ля пяколка і спакойна зашпільваў сарочку на сваіх шырокіх валасатых грудзях.

Аднак жа Барыла, глянуўшы на яго, раптам збялеў і кінуўся да дзвярэй:

— Жартаў не разумее чалавек!.. Ты яшчэ пашкадуеш, Пятрусь, што пры сваім шчанюку, — ён кіўнуў на мяне, — не прыкусіў языка! Дзякую, браток, за навуку...

У сенях, шукаючы ў поцемках клямку, ён перавярнуў вядро з вадой і брыдка вылаяўся.

Бацька засмяяўся і падышоў да мяне.

— Надзень зімовы каптан ды пастой ля гумна з дубальтоўкай, — сказаў ён строга. — Барыла нас не кране, яму трэба ўбіцца ў ласку перад калгаснікамі. А яго бандыцкі атаман пан Томчак у любую хвіліну можа з’явіцца на хутары са сваім карослівым збродам...

 

3

Томчак быў трохі хітрэйшы, чым мы думалі. Ён у той дзень не палез на хутар, а падпільнаваў нас за рэчкай на балоце. Ужо цямнела. У пажаўцелым, месцамі чорным ад пераспелых таўкачыкаў аеры натужліва скрыпелі драчы. За грэбляй і на другім баку ракі, дзе зелянела атава, курыўся туман.

Раптам нешта трэснула. Нечакана засцігнуты ля глыбокага раўчука, праз які нельга было адразу пераскочыць і схавацца ў высокім трысці або лазе, бацька спыніўся, увабраў у плечы галаву.

— Што вам ад мяне трэба, пане войце? — спытаў бацька хрыплым, глухім голасам. — Ішлі б у сваю дарогу, куды вам трэба, а я тут мерыўся назбіраць сушняку на агонь.

— А калі я забараняю табе гэта рабіць? — выскаліўся Томчак. — Ты ж недалёка жывеш, дык навошта табе агонь? Хочаш якой-небудзь сёрбанкі наварыць?

— Мне, пане, трэба пагрэцца. Я ж толькі што вылез з ракі...

— А чаго ты лазіў туды?

— Рыбу, пане, лавіў. У вайну нагаладаліся, дык хоць цяпер трохі аджывём.

«Хаця б яны не схапіліся біцца», — жахнуўся я і кінуўся бацьку на падмогу. У Томчака быў аўтамат, а мы нічога з сабой не ўзялі — усе нашы рэчы і дубальтоўка асталіся ў лодцы, на якой мы пераплывалі Нёман. Помню, як у мяне памутнела ў вачах: што ж рабіць, чым напалохаць бандыта?

— Не старайся мяне ашукаць! — зноў пагрозліва загудзеў Томчак. — Ты хацеў вынюхаць тут нашу стаянку. Факт. Так што не толькі рыба, але і сушнячок мне спатрэбіцца. Мае жаўнеры, як парсюка, падкураць цябе на ім. На сына і жонку забудзешся, калі пачнеш замінаць нам у лесе... Барылу ўжо арыштавалі? Не? Тваё, кураня печанае, шчасце, — і, крыху супакоіўшыся, саступіў на абочыну сцежкі. — Ідзі падрыхтуй мне дома смачную вячэру...

Томчак не паспеў скончыць: бацька раптам тыцнуў яму ламачынай у твар і спіхнуў у равок. Потым вырваў у яго з рук аўтамат, але сам цяжка застагнаў і асунуўся на траву.

— Вось... Здаецца, і я ўжо сваё адхадзіў... І трэба ж было наскочыць на Гэтага паршыўца, — ён пакасіўся на Томчака і паволі падняўся на ногі. — Падсілкуешся ў турме, зануда. Можа, трохі паразумнееш там на сухарах і вадзе. Я ж табе яшчэ пры Пілсудскім аднойчы гаварыў: не дзяры скуры з людзей, бо ў тваю апрануцца.

— П-памажы ўстаць, — захрыпеў Томчак, выкарабкаўшыся з раўка. — Я... Не забывайся на маіх жаўнераў, Лагода. Яны недзе тут, на гэтым беразе Нёмана...

— Чаго ж яны павылазілі з балота, як чэрці? Будуць наступаць на чужыя каморкі?

— Мы пойдзем за Буг...

— Хто гэта вас там чакае? Цяпер і за Бугам народ гаспадар. Ці не таму ты, сабака, і аціраўся тут? Баішся, каб палякі не павесілі? Але я думаю, што і ў нас знойдзецца на цябе вяроўка...

— Адпусці. Усё, што ёсць у маім абозе, пакінем табе на абжытак.

— Гэ, — здзівіўся стары. — Ці не згаварыліся вы з Барылам? ён таксама нядаўна спакушаў мяне сваім дабром. А цяпер, пэўна, шалее ад злосці. Я голы, як стары венік, але не хцівы.

— Ты кепскі католік, Лагода, — хмура сказаў войт.— За каго ты стаіш? Перад кім хочаш выслужыцца? Гэта не мая справа? Ну, пачакай жа. Як пераменіцца ўлада, дык ад цябе тут і шматкоў не астанецца!..

Бацька пачухаў патыліцу і паблажліва ўсміхнуўся. Даўно няголены суровы твар яго памякчэў. Аднак пан Томчак не ўбачыў на ім пакоры і спачування і, каб не здарылася якой бяды, сеў і падняў рукі.

— Вось бачыш, — усміхнуўся бацька, — аказваецца, мы ўжо зразумелі адзін аднаго... Я не прадажны. Зарубі гэта на сваім носе, панок...

Абапал раўка і ў лагчынах зашумеў сітняк. Бацька азірнуўся і незадаволена пакруціў галавою: з-за лесу паказалася хмара. Яна заваліла амаль усё неба. Суняліся драчы. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Следам за імі пацягнуліся на балота кулікі і кагаркі.

Прыўзняўшыся на калені, Томчак пакасіўся на мяне, потым на бацьку і апусціў рукі. Я думаў, што ён нацэліцца ўцякаць. Тузануў бацьку за крысо і шапнуў:

— Не марудзь, тата... Канчаць яго трэба.

— А хто гэта зробіць? — бацька раптам насупіўся і адпіхнуў мяне. — Прэч дадому, блазнюк! Яшчэ цябе тут не хапала. Прыблудзіўся, як ягня, следам, дык хоць памаўчаў бы. Кепска ты мяне ведаеш. Горш нават за войта. Не магу я пры табе чыніць самасуд! Ды мне ў гэтага панка яшчэ сёе-тое спытаць трэба. Чуеш, што я сказаў?

 

4

Сяргей Моніч быў залішне самаўпэўнены, таму людзі крыху недалюблівалі яго. Аднойчы нават хацелі прагнаць з калгаса. Хлопец пішчом лез наперад, грымеў, кляўся, што пацягне любую работу. Але ў яго ад слоў да справы было сто вёрст — і ўсё лесам...

Бегучы з балота дадому, я напаткаў яго ля Задрапеевага гумна. Адным духам расказаў яму пра Томчака, папрасіў падмогі. Але яго гэта не ўразіла. Ён узлез на камень, што ляжаў пад плотам, агледзеўся і тады ўжо сказаў:

— Томчак ад нас не ўцячэ. Зараз нешта прыдумаем. Абавязкова трэба прыдумаць... А Метака там не было? Да мяне дайшла чутка, што гэта наш чалавек... Вось які ў Томчака «ардынарац»... Толькі ты пра гэта нікому не гавары.

Я ва ўсе вочы глядзеў на Сяргея і не мог зразумець, чаму ён гаварыў пра Метака, а не пра тое, што трэба было рабіць, каб неяк затрымаць Томчака. Нібыта не ведаў, хто я такі, не ведаў, што мы з бацькам былі на нажах з бандытамі.

Аднак пераканаць мне яго не ўдалося. Я плюнуў ад злосці і пабег у Зачэпічы.

Ля Барылавай кузні аступіўся, падвярнуў нагу. Але на вуліцы якраз стаялі мужчыны. Яны завялі мяне да цёткі Ярыны, а самі пабеглі званіць у раён.

На золку балота было акружана. На грэблі і ля Задрапеевага хутара стаяла варта. Але самога Задрапея нідзе ее было відаць. Адвязаўшы яго лодку на плёсе, я пераплыў Нёман, падкасаў штаны і кінуўся за шырокі палогі груд на балота.

...Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Рукі яго былі ў крыві. Кроў пазасыхала на галаве і твары.

— Нікога я не баюся... канчайце... — ужо не гаварыў, а сіпеў ён, намагаючыся падняцца з зямлі. — Па-а-цягнуць і вас... выкураць з нор і пацягнуць...

— Хто цябе гэтак пабіў, тата?

— А-а, гэта ты, Ігнат... Падай руку...

— Табе цяжка?

— Канчайце... Я не баюся... З немцамі страшней было... Але мы не спалохаліся... — Ён зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся.

Падбеглі зачэпіцкія мужчыны, загарэлыя, дужыя, хто з дручком, хто з паляўнічым ружжом. Яны абступілі нас і загаманілі.

— Што тут здарылася?

— Дзе ж Томчак?

— Не бачыце, ці што? Акалечыў чалавека, звяруга, ды збег. На асіну б яго за гэта. А заадно і тых, у каго ён хаваецца...

З натоўпу, распіхваючы локцямі сялян, выбег Барыла.

— Ціха! — закрычаў ён, махаючы рукамі. — Томчака, можа, і не было тут. Чаго ён не бачыў у гэтай мясцовасці? Томчаку з Лондана, можа, пальцам паківалі. А Лагода няхай не стогне. Сам вінаваты. Усюды нос свой соваў, падла. Вось і дагуляўся.

Я не вытрымаў — скочыў да Барылы і пачаў дубасіць яго кулакамі.

— Я т-табе пакажу падлу!..

Раптам нехта моцна шарпануў мяне за каўнер. Я азірнуўся: побач стаяў Сяргей Моніч.

— Чаго ты кіпіш? І без цябе разбяруцца, хто вінаваты...

 

5

Бацьку палажылі ў бальніцу. Барыла хадзіў як атручаны, дачуўшыся, што стары ачуняў. А Моніч колькі разоў заходзіў да мяне, расказваў, што робіцца ў вёсцы, жартаваў. Праўда, ён не заўсёды быў шчыры, але гэта мне не вельмі кідалася ў вочы.

Аднойчы я ўпікнуў яго за недарэчныя кпіны з Ярынчынага Антося, які з-за гэтага і не дружыў з намі. Але Моніч, тады ўжо сакратар нашай камсамольскай арганізацыі, так мне адказаў, што я толькі збянтэжана паціснуў плячамі.

— Марксізм-ленінізм вучыць, — гаварыў ён, свідруючы мяне сваімі вострымі вачыма, — што чалавек можа знайсці шчасце, только звязаўшы свой лёс з задачамі і барацьбой рэвалюцыйнага класа, з інтарэсамі народа. А ты за Томчакавага байструка заступаешся. Каб не быў у камсамоле, дык, можа, і ў касцёл пацягнуўся б за ім?

Антосю нялёгка давалася жыццё. Ён ішоў пакручастымі сцежкамі, а то і без сцежак. Не прызнаны бацькам, ён гадаваўся ў нястачы, тоўкся ля чужых кароў, не вучыўся. Для нашых зачэпіцкіх багацеяў гэта быў вечны парабак. Трапіўшы пад уплыў Барылы, Антось не дружыў з намі. Але калгаснікі ўсё ж злітаваліся над ім, выбралі кладаўшчыком: «Хлопец ён паслухмяны, з часам паразумнее...» Яны не ведалі, што Барыла аднойчы напаіў «Ярынчынага байструка» і выцягнуў у яго з кішэні запасныя ключы ад склада. Мы не разумелі, што з Антосем: ён злаваў, мацюкаўся. Колькі разоў намагаліся распытаць, у чым справа, але ён упіраўся, потым замыкаў склад, садзіўся на веласіпед і, як ачмурэлы, імчаўся ў поле або на раку...

Неяк восенню сорак шостага года, калі бандыты абабралі склад, Антось прыбег у праўленне. Старшыні там не было. Тады хлопец падскочыў да Моніча, які сядзеў за сталом і чытаў газету.

— Дзе наша начальства? — спытаў у яго Антось.

— А ты не вельмі крычы на мяне! — Моніч устаў, схаваў у сумку газету і пайшоў да дзвярэй. — Вечарам зойдзеш, — кінуў ён цераз плячо. — Усе на нарадзе ў раёне. Нам прышлюць адтуль новага старшыню.

— Мне не да жартаў! — пакрыўдзіўся Антось. — У мяне важная справа. Ты павінен выслухаць мяне, чуеш?

— Я толькі часова выконваю абавязкі старшыні, — суха сказаў Моніч, зачыняючы дзверы.

Антося апанавала злосць.

— Выскачка ты, індык, а не сакратар камсамола... Ён — часова!

Але яго ніхто не слухаў. І Антось панура паплёўся на склад.

Перад складам, на засмечаным саломай і пацярухай паплаўку, заядла кешкаліся вераб’і і куры. Антось падняў ламачыну і паразганяў іх. Потым чамусьці раздобрыўся — вынес са склада прыгаршчы аўса, высыпаў на траву.

— Чаго ўжо там шкадаваць... Эх!..

Голас яго дрыжаў. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца сам-насам са сваімі думкамі. У тую хвіліну Антось, бадай, не пакрыўдзўся б і на Моніча, калі б ён знайшоў час заглянуць да яго ў склад. Але Монічу і тады, і назаўтра было не да Антося: ён уводзіў у «курс справы» новага старшыню — вазіў яго ў брычцы з брыгады ў брыгаду, знаёміў з калгаснікамі. Калі ж дайшла чарга да Антося, са згрызотай сказаў:

— А праз гэтага... работнічка мне ўжо далі вымову.

— Чаму? Хіба ён горшы за другіх?

— Канечне. Мы хацелі адабраць у яго камсамольскі білет. Але райком не падтрымаў нашага рашэння... Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Зірнулі, а там — пшаніца.

— Так... Гісторыя сапраўды непрыемная... Пшаніца з нашага склада?

— Відаць, з нашага. Трэба будзе лепш паглядзець...

— Чаму вы толькі цяпер загаварылі пра гэта?

Моніч збянтэжана ўтаропіўся на старшыню:

— Вы ж яшчэ нікога не ведаеце тут. Я думаў, што сам разбяруся з гэтай пакражай.

Вечарам Антося выклікалі ў праўленне калгаса. Апрача старшыні, там было яшчэ некалькі брыгадзіраў і ляснік Барыла.

Брыгадзіры, абступіўшы стол, расказвалі адзін аднаму пра свае справы, старшыня, адсунуўшыся ў кут, моўчкі курыў, а Барыла ўглядаўся праз акно ў поцемкі і ціха насвістваў «Кацюшу». Але настрой у яго быў дрэнны. Праз гадзіну ці дзве ў калгас меўся прыехаць пракурор. Трохі непрыемна, што не ён, Барыла, а пастухі знайшлі тую пшаніцу.

Бразнула клямка. Барыла схапіў карабін і зыркнуў на дзверы. У пакой зайшоў Антось Малочка.

Ён зняў шапку, паздароўкаўся з брыгадзірамі і павярнуўся да старшыні:

— Вы мяне клікалі? Калі не спадабаўся, дык гаварыце адразу!..

Не, гэта не тое, што ён хацеў сказаць. Але, прыкмеціўшы лесніка, які ўжо стаяў ля яго з карабінам. Антось безнадзейна ўздыхнуў і ўжо не мог супакоіцца. Яго аж распірала ад злосці. Старшыня адчуў гэта і хутка ўстаў з-за стала.

— Мы яшчэ не пазнаёміліся, — ён працягнуў Антосю руку, — Пучко Мікалай Андрэевіч. А вас як?

— Ну... Малочка, — крыху супакоіўшыся, адказаў кладаўшчык. — Малочка Антось. А гэты унтэр, — ён пакасіўся на Барылу, — мяне муляком называе.

— А чаму не Антосем?

— Ладна, таварыш старшыня. Няхай сабе на здароўе брэша. Я на яго глядзець не магу. Вы яшчэ не ведаеце, што гэта за чалавек. У яго ж сем пятніц на тыдні...

— Аднак сварыцца вам і даваць адзін аднаму мянушкі не варта, — сказаў Пучко. — Барыла ж на вас за унтэра не пакрыўдзіўся.

— А чаго крыўдзіцца? — нерашуча засмяяўся Барыла.— Хто ад мянушкі памрэ, таму лапцямі звоняць!..

— Вось бачыце, — з ледзь прыкметнай усмешкай сказаў старшыня. — Туман ужо рассейваецца... Але загаварыліся мы, — ён паказаў Антосю на крэсла, дастаў акуляры. — Як вы думаеце, ці можам мы патураць бандытам? Я хачу, каб вы самі адвучылі іх красці. І рабіць гэта трэба з розумам.

— Так і запішам, — насмешліва падтакнуў Барыла.

— Што — так і запішам? — раптам зноў усхадзіўся Антось. — Праз такіх, як ты, пісак Моніч павесіў ужо кантрольны замок на складзе і кажа, што я не кладаўшчык. А што я, акрамя мазалёў, ці, як ты гаворыш, мулякоў, нажыў на гэтай рабоце?

На вуліцы загрукацелі калёсы. Старшыня ўстаў, пачаў збіраць паперы на стале, а Барыла, адпіхнуўшы Антося, прыпаў да акна.

Увайшоў Моніч.

— Дзе ж пракурор?!

— Не захацеў фатыгавацца з-за нас. Адным словам, пагарачыліся мы. Знойдзеная ў яме пшаніца — гэта яшчэ не доказ, што Антось злодзей.

— Так і запішам: пытанне астаецца адкрытым...

— Ідзі ты, Барыла, к чорту!.. Заўтра будзем шарыць у лесе, можа, каго зловім. Паможаш?

Выслухаўшы Моніча, Барыла толькі бліснуў, як воўк, вачыма, зняў з пляча карабін і моўчкі пасунуўся ў вёску.

Выйшаў і Моніч. На дварэ было цёмна. Ён паглядзеў на прывязанага да шула каня: чаго ён стрыжэ вушамі? А-а, з акна нечы цень падае яму пад ногі... Моніч абабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы.

Раптам моцны штуршок адкінуў яго назад: на ганак выскачыў Антось. Мяркуючы па тым, што спяшаўся, ён быў, відаць, моцна ўсхваляваны. Пазнаўшы Моніча, на момант разгубіўся.

— Прабач, Сяргейка, я думаў, што гэта не ты, а Барыла... — І ўжо з-за брамы дадаў: — А старшыня табе ўсыпле... За кантрольны замок, які ты павесіў на склад... Вось пабачыш!

Чаму ён тады не затрымаўся на ганку? Старшыня ж пры мне на развітанне гаварыў Антосю:

— Не злуйце на свайго камсамольскага важака. Ён перш за ўсё думае пра калгас. І надзейныя сябры яму патрэбны, калектыў. А вы, Антось, калі не злодзей, дык вялікі расцяпа. Хацеў бы я ведаць, як гэта пшаніца апынулася ў бары.

Антось замяўся. Няўжо старшыні не сказалі, хто мог украсці пшаніцу?

— Я не супакоюся, пакуль не знайду вінаватых, — ён устаў, надзеў шапку. — Можна ісці?

— Ідзіце. Я ж вам гаварыў: Сяргей Моніч пагарачыўся, без майго дазволу прагнаў вас са склада. Трэба, каб вы памірыліся...

Антось не паслухаў старшыні. Вярнуўшыся ў склад, ён праверыў замкі, потым забег у канторку, забраў адтуль усе дакументы і пайшоў у лес. Дзе ён іх падзеў — невядома. Можа, спаліў. Ці схаваў куды-небудзь да пары да часу.

А на другі дзень па Зачэпічах пракаціўся гоман: няма Антося. Склад адкрыты, а ён, мусіць, ужо далучыўся да банды.

Але некаторыя гаварылі таксама, што гэтага не можа быць, і прыслалі ў бальніцу да майго бацькі дэлегацыю: «Няхай твой Ігнат верне Антося дадому.</b> Ён ведае ўсе патаемныя мясціны ў лесе і, напэўна, знойдзе кладаўшчыка. Нічога мы дрэннага не прыкмячалі за ім. Загіне хлопец, як рудая мыш, у бары». Стары доўга не згаджаўся, не хацеў адпускаць мяне аднаго ў пушчу, потым, бачачы, што і Ярына прыйшла, клікнуў мяне да сябе і сказаў:

— Дык схадзі ўжо ў лес. Трэба перапыніць і вярнуць дадому Антося. Адзін ён не справіцца з бандай. Пашукай яго за Чароткавам у дубняку. У вайну Ярына там хавалася з ім ад немцаў. Толькі глядзі, каб дзе не наскочылі на цябе Томчакавы галаварэзы. Баяцца іх асабліва не варта, аднак і на ражон без патрэбы не лезь.

 

6

Недзе высока ў небе курлыкалі жураўлі. З прыдарожных бяроз ціха асыпалася ў мурог пажоўклае лісце. Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень.

Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана Томчака. Нашай пушчы канца-краю няма. І сяляне там, як на падбор, смелыя, рашучыя і разам з тым не ўступаюць адзін аднаму ў асцярожнасці... Некаторыя з іх ведалі Антося, запрашалі яго да сябе і нават частавалі самагонам — гэтага дабра тады ўсюды хапала, — але языкоў лішне не распускалі.

Ды і Антось асцерагаўся дапытвацца ў сялян пра Томчака, а то, чаго добрага, яшчэ самога заарыштавалі б.

Толькі з Метакавай сястрой Данутай Антось гаварыў шчыра. Яна ўважліва выслухала яго, потым вывела за гумно і сказала:

— Эх, і настырлівы ты, жаўтароцік! Але пра Томчака я нічога не ведаю і ведаць не хачу!..

— А на вушка што скажаш?

— Ідзі гасцінцам да леснічоўкі. Там я цябе даганю... Бач, Томчак яму спатрэбіўся! Калі дзе гвалт і страляніна, дык гэта яго абдзіралы шалеюць.

За леснічоўкай у маладым бярэзніку Антось сцішыў хаду. Дануты доўга не было. ён нават пачаў каяцца, што не астаўся дома. Няхватку збожжа спісалі б, а не, дык можна было б пакрыць грашыма. А цяпер, напэўна, яго дурная галава не дачакаецца ні лысіны, ні сівізны... Адзін у лесе з гайнёю бандытаў не паваюеш. Ды яны і не падпусцяць яго да сябе. А людзям трэба доказы, інакш і памрэш злодзеем. Па ўсіх вёсках пракоціцца нядобрая слава пра яго...

Прыбегла Данута. Яна доўга кружыла, не хацела, каб людзі бачылі яе ў лесе.

— Кім ты была ў Томчака? — спытаў у яе Антось і павярнуў тварам да сябе. — Выкручваешся, не хочаш гаварыць?

— А ты не цапайся! — Данута вырвалася з яго рук і, паправіўшы хустку, зарагатала. — Хочаш, каб я дала табе ў зубы?

— А што я табе зрабіў? Яшчэ выскаляецца тут, дурная варона! — Антось быў узбуджаны і мог нават ударыць.

Але Данута нечакана для яго адбеглася на абочыну дарогі ў сыры, пачарнелы ад зацяжных дажджоў верас і горка, з надрывам заплакала. Гэта збянтэжыла і астудзіла хлопца.

— Не раві! Я ж гэта во... Ты адно зірні, колькі тут кветак, — вінавата замармытаў ён, скінуўшы з плячэй свой дарожны мяшок. — Ідзі да мяне, тут сушэй... А з Томчакам я сам пагавару пра цябе і твайго брата. Чуеш?

— Не трэба! — ціха запярэчыла Данута. Яна

злёгку прыпадняла падол сукенкі, каб не зарасіцца, і выйшла на дарогу. — У цябе яшчэ матчына малако на губах, а Томчак... Божа, як ён абрыдзеў мне!.. Лепш давай вернемся назад. Няшчасны той чалавек, хто трапіць у яго паганыя лапы.

— Каго ты маеш на ўвазе? — зноў насупіўся Антось. — Калі мяне, дык можаш не хвалявацца. Мая маці была ў Томчака пакаёўкай, а я пасвіў каровы...

Гэта быў смешны і неразумны довад, але Данута толькі перасмыкнула плячыма. Антось насцярожыўся:

— Чаго ж ты адразу змоўкла, як вады ў рот набрала? Думаеш, я не бачу, што ты ўжо нацэлілася ўцячы ад мяне.

— Баішся адзін?.. — усміхнулася Данута. — І як

я даверылася такому блазнюку! Дурышся, палохаеш мяне, а сам дрыжыш і азіраешся, як сабака на рынку, што згубіў гаспадара...

Хмуры восеньскі надвячорак прыносіць невясёлыя думкі.

Спыніўшыся са сваёй фанабэрыстай і вострай на язык спадарожніцай на пастой у занядбанай зямлянцы, Антось доўга сядзеў на парозе. На сэрцы ў яго было трывожна і сумна. Вакол зямлянкі глуха шумелі сосны. Вецер збіваў з іх леташнюю ігліцу. Пажоўклая і калючая, яна чаплялася за галлё намоклага арэшніку, асыпалася ў мох.

Толькі праз якую гадзіну хлопец заўважыў, што Данута, прымасціўшыся ля кастра на пеньчуку, лапіла яго пільчак.

Чаму ён не прагнаў яе дадому? Хіба нельга было знайсці больш надзейнага правадніка? Антось зашыўся пад куст і прыціх: маўляў, паглядзім, што будзе далей. Яшчэ ні адна маладзіца не падпускала яго да сябе гэтак блізка. А дзяўчаты дык і гаварыць з ім не хацелі. Прынамсі, так думаў сам Антось. А цяпер і зусім зненавідзяць...

Выгарала датла і пагасла вогнішча. Вось-вось развіднее. За зямлянкай у сасняку ўстрывожана закрычала сарока. Над палянай імкліва пранёсся каршун. Вакол зноў запанавала цішыня. Толькі сарока, пералятаючы з дрэва на дрэва, трывожна сакатала...

— От халера! — абурыўся Антось. Пасля бяссоннай ночы пабіты воспаю абветраны твар яго прыпух, пад вачыма абазначыліся сінія кругі. — Крычыць, быццам ёй на хвост наступілі. — Ён устаў, выцягнуў з вогнішча галавешку і запусціў ёю ў сароку. — Кыш, каб ты здохла!..

Каля раўчука, што перасякае паляну, падкасаўся, вымыў рукі, твар і наламаў сітняку. Зялёны павыбіраў, кінуў назад у раўчук, а пажоўклы, сухі звязаў папружкай і пацягнуў у зямлянку: «Занясу Дануце, няхай сабе пад бок падкіне. На голых нарах, пэўна, ляжыць». Спыніўшыся ля зямлянкі, хлопец ціха прачыніў збітыя з аполкаў старыя расхістаныя дзверы і таропка падаўся назад: перад ім стаяла Данута, раздзетая, у адной толькі кашулі. Сукенка, якую яна ўчора зарасіла па дарозе сюды, вісела перад уваходам у зямлянку на круку. «Не магла падсушыць яе каля агню»,— паморшчыўся Антось; потым, успомніўшы, што яна да поўначы лапіла яго верхняе адзенне, адразу паласкавеў:

— Пахадзі пакуль што ў маім пільчаку. Або ведаеш што... — ён выпусціў з рук сітняк, пераступіў парог і раптам абхапіў Дануту за плечы.

— Адстань! — ціха, але рашуча шапнула яна. — Можаш трымаць свае мядзведжыя лапы пры сабе. Думаеш — вакол нікога няма, дык я дазволю табе цапаць мяне?.. Падай сукенку!

«Цяпер зноў будзе злаваць», — уздыхнуў Антось, але сукенкі не падаў: можа, яшчэ сама клікне ў будан... А на паляне расцягнуўся на траве і доўга глядзеў у хмары, быццам Данута ўжо зусім не цікавіла яго.

— Чаго ж ты разлёгся? Уставай! — пачулася побач.— Так мы і за год не трапім у Томчакава кодла.

Антось уздрыгануўся і неахвотна падняўся з травы.

— Ты ўжо сабралася ісці? — ён зірнуў спадылба на сваю непаседлівую спадарожніцу і зноў апусціў вочы. — А я, прызнацца, думаў, што пачакаем яшчэ. Чаго ж спяшацца. Ды не глядзі на мяне гэтак сярдзіта. Я, можа, да канца сваіх дзён буду праклінаць тую хвіліну, калі, як звер, кінуўся на цябе. Хочаш, дык во, падпалю зямлянку.

— Навошта?

— Каб не нагадвала табе аб маім нахабстве.

Данута сумна ўсміхнулася:

— Ты заўсёды ўсё робіш не падумаўшы. Копанкі не чапай...

— Чаму?

— Тут у вайну жыў чалавек, якога я любіла, — шчыра прызналася яна. — Але паміж мною і ім стаў Томчак.

— Чаму ж ты не павыдзірала яму вачэй? — Антось насупіўся, хацеў яшчэ нешта сказаць, але Данута ўзяла яго за руку і, цяжка ўздыхнуўшы, сказала:

— Так выйшла... Бараніць не было каму. А цяпер у мяне ёсць брат... Ды ідзём ужо. Я ж абяцала табе паказаць дарогу да Томчака.

 

7

— Усе дарогі сходзяцца і разыходзяцца, а твая, кураня печанае, зараз жа абарвецца. У мяне яшчэ ёсць верныя людзі! Яны цябе, шчанюк, падпільнавалі на шляху, яны і павесяць. Я памёр бы ад смеху, калі б яны гэтага не зрабілі.

Мяне ўжо вялі з вяроўкай на шыі пад разгалісты дуб, калі да Томчака раптам падбег яго ардынарац Метак Жмігроцкі і штосьці шапнуў яму на вуха. Томчак спыніўся, скамандаваў бандытам звязаць мяне і пасадзіць у зямлянку.

Потым, калі мы асталіся адны, паслабіў трохі на маіх руках вузлы і сказаў:

— Твой час яшчэ не настаў, дубіна. Метак ведае, пся крэў, маю слабасць: я не магу вешаць тых, што самі бягуць да мяне. Гэта праўда, што ты не паладзіў з бацькам, га? Не хочаш гаварыць? Добра, пачакаю. Толькі ты, кураня печанае, не важся хітраваць. Ашукаеш — сам усаджу кулю ў твой дурны лоб. Ясна?

Ён зняў бекешу, павесіў яе на цвіку ля дзвярэй. Зямлянку так праймала ветрам, што ў ёй можна было здубянець ад сцюжы, але Томчак быў у цёплых суконных штанах, садраных з нейкага лесаруба ці паляўнічага. Ходзячы па зямлянцы, ён толькі сапеў, як вяпрук, і злосна лыпаў вачыма: на паляну ўжо апускалася ноч, а Метак, відаць, яшчэ не карміў свайго пана вячэрай.

Доўга трымаў Томчак мяне пад сваім наглядам. Метак сушыў ля агню Томчакава адзенне, цягаў яму ў зямлянку мох, ежу, мыў і лапіў бялізну. Я глядзеў на ўсё гэта і не пазнаваў таго Метака, які калісьці так ненавідзеў паноў. Мне хацелася забіць яго разам з яго гаспадаром Томчакам.

На трэція ці чацвёртыя суткі позна ноччу, калі ўсе спалі, я перагрыз вяроўку, якою быў звязаны, і наважыўся ўцякаць. Відаць, мне гэта ўдалося б, але раптам нехта глуха закашляў у кулак і пачаў лаяцца з вартаўнікамі. Прайшло яшчэ колькі хвілін, і ў Томчакавым берлагу пачалася трывога. Крэкчучы, Томчак устаў са свайго логава і загадаў запаліць лямпу.

На здзіўленне ўсіх, у зямлянку ўваліўся Антось Малочка.

Я ледзь не крыкнуў ад роспачы. Вось дзе давялося нам сустрэцца! Ах, які ж я разява! Праз мяне можа прапасці чалавек!

— Стой, бо прыстрэлю, кураня печанае! — незадаволена закрычаў Томчак, убачыўшы Антося, які, азіраючыся, праціснуўся ў зямлянку. — Выйдзем адсюль!.. Так... А цяпер скажы, які нячысцік прынёс цябе сюды ў такую непагадзь? Ты яшчэ не паспеў аддыхацца? Відаць, джгаў сюды без аглядкі...

Ён падцягнуў штаны і, важна надзьмуўшыся, паказаў Антосю нешта падобнае на альтанку ў густым арэшніку:

— Можаш адпачыць. Па мордзе бачу — назад табе дарогі няма. Але ты, Антак, не падай духам. Налібоцкая пушча — самае зацішнае і грыбное месца ў Еўропе. А грыбы, кураня печанае, каралеўская ежа. Бачыш, во, — ён падчапіў нагою чарвівы масляк, што валяўся побач, і адкінуў яго ў кусты. — Мае жаўнеры за чубы цягаюць адзін аднаго, прыкмеціўшы ў імху здаровы баравік або падасінавік... Традыцыя, пся крэў! — Томчак адвярнуўся і плюнуў. — Заснавальнік нашай Рэчы Паспалітай Пілсудскі заўсёды еў крэсавую мачанку з грыбамі, перш чым прыняць якое-небудзь важнае рашэнне. А ведаеш, Антак, што гэта значыць? Не? Тады стой на месцы і слухай, блазан! Гэта значыць, што, спажываючы адны толькі нішчымныя грыбы, мы, як і наш маршалак калісьці, набіраемся злосці на мужыкоў... Гэй, кнехты!

— Ціха, чаго вы, пане Томчак, крычыце, — пачулася з арэшніку. Потым забразгацелі пустыя кацялкі, і на палянку выйшлі нейкія два абадранцы — адзін здаравенны, мардаты, другі сухі і тонкі, як бадыль.

— Гэта, пане Антак, мае целаахоўнікі і кулінары, — з сарказмам выціснуў праз зубы Томчак. — Твае землякі Мітрафан Задрапей і Метак Жмігроцкі. У Задрапея, — ён кіўнуў на мардатага, — ёсць свой хутарок з пеўнем на браме, нажыты, як бальшавікі кажуць, за кошт народа. А Метак — галота. У яго нават прыстойнай хаты няма. Стаіць на ўзлессі нейкі запляваны недакуркамі катушок з трубою.

І каля яго ні курэй, ні парасят, а толькі тры злыя ваўкалакі сядзяць. Метак за невялікія грошы школіў іх для маёй разведкі. Ды сястра вытурыла яго... Бедны Метак! Не пашанцавала яму ў жыцці. ён яшчэ бегаў пад стол, калі мы з Бешчатам наразалі тут сваім легіянерам асады. Бешчат быў камендантам. Даверанай асобай маршалка! А гэта, кураня печанае, не жартачкі. Хоць успамінаць ёсць што...

Метак уздыхнуў і заморгаў вачыма. Томчак, відаць, расчуліў яго сваімі ўспамінамі.

А Задрапей, прыкмеціўшы Антося, увагнуўся і палез назад у кусты. Ён не хацеў сустракацца з Ярынчьіным сынам. У Зачэпічах яшчэ ніхто не ведаў, што гэты стары воўк з аблупленым носам быў на паслугах у Томчака.

— Чаго ён ад мяне туляецца, як ад заразнага? — пакрыўдзіўся Антось. — Няхай падыдзе сюды.

— Хто? Задрапей? — Томчак павярнуўся на абцасе, ляснуў далонямі. — Эй, ты... кудлач. Вярніся назад. У мяне штосьці ў горле пяршыць. Можа, пачастуеш нас першачком з таго збожжа, якое вы з Барылам цягалі сюды з калгаса...

— З якога калгаса? З нашага? — Антось перамяніўся ў твары. — Няўжо гэта праўда?

— Угу, — кінуў Томчак. — Голадна і холадна тут... Але ты... Пачакай, чуеш?.. О, пся крэў!..

Таго, што раптам здарылася, ніхто не мог прадбачыць. Антось, не звяртаючы ўвагі на роспачлівы лямант Томчака, дагнаў здаровага, як бугая, Задрапея ў кустах, паваліў на зямлю і пад дзікі віск і рогат усіх бандзюкоў пачаў таўчы мордай аб купіны:

— Еш зямлю, калі табе мала свайго, сабака!.. Еш!..

Яшчэ хвіліна мітусні, узмахі цяжкіх кулакоў, — і Задрапея выцягнулі за ногі на віднейшае месца і пачалі адліваць вадой з бруднай лужыны.

Пан Томчак прысеў ля яго на кукішкі, паглядзеў і сказаў:

— Што гэта значыць? Родная маці цяпер не пазнае гэтага зачэпіцкага цюхцяя! — І, адышоўшыся, павярнуўся да Антося: — Віншую, ты цудоўна размаляваў яго. Але за што?

Антось яшчэ не астыў, яго калаціла ад злосці. Зыркнуўшы спадылба на Томчака, ён гнеўна выціснуў праз зубы:

— У Задрапея спытай! Ён добра ведае, за што яго б’юць.

— Хто тут галоўны? Ты ці я? Расказвай!

— Нічога я табе не скажу; можа, разам кралі тое збожжа...

Томчак ускіпеў. Яшчэ ніхто не трымаўся перад ім гэтак дзёрзка.

— Прэч з маіх вачэй! Прэч, бо застрэлю!.. — зароў ён і выхапіў парабелум.

Але гэтая пагроза толькі яшчэ больш распаліла Антося. Ён прыгнуў галаву, набычыўся і, сціснуўшы кулакі, рушыў на Томчака:

— Страляй! Я ведаў, на што іду... Ніхто цябе не баіцца...

Томчак астыў, падаўся назад. Няўжо тое, што перад ім стаяў яго сын, няхай сабе і ад наймічкі, але падобны на яго і на рэдкасць дужы і смелы, спыніла гэтага вылюдка? Няўжо ў ім прачнуўся чалавек? Цікуючы з зямлянкі праз акно, я ўжо чакаў стрэлу.

— Пачакай! Я цябе, тэго... — замармытаў ён і схаваў зброю. — Няўдзячны ты хлопак, Антось. Давай памірымся...

— З кім? — Антось сплюнуў. — Рабі, што хацеў! З мяне такога паслухмянага халуя, як Задрапей, не зробіш...

— Пойдзеш назад? У сваю вёску?

— Куды назад? Дзе яна, тая мая вёска?..

Ён апусціў галаву і пайшоў да агню. Здавалася, што Антось плача.

Мне тады стала ясна, што пан Томчак не будзе мець ад Антося ніякай карысці. Я ўсё бачыў і чуў, хоць мяне зноў звязалі і піхнулі ў вугал зямлянкі. Я глядзеў, пакуль нікога не было побач. А потым зайшоў Томчак і груба адцягнуў мяне зноў у кут.

— Ляжы, кураня печанае, і не дыхай, — сіпеў ён прапітым голасам. — Антося мы ўжо выпрабавалі на адной аперацыі. Задрапей вунь плашмя ляжыць ад яго кулакоў... А ты, смаркач, яшчэ паходзіш каля мяне на прывязі. Не можа быць, каб з аднаго калгаса да мяне адразу два такія расовыя шчанюкі збеглі! Цярпець не магу мужыкоў... Калі ўсё тое, што мне гаварыў пра цябе Метак, праўда, — праз які тыдзень выскачыш у ардынарцы. Не, ардынарац у мяне ёсць. Ты будзеш узначальваць маіх гаспадарнікаў.

«Чаму ж не, узначалю! — думаў я. — За тыдзень ад твайго галапятага статка нічога не застанецца». Аднак уголас сказаў іншае:

— Мне вашы спульнікі, пане Томчак, не падабаюцца. Я пашукаю сабе больш прыстойных дружбакоў...

Пан Томчак маіх слоў усур’ёз не прыняў. Відаць, моцна верыў свайму ардынарцу Метаку. Цікава, чым я спадабаўся Метаку, што ён за мяне так заступаецца?

 

Ціха заскрыпелі дзверы: у зямлянку зайшоў Антось.

— Ты яшчэ жывы? — Ён глянуў на мяне спадылба і пачаў прыбіраць нары. — Не трэба было рызыкаваць з-за мяне сваёй галавой. Я і не думаў аставацца ў лесе. Вось падсоблю Томчаку трапіць у рай і вярнуся.

— Так ён табе і дасца. Спярша трэба пасварыць Томчака з бандай. Інакш будзем тут кукаваць як міленькія.

— Ідзі, я развяжу табе рукі. Бо мне, ведаеш, здаецца, што за намі ўжо сочаць.

Я нічога не адказаў Антосю. Сядзеў на калодцы каля дзвярэй і моўчкі ўглядаўся ў змрок. Пад кажушком па спіне бегалі мурашкі. Няёмка і страшнавата трохі было.

— Дурны ты, як мае чаравікі! — зноў абазваўся Антось. — Дома я з цябе не мог слова выціснуць, і тут асцерагаешся... Праз цябе і Метак касавурыцца на мяне.

— А што, хіба ты што-небудзь ведаеш пра яго? Глядзі, каб гэты хлюсцік не ашукаў нас.

— Не ашукае. Метак — залаты хлопец. Ты нават і не здагадваешся, што ён тут ад польскай разведкі сярод бандзюкоў аціраецца.

— А нашы яго ведаюць?

— Метак казаў, што ведаюць... Але хопіць, не скрыпі! Размова скончана. — Антось падышоў да дзвярэй і выглянуў на паляну. — Пароль ведаеш? Маладзец! А мне Томчак ужо не давярае...

 

Па дарозе ў Польшчу Томчакава банда моцна парадзела. Але каля Ваўкавыска да яе прымкнуў яшчэ адзін аднавясковец — вызвалены за п’янкі і хабарніцтва ад абавязкаў лесніка Харытон Барыла. Ён быў добра ўзброены і ні на крок не адыходзіў ад Томчака. А ў нас з Антосем меўся толькі адзін стары ржавы драбавік на двух. Таму я аднойчы ледзь не закрычаў ад радасці, калі Антось моўчкі сунуў мне ў ранец дзве самаробныя гранаты і пісталет.

— Дзе ж ты адкапаў гэтыя цацкі? — спытаў я.

— Барылу абшчыпалі з Метакам, — ціха шапнуў ён. — Гэты нам ужо не наступіць на мазоль... Адвялі за кусты і кокнулі.

Так, дзень за днём мы ўпотай рыхтаваліся да рашучай сутычкі з бандытамі. Яшчэ летась непаваротлівы, вялы, цяпер Антось ажно калаціўся, убачыўшы Томчака.

— Не гаруй, Ігнат! — гаварыў ён, азіраючыся вакол. — У мяне ўжо ўсё, як у накладных, распісана: ты кінеш па адной гранаце ў кожную зямлянку, а мы з Метакам будзем «ратаваць» Томчака. Метак нас не падвядзе... Але ты маўчы. Метак ужо са мной гаварыў. Ён табе перадасць Томчака з рук у рукі каля пераправы цераз Буг — на тым выгары, дзе мы ўчора рабілі прывал. Затарабаніш яго на першай сустрэчнай фурманцы ў горад і кіруйся дадому.

— А ты?

— Для мяне, братка, яшчэ знойдзецца работа ў бары, — сумна ўсміхнуўся Антось. — Паедзеш адзін. Сустрэнеш Моніча — скажы: Антось на цябе не сярдуе. Сам вінават, што адбіўся ад грамады... Вось апраўдаю сябе, тады і вярнуся ў Зачэпічы.

 

8

Пачалася вясна 1947 года. Томчак прыціх, учарнеў ад думак. Не было яму супакою ў лесе.

Аднойчы апоўначы ён выштурхнуў мяне з зямлянкі. На ўзлессі ўсчалася страляніна. Чакаць ад яе дабра Томчаку не было чаго. Нямала такіх трывог Томчакавы «жаўнеры» перажылі зімою, многіх Томчак не далічыўся. Таму цяпер Томчак уздрыгваў ад кожнага стрэлу.

— Нас акружаюць! — крыкнуў ён, бегучы ў кусты.— Гукні Антося, мы будзем прабірацца за Буг...

— Што будзем рабіць? — спытаў я Антося, лезучы за ім па кладцы на другі бераг раўка.

— Пільнуй Томчака! — коратка адказаў ён. — Без яго нельга вяртацца дадому...

Усё, што мы тады бачылі і перажылі, Метак уціснуў у два звычайныя словы: санітарная падчыстка. Антосю, які вынес яго на сваіх плячах з лесу, сказаў:

— Не трэба было надрывацца, браток. Як бога кохам, я не памру. Мне гэта не ўпершыню — валяцца пад кустамі трупам пасля перапалкі з бандытамі... Калі прыцісне якая бяда, упшэйме прашу да сябе ў Гдыню... Чаму я не ўходаў Томчака? Няхай гэты грэх астаецца на маім сумленні. Біты сабака здалёк бачыць кій. Я выцягнуў Томчака за ногі з ракі, хацеў паслухаць, ці жывы, ды звязаць. Але што рабіць, калі ён раптам выхапіў з-за пазухі нож і пацвертаваў мяне, як вантрабянку? Я толькі цяпер пачынаю адчуваць, што мы, Антось, яшчэ нечага варты. Пакінь мне трохі сухароў, а сам ідзі ў Асавец. Чуеш паравозныя гудкі? Значыць, туды недалёка.

— А чаго Антось папрэцца ў той Асавец? Гэта ж не наш, а польскі горад. Каб хоць дакументы якія былі, — сказаў я. — Лепш давайце вернемся назад. Можа, ці добра мы зрабілі, што ў пагоні за бандытамі забылі аб граніцы.

— Ты што, — абурыўся Метак, — учадзеў ля агню? Пры чым тут граніца? Недалёкі ты хлопец, Ігнат. Калі б мы прыглядаліся да граніц, дык бандыты ўжо вярхом ездзілі б на нашым браце. Як сабе хочаш, а я думаю, што вы з Антосем не павінны спускаць вока з Томчака. Толькі пагранічнікам паведаміць трэба...

Метак дрэнна ведаў умовы пасляваеннага жыцця; яго аптымізм межаваў з безадказнасцю. І мы неўзабаве на сваім горкім вопыце пераканаліся ў гэтым. Польскія пагранічнікі, не разабраўшыся, прынялі і нас за бандытаў. А пакуль ішло следства, Томчака нібы ветрам змяло з пагранічча.

 

9

Шмат сплыло вады з таго часу. Але я яшчэ ўсё помню. Летам сорак сёмага мы з Антосем выйшлі з астрога. На вуліцы нас чакаў Метак. Аказваецца, гэта ён пастараўся, каб нас там не трымалі. Толькі ніякіх дакументаў ён не мог раздабыць — з нашага пасольства доўга не адказвалі на яго заяву. Таму нам і не ўдалося адразу вярнуцца дадому.

Цяжка было прызвычайвацца да новых мясцін. Нічога не радавала мяне. І Антось Малочка, мой стрыечны брат і верны таварыш, нідзе не мог супакоіцца. За ўсё гэта мы павінны былі «дзякаваць» пану Томчаку, які дзесьці яшчэ аціраўся, перафарбаваўшыся ў якога-небудзь перасяленца. А іх на Памор’і, дзе мы часова ўладкаваліся на работу, было нямала, бо немцы, адступаючы за Эльбу, апустошылі гэты небагаты, але прыгожы край. У Гдыні, Мальборку і Шчэціне яшчэ чарнелі папялішчы, палыном пазарасталі шумныя калісьці прычалы ў нізоўях Віслы і Лабы, дзірванела пакінутая багатымі фальваркоўцамі зямля. Спаласаванае глыбокімі траншэямі і акопамі, Памор’е нагадвала стары, занядбаны цвінтар. Толькі мора, злое і непакорнае, натужліва лезла на прыбярэжныя валуны ды галодныя чайкі, якіх тут называюць мэвамі, дзіка і сумна крычалі на плёсах.

Аднойчы зайшоў я ў рэстаранчык «Атланта», гаспадаром якога быў вядомы нам пан Бешчат. Гэтае месца было адзіным, дзе я мог сяды-тады сустракацца з Антосем і пагаварыць з ім аб нашых справах.

Уся зала была забіта рыбакамі, якія скончылі сваю працу і зайшлі хто перакусіць ці выпіць піва, а хто і проста пагрэцца, пакурыць у кампаніі.

Насупраць мяне да століка падышоў худы высокі чалавек з тоўстым партфелем у руках.

Я быў заняты сваімі думкамі і мала звяртаў увагі на тое, як чалавек заказаў сабе піва і яшчэ нешта, а пасля расшпіліў каўнер і ляніва адкінуўся на спінку лёгкага лазовага крэсла.

Але міжволі вочы самі бачаць тое, што робіцца перад табою, і ўсё гэта неяк адбіваецца ў свядомасці. Нейкі рыбак звярнуўся да гэтага чалавека, па выгляду канторшчыка ці дробнага ўрадоўца, з просьбай размяняць стозалатоўку.

Чалавек нядбала выцягнуў з кішэні пацёрты кашалёк і адлічыў пяць дваццатак.

— Шчыра дзякую пану за ласку, — сказаў рыбак. — У буфетчыка, пся маць, няма дробных.

— Значыць, да вас тут яшчэ нікога не было, — засмяяўся канторшчык. — Гандаль у гэтай смярдзючай нары пры новым ладзе не дае ніякага прыбытку. Пан Бешчат, гаспадар «Атланты», кампаньёнаў сабе шукае. Адзін ужо ён не можа змагацца з канкурэнтамі. І падаткі з яго дзяруць не шкадуючы.

Рыбак нічога не адказаў на такую доўгую тыраду. Відаць, ён ведаў гэтага гаваруна.

— Душна тут, пся крэў, як у канюшні! — сказаў чалавек ці то сам сабе, ці мне, бо павярнуўся да мяне тварам.

Чорная павязка на левым воку, падстрыжаныя па апошняй модзе маленькія, нейкія зеленаватыя вусікі, старанна паголеная барада падкрэслівалі яго падабенства да шмат якіх іншых канторшчыкаў, што любілі каратаць свае «гадзіны пік» у танных рэстаранах і піўнушках.

Але ні гэты маскарад, ні сіплы, прапіты ці прастуджаны голас, ні сутуласць плячэй цяпер не маглі мяне ашукаць: перада мной сядзеў Томчак!

Проста дзіва, што я да апошняй хвіліны прымаў яго за другога чалавека. Няўжо час прытупіў маю пільнасць? Няўжо далі знаць гэтыя неспакойныя часы? О, гэта быў не той Томчак, які ў лесе хадзіў у кароценькім кажушку, падцягнуты, стройны, а на адкормленым круглым твары яго з казлінай рыжай бародкай і пышнымі вусамі заўсёды блукала кплівая ўсмешка.

Відаць, і я дужа перамяніўся, інакш Томчак адразу пазнаў бы мяне. Але ў цеснаце І паўзмроку, які панаваў у зале, і ён далей свайго носа нічога не бачыў. Калі ж я схапіў яго за грудзі, Томчаку не толькі яго зыркія зладзейскія вочы, але і выхаплены з кішэні нож не памог вырвацца на волю. Як добра знаёмыя, мы ўмомант абмяняліся прывітальнымі жэстамі, пасля чаго я выплюнуў у кулак некалькі зубоў, якімі заўсёды выхваляўся перад дзяўчатамі, а пана Томчака выцягнулі з-за стала і пачалі абціраць ручніком.

Пан Бешчат, гаспадар «Атланты», маўчаў. Ён трымаў сябе так, быццам упершыню бачыў Томчака. Міліцыянтам, якія прыбеглі на мой крык з вуліцы, ён сказаў:

— Нічога не здарылася, хлопцы. Сядайце і частуйцеся півам. Пратакол у камісарыяце напішаце. Не гарыць. Гэты пан яшчэ падрыгае хвілін дзесяць нагамі і дасць дуба, а гэты малады забіяка, — ён паказаў на мяне, — як на павадку, пойдзе за вамі. Калі нічога не маеце супраць, дык я сам скажу яму некалькі цёплых слоў. Хіба гэта дарагі кліент?

У яго ж і граша за душой няма.

І, каб не шпурнуць у мяне парожняй бутэлькай, пан Бешчат заклаў за спіну рукі і сеў. Злосць перакасіла яго шэры маршчыністы твар. Відаць, таму, што ў піўной многа курылі, ён задыхаўся і разпораз выціраў хустачкай шырокі, як у быка, лоб і запалыя шчокі.

У піўной ніколі не зачыняліся дзверы, а Бешчат заўсёды сам тырчаў ля буфета. Прага да нажывы адалела яго канчаткова. І чым толькі не гандляваў ён у сваёй «Атланце»! Яго ўжо штрафавалі за ўдзел у кантрабандзе наркотыкамі, а на адным піве цяжка было нажыць капітал. Балазе хоць нацыяналізацыя панскай маёмасці, якая пачалася пасля вайны, амаль не закранула дробных уласнікаў і гандляроў. Інакш пан Бешчат даўно развітаўся б з «Атлантай».

«Цікава, што ён скажа міліцыянтам, калі Томчак зноў апрытомнее», — думаў я, цікуючы спадылба за Бешчатам.

Ды яны з гарачкі накінуліся на мяне. Толькі ў камісарыяце старшы па чыну міліцыянер, здаецца капітан, адумаўся і паслаў свайго сябра ў «Атланту» па Бешчата. На мяне ён, здавалася, наогул перастаў звяртаць увагу. Адзеннем, манерай паводзін я не вызначаўся з ліку тых, хто тады ад цямна да цямна аціраўся ў танных барах ды піўнушках. А аб маёй сапраўднай рабоце... Не, мне аб гэтым было строга забаронена гаварыць нават работнікам міліцыі. Таму я, праўду кажучы, рашыў не парушаць гэтай забароны. Я — вольны казак, і канец! Для ўсіх і назаўжды, пакуль на Памор’і нячыста...

Томчака забралі ў санітарную машыну, але яна павярнула не ў гарадскую бальніцу, а ў пасёлак. Трэба было і Бешчата выцягнуць з-за прылаўка і справадзіць туды. Ад рыбакоў ён не выкруціўся б. Непадалёк ад іх пасёлка пачынаўся глыбокі кар’ер, выкапаны яшчэ да вайны. Там пад пільным наглядам міліцыі і народных апалчэнцаў вылаўленыя ў горадзе бандыты капалі пясок і засыпалі варонкі вакол аўтобуснага вакзала і ля прыстані.

Аднак дарэмна я гараваў: Бешчат сам прыпёрся ў камісарыят. У руках ён трымаў пакамечаны Томчакаў капялюш і палку з цяжкім медным набалдашнікам. Капялюш ён кінуў следчаму на стол, а палку развінціў на тры часткі і паклаў на калені, уваліўшыся ў глыбокае мяккае крэсла.

— Курыце? — спытаў следчы, падсоўваючы Бешчату цыгарэты.

— Курыў, а цяпер не магу, — адказаў ён і махнуў рукой. — Астма. З пакалення ў пакаленне перадаецца, як пранцы. Але вы не стрымлівайце сябе, мяне ўжо так абкурылі, што нават кашуля смярдзіць ад дыму. Затое налогі плачу без напамінкаў. Мая «Атланта» нікому не прынесла клопату.

— Даўно пан Бешчат гандлюе? — пацікавіўся следчы і кіўнуў мне, каб не круціўся на сваім месцы, а лепш слухаў. Дзеля гэтага ён і затрымаў мяне ў камісарыяце. — Кажуць, што вы да вайны былі камендантам і жылі на Гродзеншчыне, — зноў павярнуўся ён да Бешчата. — Так гэта ці не?

Бешчат задумаўся. Ён ішоў даведацца, хто я такі і ці хутка выпусцяць Томчака. Каб ён ведаў, што следчы пачне распытваць у яго пра мінулае дык і не вылазіў бы з дому. Бешчату яшчэ хацелася жыць, жыць і гандляваць, каб неяк утрымацца на зямлі, якая з часоў Пілсудскага гарэла пад яго нагамі. Бешчат успомніў, як Томчак угаворваў яго астацца ў бандзе. Не паслухаўся войта Бешчат. Страшна было атрымаць кулю ад былога спульніка, але ён усё ж адарваўся ад банды.

А цяпер Томчаку, якога гэтак доўга лавілі за Бугам і тут, у Польшчы, толькі адбілі памяць і павезлі ў астрог, а яго, Бешчата, маглі вынесці на могілкі.

Пан Бешчат ужо не спадзяваўся на сваё падарванае здароўе. Ён паволі падняўся з крэсла і захрыпеў:

— Я ўжо не магу, пане следчы, тут сядзець. Вазьміце гэтыя трубкі, — ён паклаў на стол развінчаную палку, якую да гэтага трымаў на каленях, і раптам зноў асунуўся ў крэсла. — Вось бачыце, — забурчаў вінавата, — старасць не радасць. І астма сваё бярэ... Няхай гэта будзе адказам на ўсе вашы пытанні.

У Томчакавай палцы нічога такога не было, што магло б даць следству нейкую зачэпку. Трубкі прасвечваліся навылёт. Толькі ў набалдашніку Томчак хаваў ампулы з какаінам, без якога ён ужо не мог жыць.

— Выходзіць, я дарэмна стараўся, — паківаў галавой Бешчат. — Гэты маладзён, — ён тыцнуў на мяне пальцам,— напэўна, добрую ўзнагароду атрымае, а мяне засмяюць рыбакі.

Следчы націснуў кнопку. Зайшоў дзяжурны. Ён правёў Бешчата дадому.

— Заўтра мы яго зноў выклічам у камісарыят, — сказаў мне следчы. — Сягоння ён яшчэ не падрыхтаваны да шчырай размовы. Раю і вам прагуляцца па горадзе.

...Вечарам я зноў прыпыніўся ў «Атланце». Бешчата за прылаўкам не было. Заказ на пачку цыгарэт і куфель піва прыняла ад мяне афіцыянтка. Рыбакі ласкава называлі яе сваёй заступніцай або Перапёлачкай, але я ведаў, што гэта Бешчатава дачка Стася. І было ёй толькі дванаццаць гадоў.

Беручы ад мяне заказ, дзяўчынка трывожна азіралася на дзверы. У той памятны для мяне вечар Бешчат упершыню пакінуў Стасю адну ў сваёй «рэстарацыі». А я ж быў тут новым чалавекам і прычыніў ужо многа турботы бацьку гэтай, як мне здалося тады, далікатнай і баязлівай паненачкі. Неўзабаве яна яшчэ раз падышла да мяне і горача пачала шаптаць:

— Божа, ну чаго вы марудзіце? Дапівайце хутчэй піва ды не затрымлівайцеся тут.

— Паненка мяне баіцца? — спытаў я, знарок разваліўшыся ў крэсле.

— Баялася, — проста адказала яна. — Але сюды заходзіў ваш дваюрадны брат Антось. Ён усёўсё расказаў мне пра пана. Антось добры і ніколі нікога не ашуквае. Чаму вы не паслухаліся яго? Вы ж збіраліся ехаць дадому.

— Антось — балбатун. Ён не павінен быў малоць тут языком пра мяне. Ды без яго я і не думаю пакідаць ваш край.

— Такі ён мой, як і ваш, — паправіла мяне Стася. — Але тут жывуць добрыя людзі. Каб не пан Антось ды рыбакі, то я не размаўляла б з вамі. Чаму? Калі-небудзь вы даведаецеся аб гэтым. А цяпер ідзіце. І лепш ніколі не заходзьце да нас.

На вуліцы мяне апанавала злосць. Чаму ж я не спытаў у панны Стасі, калі яна апошні раз бачылася з Антосем? Урэшце, і з панам Бешчатам, бацькам яе, не шкодзіла б пагаварыць, напомніць яму, што ён пры Пілсудскім служыў у паліцыі. Праўда, тады пан Бешчат не быў такі асцярожны і хітры, але без карабіна да нас, у Зачэпічы, не прыязджаў. Помню, як ён колькі разоў намагаўся злавіць на мушку аднаго падпольшчыка. Потым страляў у чужыя каміны і хваліўся: «Няхай мужыкі памятаюць: саломкі я не падсцілаю...»

Блукаючы па горадзе, я думаў: ад Стасі, відаць, не варта таіцца. Трэба, каб яна ўсё ведала пра свайго бацьку. Пра бацьку, маці і яе няшчасную радню ў Налібоках.

Аднойчы Бешчат, тады камендант пастарунка, трапіў у вёску Чароткава, дзе якраз былі вывешаны чырвоныя сцягі з выпадку першамайскага свята. Там, пры «выкананні службовых абавязкаў», Бешчат сустрэў Ліду Калюжную — самую прыгожую і ўдалую ў вёсцы дзяўчыну. У тую раніцу яна паласкала бялізну ў рачулцы, што перасякала грэблю.

Бешчат падышоў да яе ззаду і дзіка зарагатаў. Ліда спалохалася і ўцякла пад мост.

...І вось праз нейкі час Бешчат ужо спяшаўся ў лес, паабдзіраны, страшны, але задаволены.

— Ага! Ужо чацвёртая. Няхай Томчак не думае, што меншым за яго поспехам карыстаюся ў мясцовых прыгажунь...

Увечары Ліду прывялі дадому. Нехта накрыў яе сваім каптаном. Дзяўчына ўсхліпвала, дранцвела ад жаху. Лідзін бацька, Базыль, нарэшце страціў цярпенне.

— Сціхні ты, не трэба плакаць, — крыкнуў ён Лідзе. — Ад нашых слёз мала карысці. Я пахаджу з дручком каля гэтага пана...

У Лідзінага бацькі было сем братоў, а ён — самы дужы сярод іх. Таму мясцовыя асаднікі, пан Томчак і ўсе іншыя не раілі Бешчату забывацца пра гэта.

— Субардынацыя, пане каменданце, перш за ўсё, — пырскаў слінаю войт, — але грош ёй цана, калі зямля пад нагамі гарыць. Прасі, кураня печанае, прабачэння ў галоты. Дзеля адводу вачэй, вядома. Улічы: пакуль Базыль Калюжны цябе не забіў, у турму яго не загоніш, а калі заб’е — позна будзе хапацца за карабін.

Бешчат злаваў, пазбіваў прыкладам усе шыльды ў мястэчку, пасля напяліў на сябе даўгаполы сіні мундзір, паклаў у кішэню пляшку «выбаровай» і пайшоў у Чароткава мірыцца. Але гаспадар хаты якраз быў на сплаве, і лёс няшчаснай дзяўчыны вырашыла яе маці.

— Не ведаю, як мой муж, — сказала яна, — а я, таго-гэтага, пахавала ўжо сваю дачушку... Калі ёсць сумленне, дык бяры яе да сябе.

А Ліда тым часам захлыналася ад слёз, сохла і ў касцёле, ідучы з панам пад вянец, не дазваляла сабе глядзець на святых. Прыкмеціўшы гэта, пробашч тыцнуў ёй пад нос крыж:

— У малітвах і працы тваё збавенне. Пан Флёрыян, твой муж, улічыць гэта...

У Базылёвай хаце «пан муж» сядзеў як на іголках. Абступіўшы яго з усіх бакоў, маладзіцы, сярод якіх былі і полькі, нібы знарок спявалі забароненыя песні. То сумныя, то бадзёрыя, яны, гэтыя песні, даводзілі яго да шаленства.

 

<b>...Не кукуй, зязюлька, на дубе,</b>

<b>Не сумуй, Лідачка, на шлюбе, —</b>

 

тоненькім галаском выводзіла свацця — старая і худая, але яшчэ рухавая кабета. Суседкі хорам уторылі ёй і асыпалі жытам не маладога, а дзяжу, што стаяла сярод хаты. Дзядзькі — п’яныя і цвярозыя — загаварылі пра выкуп. Смялейшыя з іх падышлі да стала.

Томчак, які быў за свата, раптам закрычаў: «Го-о-ор-ка!..» Малады ўздрыгнуў, падаўся назад.

— Не дурыся. Ты хочаш, каб я... пацалаваўся з гэтай, — ён кіўнуў на Ліду, — асою?

— Варушы мазгамі! — сярдзіта падштурхнуў яго войт. — Я, кураня печанае, не крануся з месца, калі гэтыя сярмягі возьмуць цябе за каўнер і... — Ён выскачыў з-за стала і замахаў рукамі. — Раны боскія! Лямпу, хто патушыў лямпу?!

— Супакойся, пан!.. Гэта мы так... для Ліды... — загаманілі госці. — Яна, можа, лепш выпіла б атруты...

Ліда — маўклівая, ціхая — сядзела ў покуце. Яна намагалася зразумець, аб чым ішла размова, ды ўсё неяк блыталася ў галаве.

— Папраў валасы ды ўжо не гаруй! — шапнула Лідзе маці.— Выглядаеш, як з крыжа знятая.

Ліда неахвотна адкінула за плячо касу і зноў апусціла вочы. Пасля схіліла набок галаву ды ціха, але з сілай завяла:

 

<b>Руш, руш каня з двара,</b>

<b>Каб мае вушы не чулі,</b>

<b>А вочы не бачылі,</b>

<b>Як мая маці плакаць будзе,</b>

<b>Па панадворку ходзячы,</b>

<b>З вішнямі гаворачы...</b>

 

На панадворку пад вішнямі чароткаўскія хлопцы сварыліся з пастарунковым, што таптаўся ля весніц. Зірнуўшы на іх праз акно, войт ціха шапнуў Бешчату:

— Доўга не думай. Паехалі, пакуль не позна...

Ліда, прыбітая горам, напалоханая, здавалася, і не глядзела на нялюбага мужа. Аднак яна адчувала, што ён рады пазбыцца яе. Адзінае, што трымала яе на свеце, гэта дачка Стася.

— Стасенька, родная, хутчэй бы ўжо ўсё скончылася! — шаптала Ліда дачцэ, хоць ведала, што тая яшчэ мала разумела яе. — Табе што, ты яшчэ дзеўчаня... А мне так цяжка... Кажуць, адвэтоўцы1 зноў кагосьці забілі... Дакуль гэта будзе? І чаго нас прыгнала сюды, на гэтае Памор’е, ці нам там горш было?

Яна падазравала, што і яе муж мае нейкае дачыненне да ўсіх гэтых здарэнняў, якія адбываліся навакол. Яна пачала адкрыта гаварыць рыбакам пра яго патаемныя шашні з бандытамі.

Бешчат, дачуўшыся аб гэтым, аднойчы на кухні збіў жанчыну да паўсмерці, а калі Стася па-дзіцячаму роспачліва залямантавала ад жаху, азвярэла крыкнуў:

— Вон, сучаня! У тваёй маці... гэх-гэх!.. адна дарога...

Ліда памерла, толькі не ў «Атланце», а на прыстані. Некаму яна яшчэ перашкаджала таксама. Ці не Томчаку часам, які асцерагаўся, каб не выдала яго міліцыянтам?

Як бы там ні было, а ў цёмным завулку яе знайшлі мёртвай.

Бешчат пераехаў жыць на другую вуліцу. Там да Стасі ў баковачку нечакана ўвалілася са сваімі рэчамі нейкая незнаёмая, запудраная да вушэй пані. На галаве ў яе замест хусткі быў паласаты ручнік, завязаны пад барадою.

— Я — пані Гэлена Змачынская, — кінула яна ў бок Стасі, прыплюшчыўшы адно вока. — Будзеш мне грэць ваду. Перад сном і на досвітку... А свае чамаданы, мілая, я пастаўлю тут. І не важся мне падыходзіць да іх.

Ад чамаданаў патыхала нафталінам, клапамі і ліха ведае чым. Стася зараз жа заціснула нос і адвярнулася.

— Дык вось ты якая!.. — здзівілася пані. — Але, ведаеш, я цябе перавыхаваю. Спярша адмыўшы, вядома...

Тады Стася падабрала свае цацкі з палавіка і

пабегла ў гасціную:

— Мама-а!.. Дзе мая мама?..

Бешчат якраз накрываў стол. Ён пусціў дым з цыгарэты і сказаў:

— У цябе, пэўна, будзе другая маці...

Вырашыўшы, што бацька п’яны і зараз будзе яшчэ сварыцца, Стася схавалася за шафу.

У гэтую хвіліну пастукалі ў дзверы і ў гасціную ўваліўся доўгі, як вудзільна, чалавек у паношаным шэрым паліто.

— Оберпрахвост... перапрашаю, пан Бешчат дома?

— Тсс, Томчак, — пачулася ў адказ. — Я, прызнацца, не адзін тут... Пані Змачынская...

— Ведаю гэтую паню, — сказаў чалавек, азіраючыся навакол. — Але... ёсць загад. Заўтра ты зноў возьмеш патэнт і будзеш гандляваць півам. Рускіх падкалоць трэба... Інструкцыя, перадатчык і ўсё іншае там, — ён паказаў на бакоўку, у якой пакі Змачынская спакойна распакоўвала свае рэчы.

Бешчат атарапеў. Ніжняя губа яго адвісла, вочы палезлі на лоб. Ён ведаў, што Томчак быў у Налібоцкай пушчы. Чаго ж ён даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Тут яшчэ былі шчыліны, у якіх можна было схавацца ад людскога вока. Але навошта ж ён і яго, Бешчата, цягне ў сваё балота?

— Слухай, Томчак, ты знарок падаслаў мне Гэлену? — закалаціўся Бешчат.

— А цябе гэта не радуе? — Томчак прысеў на тахту. — Я ўлічыў усе «за» і «супраць» адносна гэтай камерцыі, — дадаў ён, крыху падумаўшы. — Улічы, што яе шынок нічуць не горшы за тваю «Атланту». Ды і стаж яе большы за твой, вопыт мае ў такіх справах. Праўда, пані Гэлена доўга аднеквалася, хацела да каго-небудзь маладзейшага прымазацца... Пераборлівая, халера... Потым яна сярдзітая на цябе за тое, што ты, кураня печанае, доўга з Лідай валаводзіўся. А калі яна ўбачыла цябе тут у новым асабнячку і самотнага... Цяпер ёй сумленне не дазволіць адбрыквацца ад цябе. Уяві, наш брат цяпер на вагу золата ў такіх, як пані Гэлена, пажылых квактушак...

Бешчат ад вялікай злосці на Томчака адвярнуўся і сплюнуў далёка ад стала.

Няхай мяне пярун заб’е, калі гэтая старая кабыла ўседзіць тут да наступнай раніцы!

Ён кінуўся за перагародку, але Томчак выцягнуў яго адтуль за каўнер і пасадзіў за стол:

— Зараз пані Гэлена падасць нам абед. Больш ты яе не кранеш, інакш будзеш мець справу са мной.

Крыху пазней, калі гасціная апусцела, Стася на цыпках выбегла ў агарод.

У гасцінай нехта загрукаў.

Стася ўбачыла бацьку. Змрочны, як ноч, ён адчыніў акно і выглянуў на панадворак.

— Што ж, мажліва, Томчак мае рацыю, — ціха бубніў ён, выціраючы хусткай рот. — Гандляваць нечым трэба... Няхай выкладае задатак. За Гэленіны транты добрага тавару не дастанеш. Адны паношаныя віскозныя сарочкі ды пудры панавалакла ў хату... — Ён сплюнуў і ўтаропіўся ў агарод. — Дзе ж тое дзеўчаня? Ага! Яна ў малінніку... Стася-а!..

На яго голас прыбегла пані Гэлена.

— Яна, пэўна, у тае... ну, у пані Марчуковай... Ціха, ціха! Апахмяліцца не хочаш?

Бешчат павярнуўся да яе і сказаў з абурэннем:

— Ты жартуеш! Марчукова ў турме... і дзяцей забралі. Вось, глядзі, ключ ад яе кватэры...

— Грубая работа, дый годзе... — строга падкрэсліла пані. — Схавай ключ і заткніся. Цябе і так усе тут ненавідзяць...

— Дзякую, Гэлена... А я і не ведаў!

Бешчат зачыніў акно. Ён да ночы баяўся выглянуць на панадворак, асушыў бутэльку «мядоўкі», але языка не распускаў: гаварыў з Гэленай толькі пра цэны на піва. Калі ж яна напомніла пра адпачынак, вызверыўся:

— Ідзі ты да д’ябла, кабета! Ніхто не ведае, колькі ў нашых памораў прагі да жыцця. Усе яны цяпер за рускіх стаяць гарою. А мы на мечаныя лонданскія козыры стаўку рабілі... Хочаш выкруціцца ад пятлі — мяняй аўчыну... Томчак, нябось, ужо адчуў сваю пагібель, калі мітусіцца як ачмурэлы. ён пабег на станцыю па свае рэчы? Дай божа, каб і не вярнуўся адтуль...

Бешчат цяжка ўздыхнуў і адкінуўся на спінку крэсла.

— Позна ён вучыць мяне, як трэба жыць, — сказаў, не турбуючыся, слухае яго пані Гэлена ці не. — Мы яшчэ да вайны, калі мелі свой сенат і прэзідэнта, былі асуджаны на смерць. Я цёмны чалавек супраць Томчака, але бачыў яе, гэтую нашу смерць, у вачах не толькі тых, каго мы там, на «крэсах усходніх», абдзіралі да ніткі, катавалі і гнаілі ў турмах, я вычуваў яе і тут, на сваім узмор’і, у вачах сваіх землякоў. Эх, пані Гэлена, пані Гэлена... Езуса, якому ты кожны дзень молішся, раскрыжавалі рымскія найміты. А мы самі сабе выкапалі яму. Усе, пачынаючы ад прэзідэнта і канчаючы Томчакам, гэтым нікчэмным чарвяком, трухлявай гміннай затычкай у нашым паламаным дзяржаўным возе. Мясцовыя актывісты ўсё роўна даведаюцца, чаго мы тут засталіся! А гэтая, як яе... Марчукова паможа ім!

У пані Марчуковай — Стася не памятае, як яе называлі, — была пляменніца Магда. Яна памагла цётцы апраўдацца на судзе, і Бешчат упершыню за сваё доўгае жыццё адчуў немінучае.

— Пільнуйся дому, — загадаў ён Стасі. — Магда выдасць нас прадстаўнікам новай улады, камуністам, значыцца.

Стася слухала і пазірала то на бацьку, то на мачыху. Потым, калі яны зачыніліся ў бакоўцы, пабегла да Марчуковых.

— Мая мама нікога не баялася, а яны </b>баяцца... — шаптала яна ўстрывожанай Магдзе — І пан Томчак баіцца. Татусь казаў, што ў яго няма дакументаў.

Магда — яна была гадоў на пяць старэйшая за Стасю — абняла яе, горача пацалавала і сказала лагодна:

— А-а, вось яно што!.. Гэта дарэчы, Стасечка, што ты да нас прыйшла. Але пад бацькавы кулакі не лезь. Мая цётка казала, што ён ненавідзіць цябе. А гэта ж... Божа, што гэта я табе балбачу! Ты сама ўсё ведаеш. Сваю маці яшчэ не забылася? Я... Усе кажуць, што яна мучылася тут...

Гэта праўда, Стася, — згадзілася Магда. — Я яе крышку ведала. Цёця Ліда доўга білася як рыба аб лёд... Твой татусь — звер. Чаму яна не баранілася, чаму? Цяпер, можа, завіхалася б там, на сваёй бацькаўшчыне, у спелым ільне ці жыце.

— Ага! У жыце! А якое яно?

— Ды гэткае сваё, роднае... Шуміць яно, як наша сіняе мора, то сумна, то весела.

 

Увечары, калі Стася прыбегла дадому, бацька сказаў:

— Дзяга — гэта яшчэ не ўсё! Я табе, сучанё, пакажу, калі будзеш швэндацца... Я не хачу, каб мая дачка дружыла з гарадскімі падонкамі... Ты шляхцянка! Я ж кажу, не будзеш слухацца мяне — за-ду-шу-у...

І задушыў бы, ды яе новая сяброўка Магда Марчукова мела пільнае вока на яго.

— Лепш па-хрысціянску жывіце! — папярэджвала яна Бешчата, заходзячы ў яго змрочны шынок па Стасю.— Час не той, пане Бешчат. Чыя б кароўка мычала, а ваша б маўчала. Саюз польскай моладзі даручыў мне ўзяць апеку над сіратою. У вас жа тут не бар, а душагубка...

— Нікога я не загубіў, — апраўдваўся Бешчат. — Ты, Магда, пільнуй свайго носа. Стася — мая турбота, і прытым яна не сірата і не жабрачка. У яе ёсць усё, што патрэбна падлеткам, і жыве яна пад наглядам адукаванай і чулай жанчыны...

Але, баючыся справядлівых дакораў, дадаў:

— У свой час, канечне, і Стасі даставалася... Ад гітлераўцаў, вядома... Эх-хэ-хэ!.. А я, дурань, шкадаваў ім атруты, як добрых людзей, свежым півам паіў.

Аднойчы, пераглядаючы Гэленіны рэчы, Бешчат натрапіў на яе стары дзённік, пагартаў яго і вельмі здзівіўся: «Навошта яна запісвала ўсё гэта, для каго? Няўжо яна перадавала туды, у Лондан? Цешыла былых нашых урадоўцаў, што і гаварыць! Пэўна, шалелі ад злосці...»

Вось хоць бы гэта. 13 студзеня 1945 года пані Змачынская запісала: «На захад ад Сандомежа часці Чырвонай Арміі распачалі афензіву, мэтай ‘якой з’яўляецца вызваленне ўсёй Польшчы. Адначасова пачалася бітва за Варшаву, у якой актыўна ўдзельнічаюць жаўнеры Войска Польскага... Ва ўсходняй частцы сталіцы — Празе, якая раней была вызвалена ад гітлераўцаў, адкрыты першыя тры факультэты Варшаўскага універсітэта: медыцынскі, фармацэўтычны, ветэрынарны».

У пастскрыптуме — заўвага: «Божа, немцы аддалі рускім Варшаву! Гэта здарылася 17 студзеня — толькі праз пяць дзён пасля пачатку наступлення! Цяпер ніякая сіла не стрымае рускіх. На чарзе Кутна, Лодзь, Познань... Гітлераўцы ў паніцы адступаюць. Прэзідэнт горада Варшавы палкоўнік Войска Польскага Марыян Спыхальскі аб’явіў, што неўзабаве пачнецца адбудова горада...»

На старонцы, датаванай 28 студзеня, пані Змачынская пакінула сляды ад сваіх брудных пальцаў. Яна спяшалася, пісала з граматычнымі памылкамі: «Савецкая Украіна ахвяравала жыхарам Варшавы 900 000 пудоў (15 000 тон) жыта, 150 тон алею, 100 тон цукру і 5 тон садавіны; выгружаюцца падарункі ад Савецкай Беларусі (10 000 тон збожжа), Рускай Федэрацыі (30 000 тон), Літвы (5000 тон). Апрацоўваючы гэту хроніку падзей у Варшаве, я...»

Тут пані Гэлена нешта старанна закрэсліла. Яна не хацела давяраць паперы свае глыбока патаемныя думкі. Яе рапарты чыталі «высакародныя і шляхетныя» людзі за сотні вёрст ад Польшчы, у англійскай сталіцы. Інакш гэтая «патрыётка» і не пісала б іх. Яна і не здагадвалася, што ў Лондане ўжо даўно махнулі рукой на яе запазычаныя з польскіх газет і радыё справаздачы. Пані Гэлена толькі засмечвала эфір. Ёй далікатна раілі пацікавіцца настроямі памораў, потым вылаялі і загадалі чакаць Томчака. Ды ён тады яшчэ шнырыў на Навагрудчыне і цэлымі месяцамі нічога не паведамляў аб сабе. Гэлена проста па інерцыі ўсё запісвала і час ад часу перадавала ў эфір.

А падзеі разгортваліся з небывалай хуткасцю. У вызваленай ад фашысцкага прыгнёту Польшчы пачалася гарачая пара. Варшава яшчэ ляжала ў руінах, а ў краіне ўжо была ў разгары зямельная рэформа, народная ўлада ліквідавала буйныя трэсты і манаполіі, брала ў свае рукі фабрыкі і заводы... Для пані Змачынскай і яе яснавяльможных апекуноў з Лондана насталі чорныя дні. Народ пайшоў за тымі, хто на польскай зямлі са зброяй у руках змагаўся з фашысцкімі акупантамі і перамог.

— Дарэмна ты, Гэлена, старалася! — сярдзіта бурчаў на сваю ўтрыманку пан Бешчат. — Спалі ўсе свае мемуары — і канец... Якія мы няшчасныя, каханая, якія няшчасныя! — адпіхваў ён ад сябе Гэлену і валяўся цэлымі днямі на тахце.

Залітыя лагодным святлом з-пад ружовага абажура сцены гасцінай здаваліся яму змрачнейшымі і халаднейшымі нават за тыя, што па яго загаду адмывалі ад крыві беларускіх і польскіх падпольшчыкаў у падвалах пастарунка. Гэта была яго нара, яго цвярдыня, у якой неўзабаве нехта шчаслівейшы і — чаго ў Бешчата ніколі не было — упэўнены ў заўтрашнім дні будзе перастаўляць мэблю, жартаваць, весяліцца, пажынаць плён даўно чаканай перамогі...

Не, Бешчат яшчэ жывы. Ён не хоча здавацца! Яму таксама карцела нешта рабіць, можа, нават зліваць у вядро недапітае гасцямі піва ды зноў пампаваць яго з вялікай дубовай бочкі ў глыбокія куфлі. Калі пад нагамі ходзіць зямля, дык і гэта — прадуха.

— Скажы Стасі, каб не адлучалася нікуды, — гаварыў Бешчат Гэлене, а сам, сцягнуўшы з вешака засалены макінтош, уцякаў з дому.

 

1 Адвэтоўцы — рэваншысты, агенты польскай санацыі.

Кат просіць спагады

 

1

У тысяча дзевяцьсот пяцідзесятым годзе Томчака па амністыі выпусцілі на волю. Відаць, нехта дапамог злыдню. Нацягнуўшы на сябе нейкі стары палаплены пінжак, ён моўчкі хадзіў з палкай па прыстані, прыглядаўся да грузчыкаў, спыняўся каля маракоў, прагна лавіў кожнае іх слова, круціў незадаволена носам, заступаў самым гаваркім з іх дарогу, сярдзіта пытаўся:

— А чые гэта яшчэ параходы стаяць у гавані?

— Рускія, балгарскія, нямецкія, фінскія, — ветліва адказвалі маракі. — А вунь прышвартоўваюцца да прычала і чэшскія. Так, так, у чэхаў няма сваіх партовых гарадоў. Мы па-братэрску дзелімся з імі сваёй акваторыяй...

— М-та-ак, — моршчыўся Томчак. — Поўная, значыцца, згода цяпер паміж вамі. Аддайце яшчэ чэхам наша Заользе і Слёнск. Камуністам гэта нічога не каштуе... А мы, старыя легіянеры, грызліся за кожную пядзю зямлі з імі. Ад мора да мора мелі б разгон, каб не пасварыліся з Гітлерам... Але я гэта так, дзеля слова кажу...

Кватэры сабе не шукаў, відаць, збіраўся некуды ехаць. Начаваў на прыстані або ў піўных, якія не зачыняліся круглыя суткі.

Я толькі раз ці два бачыў яго ў цэнтры горада: Томчак ні з кім не здароўкаўся, нікога не пазнаваў, а ад Бешчатавай дачкі Стасі паспешліва хаваўся за вуглы. Пакуль ён сядзеў у турме, дзяўчына вырасла, пасталела. І ў бацькі яна не жыла, а перайшла да сваёй сяброўкі Магды Марчуковай у яхт-клуб.

— Халера! — злосна бурчаў пан Томчак сабе пад нос. — Гэтая зелень сочыць за мной. — Ён вяртаўся на ўскраіну горада і выклікаў да сябе Бешчата: — Больш я да цябе не прыйду. Хіба калі ў крайнім выпадку... Але ты, кураня печанае, трымайся тут да апошняга...

 

2

У зашмальцаваным скураным капшуку з меднай спражкай было шэсць патронаў. Калі Бешчат, убачыўшы іх, памкнуўся зашторваць акно, да яго ў бар нечакана заваліўся пан Томчак.

Ні ён, ні Бешчат не заўважылі, што Стася якраз была дома. Яна прыбегла па сваё зімовае паліто і, пачуўшы, што нехта зайшоў у шынок, прыціхла ў гасцінай.

Спыніўшыся ля дзвярэй, Томчак загадаў Бешчату апусціць шторы на вокнах. Потым сунуў яму ў рукі пісталет і сказаў:

— Страляць будзеш з галёркі, калі пагасне святло!.. І не ў мяне, а ведаеш у каго? У дачушку сваю, чуеш? Я не хацеў табе даручаць гэта, я, бадай, пачакаў бы, але ведаю, дзе ты заўчора быў. Рыбакі вылавілі ў затоне твой перадатчык!.. А Стася памагала ім. Вось. Вельмі ўжо ты песціш яе!.. Яма, можа, усіх нас выдала...

Бешчат кінуўся за прылавак па кульбу. Жоўты, маршчыністы твар яго парудзеў. Гнеў гэтага старога, няўклюднага, але яшчэ дужага чалавека быў страшны.

— Так, так, выдала! — паўтарыў Томчак. — Цяпер адзін толькі вецер будзе гуляць па тваёй харчэўні...

— Мне, ведаеш, усё адно ўжо... няхай!

— Дык вось, менавіта таму выбар выпаў на цябе...

— Ага. На мяне, — неяк мімаволі падтакнуў стары і як апантаны крыкнуў: — Не палезу я на ражон! Не палезу — і канец! Не хачу я страляць — і ўсё! — ён змахнуў кульбаю капшук, які ўсё яшчэ ляжаў на прылаўку, павярнуўся да буфета і пачаў выстаўляць бутэлькі. — Бяры! Напляваць мне на вашы крадзеныя партвейны! А Стася... Навошта ж яе забіваць? Гм... Так... Слухай, Томчак, табе забойствы, мусіць, толькі і сняцца!

— Мажліва...

— Дык зацірай сляды — я не гарантую табе надзейнага прытулку!..

— Ну-у...

— Вось табе і «ну»! Тут кропка! Апошняе слова...

Бешчат, забыўшыся на бутэлькі, рашуча выштурхнуў Томчака за дзверы, але па шапцы не надаваў. Шапнуў:

— Усё, што я магу, дык гэта толькі купіць табе білет на дарогу...

Зялёны ад злосці, Томчак вылаяўся і пайшоў у порт.

Непрыкметна падкраўся вечар. Бешчат, пакрэктваючы, дастаў з-за буфета жалязяку, якую трымаў у запасе, і падпёр дзверы. Ён ужо не спадзяваўся на свае вочы і слых... А хто прыбярэ са стала за якім насвінячыў госць? Бешчат нагнуўся, шаргануў дзеркачом аб маснічыны і замёр: патроны!

Перад тумбачкай, у якой ляжалі запалкі, стары застагнаў і ледзь не асунуўся на падлогу. Але нешта ўтрымала яго на нагах. Запалкі засунуў у кішэню. Потым адчыніў акно.

Аднекуль здалёку, з гарадской ускраіны, вецер данёс песню. «Рыбакі з лову вярнуліся,— шапнуў ціха.— А Томчак... Эх, і нягодны ж, сабака! Не, я не дарую. Пайду і скажу ім, што не я, а ён прайдзісвет і забойца...»

Ён зачыніў акно і ўтаропіўся ў кут на пацука, які асцярожна шкрэбаўся ля шафы: «Таксама жываглот, ліха яго матары!» Забурчаў: «У-у-у... паршывец...» Падбег і тупнуў нагою, затым, падабраўшы патроны, заспяшаўся ў Гэленін пакой да шафы.

— Дзе мае клятчатыя штаны? — накінуўся ён на Гэлену. — Ага! Ты сама закінула маё адзенне за шафу. Думала — астануся дома, буду сядзець ля цябе. Стася ў нас не была?

Пані яшчэ ніжэй схілілася над вышываннем.

— Я раіла табе адпісаць на яе крыху дабра, — шапнула яна. — І яшчэ буду раіць. Пагрозамі ты гэтай разбойніцы не перавыхаваеш. Тым болей, сам ведаеш, колькі ў яе адвагі і нянавісці да нас.

— Выходзіць, і ты супраць таго, каб яе... гэтае самае... Ты ведаеш, чаго ад мяне дамагаецца Томчак? Ён хоча, каб я застрэліў яе. А потым... — Бешчат прыкусіў язык, сеў разгладзіў рудыя касмылі пад носам.— Калі ж ты паразумнееш, Гэлена? Стася — мая адзіная апора ў жыцці. А Томчак... Я не вораг Томчаку. Але тут справа датычылася жыцця...

— Ведаю, Флёрыян, цябе як аблупленага, — пачулася ў адказ. — Нягоднік ты!

— Я? Нягоднік? Табе набрахалі! — Бешчат выцер рукавом пінжака мокры ад поту лоб, перасеў на тахту. — Дапасуй, прашу цябе, гэтае слова да каго-небудзь іншага... Я... мы... Карацей кажучы, трэба неяк выкручвацца. Асабліва цяпер, калі Томчак зноў страціў цярпенне.

Ведаю! панурыўся Бешчат. — Але і ён не каменны... Адным словам, мяне ён не кране... А Стася няхай жыве дома. Яна не мае права адракацца гэта не дойдзе. Ты ўжо аджыла свой век... І Томчак аджыў... Усе мы цяпер пад нізам, а народ зверху. Нават не важцеся замінаць мне. Я хачу памірыцца з тымі, хто абыходзіць мой бар.

 

3

Порт праглынуў, засмактаў Томчака на многа дзён у свае цёмныя піўнушкі. Бешчат ужо думаў, што ніколі не сустрэне былога дружбака. Хіба мала такіх бяздомных ашмоткаў старога ладу, як Томчак, спілося там, страціўшы надзею на панаванне? Ды дзе яны цяпер, тыя паны? Былі ды сплылі, як шалупінне, за трыдзевяць зямель ад новай Польшчы. Толькі самыя закаранелыя пілсудчыкі, нібы тыя тараканы, дзе-нідзе адседжваюцца ў цёмных шчылінах...

Пасварыўшыся з паняй Гэленай за Томчака, Бешчат колькі дзён не выходзіў з дому.

— Што ж рабіць? — вохкаў ён, бегаючы па гасцінай. — Грошай на білет гэты сабака не ўзяў... Гм... Так... А работнікі бяспекі?.. А рыбакі?.. Не палезу я на ражон — і канец! Не хачу я страляць у сваю дачку — і ўсё!

Сабраўшыся ў горад, ён апрануў новы макінтош і раптам жахнуўся:

— Хто паклаў мне ў кішэню рэвальвер?

— Я паклала, — ціха прамовіла пані Гэлена, знімаючы са сцяны ікону. — Пакляніся, Флёрыян, што ўсю адказнасць за гэтае самае... возьмеш на сябе...

— І яшчэ адно — апошнюю кулю, кураня печанае, пусціш сабе ў лоб!

Бешчат адразу ссутуліўся, пазмрачнеў. Ён убачыў перад сабою Томчака. Той, як звычайна ў такіх выпадках, дзесьці сядзеў за шафаю. Вунь і павуцінне на кепцы... Бешчат недалужна ўпаў на тахту.

— Э-э вады, хоць адну кроплю вады, — захрыпеў ён, хапаючыся за грудзі.

Томчак кінуўся да стала, але да графіна рукой не дацягнуўся: Бешчат сеў на яго верхам і паваліў на падлогу. Потым у гасцінай пачуўся стрэл... Яшчэ хвіліна мітусні, грубая лаянка, і пані Гэлена, як ачмурэлая, пачала выцягваць кагосьці з Бешчатавага асабняка на вуліцу...

 

Праз нейкі час пан Бешчат даваў паказанні.

— Я рад, што пазнаёміўся з вамі, — гаварыў ён следчаму.— Кожнае знаёмства з прадстаўнікамі народнай улады ўмацоўвае маю ўпэўненасць у заўтрашнім дні... Дык пішыце: так, я сапраўды асабіста ведаў Томчака. Ён, гэты дурны чмут, ніяк не мог угаманіцца — кожны дзень тут буяніў і пішчом лез у палітыку... Гэлена, ну чаго ты корпаешся за прылаўкам? Скажы пану следчаму, так я гавару яму пра Томчака ці не?

— Адчапіся, Флёрыян! — сярдзіта агрызнулася пані Гэлена. Прыбіраючы ў буфеце, яна згубіла новую брошку і ніяк не магла знайсці яе. — Цябе ўсе ведаюць тут, як скажаш, так і запішуць...

— Дык прынясі нам бутэльку шампанскага.

— Не трэба, — запярэчыў следчы.

— Як хочаце, — згорбіўся Бешчат. — Не трэба дык не трэба. Але ў мяне нават грузінскае «цынандалі» ёсць. Томчак, як ваду, жлукціў яго, халера. Жлукціў і не плаціў ніколі. Думаў, у мяне ўсе куфры золатам панабіваны. Адным словам, цяпер я на валасок ад банкруцтва. Так і запішыце, калі што. Не хочаце? Ну што ж, гэта ваша справа. Тады я скажу яшчэ колькі слоў пра забойцу. Звярніце ўвагу на яго падабенства да Томчака. Убачыўшы гэтага хлопца ў бары, я абамлеў. Хай Гэлена скажа, яна бачыла яго. Малады, высокі, валасы светлыя, апрануты ў новы шарсцяны касцюм сіняга колеру, плашч і капялюш трымаў у руках; на шчацэ — шрам.

Бешчат зірнуў на следчага, потым на Гэлену, устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. У бары было ціха. Якая непрывычная цішыня! Стары адчуў сваю пагібель: не гэты, дык другі следчы дакапаецца да праўды. Але страх перад адказнасцю зрабіў сваё: пан Бешчат пачаў хлусіць.

— Калі забойца з’яўляецца сынам Томчака, тады людзі могуць падумаць, што я ачарніў хлопца , — сказаў ён і зноў апусціўся ў крэсла. — Таму пачну з таго, што мяне найбольш трывожыць, а вас, пане следчы, насцярожвае і прымушае крыва глядзець на мяне. Томчаку на раду было напісана памерці ад рукі ўласнага сына. Ён аднойчы сам гаварыў нам з Гэленай, што ад трывогі захварэў на грудзі і пачаў харкаць крывёю. Не пашанцавала чалавеку... І на мяне, разумееце, упаў цень з-за яго. Ашуканец ты, гаварылі мне людзі, бандыт... Балазе, гэта было даўно... Аднак мушу сказаць: я гатоў панесці адказнасць толькі за свае грахі...

— Флёрусь, мілы, я знайшла брошку! — пачулася з-за буфета. — Зірні, у памыйным вядры ляжала...

— Ідзі ты, Гэлена, да д’ябла! — замармытаў Бешчат. — Каму яна патрэбна — твая брошка? Без яе абыдзешся... Вось! А вы, пане следчы, не звяртайце на яе ўвагі. Больш за пяцьдзесят гадоў ужо... Але Томчаку яна падабалася... Ого!.. Асабліва тады, як у яе быў свой бар. Менавіта ў той час... Вы слухаеце мяне, пане следчы?

— Разумеецца, — з цікавасцю прыглядаючыся да Бешчата, адказаў той. — Я дзеля гэтага і прысланы да вас... Ваша дачка Стася запыніла мяне на вуліцы і сказала, што будзе таксама даваць паказанні. Значыць, злачынца ўжо не выкруціцца на судзе.

— Дзякую, я вельмі дзякую вам за гэту навіну! — стары ўстаў, пакланіўся і зноў апусціўся ў крэсла. — Але вы спярша мяне паслухайце... Дык вось, менавіта тады, калі ў Гэлены быў свой бар, пан Томчак тут муціў вадзіцу. Немцы яго называлі сваім камрадам, а ў Лондане яго таксама хвалілі...

— Цяпер гэта не мае ніякага значэння, пане Бешчат,— нецярпліва заўважыў следчы. Яму ўжо абрыдла балбатня гэтага старога манюкі. — Здайце патэнт і канчайце сваю камерцыю. Я вас не палохаю, а перасцерагаю... Грошы вам спатрэбяцца на што-небудзь іншае. Ваша дачка гаварыла, што затрыманы намі малады чалавек — я маю на ўвазе грамадзяніна Антося Малочку — адзін толькі раз у жыцці быў у вашай харчэўні. На першым пасяджэнні суда ён дакажа сваё алібі.

— А маё, хіба маё слова ўжо для вас нічога не значыць?

— Чаму ж, значыла б нешта, каб вы не хлусілі. Прашу не адлучацца з дому, — ён устаў, сабраў у партфель паперы і накіраваўся да дзвярэй.

— Дык вы, тэго, думаеце, што я... — Бешчат выскачыў з крэсла і кінуўся наўздагон. — Не пакідайце мяне аднаго. Я... вы разумееце, мне цяжка тут аставацца...

Але пані Гэлена крыкнула на яго і павяла ў свой пакой.

На вуліцы было пуста і ціха. Церушыў дробны, але халодны і пранізлівы дождж. У горадзе і на ўсім узмор’і ўжо стаяла глыбокая восень, з рэдкімі пробліскамі сонца, парывістым ветрам і зацяжной слотай. Следчы прыпыніўся пад кволым сукаватым дрэўцам. Там яго чакала Стася. Відаць, яна хацела яшчэ нешта сказаць у абарону Антося...

 

4

Труну з целам пана Томчака пагрузілі на самаходную баржу і адправілі на захад — туды, адкуль яго пасылалі ў Савецкі Саюз і Польшчу на дыверсіі.

Нябожчык быў шчыры католік, але ні аднаму ксяндзу не ўдалося памаліцца за супакой яго душы: ля труны стаялі пагранічнікі. Яны паціснулі брацію ў чорных сутанах на прыстань, яшчэ раз праверылі дакументы ў чалавека, які прыехаў з-за мяжы па труп Томчака, і загадалі капітану баржы знімацца з якара; потым, калі яна адплыла, селі ў грузавік, што чакаў іх ля прычала, і рушылі берагам за горад — бліжэй да граніцы.

— Няшчасныя! — азвярэла закрычаў услед ім нейкі стары бяззубы манах.— Нянавісць да зваленнікаў1 санацыйнага ладу асляпіла вас. І нашага святога касцёла вы не прызнаяце, схізматыкі. Але... Толькі зямля і неба вечныя. Памятайце аб гэтым!

Хіба я мог тады падумаць, што гэта быў наш зямляк Андрэй Касмовіч, ксёндз, на сумленні якога ляжала не адно злачынства супраць беларускага народа. Рудая кляшторная апранаха надзейна прыкрывала яго воўчае нутро ад такіх, як я, разявак. Бог убярог гэтага пярэваратня і ад работнікаў дзяржаўнай бяспекі. Маўляў, манах ёсць манах, і гэтым усё сказана.

Супакоілі Касмовіча рыбакі, што набеглі з усіх бакоў. А былі, напэўна, злыя, бо ледзь не затаўклі кулакамі.

І тады я падумаў: мінулася панам масленіца і ў Польшчы. Тут не фронт і вайны даўно няма, а Томчака бог не ўбярог ад смерці, і манах ужо не разлапушыцца на мяцежнай кашубскай зямлі. Можа, ці варта было нам з Антосем перціся на край свету за гэтымі падонкамі? Хіба ў палякаў такая вялікая няўпраўка з імі?

Крыўдна: я нават не ведаў, хто забіў Томчака.

Тым рыбакам, што намялі бакі манаху, відаць, усё было ясна. Яны ўціхамірылі яго ды пайшлі на вечарынку ў свой яхт-клуб. А я, сумны, блукаў па залітых познім сонцам зялёных вуліцах іх неспакойнага горада, палохаючы сваім выглядам добрапрыстойных мяшчан, сварыўся на дзяўчат, якія падбівалі мяне ўшанаваць Бахуса ў бліжэйшым рэстаране і прагуляцца з імі на ўлонне прыроды.

Пад самы вечар я сам падсеў у скверыку да аднаго шчуплага смуглявага міліцыянта. Гэта быў перасяленец з-за Буга, мой аднавясковец Метак Жмігроцкі, былы «ардынарац» Томчака. Ужо змяркалася, а ён, прымасціўшыся на лаўцы пад сукаватым вязам, чысціў нажом пазногці і спадылба цікаваў на мора.

Што ён там бачыў? Аб чым думаў? Відаць, неспакойна было ў яго на душы.

Да вайны Метак батрачыў, потым гніў у турме за абразу свайго гаспадара — князя СвятаполкаМірскага, які, маючы жонку, заляцаўся да яго сястры Данусі.

Затоеная злосць на паноў і цяпер не дае яму спакою. Праз іх Метак доўга жыў, як гарох пры дарозе. Што яму збрахаць, думаў я, каб не прычапіўся да мяне? Гэта ж агонь, а не чалавек.

Мне гаварылі, што Метак вясной звольніўся з міліцыі і пераехаў у другі горад. Няўжо і ён паляваў тут на Томчака? Чаму ж тады я нічога не ведаў аб гэтым?

Загарэліся ліхтары. Я падышоў да лаўкі, кашлянуў.

— А-а, гэта ты, Ігнат, — крыху сумеўся Метак, убачыўшы мяне. — Скуль цябе нячысцік прынёс? Праездам з Гдыні затрымаўся? Дзе ж твае рэчы? Пакінуў на прыстані? Раскажы, як там пагранічнікі справіліся без нас з Томчакавай капэлай? Як бога кохам, я з-за гэтага паршыўца баяўся начаваць дома...

— Не прыкідвайся прасцячком, даражэнькі, — суха сказаў я, выслухаўшы Метака. — Што ты ў мяне пытаеш? Хопіць вешаць сабак на кожнага, хто да цябе прыткнецца! Ты ж некалі сам памагаў нам лавіць Томчака і ведаеш, як яго ў нас, на Навагрудчыне, шанавалі. Дарэмна сёй-той думае, што гэты яснавяльможны гад меў нейкую апору ў народзе. Томчакава хеўра, ці, як ты кажаш, капэла, сваю песню адпела. Помніш, як мы ў сорак сёмым годзе пашкуматалі яе на пераправе цераз Буг? Я тады першы пераплыў раку, засеў на плёсе за валуном і часануў з аўтамата. А ты нешта крычаў з парома, махаў кулаком, потым дарваўся да кулямёта і па-а-чаў... Такое не скора забываецца. Дальбог жа. Нават калі нідзе не жывеш і ў жываце пуста... Ты мне лепш скажы, хто прыстукнуў Томчака?

— Гэта пакуль што сакрэт. Не магу сказаць, не крыўдуй... Каб не было ніякіх плётак. — Метак змераў мяне строгім позіркам і ўстаў з лаўкі. — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі... расхлябаны? Пара брацца за розум. А то будзе позна. Не сысці мне з гэтага месца, калі цябе не пасадзяць, Ігнат. Ужо цяпер мала хто верыць, што ты не бандыт. Аседласць у цябе ёсць? Няма. А работа?.. Знайдзі сабе дзе якую кватэру і зараз жа прапішыся. Тады я сам зайду да цябе і скажу, хто ўходаў Томчака.

— Гэта тваё апошняе слова?

— Чаму апошняе? Упшэйме прашу не перабіваць мяне! — зноў шарпануўся Метак. — Дружба дружбай, а я — міліцыянт... за парадкам павінен сачыць... Вось гляджу на цябе і думаю — гром і пекла! Ад сораму трэба згарэць, маючы такога земляка... Дзе ты сягоння будзеш начаваць? Пойдзеш у які-небудзь шалман да дзевак?

Мяне быццам хто варам абліў. Хто-хто мог сказаць такое, толькі не Метак, які ведаў мяне не горш, чым Антось. Але апошні час ён да мяне стаў чапляцца, чытаць натацыі, вучыць жыць. Амаль кожная наша сустрэча канчалася гарачымі спрэчкамі. Ён ведаў, што я, вырваўшыся з-пад Томчакавай апекі, быў, як кажуць, і на кані і пад канём, але нікому не паддаўся, а гаварыў са мной так, што аж моташна было слухаць.

— Пайшоў ты са сваімі дзеўкамі! — сказаў я Метаку пакрыўджаным голасам. — Сам пераначуй у іх. Увесь горад ведае, які ты... чысцёха. А я, даражэнькі, гэтак нізка яшчэ не апусціўся. Мне і аднаму добра. Па крайняй меры, толькі свае вошы кусаюць. І ніхто думаць не замінае... А прапішуся я дома. Не верыш? Дык і не пацей, як той Мацей, ваду мелючы. От так! І ў горад мы пойдзем адсюль рознымі дарогамі. Бо, можа, ты баішся, што праз мяне і на пенсію адправішся радавым міліцыянтам?.. Не перажывай. Мае грахі рап’ём да цябе не прыліпнуць. Сэрцам я камсамолец... Толькі не да кожнага гэта даходзіць... Па табе бачу... Я прыкінуўся п’яным і... жадаю табе ўсяго найлепшага. Адз’ю!..

— Адз’ю, — як рэха, паўтарыў Метак. — Каціся... Ніхто цябе, Ігнат, не трымае... На службе з мяне смяюцца, дакараюць за мяккацеласць, а ты... От халера! Куды ні кінь, усюды клін, — ён сарваў шапку і запусціў пяцярню ў свой рыжаваты чуб. — Згода, памірымся... На большае, пся крэў, мала падстаў... Даўно з аднаго гаршка нішчымніцу сёрбалі... Аднак падабаецца табе гэта ці не, а без мяне ты пакуль нікуды не рыпайся. Прападзеш, як рудая мыш, калі адзін пасунешся ў горад. І ведаеш чаму? Ноччу Антося арыштавалі! А ён жа, як і ты, стажор нашай контрразведкі. Ці, мажліва, я нешта не так сказаў? Вы забыліся, паны практыканты, што барацьба з ворагамі народнай улады — гэта вам не гульня ў фанты. Пераважная большасць адвэтоўцаў — начныя птахі. А днём яны — мілейшыя людзі, можна нават сказаць, адна шляхецкая святасць, дый годзе. Ты мяне зразумеў?.. Ігнат, дарагі, што з табою?!.

...Апамятаўся я ў цёмнай піўнушцы непадалёк ад чыгуначнай станцыі. Метак сядзеў насупраць мяне за шырокім дубовым сталом і прагна смактаў цыгарэту. Жоўтае святло ад лямпачкі падала на яго сухі, бяскроўны твар. Тады, калі нас пасадзілі за пераход польскай граніцы, Метак быў блажэйшы, але выглядаў маладзей. Турма не цётка, лепш яе ніколі п'е ведаць, але мы не адчувалі за сабой ніякай віны. Мы баяліся, каб бандыты не вярнуліся назад, дык на граніцу зважаць не прыходзілася — білі мы іх у Налібоках, білі на Беласточчыне, пабілі б і ў чорта ў лазе. Але суду патрэбны доказы, а ў нас іх не было. Толькі гэта крыху бянтэжыла. Затое потым, калі праўда выплыла наверх і нас выпусцілі, Метак бажыўся, што жыве бестурботна, як сокал. Скуль жа ў яго столькі маршчын?..

Адчуўшы на сабе мой трывожны, дапытлівы позірк, Метак таропка пагасіў цыгарэту і ўстаў з-за стала.

— Напалохаў ты мяне, Ігнат, — сказаў ён рэзка, але без злосці. — Часта з табой бываюць такія прыпадкі?

— Не... Ты мне скажы, што з Антосем?

— Вось ты аб чым, — сумна ўсміхнуўся ён. — Не гаруй. Мы яго ў бядзе не пакінем...

 

1 Зваленнікі — прыхільнікі (польск.).

Сіла чалавека

 

1

Я рад, што ўрэшце дабіўся свайго: мяне адпусцілі дадому. Але як мяне там стрэнуць? У Польшчу я пракладаў сабе дарогу бязвусым юнаком, а назад еду пажылым франтам з пучком рыжай шчаціны пад носам, накрухмаленай манішкай і модным гальштукам. Аб сваім пацёртым макінтошы і пустым чамаданчыку я памаўчу. Проста я не па сезону апрануўся. На польскім узмор’і яшчэ цёпла, а ў Беларусі тым часам ужо трашчыць мароз.

Перш чым заехаць дадому, я пабываў у Мінску. Кажуць, што пасля вайны там былі адны руіны. А цяпер ідзеш па шырокіх вуліцах, азіраешся вакол, і не верыцца, што ўсё гэта праўда.

У Мінску я адпачываў і набыў сабе новыя шчыблеты, бо старыя стапталіся дарэшты. Да Карэліч даехаў на спадарожнай машыне. Думаў, да вечара буду у Навагрудку. Але дарогу замяло, і мне сказалі, што туды можна трапіць толькі на санях або на якім-небудзь трактары.

Ну што ж, мне не прывыкаць!..

І вось я зноў у дарозе. Падводчык — незнаёмы мне пажылы чалавек у доўгім кажуху — нібы знарок часта злазіў з саней, на хаду папраўляў хамут, затым, пакрэктваючы, масціў пад сябе салому, — і палазы зноў натужліва рыпелі па снезе. Едучы міма загайнікаў лесу, хутароў, вёсак, ён шкадаваў, што не мае часу дзе-небудзь адпачыць і пагрэцца. Сутулая не так ад старасці, як ад стомы постаць яго, сумны твар, насупленыя бровы — усё выказвала злосць і на каня, калі той, стрыгучы вушамі на кусты, правальваўся ў снег, і на вецер, што замятаў гасцінец. Праз паўтары-дзве гадзіны дайшла чарга і да мяне.

— Ну што, таварышок, дапякло? — сярдзіта, уперамешку з ветрам, гудзеў глухі надтрэснуты бас. — Глядзі, каб меў свой легкавічок, дык і не паздароўкаўся б, можа, з такім, як я, старым чарапком. Па старшыні аднаго калгаса мяркую... Але ты, чуеш, не сярдуй на мяне і часцей падавай голас, каб я ведаў, што ты не замёрз...

Каля развілкі на вёску Ваўкавічы, якраз у тым месцы, дзе пачынаецца глыбокі яр з валунамі і ляшчэўнікам, стары зняў шапку і перахрысціўся.

— Чаго вы сумеліся? Баіцеся чарцей? — спытаў я.

Дзядзька спагадліва паківаў галавою.

— Якія чэрці? Хіба я дурны, ці што? І не заікайся нават! Я, можа, вунь на тое дзіва хрысціўся, — ён тыцнуў пугаўём на пагорак, з-за якога насустрач нам, спачатку ледзь чутна, затым усё гучней, ляскаючы гусеніцамі, выпаўзаў магутны бульдозер. — Бачыш, як раз’юшана хомтае пад сябе снег? Тэхніка, брат...

І тут я адчуў, што мой сівабароды субяседнік неўзабаве забудзецца на мяцеліцу, павесялее, разгаворыцца, пацешыць мяне навінамі з родных мясцін. Вось ён палажыў пугу, скінуў кажух і, не спускаючы вачэй з машыны, выкаціўся з саней, бадзёры, усхваляваны, адвёў убок каня, рызыкуючы пакінуць у гурбах свае вялізныя тупаносыя юхтавыя боты.

— Каб не спудзіўся...

Сутулая яго постаць прыкметна выпрасталася, твар пасвятлеў.

— Ты бачыш, што робіцца, га? — ледзь не закрычаў ён ад радасці. — Цяпер мы не загрузнем.

Машына, ці, як стары казаў, «дзіва», зрабіўшы сваю нялёгкую справу на адведзеным ёй участку дарогі, павярнулася за якіх дзесяць крокаў ад нас і зноў паплыла за пагорак, а дзядзька таптаўся вакол саней, як навязаны, праводзячы вачыма бульдозер. І конь яго, малады, палахлівы, перабіраў нагамі на адным месцы. Перад тым як рушыць далей, падводчык развязаў торбу, сунуў мне лусту хлеба з вяндлінай, а сам пачаў каўтаць халоднае малако з бутэлькі.

— Бог ведае, што было б з намі, каб жылі, як раней, без зямлі і машын, — сказаў ён, прыгадаўшы мінулае.— У Малюшычах ты быў? А ў Гарадзечна, што за Навагрудкам? Яшчэ пры маёй памяці людзі там, як гаворыцца, на пеньчуках сядзелі. Узыдзеш, бывала, на горку, зірнеш на палоскі, а там не збажына, а ядловец уперамешку з алешнікам, каменне...

— Вы часам не адтуль будзеце?

— Якое!.. — запярэчыў стары і, падбадзёрыўшы пугай каня, дадаў: — Але я, голубе, ніколі не сядзеў на адным месцы. Яшчэ перад вайной тут да адной смугляначкі сватаўся. Аўдоляй звалі. То яна, разумееш, не ўпала духам, дачуўшыся, што ў мяне тады за душой была толькі струхлелая хата ды пустыя гаршкі на частаколе. У майго бацькі, казала, і хаты не было, а пражылі неяк...

Непрыкметна надышоў вечар. Выбраўшыся на гладкую сярэдзіну гасцінца, мы шпарка імчаліся далей. Мінулі колькі замеценых снегам хутароў, пад’ехалі да вёскі Сялец. Дзядзька ўголас марыў, як ён, едучы назад, абавязкова заверне ў госці да аднаго знаёмага.

— Разам калісьці ў панскай кавалерыі служылі. Ну, дык ён там праз кожныя два-тры дні пад ружжом стаяў за непаслухмянства. А мяне дык і ў карцэр саджалі. Але не здаліся мы... Вось загляну ў Сялец, то будзе аб чым пагаварыць. Можа, нават і па чарцы зробім, калі будзе добры настрой. А мая вёска за Нёманам. Чароткаўскі я, але цяпер жыву за Нёманам, непадалёк ад таго месца, дзе некалі камора была. Адным словам, і там людзі без ворнай зямлі задыхаліся. Мясцовыя асаднікі іх нішчымнікамі і гэнакамі называлі. Нішчымнікамі, бо яны ніколі свайго скораму не мелі, а гэнакамі, пэўна, за тое, што па прывычцы не «гэты», а «гэны» гавораць. З-за гэтага і да панажоўшчыны часта даходзіла... — Ён уздыхнуў, апусціў галаву, затым успомніў пра допыты ў пастарунку, расказаў, як адзін шпік намагаўся і яго пасадзіць у турму, але не паспеў гэтага зрабіць.

— Што, яго перавялі ў другое месца? — спытаў я.

— Дзе там!.. — дзядзька ўсміхнуўся. — Атрымаўшы ад нейкага добрага чалавека «павышэнне» па службе, гэны гад усю зіму матляўся за каморай на бярэзіне... Але ты, чуеш, не падумай, што і я там быў... Я толькі ў гэную вайну трохі заварушыўся. Паднявольнае жыццё, чуеш, надакучыла... Жонка сохла, дзеці таксама, дык ажно сэрца разрывалася... Потым, калі ўжо гітлераўцаў прагналі, супакоіўся крыху.

Слухаючы падводчыка, я прыгадаў, якое змрочнае жыццё было на Навагрудчыне і пры панах ^і пры немцах... Шкадаваў, што гэтак доўга не быў дома і адстаў ад сваіх землякоў... Доўга і з вялікай радасцю глядзеў на шырока раскінутыя між пагоркаў агні Навагрудка. Там я пры панах вучыўся ў сямігодцы, там сустракаў у 1939 годзе чырвонаармейцаў, марыў аб далейшай вучобе і працы... Стары, прытрымаўшы каня, маўчаў. Калі я ўсё ж спытаўся, як ён цяпер жыве, з роздумам адказаў:

— Думаеш, я сляпы? Цябе, голубе, дамоў як магнітам цягне. Відаць, і нявеста там зачакалася ўжо. Хлопец ты спраўны... А што датычыцца мяне — нічога сабе жыву. Не горш за другіх людзей. Некалі бяднейшы за царкоўную мыш — у тае хоць свянцонае смецце ў нары было... А цяпер — ого! — я чацвёрты год запар калю па два парсюкі... І калю, і ядлоўчыкам падкурваю. Потым, чуеш, і радыё не ў чужых хатах, а дома слухаю. Ды раматус, ліха яму, спакою не дае. У старой хаце падлогі няма, то зусім дрэнна.

— У старой хаце? — здзівіўся я. — Вы ж гаварылі, быццам ужо ўсё маеце?

— Нічога я табе не гаварыў! — пачулася ў адказ. — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Вось я і думаю: што ж у такім выпадку рабіць? Чакаць, каб ты, значыць, цяпер, зараз жа пачаў агітаваць мяне перайсці ў новую хату?

— Выходзіць, у вас і новая ёсць?

— У мяне тры хаты. У той, што пасля вайны праз які год паставіў, сястра маёй Аўдолі з малымі жыве,— муж не вярнуўся з-пад Берліна, дык няхай, думаю, хоць яна сонцам пацешыцца. У другой — мой сын з маладой жонкай уладкаваўся. Там, чуеш, падлога і ўсё іншае з-пад фуганачка, як у нашым калгасным клубе... У трэцяй, дзе я з Аўдоляй у вайну гараваў, толькі стол ды палаці ліпяць, дык я адно начую там.

— Цяжка вас зразумець, дзядзька, — сказаў я. — Хіба можна з такім, як ваша, здароўем сядзець аднаму ў старой хаце?

Стары ўчапіўся ў бараду рукой — думаў нешта... За якія паўкіламетра ад горада злез і зацугляў каня: «На вуліцах многа машын, ды яшчэ вечарам, то каб не нарабіў бяды». Аднак я памыляўся, калі думаў, што на гэтым абарвецца наша размова. Прымайстраваўшыся на санях, так, каб у выпадку чаго зараз жа саскочыць з іх, дзядзька строга звёў свае сівыя калматыя бровы.

— Думаеш, сын рад, што я там жыву? — выдыхнуў ён, дапытліва прыплюшчыўшы вочы.— Мне на яго крыўдаваць не прыходзіцца. Сам, чуеш, вінаваты! Не магу я перасяліцца. Інакш і звар’яцеў бы, пэўна... Жыць мне яшчэ доўга, да самай глыбокай старасці, можа, а Аўдолі няма... — голас яго задрыжаў.— Адны кажуць — правалілася пад лёд, калі з лесу выходзілі. Другія, наадварот, божацца, нібы апошні раз бачылі яе кіламетраў за сорак ад нашай вёскі — у Юрацішках, на станцыі, у цялятніку нейкім... Сына — яму тады адзінаццаць год было — употай ад гітлераўцаў выштурхнула з вагона ў ноч. «Уцякай! — шапнула. — Татка, думаецца мне, дома застаўся. А я са Стасечкай да Ліды паеду і, мусіць, ужо не вярнуся да вас. Сілы не хопіць...» Змаглася, бачыш, галубіца, трапіўшы з малымі ў кіпцюры нямецкіх карнікаў. Але што магла, то яшчэ зрабіла. Верыла, значыць, што я да апошняга буду трымацца на роднай зямлі. А якая рашучая была! Жыў тут адзін прахвост — Бешчат, дык яна, як арліца, кідалася на яго. Гэта, каб шанаваў нашу дачку Ліду, якая выйшла за гэтага чмута замуж.

І дзіцянё яго — Стасю — сама гадавала. А цяпер вось, як і яна, месца не магу знайсці, калі што шыварат-навыварат робіцца... Ёсць, што нават стралялі ў мяне... З-за вугла... У час вайны, а затым і ў першыя дні калектывізацыі, канечне...

Нешта перашкодзіла старому гаварыць, ён задыхнуўся, расшпіліў каўнер. А я тым часам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць ад здзіўлення. Я ж ведаю Бешчата! Яго нядаўна арыштавалі і будуць судзіць як забойцу. Ад гітлераўцаў цётка Аўдоля неяк выратавалася, а Бешчат... Не, я нічога не скажу свайму падводчыку пра гэтага лютага звера. Стары верыць, што яго жонка жыве. І дачкі, пэўна, чакае ў госці. Чакае і ці захоча слухаць мяне. Можа, крыху супакоіўшыся, скажу, каб не цешыў сябе зманлівымі думкамі. А пакуль, трасучыся ўжо не так ад холаду, як ад хвалявання, ціха прашу:

— Дазвольце, я пакірую канём...

— Га? — дзядзька зірнуў на мяне, не разумеючы, потым апамятаўся, паспрабаваў усміхнуцца. — А ты, пэўна, дзеля гэтага і дзяружку з-пад мяне выцягнуў на свае гарадскія шчыблеты?.. Падбяжы трохі... Я, каб сядзеў склаўшы рукі, дык і дзяцей не падняў бы на ногі... Як праз сон бачу: стаіць мая Аўдоля з патэльняй ля стала, частуе мяне асцюкаватымі аўсянымі праснакамі і суцяшае: «Не падай духам, Базыль! Еш на здароўе. Вернуцца нашы, дык я цябе і пшанічнікамі парадую. Можа, дасць бог, і наша Ліда тады вернецца. І яшчэ — перад тым як ісці ў лес, пачысці свой драбавік». Перасцерагала і калацілася, значыць, за мяне, галубіца. Яна, калі на тое пайшло, і цяпер часта перасцерагае мяне... ад ліхадзеяў... У старой хаце, і без сведак, вядома... Гэта калі я адзін пасля работы ў канюшні забудуся там на хвіліну, здрамну за сталом ці на палацях... Зразумеў?..

Я кіўнуў галавою, хоць яшчэ не зусім разумеў, у чым справа. Проста цяжка было паверыць, што гэты, на першы погляд, звячэлы, марудлівы чалавек захаваў у сваім сэрцы такую глыбокую вернасць той, што калісьці дзяліла з ім нягоды і радасці.

— Шаргане лісцём аб шыбу чаромха, бразне клямкаю вецер, — гудзеў дзядзька Базыль, — а мне, чуеш, здаецца, што гэта яна, Аўдоля мая, як жывая, нясе з каморкі на стол салёныя грыбы і жартуе: «Базыль, што гэта з табою? Зараз жа падстрыжы свае касмылі на карку...» Або, чуеш, глядзіць на мяне з дакорам і шэпча: «Зноў напаілі цябе як мае быць! Калі ж ты апамятаешся...» А паілі тады мяне ліхія людзі, каб з партызанамі не дружыў... У вялікім, значыць, разладзе са сваім сумленнем быў я... Калі ж апамятаўся, сказала: «Цяпер і мне спакайней будзе...»

Пачаўся горад. Дзядзька Базыль саскочыў з саней і, нацягнуўшы лейцы, стаў азірацца:

— Позна ўжо, дык я, ведаеш, высаджу цябе каля гасцініцы, а сам паеду да Стасі. Летась яна, нібы тое птушаня, нечакана вярнулася да мяне з далёкай чужыны. А цяпер вучыцца ўжо і жыве ў інтэрнаце непадалёку ад Замкавай гары.

Вось як! А я думаў, што гэты чалавек нічога не ведае!..

...Сягоння, бегучы з гасцініцы на аўтобусную станцыю, я зноў сустрэўся з дзядзькам Базылём. Ён нёс вялікі пакунак і ўвесь свяціўся ад задавальнення.

— Чаго ж гэта вы накуплялі? — пацікавіўся я.

— Усяго патрошку, — шырока ўсміхнуўся стары. — Новыя гумовыя снягурачкі і шалік — Стасі, вугламер — сыну, а вось гэтыя кніжэнцыі і цацкі — унукам...

Перад тым як развітацца з дзядзькам Базылём, я спытаў, як яго прозвішча.

— А навошта яно табе? — раптам насцярожыўся стары. — Настырлівы ты, як наш старшыня. Той без мяне кроку не ступіць і ўсё пытаецца пра што-небудзь.— І крыху памаўчаўшы, шчыра прызнаўся:— У мяне, чуеш, ажно тры прозвішчы.

— У вас? Тры прозвішчы?

— Угу. У польскай арміі мяне называлі кацапам, гітлераўцы — чырвоным д’яблам а ў савецкім пашпарце чорным па беламу выведзена: Калюжны Базыль Іванавіч...

Добрыя навіны з Польшчы, а тут усё неяк не ладзіцца. Ды яна, можа, і не чакала мяне... Але за аднаго бітага, як кажуць, двух нябітых даюць. Неўзабаве я зноў буду ў Навагрудку. Буду і абавязкова зайду да Стасі...

 

2

У той дзень я такі дабраўся да свайго хутара. У хаце застаў толькі свайго бацьку. Ужо змяркалася, ён грэўся на печы і слухаў радыё.

Як ён пастарэў! Сівы, галава ўнураная. Пачуўшы, што нехта зайшоў у хату, бацька таропка зняў навушнікі, скаўзануўся на пяколак, адтуль на расхістаны ложак і пачаў абувацца.

— Зноў, мусіць, камісія! — цяжка ўздыхнуў ён. Сцягнуў з печы разам з папругай свае рукавіцы, кажух, падушку...— Толькі сцюжу напускаюць у хату! — Апамятаўшыся, шпурнуў падушку за комін, а кажух накінуў на плечы.

— То што вам трэба?

«Не пазнаў! Значыць, ужо недабачвае, здзівіўся я. Чаго ён сядзіць адзін за комінам? Дзе ж маці?» Я падышоў да стала і падкруціў кнот у лямпе.

Па хаце разлілося мляўкае святло.

— Будзеце пісаць пратакол? — стары падсунуў да стала зэдлік. — Ну што ж, сядайце. Але да вясны я адгэтуль нікуды не паеду...

— Тата, гэта ж я, Ігнат...

Запанавала цішыня. Бацька, відаць, яшчэ не ўцяміў, што да чаго. Потым зарыпелі маснічыны на падлозе, і я адчуў, што пада мной няма апоры. Стары, як мядзведзь, адным махам згроб мяне ў свае абдымкі і падняў уверх.

— Ты? Ігнат! — ён задыхнуўся, на вочы выступілі слёзы. — Ага, вось я табе зараз пакажу! Дзе ж гэта ты, нягоднік, бадзяўся? Маўчыш? Ты, гэнае самае... Пачакай, мне ж казалі, што ты назаўсёды адрокся ад нас. Няўжо людзі могуць пераблытаць усё? — І, не чакаючы майго адказу, раптам зноў усхадзіўся: — Не, ад мяне ты, чорт лазаты, спагады не дачакаешся! Думаеш, у хаце нікога няма, дык я адзін не дам табе рады? Зараз жа разувайся і лезь на палаці, чуеш?

Ён быў яшчэ як у сне, глядзеў на мяне і не верыў сваім вачам.

— Зараз можаш быць спакойны. А там, дзе ты быў, нябось, хапіў шылам кашы, га?

— Усяляк было, тата...

— А я што кажу? На адным месцы і камень хутчэй мохам абрастае. А ты ж налібоцкі гэнак, патомны, можна лічыць, лесавік і хлебароб. Тут цябе гадавалі, тут ты павінен і свой век дажываць... Але што гэта я балбачу? Ты ж, пэўна, галодны, як воўк. У Навагрудку, кажаш, паснедаў? Там цяпер многа закусачных...

Ён устаў, пайшоў у каморку, пашнырыў там і вярнуўся назад з поўнай місай марынаваных грыбоў і кавалкам сала. Затым выцягнуў з печы чыгунок бульбы, нарэзаў хлеба і паставіў на стол бутэльку.

— Наліваць? — спытаў я.

— Не, пачакай, гэта не для цябе, — сказаў бацька, паклаўшы мне на плячо руку. — Па гарэлку ў магазін трэба ісці. А гэта, — ён кіўнуў на бутэльку, — альвас з бярозавым сокам. Спіртное мне па напарстачку раз у месяц даюць.

— А што ў вас такое?

— Нічога. Але калі на грэх, дык і Задрапееў певень закудахтае на браме. — Тут бацька зноў панурыўся, голас яго стаў глухі, скрыпучы. — У мяне тут лекары нейкі гастрыт прызналі. І старая рана адкрылася. Памятаеш, як мне адбілі ўсё нутро на лузе?

— Помню. Але чаму ты не сказаў нікому, хто тады быў з Томчакам?

— Хіба я ведаю? — задумаўся стары. — Трахнулі калом па галаве — і шукай ветру ў полі...

Я ўстаў з-за стала. Бацька добра ведае, хто на яго тады напаў, але адразу не скажа.

— На колькі ж ты прыехаў? — раптам зноў загаварыў ён. — Не больш як на месяц? Як сабе хочаш, але для мяне не ўсё роўна, дзе табе дадуць месца. Мяне ж тут пакінулі аднаго... Не верыш дык вунь зірні туды, — ён зноў паказаў на паліцу. — Яшчэ заўчора яна гнулася ад гаршкоў і збаночкаў, а сягоння пустуе. Карацей кажучы, не крыўдуй, калі што не так у нашай хаце. Саламяны ўдавец я.

Старая пасварылася са мной і перабралася ў Зачэпічы.

— Чаго ж вы не памірыліся?

— Хіба ты не ведаеш, якая яна фанабэрыстая? От, вільнула хвастом ды пайшла! Я сказаў, што будзем дажываць свой век на хутары... А яна сваё: «Я з-за цябе тут свету божага не бачыла, калі хочаш, каб не злавала, дык перабірайся ў Зачэпічы». Дык вось скажы: магу я хоць раз у жыцці паставіць на сваім? Чалавек я ці не? Ведаеш, каго яна тут доўгі час, як дурная аўца, слухалася? Ксяндза Сікірыцкага! Былога падпольнага капелана «лясных братоў», гэта значыць недабітых пілсудчыкаў. А цяпер, спахапіўшыся, мая набожніца, як смала, да Ярыны прыліпла. Не столькі ад вялікага даверу, як ад разгубленасці, канечне. Зноў жа і сорамна ёй, мусіць.

Я прамаўчаў. Што было гаварыць, не разабраўшыся, у чым справа? І хто тут больш вінаваты?

Даведаўшыся, што маці ў Зачэпічах, я апрануў на сябе стары кажух, што ляжаў на палацях, узяў рукавіцы і сабраўся ісці. Але бацька рашуча заступіў мне дарогу:

— Куды ж ты, сынок? Пачакай, у мяне тут яшчэ конаўка цёплага сырадою ёсць. Пабудзь у мяне, пасядзі трохі. Карова яшчэ стаіць у хляве... Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Гэта, каб я менш у адной кашулі выбягаў на мароз...

— Дык і не хвалюйцеся, — сказаў я. — Маці вернецца сюды — і ўсё будзе добра.

— Ага... І ўсё будзе добра, — з недаверам і, як мне здалося, кпліва падтакнуў ён, папраўляючы старыя, пацёртыя на каленях суконныя порткі. Па-даўнейшаму разважаеш, хоць ты і малады... Лепш набярыся цярплівасці ды растлумач мне, хто выдумаў гэтыя хутары? Я хачу, каб людзі не паказвалі на мяне пальцамі! Крыўдна, калі які-небудзь Задрапей торкае цябе пад бок, дакарае, смяецца:

«Чаго ж ты баішся са свайго хутара вылезці? Калгаснага начальства асцерагаешся? Ты ж яго выбіраў..» Значыць, не ўсе ведаюць, чаму, па чыёй віне я жыў і не аднаасобна, і не ў калгасе...

Ён патаптаўся на адным месцы, падумаў, выпрастаў плечы:

— Ну што ж, ідзі ўжо. І старой хочацца пабачыць цябе. Толькі не заседжвайцеся доўга.

 

3

— Бярыся лявей, лявей бярыся, — гаварыў мне бацька, паказваючы дарогу ў Зачэпічы. — Пойдзеш цаліком, дык яшчэ ў балота правалішся. А на дварэ ж ноч.

Ён вывеў мяне і на грэблю. З поля мяло снег. Звярнуўшы налева ад хутара, я дастаў з кішэні ліхтарык і пачаў свяціць. Але дарога гублялася пад свежай наледдзю і снегам. Ужо ля скрыжавання я зноў пачуў бацькаў голас. Намагаючыся асіліць вецер, стары клікаў мяне назад.

Бадай што, ён меў рацыю: можна было пачакаць да раніцы. Ды мне карцела хутчэй пабачыцца з маці. Яна ж яшчэ не ведала, што я прыехаў дадому.

Калі чалавек доўга не быў у родных мясцінах, усё нагадвае яму мінулае. А я калісьці больш жыў у Зачэпічах, чым на хутары. Таму па дарозе ў гэтую вёску мяне апанавалі розныя думкі. За ўспамінамі я не звярнуў увагі на сцяжыну, па якой трэба было ісці далей, і трапіў у балота. Давялося лезці па куп’і ў стайкаўскі млын, знаёмы мне з маленства па высокаму даху, крытаму чарапіцай, і заядламу брэху сабак.

Вартаўнік — невялічкі ростам падлетак у вялікай, як буслінае гняздо, зімовай шапцы, напэўна, з бацькавай галавы, вывеў мяне на гасцінец і сказаў:

— Адразу відаць, што налізаліся недзе да чорцікаў. Дзе вы былі, у Задрапея? — І, не чакаючы майго адказу, са злосцю дадаў: — На бяду нашаму калгасу амнісціравалі гэтага старога крумкача. Гэта ж каб вы чулі, што ён робіць. Задрапей цяпер кожную нядзелю ходзіць у царкву і па жывых спраўляе памінкі.

Адкуль гэта табе вядома? — пацікавіўся я. — Сарока на хвасце прынесла?

— Самі вы сарока! — адрэзаў хлапчук. — Задрапей, напэўна, і вас ужо ў свой памінальны спіс уставіў. А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя! Яму абы грошы. Адставіць жывот, надзьмецца і пачне маліцца за супакой душы брыгадзіраў, праўленцаў, старшыні... А Задрапей, успёршыся на сваю сукаватую кульбу, глядзіць яму ў рот, каб хоць каго не прапусціў. Ух, і зануда гэты стары! — Хлапчук скамячыў снежку і шпурнуў яе ў поцемкі. — Мая маці казала, што праз яго сёлета такая зіма цяжкая. Бачыце, як лютуе мяцеліца?

— Значыць, Задрапей і суняць яе можа?

— Каго? Мяцеліцу? Скулу ён здатны на гэта! — адрэзаў хлопчык. — Задрапей толькі ўсе ластаўчыны гнёзды паспорваў у нас з-пад страхі. Я тады ляжаў хворы, а ён падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў.

— Навошта?

— Хіба я ведаю? Можа, хацеў, каб у нас ніколі вясны не было. Людзі ж кажуць, што ластаўкі яе на крылах прыносяць. Але дарэмна Задрапей стараўся. Не будзе ластавак, дык я шпакоўні пастаўлю. А потым сам навучуся лятаць і нават у мароз буду кружыць над вёскамі ў самалёце. Толькі вы не гаварыце нікому, бо маці не хоча, каб я быў лётчыкам. Хіба калі трохі падрасту ды падужэю, тады дазволіць.

Ён азірнуўся на млын, уздыхнуў:

— Мала мы прайшлі. Можа, вернемся назад, га?

— Ты ж казаў, што я п’яны, і злаваў на мяне.

— А вы не крыўдуйце, — пачулася ў адказ. — Паўз наш млын розныя людзі ходзяць. Адны, накалядаваўшыся ў Задрапея, ледзь нагамі перабіраюць, а другім тэрмінова да старшыні або ў раён трэба. А дарогу замяло, дык усе стукаюцца да нас. Бацьку надакучыла ўжо валаводзіцца з кожным. Яму тут і ад завознікаў нямала дастаецца. З ^сяго раёна вязуць збожжа, а рака ледзь не да самага дна прамерзла — вады толькі на адну турбіну хапае. Навалтузіцца, бядак, за цэлы дзень, набегаецца і храпе як забіты. Рад не рад, а трэба самому ўставаць і паказваць людзям дарогу.

— Колькі ж табе гадоў?

— Я ж гаварыў, мала. У салдаты яшчэ не бяруць, — зноў уздыхнуў хлапчук, папраўляючы шапку. — Восенню хадзіў у ваенкамат, думаў, пашлюць у якое-небудзь вучылішча, дык сказалі, што яшчэ дома трэба вучыцца. А ў нас тут за кожную лішнюю загагуліну ў малюнку двойкі ставяць.

— Ты любіш маляваць?

— Якое! От наскроб неяк Задрапея з сілом абаранкаў на шыі. А настаўніца ўбачыла і прагнала мяне за дзверы.

— Надоўга?

— Пакуль не перапрасіў яе ды не пакляўся, што больш не буду маляваць на ўроках. Ды мне Задрапей і не патрэбен. Няхай яго поп чапае...

Хлопчык гаварыў пра гэта спакойна, быццам за дзверы выгналі не яго, а кагосьці іншага. Але ж і я калісьці неахвотна пра сябе гаварыў. Пажывём, пабачым, як будзе. А пакуль мне яшчэ карцела распытаць у яго, хто ж гэта і калі бачыў Задрапея з «сілом» абаранкаў на шыі. Уважліва выслухаўшы мяне, хлапчук даверліва шапнуў:

— А мне ўжо ўсё адно, раскажу... Задрапей ведае, што нашы сабакі кожны дзень чакаюць яго на грэблі. Кульбы яны не баяцца, хлеба з чужых рук не бяруць, дык ён хацеў задобрыць іх абаранкамі. Але я спусціў з ланцуга яшчэ аднаго ваўкарэза, і Задрапея як ветрам здзьмула... Гэта пасля таго, як ён ластаўчыны гнёзды паспорваў. З таго часу Задрапей па чароткаўскіх кладках у царкву ходзіць, раздабыў недзе гумовыя боты. Баіцца прамачыць ногі...

— І табе не шкада яго? Ён жа таксама чалавек.

— Хіба я пярэчу. Вядома, чалавек. Аднак жа нас ён не шкадаваў, калі тут немцы былі, — зноў загарачыўся хлапчук. — А як нашы шыбанулі іх з пушчы, дык закапаў усё сваё дабро ў яму і да асаднікаў перабег. Можа, думаў, што яны паб’юць нашых, возьмуць тут верх ды зробяць яго вялікім панам. А стары Лагода падстрэліў гэтага вырадка ў лесе і здаў у міліцыю. Кажуць, што Задрапей аднойчы ледзь не забіў яго калом. А за што? За свайго карослівага атамана Томчака, якому стары Лагода тады моцна намяў бакі, спаймаўшы аднаго на балоце. Шкада, што вы не тутэйшы і мала каго ведаеце ў нас. Людзі б вам яшчэ і не такое расказалі пра Задрапея. Не верыце?

Ён раптам зірнуў на мяне дапытліва, строга.

— Гэта не так лёгка выкінуць з галавы, як вы думаеце, сказаў, праваліўшыся па калені ў снег. — От халера! Падайце руку, бо да раніцы не выберамся адгэтуль... А мне яшчэ трэба накалоць Дроў... Задрапей са сваімі ў млын не прыйдзе. Дарэмна ўсе дакараюць мяне за гэтага трутня. Цікава, што вы з сабой бралі б у дарогу — дручок ці кантычку, каб ведалі, што можаце нечакана сустрэцца з ім на грэблі або за млыном у ляшчэўніку? Мой бацька ходзіць з дручком. Гэтак, кажа, крыху спакайней на душы. Ён яшчэ не забыўся, што праз Задрапея бандыты недзе ў лесе забілі двух нашых камсамольцаў. А потым... Ды што гаварыць, вунь цётка Ярына кожны дзень па сваім сыне Антосю плача, кажа, як жывы стаіць перад вачыма і просіцца дадому. А другі... Куды ж мы зайшлі? Ступайце след у след, бо ўсунецеся пад лёд. — Ён зірнуў з-пад рукі на раку, павярнуў назад — Вам у такую завіруху не страшна, га? — спытаў ён, зноў азірнуўшыся на мяне.

— А ты як думаеш? — пацікавіўся я.

— У кожнага чалавека ёсць страх, ці, як у нас кажуць, тарапачы ў вачах. У аднаго меншыя, у другога большыя. Але вы — смелы. Каб баялісз чаго, дык Лагода не адпусціў бы вас з дому без правадніка.

— Хіба я табе гаварыў, што быў у Лагоды на хутары?

— Па кажуху відаць, — спакойна адказаў хлапчук. — Толькі паляўнічыя ў такіх доўгіх і цёплы бармах ходзяць. У ім можна ў любое надвор'е выспацца ля агню. А Лагода і не вылазіць з лесу. А яго тут ні адзін звер не схаваецца...

«Ты б у мяне быў круглым пяцёрачнікам!» — з прыемнасцю падумаў я пра свайго правадніка. Мяркуючы па росту, яму было не больш васьмі гадоў. Скуль жа ў такога малога гэтулькі сталасці спрыту? Відаць, наша пушча добры настаўнік для дзяцей, нават калі яны гадуюцца ў самых далёкіх і глухіх мясцінах.

— Чый жа ты будзеш? — спытаў я ў хлапчука.

— Свой, Монічаў, значыць. А вы?

— Не скажу, — знарок ухіліўся я ад прамога адказу.— Сам здагадаешся.

— Мне холадна, — невыразна буркнуў малы. — Дарога тут тупкая, дык далей пойдзеце адны. — І, крыху адбегшыся, кпліва дадаў: — От як не пушчу вас назад, тады самі скажаце, хто вы...

 

4

Ужо віднела, калі я пастукаў у акно Ярынінай хаты. Цётка распальвала печ. Побач стаяла мая маці — старая, згорбленая — і нешта гаварыла ёй, падаючы на прыпек дровы. Потым яна падышла да акна, зірнула на мяне праз адхуканую ад марозу шыбу і раптам адхіснулася назад. Яна адразу пазнала мяне і, не ўстаяўшы на нагах, асунулася на лаву.

— Божа, як ты напалохаў нас, — сказала Ярына, выбегшы на ганак. — Ідзі ў хату...

Потым, калі мы ўжо сядзелі за сталом, яна гвалтоўна абняла мяне за шыю, прытулілася да грудзей і горка заплакала.

— Няхай гасподзь бог адвядзе ад яе ўсю чарнату, — сказала маці, павярнуўшыся да мяне. — Можа, ведаеш, дзе Антось, то супакой яе трохі. Нагараваліся мы тут, чакаючы вас.

Гэтая лагодная матчына просьба прагучала для мяне як загад. Я павінен быў усё расказаць цётцы Ярыне. Але яна білася аб мае грудзі галавой, засланяла мне далоняй рот і нічога не хацела слухаць.

— Ну, хопіць ужо, не плачце, — сказаў я і нечакана сам адчуў, што вось-вось расплачуся. Для мяне і гэта сустрэча была радаснай. Усё перажытае раней — кепскае і харошае, салодкае і горкае — на момант адышло, адкацілася прэч. Цяпер ужо нішто не затуманьвала галавы — нібы адлягло, палягчэла. А маці прагна глядзела на мяне, чакала, калі я нарэшце загавару і адвяду тую «чарнату», што, напэўна, і ёй засланяла вочы.

— Не плачце, — ціха сказаў я цётцы Ярыне. — Чаго ж гэтак бедаваць. Нідзе ваш Антось не дзенецца. Перад ад’ездам я сустракаўся з ім... у Варшаве. Ён здаровы, вясёлы і адзеты з-пад іголачкі. Вы, можа, і не пазналі б яго цяпер.

— Ярына ды каб не пазнала! Яна яму і вушы паадкручвала б, — не змаўчала маці. — Ты нам раскажы, дзе і як ён жыве. Гэта ж падумаць толькі, амаль восем гадоў не бачыліся! За гэты час у нас тут тры новыя вуліцы выраслі. А раней жа ў Зачэпічах не было дзе граблі паставіць, — на сем двароў адзін плот збілі і той Задрапею дастаўся. Па штакеціне, вобарацень гарбаты, на свой хутар перацягаў. А цяпер падарвецца! За сто гадоў не пераносіць усяго, што ля нашых хат і ў хатах можна знайсці. Антось кепска зрабіў, што астаўся там. На сваёй зямлі і камень мохам абрастае. Вылаяць яго трэба ў пісьме. Чуеш, Ігнат?

— Не трэба! — Ярына ўстала, паправіла хустку. — Жывы, здаровы, і ўсё добра...

Яна сказала гэта суха, як чужая, але без злосці на Антося. Відаць было, што спытала б пра яго сама, ды крыўда ці нават страх перашкаджаў ёй вярнуцца назад да стала. Навёўшы парадак у печы, яна апусцілася на парог і закрыла рукамі твар. Час ад часу падымала галаву і глыбока ўздыхала, унікаючы нашых позіркаў. Маці нахілілася да мяне і пачала шаптаць:

— Выйдзі на які часок з хаты. Цяжка ёй пераадолець сябе. Антось — гэта яе пакута. Не можа яна дараваць Томчаку. Старое ў ёй на ўсё жыццё засела...

Цяжка паверыць у гэта. Што значыць яно для цёткі Ярыны цяпер? Мінулае не паўторыцца ніколі. Сама яна, напэўна, больш турбуецца пра заўтрашні дзень.

 

Дзіўна сходзяцца дарогі людзей. Я ўжо расказаў бацьку, хто мяне вёз з Карэліч у Навагрудак. Я яшчэ пабачуся з дзядзькам Базылём. Трэба спытаць, чаму ён адмовіўся ехаць у Польшчу на вочную стаўку з Бешчатам. Той жа заявіў, што Аўдоля са Стасяй сама прыехала да яго. А Стася помніць, як Томчак пад канец вайны злавіў іх у лесе і адправіў з праважатым у Польшчу.

Бешчат лютаваў, як звер, калі аднойчы, вярнуўшыся аднекуль дамоў, убачыў ля сяней цешчу з малым дзеўчанём на руках. Стася была на валасок ад смерці. Па дарозе яна высахла ад голаду і захварэла. А цётка Аўдоля яшчэ калацілася ад страху... Няўжо Стася яшчэ нічога не гаварыла дзядзьку Базылю? Калі не, дык я сам усё раскажу яму.

— ...Мусіць, я пакіну цябе з Ярынай, — гаворыць мне маці. — Трэба ісці на хутар па старога. Скажуць, што не хоча прызнаваць цябе, Ігнатка.

Яна, відаць, толькі краем вуха чула, як я трапіў у Томчакаву банду. Стары вельмі рэдка дзяліўся з ёю сваімі сакрэтамі. Няхай цяпер сам і тлумачыць ёй.

Дапамогшы маці апрануцца, я хацеў вывесці яе на дарогу, але Ярына запыніла нас:

— Куды ж вы? Я сама збегаю да вас на хутар...

На яе твары яшчэ не астыла ранейшая ўзбуджанасць.

— Божа, божа, злітуйся над намі, угамані, супакой усіх шаптуноў, — хрысціцца маці. — Не пакідай нас у бядзе і горы.

А Ярына тым часам вымкнулася наперад і ледзь не грымнулася ў снег.

— Або... — Яна замахала рукамі і залілася звонкім смехам. — Паслухай, Ігнат, які ж ты мне пляменнік, калі не хочаш падаць рукі? — Крыху аддыхаўшыся, абсыпала мяне снегам: — Вось я табе! Уцякай, чуеш? Я адна пайду...

Я глядзеў на яе і не верыў сваім вачам. Цётка Ярына нібы памаладзела. Можна было падумаць, што яна і не плакала сягоння. Перада мной стаяла вясёлая, гаваркая жанчына са здаровым румянцам на абветраных шчоках. Толькі глыбока запалыя вочы яшчэ не абсохлі ад слёз.

— Асабліва не гарачыся, калі Пятрусь упрэцца, — гаворыць ёй мая маці. — Скажы, што я не пакрыўджуся, калі ён пакліча нас да сябе. Цяпер, калі вярнуўся Ігнат, мне і на хутары будзе добра.

— Можа, ці захоча Пятрусь слухаць мяне? — пытаецца Ярына. — Усе Лагоды, мілая мая, як з каменя павысяканыя. Адразу да твайго мужыка не падступішся.

— А ты хітрасцю ўбіся ў яго ласку, — раіць маці.— На мяне ён яшчэ сярдуе, а цябе паслухае. Мой Пятрусь уважлівы да сардэчных людзей. Ідзі!

Цётка Ярына пабегла на хутар, а мы вярнуліся па цаліку у хату.

Багата вы жывяце, — сказаў я маці, выглядаючы праз акно на вуліцу. — Усе дамы пад чарапіцай і з верандамі. Можа, завод свой ёсць?

Мелі б і завод, ды гліны ў нас малавата, — сказала яна, прыбіраючы ў хаце. — Затое электрастанцыя на ўвесь раён славіцца. Гадоў тры пясок і каменне вазілі пад яе, пакуль утаймавалі раку. Унь які вал насыпалі за млынам, што адразу і не ўзлезеш на яго.

Ці адзін вал будзем мы насыпаць? Недзе там, за Нёманам, дыміцца балота, стыне ў шорсткім, сухім трыснягу густая, чорная твань. Толькі яна адна і нагадвае былыя ліхалецці. Ледзьве адарваўся я ад акна, прыглядаючыся да новых хат і сваіх, цяжкіх на пад’ём, але дружных і гаспадарлівых аднавяскоўцаў. На вуліцу выходзілі яны з сякерамі і піламі — пэўна, зноў штосьці будуюць. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён.

Дзесьці тарахцеў матор.

Сонца яшчэ не паказалася з-за лесу. Ля ўваходу ў праўленне калгаса, перад школай і на грэблі, па якой снуюць грузавікі з торфам, паблісквалі на слупах электрычныя лямпачкі, а вакол ужо ўсё кіпенем кіпела, гаманіла, жыло.

Можа, соты раз гавару сабе: калі людзі зразумеюць мяне і павераць, я ўжо ніколі не пакіну родных мясцін.

 

5

Пройдзе яшчэ колькі дзён, і я добра асвойтаюся, прыжывуся ў Зачэпічах. А пакуль што я ўвесь яшчэ ва ўспамінах.

Чаму ж я, дачуўшыся ад дзядзькі Базыля, што яго ўнучка Стася ў Навагрудку, не астаўся там ды не пабачыўся з ёю? А вось чаму: мне няёмка было паказвацца дзяўчыне на вочы ў сваім паношаным дажджавічку ды яшчэ ў такі люты мароз. І кашуля на мне была не першай свежасці. Для людзей, якія добра ведаюць адзін аднаго, гэта не мае ніякага значэння. І ўсё ж я струсіў, крадком, як злодзей, хутчэй папёрся дадому.

А дзядзька Базыль, напэўна, незадаволена круціць носам і дзівіцца: «Што гэта за птаха прытарабаніў я ў Навагрудак? Мусіць, недзе з прывязі сарваўся, калі нават не сказаў дзякуй». А можа, ён стаіць перад Стасяй, разгладжвае далоняй сваю густую сівую бараду і ціха пасмейваецца: «Мяне вы не ашукаеце, галубкі! Хлопец гол як сакол, але ж і я не з гаршком золата на свет нарадзіўся. Калі якая бяда зноў не перашкодзіць, дык хоць заўтра спраўлю вяселле». — «Чаго гэта вы, дзеду, гэтак утаропіліся на мяне?» — спытае ў яго Стася. «Так сабе, — адкажа стары. — Яшчэ не скеміў, чаму ты не сказала, што некага чакаеш тут?..»

А хутчэй за ўсё стары наогул забыўся пра мяне. Хіба мала на дарозе розных людзей бадзяецца? Падвёз да горада, высадзіў перад самым уваходам у гасцініцу — і да пабачэння. На яго месцы кожны бывалы калгаснік гэта зрабіў бы.

Не ведаю, як каму, а для мяне ў жыцці не было зацішку. Усё неяк рабілася не так як трэба. І вось сёння я зноў дыхаю на поўныя грудзі. Няўжо і гэты раз мне не пашанцуе? Зрэшты, час пакажа, як быць і з чаго пачынаць сваё жыццё на радзіме. Галоўнае, каб, як кажуць, не далі ад варот паварот — і тут, у калгасе, без якога я — мурашка, чарвяк, і там, дзе спадзяюся знайсці сваю папараць-кветку — знайсці Стасю — у нашым старадаўнім і вечна маладым Навагрудку...

 

Ціхая, утульная прыстань — Ярыніна хата.

Восенню Ярына ўставіла падвойныя вокны, ці, як у нас кажуць, дубэльты: «Калі ёсць за што, дык чаго ж скупіцца?» З дубэльтамі стала крыху цяплей. Цётка падсунула да акон вазоны, чыста прыбрала стол і накрыла яго новым абрусам з доўгімі махрамі. На сценах — вышытыя на тонкім белым палатне краявіды з меднаствольнымі налібоцкімі соснамі, букеты палявых кветак. Відаць, усё гэта рабілася прыхваткам, але шчыра, ад душы.

— Дзе вы навучыліся так хораша вышываць? —пытаюся я, падаючы цётцы Ярыне венік, каб абабіла снег са сваіх гумовых «шоптанікаў».

— Што вышываць? А-а... — Цётка Ярына акінула позіркам сцены і засаромелася. — Не хвалі мяне, Ігнатка, не трэба... Хіба ў маім узросце варта марнаваць час на ўсе гэтыя прычындалы? Але вось забаўляюся яшчэ, калі знайду якую хвіліну вольнага часу. Не хочацца ж, каб у маёй хаце было горш, як у людзей.

— І гэта ўсё?..

— Ану цябе, Ігнат! От, як прыстане, дык хоць ты яму кол на галаве чашы... Выліты бацюсь! Той таксама заўсёды ўсё хоча ведаць... Вышывала, бо інакш не магла... Звар’яцела б адна ў пустой хаце. Ты вось глядзіш на мае кветкі, як прахожы на чужыя вароты — пакажацца хто-небудзь з іх — добра, не пакажацца — таксама невялікая бяда. Абы хутчэй дапнуцца туды, дзе яго чакаюць. А я, Ігнатка, і дома, як у чужых людзей у падсуседзях, жыла. Азірнешся вакол — толькі мох ды голыя сцены на цябе глядзяць. А вышываючы, з кожнай кветачкай гаварыла, па нітачцы аддавала ім цяпло сваіх рук і ад душы радавалася, калі яны адказвалі такой жа цеплынёй. Удовіна жыццё — пакута. Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне.— Яна ўзяла жалезны таўкач і пачала мяць свінням бульбу.— Раней як жылося? Трапіў чалавек у бяду — век табе гараваць. Людзі і рады былі б падсабіць, але не было з чаго. Самі ў лютай нястачы гібелі, пад лахманы ў хатах ад дажджу хаваліся. А цяпер што? Цяпер у некаторых хіба толькі птушынага малака не хапае. От пажы веш — сам пабачыш... Ідзі сустракай бацьку.

— Угаварылі?

— Угаварыла. Сам ужо збіраўся ісці. Цяпер ён і аднаго дня не ўседзіць на хутары...

Вяртаючыся дадому, цётка Ярына зайшла ў магазін, купіла мужчынам «Маскоўскай», а маладзіц будзе рознымі наліўкамі частаваць.

 

Заходзіў Моніч. Толькі на адну хвілінку. Вечарам зойдзе пагаварыць. Млын — даўно абжытае ім месца. І пахваліцца ёсць чым — разагнаў адтуль хеўру п’янчужак. Пра мяне чуў ад свайго сына. Той, аказваецца, ужо быў у нас на хутары. Дасужы, мазурык! Я рад, што ў Сяргея такі рухавы і кемлівы памочнік расце. Расказаў, як мы пазнаёміліся ноччу каля млына. Моніч хітравата ўсміхнуўся, паклаў мне на плячо руку:

— А ведаеш, адкуль мне буслы прынеслі гэтага свавольніка? Эх ты, Шэрлак Холмс!.. З лесу, адтуль, дзе табе калісьці адна наша разведчыца гаварыла: «Замучылася я з вамі, вяду вось, а ці вернецеся назад — ніхто не ведае...»

— Хопіць, я ўжо здагадаўся, каго ты маеш на ўвазе! — перапыніў я Моніча. — Гэта ж Метакава сястра Данута. Яна паказвала Антосю дарогу да Томчака. Калі ж ты пазнаёміўся з ёю?

— О, гэта, Ігнат, доўгая гісторыя. Лепш я табе другім разам раскажу...

Моніч стаў нейкі вельмі скрытны. Яго трэба запрасіць у госці, тады, можа, што скажа. А мне ўсё ж крыху непрыемна. Я ведаю, што Антось трызніў аб нашай колішняй правадніцы. Запала яна хлопцу ў душу. А Моніч выкручваецца, не хоча мне нічога расказаць пра яе. Зрэшты... у нас яшчэ ўсё наперадзе. Скажа.

— Ну, дык я чакаю цябе вечарам, — сказаў я Монічу. — Прыходзь з жонкай.

— Што ты, што ты, — замахаў ён рукамі. — А дома хто застанецца? Я адзін прыйду...

Ён яшчэ якую хвіліну патаптаўся ля стала, хацеў штосьці спытаць, але перадумаў і ціха вышмыгнуў з хаты.

А цётка Ярына тым часам ужо падпаліла ў печы. Мусіць, будзе нешта гатаваць.

— Госці яшчэ не скора прыйдуць. Адпачні трохі, — гаворыць яна мне. — Прыляж на тапчан за перагародкай.

Ды мне не ляжыцца. Перад вачыма зноў яна — Стася.

З выгляду яна мала чым адрознівалася ад сваіх польскіх сябровак. Адзін раз яны гарэзлівыя і крыху палахлівыя, другі раз — строгія, пякучыя і нават прыдзірлівыя. Але ў Стасі не было таннага какецтва. Дзяўчына адзявалася з густым, але не крыкліва, з хлопцамі трымала сябе сціпла, нахабнікаў ненавідзела і ніколі не дазваляла ім нічога лішняга. А на мяне яна дык і зусім не звяртала ніякай увагі. Мы цокалі на польскай мове — яна з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Дзяўчыну гэта вельмі смяшыла.

— Магдачка, мілая, адкуль ты выпарала яго? — шэптам пыталася яна ў Марчуковай. — Па-мойму, гэта дзеля цябе ён кожны вечар аціраецца ў нашым яхт-клубе...

Магда ціха адказвала:

— Мы яшчэ не ведаем, хто гэта. Хлопцы кажуць, што яго нядаўна з турмы выпусцілі. Можа, які бандыт або кантрабандыст...

«Эх вы, вароны! — кпліва ўсміхаўся я. — Вы яшчэ не бачылі сапраўднага бандыта». Але падысці да гэтых паморскіх прыгажунь не асмельваўся. Пасля астрожнай шэрасці яны здаліся мне залішне далікатнымі і легкадумнымі паненкамі. Я шукаў сабе сяброўку сярод простых маладых рыбачак, з якімі мне, вясковаму хлопцу, было лягчэй гаварыць і якія адразу адчулі ва мне свайго чалавека. Гэтаму спрыяла і тое, што я ўсё лета працаваў у іх рыбацкай арцелі.

Аднак і Магда была не чужая для мясцовых памораў. Аднойчы, вярнуўшыся з лову, я зайшоў у барак да кладаўшчыка па чаўнок і шпагат, якімі лапілі невады. Кладаўшчык, пажылы бязногі памор,

уважліва выслухаўшы мяне, сказаў:

— Ідзі адпачывай. Сеткі жанчыны дагледзяць.

Гэта іх справа.

— Але ж дагэтуль мы самі гэта рабілі, — запярэчыў я.

Стары пажаваў цыбук люлькі і строга звёў бровы:

— Рабілі, а цяпер не будзем! Цябе тут засмяюць, хлопча, калі будзеш хапацца за бабскую работу. Бачыш вунь тую свавольніцу, што павяла дзяўчат на бераг? Гэта мая дачка Магда. Яна першая прагоніць цябе ад сетак.

Са страхі ўпала на руку кропля. Кладаўшчык дакрануўся пальцамі да павек. Не, вочы сухія. Проста пачаў імжыць дождж, вось і пацякло зверху. Але стары не супакойваўся. Дачка была рэдкім госцем у яго цесным пакойчыку на ўзбярэжжы. Без яе сумна было б у яхт-клубе. Гарыць, стараецца дзяўчына. Ды яшчэ ж і вучыцца на інжынера.

У нядзелю — гэта было перад Антосевым — судом каля шалаша нехта зарыпаў на губным гармоніку. Магда падышла да мяне, запрасіла танцаваць. Я адмовіўся, бо яшчэ ні разу не танцаваў у сваім жыцці.

— Мядзведзь! — насупілася Магда, потым схапіла мяне за руку і выцягнула на сярэдзіну круга. — Ты будзеш паненкай, а я кавалерам. Ясна?

Я наступіў ёй на туфель, і Магда зморшчылася ад болю, але не адпусціла мяне.

— Я ведаю Антося, твайго стрыечнага брата, Ігнась, — сказала яна, калі мы перасталі танцаваць. — Прыстойны хлопец. Мы яго хацелі накіраваць на прыстань. Там не хапае грузчыкаў, няхай, думалі, трохі папрацуе ды прыадзенецца. Ды, бачыш, не пашанцавала яму. Хаця б усё было добра... Сама не ведаю, як яму цяпер памагчы. А ты, — яна акінула мяне крытычным позіркам, — мусіць, прапіваеш усё. Чаму на табе такі бедны касцюм?

— Проста не было калі падумаць аб гэтым...

— То чаго ж пачырванеў? — дзяўчына жартаўліва пацягнула мяне за нос. — Часцей заходзь у яхт-клуб. Грошы ёсць?

— На цукеркі табе хопіць...

— Дурань! — зноў насупілася Магда. — Я не мамчына дачушка... А прыадзець цябе трэба. Міліцыянер тут адзін, Метак Жмігроцкі, прасіў, ён хоча, каб я заапекавалася табой. Казаў, быццам ты — вельмі патрэбны нам хлапец. Ды, праўду кажучы, я і сама бачу, што ты нарадзіўся на бяду рознай шляхецкай погані. Можа, скажаш, дзе цябе гэтак спрытна прыкідвацца прастачком навучылі? Ага, нябось, ужо замаргаў вачамі! Ладна, не тужся мяне ашукаць. Усю праўду аб табе я вытрасу з Метака.

Пасля гэтай размовы я месяцы два яшчэ не заходзіў у яхт-клуб. Потым папрасіў гаспадыню кватэры, каб пагладзіла мне кашулю, выцягнуў з куфэрка нейкі заваляшчы гальштук, пачапіў яго на шыю, прычасаўся і падышоў да люстэрка.

— А ты прыгожы! — пачулася ззаду. Я азірнуўся. На парозе стаяла Магда, свежая, уся ў сонцы і нейкая такая свая, родная, што я аж уздрыгануўся.

— Зайшла па мяне?

— Угу. Венікамі шараваць будзем! — весела засакатала яна. — Кажуць, што гэта лепшы сродак ад нуды. А ты ж яшчэ і ашуканец нікчэмны. Абяцаў і не прыйшоў. Я ўжо на цябе аднаму міліцыянту паскардзілася. Ты пана Метака Жмігроцкага ведаеш?

— Ведаю, разам каровы пасвілі. Ну, а потым яшчэ ваявалі крыху. От так, нішто сабе хлопец...

— Эх ты, разява! Метак ужо другі тыдзень у вячэрнюю школу ходзіць. Сама, можна сказаць, зацягнула яго туды. А ты доўга бурчаў на яго, не хацеў сустракацца... Бяры плашч ды пойдзем да нас на гулянне.

Потым, калі мы ўжо былі вельмі добра знаёмыя, сказала:

— Мой бацька кажа, што зрабіў з цябе добрага шкіпера. Шукай сабе асобную кватэру ды жаніся... Ці, можа, табе не падабаецца ў нас?

— Падабаецца, — шчыра прызнаўся я. — Нават вельмі. Але мяне чакаюць дома... У таго ж Метака спытай, калі што.

— Пойдзеш туды рыбачыць? У вас жа няма мора.

— Цяпер ёсць. І не адно. У Савецкім Саюзе мае сябры... Пачакай, што гэта? Ты плачаш?

— Вось яшчэ! — Магда адвярнулася, выцерла хустачкай вочы. — Не глядзі на мяне... не глядзі...

Мне хацелася сказаць ёй штосьці ласкавае, цёплае, ды не хапіла адвагі. Магда цярпець не магла, калі яе шкадавалі... Зрэшты, праз якую хвіліну яна ўжо выбегла з барака на бераг, бестурботна шпурнула ў мора пустыя ракавіны і засмяялася, калі да яе з усіх бакоў пачалі злятацца галодныя чайкі.

— Дурненькія, я ж сягоння нічога не ўзяла з сабою,— гаварыла ім Магда. — Кыш назад! — Спахапіўшыся, павярнулася да мяне.—Ты яшчэ тут?! Ну добра, можаш пабыць... Напэўна, і я не лепшая была б. Птушкі і тыя пільнуюцца сваіх берагоў, а мы ж — людзі...

Дамоў вярталіся моўчкі. Стаяла дажджлівая восень. На глухіх, далёкіх ад цэнтра вуліцах, па якіх мы ішлі, было гразка. Я колькі разоў браў Магду на рукі і пераносіў цераз лужыны.

 

6

Дзе яны, куды падзеліся тыя цёплыя сяброўскія словы, якія мне хацелася сказаць Монічу? Па дарозе дамоў, у Зачэпічы, я многа думаў аб ім, рыхтаваўся да сустрэчы з гэтым некалі зразумелым мне чалавекам. Ды ўсё паляцела к чорту. Мне непрыемна з ім быць аднаму, нават цяжка. «Моніч — выдатны арганізатар. Людзі паважаюць яго за прынцыповасць і розум, — гаварылі мне ў сельсавеце, дзе я даваў на прапіску свой пашпарт.— Праўда, наш старшыня яго недалюблівае, але вы не звяртайце на гэта ўвагі».

І рад бы, ды не магу.

За перагародкай чуваць крокі. Дошкі ў падлозе парассыхаліся, скрыпяць. Бацька камандуе, дзе каму сесці.

Зайшоў і Моніч. Я чую яго прастуджаны тэнарок. Пытае пра мяне. Бацька пасадзіў яго ў покуце, жартуе:

— Паспееце з козамі на таргі, нагаворыцеся яшчэ. Ігнат цэлы дзень спаў як забіты. А я толькі што з лесу. План на мяне вялікі наклалі. Лаўлю лісіц ды ваўкоў — а іх не ўбывае.

Стары не любіць хваліцца. Я ведаю, што ён прыцягнуў многа рознай зверыны.

— Піць мы яшчэ не пачыналі, а ты ўжо, як мочаны агурок, пажаўцеў, — смяецца Моніч, даючы мне месца.— Сядай побач. Я табе нешта цікавае шапну на вуха.

Бацька ўстаў, налівае гарэлку. Выпілі залпам. Нехта прыцмокнуў языком, смяецца:

— Але ж і моцная! Не скупіся, Пятрусь, налівай яшчэ. Усяго не перап’ём.

— Вы толькі не перабірайце меры! — абсек гаваруна Моніч. — Піць трэба з розумам.

Ён ужо трохі захмялеў. У чорных, як парэчкі, вачах яго — задор, шчокі пачырванелі.

— Падсунься да мяне бліжэй! — Моніч стукнуў кулаком аб стол, хацеў нешта сказаць, але не праглынуў яшчэ скваркі. Госці прыціхлі, недаўменна паціскаюць плячыма. — Што гэта я хацеў у цябе спытаць? — нарэшце прамовіў ён. — Ага! Ты, пэўна, ужо і не думаеш аставацца ў калгасе. Араць, сеяць і ўсё такое не кожнаму падабаецца. Нябось махнеш у сталіцу, га? А то я магу і тут знайсці для цябе месца. Не бойся, заціскаць дужа не будзем.

— Мяне і раней ніхто не заціскаў...

Маўчы. Заціскалі, ды яшчэ як! Я, братка, усё помню. Сам жа тады часта злаваў і насякаўся на цябе. Нябожчык Барыла, калом яму зямля, падвёў і мяне і дырэктара школы... Адабралі атэстат, бандытам зрабілі... Ты хоць ужо не крыўдуй. Сказаць табе, што тут рабілася, калі ты пайшоў у лес па Антося і не вярнуўся? Старшыня, а потым і ўсе калгаснікі так уз’еліся на мяне, што нават здароўкацца не хацелі. А гэта, браце Ігнаце, страшней за той суд. Дурныя мы былі, між трох сосен заблыталіся.

— Не перажывай, — гавару я. — Мы з Антосем нічога да цябе не маем. Бо таксама шмат у чым вінаваты. Час быў такі. Брэшучы адзін на аднаго, мы і галовамі маглі налажыць.

— Калі прыедзе Антось?

— Скора... У яго яшчэ з дакументамі не ўсё ў парадку.

— Скажаш, што я не вораг яму. Калі хочаш, дык я і на сходзе паўтару гэтыя словы. Чаго ж саромецца, га?

Моніч, відаць, яшчэ не хутка супакоіцца. Госці ўжо разышліся дадому, а ён праветрыўся крыху на двары і зноў грукае кулаком аб стол — намагаецца ўцямяшыць мне ў галаву, што ён, Сяргей Моніч, яшчэ пакажа сябе ў калгасе. Пустыя талеркі і бутэлькі з недапітай гарэлкай цётка Ярына вынесла ўжо ў кухню. На стале, апрача кавалкаў хлеба, відэльцаў і вялікай міскі з кіслай капустай, нічога няма, а грукату многа. Моніч надзіва строгі сягоння. Мне проста не хапае аргументаў спрачацца з ім. Я кручу галавой, балбачу нешта неўпапад, нібы той цецярук у сілку, але Моніч і не думае выпускаць мяне.

— Сядзі, я табе яшчэ не ўсё сказаў, — сіпіць ён, аблізваючы патрэсканыя ад ветру губы. — Цярпець не магу, калі мяне слухаюць з пятага на дзясятае.

За акном ужо світала. Бацька пашаптаўся з Ярынай і палез на печ. Маці, падперазаўшыся ручніком, мые пасуду. Можна было б і потым зрабіць гэта, але яна, пэўна, зноў не паладзіла са старым. Ярына прыцягнула з каморкі сяннік. У хаце запахла лугам, прэлай травою.

— Дзе ты навыскубала столькі мурагу? — накінуўся Моніч на Ярыну, пнуўшы нагою ў сяннік. — Хадзіла з рэзгінамі за рэчку на здабычу?

— Хадзіла, — з’едліва адказала яна. — І не адзін раз... Але не па сена, а трыснягу там некалькі бярэмкаў дастала з-пад снегу. Мы ж восенню ўсю зеляніну павыкошвалі з ракі, думалі, на подсціл жывёле будзе, а перавезці дамоў не паспелі.

— Так і скажы... — Моніч дастаў капшук, закурыў. Відаць, яму няёмка, што пакрыўдзіў жанчыну. А можа, ён толькі прыкідваецца такім. Да гэтага ён трымаўся важна, напышліва. Гаворачы, злаваў; зазлаваўшы, яшчэ больш гарачыўся, бегаў па хаце. Не, не такім уяўляў я сабе Сяргея. Думаў — адкрыюся яму як нашаму былому камсамольскаму важаку, раскажу, у якіх пераплётах наша тройца — Антось, Метак і я — гартавалася ў Польшчы, кім мы там сталі. У Моніча вочы на лоб палезлі б, каб уведаў усю праўду пра нас. Толькі наўрад ці гэта здарыцца. Нешта замінае яму быць звычайным зямным чалавекам. Нават часовыя фактары на яго не падзейнічалі — на ўсё глядзіць скрозь задымленыя хутарскім крытыканцтвам акуляры!..

— Чаго ты злуеш? — не змоўчаў я, калі ён зноў падсеў да мяне. — Быў хлопец як чалавек, а цяпер...

Моніч зморшчыўся, адсунуўся ад мяне ў покут.

— Глядзі, каб я на цябе не пакрыўдзіўся, Ігнат. Зойдзеш заўтра да мяне, зробім па чарцы і тады пагаворым. Мы ж тут не адны. Гэтая сакатуха, — ён паказаў на Ярыну, — з мухі слана раздзьмухае.

— Аё-я-ёй, — зноў цяжка ўздыхнула цётка Ярына.— І не брыдка табе, Сяргей, плявузгаць на мяне ліха ведае што. Няўжо ты да гэтага часу не зразумеў, што не ўсе мы такія паганыя, як ты думаеш? Ідзі дамоў, нам ужо спаць трэба.

Вось-вось паднімецца з-за лесу сонца. Каб не кляваць носам, я трохі асвяжыўся вадой і любуюся праз акно на ўсход сонца. Як хораша ў нас! Я шмат дзе пабыў, але ніколі не забываўся на родныя мясціны. У Навагрудчыне, з яе пагоркамі, дубовымі загайнікамі, векавымі барамі і глыбокімі сухадоламі, ёсць нешта непаўторнае, што міжволі кранае чалавека, зачароўвае, вабіць яго да сябе. А колькі тут прастору на палях! Хораша тут і зімой. Яшчэ заўчора была мяцеліца, усё задыхалася пад снегам, а сягоння ўжо цурчаць струменьчыкі талай вады. Толькі ў вішняку, што ў агародчыку ля Ярынінай хаты, да якога сонца дастане не раней як пасля абеду, снег яшчэ ляжыць некрануты. Недзе кудахтаюць куры, гарлапаніць певень. Пакуль старыя адпачываюць, сяджу, зноў думаю пра Моніча.

 

Учора я быў у млыне. Моніча не было дома. Насустрач мне выйшла яго жонка Данута. Я адразу пазнаў гэту калісьці вострую на язык, непаседлівую лясную русалку.

— Прыйшоў! Вярнуўся, значыць! От добра... Ты ўжо не злуй на мяне, Ігнатка. Я толькі Сяргею сказала ўсю праўду пра цябе і пра Метака. Нашы яшчэ ў вайну заслалі яго ў Томчакаву банду. Добра, што хоць вы з Антосем памаглі яму...

— Значыць, Сяргей ужо знае, што мы рабілі ў лесе?

— А як жа, але... Ды што гэта я балбачу? Садзіся, у нагах праўды няма...

«Чаго яна замітусілася, баіцца сказаць пра ўсё? Ну што ж, няхай. Я дзеля Антося сюды зайшоў. Але выходзіць інакш».

— І даўно вы пажаніліся?

— Даўно, гадоў пяць ужо.

«Значыць, сын у яе не ад Сяргея», — падумаў я, успомніўшы хлапчука, які паказваў мне дарогу ў Зачэпічы і расказваў пра Задрапея. Слаўны малы! Мне хацелася пагаварыць з ім. Але жанчына сумна адказала:

— Сяргей трохі пасварыўся на яго. Хлопец недзе схаваўся. Не слухаецца ён нас. Убіў сабе ў галаву, што яго тут зненавідзелі, і цэлымі днямі бадзяецца недзе.

Відаць, гэты неспакойны падлетак сапраўды не лішні ў Монічавай хаце. Яго маці сказала мне: «Я сустрэла чалавека, які шануе мяне і майго сына».

Вярнуўшыся ў Зачэпічы, я доўга хадзіў з кутка ў куток па Ярынінай хаце, палохаў усіх сваім выглядам. Бацька кажа, што збіраўся ўжо бегчы па фельчара, ды Ярына прыкрыкнула на яго, каб не смяшыў людзей.

Мне было сумна. Чым я мог парадаваць Антося? Данута нават не ўпамянула яго, нібы ён для яе нічога не значыць. А чый жа яшчэ сын у яе? І што скажа Антось, калі даведаецца аб гэтым? Як паставіцца ён да Моніча?

 

7

Стасін дзед Базыль Калюжны — дасужы чалавек. Аказваецца, ён сам ездзіў у Польшчу па Стасю, ведае, як і дзе памерла яго жонка Аўдоля, хто забіў Ліду, але нічога не сказаў мне аб гэтым.

А сёння нечакана завітаў да нас. Ці не Стася падбухторыла яго на гэта? ён-то кажа, што яму патрэбна Ярына, дзеля гэтага ён і прыехаў да нас, у Зачэпічы. Маці ўжо хуценька пабегла па яе.

А дзядзька Базыль тым часам, не распранаючыся, сцягнуў з печы майго бацьку і хітра паблісквае вачыма з-пад цёплай пушыстай шапкі-вушанкі:

— Пазнаеш? А я цябе, мядзведзь ты гэтакі, адразу пазнаў! Па калючай сівай барадзе і гарбатым носе. Але ж усохся ты, пастарэў, чалавеча, не звералоў, а святок нейкі, хоць бяры ды на крыж чапляй... Відаць, здорава цябе тады падсеклі бандыты. Я, чуеш, таксама крыху недамагаю, але паміраць не збіраюся. Няхай нашы ворагі паміраюць. Мы яшчэ, можа, і параднімся з табой... Сын дома?

Бацька маўчыць. Ён, відаць, думае, што сказаць. Дзядзька Базыль прыехаў здалёк, значыць, у яго ёсць нейкая тэрміновая справа і да нас. А мой бацька ў такіх выпадках тугаваты на вуха: пяць разоў перапытае, потым адкажа. І цяпер, абуваючыся, просіць дзядзьку Базыля, каб мацней гаварыў.

Я да твайго сына прыехаў, — чуецца ў адказ. Калі дзе блізка, дык пакліч. У мяне ёсць для яго прыемная навіна.

— Ад каго?

О, гэта, браток, тонкая справа. Вось зірну на двор, каб не адвязаўся конь, і тады, ёлкі зялёныя, так не абыдзецца. Эх, і трасяну ж я цябе, Пятрусь! Колькі часу мы з табой не бачыліся? Пятнаццаць гадоў, дальбог жа, пятнаццаць! Вось цяпер і нагаворымся, бо ў вайну нам больш адбівацца ад немчуры даводзілася.

— Мы адбіваліся, а другія цалаваліся з імі, — пакрэктваючы, буркліва прамовіў бацька. — Распранайся ды паляжы, калі хочаш, за мяне на печы. Я сам выйду да твайго гнядога. Заадно і сына гукну ў хату.

Стары спрасоння не заўважыў, як я следам за дзядзькам Базылём ціхенька забег у кухню і на хвіліну прыпыніўся там, каб крыху супакоіцца, а ўбачыўшы, сказаў:

— Ідзі пагавары з Базылём. Мне ён адразу ўсяго не скажа. Ого, гэта стрэляны верабей!

Базылёва навіна моцна ўзрушыла мяне. ён прывёз ліст ад Стасі. Яна пакрыўдзілася на мяне, не разумее, чаму я быў у Навагрудку і не зайшоў да яе ў інтэрнат. Каб зайшоў, то ведаў бы ўжо, што наша польская сяброўка Магда Марчукова перабралася з Гдыні ў Шчэцін і там выйшла замуж за аднаго «фартовага» марачка. Стася перапісваецца з ёю і збіраецца запрасіць да сябе ў госці. Трэба, каб і я павіншаваў Магду са шлюбам.

Павіншую. Я рад за Магду. А сам, відаць, бабылём звякую. Нешта Стася вельмі суха канчае свой ліст. «Мы кепска зрабілі, піша яна, пакінулі Антося Малочку аднаго. Трэба, каб ён хутчэй вярнуўся дадому...»

Вернецца, Стасечка, абавязкова вернецца.

Неўзабаве і яму дадуць дакументы на выезд. Толькі ці хопіць у яго вытрымкі на мірнае суіснаванне з такімі «праведнікамі», як Сяргей Моніч? Я добра ведаю Антося, гатоў каму хочаце сказаць, што гэта на рэдкасць смелы і непадкупны дзяцюк. Але Сяргей Моніч, кажуць, зноў зачасціў у раён да пракурора. Няўжо ён думае, што жыццё нічому не навучыла нас? Сплылі ў нябыт, не стала ў нас паноў бешчатаў і томчакаў, па дарозе на Захад «падвярнуўся» яго халуйская вяльможнасць Харытон Барыла, у адзіноце дажывае свой век і спадар Задрапей, іх «забеспячэнец» і падпявала. Думаю, што і монічы — з’ява часовая. Бацька мне казаў, што па такіх «шкодлівых прыстасаванцах» апошні час ніхто і лапцямі не звоніць... Таму, відаць, Стася мае рацыю: трэба больш рашуча брацца за справу. Вось правяду дзядзьку Базыля, пакажу яму крыху карацейшую дарогу цераз лес у Навагрудак і пайду ў праўленне калгаса. Думаю, у Зачэпічах для мяне знойдзецца работа. Няхай нават пакуль што і ў канюшні ці дзе. Галоўнае, каб быў час аглядзецца ды мацней учапіцца за зямлю, якая не раз снілася мне ў Польшчы.

— Што гэта ты там задумаўся? — нецярплівіцца дзядзька Базыль. Ён ужо запрагае каня. Неўзабаве, кажа, зноў да нас прыедзе, калі штонебудзь не здарыцца на дарозе або дома. Стары ўжо. А конь малады, гарачы. Хаця, праўду кажучы, дзядзьку Базыля, мусіць, нешта іншае хвалюе. Гэта сапраўды стрэляны верабей і далёка наперад бачыць. Калі ўжо што надумаў, то зробіць.

І прыедзе ён да нас, абавязкова прыедзе, бо на развітанне доўга шаптаўся з маім бацькам, потым закруціўся ў кажух і сказаў:

— За адзін раз усяго не перагаворыш. Вясною, калі будзем жывы, прыеду... З кватэркай добрай настойкі і з жывою прыманкай на возе. Ого!.. Вочы ў мяне яшчэ не прытупіліся. Я ўсё бачу, Пятрусь. Ажэнім твайго сынка ды няхай поле арэ...

— Можа, яшчэ ці прымуць яго ў калгас, — панурыўся стары. — Ты ж ведаеш, як у нас бывае, калі якія-небудзь звышпільныя прыдуркі з маладых ды ранніх чынадральчыкаў няўзлюбяць чалавека. Мой валачобнік, здаецца, нікому і не наступаў на мазалі, жыў ціха, нібы які баптыст або талстовец, а ўжо на сваёй шкуры гэта адчуў. Балазе, хоць зусім не ўхойдакалі. Пасля таго як фашысты тут пагаспадарылі, чалавечае жыццё страціла сваю святасць у вачах рознай прадзімной нечысці. Праўду я сказаў, Ігнат, га?

— Вы толькі не прастыньце на марозе, — гавару я. — Дзядзька Базыль у кажуху, а вы нават не абуліся як след — у дзіравых выступках на босую нагу стаіцё. У такіх патрапаных хутарскіх доспехах мы тут савецкага ладу не ўмацуем. Нечысць як была, так і застанецца нечысцю. Асабліва там, дзе яна ў пасляваеннай спешцы ў «чырвоную кнігу» занесена. Але і мы не лыкам шыты. Не забывайцеся, тата, што за аднаго бітага трох нябітых даюць...

— Ты гэта сур’ёзна? — пытаецца дзядзька Базыль.— Прытрымай, сынку, сваю аблавушку на галаве, бо ад бяды ёю не адмахнешся. Адзінае, за што я цябе магу пахваліць, дык гэта тое, што ты ўжо завочна вучышся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Стася мне казала, што нехта летась пераслаў твае дакументы туды. Ці не ў сарочцы ты часам нарадзіўся? Мяне па адных дакументах нават і ў пачатковую школу не прынялі б. Каго ж у гэтым інстытуце замест цябе экзаменавалі, калі цябе там не было?

— Святога духа, — выкручваюся я як магу ад гэтага хітрага старога «гэнака». — Мяне тады якраз падабраныя амерыканцамі на звалках і сметніках Заходняй Еўропы рагулеўцы ў адным змрочным месцы на «мушцы» трымалі. Думалі — ад страху і пра тое, чаму некалі навучыўся ў дзесяцігодцы, начыста забудуся. З малапісьменнымі ды бесхрыбетнымі, як касцельныя авечкі айца Сікірыцкага, маладымі «беларутэнамі» ім лягчэй было б паладзіць. А калі гаварыць сур’ёзна, дык мне работнікі польскага пасольства ў Маскве дапамаглі: па іх хадайніцтву частку экзаменаў я здаў у Варшаве.

— Ведаю, можаш мне і не гаварыць гэнага, ажно свеціцца ад задавальнення дзядзька Базыль. — Я, раскруці яго макаўку, і сам зрабіў бы такі круты паварот у жыцці, каб быў крыху маладзейшы... Ага, вось яшчэ што! Перадай Ярыне, каб за свайго сына асабліва не хвалявалася. Я ажно ахнуў, калі даведаўся, колькі ў яго польскіх урадавых узнагарод. Толькі ты пакуль што з галавой яго не выдавай каму б там ні было. Скажы, што яго ад усіх грахоў ачысцілі — і канец!

— Не наганяйце на мяне такой строгасці, дзядзька Базыль, — гавару я, радуючыся кожнаму слову старога. — Цётка Ярына ўжо ведае, што на яе сына Антося не хапіла ў паноў палосся. У тых, што з Томчакам былі заадно. Так што мне прыйдзецца толькі гарачае прывітанне перадаць ад вас Антосевай маці. А пра ўсё астатняе ён ёй сам раскажа, як прыедзе на тыдзень-другі пагасцяваць дадому.

— Што ж, думаю, сапраўды ёсць сэнс да пары да часу патрымаць разумны нейтралітэт, — няпэўна пагадзіўся дзядзька Базыль. — Але за Стасю, голубе, я не магу паручыцца. Гэта ж кропля ў кроплю Ліда, маці яе. Перш за ўсё па характару, вядома. Кожнаму ёй хочацца зрабіць дабро. Ну, а як далей будзе — час пакажа. Бывайце! — ён уваліўся ў сані і моцна, як малады, тузануў ляйчыну.

Добра накормлены і напоены конь захроп і рвануўся наперад, высякаючы капытамі іскры з наледзі на забрукаваным падворку. Яшчэ хвілінадругая, і Базылёвы сані ўжо вілялі па цаліку каля млына, за прысадзістым шэрым будынкам якога — паваротка на Жабокрычкі, дзе стары яшчэ меўся пабачыцца са сваімі сябрамі па партызанцы.

А мне чамусьці стала сумна на душы. На нашым падворку зноў запанавала цішыня, і мы з бацькам моўчкі вярнуліся ў апусцелую хату. Мне нават здалося, што ў ёй пацямнела без дзядзькі Базыля і неўтаймаванай прагі да жыцця, за якое і яму нямала давялося паваяваць у родных мясцінах.

— Дык што будзем рабіць, сын? — з непрытоеным хваляваннем пытае ў мяне бацька. Ён ужо прывык да адзіноты на забытым богам і людзьмі сваім лясным хутары. І тым не менш у яго голасе чуецца глыбокая туга і трывога за далейшае сваё існаванне. Неахвота яму адпускаць мяне з дому. Гэта, шчыра кажучы, і прымусіла мяне абняць яго за кашчавыя плечы і сказаць:

— Распранайся, тата, ды лезь грэцца на палаці, я застануся ў цябе. Дарэчы, тут ужо не так і дрэнна...

 

Па два патроны на брата

 

Кніга другая

 

Пасля «трагічнай смерці»

 

1

Яшчэ не ўсё страчана — бандытам не ўдалося адным махам адправіць мяне да прабацькоў. Не пашанцавала ім у нашых зачэпіцкіх палесцінах, хоць да сваёй апошняй дыверсійнай акцыі яны, напэўна, рыхтаваліся доўга і даволі грунтоўна. Прафесійнай вытрымкі, мусіць, не хапіла. А што гэта былі прафесіяналы — бачна па іх, няхай і не вельмі зладжанай, але «чыстай» рабоце. Так гаварыў мне мой бацька, патомны беларускі лясун і паляўнічы, так гаварылі работнікі дзяржаўнай бяспекі. А для ўсіх астатніх я з 15 лістапада 1955 года — нябожчык, «ахвяра» лютай бандыцкай расправы, пахаваны ў брацкай магіле ва ўрочышчы Шарэйкава Глебаўка. Заканамерным адказам на гэта была масавая аблава на бяспашпартных бадзяг, сярод якіх, як і трэба было чакаць, былі і тыя, з-за каго я сапраўды ледзь было не трапіў на той свет, — мае няўдачлівыя «забойцы», недабіткі адной некалі вельмі надакучлівай і драпежнай кулацкай банды.

Аднак на казённыя харчы іх пакуль што не ўзялі. Ёсць сэнс, як аказалася, больш уважліва прыгледзецца да гэтай погані. Само кулаччо зараз не адважылася б на нас нападаць. Нават каб яно было да зубоў узброенае нямецкімі аўтаматамі ды абрэзамі. На думку адказнага за мой лёс чалавека, гэта значыць следчага Закруткіна Івана Пятровіча, «адмачыць» такі нумар у разгар мірнага будаўніцтва на Навагрудчыне мог толькі такі авантурыст, як Барыс Рагуля, які, перананяўшыся на Захадзе да амерыканцаў, пачаў практыкавацца ў дыверсіях супраць Савецкага Саюза. Ходзяць чуткі, што нават такія спрактыкаваныя рэнегаты, як, напрыклад, былыя платныя фашысцкія паслугачы Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Францішак Кушаль, Станіслаў Станкевіч, прыкметна ўступаюць яму ў прыслужлівасці, калі справа даходзіць да непасрэднага ўдзелу ў шпіёнска-дыверсійных акцыях, звязаных з патаемнымі вылазкамі на радзіму. Атабарыўшыся пасля разгрому гітлераўскай Германіі на задворках капіталістычнага свету, яны больш налягаюць на свае брахлівыя языкі, ці, як не раз каркаў з Мюнхена па амерыканскім радыё Станіслаў Станкевіч, зараз ужо рэдактар сумна вядомай нацыяналістычнай «Бацькаўшчыны», «б’юць у прапагандавыя званы супраць бальшавікоў». А Барыс Рагуля — адпеты галаварэз, максімаліст, падрабляе ў амерыканцаў на «мокрых» справах. І не толькі як былы намеснік «прэзідэнта БЦР» па Навагрудскай акрузе і верхавод карнага батальёна так званай Беларускай краёвай абароны, але і як патомны заможны прынёманскі «спадар на собскай загродзе». Завербаваныя і вышкаленыя ім найміты Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША, пад «каптуром» якога гэты недапечаны беларускі пан, як відаць, і звякуе адпетым правакатарам, павыплывалі, нібы тыя вужакі пасля зацяжной зімы, на Піншчыне і Маладзечаншчыне, не раз намагаліся наслядзіць і ў ваколіцах Навагрудка.

А потым пачаліся правалы. Адзін за другім, нібы па загадзя падрыхтаваным кімсьці сцэнарыі. Спадар Рагуля не ўлічыў, што зямля бацькоў нашых неўміручая, хутка ажыла пасля апусташальнай вайны, стала гіблым месцам для здраднікаў народа. Дарэмна збянтэжаныя янкі трацілі на яго ачмурэлую антысавецкую валтузню свае нялічаныя грошы. Яшчэ да майго вяртання на радзіму амаль усе Рагулевы «пасланцы» ў «збальшавізаваную Масквой Беларутэнію», сустрэўшыся з «заядлым супрацівам няўдзячнай беларускай гарадской і вясковай чэрні», паўцякалі назад або паздаваліся савецкім уладам. Толькі сам Рагуля яшчэ доўга ерапеніўся і махаў на нас кулакамі з буржуазных падваротняў Заходняй Еўропы, а затым і з Канады, дзе яшчэ мала хто ведае, што гэта за птах.

Я ненамнога памылюся, калі скажу, што Барыс Рагуля пры яго незвычайнай вяртлявасці і дома, на Навагрудчыне, лёгка загубіўся б сярод людзей. Многія, як мне вядома, даўно забыліся пра яго, маглі б адразу і не разгледзець пад маскай якога-небудзь перасяленца або турыста. Ёсць вельмі сур’ёзныя падставы з трывогай думаць і гаварыць пра гэта. Час паказаў, што нашы ідэйныя ворагі больш вынаходлівыя і вераломныя, чым мы меркавалі. Патрэбна ўтроеная пільнасць, каб справіцца з імі. Нават калі пераловім усіх да аднаго шпіёнаў і дыверсантаў. Мяркуючы па апошніх падзеях у Венгрыі і некаторых іншых сумежных з намі краінах народнай дэмакратыі, буржуазныя спецслужбы не грэбуюць дапамогай і ваенных злачынцаў, не кажучы ўжо пра былых агентаў СС і СД. Для прадпрымальных янкі і тых, хто з імі зараз, гэта самая мабільная і ўдарная падрыўная сіла. У тым ліку і супраць нас. Менавіта таму мне зараз і на мяккім пасланні мулка. Але медыкі, як назло, яшчэ нікога да мяне больш як на пяць — дзесяць хвілін не пускаюць, відаць, баяцца, каб сапраўды не даў дуба ад лішняга напружання і хвалявання. Зрэшты, мне і самому пакуль што не надта карціць насцярожваць і без таго нейкага напружанага, як струна, Закруткіна. Яму гавары толькі тое, пра што ён пытае. Усё астатняе для гэтага служакі — «пустая трата часу», «мура сабачая».

Аднак зляпіць з яго вобраз адмоўнага героя цяжка. Іван Пятровіч Закруткін — чалавек вельмі складаны і супярэчлівы. Мне ўжо шапнулі, што пасля маёй «трагічнай смерці» ён нечакана зрабіў візіт да настаяцеля жабокрыцкага касцёла айца Казіміра Сікірыцкага. Гаварылі яны без сведак, але ходзяць чуткі, што Закруткін «сагнуў» айца Казіміра ў «барані рог» за «непрыстойныя шашні» з багатымі хутаранкамі і злыя нагаворы на Савецкую ўладу.

Потым, калі Закруткін сеў на матацыкл і паехаў далей, ксёндз колькі хвілін пастаяў на ганку і, гукнуўшы з кухні служанку, сказаў:

— Нікуды не адлучайся з плябаніі. Я пайду прайдуся крыху. Пры аказіі наведаюся і да арганіста. Штосьці ён апошнім часам вельмі часта хварэе... Ты часам не ведаеш, як ён адносіўся да гэтага, як яго... маладога Лагоды? Мне здаецца, яны абодва не чужыя для цябе. Успомні, колькі ты разоў ратавала іх ад рагулеўцаў. А за Лагоду дык і перад Томчакам як падстрэленая на калені падала. Чаму ты гэта рабіла, га?

— Або-о, хоць бы вы, ойча, не прыкідваліся такім дурным бараном! — з дакорам выдыхнула з сябе служанка. — Я не памятаю вас зусім цёмным і някемлівым. Лепш ужо адразу скажыце, што дружкі з недабітай кулацкай банды падвялі вас. Прайшлі тыя часы, калі бяскарна можна было распраўляцца з камуністамі ды камсамольцамі ў нашых мясцінах. Вы ж самі, дачуўшыся пра забойства Ігната Лагоды, адным махам сцягнулі з сябе цераз галаву альбу, выштурхнулі з касцёла ўсіх малельшчыкаў і доўга-доўга лаяліся на свайго колішняга сябра ксяндза Андрэя Касмовіча. А потым яшчэ і паперы нейкія паспешліва палілі...

— Амін! Ты звар’яцела, кабета! — ціха, але з сілай зашыпеў айцец Казімір Сікірыцкі. Служанка яўна пацвельвалася з яго. А мажліва, яна і сапраўды такая адкрытая, чыстасардэчная. Век жыві — век вучыся! Крыху супакоіўшыся, ён павярнуў старую тварам да крыжа, што красуецца пад бляшаным казырком над дзвярамі пры ўваходзе ў плябанію, і зноў зашыпеў, як тхор у пастцы:

— Ты, гэтае самае, не выкруцішся ад мяне! Калі што якое здарылася — як на духу гавары! Я хачу, каб ты ўспомніла, чаго ад цябе дамагаўся следчы, пакуль мяне не было дома. Ад гэтага, калі на тое пайшло, зараз і твой лёс залежыць.

— Залежыць, гэта праўда, але не ў такой меры, як ваш, — з непрытоенай прыкрасцю адказала задзетая за жывое жанчына. — Варта паслухаць, што цяпер людзі пра вас гавораць, каб пераканацца ў гэтым. І каб хоць хто пасварыўся на іх. У вас жа знайшлі нейкі комплекс несумяшчальнасці амаль з усімі прыхаджанамі, што пазапісваліся ў калгасы.

— Не гавары глупстваў! Бог мне даруе гэта, — не здаваўся раз’юшаны, як звер, ксёндз. — А ты глядзі на святое распяцце і пачынай спавядацца. Закруткін не прастачок, ён, напэўна, ужо нешта вынюхаў тут. Зразумей мяне правільна і зараз жа давер мне кожнае сваё слова, сказанае гэтаму праклятаму маскалю. Як ты перад ім сябе паводзіла, га?

— Так, як гэта і вы, ойча, рабілі, — спакойна падбіла бабкі служанка. — Стаяла перад ім, як на гарачым прысаку, і хлусіла, пакуль хапала натхнення...

— Цудоўна! Бог табе заплаціць за гэта, даражэнькая. Пасля таго як пераканаецца, што ты не ашукала мяне. А пакуль зачыніся на ўсе зашчапкі ды завалы ў плябаніі і сядзі ціха. — Пасля гэтых слоў яго праасвяшчэнства ксёндз Казімір Сікірыцкі, як малады, перамахнуў цераз пляцень у здзічэлы вішняк, што чэзне каля яго касцельнай сядзібы, і, прыгнуўшыся, пашыбаваў глухімі задворкамі да арганіста.

Адным словам, нечаканы прыезд Закруткіна ў Жабокрычкі парадкам напалохаў айца Сікірыцкага. І не толькі таму, што на божай службе ён дазваляў сабе грубыя выпады супраць мясцовых улад. Гэты ксёндз быў капеланам аднаго польскага кулацкага карнага атрада на Беласточчыне. Але аб гэтым дакладна ніхто нічога не ведае. Тым не менш айца Сікірыцкага ажно ў пот кідае, калі дзе нечакана ўбачыць каго-небудзь з мясцовых чэкістаў або работнікаў пракуратуры. А пра Закруткіна дык ужо і гаварыць не прыходзіцца. Добрае веданне гісторыі другой сусветнай вайны і яе вогненных віроў у заходніх абласцях Беларусі і за іх межамі бяды не чыніць: «страшэнна старамодны», «недалёкі», нават «цвердалобы» Закруткін, як яшчэ зусім нядаўна гаварылі ў нашым раёне, намнога раней за некаторых сваіх больш «сучасных» і «кемлівых» сяброў па рабоце зразумеў, што за асобнымі касцельнымі скрыпунамі заўсёды стаялі і стаяць не столькі нябесныя, як зямныя сілы, якія ўладарна штурхаюць іх на шпіёнска-дыверсійныя вылазкі супраць Савецкай улады. Гаворка ідзе пра амерыканскіх мілітарыстаў і іх спецслужбы.

Праўда, адразу пасля вайны ў Вашынгтоне асцерагаліся адкрыта прапаведаваць нянавісць да нашай краіны, майстры палітычнай рэкламы, нанятыя ўрадам на службу ў дзяржаўныя ўстановы даволі паспяхова наносілі касметычны грым на агрэсіўны знешнепалітычны курс адміністрацыі. Не адразу рушыла з козамі на торгі і падчэпленае яе генераламі ад разведкі на «залаты кручок» і рэакцыйнае каталіцкае духавенства. Але ўсё гэта оыло шыта белымі ніткамі. Закруткін кажа, што паны амерыканцы яўна перастараліся, бо ў іх праславутым Белым доме зараз на першым плане хлусня і дэмагогія.

Зыходзячы з гэтага, Закруткін мабілізаваў сябе на самую сур’ёзную, як ён сам кажа, барацьбу з унутранай і знешняй рэакцыяй. Мяне гэта, само сабой зразумела, на ногі не падняло, але паварушыць імі я ўжо, здаецца, магу. Пад уплывам Закруткіна мяне нават пацягнула і на ўспаміны, хоць на гэта, па ўсім відаць, я яшчэ не вельмі прыдатны. Ой нездарма медыкі па чарзе дзяжураць каля мяне! А можа, мне гэта прыснілася? Хіба са мной ніколі не было такога? Аднак часам нават зусім безгалосы і глухі чапляецца за жыццё як можа. А сягоння мне карціць даказаць каму-небудзь з маіх новых апекуноў, што і я не ў цемя біты, ведаю, што ёсць людзі (гаворка ідзе не пра драбязу, а высокапастаўленых пярэваратняў у сутанах і партыкулярным адзенні), для якіх няма нічога святога на зямлі. Мы з Антосем удосталь наглядзеліся на іх, выконваючы далікатныя службовыя заданні на мілітарызаваным амерыканцамі Захадзе. Многія з іх да гэтага часу намагаюцца падхомтаць пад сябе ўсе краіны свету і непадзельна кіраваць імі. Асабліва, зразумела, стараюцца вашынгтонскія экспансіяністы тыпу праславутага атамнага маньяка Гары Трумэна і братоў Далесаў. А следам за імі, як і трэба было чакаць, нібы тыя ракі, рушылі ў новы «крыжовы паход» супраць камунізма і ваяўнічыя слугі Ватыкана са сваімі прапагандысцкімі «клюшнямі». Прамое сведчанне аб гэтым, наколькі мне помніцца, пакінуў акрэдытаваны пры Ватыкане амерыканскі журналіст Каміл Чыанфара. «Адразу пасля заканчэння вайны, — пісаў ён, — Пій XII пачаў змагацца за стварэнне магутных антыкамуністычных блокаў».

Не магу не пагадзіцца і з меркаваннямі Закруткіна, які гаворыць, што цяперашні гаспадар апостальскай сталіцы спіць і бачыць усіх нас у пекле. Зараз гэта адзін з самых лютых антыкамуністаў сярод іерархаў каталіцкага духавенства і калі б мог, дык, здаецца, па драбінах і на неба залез бы, каб відней было, што робіцца на «ерэтычным Усходзе». Гэтым, толькі гэтым тлумачыцца і яго красамоўнае «маўчанне» ў час вайны, і ўсе яго чалавеканенавісніцкія знешнепалітычныя акцыі.

Потым, калі мне будзе крыху лягчэй дыхаць, я больш падрабязна раскажу пра гэтага нібыта бязгрэшнага паслугача амерыканскіх мілітарыстаў. Пій XII ужо столькі нарабіў людзям зла, так пакарэжыў ім душы сваімі пропаведзямі нянавісці да камуністаў і іншаверцаў, што яго загадзя могуць кананізаваць у святыя. Ды, калі верыць буржуазнай прапагандзе, ён і так ужо святы, бо ажно заходзіцца ад фанатычнага антыкамуністычнага свербу. Антось некалькі разоў бачыў, як гэты «намеснік Хрыста на зямлі» лісліва дагаджаў рэакцыйным палітычным і дзяржаўным дзеячам некаторых буржуазных краін Заходняй Еўропы і Амерыкі і чапляў на іх розныя рэлігійныя адзнакі.

Сёе-тое назаўжды ўрэзалася і ў маю памяць. Балазе ў канцы саракавых гадоў і мне давялося пабыць у Рыме, дзе ў той неспакойны час проста нельга было абыякава касавурыцца на «бронзавыя вароты» Ватыкана. Але ў маім цяперашнім становішчы лепш паўстрымацца ад такіх успамінаў. Яны непадобны на праўду. Гэта раз. А падругое, ёсць людзі, якім гэта будзе непрыемна слухаць. Адзін ксёндз мне ўжо неяк сказаў, што пра яго царкоўнае начальства трэба гаварыць ціха. У перакладзе на больш зразумелую мову гэта значыць, што яно можа і агрызнуцца...

Аднак пра самае важнае і дарагое для мяне я ўсё раскажу. Былі ж выпадкі, калі я, закаранелы атэіст, забыўшыся на небяспеку, якая мяне падсцерагала на кожным кроку ў «вечным горадзе», паціху прыстройваўся да паломнікаў і разам з імі, як зачараваны, прагна слухаў арганную музыку ў яго славутых каталіцкіх саборах і касцёлах. Бах, Бетховен, Моцарт, Гайдн, Шуберт літаральна запаланілі мяне сваімі геніяльнымі, прасякнутымі светлым разумным уяўленнем пра свет творамі на рэлігійныя тэмы. А потым... Што ж было потым? Ага, мне было страшэнна крыўдна за гэтых гуманістаў. На каго ж яны шчыравалі, каму далі такую магутную зброю ў рукі? Пій XII і хеўра — недарэчны анахранізм, пагібель для ўсяго светлага і прагрэсіўнага, хоць на словах і яны, князі рымска-каталіцкай царквы, перакананыя гуманісты і жыццялюбы.

Памятаю, як аднойчы шумная атара паломнікаў з ПНР абступіла на плошчы святога Пятра тоўстага, як калода, кардынала Цісэрана, сумна вядомага апекуна ватыканскіх духоўных разведвальна-дыверсійных спецшкол для выхадцаў з Усходняй Еўропы, і з усіх бакоў пачала яго тармасіць, каб сказаў, што яму вядома пра здароўе папы, які тады якраз быў хворы. Цісэран прыўзняўся на цыпачкі, акінуў усіх насцярожаным позіркам сваіх зыркіх і калючых вачэй і таямніча ўсміхнуўся. Потым яго румяны твар пацвярдзеў, і над плошчай загучаў строгі наказ:

— Не падайце духам, дзеці мае, нашаму заступніку перад богам зараз ужо нічога не пагражае. Сягоння ён без памагатых схадзіў у прыбіральню...

— Гаварыце, гаварыце! — захваляваліся паломнікі. Але на Цісэрана гэта ўжо не дзейнічала. Ён сваё сказаў — і канец! Паломнікі — людзі прадзімныя, неарганізаваныя, могуць і на кавалкі парваць чалавека, а Цісэрана яшчэ чакала процьма розных царкоўных і свецкіх спраў. Варта было паглядзець, як ён энергічна працаваў локцямі, намагаючыся вымкнуцца з натоўпу, каб пераканацца ў гэтым.

Ох, як я тады многа даў бы за тое, каб мог следам за ім непрыкметна зайсці ў святую канцылярыю Ватыкана і паглядзець, што там робіцца. І не толькі таму, што гэта галоўная штаб-кватэра папы і яго двара. Справа ў тым, што ў яе сценах амаль усе чыноўнікі па загаду Пія XII збіралі, аналізавалі данясенні, якія паступалі ў Ватыкан з усіх канцоў свету, у тым ліку і з краін Усходняй </b>Еўропы, і літаральна завальвалі амерыканскіх джэймс бондаў антыкамуністычнай і антысавецкай лухтой. Амерыканцы ж у сваю чаргу «прасвятлялі» папу, дзейнічаючы па прынцыпу «рука руку мые». Падбадзёраны сваімі новымі хаўруснікамі па барацьбе з камунізмам у час шумных султанскіх гастроляў англійскага прэм’ера Уінстана Чэрчыля, Пій XII да таго расхрабрыўся, што неўзабаве з вышыні свайго нябеснага інтэлекту афіцыйна аб’явіў сацыялістычны лад «з’явай выпадковай, якая ў бліжэйшы час знікне з гістарычнай арэны».

А мне тады прыгадаўся адзін з самых бліскучых памфлетаў Яраслава Галана, які вандраваў па свеце пад назвай «Плюю на папу». Галан ведаў, што Пій XII — закаранелы цынік, фашыст і такім ужо, напэўна, да самага скону будзе. А па факты далёка хадзіць не трэба. Агульнавядома, што і сам пісьменнік хутка стаў ахвярай яго крыважэрнай палітыкі. Густым воўчым духам патыхала і ад апостальскага паслання Пія XII да народаў Расіі (1952), у якім гэты тэўтон дваццатага стагоддзя заклікаў іх адрачыся ад камунізма і прыняць каталіцызм. Калі ж ніхто на пасланне не клюнуў, раззлаваны Пій, нібы біблейскі цар Ірад, пачаў пагражаць страшным судом усяму прагрэсіўнаму чалавецтву. На самых высокіх антыкамуністычных нотах, зразумела, таму нават у самыя, здавалася б, набожныя святочныя дні Ватыкан то блішчыць, то трашчыць. І гэта натуральна, бо не бог, як гэта сцвярджаюць ксяндзы, а створаны амерыканцамі ў 1949 годзе агрэсіўны Паўночнаатлантычны блок стаў для цяперашняга верхавода каталіцкага духавенства «лепшай гарантыяй будучыні» і найбольш дзейснай зброяй супраць «бязбожнасці».

Уяўляю сабе, як цяпер урачыста і хораша спявае славуты хор кастратаў у саборы святога Пятра, дзе Пій XII цяпер выступае перад веруючымі з антыкамуністычнымі пропаведзямі на фоне новых, на гэты раз цалкам праамерыканскіх дэкарацый. Мяркуючы па расказах маіх польскіх калег, якія пасля мяне пабывалі ў Рыме, усё ў папскім храме ідзе як па масле: кастраты гарланяць асанну ўсявышняму, Пій XII, набожна склаўшы свае худыя старэчыя рукі, як ні ў чым не бывала, гне сваю чалавеканенавісніцкую лінію, а веруючыя ўважліва яго слухаюць ды усё ніжэй і ніжэй гнуцца долу.

Амерыканскія канцэпцыі барацьбы з камунізмам з маўклівай згоды Пія XII леглі ў аснову дзейнасці ўсіх іерархаў рымскай курыі, а клерыкальныя летапісцы Ватыкана, як нанятыя, да гэтага часу трубяць, быццам гэта самыя высакародныя і сумленныя людзі. Аб гэтым можна было б і не гаварыць. Так, па крайняй меры, мне думалася раней. А цяпер — хочацца папрасіць прабачэння ў сваіх сяброў і знаёмых. Абельванне рэакцыйнага каталіцкага духавенства прыняло такія маштабы, што нават і колішнія шашні з фашысцкімі рэжымамі Італіі, Іспаніі і гітлераўскай Германіі яму ўжо шмат дзе ставяцца ў заслугу.

Хто ж гэта, а, здаецца, французскі паэт Поль Валеры аднойчы з непрытоеным сарказмам назваў гісторыю «самым небяспечным прадуктам, які выпрацоўвае хімія інтэлекту». Думаецца, ён меў на ўвазе перш за ўсё гісторыю Ватыкана. Інакш чым жа растлумачыць той факт, што пад канец свайго жыцця Поль Валеры, як і многія іншыя яго сябры па пяру, хадзіў у перакананых «ерэтыках». Добра, ой як добра было б, каб гэта здарылася з кожным, як з зарубежным, так і з нашым, савецкім, літаратарам. Я не такі ўжо грамацей у палітычных адносінах, каб без адчувальных страт для свайго сціплага, назавём яго журналісцкім, аўтарытэту спрачацца з больш начытанымі за мяне і шматвопытнымі летапісцамі каталіцызму і ксяндзамі. А іх, як Закруткін кажа, трэба з неабвержнымі доказамі ў руках далікатненька ставіць на свае месцы, каб часам не надарваліся, прапаведуючы антыкамуністычнае вучэнне апостала Пія.

Няхай мне даруюць сумленныя свяшчэннаслужыцелі, я не з тых, хто стрыжэ ўсё духавенства, у тым ліку і нашых, беларускіх, ксяндзоў, пад адзін грэбень. Толькі мне цяжка зразумець, чаму на палітычнай арэне амаль зусім не відаць памяркоўных прапаведнікаў слова божага. Зараз, калі яшчэ не ўсё запаветрана бацыламі зла і нянавісці, такія душпастыры маглі б зрабіць нямала добрага для чалавецтва. Падумаеш аб гэтым — на душы лягчэе, а ўспомніш пра бачанае і чутае у Ватыкане — міжвольна закрычаць хочацца. «Годзе дурыцца! Дзе ж ваша сумленне, святыя айцы! Людзі не жывёлы бяздумныя, яны могуць і... моцна пакрыўдзіцца на вас».

Але гэта, мусіць, гучыць рэзка. У духу закаранелых дагматыкаў і максімалістаў. Таму дазволю сабе нагадаць, як некаторыя служкі Ватыкана «ўмацоўвалі» свой аўтарытэт у дні Вялікай Айчыннай вайны, заклікаючы сваіх прыхаджан падпарадкавацца акупантам, не караць, а падтрымліваць іх паслугачоў, хоць, як вядома, гэта былі замацярэлыя падонкі. Перамешваючы слова божае з замусоленымі антысавецкімі выдумкамі, яны ў сваіх пропаведзях з амбонаў дагаварыліся да таго, быццам нямецкі фашызм быў панацэяй ад усіх зямных хвароб чалавецтва. «Радаснай весткай» для самой дзевы Марыі было аб’яўлена стварэнне гітлераўцамі так званай «Беларускай цэнтральнай рады» на чале з былым халуём польскай санацыі Радаславам Астроўскім. А ксяндзы Казімір Сікірыцкі і Андрэй Касмовіч, зачараваныя яго змрочнай антынароднай дзейнасцю, неўзабаве і самі сталі яе актыўнымі функцыянерамі.

Характэрна, што нават такі прававерны католік, як пан Томчак, насцярожана касавурыўся на гэтых «святых айцоў» як на патэнцыяльных правакатараў, хоць заўсёды сустракаў іх у сваім лясным антысавецкім вужачніку ўрачыста як неразлучных сяброў: з пляшкай моцнай самагонкі і ігральнымі картамі ў руках. На гэтай, з дазволу сказаць, духоўнай аснове ён будаваў свае ўзаемаадносіны і з польскімі ксяндзамі. Сапраўды шчырых прапаведнікаў свяшчэннага пісання сярод іх было вельмі мала. А заядлых канфрантатараў і без іх хапала. Таму ніхто асабліва і не дагаджаў блудлівым ландскнехтам Піевай раці.

Па іроніі лёсу і, як відаць, недагляду Польскага епіскапата капеланам Томчакавай банды быў нейкі гнілы, як падмарожаны грыб, п’янчуга з Панявежыса. Я нават ужо не памятаю, як яго называлі. Ведаю толькі, што, наглядаючы за яго «пастырскай» дзейнасцю, Томчак не раз то дзіка рагатаў, то калаціўся ад гневу і абурэння. «Пракляцце! Ты ж мяне без нажа зарэжаш, кур-р-аня печанае! — крычаў ён, пырскаючы слінай.— Не байкамі аб сваёй бязгрэшнасці, а святым распяццем благаслаўляй маё гераічнае войска на мокрыя, не, не на мокрыя, а на свяшчэнныя справы, халера ясная! Паглядзі, як яно абыякава пазяхае, слухаючы цябе. Пачынай усё з катэхізіса, ясна!..»

Капелан прыкідваўся глухім. Маўляў, старасць не радасць: як апануе чалавека, дык і ўсявышні ўжо не паможа. Яго міласцю толькі адзін Муфасаіл, як сказана ў свяшчэнным пісанні, 969 гадоў жыў прыпяваючы. А тым, што пазней за яго нарадзіліся — дудкі! — гасподзь бог ніколі не даваў і не дасць ужо такой патолі.

Карацей кажучы, маральная дэградацыя слугі божага не прайшла бясследна для гідлівага ад прыроды ашчаропка пілсудчыны. Дастаткова сказаць, што ён перастаў хадзіць на набажэнствы. А потым, калі капелан недзе адстаў ад нас па дарозе ў Польшчу, Томчак нават не паведаміў аб гэтым свайму начальству ў Лондане. Гаварыў, што сам пашукае новага душпастыра. А як не знайшоў — пачаў груба лаяцца: «Заеліся, паршыўцы! Мы ўжо адзін аднаго не пазнаём, закажанелі ў глухіх барах ад каросты і бруду, а ксяндзы, як гракі, не жнуць, не сеюць і ад бясхлебіцы не млеюць. У любую пару года, пся крэў, малітвамі за спачын камунізма кормяцца!»

Цікава, што гэты замацярэлы на палітычных правакацыях і бандытызме санацыйны гора-ваяка сказаў бы пра Ватыкан і яго служак сягоння? Відаць, гэта засталося б у глыбокім сакрэце. Польская рэакцыя як у самой Польшчы, так і за яе рубяжамі апошнім часам стала больш цярплівай і абачлівай. Нават адпетыя рабаўнікі і забойцы з былых карных паліцэйскіх і армейскіх фарміраванняў даваеннага часу, многія з якіх у арміі Андэрса выбіліся ў палкоўнікі ды генералы, на старасці паразумнелі і ўтаймаваліся — ад пятай чаркі спіртнога даволі прыстойна трымаюцца, ёсць, што і ад дзесятай на сваіх уласных хадулях выструньваюцца і адзін аднаму аддаюць чэсць. Буржуазная прапаганда даўно абяліла іх, зрабіла «нацыянальнымі героямі польскага народа», старанна павыкрэсліваўшы з іх біяграфій цэлыя перыяды па-бандыцку пражытага жыцця. Але забывацца на мінулае небяспечна. Яшчэ больш неразумна груба фальсіфікаваць яго. Нават ацалелыя абшарнікі і фабрыканты трымаюцца ад гэтых гора-ваяк на значнай адлегласці. Ёсць, што і душпастырам іх не вельмі давяраюць. Святыя саўдзельнікі дзікіх вальпургіевых начэй у даваеннай буржуазна-памешчыцкай Польшы і на чужыне часта буянілі пасля смяртэльных папоек і карцёжных баталій у ігральных дамах шумных арыстакратычных бедламаў капіталістычнага свету. Пакуль фінансы іх лонданскага «ўрада» не «пелі рамансаў», зразумела. А як «запелі» — амаль увесь гэты буржуазны палкоўніцка-генеральскі «цвет польскай нацыі» перайшоў на ўтрыманне амерыканскай і заходнееўрапейскай буржуазіі. На антыкамуністычным «бязрыб’і» гэта было самае таннае і разам з тым надзейнае падспор’е для яе падрыўных прапагандысцкіх і разведвальных цэнтраў.

Нібы скрозь туман бачу, як адзін польскі буржуазны «ўрадовец» стараўся на амерыканцаў у адведзеных яму ЦРУ атэлях Мюнхена. Мы з Антосем на колькі дзён затрымаліся там па дарозе ў Парыж, дзе мелася адбыцца рэгіянальная партыйная канферэнцыя французскіх камуністаў польскага і беларускага паходжанняў. Не здзіўляйцеся, гэта не выдумка, а аб’ектыўная рэальнасць капіталістычнага свету. Рэальным было і тое, што нам з Антосем (Метак якраз быў на нейкіх міліцэйскіх зборах) было наканавана тады апрабаваць свае «крылы» сярод шматвопытных і не чужых нам прадстаўнікоў прагрэсіўнай польска-беларускай эміграцыі. Гэта былі мужныя, рашучыя і верныя сваёй справе людзі. Нас яны сустрэлі прыветліва, але без асаблівага энтузіязму. Былі нават ахвотнікі перадаць нас сваім «баевікам». Гэта пасля таго, як Антось, убачыўшы сярод іх аднаго добра знаёмага нам рагулеўца, на поўным сур’ёзе заявіў, быццам мы прыехалі на канферэнцыю «адкрыць вочы эмігрантам-камуністам на іх памылкі». Як прадстаўнікі так званых «маладых ахвяр пасляваенных падзей у ПНР». І з адпаведнымі паўнамоцтвамі, зразумела.

Пасля некаторага замяшання арганізатары канферэнцыі «паверылі» нам. А ўсё астатняе, як гаворыцца, само прыклалася: спадар рагулевец перастаў асцерагацца нас, чым, уласна кажучы, з галавой і выдаў сябе як правакатар.

І ўсё ж галоўнае для нас, «маладых ахвяр пасляваенных падзей у ПНР», пачалося не ў Парыжы, а ў Мюнхене, дзе мы пасля даволі ўдалых гастроляў у Рыме нечакана напароліся на ўжо названага мной «урадоўца». Як ён тады хадзіў каля нас! Як стараўся паддобрыцца да абодвух адразу, а пасля і да кожнага паасобку! З «цэнтра» нам паведамілі, што гэта вельмі хітры і драпежны найміт ЦРУ, але не раілі асабліва насцярожваць яго празмернай абачлівасцю. Гэты адшчапенец адрозніваўся незвычайнай назіральнасцю і халуйскай вернасцю сваім гаспадарам. Яго напамаджаная брыльянцінам галава заўсёды была бітком набіта рознымі варыянтамі падрыўной дзейнасці супраць Польскай Народнай Рэспублікі і яе ўрада. Незалежна ад палітычнага надвор’я ў Мюнхене ён мог стукнуць кулаком аб стол і закрычаць: «Кар-р-рамба! Няхай мяне гром заб’е, калі камуністы доўга ўтрымаюцца ў Польшчы! У іх жа планы з Манбланы, а рэсурсаў, халера ясная, нават і на яду не хапае! Каб і не хацелі — амерыканцам да ног паклоняцца... Толькі ніякай спагады чырвоным галадранцам не будзе, хоць яны і палякі. Не будзе — і канец!»

Але час ішоў, а «чырвоныя галадранцы» неяк самі спраўляліся са сваімі бедамі. Пан «урадовец» не ўлічыў, што яны, гэтыя малазразумелыя для яго людзі, былі не адны і ў адрозненне ад такіх, як ён, «сапраўдных сыноў польскага народа», не баяліся ні голаду, ні холаду і няхай і не адразу, але няўхільна выконвалі нават самыя, здавалася б, нездзяйсняльныя планы. Гэта, безумоўна, бянтэжыла яго. Аднак знешне па-ранейшаму ён быў прававерны праамерыканец, гатовы разысціся на ўсе застаўкі, каб даказаць сваю запаветраную іх антыкамуністычнай прапагандай найміцкую праўду. Яго арганізм няспынна патрабаваў разрадкі. Улічваючы гэта, мы «страшэнна неахвотна», з «агаворкамі», але ўсё ж выкарысталі свайго няпрошанага апекуна як бясплатнага гіда па незнаёмым горадзе, потым як палітычнага «павадыра» па легальных і нелегальных «штаб-кватэрах» польскіх, беларускіх, літоўскіх і нават украінскіх буржуазных нацыяналістаў. Пан Ян Новак — так усе яны называлі гэтага кадравага цэрэушніка — пазнаёміў нас і з многімі цяперашнімі супрацоўнікамі сумна вядомых радыёўтрыманак ЦРУ «Свабода» і «Свабодная Еўропа». Пераважная большасць іх, праўду кажучы, тады яшчэ дакладна не ўяўляла сабе, што гэта за ўстановы, і бяздумна праядала і прапівала нялічаныя грошы вашынгтонскіх авансадаўцаў.

Само сабой зразумела, што нам з Антосем свярбела перш за ўсё пабачыцца з беларусамі, якіх паны з Ленглі пасля вайны прыбралі да рук і пачалі школіць у сваіх шпіёнска-дыверсійных вужачніках на дыпламаваных здраднікаў. Трэба сказаць, што сярод гэтых навучэнцаў пад рознымі маскамі хаваліся ўцалелыя агенты СС і СД, выпускнікі Дэльвіцкай разведвальна-дыверсійнай школы (Усходняя Прусія), «камандзёры» былой так званай Беларускай краёвай абароны (БКА). Нянавісць да камунізма, фанатызм гэтых ашчаропкаў гітлераўскага «новага парадку» неабвержна сведчылі аб далёка ідучых намерах амерыканцаў. Па сутнасці яны ўжо тады ў пажарным парадку рыхтавалі сабе гатовую на любыя правакацыі антыкамуністычную раць.

Пан Новак быў сваім чалавекам і сярод гэтай публікі. Таму мы неўзабаве ўжо дакладна ведалі, што яе лідэры — двойчы здраднікі, бо здрадзілі польскай санацыі і беларускаму народу, адпетыя нягоднікі, але стараннямі сваіх новых босаў сталі «няшчаснымі ахвярамі гістарычнай несправядлівасці», «змагарамі за Беларутэнію без камуністаў», «адзінымі прадстаўнікамі беларускага народа на чужыне». Асабліва пашанцавала католікам і уніятам. Ватыкан мог, але не адлучыў іх ад царквы як лютых ворагаў чалавецтва, а міласціва ўзяў пад сваю самую зацікаўленую апеку. Ці трэба гаварыць, як гэта падняло на духу яго блудных сыноў. Сярод жа іх былі такія свяцілы розных фашысцка-нацыяналістычных арганізацый, што нават сляпая ад прыроды амерыканская Феміда доўга трымалася ад іх убаку.

Зрэшты, яе «нейтралітэт» быў адменным прыкрыццём для былых фашысцкіх паслугачоў вышэйшага рангу. Возьмем, напрыклад, Станіслава Станкевіча. Былы бургамістр Барысава, арганізатар знішчэння некалькіх тысяч савецкіх людзей, зараз ужо літаратурны аглядальнік праславутай «Свабоды», пазаштатны навуковы супрацоўнік амерыканскага «Інстытута па вывучэнню СССР» у Мюнхене і адначасова рэдагуе тэарэтычна-ідэалагічны орган БНР «Бацькаўшчына».

Такімі ж, калі яшчэ не больш працавітымі суцягамі аказаліся і прыгрэтыя Ватыканам былыя фашысцкія паслугачы Леў Гарошка і Чэслаў Сіповіч. Пад чулым кіраўніцтвам ЦРУ яны перабраліся ў Лондан і пад прыкрыццём манаскага ордэна мар’янаў стварылі дзве «шпікалоўкі» — так званы беларускі музейна-бібліятэчны комплекс імя Францыска Скарыны і школу-інтэрнат для перамяшчэнцаў і эмігрантаў. На базе гэтых нібыта бяскрыўдных культурнавыхаваўчых устаноў дзейнічае самая звычайная англа-амерыканская шпіёнска-дыверсійная школа. Выкладчыкамі ў ёй шчыруюць кіруючыя дзеячы ХАБРа — Харытатыўнага аб’яднання беларусаў Вялікабрытаніі, сярод якіх ледзь не ў нацыянальных героях ходзяць былыя агенты СС і СД, «камандзёры» нябожчыцы Беларускай краёвай абароны Барыс Рагуля і Аляксандр Надсан, ён жа Бучко, правадзейны манах ордэна мар’янаў. Нібы тыя магільныя прывіды, панура сноўдаюць там былыя чыноўныя ашчаропкі вермахта — прэзідэнт «Беларускай цэнтральнай рады» Радаслаў Астроўскі і камендант мірскай раённай паліцыі, а затым «камандзёр» спецыяльнага карнага атрада «Ягдцуг» Сямён Серафімовіч. Няцяжка здагадацца, каго яны школяць, каму і дзеля чаго перадаюць свой багаты здрадніцкі вопыт барацьбы з уласным народам...

Але гэта змрочная быль пяцідзесятых гадоў. А ў саракавыя амаль усе цяперашнія платныя ландскнехты дзядзькі Сэма, як гаворыцца, варыліся ў сваім саку. За час азнаямленчых візітаў па пажыўных месцах польска-беларускай клерыкальна-нацыяналістычнай і фашысцкай рэакцыі нам з Антосем удалося толькі больш верагодна ўдакладніць, хто ёсць хто. На думку пана Новака, пасля гэтай акцыі мы і самі прыкметна яшчэ больш паправелі, сталі сапраўднымі антыкамуністамі.

Зараз у мяне, як гаворыць Закруткін, прафілактычныя канікулы. Пры жаданні я нават сам магу іх прадоўжыць або скараціць, каб вярнуцца дадому бадзёрым і здаровым. А тады, восенню сорак дзевятага года, пані Фартуна магла і злосна пажартаваць над намі. Дастаткова сказаць, што акрамя рэакцыйных эмігранцкіх малін, у Мюнхене ўжо адкрыта дзейнічалі і неанацысцкія падрыўныя прапагандысцкія і шпіёнска-дыверсійныя цэнтры, замаскіраваныя пад розныя рэлігійныя і свецкія дабрачынныя ўстановы і арганізацыі. Мясцовыя камуністы, сацыялдэмакраты, левыя католікі і лютэране па меры сваіх сіл змагаліся з гэтымі «паганкамі на руінах трэцяга рэйха». Але, падбадзёраныя вашынгтонскімі стратэгамі «халоднай вайны», нямецкія рэваншысты на чале з ачмурэлым дэмахрысціянінам Конрадам Адэнаўэрам ужо, як гаворыцца, і лыкам... плявалі ў напрамку Савецкага Саюза і краін народнай дэмакратыі. Дарваўшыся да ўлады, Адэнаўэр стаў другім пасля рымскага папы Пія XII каталіцкім магістрам зла і нянавісці. Аб гэтым з асалодай трубіла клерыкальна-неанацысцкая прэса. Яе выдаўцам імпанавала воўчая хватка хрысціянствуючага гарлахвата, які ў якасці канцлера і міністра замежных спраў ФРГ адразу ўзяў курс на канфрантацыю з краінамі сацыялізма, намагаючыся вярнуць ваяўнічай германскай буржуазіі страчаныя пазіцыі. Адно не падабалася англа-амерыкана-французскім апекунам новага фюрэра дэмахрысціянскіх экспансіянераў: многія грамадзяне ФРГ, у тым ліку нават і дэмахрысціяне, наглытаўшыся рэваншысцкага чаду, мала верылі паліцыі (бундэсвера ж яшчэ не было), суддзям, прэсе і нават царкве. Аб гэтым яскрава сведчылі рэпрэсіўныя паліцэйскія мерапрыемствы супраць праціўнікаў рэакцыйнага дэмахрысціянскага рэжыму ў Кёльне, Франкфурце-на-Майне, Гамбургу і некаторых іншых гарадах гэтай неспакойнай краіны.

Антыадэнаўэрскія настроі ўсё глыбей пранікалі і ў эмігранцкае асяроддзе. Я маю на ўвазе тых нашых суайчыннікаў і землякоў, што пад сцягамі розных краін змагаліся супраць фашызму. Амерыканцы не спяшаліся адпускаць іх дадому, каго бізуном, а каго і пернікам стараліся завербаваць у сваю драпежную антысавецкую раць, але асаблівых поспехаў у гэтай бруднай справе не дасягнулі. Наадварот, былі выпадкі, калі даведзеныя да адчаю так званыя рускія невяртанцы з голымі рукамі кідаліся на іх, патрабуючы неадкладнай адпраўкі дадому.

Мы з Антосем усё гэта бачылі, часам нават і самі пад шумок пускалі ў ход кулакі, але казырной картай у ігры з панам Новакам у нас была «несумяшчальнасць» з камуністамі. Толькі мы, як аб гэтым пасля гаварылася ў адной праамерыканскай эмігранцкай газетцы, з «юнацкай непасрэднасцю, дзёрзка шпурнулі гэту карту на стол чырвоным» не ў Мюнхене, а ў Парыжы. Не скажу, што такі ход быў самы разумны ў барацьбе за далейшае ўмацаванне свайго становішча на варожым нам Захадзе. Але факт застаецца фактам: не прайшло і трох ці чатырох дзён, як нас літаральна пачалі разрываць на кавалкі мясцовыя верхаводы польскіх і беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Потым прыехаў у Парыж пан Новак і перасцярог нас, каб да пары да часу асабліва не заядаліся з камуністамі. Гэта, на яго думку, магло толькі пашкодзіць нам, «палітычна яшчэ сляпым і неабучаным баевікам польскага маладзёжнага антыкамуністычнага руху».

Прыемна было пачуць гэта ад дэградзіраванага польскага арыстакрата. У нашым становішчы яго атэстацыя была доўгачаканым дарам лёсу. Мы не пакрыўдзіліся б на пана Новака і за тое, калі б ён уладкаваў нас у які-небудзь свецкі або духоўны каталіцкі разведвальна-дыверсійны хедар. Тым больш што ў тагачасным ідэалагічным жыцці Францыі, як, зрэшты, і ўсяго Захаду, панавала страшэнная блытаніна. А нам трэба было лепш за сваіх праціўнікаў — пана Новака і яго заакіянскіх босаў — разбірацца ў ёй.

Адзін з парыжскіх дружкоў Новака, назваўшыся аўтарам шэрагу гістарычна-літаратурных прац, расказаў нам, як яму давялося падганяць свае публікацыі пад жорсткія патрабаванні капіталістычных, выдаўцоў. Па ўсім відаць, гэта быў вельмі непрыемны занятак, калі і ў размове з намі ён белае блытаў з чорным, а чорнае з белым. Тым не менш настрой у гэтага няўдачлівага буржуазнага летапісца быў адменны, як у самага сумленнага чалавека. Рэкламуючы свае творы, ён не саромеецца гаварыць: «Сапраўднае пасляваеннае жыццё ў збальшавізаванай Польшчы — аснова маіх кніг — прымусіць лідэраў Злучаных Штатаў Амерыкі і заходнееўрапейскіх краін у самы бліжэйшы час аб’явіць і «гарачую» вайну Савецкаму Саюзу, бо «халодная» — камарыны ўкус для яго».

Сімптаматычна, што ролю галоўнага адваката такіх «гісторыкаў» следам за амерыканцамі ўзяло на сябе і каталіцкае духавенства не толькі за рубяжом, але і ў Польшчы. Ёсць вельмі сур’ёзныя падставы меркаваць, што гэтая нібыта бяскрыўдная праваабарончая акцыя ўзгоднена з нашымі колішнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі і разлічана... Ды што казаць! Ватыкан для шмат каго з нас, малаабазнаных з каталіцызмам людзей — Атлантыда, Бермудскі трохкутнік. А пад ляжачы камень, як у народзе кажуць, вада не пацячэ. Не можа пацячы. Гэта закон прыроды.

Мы з Антосем яшчэ не ведалі, куды нас «выжывуць» з Польшчы камуністычныя ўлады, з выклікам бадзяліся па зруйнаваным вайной Шчэціне ў «рэабілітаваных імі жалнерах Арміі Краёвай», калі па мясцовых касцёлах і кляштарах, а затым і па горадзе папаўзлі чуткі, што «папеж» канчаткова разгневаўся на ерэтыкаў. Здаровыя, як быкі, дзецюкі ў манаскіх апранахах, баязліва азіраючыся, шапталі абывацелям, што 7 верасня 1947 года, выступаючы на плошчы св. Пятра перад актывістамі вернага Ватыкану «Каталіцкага дзеяння», ён заявіў: «Каштоўная кожная мінута. Пара роздумаў і праектаў прайшла. Настаў час дзейнічаць. Вы гатовы? Два варожыя лагеры ў галіне рэлігійнай і маральнай вызначаюцца з усё большай яснасцю. Прабіў час выпрабаванняў».

А затым, у сваім пасланні веруючым, гэты крыважэрны ўладыка рымскай курыі аб’явіў «дэзерцірам і здраднікам кожнага, хто акажа матэрыяльную падтрымку, запрапануе свае паслугі і здольнасці, дапамогу і голас партыям або ўрадам, якія не прызнаюць бога». Усім было ясна, каго меў на ўвазе Пій XII пад гэтымі апошнімі: камуністаў Італіі, Савецкага Саюза, краін народнай дэмакратыі і г. д. Толькі, на вялікі жаль, не ўсе сур’ёзна аднесліся да цемрашальскіх заклікаў гэтага Пія і гуляюць у кошкі-мышкі з яго ландскнехтамі, як сляпыя!..

Шкада, што ў мяне пад рукамі няма каталіцкіх газет з паведамленнямі аб «эфектыўнай місіянерскай дзейнасці святых айцоў» у Венгрыі, Чэхаславакіі, дзе веруючыя яшчэ дакладна не ведалі, якія гэта хітрыя і двурушныя шарлатаны. Пасля выступлення Пія XII некаторыя з іх замест аплаткаў з епіскапальных прасвірняў паціху выдавалі веруючым аўтаматы, пісталеты, гранаты, кулямёты...

Калі не памыляюся, у Івана Пятровіча Закруткіна таксама моташна на душы. Усё ж такі ён практык, а не канцылярыст. Не ведаю, як іншыя работнікі пракуратуры, а ён пасля апошняй сустрэчы з айцом Сікірыцкім не прапусціў ні адной большменш сур’ёзнай публікацыі пра Ватыкан і яго ўнутраную і знешнюю палітыку. Толькі яны вельмі рэдка з’яўляюцца ў друку. А без добра наладжанай інфармацыі аб кожным падазроным руху нашых ідэйных праціўнікаў, сказаў ён мне, можна толькі пераплёўвацца з імі цераз граніцу. Нават калі ёсць неабвержныя доказы варожай дзейнасці таго ці іншага клерыкальна-нацыяналістычнага дыверсійнага цэнтра ў Заходняй Еўропе або за акіянам. А гэта ўжо не барацьба, а толькі адзін ілюзорны выгляд яе, канцылярскі міраж!

Характар у мяне бацькаў, спакойны, але, слухаючы Закруткіна, я, як і ён, моцна перахваляваўся. Колькі разоў і я казаў аб гэтым некаторым яго калегам. Але ім чамусьці свярбела ўсё абвяргаць. Маўляў, не на тых нарваўся, самі з немалымі вусамі, шманаем, што да чаго. Карона ў мяне з галавы пасля такіх размоў не ўпала, але на душы ўсё ж такі балючых рубцоў засталося нямала. Не хапала яшчэ, каб мяне зноў узялі ў абароты як цудам ацалелага ворага народа. Між тым я — паўнапраўны грамадзянін СССР, камуніст, выбарны старшыня Зачэпіцкага сельсавета. У адпаведнасці з гэтым, як відаць, мне трэба было калі не ў Маскву, дык у Мінск ехаць. Думаю, менавіта так я і зрабіў бы, калі б вельмі прыспічыла. Наогул жа мне жылося нядрэнна. Нават цяпер, праўду кажучы, я не збіраюся панікаваць, таму ціха шапнуў Закруткіну:

 

<b>Мае ворагі збіліся з ног!</b>

<b>Кожны ў ролі суддзі</b>

<b>На той свет вызначаў мне напрамак.</b>

<b>А я пальцам крануць іх не мог,</b>

<b>Бо ў панах не хадзіў.</b>

<b>І ў вялікім начальстве — таксама...</b>

 

Закруткін паскроб адну шчаку, потым — другую, але не прамовіў ні слова. Штосьці, як відаць, не спадабалася яму ў маёй вершаванай бравадзе. Але што рабіць, калі мне карцела і яму дапячы. Невысокі ростам, хударлявы, з нейкім невыразным шэрым тварам, увесь напружаны (я ж не падумаў, што ляжу пластом увесь у бінтах і гіпсе), ён заклапочана свідраваў мяне мутнымі ад бяссонніцы вачамі і паблажліва ківаў галавой. Мяне гэта да глыбіні душы абурыла. Відаць, нехта зноў навешаў на мяне чортаў тузін ярлыкоў на пагібель, падумаў я, але не ўзарваўся, а прамаўчаў, нічога лішняга не сказаў Закруткіну, хоць на языку ўжо былі адпаведныя словы. Нібы адчуўшы гэта, ён паволі ўстаў, наліў з графіна ў шклянку вады і падаў мне.

— Зрабі пару глыткоў! — сказаў суха, але без злосці. — Твае ворагі яшчэ і сюды, у бальніцу, могуць наскочыць. А мне гэта непатрэбна...

— Можаце не паўтараць, я зразумеў вас, Іван Пятровіч,— ледзь чутна прамовіў я. Але, мабыць, зрабіў гэта не адразу, бо на месцы Закруткіна каля мяне ўжо завіхаліся дзве медсястры з кіслароднай падушкай і шпрыцамі.

 

2

Распрацоўваючы план нашай паездкі на Захад, арганізатары яе, такія ж, як і мы, дылетанты ў пытаннях контрразведкі, хоць ужо былі і кадравікамі, без паглыбленага зандзіравання, але даволі дакладна намецілі групу асоб, якія там пад сцягамі буржуазных, у прыватнасці амерыканскіх, спецслужбаў плялі змовы супраць Польскай Народнай Рэспублікі. Назваўшы іх прозвішчы, кіраўнік аперацыі сказаў: «Мы мала што пра іх ведаем, і для вас гэта — нераскушаныя арэхі. Таму не напускайце на сябе таямнічага выгляду, а будзьце ў таварыстве гэтых скурвісынаў натуральнымі, як свежыя агурочкі з іх дачных агародаў на задворках капіталістычнага свету. Ваша задача — як мага больш дакладна і аб’ектыўна разабрацца, чаго ім трэба ад нас. Ніхто не папракне вас, калі крыху пагуляеце з імі ў паддаўкі, так, як вы гэта ў Томчакавым гарнізоне рабілі. А калі нічога не выйдзе — ірвіце кіпцюры назад у ПНР. Толькі і ў такім выпадку да канца не адкрывайцеся гэтай погані, чэрці лазатыя!»

Лёгка сказаць «да канца не адкрывайцеся». Ад нас і так за вярсту несла апаленым вайною правінцыялізмам, лясной бесшабашнасцю, мужыцкай нязграбнасцю. Патомныя польскія шляхцюкі былі з намі прыветлівыя, але глядзелі як на беспрасветных невукаў і дзікуноў. Ды мы і не прэтэндавалі на большае. Кароткатэрміновыя курсы пры Міністэрстве ўнутраных спраў ПНР амаль нічога нам не далі. Жыццё на Захадзе аказалася больш складаным, чым нам гаварылі. Праўда, у Рыме і Мюнхене, як я ўжо расказваў, нам яшчэ як бы пашанцавала: нават самыя яснавяльможныя важакі мясцовай ваяўнічай арыстакратыі прызнавалі нас за сапраўдных акоўцаў, цягалі на свае сходы і мітынгі. А ў Парыжы і Лондане разведчыцкая фартуна нам не надта спрыяла: толькі як следам за намі прыпаўзла чутка, што мы не проста лясныя бадзягі, а цудам ацалелыя баевікі «антыкамуністычнай вайсковай адзінкі», якою да 1947 года камандаваў у глыбокім падполлі падпалкоўнік правага крыла Арміі Краёвай пан Томчак, асобныя парыжскія, а затым і лонданскія палітыканчыкі пачалі прыкмячаць і называць сваімі сябрамі. Імя нябожчыка Томчака гіпнатызавала салонных ваяк, рабіла іх больш ветлівымі і шчырымі ў адносінах з намі. Толькі цешыцца гэтым было яшчэ вельмі рана.

Нагадаю, што польская эміграцыя, як сумна жартуюць яе суайчыннікі на радзіме, самая шматлікая і шумная на свеце. Дамінуючую ролю ў ёй іграюць не лонданскія скрыпуны, а карэнныя польскамоўныя грамадзяне ЗША, Канады, Англіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі, краін Лацінскай Амерыкі і Аўстраліі. Многія з іх выбіліся некалі там у верхнія эшалоны ўлады і сталі прафесійнымі буржуазнымі палітыканамі. Асабліва пашанцавала на такіх пралаз амерыканцам. Радавыя грамадзяне ЗША, як правіла, ледзьве канцы з канцамі зводзяць, бо жывуць з мазаля рук сваіх, а гэтая публіка і ў вус не дзьме: перш за ўсё сябе абараняе, сваё жыццё, нават свае антынародныя ўчынкі.

У адным нешматлюдным месцы пад Парыжам нам з Антосем гэту ісціну па-бацькоўску адкрылі два пажылыя даваенныя дружкі пана Томчака, падабраныя, як яны нам самі сказалі, хапунамі Гары Трумэна на карчомных задворках Заходняй Еўропы. А сярод іх, гэтых хапуноў, акрамя праславутых братоў Далесаў, якія ўжо давялі ЗША да татальнай антыкамуністычнай ліхаманкі, былі і амерыканцы польскага паходжання. Лонданскімі братамі ў антыкамунізме яны толькі самыя брудныя падрыўныя аперацыі абстаўлялі. Адсюль, значыцца, і танцаваць нам трэба было, намагаючыся правільна разабрацца ў абставінах, якія тады панавалі ў паланіўшым асяроддзі.

Што ж, мы так і зрабілі. Толькі для гэтага спатрэбілася яшчэ раз пабываць на Захадзе.

 

Замах на гісторыю

 

1

Нашы парыжскія дарадчыкі мелі рацыю: «падданым» лонданскага буржуазнага ўрада сапраўды адведзена самая брудная, нават агідная роля ў «халоднай вайне» супраць Польскай Народнай Рэспублікі і іншых краін сацыялізма. Для іх проста не знайшлося чыстай работы ў мілітарызаваным адміністрацыяй Трумэна капіталістычным свеце. Падрадзіўшыся верай і праўдай служыць замацярэлым у антыкамунізме цемрашалам, многія «сенатары» і «міністры» неіснуючай дзяржавы пачалі беспардонна фальсіфікаваць гісторыю і ў пажарным парадку наводзіць для сваіх гаспадароў ідэалагічныя і шпіёнска-дыверсійныя «пераправы» на ўсход. Аб незвычайна шырокім размаху гэтай, мякка кажучы, падрыўной акцыі сведчыць той факт, што ў ёй удзельнічаюць і амерыканскія сенатары польскага паходжання, не гаворачы ўжо аб органах друку іх паланійных арганізацый і палітычных груповак.

А ў першыя ж пасляваенныя гады гэта былі самыя шчырыя «сябры» польскага народа, кляліся, што гарою будуць стаяць за яго на ўсіх эмігранцкіх і міжнародных форумах, каб даць магчымасць адбудаваць амаль дашчэнту зруйнаваную гітлераўцамі краіну. Чаму ж гэты патрыятычны запал астыў? Хіба ён быў напускным, няшчырым, разлічаным на палітычных разявак? Ясна адказаць нам з Антосем, сваім, так сказаць, маладым польскім падданым, на гэтае сакраментальнае пытанне не адважыўся нават пан Арцішэўскі, прэм’ер-міністр лонданскай Рэчы Паспалітай. Яго нібы хто для пацехі тады падмяніў іншым, менш абазнаным з таямніцамі вашынгтонскага двара палітыканам. Звычайна па-шляхецку прыветлівы, гаваркі, уважліва выслухаўшы нас, ён нечакана трубна высмаркаўся ў накрухмаленую баціставую насоўку з фамільнай манаграмай, прачысціў прыгнутым мезенцам левае, потым правае вуха — відаць, цягнуў час, думаючы, што нам адказаць, — затым паволі ўстаў з-за стала і як абліў халоднай вадой:

— Прабачце, паны, у мяне зацяклі ногі.

У перакладзе з дыпламатычнай на простую мову гэтая заява азначала для нас самае звычайнае: «Ідзіце вы да д’ябла, маладыя людзі, калі не хочаце, каб вамі зацікавіліся ў крымінал-сакратарыяце лонданскага муніцыпалітэта». Пан Арцішэўскі і хеўра няспынна нацэльваюцца на пакорлівае выкананне мілітарысцкіх планаў тых сіл, якім моцна папсавалі блакітную панскую кроў вынікі другой сусветнай вайны. Менавіта таму ўсе, каму за гэта шчодра заплочана, зараз намагаюцца ўсё перакруціць на свой лад і калі не цалкам, дык хоць часткова абяліць пілсудчыкаў, а затым і гітлераўцаў, даць Адэнаўэру і яго ваяўнічым прыхвасням надзею на рэванш. Што пасля гэтага засталося б ад лонданскіх саўдзельнікаў усяленскага замаху на гісторыю — цяжка сказаць. Але, як сказана ў святцах паноў арцішэўскіх, грошы не пахнуць.

Таму, праеўшы свае дзяржаўныя капіталы ў Лондане, гэтыя, з дазволу сказаць, палякі, як ачмурэлыя выслужваюцца перад сваімі заакіянскімі карміцелямі і паіцелямі.

Тое ж самае можна сказаць і пра іх беларускіх дружкоў — яснавяльможных правадыроў ХАБРа. Знешне гэта вельмі прыветлівыя, прыемныя, нават сімпатычныя людзі. Ёсць, што без канца клянуцца ў сваёй вернасці радзіме і... падрабляюць на даносах у рэзідэнтурах ЦРУ і інтэліджэнс сервіс. На іх доларавым павадку, як загавораныя, паслухмяна тузаюцца амаль усе недабіткі БЦР і выпускнікі папскага «Русікума» на чале з іх праасвяшчэнствамі Львом Гарошкам і Чэславам Сіповічам.

Але не буду забягаць наперад. Аб гэтых «святых айцах» яшчэ будзе гаворка. Скажу толькі, што і яны ходзяць пад пільным наглядам платных канфідэнтаў. Найбольш паваротлівыя і пранырлівыя з іх — гэта, вядома ж, спадары Радаслаў Астроўскі, Барыс Рагуля і Сямён Серафімовіч. Па словах аднаго вернага чалавека, яны гэтым самым «дэманструюць сваё палітычнае і стратэгічнае адзінства з усімі антыкамуністычнымі сіламі на Захадзе». А нехта пан Фіялкоўскі, адзін з тых польскіх эмігрантаў, хто па віне Андэрса загруз на чужыне, строга папярэдзіў нас, што Астроўскі і хеўра не проста адшчапенцы, а беларускія нацысты. У іх ніколі не было і не будзе радзімы. Усё, што можна было па сходнай цане прадаць дома чужынцам, яны ўжо даўно прадалі. Таму яшчэ толькі для паноў трумэнаў, чэрчыляў, піяў і тых, хто з імі, яны — «высакародныя, сумленныя і вартыя ўсялякіх пахвал лідэры беларускага нацыянальна-вызваленчага руху».

Але тут яўна не сходзяцца канцы з канцамі ў новых апекуноў гэтых і падобным на іх вырадкаў. Памятаеце, як у Якуба Коласа сказана? «...Народ горача шануе і любіць сваіх верных сыноў. Ён ганарыцца імі, ён услаўляе сваіх герояў, шырока і гасцінна расчыняе ім сваё вялікае народнае сэрца. Але народ бязлітасна карае здраднікаў і, як злаякасную погань, выкідае іх на сметнік. Няма на свеце больш агіднага слова, як слова «здраднік».

Але ж гэта сказаў Якуб Колас, савецкі пісьменнік, якога можна і не браць пад увагу верхаводам капіталістычнага свету. У іх ёсць свае, больш, так сказаць, хрысціянскія адносіны да былых фашысцкіх паслугачоў. І тое, што спадар Астроўскі і хеўра зараз арудуюць у Лондане пад эгідай створанага англа-амерыканскімі спецслужбамі ХАБРа — яскравае сведчанне таму.

Мы прасілі Фіялкоўскага, каб звёў нас з якімнебудзь кіруючым хабраўцам з ліку карэнных беларускіх эмігрантаў. Але ён наадрэз адмовіўся рабіць гэта, сказаў, што карэнных эмігрантаў у кіраўніцтве ХАБРа няма і, як відаць, не будзе. Простыя выхадцы з Беларусі, як і іх суайчыннікі на радзіме, па яго словах,— самыя патрыятычныя людзі на свеце, таму хабраўцы сярод іх былі і застануцца чужымі.

Аднак наіўна было б думаць, быццам такія рафінаваныя злыдні, як Астроўскі, Рагуля, Серафімовіч або, скажам, бравыя «візітатары» (чытайце: шэрлакі холмсы) Ватыкана Леў Гарошка і Чэслаў Сіповіч, сеюць вецер толькі сярод так званых перамяшчэнцаў. А дзеля чаго ж і для каго яны агоралі школу-інтэрнат пры кляштары мар’янаў? Па расказах... Прабачце, яшчэ не прыйшла пара раскрываць, хто нам гэта гаварыў, таму спашлюся на мюнхенскую «Бацькаўшчыну», якая нядаўна прагаварылася, што стараннямі свецкіх і духоўных «сяброў-кіраўнікоў» хабраўскай школы-інтэрната папаўняюцца гатовымі на ўсё баевікамі «шарэнгі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху». Я не здзіўлюся, калі гэтыя «баевікі», як грыбы-паганкі, павылазяць у самых нечаканых месцах у якасці шпіёнаў і дыверсантаў не толькі сярод простых беларускіх эмігрантаў за Ла-Маншам, але і на маёй Навагрудчыне.

Глянуў бы хто-небудзь на звычайна ўрачыста задумлівага, важнага айца Чэслава Сіповіча, як ён, расшпіліўшы сутану, шпарка шыбаваў за намі ў атэль. Мы ўжо даўно забыліся, аб чым з ім гаварылі на прыёме ў аднаго англійскага багацея польска-беларускага паходжання, а ў Сіповіча, як аказалася, яшчэ ўсё было ў галаве, шыракалобай, мардатай, з доўгім і наздратым, як у каралеўскага дога, носам. Параўняўшыся з намі, яго праасвяшчэнства колькі разоў чмыхнуў ім і ўсхвалявана загаварыў:

— Радзіма! Зараз мы ўсе ўспамінаем Адама Міцкевіча, які ў прадмове да свайго «Пана Тадэвуша» піша, што яна як здароўе і толькі той ведае, як яе цаніць трэба, хто... Ды што атупела малоць языком аб тым, пра што ўжо не адзін раз гаварылася! Айцец Гарошка сказаў мне, быццам вы яго землякі. Вы гэта яму самі сказалі ці ён здагадаўся? Калі здагадаўся — трымайцеся ад яго як мага далей. Бог бачыць, ад спадара Гарошкі можна ўсяго чакаць. Абыходлівы з людзьмі ў царкве і на прыёмах, ён, па маіх назіраннях, люты звер у жыцці...

— Гэта вам, беларускім духоўным і свецкім эмігранцкім дзеячам, трэба яго баяцца, — сказаў Антось. — А ў нас — свае праблемы, ваша праасвяшчэнства. Вы бачылі, як гэты ваш Гарошка падлізваўся ў гасцях да мясцовых палякаў, даведаўшыся, што некаторыя з іх, як і мы, выхадцы з заходніх абласцей Беларусі? Аднак быць з імі шчырым да канца ён не адважыўся.

— Што вы гэтым хочаце сказаць?! — насцярожыўся Сіповіч. — Хіба ён, раб божы, дома гэтае самае... не дружыў з палякамі?

— А гэта ўжо няхай ён вам сам скажа, ойча, — хмура заўважыў Антось.

Мяне пачало калаціць. Перш за ўсё ад абурэння, зразумела. Я не зразумеў, чаму Антось не расказаў усю праўду пра чалавека, якому нічога не каштавала разрадзіць бязгучны пісталет у любога свайго земляка, незалежна ад таго, кім ён быў — палякам, беларусам ці проста прахожым. Праўда, рабіў ён гэта хітрэй за сваіх хаўруснікаў па здрадзе — Сямёна Серафімовіча і Барыса Рагулю, усё ж такі хадзіў не ў кадравых карніках, а ў маладых уніяцкіх свяшчэнніках і... нацыяналістычных газетчыках. Але яго ахвярам, пераважна маладым хлопцам і дзяўчатам камсамольскага ўзросту, ад гэтага лягчэй не было: адных айцец Гарошка паціху даканаў у родных сялібах, другіх — у канцлагеры Калдычэва, што размяшчаўся ў аднайменнай вёсцы непадалёку ад Баранавіч.

Думаючы пра ўсё гэта, я не заўважыў, як Гарошкаў калега па душпастырскай дзейнасці сярод лонданскіх перамяшчэнцаў Чэслаў Сіповіч развітаўся з Антосем і паволі адчаліў ад нас.

Чарговая сустрэча з Сіповічам у нас адбылася у Мюнхене у аколіцах касцёла св. Ганны ў пачатку красавіка 1952 года. Ён яшчэ больш раздабрэў і, як відаць, увесь быў у службовых клопатах. На той час нам ужо дакладна было вядома (служба інфармацыі ў штаб-кватэры польскіх адшчапенцаў у Мюнхене пастаўлена адменна), што гэты «святы візітатар» папскага прастола завіхаецца на Захадзе не толькі на Ватыкан, але і на ЦРУ, вярбуе для яго сярод веруючых перамяшчэнцаў і карэнных эмігрантаў падрыўную рабочую сілу. Каб не наклікаць на сябе якой бяды, мы хацелі прайсці міма гэтага вераломнага дзялка ад рэлігіі. Тым больш што сярод яго калег па прырабатках у ЦРУ былі і такія небезвядомыя перамяшчэнцам блудлівыя гадаванцы Ватыкана, як, напрыклад, князь Андрэй Урусаў, які пасля спецзаняткаў у «Русікуме» атабарыўся ў Нью-Йорку ў якасці дырэктара інстытута па вывучэнню савецкай рэчаіснасці. Інстытут гэты быў заснаваны на грошы амерыканскай разведкі і з першых жа дзён свайго існавання рыхтуе агентаў для засылкі ў Савецкі Саюз і краіны народнай дэмакратыі.

А нехта Густаў Ветэр (манаскае імя Андрэй) яшчэ ў часы Гітлера з’явіўся не запыліўся ў Мюнхене, дзе з нястрымным халуйскім запалам выкладаў рускую мову і савецкую тэрміналогію ў вышэйшай школе гестапа. Ён нават быў рэктарам гэтай навучальнай установы. А ў час нашага прыезду ў Мюнхен ён быў ужо начальнікам місіі Ватыкана ў Заходняй Германіі. «Святая любоў» да шпіёнскадыверсійнай дзейнасці стала для Ветэра своеасаблівым аўсвайсам-пропускам ва ўсе царкоўныя і свецкія кратавіны дэмахрысціян, якія бачылі і да гэтай пары бачаць у ім свайго духоўнага брата ў антыкамунізме. На «айца Андрэя» часта выходзяць выкладчыкі і інструктары Лювенскага каталіцкага універсітэта. Там таксама нячыста: пераважная большасць выпускнікоў яго — прафесійныя шпікі і дыверсанты.

Адным словам, нам было аб чым падумаць, сутыкнуўшыся лоб у лоб з сябруком Ветэра Сіповічам. Але свет не без добрых людзей: нас нечакана перахапіў пан Новак. І зрабіў ён гэта так вымоўна, што шаноўнага папскага візітатара спадара Сіповіча як ветрам здзьмула з нашых вачэй.

І яшчэ — пан Новак, як відаць, доўга за намі назіраў, бо загадкава ўсміхаўся і паціраў рукі.

— Ну што, бачылі, як сапраўдныя джэнтльмены з паўслова разумеюць адзін аднаго? У яго вялебнасці айца Сіповіча адменная памяць. Вы, прыкмеціўшы яго, як мне паказалася, крыху разгубіліся, а ён, гэты смярдзючы свінапас з Друі, пёр на вас, як самы блізкі сябар або знаёмы. У Мюнхене, дарагія мае прыхадні з камуністычнага свету, такія выбрыкі канчаюцца сумна для аднаго з бакоў. Самыя высокія ідэалы, халера ясная, тут абясцэнены, зведзены, калі хочаце ведаць, звар’яцелым мясцовым і прыезджым клірам да звычайнай брахні на Савецкі Саюз і адкрытых шашняў з нацысцкімі недабіткамі вермахта. Як вам гэта падабаецца, га?

— Так, як і вам, пане Новак, — знайшоўся Антось.— Усё ўбачанае на Захадзе — новая ўсяленская перашкода для польскага вызваленчага руху. Германія ў граніцах 1941 года — вось яе, ужо закладзеная правымі дэмахрысціянамі ў планы новага «крыжовага паходу» на Усход, звярыная сутнасць. Дарэчы, мы аб гэтым гаварылі ў Лондане з яго эксцэленцыяй панам Арцішэўскім, пыталіся ў яго, як нам жыць далей. Але яснага адказу пакуль што і ад яго не атрымалі.

— І не атрымаеце! Арцішэўскі — дзярмо! Я рад, што вы самі ў гэтым пераканаліся, — тут пан Новак зноў задаволена пацёр рукі. — Я вас пазнаёмлю з сапраўднымі польскімі патрыётамі, якія заўсёды жылі і жывуць толькі інтарэсамі нашай шматпакутлівай радзімы... Чакаю вас вечарам у сябе дома. Бывайце!

Душа ў гэтага амерыканскага найміта — як балалайка, чула адклікаецца на любы чалавечы голас, аднак гэта не замінае яе гаспадару не толькі шпіёніць за людзьмі, але і бязлітасна распраўляцца з імі. У строгай адпаведнасці з гэтым мы і рэагавалі на яго «сяброўскія» выкрутасы ў напічканым рознымі хітрымі спецустановамі Мюнхене Не забываліся мы і на тое, што, акрамя ўсяго, гэта яшчэ і нямецкі горад-пралетарый са сваімі багатымі рэвалюцыйнымі традыцыямі. Менавіта гэта, як мне здаецца, давала нам немалую перавагу як над польскімі, так і беларускімі адшчапенцамі. Як бы ні было, але і сярод простых мюнхенцаў яны — белыя вароны, вылюдкі, жывуць адасоблена, скрытна, заўсёды трасуцца за свае сабачыя шкуры. Любое пацяпленне ва ўзаемаадносінах паміж ЗША і Савецкім Саюзам раздражняе іх, даводзіць да жывёльнай панікі. Асабліва прабірае тых, што значацца ў спісах ваенных нацысцкіх злачынцаў і іх прыхвасняў. Хто ж іх старанна хаваў бы ад правасуддзя, карміў, паіў, перавучваў на свяшчэннаслужыцеляў, выкладчыкаў і інструктараў духоўных і свецкіх дыверсійных школ, калі б атамныя маньякі раптам уціхамірыліся, пагадзіліся на мірнае суіснаванне з Саветамі? Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе прайшло без асаблівых эксцэсаў для ацалелай клерыкальна-нацысцкай браціі. Спачатку амерыканцы скруцілі Заходнюю Еўропу ў тры пагібелі драпежніцкім планам Маршала, потым амаль усе яе краіны ўцягнулі ў агрэсіўны Паўночнаатлантычны блок. Ніхто ўжо не сумняваецца ў тым, што неўзабаве ўступіць у яго і адэнаўэраўская Германія. І ўсё ж ашчаропкам трэцяга рэйха не спіцца, амаль усе яны ахоплены пачуццём віны і страху.

Адсутнасць яснай перспектывы на будучыню, няхай і не цалкам, але ўсё ж апошнім часам астудзіла і пана Новака. Працэс прыстасавання да перамен, якія адбываюцца ў пасляваеннай Еўропе, не праходзіць для яго бясследна. Вечарам мы засталі яго дома стомленым, сонным, у старой памятай піжаме і такіх жа нясвежых шлёпанцах на басанож. Усюды гарэла святло, а ў кабінеце, куды нам было запрапанавана прайсці, цьмяна свяцілася толькі адна настольная лямпа. Прыкмеціўшы, што нас гэта крыху здзівіла, пан Новак глуха сказаў:

— У мяне ўжо была непрыемная размова з начальствам. Айцец Сіповіч, пся крэў, паспеў яму накляпаць на мяне. Аказваецца, вы — аб’ект яго асобнай душпастырскай зацікаўленасці, а я... О, матка боская чэнстахоўская! З якога вы стагоддзя прыперліся сюды? Дзе так неасцярожна трапілі на зыркія вочы такога злога ватыканскага сыча? Няхай мяне качкі затопчуць, калі ён не з тых служак неба, якім нам з вамі, маладыя людзі, пагражаць кулакамі і перабягаць дарогу не трэба. Я ўжо намякнуў аб гэтым і сваім сябрам па рабоце.

Пасля гэтых слоў Новак, нібы апраўдваючыся перад намі, пачаў скардзіцца на свой моцна патрапаны жыццёвымі нягодамі лёс. Антось уважліва паглядзеў на яго — спакойны, ураўнаважаны — і ціха засмяяўся:

— Значыцца, дасталася вам з-за нас... А мне здаецца, што вы самі спалохаліся сваёй «смеласці» і так па-дурному нечакана для самога сябе раскіслі. Мацуйцеся! У Лондане ёсць сілы, у якіх і не на такіх, як Сіповіч, злыдухоў знойдуцца вілы. Ён ніколі не быў і не будзе шчыра дапамагаць нам, палякам. Гэта — бязродны касмапаліт, прыпсаваны фашызмам гадаванец «святой інквізыцыі».

Пан Новак прысвіснуў, пачасаў патыліцу і зноў апусціў галаву на грудзі.

— Кар-р-рамба! Ты мяне забіў, мярзотнік! — нечакана ўзарваўся ён. — Паездка па Еўропе пайшла вам на карысць, хлопцы. Мне дакладна вядома, што абодва вы, як чэрці, нахабныя і неўтаймаваныя, але нам такія людзі патрэбны. Паверце, за амерыканцамі не прападзе. Англія і Францыя, застаўшыся без многіх сваіх калоній, у чым ужо ніхто не сумняваецца, яшчэ доўга будуць марудзіць, перш чым раскашэляцца на нашы патрэбы, звязаныя з усім тым, што мы рабілі і робім, каб вызваліць сваю краіну ад камуністаў. А Злучаныя Штаты Амерыкі, халера ясная, ужо раскашэліліся. І не на малыя сумы. Вы што-небудзь аб гэтым ведаеце? Не?! Як жа так... У мяне нават усё сцялася ўнутры. А што ж вы скажаце нашым людзям на радзіме, чым іх парадуеце?! Мне гэтага мае амерыканскія сябры не даруюць.

 

2

У прыватных размовах я крыху больш вытрыманы і абачлівы, чым Антось. Таму ў Зачэпічах ніхто не ведаў, чаму мне і пасля вяртання на радзіму не сядзелася дома. Былі нават жадаючыя строга раскрытыкаваць мяне за гэта. Асабліва ім карцела накінуцца на мяне пасля таго, як я ледзь было не праваліў выпускныя экзамены ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, дзе я вучыўся завочна. Дакуль жа, гаварылі яны, можна цярпець такога бадзягу ў адным з самых перадавых калгасаў раёна. Яны ўжо гадоў восем запар завіхаліся з пераменным поспехам на арцельных палях, выбраўшыся з зямлянак, а я, нібы непрыкаяны, нават і ў мірныя дні цягаўся па свеце, вечна ўстрывожаны і заклапочаны нечым. Так жа і звар’яцець можна было, увесь час адрываючыся ад роднай зямлі. Сказаў бы шчыра, чаму дома не сядзелася, дык, мажліва, і дакараць не сталі б. Але ж нават з бацькам, мядзведзь касалапы, гуляў у маўчанку.

Гуляў, бо інакш нельга было. Думаю — цяпер усе мае аднавяскоўцы зразумелі гэта. Наноснае ад сапраўднага, як гаворыць Іван Пятровіч Закруткін, адрозніць нялёгка, аднак бываюць моманты, калі на людзей находзіць праясненне. Тады ўсім, хто ў той ці іншай меры яго тармазіў, пачынаюць сніцца нядобрыя сны. А ёсць і такія, што зусім спаць не могуць, баяцца не толькі нядобрых, але і харошых сноў. Я маю на ўвазе цудам ацалелых адшчапенцаў ваеннай пары. Яны па інерцыі ўжо з крывымі вінтоўкамі палююць на сваіх праціўнікаў. Разважаючы такім чынам, у Зачэпічах, як мне ўжо вядома ад Закруткіна, усе рашылі, што я загінуў за свае дзёрзкасць і незгаворлівасць. Мае былыя сябры па камсамолу нават на фактах хацелі даказаць гэта, але Сяргей Моніч, паслухаўшы іх, завёў пад вокнамі сельсавета свой матыцыкл, і людзям, якія там сабраліся, ужо было не да размоў пра мяне...

Добра, што я ўсё ж такі знайшоў у сабе сілу і не стаў з-за гэтага паршыўца разменьвацца перад Закруткіным на дробязі. З Монічам я сам разбяруся. Мне больш чым каму б там ні было вядомы яго палітычныя, дзелавыя і маральныя якасці. Гэта не проста замацярэлы хутарскі суцяга. У Монічавай душы, як у дзіравым шалашы, нават кажаны не водзяцца. Яе гаспадар — вылюдак, дэбільны прадукт драматычных і ў шмат чым хвараблівых падзей, што адбываліся ў час вайны на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі. Былы «хлопчык на пабягушках» у кулака Мітрафана Задрапея стаў самым звычайным цынікам, ханжой, мажліва, нават кадравым правакатарам.

Можна было б, зразумела, не звяртаць увагі на яго агідныя выхадкі, калі б яны тычыліся толькі аднаго мяне. Сяргей Моніч апошнім часам зусім расперазаўся. Дастаткова сказаць, што амаль кожнае яго «прынцыповае слова» прасякнута беспрасветным нігілізмам. Узбуджанаму позірку гэтага неўтаймаванага «мараліста і барацьбіта» за чысціню шарэнгаў мясцовага савецкага актыву здаецца, што ўсё навокал развальваецца, гарыць блакітным полымем, тады як амерыканцы, паводле яго слоў, «даўно ачомаліся пасля ваенных баталій з гітлераўцамі, згуртавалі вакол сябе цэлы блок буржуазных краін Заходняй Еўропы з антыкамуністычнымі ўрадамі і вось-вось могуць аб’явіць вайну Саветам». Але асабліва лютаваць будуць тыя, каго яны ўпаўнаважаць «усё перарабляць на свой, капіталістычны, манер» на нібыта цалкам ужо збяднелай спадчыне продкаў нашых». Моніч, вядома ж, адразу пачне партызаніць. Аднак як цвярозы рэаліст ён не ўпэўнены, што амерыканцы дазволяць каму-небудзь са сваіх праціўнікаў высунуцца з лесу. Яны іх напалмам, а мажліва, нават і атамам выпаляць дашчэнту.

Адным словам, у айца Казіміра Сікірыцкага ёсць нядрэнны падпявала. Антысавецкія байкі загадчыка зачэпіцкага млына Сяргея Моніча — важкае дапаўненне да яго фанатычных выпадаў супраць Савецкай улады. Многія ўжо ведаюць аб гэтым, але маўчаць. Інакш Закруткін ужо загаварыў бы пра Моніча і са мной. А можа... Так, ён бачыць, што любое хваляванне можа дрэнна скончыцца для мяне — у палату заходзіць часта, але лішніх пытанняў пакуль што мне не задае, толькі расказвае аб ходзе пошукаў маіх «забойцаў» і калі-нікалі чытае свежыя газеты. З вопыту ведаю — не кожны следчы так цацкаўся бы са мной. А Іван Пятровіч Закруткін, якога калідорныя шаптуны называюць сухаром, з алімпійскім цярпеннем чакае, калі мне надакучыць недаверліва глядзець на яго. «Ваш хворы яшчэ там, на Захадзе, сярод былых абшарнікаў, фабрыкантаў, гандляроў і іх разбэшчаных атожылкаў,— гаварыў ён загадчыку хірургічнага аддзялення, маладому дзябёламу, але кашчаваму мужчыне. Калі ж той зрабіў выгляд, быццам нічога не разумее, уважліва паглядзеў на яго і з дакорам заўважыў: — Ты заўсёды, дарагі мой, і глухі, і нямы, як бервяно! Адключыся ад сваіх пільных службовых спраў на хвіліну. Я хачу ведаць, калі гэты нябожчык, — Закруткін кіўнуў на мяне, — зусім ажыве. Хоць вырвіце яго з поўнага забыцця. Няхай хлопец пераканаецца, што зараз яму толькі яго ворагі будуць не рады. Штосьці ў ім, паважаны, ёсць недаступнае для кулацкіх прыдуркаў. Ды яго і недабіткам польскай санацыі раскусіць не ўдалося. Толькі сам ён пра гэта наўрад ці раскажа. Спытаеш пра каго — мацюкаецца, як апошні бадзяга, але ў той жа час свабодна размаўляе на некалькіх еўрапейскіх мовах. І, нарэшце, ты ж сам мне гаварыў, што ў яго целе было больш свінцу, чым крыві. А потым, напэўна, яшчэ і наркотыкамі вы яго пасля кожнай аперацыі пічкалі. Таму і не дзіўна, што нават мы з табой для яго — вынік хворага сну. ён проста па інерцыі ўжо асцярожнічае. Мы толькі ў дакументальным кіно бачылі заграніцу, а ён там усяго нагледзеўся. Гэта ж не проста сын колішняга зачэпіцкага гарапашніка, а зараз ужо камуніст! Барацьба з рэакцыяй для яго, як нам паведамілі з Варшавы, была законам, натуральнай, арганічнай патрэбнасцю. Такія яе «радакі» ніколі не былі панскімі халуямі і не будуць! Толькі вось няўдача: яму і дома няпроста жылося. Таму на поўным сур’ёзе прашу — не нагадвай яму пра гэта».

Загадчык аддзялення ўважліва паглядзеў на мяне потым — на Закруткіна, усміхнуўся і... пакінуў нас адных у палаце. Закруткіна гэта крыху здзівіла, бо стаяў як укопаны пасярод палаты. А я нарэшце дазволіў сабе расслабіцца. «Вынік хворага сну» быў і застаўся для мяне рэальна існуючым савецкім юрыстам. Як неабвержны доказ таго, што свінец і наркотыкі — гэта яшчэ не самае непрыемнае ў жыцці. Горш, калі прычэпіцца, як смала, ды ходзіць за табой па пятах гатовы на ўсё польскі або беларускі адшчапенец з бязгучным пісталетам ці кісцянём у кішэні, а падстрахавацца няма кім. Мы з Антосем праз гэта прайшлі некалькі разоў у час службовых ваяжаў на Захад. Закруткін, напэўна, ведае аб гэтым, але, як Фама няверуючы, усё прапускае міма вушэй. І як гэта я не падхапіўся з ложка ды не наляцеў беркутам на яго?! Уяўляю сабе, як яму будзе прыемна апраўдвацца. Зусім мажліва і тое, што ён проста падасць мне шклянку халоднай вады і скажа: «Не псіхуй, сапраўдных мужчын гэта не ўпрыгожвае. Для мяне, напрыклад, гэта ўжо хрэстаматыйная ісціна».

Між тым мне яна, гэтая «ісціна», таксама не раз у жыцці дапамагала. Толькі не заўжды хапала характару выконваць яе. Бывалі выпадкі, калі і псіхануць трэба было, каб у ворагаў не склалася ўражанне, што я больш вытрыманы, чым належала «акоўцу». Многія з іх усё ж былі не ў цемя бітыя. Інакш мы каралямі па Мюнхене хадзілі б. Асабліва цяжка было у адных кашарах з буржуазнымі наймітамі жыць, калі па шумнай камандзе з Вашынгтона ўсе падрыўныя прапагандысцкія і дыверсійныя цэнтры новаспечанага ў канцы саракавых гадоў Паўночнаатлантычнага блока і Ватыкана ўключыліся ў беспрэцэдэнтную для любой краіны ў мірны час кампанію паклёпу і ганьбавання супраць нашай краіны, супраць СССР... Знайшліся ўплывовыя, хоць і безадказныя палітычныя і дзяржаўныя дзеячы, стараннямі якіх прапаганда зла і нянавісці ў клерыкальна-капіталістычным друку, радыё, царкоўных пропаведзях адкрыта пачала заклікаць буржуазную, у прыватнасці амерыканскую, ваеншчыну скінуць атамныя бомбы на Крэмль.

Насенне фашызму і вайны, гаворачы словамі аднаго прагрэсіўнага канадскага публіцыста, высявалася ва ўсім заходнім паўшар’і. А хто гэта рабіў — толькі тым, у чыіх лапах былі ўсе антысавецкія падрыўныя цэнтры, было не ясна. Яны цынічна выдавалі і выдаюць сябе да гэтага часу за «выратавальнікаў чалавецтва, непадкупных праваабаронцаў» яго. А калі да гэтага яшчэ дадаць, што сярод іх ужо шмат дзе адкрыта дзейнічалі перакаваныя у амерыканскіх разведвальна-дыверсійных школах і папскіх акадэміях былыя ваенныя нацысцкія злачынцы і іх прыхвасні, то ясным стане і тое, што наступаць гэтай публіцы на мазалі было больш чым небяспечна. Злачынная гульня недабіткаў трэцяга рэйха ў «праваабаронцаў чалавецтва» не толькі не спынялася, а, наадварот, усё больш і больш пашыралася.

Мне запомнілася такая сцэна. 1951 год. Вясна. У гэты час у Мюнхене вельмі шматлюдна. Але ў кафэ «Амірана», куды мы зайшлі з Антосем крыху падмацавацца, было толькі некалькі чалавек. Адзін з іх, вельмі падобны на Станіслава Станкевіча, толькі значна шчуплейшы за яго, узбуджана басіў:

— Я ж вам ужо які раз гавару: не падайце духам, спадары! Амерыканцы — людзі дзелавыя, яны ўжо фінансуюць абедзве нашы цэнтральныя рады, хоць, як вядома, ад іх засталіся адны ашмоткі. Многія радныя БНР і БЦР і нават іх, а значыцца і нашы, лідэры — Мікола Абрамчык і Радаслаў Астроўскі да апошняга часу не верылі ў гэта. Наадварот, яны ўсё яшчэ баяліся, што англасаксы апамятаюцца, не захочуць валаводзіцца з імі і ў адзін прыгожы дзень перададуць у сталёвых наручніках бальшавікам як ваенных злачынцаў. А цяпер нават пад іх начнікі золата пацячэ. На падрыўныя антысавецкія акцыі, зразумела. Толькі адно трэба мець на ўвазе: каля аднаго карыта абодва яны лютыя ворагі адзін аднаму.

— Хто табе гэта сказаў?! — строга спытаў адзін з моцна падпітых сябрукоў гэтага гаваруна. — Ты ўжо н-не памятаеш, паршывец? — Ён паволі ўстаў з-за стала і загроб у кулак пустую бутэльку.

А што, калі гэта л-лухта сабачая?! Паднімайся з сядзення і станавіся тварам да сцяны! Н-нашы лідэры зараз як тут, у Заходняй Еўропе, так і за акіянам не складаючы рук нізавыя штаб-кватэры сваіх змагарных рад ствараюць. Увесь вольны свет гэтага ад іх патрабуе. Н-не верыш падстаўляй галаву!

— Веру, Юрачка, веру, — затросся гаварун. — Я нават ужо запісаў у свой блакнот сёе-тое. Нездарма ж у «Бацькаўшчыне» сказана: ты — светач нашай публіцыстыкі. На Юрку ж Віцьбіча, значыцца на цябе, нават у мясцовых крымінальнікаў не знайшлося біча. Таму я вось толечкі дап’ю сваё віскі і адпраўлюся адсюль куды вочы глядзяць.

— Адпраўляйся! — згадзіўся Віцьбіч. — Мы для цябе — людзі самага нізкага карчомнага гатунку. Табе, бачыш, нават прэзідэнты нашых рад азвярэлымі самаедамі, мечанымі тузамі паказаліся. М-мой бацька быў у Віцебску свяшчэннікам, між іншым, а я — яго сын, часта наведваўся ў Менск і ведаю цябе як аблупленага. Ад сябе ты, брыда азызлая, нікуды не ўцячэш. А мы тут яшчэ зробім па чарцы і... Брысь адсюль, чуеш!

Пасля гэтых няласкавых слоў гаваруна як ветрам здзьмула. Але толькі да вечара, калі ён ужо танцаваў перад намі ў якасці «суседа па халасцяцкім катушку» ў атэлі. Аб тым, што ён быў не проста суседам, падсадной качкай, сведчыла і яго нездаровая зацікаўленасць нашымі сябрамі і знаёмымі. Усё гэта можна было б выкінуць з памяці, калі б вытураны Віцьбічам з прыстанішча мюнхенскіх «змагароў» суб’ект не аказаўся былым фашысцкім выдаўцом мінскага нацыяналістычнага лістка Антонам Адамовічам. Мірна суіснаваць з ім мы не маглі. Ён жа і тады натхнёна практыкаваўся на даносах.

Трэба сказаць, што з палітычнымі дзеячамі польскай эміграцыі нам было лягчэй. Так ужо склаўся іх лёс — амаль усе яны ваявалі на розных франтах. І мэты ў іх былі розныя. Таму найгорш даставалася тым, хто дрэнна разумеў і адных, і другіх, звычайным «просталюдзінам», якія без хоць якога павадыра і бога баяліся нават высунуцца з-за парога. А напружаныя абставіны патрабавалі ад іх, як і ад усіх палякаў, нейкага больш пэўнага рашэння. Адной замілаванасці да роднай зямлі і фанатычнай веры ў неіснуючага бога для дынамічнага руху наперад мала. Патрэбна яшчэ і больш ясная мэта, сіла волі, перакананасць у правільнасці сваёй справы і разуменне таго, што яна — адзіны ратунак для працоўнага люду. Інакш можна не зразумець сэнсу тых ці іншых фактаў, стаць эмпірыкам, выдаць асабістае за агульнае, страціць перспектыву. Цьмяныя, пазбаўленыя рэальнай асновы абрысы яе — адна з галоўных прычын многіх людскіх трагедый. Тым больш што рэакцыя менавіта гэтымі пацёмкамі і абяскрыльвае свае ахвяры, прыдумвае адзін за другім розныя варыянты выкарыстання іх у якасці сваіх ландскнехтаў у падрыўных прапагандысцкіх і разведвальна-дыверсійных аперацыях супраць Польскай Народнай Рэспублікі і іншых краін Усходняй Еўропы. Балазе, на гэтым міласцю сваіх экспансіўных царкоўных і свецкіх уладык яна і жыруе.

Само сабой зразумела, што і Закруткіну ў агульным плане ўсё гэта добра вядома. Але падрабязнасцей ён не знае, таму сядзіць, як святок, у палаце — чакае, калі я зноў хоць на пяць — дзесяць хвілін расплюшчу вочы ды пачну гаварыць. Па бляску вачэй ён, як спрактыкаваны псіхолаг, амаль беспамылкома пазнае, прытомны я ці не. А я тым часам думаю, як і чым усыпіць яго чуйнасць, каб выгадаць для сябе яшчэ колькі дзён спакою. Навошта? Проста мне неахвота, шчыра кажучы, у якасці пацярпеўшага расказваць яму пра ўзброеную схватку з бандытамі, пасля якой, акрамя ўсяго іншага, мяне яшчэ і афіцыйна адпелі ў лесе. Лепш няхай скажа, што ён думае пра інспіраваны буржуазіяй замах на гісторыю. Ёсць тугадумы, якія не надаюць гэтаму ніякага значэння, маўляў, нашым ворагам і бог казаў вар’яцець ад тлушчу. А калі яны робяць гэта па святцах дзядзькі Сэма, у якіх сказана, што буржуазныя гісторыкі ўсё чорнае, кампраметуючае капіталістаў і іх духавенства, павінны неадкладна зрабіць белым і заляпіць ім вочы ўсім абывацелям Новага і Старога свету? Непрыемная для магістраў зла і нянавісці праўда там у «бедных сваяках» ходзіць, а Людская Памяць аб ёй тым часам ужо аб’яўлена па-за законам. На маіх вачах яна яшчэ ў першыя пасляваенныя гады была афіцыйна адлучана і ад рымска-каталіцкай царквы як небяспечнае для каталіцызму «паражэнне пекла». Яна ж, нягодная, нагадвае ўсім веруючым і няверуючым рабам божым, што клерыкалы ніколі не перабіраюць у сродках, намагаючыся навязаць сваю веру іншадумцам. Я гавару не аб простых прапаведніках слова божага, сярод якіх, як вядома, сустракаюцца і разважлівыя духоўныя дзеячы, а пра тую гайню высокапастаўленых рэлігійных фанатыкаў, хто ўжо не раз даказваў «святасць» гэтага слова не столькі евангельскімі прытчамі, колькі інквізітарскімі расправамі над людзьмі. Не выпадкова ж так званыя «свяшчэнныя кнігі» ўсіх рэлігій свету праслаўляюць вайну як «дар божы», аб’яўляюць яе нябеснай «воляй боскай», непадуладнай чалавеку і яго намаганням пазбегнуць яе. Толькі самі прапаведнікі крывавых «крыжовых паходаў» пад кулі не лезуць, за нібыта свяшчэнныя інтарэсы сваіх цэркваў не паміраюць, а пад акампанемент разбэшчанай антыкамуністычнай прапаганды хціва грабуць пад сябе мільённыя прыбыткі ад грабежніцкіх ваенных авантур! Дастаткова нагадаць, як гэта рабілі ў час другой сусветнай вайны містэры форды, ракфелеры, морганы, барухі, дзюпоны, крупы, каб адчуць, што гэта агідная рэальнасць нашага часу. І калі б спатрэбілася знайсці найбольш падыходзячы эпітэт для характарыстыкі іх палітычнай і гаспадарчай дзейнасці, то ім, безумоўна, стала б слова «драпежніцкая». А калі крыху глыбей заглянуць у гісторыю, дык можна знайсці і факты іх воўчай беспрынцыповасці.

Так, гэта ўжо зараз скрозь зубы прызнае нават і буржуазная прэса, якая і сама, як вядома, з’яўляецца тварэннем амерыканскіх манапалістаў і іх саюзнікаў па Паўночнаатлантычным блоку. Толькі яна не столькі крытыкуе верхаводаў капіталістычнага свету, як стараецца адхіліць ад іх крытыку прагрэсіўнай прэсы, асабліва органаў камуністычных і рабочых партый і арганізацый. Яны ж раскапалі і выцягнулі на сонейка з нейкіх малавядомых да гэтага архіваў матэрыялы, якія сведчаць аб злачынных гандлёвых сувязях многіх амерыканскіх мультымільянераў з германскімі.

Адным з самых жахлівых вынікаў гэтых «сувязей» было тое, што нямецкія танкі, напрыклад, сталі больш магутнымі і баяздольнымі, выпечаныя на амерыканскім вальфраме і малібдэне. І даказалі яны гэта не дзе-небудзь, а на другім фронце, пад Ардэнамі (Францыя) на... амерыканскіх марскіх пехацінцах!

Дзякуючы той жа прагрэсіўнай прэсе еўрапейцам каталіцкага і многіх іншых веравызнанняў стала больш ясна, на каго тады ў большасці сваёй шчыравалі і іх душпастыры. Асабліва, як я ўжо гаварыў, стараліся аслепленыя антыкамунізмам іерархі Ватыкана. Іх цеснае супрацоўніцтва з фашысцкімі рэжымамі Італіі, Германні, Іспаніі прынесла незлічоныя беды і пакуты народам Усходняй і Заходняй Еўропы, наклала свой змрочны адбітак на сацыяльнае, эканамічнае і палітычнае жыццё народаў усяго свету. І яны, напэўна, яшчэ не забыліся на гэта. Людская Памяць не скарылася цемрашалам, яна з пакалення ў пакаленне будзе перадаваць людзям праўду аб такіх, з дазволу сказаць, служках неба. А дзядзьку Сэму трэба, каб ніхто нават не шкнуў на іх. Зараз гэта самыя шчырыя падпявалы падпальшчыкаў новай, на гэты раз атамнай вайны. Ясна і тое, што платныя буржуазныя летапісцы не знімуць шапак перад неабвержнымі фактамі поўнай дэградацыі рэакцыйных кардыналаў, будуць нястомна паказваць іх «ахвярамі камуністычных нагавораў», «святымі мучанікамі за каталіцкую веру і далейшы прагрэс буржуазнай дэмакратыі». Таму ёсць сэнс грунтоўна пагаварыць аб гэтым і з нашымі людзьмі. Балазе час падкінуў нам многа новых, малавядомых да гэтага фактаў як з нашых, савецкіх, так і з замежных, у тым ліку і ватыканскіх, крыніц.

Але чарговую размову з Закруткіным мне давялося пачаць не з гэтага. Ён проста не зразумеў бы, чаму я ўвесь час чапляюся за Ватыкан і яго духавенства, гавару пра яго экспансію на Усход не толькі ў гістарычным, але, галоўным чынам, у сучасным плане. Перад Іванам Пятровічам пакуль што стаіць намнога меншая па маштабах задача: яму трэба дабрацца да кратавішча мясцовай клерыкальна-нацыяналістычнай духоўнай і свецкай браціі. Потым, калі яму стане ясна, што ў злачынным свеце яе ўсё ўзаемазвязана гордзіевым вузлом, абсяг яго следчай дзейнасці значна пашырыцца. Падумаўшы аб гэтым, я і сам крыху астыў, расслабіўся і ціха пачаў шаптаць:

 

<b>Русь наша — Белая,</b>

<b>Да працы ўмелая.</b>

<b>А песні пела як!</b>

<b>Замры, касцёл!</b>

<b>Паны кінжаламі

Яе кінжалілі,</b>

<b>За песні звонкія

Ў турме тыранілі,</b>

<b>Тапталі ботамі — і на касцёр.</b>

<b>Шугала полымя

Не раз над сёламі...</b>

<b>Русь горка плакала;</b>

<b>Худая, голая

У жэбры дальнія

Шляхамі крочыла,</b>

<b>Ды не скарылася,</b>

<b>У палон не збочыла...</b>

 

Пасля гэтых нават і для мяне самога нечаканых слоў пачуліся асцярожныя крокі, і нехта паклаў мне на лоб руку. Гэта была медсястра. З-за яе спіны ўважліва глядзеў на мяне і Закруткін — прыкметна змарнелы, недагледжаны, але чуткі, як камертон самай высокай пробы. Я адчуў гэта па яго строгіх, патрабавальных і разам з тым ледзь не бацькоўскіх адносінах да мяне.

— Я ўжо гаварыў загадчыку вашага аддзялення, што з гэтым хлопцам адбываецца нешта незвычайнае,— сказаў ён медсястры. — Вы заўважылі, як ён упэўнена дэкламаваў гэты верш? Не? А мне паказалася, што не пазней як заўтра яго можна будзе і з поўным прасвятленнем павіншаваць. Ой, як ён мне патрэбен прытомны, ой як патрэбен!

— Прабачце, Іван Пятровіч, — хмура ўсміхнуўся я.— Вы самі вінаваты, што ў мяне яшчэ розум за розум заходзіць. Афіцыйна ж я ўжо выкраслены з жыцця. Некралог у раённай газеце, напэўна, усіх маіх сяброў і знаёмых пераканаў у гэтым. Думаю, бандыты таксама ўжо справілі дзе-небудзь у лесе хаўтуры па мне. Але прызнайцеся шчыра, што гэта — грубая, калі не сказаць больш, дылетанцкая работа... Мне ж потым будзе сорамна. Перш за ўсё за вас, зразумела, а пасля — і за сябе.

— Цікава! Гэта нават нечакана для мяне! — страпянуўся Закруткін і папрасіў медсястру, каб уступіла яму сваё месца каля майго ложка. Тая нездаволена чмыхнула носам і наогул выйшла з палаты. Закруткін, здавалася, толькі і чакаў гэтага, бо адразу ж сеў на яе табурэтку і задзірыста спытаў у мяне:

— А што ты мне, таварыш Лагода, на вушка скажаш? Думаю — перш за ўсё пацікавішся, каму ты тут, на сваёй Белай Русі, найбольш вочы мазоліў. Хоць бы дзеля таго, каб пераканацца, на што мы, работнікі мясцовых следчых органаў, заоаз прыдатныя. На календары ж 1956 год. За гады пасляваеннага станаўлення савецкага ладу ў гэтых мясцінах, асабліва ў час калектывізацыі мы тут на практыцы вывучалі палітэканомію. Спадзяюся, да цябе ўжо дайшло, што час працуе не на буржуазі і яе прыхвасняў, а на працоўны люд. І, тым не менш, дарагі мой, пакуль не спяшайся ажываць. Я катэгарычна супраць гэтага, калі ўжо так нерэспектабельна атрымалася. Ты ж не горш за мяне ведаеш, што кулі на цябе недзе за межамі нашай краіны адліты. Успомні, што ты пісаў у сваім службовым рапарце пасля той апошняй паездкі ў «госці» да старых знаёмых у Мюнхене, дзе якраз легалізаваліся розныя цэрэушныя навукова-даследчыя інстытуты, бібліятэчна-музейныя комплексы, культурна-асветныя святліцы, радыёгаласы і г. д. і т. п. Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША, якому яны падначалены, не з’яўляецца і ніколі не было чыста разведвальным ведамствам. Фактычна гэта добра адладжаная зброя прэзідэнта для правядзення падрыўных тэрарыстычных аперацый за рубяжом. Упэўнены, што ты і цяпер так думаеш. Ад гэтай, калі так можна сказаць, адмеціны мы зараз і танцуем, разблытваючы тваю справу.

— І доўга яно, гэтае разблытванне, яшчэ будзе цягнуцца? — ледзь варочаючы языком, стомлена, але з непрытоенай цікавасцю спытаў я. — Час пакажа? Лёгкім страхам адкруцяцца паршыўцы і цяпер! Я пачаў бы расследаванне, паважаны Іван Пятровіч, не з ЦРУ, а ад Монічавага берлагу.

— Табе прыспічыла пажартаваць, таварыш Лагода— здзівіўся Закруткін, адчуўшы, як відаць, што я ведаю нешта такое, аб чым ён нават і не здагадваўся. — У цябе тэмпература, здаецца...

— Наадварот, мне б грэлку, ці што, бо.. адубянею ад вашай неразваротлівасці! — абурыўся я, намагаючыся прыпадняцца на ложку. —Падайце мне халат і мыліцы! Я сам пачну следства...

— Ты гэта сур’ёзна? — Закруткін хутка дастаў з партфеля блакнот і яшчэ бліжэй нахіліўся да мяне. — Назаві мне хоць два-тры прозвішчы тых, каго ты падазраеш. У бандзе ж было не менш пяці чалавек. Ты іх не паспеў палічыць? Вось бачыш! А я ж гэтых звяруг зусім не бачыў. Уся надзея на цябе і тваіх аднавяскоўцаў. Так што не злуй, а дапамажы мне.

— Айца Сікірыцкага папрасіце. Ён летась цішком наведваўся ў амерыканскае пасольства ў Варшаве. Гэта на Уяздоўскіх алеях у пяціпавярховым будынку з бетону і шкла. Уважліва прыгледзеўшыся да тых, хто там сядзіць на сувязях з каталіцкім духавенствам, якое бегае туды задворкамі, можна знайсці адказ на многія пытанні канфідэнцыяльнага парадку. Але, на вялікі жаль, мяне туды не пусцілі. Тварам не выйшаў! І гарантыйнага пісьма ад нашых контрыкаў не было!..

— З табой не засумуеш, — ужо зусім спакойна заўважыў Закруткін. — Амерыканскае пасольства! Контрыкі! А як жа цяпер з Монічавым берлагом? Ён ужо растварыўся, знік з тваёй памяці? Хутка ж ты здаеш свае пазіцыі, — ён закрыў блакнот, устаў з табурэткі і некалькі разоў прайшоўся па палаце, сабраны, строгі, але цярплівы, і я амаль фізічна адчуў, што ўся яго ўвага засяроджана на рашэнні пастаўленай перад ім задачы. Пустыя загадкі яму не патрэбны. Для гэтага следчага яны — пустая трата часу. Таму я не здзівіўся, калі на развітанне ён мне сказаў:

— Папраўляйся! Мне думаецца, да поўнага выздараўлення ад цябе асаблівай карысці следству не будзе. Пры ўсёй тваёй эксцэнтрычнасці, гарачым імкненні да духоўнай чысціні і справядлівасці адна рэч мне не падабаецца. Па сутнасці, я мог бы і не гаварыць табе аб гэтым, але не хачу жыць з каменем на душы: не прызнавайся нікому, што ты менавіта той самы Ігнат Лагода, пра якога адзін час у Польшчы хадзілі легенды. Як, дарэчы адзначыць, і пра тваіх сяброў Антося Малочку і Метака Жмігроцкага. Дома ты раскіс, перастаў па-мужчынску трымаць сябе ў кулаку, паспяхова змагацца з абставінамі. Вось так, дарагі мой! А цяпер бывай, не адважваюся больш цябе непакоіць.

Але ж... Ну добра, бывайце. І скажыце, калі ласка, загадчыку аддзялення, каб да мяне дні два яшчэ нікога не пускалі, — без асаблівай надзеі папрасіў я.

 

Генералы дыверсійных чысцілішчаў

 

1

У Польшчы хадзілі пра нас легенды... Чаму ж не, але не як пра разведчыкаў, а закаранелых бадзяг, бандытаў. Так нам было наканавана людзьмі, якія ўсё сваё свядомае жыццё змагаюцца з сапраўднай рэакцыяй. Інакш пасля мы проста не прыжыліся б на Захадзе. Сумленныя і чыстыя людзі там сталі хадавым «таварам» у асноўным толькі пасля таго, як адшчапенцы даваеннай і ваеннай папуляцыі пачалі калоць вочы сваім колішнім ахвярам, павылазіўшы з цёмных нор на палітычную арэну ў якасці кадравых буржуазных «палітычных» і «навуковых» дзеячаў, дыпламаваных «саветолагаў», выкладчыкаў і інструктараў антыкамуністычных навучальных устаноў накшталт Лювенскага каталіцкага універсітэта (Бельгія), дзе, як і за Ла-Маншам, у сталіцы Вялікабрытаніі Лондане, рыхтуюцца шпіёны і дыверсанты для засылкі ў краіны Усходняй Еўропы. А да гэтага на Захадзе стаяла адносная цішыня, калі не лічыць шумных патуг Конрада Адэнаўэра, канцлера ФРГ, адрадзіць у ёй германскі дух. Пасля таго як гэты «дух» бясслаўна спусцілі тэўтонская, кайзераўская, а затым і нацысцкая Германія, адраджаць яго — справа архінахабная і рызыкоўная. Але мы памяталі, што гэта — неад’емная частка старанна спланаванай у Вашынгтоне шырокамаштабнай падрыўной ідэалагічнай і разведвальна-дыверсійнай кампаніі супраць СССР і краін народнай дэмакратыі. Гэта прымушала нас абодвух і кожнага паасобку да пары да часу прытрымлівацца «нейтралітэту». Адной прыроднай абачлівасці і глыбокай перакананасці ў правільнасці пастаўленай перад намі задачы крайне мала было для таго, каб утрымацца на плаву ў запаветраным тэўтонаманіяй свеце. Ён у любы час мог з вантробамі праглынуць нас як «небяспечных іншадумцаў» або «непажаданых чужаземцаў». Адэнаўэр і са сваімі суайчыннікамі быў круты, як сапраўдны тэўтон. На нашых вачах ён усё часцей і часцей паказваў з-пад маскі федэральнага канцлера ФРГ устаўныя іклы крыжаносца. Нездарма ж ён гадамі практыкаваўся на гэтым у якасці прэзідэнта (чытайце: галоўнага магістрата) яе клерыкальнай партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз, вядомай на Захадзе пад мянушкай «новы Тэўтонскі ордэн». Правае крыло ХДС літаральна задыхалася ад хрысціяннейшых прыступаў паталагічнага антыкамунізму і рэваншызму. Тут яно проста нічым не адрознівалася ад рэакцыйных правячых колаў Ватыкана, цесна змыкалася з імі ледзь не па ўсіх пытаннях так званай «усходняй палітыкі» яго, накіраванай на бескампрамісную барацьбу з «ерэтычным Усходам». Таму Адэнаўэр ужо тады, у першыя гады свайго канцлерства, нахабна прэтэндаваў на палітычнае кіраўніцтва ўсім каталіцкім светам. На пратэсты Пія XII ён не звяртаў увагі. Тэўтону чыстакроўнай нацысцкай гадоўлі свярбела самому выбіцца ў папы рымскія. Таму Адэнаўэра называлі сааўтарам Джона Фостэра Далеса ў пытаннях «халоднай вайны», і ён не ўтойваў свайго намеру ператварыць яе ў «свяшчэнную» вайну супраць камунізма, супраць міру і дэмакратыі.

І ўсё ж, паўтараю, у Заходняй Еўропе тады яшчэ было не вельмі цесна і душна. Многае ж яшчэ было старанна прыкрыта «фігавымі лісткамі». Тыя ж дэмахрысціяне на чале з Адэнаўэрам у цяжкія стальныя панцыры не адзяваліся, «свінымі клінамі» на пародзістых нямецкіх скакунах і пешшу ў атакі на сваіх праціўнікаў не хадзілі, а з ялейнымі ўсмешкамі на вуснах шоргалі моднымі шчыблетамі па паркетах на дыпламатычных прыёмах у Боне і яго пасольствах. Карацей — яны спрабавалі, абдымаючы, душыць сваіх праціўнікаў (прыліпал нават акулы не чапаюць), бо, паводле слоў аднаго польскага публіцыста, нават молячыся ў кірхах або касцёлах пад хрыстовай фігурай, мелі д’ябла пад скурай.

Адным словам, жартаваць з гэтай публікай мы не збіраліся. Балазе іх палітычным вышукам ужо кіраваў Рэйнхарт Гелен, празваны акрэдытаванымі ў Боне заходнімі журналістамі «шэрым генералам». Калі да гэтага дадаць, што менавіта ён у час апошняй вайны верхаводзіў аддзелам абвера «Іншаземныя арміі Усходу», заахвочваў і актыўна ўдзельнічаў у спробах сфарміраваць нейкія злучэнні з рускіх, то нават, як у народзе кажуць, і каню стане ясна, што гэта — невыпадковая фігура на палітычнай арэне мілітарызаванага амерыканскімі падпальшчыкамі новай вайны Захаду. Рэйнхарту Гелену падначальваліся ўсе або амаль усе абвераўцы, якія мелі справу з адшчапенцамі рускага, украінскага, беларускага, літоўскага і іншых народаў Савецкага Саюза, і, што самае галоўнае, ён мог нават пайменна назваць выпускнікоў папскіх акадэмій, асабліва «Русікума», якія таксама намагаліся стварыць або хоць збольшага папоўніць здраднікамі папскую крыжаносную раць. Незадоўга да паражэння трэцяга рэйха будучы «шэры генерал» распарадзіўся мікрафільмаваць усе матэрыялы аб вядзенні разведкі супраць СССР, запакаваў іх у 50 сейфах, якія былі закапаны ў Баварскіх Альпах, якраз на шляху руху амерыканскіх войск.

Ці трэба гаварыць, як мы з Антосем перахваляваліся, калі выпадкова даведаліся аб гэтым у цёмных закутках Мюнхена. А дадатковая пераправерка фактаў вывела нас на аднаго амерыканскага разведчыка польскага паходжання, які, налізаўшыся як мае быць баварскага шнапсу, прагаварыўся што ў дні вайны ледзь было не ўкакошыў Гелена. Але начальнік 12-й амерыканскай групы армій генерал Э. Сіберт разам з кіраўніком рэзідэнтуры Упраўлення стратэгічных службаў (УСС) у Германіі А. Далесам адбілі ў яго ахвоту рабіць гэта: спярша адправілі злоўленага каля тайніка з сейфамі Гелена ў Вашынгтон, затым вярнулі назад у Германію і разам з ім пачалі шныпарыць па лагерах так званых «перамешчаных асоб» у пошуках ацалелых нацысцкіх спецаў па «практычнай барацьбе з камунізмам».

Пры наяўнасці такога памагатага амерыканцы не маглі не намацаць і рэзідэнтур ватыканскай разведкі, якая сарамліва мянуецца «святымі айцамі» «апасталічнай службай інфармацыі». Функцыянеры гэтай «службы» пад выглядам розных праваабарончых душпастырскіх акцый паціху папаўнялі будучы пасляваенны клір ваеннымі злачынцамі і іх прыхваснямі з ашчаропкаў «іншаземных армій Усходу». Па словах нашага новага амерыканскага «сябра», менавіта тады пакручастыя сляды гэтых дзвюх разведак скрыжаваліся на праславутай пацучынай сцежцы, па якой адпраўляліся за акіян патрэбныя амерыканцам людзі. А пад эгідай Упраўлення стратэгічных службаў нечакана праклюнулася і цяперашняя заходнегерманская разведка. Наіўна было б думаць, што яна нарадзілася бязмэтна капціць паветра ў адэнаўэраўскай Германіі. Яна ўжо моцна наслядзіла не толькі ў ФРГ, але і ў некаторых сумежных з ёю краінах. У Венгрыі, напрыклад. А цяпер і ў ГДР намагаецца пасеяць вецер, заражаны бацыламі антыкамунізму і рэваншызму...

А ці не зашмат я гавару аб буржуазных разведках? Мяне дома, за якія пяць-шэсць дзесяткаў крокаў ад бацькавага хутара, нейкія мярзотнікі падстрэлілі, як цецерука, на самым узлёце. Што гэта, калі не яшчэ адзін доказ таго, што дзе-нідзе яшчэ і ў нас нячыста. Адшчапенцы былі і застануцца адшчапенцамі. Але яны вялі і вядуць свой здрадніцкі разлік, а яго вялікасць Час — свой. Не ведаю, як зараз на Захадзе, а на былых «крэсах усходніх», у тым ліку і на маёй роднай Навагрудчыне, ім усё цясней ды цясней. А ведаеце, хто мне гэта адным з першых сказаў на радзіме? Сяргей Моніч. Я для яго быў і, як відаць, ужо да самага скону буду «цёмным хутарскім вахлаком», «апалітычным элементам». Мяне гэтыя ярлыкі да зямлі не сагнулі. Наадварот, яны надзейна прыкрывалі мяне ад мясцовых «ахвяр гістарычнай несправядлівасці». Менш падазрона касавурыўся тады на мяне і ксёндз Сікірыцкі. З патэнцыяльнымі дурнямі і няўдачнікамі, як некалі гаварыў мой бацька, накіроўваючы мяне на правільны шлях, яны не валаводзяцца. Ім падавай новых томчакаў, а калі яны перавяліся, дык нават і на Рагулевых пасланцоў пагадзіліся б. А Моніч, як двухаблічны Янус, толькі паціраў бы рукі ад задавальнення.

Прайшло нямала часу, перш чым я канчаткова зразумеў. куды ён так нахрапіста, як штрэйкбрэхер, заўсёды прэцца, куды, у які людскі стан хіліць. Проста мне не было калі разгадваць Монічавы намёкі. Тым больш што ён толькі праездам праз Зачэпічы забягаў да мяне, як ён казаў, упэўніцца, што яшчэ не даў дзёру да сваіх дружкоў у ПНР. А пасля, як мяне, нечакана для яго, прынялі кандыдатам у члены партыі, а затым і выбралі старшынёй сельсавета — наогул перастаў пападацца мне на вочы. Штосьці замінала яму чытаць мне свае палітінфармацыі. Як бы там ні было, а я ўжо мог і пастаяць за сябе. Такія свіныя натуры, як Монічава, нутром гэта адчуваюць.

У сувязі з гэтым мне прыгадаўся адзін інструктаж, які аднойчы рабіў Барыс Рагуля сваім «навабранцам». «З бальшавікамі, маць іх туды, трэба дзейнічаць або нахрапам, калі яны абяззброены ды сядзяць за калючым дротам, або асцярожна, як з нядократкамі, каб не выдаць сябе з галавой. Сапраўдныя змагары заўсёды павінны быць здысцыплінаванымі, падцягнутымі, прадбачлівымі, а ў рашучы момант — хуткімі і бязлітаснымі. Ва ўсіх выпадках, такую вашу маць, інакш я нікому не гарантую поспехаў у нашай святой вызвольнай справе».

А тым, хто ўжо хапіў шылам кашы на бацькаўшчыне ды, вярнуўшыся на Захад, наравіў выкруціцца ад паўторнай засылкі ў СССР, Барыс Рагуля, калі мяне памяць не падводзіць, казаў:

— Вы ўжо мечаныя, як тыя ігральныя карты, хто дубцом праз усе плечы, а хто і куляю. Там на будучае будзеце больш асцярожнымі. За бітых змагароў нашы амерыканскія сябры больш грошай даюць. Няхай гэта гучыць парадаксальна, але затое ёмка і справядліва. Мы не кісенныя паненкі, каб крыўдзіцца на гэта.

Думаю — каментарыі тут лішнія. Ад сябе толькі дадам, што зараз спадар Рагуля Барыс валаводзіцца з перамяшчэнцамі ў Канадзе. Амерыканцы пераправілі туды яго на... заслужаны адпачынак. Рагуля моцна прымільгаўся ў Заходняй Еўропе у якасці іх вербаўшчыка падрыўной рабочай сілы. А ў Канадзе яго яшчэ мала хто ведае. Акрамя таго, навучаны горкім вопытам (у Парыжы мясцовыя перамяшчэнні зрабілі яму «цёмную»), ён выдае сябе за звычайнага лекара-стаматолага і божыцца, быццам толькі з-за «патрыятычных пачуццяў» удзельнічае ў арганізацыі апорных пунктаў, ці, як ён гаворыць, «пляцовак антыкамуністычнай беларускай эміграцыі».

Як выбракаваных жывёл у трумах пасажырскіх і таварных параходаў, стараннямі амерыканскіх генералаў ад разведкі і дыверсійных чысцілішчаў паціху вывезены ўжо за акіян і такія «слынныя» палітычныя «камандзёры» «беларускай антыкамуністычнай эміграцыі», як, напрыклад, спадары Кушаль, Мярляк, Акула, Ганько, Арсеньева. Яны таксама прымільгаліся і гэтым самым кампраметавалі сваіх новых гаспадароў на еўрапейскім кантыненце. А каб разгневаныя містэры генералы наогул не вывернулі іх на звалку на задніх дварах Пентагона або дзярждэпартамента ЗША — усе яны, як і Рагуля Барыс, з «патрыятычных пачуццяў» у пажарным парадку ствараюць новыя здрадніцкія арганізацыі. Думаю, іх баевікі неўзабаве ўсімі праўдамі і няпраўдамі будуць пішчом лезці да нас, у Савецкі Саюз. Пад маскамі прагрэсіўных эмігрантаў, турыстаў або нават бізнесменаў і вучоных. Інакш «патрыятычныя пачуцці» палітычных «камандзёраў» (чытайце: недабіткаў) БНР і БЦР пойдуць псіне пад хвост.

Неверагодна, але факт: адным з першых да гэтай сумнай ісціны дакапаўся пан Новак, які завіхаўся каля нас з Антосем у Мюнхене. Памятаю, як яшчэ ў самым пачатку выбракоўкі функцыянераў амерыканскіх спецслужбаў беларускага паходжання, раздражнёны непрыемным інцыдэнтам з Чэславам Сіповічам каля касцёла святой Ганны, ён панура выпаліў:

— Кар-р-амба! Абстаўляючыся такімі злымі і двудушнымі крэсавякамі, як гэты... таўстаморды святы парсюк Сіповіч, нашы амерыканскія сябры адштурхнуць ад сябе ўсю палонію. Гэта ж мечаныя самым заімшэлым нацызмам тузы! Пародзістага баварскага ламавіка з калёсамі таму, хто мне дакажа, што гэта не так! І гэта ў той час, калі ўсе спецслужбы ЗША ўжо нацэлены на ўсяленскі антыкамуністычны шмон, калі свецкая агентура павінна з найменшымі стратамі для сябе падточваць камунізм знізу, разбураць базіс яго, а клерыкальная зверху. Яе задача — як мага глыбей угрызацца ў прафсаюзы і маладзёжныя студэнцкія і рабочыя арганізацыі, перацягнуць на свой бок і дэмаралізаваць творчую інтэлігенцыю. Нават калі сярод яе кот наплакаў тых прававерных католікаў... Гэта ўжо наглуха запланавана містэрам Трумэнам і яго ястрабінай адміністрацыяй. А потым, пся крэў, стане часткай гісторыі заходняй дэмакратыі. Дык хіба разумна рабіць яе з бітымі тузамі ў руках, нават калі яны ўпрыгожаны каталіцкімі ці якімі б там ні было сімваламі. Адно, на што яны яшчэ здольныя, дык гэта жыць не тужыць у адных кашарах з крымінальнікамі.

— Ліха іх бяры! — сказаў Антось. — Адносна былых фашысцкіх паслугачоў сёе-тое і ў нашай памяці занатавана як самае гнілое і агіднае. Гэта сапраўды не палітычныя дзеячы, а пачвары. Аб гэтым нам з Ігнатам сябры майго незабыўнага, царства яму нябеснае, бацькі недвухсэнсава сказалі.

— Кар-р-рамба! Адразу відаць, што ты не чыстакроўны паляк, а мяшанец! — тут пан Новак ажно за галаву схапіўся. — Налібоцкі дзікун... Баварскага скакуна з калёсамі... Стоп! І ад твайго бацькі, Антак, беспрасветнай правінцыяй патыхала. Дазволь я цябе пацалую... М-м-му, так! Цяпер мы з табою — сапраўдныя радакі. А тых... мечаныхперамечаных сугнеяў мы яшчэ да парадку заклічам! Не па шляху нам, нашчадкам польскай кароннай шляхты, з імі, не па шляху...

Мы не пярэчылі гэтаму высакароднаму імкненню пана Новака. Наадварот, далі яму зразумець, што поўнасцю падзяляем усё сказанае ім пра такіх, як Чэслаў Сіповіч, крэсавякаў. І наш нястомны апякун і настаўнік прыняў гэта як належнае.

 

2

Дзіўна, але мне цяжка заставацца ў бальнічнай палаце сам-насам са сваімі трывожнымі думкамі пра Сяргея Моніча. Закруткін з часам зразумее, што гэта не ад расслабленасці, а, наадварот, ад жадання больш прадумана і глыбока капнуцца ў Монічавай душы, зразумець, дзе і калі ён мог зламацца, трапіць на «кароткі павадок» рэакцыі. Зусім мажліва, што ён і сам, як сказаў мой бацька, рэакцыянер з даваенным стажам. Хіба санацыйная дэфензіва была дрэннай павітухай для патэнцыяльных адшчапенцаў? Яна падрыхтавала з іх для сябе такіх «спецаў па барацьбе з камунізмам», што нават гітлераўцы потым з задавальненнем узялі іх да сябе на падзённую работу, а самымі паваротлівымі і замацярэлымі правакатарамі ўкамплектавалі паслухмяныя сабе Беларускую цэнтральную раду, Саюз беларускай моладзі, усе іх управы ў абласных і раённых цэнтрах. Былыя польскія вайскоўцы беларускага кулацкага паходжання сталі «камандзёрамі» так званай Беларускай (яе яшчэ называлі кулацкай) краёвай абароны. Гэта было крыўдна для польскага буржуазнага ўрада, які кіраваў сваімі падданымі з Лондана. Лепшыя гадаванцы яго спецслужбаў, накшталт Радаслава Астроўскага, Станіслава Станкевіча, Францішка Кушаля, Барыса Рагулі, шчыравалі на праклятых швабаў, якія ў 1939 годзе пачалі акупацыю Польшчы з варварскіх разбурэнняў і пагалоўнага вынішчэння працоўнай і творчай інтэлігенцыі, не кажучы ўжо аб простым народзе, які не ўпаў на калені, а чым мог, тым і граміў акупантаў. А беларускія, украінскія, літоўскія выкармкі дэфензівы, як самыя апошнія высметкі, пачалі баязліва перабягаць да ворага, удзельнічаць у яго «крыжаносных» акцыях і рыхтавацца да такіх жа акцый на тэрыторыі СССР, хоць ён як быццам і не збіраўся ваяваць з немцамі.

Моніч тады яшчэ быў зялёным юнаком. Але розуму на дурное хапала. Таму ён так дзіўна паводзіў сябе заўсёды. Вайна для яго была цікавым відовішчам. І апраўдальнай прычынай для падазроных шашняў з рагулеўцамі. Мажліва, ён і быў заадно з імі. Інакш чаму ж ён і пасля вайны быў такі буйны і непаслядоўны? Ён жа больш шкодзіў, чым памагаў людзям. Ды ён і цяпер не жыве, а прыдурваецца, прыкідваецца то нашым, то вашым. Вось ужо амаль тры месяы прайшло з дня маёй «трагічнай смерці», а Моніч яшчэ не астыў ад абурэння на мясцовыя ўлады, што дапусцілі такое, дзень пры дні бегае па хатах у Зачэпічах — шукае сведак бандыцкага нападу на мяне. Кажуць — людзі ўжо разбягаюцца ад яго хто куды, бо надакучыў усім, як айцец Казімір Сікірыцкі, набіваючыся кожнаму ў нябесныя душпастыры.

Аднак гэта яшчэ не самае галоўнае. Пакуль я «ляжаў» у брацкай магіле ва ўрочышчы Шарэйкава Глебаўка, Сяргей Моніч, аказваецца, на самай справе прыбраў да сваіх заграбастых рук усе мае асабістыя рэчы на хутары і ў сельсавеце. Бандыты гэтага зрабіць не паспелі, а Моніч дзён тры не спаў, не еў, але сваё займеў. Балазе ацалелыя дружыннікі шапнулі яму, што я «так і не апрытомнеў, сканаў на месцы, падкошаны аўтаматнай чаргою». Ну, а чаму мяне «пахавалі» не дома, а ў лесе — яны дакладна не ведалі. Можа, не заслужыў асаблівай пашаны.

Відаць, Моніч паверыў у гэта, бо да апошняга часу пры кожнай сустрэчы сардэчна спачуваў маім бацькам. Аднойчы нават падкінуў ім мяшок пшанічнай мукі на хутар і папрасіў, каб гукнулі яго на мае саракавіны.

Але да саракавін справа ўсё ж не дайшла. Ды яны і не прадугледжваліся планам аперацыі. Важней было паназіраць, як мой няпрошаны апякун закруціцца на адной пяце, дачуўшыся, што я жывьь Ад таго, каму ён першаму адстукае гэту навіну ў ваколіцах зачэпіцкай мукамольні, магло залежаць далейшае расследаванне майго «забойства».

Пасля амаль двухмесячнага перапынку да мяне зноў заходзіў Іван Пятровіч Закруткін. Колькі дзён да гэтага ён бачыў Сяргея Моніча ў прыёмнан першага сакратара райкома партыі. Па «собскай» ініцыятыве, кажа, заваліўся туды. У пракуратуру, як было гэта ў першыя пасляваенныя гады, яго чамусьці больш не цягне. Пераарыенціроўка на партыйныя органы — новы этап у «грамадскай» дзейнасці нашага зачэпіцкага суперпраўдалюба. Маё ацаленне распаліла ў Монічу новыя сумненні. Яму карціць даведацца, як зараз у райкоме партыі ставяцца да маёй асобы, чаму там не знайшлося жадаючых пагаварыць з ім на гэту нібыта балючую для яго тэму. Хіба партыйнаму начальству яшчэ невядома, што я быў у амерыканскай зоне акупацыі Германіі, дзе шпік на шпіку сядзіць і шпіком паганяе? Ні для каго не сакрэт, што пераважная большасць іх — выхадцы з заходніх абласцей Украіны і Беларусі, якія да вайны ўваходзілі ў склад буржуазнай Польшчы. Таму паны не цырымоніліся з украінцамі і беларусамі, праз свае легальныя і падпольныя ваенныя камісарыяты сілай папаўнялі шэрагі сваіх рэакцыйных ваенных фарміраванняў, а потым спадцішка кідалі ў бой з савецкімі і польскімі бальшавікамі. Да Моніча дайшлі чуткі, быццам нават у арміі генерала Андэрса былі ўкраінцы і беларусы, толькі ён меў вельмі пільнае вока на іх і дзе сам, а дзе і праз каталіцкіх душпастыраў гнуў як хацеў да зямлі — рыхтаваў сабе халуёў з прыкідкай не на камуністычную, а на буржуазную Польшчу. А калі гэта так, дык, напэўна, і я прайшоў адпаведную ідэалагічную абкачку на Захадзе, перш чым вярнуцца на свой завэдзганы хутар каля Зачэпіч. А гэта ўжо, даражэнькія, не жартачкі! Калі ў райкоме яшчэ не раскусілі, хто я такі, — і пракурор пальцам бяды не адвядзе...

— У вас вельмі перакошаны твар, маэстра, — кпліва заўважыў Закруткін, абыходзячы Моніча. — Раю крыху супакоіцца. Усё ж такі вы не ў піўной, а ў райкоме!

— Так, вы маеце рацыю, таварыш Закруткін, — згадзіўся Моніч, паспешліва выціраючы насоўкай спацелы карак. — У мяне пакуль што мала неабвержных фактаў, каб адпаведным чынам абмаляваць усю сітуацыю. Але ў адным я ўжо не сумняваюся: Ігнат Лагода не той чалавек, якога трэба было ратаваць ад смерці!

Упэўнены — гэта не апошняе слова Сяргея Моніча пра мяне. У гэтай яго саматужнай «грамадзянскай» дзейнасці ёсць штосьці недзе запазычанае ў беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Неўтаймаваная халуйская фанабэрыя і помслівасць, напрыклад. Праўда, адбіўшыся ад іх паганай чарады, Моніч безнадзейна адстаў ад сучасных патрэбаванняў клерыкальна-нацыяналістычнай стратэгіі злачынстваў, варыцца ў сваім саку, як безгаспадарны цюцька, які на хаду на ўсіх з надрывам брэша і лісліва хвастом віляе. Менавіта такім Моніч заўсёды стаяў і стаіць перад маімі вачамі. І не раз жа, каханенькі-родненькі, быў ужо няшчадна біты. Але ў былога Задрапеевага батрака нораў, як у быка: на чым стаяў, на тым і стаяць будзе, пакуль не зловяць з неабвержнымі доказамі, што гэта не проста звышпільны «стукач», а па-свойму вельмі заядлы і вераломны вораг савецкага ладу. Калі не памыляюся, дык зараз ён — важак тых набожных хутарскіх сугнеяў, што ў дні фашысцкай акупацыі баязліва адседжваліся ў сваіх гумнах або ўпотай дагодліва выслужваліся перад фашыстамі. Затое ж, бачыце, менавіта яны ацалелі і пасля амністыі пачалі сеяць вечнае, добрае, мудрае як самыя шчырыя і непадкупныя патрыёты. А калі што дзе і не так — час усё спіша на нібыта непазбежныя ў такіх выпадках «выдаткі росту». Людзі, якія жывуць па гэтаму прынцыпу, хутчэй пакажуць сябе сапраўднымі будаўнікамі камунізма. Шкада толькі, што шмат дзе ім усё яшчэ не давяраюць, асцерагаюцца, каб яны на выпадак якой бяды зноў не шуганулі ў кусты. Адным словам, у наяўнасці поўная дыскрэдытацыя іх. Быццам гэта і не грамадзяне СССР, а пошасць нейкая, булённыя браты сумна вядомага Барыса Рагулі і яго галаварэзаў!

Іван Пятровіч Закруткін, расказваючы мне пра гэта, не забыўся ўсё-такі зноў строга пажурыць мяне за незразумелую для яго марудлівасць, за тое, што я да гэтага часу не развянчаў Моніча з яго бязглуздай дэмагогіяй аб нібыта маючай месца дыскрымінацыі амнісціраваных грамадзян СССР. Іх дзеля таго і амнісціравалі, каб канчаткова не скаціліся на антысавецкія пазіцыі. Моніч гэта дасканала ведае, але ўпарціцца, стаіць на сваім, быццам сапраўды далей свайго носа ніколі нічога не бачыў і не бачыць. А гэта ўжо выклік не толькі мясцовым уладам. Менавіта таму, па словах Закруткіна, Моніч проста сам .просіцца ў ізалятар, няхай сабе нават і бальнічнага тыпу. Пусці такога «будаўніка камунізма» ў начальства, кажа ён, або ў які-небудзь рэспубліканскі ўстаноўчы камітэт ці творчы саюз — усё пойдзе шыварат-навыварат, як у занядбаным местачковым хэдары. А я, сякі-такі нядобры, не падумаў аб гэтым і праглядзеў такога мацёрага суцягу і дэмагога.

Закруткіну цяжка пярэчыць, у яго ўсё ўжо расстаўлена па палічках. Таму я вінавата маўчу — чакаю, што ён мне яшчэ скажа. Шырокае кола інтарэсаў яго дае мне падставы меркаваць, што папрокі былі толькі прымаўкай, а казка яшчэ наперадзе. І на самай справе Закруткін не ашукаў маіх спадзяванняў: я ўжо чую яго зараз ужо не чужы мне голас.

— Табе б у харошы санаторый, таварыш Лагода, месячыкаў на два адчаліць на далейшае лячэнне, а маё начальства зноў разводзіць рукамі: палякі просяць неадкладна адкамандзіраваць цябе ў іх распараджэнне. Яны ведаюць, што ты яшчэ ледзьве на нагах трымаешся, але настойваюць на сваім. З разлікам на тваю асабістую згоду, зразумела.

— Значыцца, трэба ехаць, — гавару я, хоць сапраўды яшчэ ледзь трымаюся на нагах. — Без сур’ёзнай прычыны нашы польскія сябры мяне не турбавалі б. Зараз іх служба бяспекі ўкамплектавана выдатнымі кадрамі. Але на дэкласаваных некалі пілсудчыкамі беларусаў, як відаць, спрактыкаваных спецыялістаў яшчэ не хапае. Яны ж не сядзяць на месцы, бадзяюцца, як пагарэльцы, па нялюбых для іх польскіх гарадах і вёсках, асядаюць на адваяваных у гітлераўцаў польскіх землях і не прызнаюць ніякай улады. Там, дзе яна яшчэ ў руках мяккацелых, нерашучых людзей, зразумела. Я на сваім горкім вопыце пераканаўся ў гэтым. Калі б не мае пабрацімы Метак Жмігроцкі і Антось Малочка, якія заўсёды своечасова з’яўляліся мне на дапамогу, дык, можа, і не вярнуўся б ужо дадому. Але ёсць жа яшчэ і Моніч, ён трэсне ад злосці, калі не апаганіць і іх сваімі агіднымі нагаворамі. Я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без яго воўчай апекі. Надаваць яму па шапцы, ці што?

— Не трэба, — моршчыцца Закруткін. — Ад Монічавых баек, дарагі мой, ужо не засталося і каменя на камені. Да нас паўторна паступілі з Варшавы дакументы аб тваёй баявой дзейнасці ў Польшчы і на Захадзе. Мы дакладна ведаем цяпер і пра тое, чым там займаліся і вашы сябры Метак Жмігроцкі і Антось Малочка. Зараз гэта не проста адчайныя лясныя рубакі, а перакананыя марксісты-ленінцы, на якіх раўняюцца многія маладыя работнікі польскай дзяржаўнай бяспекі. Адно трывожыць: зараз абодва яны пад неаслабным абстрэлам так званых неарэфарматараў, людзей няпэўных і падкіх на розныя авантурыстычныя палітычныя і гаспадарчыя эксперыменты. Асабліва дастаецца вашаму стрыечнаму брату Антосю. За бескампрамісную барацьбу са згоднікамі і самастрахоўшчыкамі, сярод якіх нямала і махровых падпявал недабіткаў польскай санацыі. Гальванізаваная буржуазнымі разведкамі рэакцыя, асабліва былыя пілсудчыкі, не можа прабачыць яму гэтага. Дарэчы, усё гэта мне сам Антось гаварыў. Зараз ён знаходзіцца ў Мінску ў польскім прадстаўніцтве. Можаш яму туды пазваніць адсюль. Да дзвюх гадзін дня ён будзе чакаць твайго званка, Ігнат. Вось нумар тэлефона, па якім яго можна знайсці. Хаця пачакай, лепш я сам перагавару з ім. Нешта сягоння ты не падабаешся мне... Сэрца ўжо дае асечкі, ці што?

Дзіва што дае! Яшчэ не было такога выпадку, каб які-небудзь следчы за мяне так хваляваўся. Адчуўшы строгую мужчынскую спагаду ў голасе Закруткіна, я ледзь не заплакаў. Але хіба я мог сабе дазволіць такое?! Я толькі моцна абхапіў рукамі галаву і на хвіліну заплючшыў вочы. Успомнілася бацькава, запаветнае: ніколі, сынку, не раскісай, нават калі цябе вельмі моцна пакрыўдзяць або расчуляць. Будзь заўсёды мужным і цярплівым. Мы не сідаравы козы, каб пускаць слёзы. У нас і так слабакоў нямала. Таму прывыкай і з радасці больш скрыгацець зубамі, чым шлёпаць губамі.

Я губамі ніколі не «шлёпаў» і не «шлёпаю». Аднак і зубамі скрыгатаць не ўмею. Пасядзеў у прыемным забыцці крыху ды зноў расплюшчыў вочы. А як усё ўляглося ў душы — зараз жа ўзарваўся, пачаў катаваць сябе за гэтую хвілінную слабасць. Зноў, ёлкі зялёныя, паказаў сябе перад Іванам Пятровічам Закруткіным не з лепшага боку! Ці захоча ён зноў без усялякіх службовых цырымоній назваць не таварышам Лагодам, а проста Ігнатам? Як свайго добрага знаёмага або брата ці сына. І што яшчэ важна зараз для мяне: няўжо сапраўды я яшчэ такі кволы, што магу задыхнуцца, даць дуба ад моцнага хвалявання? Вестка аб прыездзе Антося ўзрушыла мяне, але не настолькі, каб усе за маё здароўе трэсліся. Хіба я ляжаў нерухома, як палена, калі мяне без канца рэзалі і калолі ў бальніцы? Я толькі не гаварыў нічога, хоць бачыў, што да смерці мне сапраўды было недалёка. Асабліва як аднойчы, ачомаўшыся ад наркозу, адчуў, што недзе паблізу плача наўзрыд якаясьці маладая прыгожая жанчына. Гэта была Стася, мая колішняя нарачоная. Яе прыход моцна збянтэжыў мяне. Потым я пачаў стагнаць, тузацца ад бяссільнай роспачы. Лёс жорстка пажартаваў над намі. А паправіць, бадай што, ужо нічога нельга. Стася дасканала гэта ведае, але чамусьці махнула на ўсё рукой і прыбегла ў бальніцу, дачуўшыся аб маім раненні. Мусіць, яшчэ не ўсё перагарэла; ў яе збалелай душы. Я ажно глуха застагнаў, убачыўшы над сабой яе прыпухлы ад плачу, заклапочаны твар. Потым гнеўна спытаў:

— Як ты с-сюды трапіла?! Ма-аўчыш? Не хочаш выдаваць свайго благавернага?

— А пры чым тут мой благаверны? — Стася адхіснулася ад мяне і пачала паспешліва выціраць насозачкай слёзы. — Я і сама не пустое месца на матчынай радзіме — зайшла да твайго начальства ў райвыканком і папрасіла, каб яно пахадайнічала за мяне перад тваімі цяперашнімі апекунамі з дзяржаўнай бяспекі. Хацелася хоць з-за іх плячэй глянуць на цябе, пудзіла гарохавае!.. Божа, дай мне сілу выцерпець усё! Абшчыпалі цябе, Ігнатка, як цецерука. Хоць бы не прыкідваўся, што я для цябе нічога не значу. Ты ж сам некалі вучыў мяне заўсёды быць шчырай.

— Вучыў, гэта праўда, — згадзіўся я. — І навука гэтая дала добрыя вынікі. Але мне ад гэтага не палягчэла. Вось, як бачыш, жыццё так закруціла, што і звар’яцець можна...

— Не прыбядняйся, каханы, не трэба, — ціха запярэчыла Стася. — Цябе яшчэ хопіць не на адзін пякельны вір. Ці, можа, ты з-пад чыіх-небудзь палак выбраў сабе такое небяспечнае жыццё? Дазволь я цябе пацалую і пабягу дамоў.

Лепш бы яна не рабіла гэтага. Бываюць такія жахлівыя звіліны ў жыцці, калі і пацалункі любімых балюча раняць. А Стася яшчэ як бы і пацвельвалася з мяне. Але я не маю права дакараць яе за гэта. Атабарыўшыся ў Зачэпічах, я колькі гадоў свету божага не бачыў — завочна вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, потым апошні раз адвандраваў сваё ў Заходняй Еўропе і, вярнуўшыся назад, ад цямна да цямна парыўся ў сельсавеце. Стася паглядзела, што я амаль цалкам забыўся на яе, і выйшла за іншага чалавека замуж. Гэтым яна хацела адпомсціць мне, але і сама, нябога, ашпарылася: малады, ладна скроены ветэрынарны ўрач, з якім яна, пагарачыўшыся, звязала свой лёс, аказаўся хітрым камбінатарам і эгаістам. Стася, якую ён называе «савецкай полькай», пасля вяселля стала для яго бяспраўнай хатняй работніцай. Кіндэр, кіхэ унд кірхэ (дзеці, кухня і касцёл) — усё, чым ёй наканавана зараз займацца ў яго цаглянай ваўкаўні на адной з ускраін Навагрудка. Хопіць, маўляў, і таго, што яна ўзяла ад жыцця, пакуль вучылася ў тэхнікуме. Хіба тады ніхто яе не запрашаў на маладзёжныя вечары ды шумныя пікнікі на лоне прыроды?

Нічога асаблівага там, на гэтых «шумных пікніках на лоне прыроды», не было, акрамя строга рэгламентаванай навучальным працэсам студэнцкай удаласці ды весялосці. Моладзь першых пасляваенных гадоў, наколькі мне вядома, часта адпачывае прыхваткам, але прыгожа. І ў маральных адносінах яна мацнейшая за Стасінага мужа. У гэтым не цяжка пераканацца, паглядзеўшы, як яна, нябога, абвяла праз які год пасля сумеснага жыцця з гэтым дыпламаваным міраедзікам. Надаваць яму па шапцы, ці што? Гэта ж не чалавек, а выкапень нейкі, пячорны перажытак у савецкіх ветэрынарных урачах ходзіць! І гэта жахліва, бо мне па-ранейшаму шкада Стасі...

Аднак маё сэрца ад гэтага шкадавання яшчэ не разарвалася. Праўда, пасля апошняй сустрэчы са Стасяй я крыху перанерваваўся і папрасіў медсясцёр, каб нават Закруткіна не пускалі да мяне. Ды калі яны не хлусяць, дык ён і сам тады стараўся як мага менш назаляць. мне. А зараз... Што ж гэта здарылася? Чаму гэты непаседлівы пажылы чалавек так апякуе мяне? Вось ён зноў зайшоў у палату і асцярожна мяне тармосіць:

— Міжгародняя дала Мінск, што сказаць Антосю?

— Пачакайце, Іван Пятровіч, лепш я сам пагавару з ім. Пачуўшы не мой, а ваш голас, Антось спалохаецца, падумае, што са мной зноў што-небудзь здарылася.

— Слушна, — згадзіўся Закруткін, выслухаўшы мяне. — Толькі мне не хацелася б, каб вас убачылі ўсе хворыя. Хопіць і таго, што Моніч і яго дружкі ведаюць, што ты жывы. А нам з табой яшчэ трэба будзе крыху павадзіць іх на сваім повадзе, каб хутчэй раскрыліся.

«Значыцца, заказаная размова з Антосем не адбудзецца, пойдзе на глум!» — жахнуўся я і, саскочыўшы з ложка, пацягнуўся па мыліцы. Але дзяжурная сястра, перамігнуўшыся з Закруткіным, рашуча абхапіла мяне за паясніцу і зацягнула назад на ложак. Мне яшчэ здалося, быццам яна з прыкрасцю вылаялася пры гэтым. Ды што гэта значыць у параўнанні з тым шчаслівым момантам, калі я ўпершыню без мыліц сам дайшоў да дзвярэй! Няхай цяпер усе медыцынскія сёстры сварацца на мяне — на мыліцах я скакаць больш па палаце не буду. Хопіць! Я так і Закруткіну скажу. Харошы ён чалавек, але разам з тым і самастрахоўшчык вялікі. Спачатку мяне як міленькага запраторыў у брацкую магілу, а цяпер ужо дзьмухае на мяне, баіцца, каб не спатыкнуўся на роўным месцы. Што гэта, калі не самастрахоўка, га?

Апошнія словы Закруткіна аб тым, што Антось неўзабаве сам прыедзе ў Навагрудак, ледзь дайшлі да маёй свядомасці. Аднойчы са мной так было і ў Мюнхене: ляжаў у сваім нумары ў атэлі пасля допытаў на дэтэктары хлусні ў штаб-кватэры гаспадароў пана Новака і тых, хто з ім, і нічога не разумеў, што мне намагаўся ўцямяшыць у галаву напалоханы Антось. Але тады я быў здаровы і цягавіты, як вол, праз якую гадзіну ўстаў, паправіў на сабе адзенне ды зноў мог ісці на допыты да амерыканцаў. А зараз мяне і ад празмернай людской спагады хістае. Закруткін, здаецца, адчуў гэта, бо, уважліва прыгледзеўшыся да мяне, нешта шапнуў дзяжурнай медсястры, якая ўсё яшчэ мітусілася ў палаце, і заспяшаўся да выхаду.

Дзіўна, але на яго месца аднекуль з’явіўся Антось, падцягнуты, строгі, з недакуранай цыгарай у зубах. Толькі быў ён не ў мундзіры маёра польскай дзяржаўнай бяспекі, а ў новым светлым спартыўным касцюме багатага свецкага валацугі. «Не падабаешся ты мне, Ігнат, — гаворыць ён ціха, але з сілай, як старшы па званню. — Цябе што, Новакавы «хлопчыкі на пабягушках» свінчаткамі абкантавалі? Пабойся бога, чалавеча, нам не расклейвацца, а мацавацца трэба! Ты ж не кісейная паненка, а такі, як і я, афіцэр польскай контрразведкі. Паднімайся з пасцелі, чорт лазаты, ды прывядзі сябе ў парадак. Нас з табой чакае званы абед у шыкоўнай загараднай віле аднаго польскага экс-графа. Вось запрашальныя білеты. Новакава кабета пастаралася. Яна тут, у слаўным горадзе Мюнхене, нават шэфам свайго благавернага камандуе...»

Антось не памыліўся, трапіў, як кажуць, у самае яблычка. Пакуль пан Новак рабіў сабе ў сталіцы Баварыі пры двары янкі кар’еру, яго блудлівая, як сіямская кошка, палавіна ўсё часцей і часцей павышала голас нават на амерыканскіх генералаў ад разведкі, не гаворачы ўжо аб цывільных лавеласах. Жыць прыстойна, цікава, напоўнена яна не ўмела. Чаму? Розуму не хапала. І выхаванне патрабавала шмат лепшага. Мажліва, менавіта таму, каб асабліва не нарывацца на злыя колкасці гэтай свавольнай асобы, экс-граф і раскашэліўся на званы абед, атабарыўшыся ў Мюнхене. Для пані Новакаван ён па старасці гадоў ужо не ўяўляў ніякай цікавасці, але яна бажылася, што адчувала сябе тыгрыцай каля яго. Экс-граф імпанаваў ёй сваімі вытанчанымі вялікасвецкімі манерамі. У параўнанні з грубымі амерыканскімі салдафонамі гэта быў «анёл нябесны». Таму, на асвечаную думку пані Новакавай, радавы герб экс-графа, калі стары яшчэ не забыўся, як ён выглядаў, усе польскія эмігранты павінны з пакалення ў пакаленне шанаваць як сімвал нічым не заплямленага польскага патрыятызму. Гэта нічога, што экс-граф яшчэ ў часы Пілсудскага дагуляўся ў карты да галечы ды паціху змыўся з Польшчы на Захад. Хіба ён адзін такі няўдачлівы польскі патрыёт панскага паходжання? Галоўнае, што ў яго жылах цячэ блакітная кроў, якой так не хапала пану Новаку і яго прадпрымальнай палавіне!

А як яна, гэтая парадкам патрыманая, але яшчэ да пары бальзакаўскім гераіням польская гетэра, крадком ела нас з Антосем сваімі зыркімі, калючымі і вечна галоднымі вачамі! Мне яна моцна нагадвала Стасіну мачыху Гэлену Змачынскую. Тая таксама ў свой час умела страляць вачамі ва ўсіх мажлівых напрамках. Толькі ў яе не было такога хітрага і вяртлявага мужа, як пан Новак, і маральнай падтрымкі з боку важных чыноў ЦРУ. Не ведаю, як Антось, а я адчуваў сябе як карась на патэльні ў прысутнасці гэтай небяспечнай асобы. І не толькі таму, што ўпершыню трапіў у яе чорную сотню «прыстойных джэнтльменаў», якім яна ў любы момант магла паказаць свае вострыя кіпцюры. Вакол арэндаванага экс-графам асабняка, па-змоўніцку азіраючыся адзін на аднаго, снавалі нейкія няўлоўныя, бястварыя дзецюкі. Мяркуючы па іх напускной абыякавасці да прахожых і амаль незямной прыхільнасці да цёмных падваротняў ды завулкаў, гэта былі платныя халуі амерыканскага шэфа польскіх радыёдыверсантаў. Пані Новакава на працягу ўсяго абеду вярцелася каля яго. Але варта было яе заморскаму кавалеру толькі падняцца з-за стала ды выйсці на свежае паветра, як яна хуценька падбегла да экс-графа. «Даруйце мне, ваша светласць, я не магла пакінуць на волю лёсу нашага вашынгтонскага пана-дабрадзея, — вінавата прамовіла яна, абмахваючыся веерам. — ён проста ачараваў мяне сваёй непасрэднасцю, хоць, праўда, і не ў такой меры, як гэта магло вам паказацца. Заўтра я адна наведаюся сюды, маё каханне. Толькі... няхай гэта застанецца паміж намі».

Экс-граф быў ужо «цёпленькі», але яшчэ лыпаў, як пугач, вачамі, бездапаможна разлёгшыся ў глыбокім, абшытым цёмна-бардовым плюшам крэсле. Пані Новакава ледзь не задыхнулася ад злосці, заўважыўшы гэта, але не ўзарвалася, не паказала сябе ва ўсёй цвердалобай шляхецкай красе, а зараз жа супакоілася ды зноў заклапочана заваркавала:

— Мацуйцеся, ваша светласць! Сягоння ж чацвёртае красавіка, наш з вамі дзень трэцяя гадавіна Паўночнаатлантычнага антыбальшавіцкага пакта. Пан чуе? Антыбальшавіцкага! Вам яшчэ тост давядзецца сказаць...

Экс-граф маўчаў. Яго голая, як калена, галава рао-пораз бязладна звісала на грудзі. Дарэмна пані Новакава старалася прывесці свайго падапечнага ў прытомнасць ён ужо не рэагаваў нават на яе аплявухі. Потым, калі яму сунулі пад нос флакон нашатыру, шчасліва яе прывітаў на англійскай, затым перайшоў на французскую мову. Пані Новакава замармытала нешта накшталт «хау ар ю», потым сказала «бонжур, месье», паслухала яшчэ экс-графа і пакрыўджана залямантавала:

— Што-о? Звар’яцець можна! На начны гаршчок вас без мяне пасадзіць! Не трэба было на галодны жывот навальвацца на баварскія далікатэсы. Іх і для просталюдзінаў рызыкоўна выстаўляць на сталы! У Мюнхене ўсё з душком, усё прыпсавана. У тым ліку нават і людзі. Хіба па нас з вамі, ваша светласць, гэтага не відаць? Яшчэ год-другі такога жыцця, і ад нашай высакароднасці нічога не застанецца. Ды яна і цяпер многа лепшага патрабуе. Відаць, мы сапраўды асуджаны на поўнае выміранне. Вы толькі, пане графе, не злуйце. Так пра нас на ўсіх скрыжаваннях гавораць. Што вы мне на гэта скажаце, га?!

«На каго ж пані Новакава трансліруе свой маналог?» — думаў я, непрыкметна прыглядваючыся да гэтай баламуткі. Экс-граф ужо смачна хроп у крэсле, а яго госці ўсім гуртам выкаблучваліся перад амерыканцам, які пасля шчодрай выпіўкі бесцырымонна раскватараваўся на ачышчанай ад садова-агародных прыладаў верандзе; Антось з групай нейкіх шумных маладых хлопцаў разглядаў недарагія карціны на сценах гасцінай; я, як і належала былому падпаручніку Арміі Краёвай, якая нямала наслядзіла ў першыя пасляваенныя гады ў ПНР, панура сядзеў у куце каля <b>чапурыстага </b>масіўнага трумо, захоплена назіраючы за бегатнёй маладых прыгожых афіцыянтак з кафэ «Штадт Він» («Горад Вена»), якія нам прыслужвалі ў час абеду. Пані Новакава, безумоўна, заўважыла гэта. Яна нават па-змоўніцку <b>мне </b>падміргнула, <b>насмешліва перахрысціўшы экс-графа. І зрабіла гэта з такім выглядам, быццам мела справу са звычайным старым прыдуркам. І тут жа ажно пазелянела ад жаху. Прасачыўшы за яе позіркам, я таксама крыху сумеўся.

Бываюць выпадкі, калі жыццёвыя абставіны нечакана зрываюць з чалавека маску. З аднаго лёгка, як са звычайнага прытворшчыка, з другога — цяжка, з натугай, але няўмольна. Так здарылася і з новай апякункай экс-графа, якая пры жывым мужы адкрыта заляцалася да яго, няхай сабе пакуль што толькі на словах. Яе паляванне на экс-графа было ад пачатку да канца агідным фарсам. А экс-граф яшчэ быў пажаданым гістарычным экспанатам і для іншых рэакцыйных эмігранцкіх груповак і арганізацый. І там, дзе трэба было дзейнічаць хутка і беспамылкова, іх функцыянеры ў сродках не перабіралі.

Натхнёную гульню пані Новакавай з асалавелым ад спіртнога экс-графам увесь час пільна назіраў нейкі чысценькі, як канцылярыст сярэдняй рукі, яшчэ не стары, але прыкметна патрапаны жыццём мужчына. Раней я не звяртаў на яго асаблівай увагі, хоць мы сядзелі непадалёк адзін ад аднаго ў прасценку паміж трумо і камінам. Тым больш што ён амаль не падаваў ніякіх прыкмет жыцця — спачатку моўчкі гартаў багата ілюстраваны турыстычны даведнік, прысвечаны Мюнхену і яго ваколіцам, а затым — смачна драмаў, скасабочыўшыся ў такім жа, як і ў экс-графа, раскошным мяккім цёмна-бардовым крэсле. Мне ён крыху нагадваў затузанага званымі абедамі збяднелага, але яшчэ не пазбаўленага колішніх арыстакратычных замашак атожылка якога-небудзь знатнага польскага шляхецкага роду. Такія паны на чужыне адчуваюць сябе вечнымі падарожнікамі і, як правіла, дзе п’юць, ядуць, там крадком і адпачываюць. Для мяне экс-граф і яго госць былі жывымі гістарычнымі экспанатамі, якія прайшлі адзін і той жа эвалюцыйны працэс, што наклаў на іх паводзіны свой глыбокі след. Ад іх несла мярцвячынай, нават калі яны ўсміхаліся і жартавалі.

Зрэшты, і без маіх выкладак зараз многім вядома, што гэта яснавяльможная публіка ўяўляе з сябе. Таму я дазволю сабе толькі некалькі заўваг <b>пра </b>непрадбачаныя клопаты пані <b>Новакавай. </b>Справа ў тым, што ў незнаёмым мне вечным падарожніку яна разгледзела Ежы Гедройца, палітычнага канкурэнта свайго мужа, калі не сказаць больш, аднаго з самых мацёрых і спрактыкаваных польскіх буржуазных наймітаў ЦРУ, які, як і гаспадар асабняка, некалі таксама быў графам, але менш казыраў гэтым, апынуўшыся на чужыне. Пан Новак і яго хеўра для Ежы Гедройца як палітычная сіла не ўяўлялі асаблівай цікавасці. Мала звяртаў ён увагі і на тых адшчапенцаў, што паціху арудавалі ў трохпавярховым шэрым асабняку за высокай каменнай сцяною на Хайльманштрасэ, 23. Ежы Гедройц з маўклівай згоды свайго начальства з Ленглі гаварыў усім, што ён сам сабе ваявода, таму, маўляў, пасля вайны і асеў не ў Мюнхене, а ў Парыжы, каб не страціць сваёй палітычнай незалежнасці.

Але гэта былі байкі хітрага правакатара. «Сам сабе ваявода» нястомна шчыраваў і шчыруе на ЦРУ ў якасці шэфа аднаго з самых шумных антыкамуністычных выдавецкіх цэнтраў, які за апошнія гады разлапушыўся ў адным з прыгарадаў Парыжа ў абнесеным высокім тынам асабняку з чырвонай цэглы. Трапіць туды няпроста. І выйсці з яго, мяркуючы па расказах польскіх эмігрантаў, было таксама складана.

Мне і цяпер непрыемна, калі падумаю пра ўсё гэта. Па сутнасці пані Новакава, можа, нават насуперак сваім эгаістычным планам і пажаданням, дапамагла нам з Антосем лепш зразумець, з кім мы ў той памятны для нас вясновы дзень мелі справу. Нездарма Ежы Гедройц назваў яе брыдка, як вулічніцу, калі яна, пазнаўшы яго, голасна закрычала:

— А-а, дык гэта ваша светласць, пане Гедройц, спаіла гаспадара гэтай завэдзганай вілы! Чаму я не мела гонару бачыць пана за сталом? Хіба не мы з мужам фундавалі гэты абед? Божа, да чаго ж вы нізка палі, калі нават адрэкамендавацца нам не захацелі! А рапартаваць пан каму будзе аб сваіх назіраннях? Клянуся сваімі старымі падвязкамі, мне гэта ўжо надакучыла! Эй, хто жывы ў гэтай зале, прашу любіць і паважаць...

Пані Новакава больш не паспела нічога сказаць. На яе крык у гасціную прыбег з веранды амерыканец. Ён умомант ацаніў абставіны і гнеўна закрычаў:

— Стоп! Гэта непрыстойна! У мяне няма харошых слоў у ваш адрас! Да гэтага часу памятаю: я неахвотна даваў згоду на гэты абед. Ён можа даць дрэнныя вынікі...

Пані Новакава кпліва скрывіла губы, пераступіла праз мае ногі і, калышучыся на высокіх абцасіках, падалася на кухню. А Ежы Гедройц стаяў перад амерыканцам як укапаны. Падняўшыся з канапкі, на якой я сядзеў, я добра бачыў яго акамянелы твар, моцна заціснутыя губы і насцярожаныя, як у пабітага сабакі, вочы. «Заўтра яго ўжо не будзе ў Мюнхене!» — падумалася з агідай і задавальненнем. Куравыя найміцкія вочы дыму не баяцца, але на гэты раз Гедройцу яўна не пашанцавала. Непрадбачаны выпадак сарваў і з яго маску. І не абы-дзе, а навідавоку не толькі амерыканца, з якім ён, як відаць, быў у змове, але і такіх, як мы з Антосем, малазнаёмых для іх суб’ектаў.

Адным словам, званы абед быў сапсаваны канчаткова. Не прайшло і дзесяці хвілін, як амаль усе госці ўжо ў паскораным тэмпе разбіралі сваё адзенне і апраналіся ў прыхожай. Два дужыя дзецюкі ў шэрых плашчах з адтапыранымі кішэнямі, панурыўшыся ў прыўзнятыя каўняры, на мігі паказвалі, каму ў які бок ісці. Нас з Антосем яны прапусцілі апошнімі. Само сабой зразумела, што гэта прыдало нам крыху больш энергіі, прымусіла быць па-сапраўднаму абачлівымі і... нерастаропнымі, дурнымі, як неабчэсаныя яшчэ заходняй цывілізацыяй лясныя дзікуны з нібыта нялюбай для нас ПНР.

А бясслаўна праваліцца, згарэць саламяным агнём на варожай нам чужыне мы маглі сапраўды ў любы момант...

Дабраўшыся да цэнтра горада, мы зайшлі ў кафэ «Мак». Антосю прыспічыла праверыць адну сваю здагадку. За стол мы не садзіліся, па кубачку чорнай кавы выпілі каля ўціснутага ў прасценак шыкоўнага буфета. У гэты час, як нам сказаў буфетчык; ужо на ўсю раскрутку працаваў і рэстаран пры гэтым кафэ. На вуліцы перад уваходам туды стаяла некалькі амерыканскіх афіцэраў разведкі. Потым, як з-пад зямлі, каля іх з’явіўся пан Новак. Ён папрасіў афіцэраў, каб яны расступіліся, і ў рэстаран цугам адзін за адным важна прайшлі двое мужчын і жанчына. Амерыканца я пазнаў па сутулай спіне і наздратым, як у парсюка, носе, Новакаву палавіну — па раскудлачаных валасах, стройнай фігурцы і ўжо знаёмым мне выхадным шаўковым плацці. А трэцім аказаўся... экс-граф, якога мы пакінулі ў асабняку п’яным да непрытомнасці.

— Паслухай, Антось, калі ж гэты стары кажан паспеў ачомацца?! Ты думаеш, ён наўмысна іграў ролю прастачка на гадзіну?

— Пайшлі, — шапнуў Антось, сціснуўшы мне руку.— У атэлі разбяромся, што да чаго.

Прыкладна праз паўгадзіны мы ўжо былі на месцы. Але настрой у нас быў такі паганы, што мы, нават не развітаўшыся, разышліся па сваіх недарагіх аднамесных нумарах.

 

3

Антось не памыліўся, нам сапраўды трэба было не раскісаць, а мацавацца. І заўсёды быць напагатове, бо нечаканасці падпільноўвалі нас літаральна на кожным кроку.

У той жа неспакойны вясновы дзень звычайны выпадак, жыццёвая дробязь — неаплачаны рахунак за бытавыя паслугі, — прымусіў мяне адлічыць патрэбную колькасць грошай і спусціцца ліфтам у абстаўлены мадэрнізаванай мэбляй і вазонамі вестыбюль атэля, дзе размяшчаліся яго адміністрацыйная і фінансавыя службы. І вось тут, непадалёк ад патрэбнай мне касы, я ўбачыў чалавека, які паказаўся мне знаёмым. Спыняцца каля яго, само сабой зразумела, я не стаў — падышоў да касы і пачаў расплачвацца.

— Мусіць, у вас многа вольнага часу, гер Лагода, — зыркнуўшы на мяне з-пад капы пышных светлых валасоў, сказала касірка. — Маглі б пакуль што і не фатыгавацца. Лепш пагулялі б па горадзе або пасядзелі ў нашым рэстаране. За бытавыя паслугі мы, як правіла, вылічваем грошы пры канчатковым разліку.

— Хто ж тады выпісаў мне гэты рахунак, дарагая фройлен? — са штучнай бестурботнасцю спытаў я.

— Не ведаю. Спытайце ў нашага прыказчыка. Толькі... О, майн гот, які вы настырны! Гэта я, я выпісала вам гэты рахунак! Не збірайце, калі ласка, чаргі каля касы!..

Азірнуўшыся назад, я ўжо не ўбачыў таго чалавека, што паказаўся мне знаёмым. Дзе ж я з ім сустракаўся? Хто гэта? І чаму ён так хутка рэціраваўся з атэля? А можа, ён сачыў за мной праз якую-небудзь шчыліну з кабінета таго ж прыказчыка? Каб не звяртаць на сябе асаблівай увагі, я накупляў цэлы стос свежых часопісаў, газет і накіраваўся да секцыі з ліфтамі. Каля аднаго з іх, скоса азіраючыся праз плячо, стаяў... Так, памяць мяне не падвяла! Гэта быў Барыс Рагуля, якога мы з Антосем ужо не спадзяваліся заспець у Заходняй Еўропе.

Сто бочак дзёгцю! Спачатку мяне ажно скаланула ад нечаканасці. Потым нібы абдало варам, захацелася каршуном накінуцца на гэтага прадажнага барацьбіта за незалежную Беларутэнію. Нават радавыя эмігранты ведалі, што Барыс Рагуля — агент ЦРУ, дыверсант, інструктар па вымуштроўцы шпіёнаў і правакатараў. Прыстукнуць яго мімаходам, наколькі мне было вядома, не адмовіўся б і шаноўны рэдактар «Бацькаўшчыны». Ён ненавідзеў Рагулю і гаварыў, што той дрэнна скончыць, калі будзе дбаць толькі пра свае шкурныя інтарэсы.

Быў зуб і ў мяне на гэтага землячка. Думаю, што і натрэніраванасць у розных шпіёнска-дыверсійных школах яму не дапамагла б. Але я ўжо крыху ўмеў валодаць сабой, успомніў, дзе я знаходзіўся, і ў час апамятаўся, стаў тым, за каго сябе выдаваў на чужыне,— ваяўнічым недабіткам рэакцыйнага крыла Арміі Краёвай, перакананым антыкамуністам. Акрамя таго, многія амерыканскія паслугачы, у тым ліку і беларускія нацыяналісты, ведалі, што я «крэсавяк», выхадзец з заходніх абласцей Беларусі, і вельмі сумую па Радзіме, дзе пры панах мог бы ўжо быць багатым фальваркоўцам або кіраўніком якой-небудзь буйной дзяржаўнай установы.

Такая перспектыва была блакітнай марай многіх знаёмых нам з Антосем польскіх і беларускіх адшчапенцаў. Амаль усім ім у той ці іншай меры былі ўласцівы своеасаблівыя стогны па родных мясцінах. Настальгія спакваля прыгнятала ўсё больш і больш некалі злых і крыважэрных гарлахватаў. Нават ласкава прыгрэтых і азалочаных амерыканцамі правадыроў беларускай нацыяналістычнай рэакцыі нічога не радавала, яны амаль заўсёды без усялякай бачнай прычыны сохлі ад беспрасветнай маркоты. А некаторыя, як я ўжо аднойчы адзначаў, яшчэ і ад вечнага страху, які спадарожнічаў ім усюды. Шумныя пачосткі з песнямі і танцамі, пра якія паведамлялася тады ў «Бацькаўшчыне» і некаторых іншых нацыяналістычных газетках, былі вартымі жалю аддушынамі, дысперацкімі спробамі розных прадпрымальных «спадароў» і «спадарынь» хоць крыху ўпрыгожыць сваё азызлае бясслаўнае жыццё на чужыне. А такім лютым драпежнікам, як Барыс Рагуля, яшчэ карцела як мага хутчэй і абяліць сябе, даказаць нашым суайчыннікам за мяжой, што менавіта яны, былыя фашысцкія паслугачы, самыя верныя і непадкупныя змагары за шчасце беларускага народа.

Ведаючы пра гэта, я падышоў да Рагулі і пачаў бесцырымонна шчупаць яго вачамі. Прыгадалася адна дэталь з яго здрадніцкай змагарнай біяграфіі. Яна магла каштаваць яму жыцця. Аб гэтым нам часта гаварыў пан Томчак. У яго паходнай картатэцы Барыс Рагуля значыўся былым агентам дэфензівы, польскай буржуазнай палітычнай паліцыі, акоўцы разлічвалі на яго дзейсную дапамогу. На словах Рагуля ім дапамагаў, строіў з сябе абавязковага канфідэнта, а на справе паціху павыдаваў фашыстам усіх сувязных Томчака, якіх той пасылаў да яго з лесу. Ацалелыя пілсудчыкі з такімі двурушнікамі асабліва не цырымоніліся, нават калі яны пасля вайны хадзілі ў адной запрэжцы з імі, разам стараліся на амерыканцаў. Гэта і прыдало мне адвагі.

— Што табе, малады чалавек, ад мяне трэба? — набычыўся Рагуля, бачачы, што я бліжэй, чым яму хацелася б, наблізіўся да яго. — Можа, табе тут памаракі адбілі?

— Не было каму адбіваць, спадар Рагуля, — насмешліва адказаў я. — Цябе чакалі. Балазе многія загадзя ведалі, што, не пабачыўшыся са сваімі гадунцамі ў Мюнхене, за акіян ты не перабярэшся. Акрамя беларусаў, там і нас, палякаў, многа. Наўрад ці пагладзяць яны цябе па галоўцы, калі даведаюцца, як ты прывечваў у Навагрудку сувязных дэфензівы. Хочаш, я табе і агентурную мянушку нагадаю?

— Не трэба! Ты мне раней скажаш, хто цябе нацкаваў на мяне, — ціха, амаль шэптам, сказаў Рагуля. За колькі хвілін да гэтага румяны, як у падпіўшага купчыка, твар яго стаў зямлістым і злым. — Улічы, што я таксама ўмею кусацца!..

— Дзякую за перасцярогу! Але гэта ўжо ўсім нам, крэсавякам, вядома, — кпліва заўважыў я. — Ты толькі з гітлераўцамі быў кампанейскім чалавекам, дзейнічаў у акружэнні лютых ворагаў палякаў і беларусаў, выдаў ім... Зрэшты, не далей як сягоння, у першай палавіне дня, пра тваё двурушніцтва ішла гаворка на адным званым абедзе. Аб выніках гэтай размовы ты неўзабаве даведаешся з нашай паланійнай прэсы.

— Ты заўсёды так дакладна памятаеш, што дзе рабілася і будзе рабіцца? — Рагуля пачаў ужо траціць цярпенне. Мусіць, з ім яшчэ ніхто так не гаварыў на Захадзе. Інакш ён адным махам прыбраў бы мяне са сваёй пакручастай дарогі. Нават такія «зубры» ад «вызвольнага» беларускага нацыяналістычнага руху, як Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Францішак Кушаль, Станіслаў Станкевіч, заўсёды трымаліся на пачцівай адлегласці ад яго. Барыс Рагуля, па словах Станкевіча, «негнявіцкі грак з комплексам выключнасці», «ачмурэлы жываглот» і «братазабойца». Асабліва дражніць яго было небяспечна. Таму я прапусціў міма вушэй яго з’едлівае пытанне. Але ж і выпускаць з рук ініцыятыву не хацелася. Мне проста ўжо нельга было гэтага рабіць. І так справа зайшла вельмі далёка. Падумаўшы аб гэтым — нечакана для самога сябе — я рашыўся яшчэ на адно нахабства.

— Мне даручана, пане Рагуля, пры аказіі, толькі адпаведным чынам, цябе прывеціць і запрасіць на прэс-канферэнцыю, якая неўзабаве адбудзецца для беларусаў у памяшканні рэдакцыі газеты «Бацькаўшчына», для палякаў — у штаб-кватэры польскага аддзела радыёстанцыі «Свабодная Еўропа». Там будзе сарвана маска з аднаго махровага нячысціка, які не даваў ходу польскім патрыётам на Навагрудчыне, а зараз выдае сябе за іх былога пабраціма. Бывай, мая праграма ўжо вычарпана!..

Гэта было вар’яцтва, якое межавала з дылетанцкай безадказнасцю. У Варшаве мне за такія дзікія паводзіны ўляпілі б строгую вымову або наогул вытурылі з разведкі. Такіх накольнікаў, як я, і на гарматны стрэл нельга было падпускаць да яе. Але факт застаецца фактам: Барыс Рагуля аказаўся сапраўды хвэцка вышкаленым агентам ЦРУ, ён адразу сцяміў, што ў нас розныя вагавыя катэгорыі, але прыняў мяне за сапраўднага ашчаропка Арміі Краёвай. Гэта было напісана на яго поснай і разам з тым самаўпэўненай фізіяноміі. Аднак не быў бы гэта Рагуля, баязлівы беларускі квіслінгавец ад амерыканскай разведкі і правакатар. Засцігнуты неспадзявана, ён прыціх, увабраў галаву ў плечы і, зыркаючы на мяне спадылба, вышмыгнуў на вуліцу.

На другі дзень касірка па сакрэту расказала мне, што містэр Рагуля адмовіўся ад заказанага яму амерыканцамі нумара ў атэлі. Плату за папярэдні заказ і ключ ад гэтага нумара ён перадаў праз нейкую фройлен Абрамаву-Тэадаровіч.

Нязведаныя шляхі платных наймітаў! Напалоханага ваўка пацягнула да былой правадніцы жаночага аддзела нацыяналістычнага Саюза беларускай моладзі (СБМ) Надзежды Абрамавай-Тэадаровіч, якую у Мінску называлі Белай Ваўчыцай. Міласцю нейкага айца Уладзіміра, які апекаваўся ёй па дарозе на Захад, Мюнхен стаў для гэтай беларускай фашысткі духоўнай Меккай — Белая Ваўчыца прыкінулася, як аднойчы пажартаваў Станкевіч, Хрыстовай нявестай і стала падрабляць у Інстытуце па вывучэнню СССР як спецыялістка па культах.

Гэта — афіцыйна. А на самай справе, па словах таго ж Станкевіча, Надзежда Абрамава-Тэадаровіч была платнай супрацоўніцай ЦРУ і гаспадыняй закамуфляванай пад кватэру «мужыкалоўкі» на Рентгенштрасе, 5. Яна амаль без акцэнту гаварыла на дзвюх еўрапейскіх мовах — нямецкай і англійскай. А пра славянскія дык ужо і гаварыць няма чаго — гэта была спецыялістка высокай кваліфікацыі. Акрамя таго, яна мела вышэйшую медыцынскую і педагагічную адукацыю. Таму ігнараваць такога праціўніка проста нельга было.

Але гэта я зараз такі разумны, а тады, у пяцьдзесят другім, гэта значыцца амаль чатыры гады таму назад, мне здавалася, што фройлен АбрамаваТэадаровіч звычайная падсадная качка заходнегерманскага або амерыканскага вышуку. Толькі адчуўшы, што за мной пачалі валэндацца два нейкія звераватыя маладыя беларускія «змагары», я зразумеў, што гаспадыня іх прытона на Рэнтгенштрасе, 5 не выпадкова пабывала сама ў нашым атэлі. Усё сведчыла аб тым, што гэта функцыянерка ЦРУ новай, яшчэ больш небяспечнай папуляцыі. Яе школілі пад каптуром гэтага шпіёнска-дыверсійнага ведамства спрактыкаваныя інжынеры найміцкіх душ, якіх смела можна ахарактарызаваць словамі К. Маркса, сказанымі некалі ў адрас англійскага парламентарыя Гладстона: «Вытанчанасць і гладкасць, пустая глыбіня, ялейнасць не без ядавітай дамешкі, плюшавая лапа не без кіпцюроў...»

Набожная выхаванка гэтых паноў, акрамя ўсяго, была спакуслівай жанчынай і майстэрствам сапраўднай жрыцы пасцельных раманаў выкарыстоўвала гэта. Хадзілі чуткі, быццам, дзякуючы сваёй прываблівасці і шырокім знаёмствам з перамяшчэнцамі, Надзежда Абрамава-Тэадаровіч была незаменным чалавекам для амерыканцаў пры падборы падрыўной рабсілы для беларускага аддзела радыёстанцыі «Свабода».

Пераправяраць гэтыя факты мне не было калі. Ды такое і не ўваходзіла ў мае службовыя абавязкі. У Варшаве чакалі грунтоўных матэрыялаў аб варожай дзейнасці польскай рэакцыі. Самадзейная гульня ў «кошкі-мышкі» з беларускімі нацыяналістамі была лішняй перашкодай на гэтым шляху. Больш таго, яна з дня на дзень магла скончыцца гвалтоўнай схваткай з апошнім патронам для сябе.

Я недаацаніў сваіх праціўнікаў, забыўся, што за імі была колькасная і фізічная перавага. Прытым як Барыс Рагуля, так і яго хаўрусніца Надзежда Абрамава-Тэадаровіч ужо маглі дзейнічаць і з ведама буржуазных разведак. Іх хуткая рэакцыя на маю выхадку сведчыла аб прафесіянальнай кемлівасці і вяртлявасці гэтых агентаў, адным махам спіхнула мяне з дэтэктыўна-рамантычных вяршынь у жорсткую капіталістычную рэчаіснасць. Скажу больш, упершыню ў жыцці мне стала не па сабе!..

Зрыдка гаварыць, але мне раптам стукнула ў галаву, што ўсё ўжо страчана. Потым мяне пацягнула наўцёкі ў Парыж або Лондан. Я не ўмеў ваяваць з жанчынамі. Забудзешся на хвіліну, што ты не пан, або перахрысцішся не так, як гэта робяць прававерныя католікі ці уніяты, і бархатныя ручкі пані Новакавай, а калі не яе, дык Абрамавай-Тэадаровіч адразу выпусцяць пазалочаныя амерыканцамі кіпцюры. А мне яшчэ не было і трыццаці, хацелася выжыць, паглядзець свету, а не курчыцца ў перадсмяротных пакутах на электрычным крэсле. Аднекуль паперла яшчэ неастылая крыўда на тых, хто гадамі намагаўся выкрасліць мяне назаўжды з усіх зямных памінальніц як запраданца. Падняцца вышэй такой крыўды мне, экспансіўнаму лесуну, было вельмі цяжка. Але ж і да бандытаў у мяне душа не ляжала. Я ненавідзеў іх усімі фібрамі сваёй апаленай жыццёвымі нягодамі душы!

А ў Мюнхене чамусьці ўсё гэта зноў скруцілася ў адзін клубок, і я пачаў траціць глебу пад нагамі. Навокал бушавала вясна, горад, здавалася, не ведаў ніякіх турбот, хоць быў яшчэ ў стадыі пасляваеннай адбудовы і жыў па навязаных яму амерыканцамі законах. Такая неўладкаванасць крышку і падбадзёрвала мяне. Карэнныя баварцы, як і трэба было чакаць, з кожным днём усё больш асцерагаліся, а некаторыя і пракліналі разбэшчаных лёгкімі перамогамі янкі. З гневам і пагардай касавурыліся яны і на іх наймітаў — польскіх, беларускіх, украінскіх^ літоўскіх буржуазных нацыяналістаў, якія кешкаліся ў горадзе, як тэрміты, над чорнымі сцягамі капіталістычных разведак.

Толькі на чацвёрты дзень пасля нечаканай сустрэчы з Рагулем на мяне нарэшце нахлынула прасвятленне. Праўда, я выглядаў, як відаць, яшчэ дрэнна, бо мае анёлы-ахоўнікі не пазналі мяне. Я прашмыгнуў міма іх у горад і яшчэ там, у больш прывычных для мяне абставінах, многа думаў аб тым, як мне выкруціцца з кіпцюроў азвярэлых на чужыне ашчаропкаў былога крывавага гітлераўскага «новага парадку». Усё ж такі я не Сяргей Моніч, мая хата ніколі не была і не будзе з краю!

Помню я іх подлыя подзвігі на радзіме, помню і не збіраюся забывацца. У нас, напэўна, і людзей больш ацалела б, каб не іх заалагічная нянавісць да простых працаўнікоў, да рабочых і сялян нашай краіны, не гаворачы ўжо пра «мяшочную», як яны кажуць, інтэлігенцыю. Генералы кулацкіх гарнізонаў самааховы, «падкамандзёры» і «камандзёры» прадажнай Беларускай краёвай абароны на чале з залатушным Францішкам Кушалем, баптысты, штундзісты, талстоўцы — уся нібыта самая бязгрэшная і чалавекалюбная добраахвотная гітлераўская раць была не па-добраму сляпая і глухая да свайго народа. Яны нікога не падпускалі да сваіх міраедскіх нор, не спяшаліся на дапамогу, калі нават пад вокнамі іх хат паміралі нескароныя акупантамі польскія, беларускія, літоўскія антыфашысты. Толькі пад канец вайны некаторыя з іх раптам «пачырванелі», сталі ўсімі праўдамі і няпраўдамі падлабуньвацца пад партызан, каб у выпадку крайняй неабходнасці разам з імі «раздзяліць» радасць перамогі. А пасля грамчэй за ўсіх крычаць аб сваёй адданасці нашай сацыялістычнай Радзіме!

А там жа, у Мюнхене, амаль усе такія, з дазволу сказаць, «патрыёты». З той толькі розніцай, што самыя цвердалобыя з іх да гэтага часу нястомна прапаведуюць здраду. Гісторыя нічаму іх не навучыла. І не навучыць, бо пачалі гандляваць нават сваім прыплодам. А гэта, як вядома, нічога агульнага з сапраўдным патрыятызмам не мае!

Даю галаву наадрэз, што з гадамі яшчэ пакажуць нам свае воўчыя іклы і некаторыя нашы «праведнікі». Яны, як асот, вылазяць на сонца ў самых нечаканых месцах і, дзе гэта мажліва, глушаць усё жывое вакол сябе.

Трапіўшы ў асяроддзе такіх пярэваратняў, да глыбокай старасці не дажывеш. Асабліва калі будзеш спадзявацца толькі на свае сілы. Сапраўдны салдат нябачнага фронту, ратуючыся ад вераломных падкопаў гэтай браціі, умела выкарыстоўвае ўсе памылкі і прамашкі праціўніка. Мне да такога манстэрства было далёка. Тая ж Надзежда Абрамава-Тэадаровіч магла і з усіх сіл старалася абясшкодзіць мяне. Але яна не ведала, хто я такі і на каго працую. Барыс Рагуля мог ёй толькі сказаць, што я былы аковец. Ад Станіслава Станкевіча гэтая пані магла даведацца, што я паходжу з Навагрудчыны, дзе яна некалькі разоў наездамі бывала як правадніца СБМ. Ад служачых атэля — што ў Мюнхене я з’яўляюся аб’ектам зацікаўленасці пана Новака і яго «мілай жоначкі».

Чорт ведае што! Успомніўшы гэтую кабеціну, я нечакана злавіў сябе на думцы, што мне было прыемна адчуваць яе апеку над сабой... Яе «плюшавая рука не без кіпцюроў» аднойчы нават ласкава разгладзіла маю вылінялую на сонцы шавялюру. «Божа каханы, якое ж ты яшчэ дзіцё, Ігнасю! — сказала яна тады без звычайнага металу ў голасе. — Хочаш, я сама займуся тваім выхаваннем...» А на званым абедзе, шэльма, нават не знайшла часу падысці да мяне, хоць вачамі страляла, як юная гімназістачка.

Думаючы пра ўсё гэта, я зжахнуўся, што не параіўся з Антосем. А што ён ахвотна выслухаў бы мяне — я не сумняваўся. Адно трывожыла: чаму ён сам не пацікавіўся маім лёсам?

Але вечарам, вярнуўшыся ў атэль, я неўзабаве пераканаўся, што гэты хітрок мог нават сказаць, якая ў мяне тэмпература. Не здзівіў я яго і расказам пра Барыса Рагулю. Выслухаўшы мяне, ён спакойна заўважыў:

— Перад Рагулем ты быў малайцом, а перад яго лягавай анямеў, як шляга пад лавай! Не драматызуй, даражэнькі! Не такая гэта ваўчыца страшная, як яе размалявалі. Шапні пару слоў пані Новакавай — і ад яе нават дзіравых панчох не застанецца. Ведаеш, хто мне так гарантаваў? Даваенны сябар майго незаконнага татуся, царства яму нябеснае, пан Міхалоўскі, якога мы да гэтага менавалі экс-графам. Ён ведае, на якія жорсткія расправы са сваімі суперніцамі здольная гэта жанчына Хочаш, каб з цябе тут беларускія «змагары» не зрабілі адбіўную — улічы гэта на будучае ў сваёй мышынай валтузні з імі...

Дарэчы, так яно і здарылася пасля адной спантаннай схваткі пані Новакавай з Надзеждай Абрамавай-Тэадаровіч. Апошняя без асаблівага скрыпу адклікала сваіх «макрушнікаў» на зыходныя пазіцыі. І ў магістрацкім катуху яе на Рэнтгенштрасе, 5 на некаторы час стала ціха, як у пакінутым бамбасховішчы або заезным доме. За колькі часу да гэтага гатовая на самыя крутыя меры супраць мяне, грэшнага, Белая Ваўчыца стала зноў ціхай Хрыстовай нявестай. У буднія дні яна па-ранейшаму старанна шчыравала на амерыканцаў у Інстытуце па вывучэнню СССР, а ў святочныя, як сама нявіннасць, шчыра малілася богу — калі ў касцёле святой Ганны, дзе па чарзе юродствавалі яе браты па здрадзе ў сутанах Чэслаў Сіповіч і Леў Гарошка, або дома перад святым распяццем, прыхопленым перад уцёкамі на Захад у мінскім... праваслаўным саборы. Хто яго прыхапіў? Айцец Уладзімір, былы белагвардзейскі афіцэр, які па загаду гітлераўцаў наглядаў у Мінску за праваслаўным духавенствам. Надзежда Абрамава-Тэадаровіч берагла крадзены духоўны падарунак яго як зрэнку вока.

Пад канец красавіка да нас з Антосем дайшлі чуткі, што па хадайніцтву пані Новакавай яе магутныя амерыканскія апекуны і заступнікі парадкам прыжучылі ў Парыжы і Барыса Рагулю, хоць ён не агінаўся, а гарбеў на ЦРУ не толькі сярод беларускіх перамяшчэнцаў у Англіі, Францыі і ФРГ, але і ў Бельгіі, дзе многія з іх грызлі разведвальна-дыверсійныя навукі ў Лювенскім каталіцкім універсітэце. Нечым ён недагадзіў сваім босам. А мажліва, гэты найміт зараз больш ім патрэбны ў сваёй краіне і за яе межамі на паўночных і паўднёвых шыротах дзвюх Амерык, чым у Заходняй Еўропе? Мне, праўду кажучы, гэта і зараз яшчэ дакладна не вядома.

І вось яшчэ што: ні мне, ні Антосю тады не палягчэла ад таго, што Рагулю прыбралі за акіян. Акрамя яго, усюды хапала спрактыкаваных пярэваратняў як у Мюнхене, так і яго ваколіцах з адгруканымі на нямецкі манер невялікімі цагляна-чарапічнымі гарадкамі і вёскамі. Для пана Новака, як я ўжо не раз адзначаў, мы былі «героямі нацыі», «бескампраміснымі баевікамі бясслаўна звячэлай Арміі Краёвай», а для іх сяброў і знаёмых — мажлівымі праціўнікамі, па-правінцыяльнаму непасрэднымі, таварыскімі, але па-свойму і падазроныя суб’екты. Так пра нас гаварыў экс-граф Міхалоўскі. А ў яго вочы зыркія, як у д’ябла. Былі выпадкі, калі нас нахабна стараліся «прасвяціць» і кастаправы Рэйнхарта Гелена, першага чыноўнага шэфа заходнегерманскай разведкі. Але пан Новак паручыўся за кожнага з нас паасобку, і яны адсталі.

Затое наш «добры геній» — пані Новакава нечакана зрабіла нам мядзведжую паслугу! Быццам нячысцік які адурманіў яе. Толькі зараз мне цяжка пра гэта ўспамінаць. Скажу толькі, што хацела яна таго ці не, а нават яе муж пачаў нас больш асцерагацца. І нічога талковага мы адразу не маглі яму супрацьпаставіць.

 

4

Яшчэ чаго не хапала! Хто гэта зноў мяне дапытвае?! Якая каму справа да таго, што я «ажно пачарнеў ад трывожных думак», «мала сплю» і «ўсім дактарам надакучыў, як горкая рэдзька»? Я ж не бервяно, каб толькі варочацца з бока на бок на бальнічным ложку. Мне трэба... А-а, я так і думаў, гэта медсястра пачала «знімаць з мяне стужку». Шанцуе мне на такіх апякунак. Што ж гэта за цудоўная з’ява такая? Голас у яе сухі, скрыпучы, але незлапамятлівы. Для пані Новакавай я быў аб’ектам «павышанай зацікаўленасці» і як «лясны брат» і як мужчына, а для гэтай сціплай працаўніцы — проста хворы, ды ўсё. Мажліва, нават і не вельмі прыемны. Усе хворыя як хворыя: спакойна ляжаць або сноўдаюць па калідорах, п’юць паслухмяна розныя лякарствы, ходзяць на перавязкі, а я дзень пры дні кручуся, як на вуголлях, на сваім ложку, часта забываюся, крычу, вярэджу свае раны.

— Зажыўся ты, мая радасць, у нас, — працягвае скрыпець медсястра. — Трэці месяц пайшоў, як цябе сюды прывезлі з лесу, а прасвету ніякага яшчэ не відаць. Дзень-другі паскачаш на мыліцах ды зноў у рэанімацыю. Табе ж ужо і чужой крыві столькі ўлілі, што хоць у святыя запісвай. Кепскія людзі, радасць мая, табе сваёй крыві не пазычылі б. Улічы гэта! А ўлічыўшы — не катуй сябе ўспамінамі аб мінулым, не спрачайся з прывідамі, а хутчэй папраўляйся.

— Вы думаеце — гэта мажліва? — няўпэўнена пытаю я.

— Вось яшчэ заладзіў! — абурылася медсястра. — Неўзабаве табе дазволяць выходзіць з палаты да сваякоў і знаёмых. А потым, глядзіш, і на кароткія прагулкі ў садок будзем хадзіць. Стася тут нейкая ўжо да галоўнага хадзіла, прасіла, каб не трымалі цябе ў палаце, як ката ў мяшку. Мусіць, вы некалі моцна кахалі адно аднаго, бо яшчэ і горка плакала пры гэтым...

Мне хацелася абняць і пацалаваць гэтую жанчыну. Сухі, скрыпучы голас яе гучаў для мяне, як песня. Разам з тым ён яшчэ і балюча раніў маё збалелае сэрца!..

«Стася тут нейкая...» Фартуна злосна пажартавала над намі! Хоць гэта і непрыемна, але я мушу прызнацца, што не столькі Стася Бешчат-Калюжная, унучка дзядзькі Базыля Калюжнага, колькі я сам ва ўсім вінаваты. Навошта ж крывіць душою, калі і без нас хапае маладых ашуканцаў, якія з любой жыццёвай сітуацыі выпінаюцца выбрацца без віны вінаватымі? Ужо тады, як мяне выбралі старшынёй сельсавета, я адчуў, што сеў не ў свае сані, запаруся, сапсую жыццё і сабе і Стасі. Праўда, каб не скампраметаваць сябе цалкам у вачах выбаршчыкаў, я раіўся не толькі з дэпутатамі, але і з мясцовымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, планавікамі, эканамістамі, настаўнікамі, работнікамі культуры. Не грэбаваў я і разумнымі парадамі простых калгаснікаў і калгасніц. Адным гэта падабалася, другія, наадварот, завочна злосна абгаворвалі мяне. Асабліва стараліся былыя кулакі і падкулачнікі. Для іх я быў «не тым чалавекам, якому можна давяраць уладу над людзьмі», «польскім бандытам», хоць самі некалі, як вядома, макам рассыпаліся перад пілсудчыкамі. Ад некаторых з іх, як на бяду мне, заўсёды несла спіртным перагарам, і гэты смурод нярэдка прыгнятаў мяне нават у чыстым полі сярод каласістага жыта ды лугавых траў. Былі выпадкі, калі мне зусім не хацелася вяртацца назад у сельсавет, здавалася, што вакол мяне не было нічога жывога, светлага.

Але... тая ж каласістая збажына, тыя ж лугавыя травы, сярод якіх калісьці рос і часта забываўся на ўсё на свеце, абвостраная небяспечнымі прыгодамі на чужыне любоў да родных мясцін, да шматпакутнай зямлі бацькоў нашых утрымлівалі мяне ад дурных, неразважлівых учынкаў. Я нават адчуў нейкую неадольную сілу ў сабе, больш зацікаўлена і глыбока пачаў унікаць у работу розных камісій, смялей ставіць ды рашаць адміністрацыйныя, грамадскія і гаспадарчыя пытанні, прыводзіць да прытомнасці п’яніц і парушальнікаў грамадскага парадку, сярод якіх былі і заядлыя ворагі Савецкай улады.

Ад ранейшай няўпэўненасці, якая так доўга прыгнятала мяне, праз які год пасля выбараў ужо не засталося і следу. Работа ў сельсавеце захапіла, адцягнула маю ўвагу ад асабістых спраў. Мне проста не хапала на іх часу. Стасю гэта дзівіла і крыўдзіла. Калі ж я яшчэ аднойчы і вызверыўся на яе, зрабіла тое, аб чым я ўжо гаварыў, — выйшла за нялюбага чалавека замуж. Дзедава кроў у ёй загаварыла. А мяне гэта пазбавіла сямейнага шчасця, радасці...

Менавіта тады, калі гаварыць праўду, на маім жыццёвым шляху зноў лёг цяжкім замшэлым валуном пад ногі Сяргей Моніч. І не адзін, а з двума нейкімі нягеглымі сябрукамі-сабутэльнікамі. Цягаліся яны за ім у паношаных хромавых апранахах з адным, такім жа паношаным, партфелем на дваіх і заўсёды былі пад «мухай»; выглядалі незадаволеныя жыццём, як і Моніч, але шырока аб гэтым не распаўсюджваліся. Наадварот, пасля другой ці трэцяй чаркі голасна пачыналі хваліць мясцовае начальства за «светлый государственный ум» і «обходительное отношение к ним, представителям заготовительных организаций». Але самі яны, як відаць, добраму абыходжанню з людзьмі былі не навучаны. Таму мне аднойчы давялося паклікаць участковага міліцыянера і разам з ім рашуча вытурыць гэтых прахвостаў за межы Зачэпіцкага сельсавета.

У Зачэпічах ніхто не асудзіў нас за гэта. Наадварот, былі ахвотнікі яшчэ далей пракаціць іх на вараных. А Моніч падабраў сваіх сябрукоў каля Жабокрычак у матацыкл з каляскай, прывёз дамоў і заявіў усім завознікам у млыне, што ён гэтага так не пакіне. Аказалася, што мы з участковым зарваліся, зрабілі недаравальную палітычную памылку — і ўсё тут! Монічава грамадзянскае сумленне патрабавала справядлівасці.

— Мы тут кроў пралівалі за Савецкую ўладу! — крычаў ён, вывернуўшы з каляскі на мурог каля канторы сваіх п’яных пасажыраў. — Залатыя дзянёчкі сваёй маладосці на гэта, можна сказаць, уходалі. Пад нямецкія, а потым і бандыцкія кулі, як ачмурэлыя, лезлі. І вось вам, калі ласка, палюбуйцеся! — ён кіўнуў на п’яных. — Гэта ж поўная дыскрэдытацыя прадстаўнікоў... От паршыўцы! Ляжалі б хоць пластом на зямлі, а то яшчэ нагамі перабіраюць... Вас жа білі, рэзалі, чуеце?! Адно, што вы ўжо не адчувалі гэтага. Пасля Лагодавых кулакоў і такія трохжыльныя сілачы, як Задрапей, не ўстаялі б. А тут яшчэ і наш участковы пастараўся. Цяпер аднаго майго тэлефоннага званка ў раённую пракуратуру хопіць, каб іх прыбралі з сельсавета як злосных антысаветчыкаў!..

Час паказаў, што гэта была не пустая пагроза. Праз якія два-тры дні мяне зноў пачалі раз за разам выклікаць у пракуратуру. Сяргей Моніч, а затым і пацярпеўшыя днямі не вылазілі адтуль, нястомна дапаўнялі свае паказанні новымі фактамі грубага свавольства. Калі ж ні адзін жыхар Зачэпіч не пацвердзіў гэтага і пракурор папярэдзіў Моніча і яго сабутэльнікаў, што яны могуць трапіць на лаву падсудных як паклёпнікі, — на Зачэпіцкі сельсавет, якім я працягваў кіраваць, нечакана напалі бандыты.

Думаю, гэта быў не ардынарны выпадак. Да звычайных бандыцкіх вылазак яго нельга было аднесці, хоць сярод нападаючых я чуў галасы і сцярвятнікаў мясцовай кулацкай гадоўлі. З бандытызмам на Навагрудчыне, як вядома, было пакончана яшчэ ў першыя пасляваенныя гады. Тады ж прыкметна пацішэла і на ўсёй Гродзеншчыне. Адкуль жа тады з’явіліся новыя завадатары ўзброеных правакацый, хто арганізаваў недабіткаў мясцовай рэакцыі на адкрытае выступленне супраць Савецкай улады? Яна многім антысаветчыкам адпусціла грахі, але не дзеля таго, каб яны зноў шасталі з абрэзамі па нашых вёсках і хутарах. Няўжо за ўсім гэтым па-ранейшаму стаіць Рагуля? Такіх вырадкаў, як ён, у амерыканцаў многа. Але ім да Радзімы — далёка, таму янкі маглі і ўпарта будуць выкарыстоўваць супраць нас ацалелых функцыянераў фашысцкай агентуры. У свой час мы з Антосем паведамлялі аб гэтым у Варшаву.

Тады ж пан Новак канфідэнцыяльна паведаміў нам, што амерыканцы запланавалі падначаліць сабе ў 1953 годзе ўсе буржуазныя падрыўныя спецслужбы і нацэліць іх дзейнасць на «вывалане замэнту» (арганізацыю беспарадкаў) у Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы... У поўнай згодзе з інструкцыямі ўсходняга аддзела ЦРУ.

— А што ў перспектыве, пане Новак? — не выцерпеў Антось. — Дзіцячая нечаканасць у дзіравых пялёнках! Ганебныя правалы! Мы ўжо гэтыя замэнты рабілі. Мала што рабавалі і выпальвалі вёскі да апошняга двара, дык яшчэ і самасуды крывавыя чынілі. Некаторыя нашы баевікі маленькіх дзяцей расстрэльвалі і тапталі ботамі. А перамогі над збальшавізаванай чэрню, як мы прывыклі гаварыць аб простым людзе, не было. І маральнага задавальнення таксама! Бывалі выпадкі, калі некалі хвэцкія хлопцы, гордасць нашай падпольнай Арміі Краёвай, саромеліся адзін аднаму глядзець у вочы. Не абышлося ў той час і без асабістых трагедыій, бо шмат дзе ахвярамі ўсяленскага разбою былі і нашы сем’і...

— Я аб гэтым не падумаў, — насупіўся Новак. — Мы тут крыху заштампаваліся. Але з пункту гледжання нашых цяперашніх хлебадаўцаў Польшчу можна і трэба цалкам абяскровіць. Гэта небяспечны рассаднік камунізма. Такую скандальную рэпутацыю яна заваявала ў вольным свеце пасля таго, як наадрэз адмовілася падначальвацца лонданскаму ўраду і касцёлу. А што сталася з нашымі абшарнікамі і фабрыкантамі? Ты не маўчы, Антак! Ты не маеш права маўчаць. Мы дакладна ведаем ужо, што вы абодва сапраўды — былыя жалнеры Арміі Краёвай. А ў табе, Антак, дружа мой, граф Міхалоўскі яшчэ ўбачыў і жывую копію пана Томчака, свайго, як ён табе нядаўна сам заявіў, даваеннага прыяцеля. Таму я, тэго... не дам за цябе і ламанага гроша, калі ты не будзеш трэсціся ад злосці пры адным толькі слове — ПНР!

Антось «тросся». З невялікімі перапынкамі на заняткі англійскай мовай (а ведае ж яе яшчэ са школьных гадоў цудоўна) і на нейкія сакрэтныя сустрэчы з адстаўнымі ўрадоўцамі, чыноўнымі людзьмі былога польскага буржуазнага ўрада. Міністраў сярод іх не было, генералаў — таксама. А драбнаты рознай павятовай ды гміннай хапала.

І амаль усе з былой Заходняй Беларусі, у тым ліку і ад нас, з Навагрудчыны. «Жывая копія пана Томчака», якога, аказваецца, многія некалі ведалі, з лёгкай рукі яго перакупленай амерыканцамі ў англічан яснавяльможнасці графа Міхалоўскага, як магнітам, прыцягвала да сябе неўгамонных палітыканаў і правакатараў. Ад некаторых з іх ужо магілай несла, але форс трымалі, як маладыя пеўні.

Пан Новак рабіў выгляд, што яму гэта імпануе. Яго падапечны стаў папулярным чалавекам. Заставалася толькі адпаведным чынам выкарыстаць гэта ў інтарэсах яго прадажнай групоўкі. Уласна кажучы, таму гэты дзялок ад антыкамуністычнай радыёпрапаганды і садзейнічаў разам з графам Міхалоўскім росту яго папулярнасці. Толькі вось ці правільна яны зрабілі? І агароднаму пудзілу можна набіць цану. У буржуазнай Польшчы і генеральскія мундзіры на такіх фацэтаў надзявалі. Усё гэта выглядала па-свойму вельмі хораша і патрыятычна. Уся буржуазная Польшча ім салютавала. А як прыспічыла за яе ваяваць — праз якія два-тры дні іх і след прастыў, гэтых паноў-генералаў. І не столькі яны тых фашыстаў баяліся, як свайго рабочага люду. Пан Новак зразумеў гэта, калі аціраўся на чужыне сярод ваяк генерала Андэрса, а затым бліжэй прыгледзеўся ў Лондане і да пана Мікалайчыка, аб якім хадзіла слава як аб нястомным палітычным правакатары і ворагу нескаронага пілсудчыкамі простага польскага люду. Воўкам глядзеў тады Мікалайчык і на Новака, які чамусьці не выклікаў у яго даверу.

Не ўсе давяралі і Антосю. Пан Новак бачыў гэта, але гаварыць яму аб гэтым не спяшаўся. «Хлопчыкі на пабягушках» кожны дзень рапартавалі яму, што іх новы падапечны адчувае сябе ў Мюнхене як рыба ў вадзе. Двум нейкім нахабнікам ён выбіў зубы перад цэнтральным уваходам у кафэ «Мак», дзе ў яго была назначана сустрэча з панам графам Міхалоўскім і адным афіцэрам амерыканскай разведкі, а рэпарцёра парыжскай «Культуры», хоць ён таксама нахабны, як галодны шакал, два вечары запар цягаў за сабой па самых багатых рэстаранах горада і ўгаворваў напісаць «паяднаўчы артыкул» пра беларускіх нацыяналістаў. Маўляў, не ўсе ж яны такія агідныя смаўжы, як Рагуля. Пан Станіслаў Станкевіч, напрыклад, ужо з сямі печаў еў хлеб, у свой час нават спрабаваў у Навагрудку запрапанаваць свае паслугі супрацоўнікам НКУС, але ад «святых прынцыпаў» беларускага нацыянальнага руху не адмовіўся. Антось кляўся, што гэта сапраўды нацыянальны і, акрамя таго, яшчэ і вызвольны рух дробнабуржуазнага паходжання. «Збальшавізаванай чэрні» ў ім ніколі не было і не будзе. Таму яго не шкодзіла б адпаведным чынам падтрымаць на старонках «Культуры». Галоўны рэдактар яе граф Ежы Гедройц ненавідзіць усходніх славян, называе іх ерэтыкамі і трунарамі капіталізму, але няхай, аднак, не забываецца, што адзін ён, няхай нават і з цэлым легіёнам зубастых рэпарцёраў, з усімі бунтаўшчыкамі не справіцца.

— Што праўда, то праўда, — згаджаўся пан Новак, слухаючы гэту няхітрую казку пра Антося. Ён не сумняваўся, што яна ад пачатку да канца «яскравы прыклад вернага служэння Радзіме». Па крайняй меры, пад канец нашай неспакойнай, я нават сказаў бы, смяртэльна небяспечнай адысеі ў Мюнхене ён быў амаль поўнасцю шчыры з намі. Ясна, што мы яму адплаціць тым жа не маглі, аднак і тапіць яго ў лыжцы вады не збіраліся. Нам патрэбны быў гэты «саюзнік». Усе яго службовыя сакрэты, як правіла, амаль заўсёды станавіліся і нашымі.

Ясна, што мы страшэнна рызыкавалі. Поўнага ж даверу нам, як я ўжо гаварыў, не было. Таму і мы не ўсім давяралі, бо ўжо на практыцы пераканаліся, што найміты — ненадзейныя партнёры, ім проста нельга давяраць. Добра вышкалены ў сучасных буржуазных, у прыватнасці ў амерыканскіх, разведвальна-дыверсійных спецшколах на словах заўсёды праўдзівы і непадкупны, як пракурор на судзе, а як адчуе небяспеку — і роднага бацьку ў рукі сваім хлебадаўцам аддасць. Дома такога аглаеда адразу не раскусіш, асабліва калі ён паспее абрасці ліпавымі даведкамі аб сваім нібыта гераічным мінулым. Такія «героі» нават свае колішнія шашні з акупантамі выдаюць за патрыятычныя дзеянні. Жывёльную міраедскую баязлівасць таксама. Справа толькі ў тым, у каго лепш язык падвешаны... А на чужыне такія праведнікі адкрыта поўзаюць на жыватах перад сваімі новымі, на гэты раз англасакскімі босамі. І, напэўна, азалацілі б кожнага за даведку аб тым, што шчырэй-шчырага служылі фашыстам. Містэру Трумэну і яго адміністрацыі менавіта такія паслугачы патрэбны. Адкрытае супрацоўніцтва з імі ўжо ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі ЗША і іх паўночнаатлантычных васалаў. Але, на вялікі жаль, гэта яшчэ, як гаворыцца, не да ўсіх дайшло. Хто хоча мець добры ўраджай, павінен пасеяць яго. А да мяне ў раёне вельмі ж ужо доўга прыглядаліся, нават і з пятага на дзесятае не верылі таму, што я гаварыў. Некаторыя таварышы нават праз біфакальныя, ці, як у народзе кажуць, двайныя акуляры не разглядзелі ўва мне чалавека. У аднаго такога слепака ажно сутаргі пачаліся пасля таго, як дачытаў да канца маё «бандыцкае» дасье.

— Што вам ад мяне трэба? — глухім замагільным голасам спытаў ён у мяне і пачаў тузацца ў крэсле. — Гэ-эта ж д-да якога нахабства трэба дайсці, каб з’явіцца з такімі агіднымі дакументамі ў нашай паважанай установе!.. Вас з райвыканкома накіравалі сюды? Не можа гэтага быць! І н-не будзе! Ідзіце адсюль, такую вашу... бо зараз жа пазваню ў міліцыю!

А ўбачыўшы мяне аднойчы на пасяджэнні райвыканкома ў ролі старшыні сельсавета — увесь наліўся крывёю, потым увабраў галаву ў плечы і пры першай жа магчымасці кудысьці знік.

О, гэтыя невынішчальныя звышпільныя канторскія скрыпуны! Мусіць, мне да канца свайго горкага, як палын, жыцця давядзецца мець з імі справу. Прыдзірлівыя і няўмольныя, яны спяць і бачаць усіх людзей роўненькімі, падстрыжанымі пад адно, іхняе, бюракратычнае грэбла, інакш затузаюць, асадзяць назад чалавека, каб не надакучаў ім, святым і бязгрэшным. Думаю, не памылюся, калі скажу, што і гэтая разнавіднасць высметкаў роду чалавечага нічога жывога, светлага, акрамя даносаў ды ананімак, пасля сябе не пакіне.

Думаючы пра гэта, я неяк міжвольна зноў рэзка прыпадняўся на руках і глуха застагнаў ад болю. Дзяжурная медсястра, падбегшы на гэты стогн да мяне, ажно пабялела ад хвалявання. А потым і сама застагнала:

— Годзе! Не магу я больш, радасць мая, глядзець, як ты здзекуешся над прыродай! Колькі з цябе куль дасталі? Тры? Мусіць, яшчэ недзе і чацвёртая сядзіць, калі на цябе ніякага ўгамону няма! Лажыся тварам да акна ды паглядзі, што сягоння з раніцы на панадворку робіцца. Хочаш, дык я, гэта во, і фрамугу адчыню. Па сабе ведаю, як нават самы вялікі цяжар з сэрца спадае, калі якая-небудзь ціхая-ціхая песня або перадвесне ў душу прарвецца з сонцам і птушыным шчэбетам...

Вось так! Зноў яна, гэтая бурклівая, але мілая маладзіца намагаецца распіхнуць сваімі локцямі сцены ў палаце, напусціць у яе сонца і птушынага шчэбету ды павярнуць усе мае думкі ў іншым напрамку. Відаць, яна такая чулая да людзей на кожным этапе свайго жыцця — і шчаслівым і горкім. А ў шчырасці яе пачуццяў я ўжо не сумняваюся. Дай бог, каб усе нашы медсёстры былі такімі!

Помню, як мяне лячылі ў адной прыватнай бальніцы ў Парыжы, а дакладней, у адным з небагатых, нафаршыраваных польскімі і беларускімі эмігрантамі прыгарадах яго. Пакуль у мяне было чым плаціць — уся абслуга да мяне без мыла ва усе падпахі лезла, а як кашалёк апусцеў — мяне марылі голадам, лаялі, страшылі даўгавой ямай, называлі польскім бадзягам.

Рызыкуючы трапіць у яшчэ больш непрыгляднае становішча, я пазваніў у рэдакцыю часопіса «Культура» Ежы Гедройцу і папрасіў яго выратаваць мяне з бяды. Гедройц не адмовіў. Ён </b>сам асабіста аплаціў рахунак за маё лячэнне. А гаспадару бальніцы, як сягоння памятаю, сказаў:

— Месье — зусім не першы француз, які здзекуецца над палякамі, смяртэльна ненавідзіць нас. Мы табе гэта пры зручным выпадку нагадаем! Увесь цывілізаваны свет даведаецца, якая ты пачвара. Адзью!..

А на вуліцы ўважліва агледзеў мяне з ног да галавы і пачаў трэсціся ад смеху:

— Але ж цябе і высушылі, гагатку! Глядзі, каб не ўпаў па дарозе. Вось што такое Францыя, васпане! Можа, табе ці варта доўга ацірацца тут? Калі душа засвярбіць па радзіме — скажы, мы цябе па сваіх пацучыных сцежках зараз жа адправім туды...

— Без стрыечнага брата для мяне гэта будзе дарэмная трата часу! — знарок дзёрзка, з выклікам адказаў я, хоць на самай справе пакуль што думаў аб добрым абедзе. А Ежы Гедройц, як вядома, даволі назіральны хлебасольны чалавек. Асабліва з патрэбнымі яму маладымі суайчыннікамі. У крытычную для іх гадзіну, калі, хапіўшы шылам кашы на чужыне, нават самыя вяртлявыя паны-дысідэнцікі заставаліся без граша ў кішэні. Ежы Гедройц тады з графскім размахам падаваў ім міласціну. Дзеля карысці справы прыняў яе ад яго і я. З гэтай мэтай, праўду кажучы, я і ў бальніцу лажыўся. Чаго дзеля больш блізкага знаёмства з такім махровым платным амерыканскім наймітам не зробіш! Дзякуючы дыпламатычным захадам спагадлівага шэфа «Культуры» я тады памірыўся і з беларускімі нацыяналістамі.

— Пальца ты ім, паршыўцам, у зэмбы не сунь, — гаварыў ён мне строга, з разлікам на безагаворачнае паслухмянства. — Іх недабітая рада сама не ведае, чаго хоча. А спадар Абрамчык Мікола, самазваны прэзідэнт яе, — дурны, як баран, фанатык. Але запрошаныя французскімі спецслужбамі цырульнікі з Ленглі падстрыглі яго пад ільва, і мы вымушаны з гэтым мірыцца. Можаш, калі што, выдаць сябе за чыстакроўнага беларуса, ты ж іх мову ведаеш. Думаю — і планы на будучае тваіх новых «суайчыннікаў» не застануцца для нас недатыкальнай святасцю. Я, напрыклад, сцібрыў бы іх неадкладна!..

— Вы думаеце — гэта мажліва? — са штучнай наіўнасцю спытаў я. Ды, можа, ці хораша гэта? Іне ж яшчэ няма і трыццаці — як я потым буду Абрамчыку і яго родным глядзець у вочы? Зноў жа і баевікоў у іх тут многа — прыціснуць дзе-небудзь у цёмным завулку, і канец!..

— Не, ты пачакай! — наліваўся крывёю Гедройц.—Мне не падабаецца панылы, замагільны тон, якім ты гэта гаворыш! Вышэй галаву, пане каханы! Думаеш — у пана Абрамкі сапраўды кулакі мацнейшыя за клямкі? А для чаго я зараз сяджу ў Парыжы як на прывязі? Хіба ў Лондане або ў Вашынгтоне не знайшлося б для мяне лепшай работы? Ды я, калі на тое пайшло, даўно ў міністрах хадзіў бы. Пан Мікалайчык палічыў бы гэта за вялікі гонар для яго эмігранцкага зборышча. Але я — андэрсавец, напляваць мне на Мікалайчыка! Мы яго Арцішэўскім заменім. Па сутнасці ўжо замянілі. Пад камандаваннем Андэрса я аперыўся, стаў уплывовым палітычным дзеячам і бізнесменам, адным з буйнейшых выдаўцоў антыкамуністычнай літаратуры. Гэта таксама небяспечна, кавалежэ! Але мне больш сімпатызуюць амерыканцы, яны нам і дапамогуць уціхамірыць шаноўнага спадара Абрамчыка і тых, што з ім!

У адрозненне ад графа Міхалоўскага, які тады яшчэ жыў па прынцыпу: даюць — бяры, але адразу ў хамут не лезь, Ежы Гедройц лічыў за лепшае сам даваць, хоць, як вядома, стаў выдаўцом міласцю ЦРУ. Пад чорнай эгідай гэтага спрута ён мог сабе дазволіць некаторыя вольнасці. Францыя для такіх філантропаў — адна з самых бяспечных, запаветных краін капіталістычнага свету. Яна ганарыцца сваёй дэмакратыяй, а яе паліцыя, як зусім справядліва адзначыў адзін польскі публіцыст, самая грубая ў Заходняй Еўропе. Чужых перабежчыкаў яна не чапае, дапамагае ім нават выкручвацца ад правасуддзя тых краін, з якіх яны па той ці іншан прычыне паўцякалі, а сваіх грамадзян, асабліва камуністаў, праследуе, дэлегалізуе іх арганізацыі, як гэта было ў гады разгулу правых пасля вядомых палітычных перамен у краіне ў 1947 годзе. Камуністы тады былі выведзены з урада, а на іх месца паўсядаліся ваяўнічыя буржуазныя палітыканы.

Шкада, што мне аднаму не ўдалося, як палякі кажуць, вывесці Ежы Гедройца ў поле. Гэта не Новак. І графу Міхалоўскаму да яго далёка. Ён мяне многаму навучыў і спакваля так зацугляў, што мне давялося, параіўшыся з Антосем, на некаторы час выйсці з гульні. У Парыжы мы прымільгаліся ў час першай паездкі на Захад. У Лондане нас таксама тады многія бачылі. Асабліва пасля таго, як мы пабывалі на прыёме ў Арцішэўскага і вывелі яго з цярпення сваімі недарэчнымі пытаннямі пра незразумелыя для нас паводзіны некаторых важакоў палоніі. Яшчэ добра, што нас тады наогул не прыбралі з дарогі. Не вельмі ўтульна потым адчувалі мы сябе і ў Парыжы. І вось зноў Гедройц, няўмольны канкурэнт пана Новака і яго экспансіўнай палавіны. У Мюнхене ён не прызнаў нас знаёмымі, а праз колькі часу ў Парыжы хоць мяне аднаго, ды наглуха, узяў на прыкмету. Ад яго проста немагчыма было адчапіцца. І ўсё ж такі летам пяцьдзесят другога года гэта яшчэ было магчыма. Ежы Гедройц тады толькі ўбіраўся ў сілу. Французская палітычная паліцыя яго не чапала, але і не спяшалася браць на свой павадок. У Елісейскім палацы на новаспечанага амерыканцамі польскага выдаўца антыкамуністычнай літаратуры таксама глядзелі праз кішэнныя ларнэцікі і маноклі як на выкапня. А тыя, каму месье Гедройц быў па душы, мяркуючы па яго шэрых расказах, самі няпэўна сядзелі ў парламенцкіх крэслах Чацвёртай рэспублікі. Чаму? З уласным народам не паладзілі — насуперак яго пажаданням у 1946 годзе (за некалькі гадоў раней за амерыканцаў) развязалі вайну ў В’етнаме; у 1948 сквапліва падпрэглі краіну да грымучай калясніцы ўжо аднойчы названага мной плана Маршала і Брусельскага пакта; у 1949, як і трэба было чакаць, звязалі яе лёс з паўночнаатлантычным зборышчам буржуазных краін пад эгідай Злучаных Штатаў Амерыкі, для якіх разгром гітлераўскай Германіі адначасова стаў і... пачаткам ліхаманкавай падрыхтоўкі да новай вайны. Мірыцца з такімі парадкамі працоўная Францыя не магла і, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі правячых колаў, у любы момант магла ўзарвацца і ачысціць парламент ад правых капітулянтаў.

Пад шум рабочых маніфестацый я і выкруціўся з Гедройцавых кіпцюроў. Гэты польскі Карыалан нічым не адрозніваецца ад героя аднайменнай драмы Шэкспіра. Ён ад прыроды, як я ўжо гаварыў, ненавідзіць плебеяў. Толькі служба ў яго такая, што асабліва не разгуляешся — перад кожным сустрэчным-папярэчным трэба капелюшом падмятаць сцежку. Сацыяльна-палітычная напружанасць больш пасавала яму. Гэта не часовае захворванне, выкліканае якімі-небудзь кан’юнктурнымі палітычнымі меркаваннямі, а перпетуум-мобіле, вечны рухавік ваяўнічых недабіткаў польскай буржуазіі. Дрымучыя антыкамуністычныя перакананні не раз ставілі Гедройца ў становішча крылоўскага Ваўка, злоўленага з доказамі ў аўчарні. Але ён заўсёды дыпламатычна выкручваўся з такіх непрыемных сітуацый.

Французскія камуністы, прагрэсіўныя важакі рабочага руху, незалежныя ад правых буржуазныя палітычныя і грамадскія дзеячы не раз крытыкавалі і паказвалі на дзверы такім, як Ежы Гедройц, палітычным камбінатарам. Я сам некалькі разоў бачыў, якую прафесійную вынаходлівасць даводзілася паказваць яму на рабочых ускраінах Парыжа, дзе сярод французаў цешыліся горкімі, як дзікая альпійская рэдзька, пладамі буржуазнапарламентарнай дэмакратыі і польскія эмігранты. У пераважнай большасці сваёй гэта патомныя пралетарыі. Менавіта з-за такіх «дабрадзеяў», за якога сябе выдаваў Гедройц, яны некалі, галодныя, халодныя, шукалі прытулку на чужыне. Многаму навучыла іх і другая сусветная вайна, калі даводзілася са зброяй у руках разам са сваімі французскімі пабрацімамі адбівацца ад фашыстаў. А месье Гедройц, забыўшыся на ўсе правілы прыстойнасці, пішчом лез у душы гэтых ненавісных для яго <чпросталюдзінаў», угаворваў іх папоўніць шэрагі «польскіх адвэтоўцаў» (я ўжо раней пра іх гаварыў — гэта гальванізаваныя амерыканцамі недабіткі пілсудчыны, якія зноў залямантавалі аб Польшчы «ад можа да можа») і... натыкаўся на важкія рабочыя кулакі.

Затое з перабежчыкамі яму крыху больш шанцавала. Яны часта самі шукалі і набожна слухалі яго. Ацалелы граф імпанаваў ім сваёй вялікасвецкай імпазантнасцю і даволі шырокай палітычнай начытанасцю. Старанна прыкрыўшы пудрай сінякі ад пабояў, ён і знешне выглядаў зухавата. Скажа адну-дзве траскучыя антыкамуністычныя фразы — і ходзіць, як той кот вучоны, вакол свайго пісьмовага стала з тэлефоннай трубкай у руцэ, ледзь не з самага маленства «плюшавай не без кіпцюроў».

Мяне яна, гэтая рука, аднак жа, выпусціла як «ачмурэлага на рамантычных прыгодах маладога неслуха». Да пары да часу, зразумела. Ежы Гедройц і сам не святы, любіў бавіць час з прыгожымі шляхцянкамі ў багатых рэстаранах і на курортах Францыі. Мажліва, менавіта таму ён адразу не рашыўся строга прыжучыць мяне, калі яму паведамілі, што «абазнаныя з нашымі строга засакрэчанымі палітычнымі справамі» супрацоўнікі (чытайце: агенты, даносчыкі) «Культуры» бачылі мяне з дачкою аднаго былога польскага вайскоўца на сонечным поўдні Францыі, у Ніццы, а затым і ў хмурым, сырым Лондане, дзе дажываў свой век яе састарэлы бацька.

Зараз я магу без трывогі за лёс гэтай надзвычай смелай і рашучай польскай эмігранткі сказаць, што гэта была Марыля П-ская, кадравая разведчыца, якая па заданню Цэнтра дапамагла нам з Антосем вымкнуцца з-пад празмерна назойлівай апекі гатовага на любыя агіднасці графа Гедройца.

У адным з інтэрв’ю для эмігранцкай прэсы мы заявілі, што шчыра ўдзячны гэтаму яснавяльможнаму прапаведніку здрады за навуку. Мушу сказаць, што ў нас былі і зараз ёсць для гэтага сур’ёзныя падставы. Іх можна аспрэчваць, можна назваць бяздоказнымі, недарэчнымі. Але факт застаецца фактам: асабістыя кантакты з такімі, як Ежы Гедройц, спрактыкаванымі буржуазнымі рыцарамі плашча і кінжала ні ў якім выпадку не размагніцілі нас. Наадварот, няхай і не адразу, але мы на сваім горкім вопыце навучыліся паспяхова распазнаваць іх воўчыя прыёмы, прадбачыць хітрыя хады, своечасова мяняць тактыку. Дапушчальная ступень рызыкі прытым вызначалася амаль беспамылкова, бо мы не грэбавалі і парадамі сваіх апанентаў. Тым больш што амаль усе яны гарэлі шчырым жаданнем адпаведным чынам падрыхтаваць нас да больш актыўнага палітычнага жыцця на чужыне. На лбах жа нашых не было ніякіх асаблівых знакаў, па якіх можна было б адразу вызначыць, хто мы такія.

Па святцах буржуазных разведак, асабліва амерыканскай, любая бяскроўная акцыя павінна пачынацца з ветлівых угавораў. У гэтым сэнсе тое, што нам гаварылі іх платныя асветнікі, сугучна лепшым традыцыям людаедствуючай заходняй цывілізацыі. Але хопіць аб гэтым! Зараз жа я не ў Парыжы, а ў Навагрудку. Медсястра... Дзе ж яна? А гаварыла ж — заслухацца можна было!..

Медсястра хадзіла да загадчыка аддзялення. Па яго выкліку, напэўна, бо доўга не вярталася. Адным словам, не вытрымаў, небарака, характару — аргументавана, як ён потым сам сказаў мне, выправадзіў яе з маёй адзіночкі, каб не дурыла галавы сваімі лірычнымі ўсхліпамі пра вясну, а сам, маўклівы, ашчадны ў рухах, заклапочана пачаў правяраць на мне павязкі. Ад каго ж ён даведаўся, аб чым мы з сястрой гаварылі? Чаму яе шчырыя жаночыя пачуцці да жывых, хвалюючых з’яў прыроды раптам ператварыліся ў нейкія нібыта недарэчныя «лірычныя ўсхліпы пра вясну»? Мяне гэта, праўду кажучы, не парадавала.

У калідоры нехта з невялікімі інтэрваламі грукаў мыліцамі. Потым пачуліся прыцішаныя, але нецярплівыя мужчынскія галасы. Загадчык аддзялення незадаволена насупіўся і выглянуў за дзверы.

— Не хвалюйцеся, доктар, я сама з гэтымі людзьмі спраўлюся, — пачуўся рэзкі голас медсястры, якая, мусіць, была недзе паблізу. — На такіх зухаў у мяне яшчэ сілы хопіць. Але гэта аднавяскоўцы хворага. Яны хочуць нешта вельмі важнае сказаць яму. Можа, нават пра тых бандытаў, што ва ўпор расстралялі яго ў лесе...

— Усё правільна, сястра, — згадзіўся загадчык аддзялення. — Я па абліччах бачу, што гэта шчырыя сябры таварыша Лагоды. У мяне няма ніякіх падстаў сумнявацца і ў тым, што яны </b>нарэшце натрапілі на сляды яго ворагаў. Пра гэта, напэўна, ужо ўся Беларусь ведае. Вось толькі я ніяк не магу зразумець, каму ўсё гэта патрэбна? Гэта ж не «істрабкі», не дружыннікі, а звычайныя балбатуны! Вам гэта ясна, сястра?

Медсястра прамаўчала. А можа, я проста недачуў, што яна адказала свайму строгаму шэфу. У калідоры ж зноў загрукалі мыліцы, потым нехта груба вылаяўся. Загадчык аддзялення, усміхнуўшыся сабе пад нос, спакойна зачыніў дзверы і зноў прысеў каля мяне на табурэтку. Малады, дародны, можа, нават яшчэ і нежанаты, а на твары — нездаровая жаўцізна, стома. Ці не таму ён спачатку паказаўся мне лавеласам? Перш чым зачыніць дзверы, ён яшчэ з пакутлівым выглядам змахнуў са свайго пляча пылінку, расцёр кончыкамі пальцаў выстрыжаныя пад нулёўку скроні і зрабіў нейкі запіс у блакноце. Я таксама не спяшаўся выказваць свой тэмперамент, але, шчыра кажучы, ледзь стрымліваў сябе. Само сабой зразумела, у кожнага чалавека ёсць нейкія свае звычкі і прынцыпы, інакш ён проста быў бы бяздушным робатам, чалавекападобнай пасрэднасцю, звычайным пажыральнікам хлеба. Аднак і лішне выкаблучвацца, ставіць свае звычкі і прынцыпы вышэй за ўсё могуць толькі недалёкія фанфароны.

Нібы ў пацвярджэнне гэтых, як мне здавалася, неабвержных ісцін загадчык аддзялення яшчэ адчыніў фортку і тут жа пры мне пачаў размінацца. Мяне гэта пачало ўжо смяшыць. Лёгкая ўсмешка прабегла і па твары не па гадах манернага эскулапа. «Ну пачакай, я ж табе дапяку! — варухнулася ў маёй забубёнай галаве злая думка. — Ты яшчэ не толькі прысядаць, але і на галаве будзеш хадзіць перад хворымі. Іх жа не забаўляць, а лячыць трэба!» Потым мяне ахапіла трывога. Нахіліўшыся да мяне, разагрэты размінкай малады медык усхвалявана сказаў:

— Мусіць, вы моцна некаму ў Зачэпічах насалілі. Сягоння тут былі два дзецюкі адтуль. Я іх да вас не пусціў. І ведаеце чаму? Бо з імі яшчэ быў і трэці, але ён стаяў на варце каля ўваходу ў бальніцу. Можа, бачылі калі: высокі, чорны, як грак, і галаву так трымае, нібы яна ў яго прыстаўная...

— Бачыў не бачыў, чаму ж вы не пазванілі ў міліцыю, — суха заўважыў я, хоць у душы ўжо адчуў, што яўна недаацаніў гэтага дзівака ў белым халаце. Гэта ж не толькі доктар, але яшчэ і салдат! А я, пудзіла гарохавае, глядзеў на яго як на нерастаропнага пазёра. Ну і адмачыў нумар — брыдка нават чалавеку ў вочы глядзець... Ён мне шчыра пра ўсё, а я — у кусты: чаму ж вы, маўляў, не пазванілі ў міліцыю!.. Сам жа гаварыў — яго справа лячыць, а не займацца пабочнымі справамі. Гэты гуляка, лавелас, малады, ды ранні хітрун...

— А вы малайчына, доктар! — нарэшце выціснуў я з сябе больш памяркоўным тонам. — Толькі што прынялі справы, а ўжо многае спасціглі. Думаю, мы будзем сябрамі. Для мяне тут усё роднае, блізкае, напоўненае асаблівым сэнсам, але спакою, як бачыце, няма. Відаць, на зямлі нашай яшчэ фашысцкія нячысцікі водзяцца. А той чорны, як грак, здаецца, да нас з недалёкіх прочак прыляцеў. Адразу пасля вайны ён некаторы час хаваўся ад савецкага правасуддзя ў Польшчы. Толькі там ён хадзіў у манаскім адзенні...

— Тады я вам не зайздрошчу! — заўважыў доктар.— Дурны быў бы, каб пазайздросціў... Здаецца, мне ўсё ж трэба зрабіць некаторыя захады. Пераапрануты ў сялянскую вопратку манах — гэта нешта новае ў гісторыі нашага легендарнага краю.

 

5

У вастрэйшай, бескампраміснай барацьбе дзвюх ідэалогій, якая характарызуе развіццё сучаснага свету, перабежчыкам з краін Усходняй Еўропы даводзіцца выконваць самую няўдзячную брудную работу: нястомна паклёпнічаць на свае народы і ўсяляк ім шкодзіць, каб хоць не адразу ачомаліся пасля кровапралітнай вайны. Гэта — адна з галоўных ліній мілітарысцкай стратэгіі злачынстваў. Таму яе як апантаныя гнуць і беларускія буржуазныя нацыяналісты даваеннай, ваеннай і пасляваеннай пары. Асабліва стараюцца, само сабой зразумела, былыя фашысцкія паслугачы. Нагадваючы ячшэ раз аб гэтым, я хачу перш за ўсё звярнуць увагу на такіх паслядоўнікаў-важакоў так званага беларускага нацыянальнага вызваленчага руху, як, напрыклад, былы бургамістр горада Мінска Тумаш, які арудуе ў прочках на ніве навукі і мастацтва. У не абы-якіх вучоных ходзіць на павадку ў амерыканцаў і былы намеснік прэзідэнта БЦР па Глыбоцкай акрузе, потым бургамістр Мінскай гарадской управы Іван Касяк. На Захад разам з гітлераўцамі ён ужо джгаў як галоўны палітычны «камандзёр» аддзела прапаганды БЦР. Пасля Станіслава Станкевіча і Антона Адамовіча гэта самыя ядавітыя паганцы. А для нас з Антосем яшчэ і асабістыя ворагі. Мы некалькі разоў натыкаліся на іх на воўчых сцежках недабіткаў БЦР за Эльбай, а зараз, здаецца, на каго-небудзь з іх напорамся і там, куды я неўзабаве паеду. А паездка, напэўна, будзе цікавай, бо першым, каго я напаткаў дома, аказаўся зямляк Івана Касяка ксёндз Сікірыцкі.

— Бог міласцівы, сын мой, — сказаў ён, уважліва прыглядаючыся да мяне, быццам упершыню ўбачыў на гэтым свеце. — Шчыра аддзякуем яму за яго правільныя дзеянні. Амін! Яго міласць, як бачыш, і на цябе распаўсюдзілася.

— Дык заходзьце ў хату, ойча, — ледзь стрымліваючы сябе ад накіпелай злосці на гэтага вераломнага святошу, сказаў я. — На дварэ — жнівень, хто што пасеяў, тое і пажне. Бог тут проста адсутнічаў. Яго няма! І вы гэта не горш за мяне ведаеце.

— Так, бадай што, ты маеш рацыю, сын мой, — зноў загадкава ўздыхнуў Сікірыцкі. — Бог — паняцце няпэўнае, малаакрэсленае. Але ты і мяне зразумей. Ксёндз я. У час вайны, як і ты, быў... Ды што гаварыць, я не хачу, каб усе грахі пералётных птахаў падалі на мяне. Нават калі некаторыя з іх і духоўнага сану. Скажы, калі ласка, каму знойдзеш патрэбным сказаць гэта, і я буду да канца сваіх дзён маліцца за цябе, такога нягоднага і непакорнага. Бывай!

— Бывайце, грамадзянін Сікірыцкі! — ужо крыху мякчэй сказаў і я, здзіўлена прысвіснуўшы, заспяшаўшыся зачыніць за гэтым для шмат каго яшчэ «святым айцом» дзверы.

Затое колькі радасці ў мяне на душы было, калі праз які месяц мне разам з дзядзькам Базылём і яго ўнучкай Стасяй удалося на некаторы час атабарыцца ў адным з новых мікрараёнаў Варшавы дзе тады яшчэ жыў Стасін «вуек» — дзядзька па бацьку. На мяне ён зрабіў уражанне вельмі хітрага і абачлівага чалавека, хоць, як і ўсе старыя быў не ў меру балбатлівы. Тым не менш нам прыходзілася цярпець яго, бо ведалі, што гэты стары некалі часта гасцяваў у Сікірыцкага, быў сваім у дошку чалавекам сярод Томчакавых сябрукоў, паручаўся ў польскім епіскапаце за... Андрэя Касмовіча. Акрамя таго, ён на працягу многіх гадоў — «жывая паштовая скрынка» яснавяльможнага шэфа парыжскай «Культуры» Ежы Гедройца. Толькі, як ужо няцяжка здагадацца, дзейнічала яна пад пільным наглядам маіх колішніх калег па рабоце з аператыўнай групы Антося Малочка. І рабілі яны гэта, як відаць, нядрэнна, бо аб’ект іх зацікаўленасці не праяўляў ніякай трывогі.

— Твой татусь, кахане, — гаварыў пан Бешчатмаладзейшы Стасі, — быў цвердалобым радыкалам, ці, як цяпер кажуць, максімалістам. Яму нічога сур’ёзнага нельга было даручыць. Ледзь што —сек, сабачы сын, з-за пляча і лес, і падлесак. Я маю на ўвазе яго колішнюю праваахоўную паліцэйскую дзейнасць на Навагрудчыне. Нават нашы асаднікі, сярод якіх былі патэнцыяльныя рабаўнікі і забойцы, кідаліся ад яго, як ад вар’ята. Мне не хацелася аб гэтым гаварыць, але многія і называлі яго не камендантам, а «крывавым камедыянтам». Пад п’яную руку ён нават і адклікаўся на гэтую брыдкую мянушку. Асабліва пасля прымусовай жаніцьбы на мясцовай чарнушцы Лідзе, тваёй маці, Стася. О, гэта была гучная гісторыя! Насіў воўк, і яго панеслі. Твой дзед з братамі абламаў майго разбэшчанага браціка. Тады як ён мог і з імі спакваля, па-разумнаму справіцца... Не, тут я штосьці не так сказаў, здаецца. Дазволь я цябе пацалую, кахане! Зараз жа я ў захапленні ад твайго дзеда...

Недзе на панадворку пела труба. Дзядзька Базыль, які сядзеў каля акна на канапе, адкінуўшы сваю белую галаву на яе мяккі падплечнік, шчасліва ўсміхаўся — у яго партызанскім атрадзе некалі быў сапраўдны трубач, ён як відаць, і прывучыў гэтага неўгамоннага налібоцкага мядзведніка да зычных і разам з тым мілагучных пераліваў трубы. Стася жартаўліва пацвельвалася з гэтай даўняй дзедавай замілаванасці духавой музыкай. А там, у гарсанэры1 састарэлага брата свайго бацькі, якога мы, па агульнай дамоўленасці, называлі Бешчатам-маладзейшым, яна раптам закрычала на яго:

— Уставайце, дзеду! Зараз жа ўставайце! Нам няма чаго тут рабіць! Вы чулі, што мне сказаў вуек? Не? А ты, Ігнат? О, матка боская чэнстахоўская! Мусіць, вас зацюканыя пілсудчыкамі продкі з валуноў павысякалі... Цалуйцеся тут з гэтым... Вуек, вы можаце ім паўтарыць тое, што мне толькі што сказалі?

— Я не ведаю, чаго ты ад мяне хочаш. Хіба я што-небудзь не так сказаў? — Стары ўстаў і з трывогай паглядзеў на Стасю. — Дазволь, я цябе пацалую, кахане. Не забывайся, што я тут адзін, як гарох пры дарозе. Нават мае колішнія прыяцелі знялі мяне са сваіх рахункаў. Для іх я аказаўся залішне мяккім і далікатным чалавекам. Вер мне!..

— Веру! Мне гэта пра цябе, вуек, і мама не раз гаварыла, — сумна прамовіла Стася, баязліва косячыся на дзеда, які ўсё яшчэ ціха сядзеў на канапе. Стары ваяка прыкінуўся цёмным правінцыялам. А як жа! Па маёй просьбе на час гэтай сустрэчы з братам Стасінага бацькі, апошняга з «магікан» былой буржуазнай армейскай чалуўкі — верхняга эшалона камандавання так званых легіёнаў Пілсудскага, ён раптам і слых страціў. Няцяжка здагадацца, колькі гэта яму каштавала нерваў і здароўя! Ну, а мне, як кажуць, і сам бог вуснамі Антося, майго часовага шэфа і дарадчыка, загадаў (у яго парадзе я адчуў ноткі загаду) паводзіць сябе як мага больш натуральна, не пярэчыць пану Бешчату-маладзейшаму, але і не ва ўсім пагаджацца з ім. Ніці ад яго трохпакаёвай кааператыўнай «шабуўкі» — прыватнай кватэры цягнуліся ў неабследаваныя намі да канца Парыж і Лондан. Немалыя надзеі, як нам паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, пакладалі на гэтага састарэлага пілсудчыка і ў Мюнхене, дзе пан Ян Новак літаральна задыхаўся без надзейных, добра заканспіраваных «карэспандэнцкіх пунктаў» у Польскай Народнай Рэспубліцы. Не лішняй была б і маральная падтрымка яго «свістунам» у мюнхенскай радыёбрахалаўцы з боку шматлікіх знаёмых Бешчата-маладзейшага.

Але, як і ўсё ў прыродзе, пілсудчыкі не сяміжыльныя, многія з іх ужо адправіліся да прабацькоў, астатнія больш думаюць аб леках і выратаванні сваіх убогіх душ. Таму Бешчат-маладзейшы, хацеў ён гэтага ці не, больш налягаў на перашэпты са сваімі былымі вучнямі. Толькі падбіць іх на падрыўную дзейнасць было вельмі цяжка. Як сам пан Бешчат-маладзейшы, так і яго агентурнае начальства пасля ганебнага правалу так званай паяднаўчай (чытайце: падрыўной антынароднай) місіі Мікалайчыка ў другой палове саракавых гадоў, а затым і варожай дзейнасці яго пераемніка на пасадзе прэм’ер-міністра лонданскіх гора-ваяк Арцішэўскага і кампаніі блукала ў пацёмках. У яго чорных сотнях ёсць нават мільянеры, не кажучы ўжо аб рафінаваных спецах барацьбы з камунізмам, але палітычных важакоў, вартых хоць якога даверу, няма.

З гісторыі падрыўной антыкамуністычнай дзейнасці, якой прысвяцілі сваё найміцкае жыццё гэтыя, з дазволу сказаць, палякі, вядома, што ў арсенале іх аргументаў самае важнае месца па-ранейшаму займаюць бязгучныя пісталеты, кастэты, атрута, брудныя паклёпы на палітычных і дзяржаўных дзеячаў ПНР. Я маю на ўвазе сапраўдных марксістаў-ленінцаў, а ліпавых, як правіла, рэакцыя толькі дзеля адводу вачэй бэштае з зямлёю.

Такой тактыкі ў большасці сваёй прытрымліваюцца і беларускія адшчапенцы. З той хіба толькі розніцай, што яны шырэй карыстаюцца апрабаванымі ў дні фашысцкай акупацыі прыёмамі СС і СД: аб’яўляюць сваіх ідэйных праціўнікаў беспрасветнымі дагматыкамі, рэтраградамі або проста шызафрэнікамі. Па гэтых прыёмах мы з Антосем такіх камбінатараў і пазнавалі. А пазнаўшы — патрачанага часу на іх шкадавалі. Хіба ў мяне яго хапала на нармальнае чалавечае жыццё? Хопіць і таго, што ўжо амаль да лысай галавы правалаводзіўся з нядобрай памяці панам Томчакам і яго вашывымі ляснымі «жалнерамі» як польскай, так і нашай, беларускай, кулацкай гадоўлі. Адзін Задрапей чаго быў варты! Але... нават і ён люта ненавідзеў пілсудчыкаў, не раз на сваім бязглуздым вяку зачыняўся на ўсе зашчапкі на хутары, маляваў чырвонай фарбай бляшанага пеўня на браме або без продыху піў нераспраданую манапольку собскага вырабу і раз’юшана лаяў усіх панскіх чыноў, пачынаючы ад солтысаў з секвестратарамі і канчаючы ваяводамі і самім Пілсудскім, хоць яго ўжо не было на гэтым свеце. Ды і ў бандзе Томчака, як я ўжо аднойчы гаварыў нашым работнікам дзяржаўнай бяспекі, мы, гэта значыць Метак Жмігроцкі, Антось Малочка і я, часта яго бачылі панурым, маўклівым. Потым Задрапей узяў пустое брызентавае вядро, падчапіў на абрэз свой паношаны суконны халат, маўляў, можа, дзе каля ракі і начаваць давядзецца, — і больш не вярнуўся да нас. Праз колькі дзён следам за ім бясследна знікла яшчэ некалькі Томчакавых ваяк.

Цяжка сказаць, хто тады з нас трох першы зразумеў, што ва ўсім вінаватыя не ашуканыя панамі людзі з глухіх хутароў ды вёсак, а самі паны, асабліва такія злыя і небяспечныя, як Томчак. Тады ж да нас нарэшце дайшло, што барацьба з імі — справа першачарговай дзяржаўнай важнасці. Але, на вялікі жаль, не кожнаму тады гэта рупела як у нас, так і ў Польшчы, і ажыццяўленне яе зацягнулася на многія гады.

— Ад адзіночных антысацыялістычных прапагандысцкіх і тэрарыстычных актаў нашы баевікі ў хуткім часе пяройдуць да старанна спланаваных падрыўных аперацый, — адправіўшы Стасю на кухню, прыцішана тлумачыў мне Бешчат-маладзейшы. — Лепшыя і найбольш выпрабаваныя людзі нашага грона2 б’юцца над выкананнем гэтай задачы.

З рызыкай для сваёй рэпутацыі і жыцця, сынку, з вялікай рызыкай!..

Невялічкі ростам, круглы, як гарбуз, Бешчатмаладзейшы, гаворачы гэта мне, так расхваляваўся, што пачаў ікаць. На мясістых румяных шчоках яго выступіў пот. Відаць, пачала дзейнічаць ужо і «Белавежская», некалькі бутэлек якой мы з дзядзькам Базылём прыхапілі з сабой з дому для гэтага ваяўнічага старога балакі. Пасля трэцяй ці чацвёртай чаркі ў яго заблішчаў ад поту тлусты, як у парсюка, карак. Але мазгі яго працавалі нармальна. Таму нам яшчэ давялося выслухаць даволі дакладную інфармацыю пра «вартыя ўсялякай пахвалы» акцыі буржуазнай прапаганды, якая вяла ў адносінах да ПНР варожую дзейнасць, падзадорвала і падтрымлівала антысацыялістычныя элементы ў краіне, на якія нібыта ўжо тады рабілі стаўку «сапраўдныя сябры Польшчы» ў ваенных штабах ЗША і НАТА.

Бешчат-маладзейшы адкрыў мне вочы і на «сябброўскую» дзейнасць на карысць польскай унутранай і знешняй рэакцыі некаторых акрэдытаваных у Варшаве супрацоўнікаў пасольстваў і журналістаў ЗША, ФРГ, Англіі і іншых краін НАТА. Яны на свой буржуазны манер перакручвалі падзеі, падтасоўвалі свае тэндэнцыйныя каментарыі пад загадзя спланаваныя сцэнарыі, распаўсюджвалі па ўсім свеце розныя небыліцы аб становішчы ў Польшчы.

Я нядрэнна ведаў Варшаву першых пасляваенных гадоў. Яна нагадвала тады населены жывымі прывідамі цвінтар. Буржуазная прапаганда песімістычна скуголіла, што палякам давядзецца будаваць сабе сталіцу на новым месцы. Але «прывіды» не пагадзіліся з гэтым, яны ад цямна да цямна — хто па абавязку службы ці па мабілізацыі, а хто і проста па любасці да свайго горада — завіхаліся ў руінах разбуранай дашчэнту фашыстамі Варшавы з трафейным нямецкім армейскім шанцавым інструментам — сапёрнымі рыдлёўкамі, кіркамі, узрыўчаткай і адбойнымі малаткамі. Амаль на ўсіх вуліцах грукаталі нашы, савецкія, падораныя варшавянам, ваенныя грузавыя аўтамашыны і бульдозеры, няспынна дыміліся «спісаныя ў запас» палявыя кухні. Зарубежныя насельнікі Варшавы — амерыканскія, англійскія, французскія (нямецкія тады яшчэ ціха сядзелі ў так званай Трызоніі) дыпламаты, журналісты, сярод якіх было нямала і польскіх эмігрантаў, — доўга недаверліва касавурыліся на загіпнатызаваных Саветамі польскіх фанатыкаў і, нібы тыя тэрміты, спакваля пачыналі падточваць асновы народнага ладу. Не ўсе, зразумела. Але такіх, мусіць, было мала, калі ў ажываючым горадзе яшчэ ў любы час можна было натрапіць і на ўзброеных бандытаў.

Менавіта тады вярнуўся з Англіі ў Варшаву «будаваць» сацыялізм і Бешчат-маладзейшы, былы панскі вайсковец, сапёр, спецыяліст па будаўніцтве рачных перапраў і чыгуначных мастоў. Брату ён аб сваім «добраахвотным» вяртанні на радзіму паведаміў праз аднаго надзейнага чалавека з польскага епіскапата. Але Бешчат-старэйшы, халера ясная, нават і вухам не павёў у бок свайго малодшага брата, сказаў, што не верыць у яго шчырыя намеры. А потым нечакана сам прыехаў у Варшаву, перагрэў брата пасля работы каля адноўленага атэля «Тэрмінус», нізка пакланіўся яму да ног і хрыпла заявіў: «Вяртайся назад у Лондан! Падловяць цябе на правакацыях — і мне, лічы, больш ужо не будзе жыцця...»

Вось такая ў Бешчата-маладзейшага адбылася сустрэча са старэйшым братам. Яна глыбока запала ў яго чорную, як халява, душу, вярнула з яскрава падсвечанага буржуазнай прапагандай контррэвалюцыйнага польскага неба на зямлю, дзе гэтага псеўдабудаўніка сацыялізма чакала жмудная — цяжкая, але цікавая і карысная для ўсіх сумленных палякаў праца або — турма. Бешчат-маладзейшы колькі гадоў будаваў масты і рачныя пераправы, а пасля, як ён сам сказаў, забаўляючыся, перафатаграфаваў усю дакументацыю на некаторыя з іх і на ўсялякі выпадак адправіў з адным заядлым турыстам з ліку былых акоўцаў у Парыж ужо знаёмаму нам графу Ежы Гедройцу, які ўсё ж выбіўся ў вядучыя ідэолагі польскай рэакцыйнай эміграцыі за рубяжом. І ў палітычныя «душпастыры» яе падпольных груповак у ПНР. Назваўшы яго прозвішча, Бешчат-маладзейшы раптам схапіў мяне за адвароты пінжака і прыцягнуў да сябе:

— Ведаеш, што я табе, сарвігалаве, хачу сказаць? Гедройц — агідная пачвара на звалцы гісторыі! Зараз я ненавіджу яго. Народная ўлада — масленіца для нашай вясковай і гарадской галоты, а ён, казёл паджары, антыкамуністычнай макулатурай яе ачмурыць хоча. Ты з ім ужо сустракаўся? Віншую! Павесь мемарыяльную дошку на тым баку, да якога ён сваёй яснавяльможнай асобай да цябе дакранаўся, падпойваючы ў якой-небудзь прыватнай эмігранцкай нары. На больш прыстойны абед у рэстаране ён не раскашэліцца, праўда? Аднак Гедройц — мой пшэлажоны3. І не толькі па гэтых, як яны... ваенных аб’ектах. Я адказваю перад ім і за палітычныя настроі сваіх калег па рабоце. Ты баішся, што гэта няпэўныя людзі? Пераважная большасць іх ужо на пенсіі, астатнія — спадзяюцца на паноў гедройцаў і іх босаў, але, як і я, не збіраюцца асабліва рызыкаваць сваім лёсам. Ды нам ужо і не так дрэнна пры народнай уладзе жывецца...

Святая наіўнасць! А я думаў, што Бешчат-маладзейшы поўнасцю раскрыецца перада мной у акружэнні сваіх блізкіх сваякоў. Па сутнасці ён увесь вечар прыдурваўся. Дзядзька Базыль заўважыў, як ён непрыкметна выліваў нашу «Белавежскую» чарку за чаркай у пустую салатніцу або пад стол на кілім. Услед за Базылём, прасачыўшы за яго позіркам, прыкмеціў «шалости» Стасінага вуйка і я, але нічым сябе не выдаў.

— Вам трэба адпачыць, — як мага больш спакойна сказаў я, падымаючыся з-за стала. — Колькі ж можна мацавацца дзеля такіх, як мы, няпрошаных гасцей...

— Ну, ну! — абурыўся стары. — Які трунак, такі і мацунак. Мне вельмі цікава з вамі. Толькі забудзьцеся на маю балбатню. Стары я. І боязь нейкая не дае спакою. На чыёй вуліцы зараз свята, га? Апошнія падзеі ў Венгрыі і тут, у нас, прывялі ў прытомнасць многія гарачыя галовы, якім здавалася, што з камуністамі можна лёгка справіцца. Не ведаю, як далей будзе, а ў верасні гэтага года яны супрацьпаставілі нам незвычайную мужнасць, згуртаванасць і высокую грамадзянскую адказнасць за лёс сваёй справы. Бадай што, адзін толькі высокапаважаны кардынал Мендсенці, схаваўшыся ў амерыканскім пасольстве, яшчэ петушыцца, спадзяецца на нейкі цуд. А яго ваяўнічая паства ва ўсіх прыходах венгерскага епіскапата пацярпела ганебнае фіяска. Баюся, што і нашых баевікоў гэта чакае. Да ўлады ж прыйшоў чалавек, якога добра ведаюць і паважаюць у народзе. Гэта Уладыслаў Гамолка. Як бы там ні было, а ён у самы цяжкі час для нашага народа не разгубіўся, заклаў не адну цагліну ў асновы сацыялізме. Таму, праўду кажучы, усе мы, патэнцыяльныя праціўнікі яго, адчуваем сябе зараз як прапашчыя. Начытаешся дэсперацкай, яе яшчэ называюць нігілістычнай, пісаніны ў смярдзючым часопісіку таго ж «выратавальніка польскай нацыі» Ежы Гедройца і жыць не хочацца!

— Супакойцеся, вуйку, зараз я завару вам моцнай кавы, — з робленым спачуваннем сказала Стася.

— Не заварыш, у мяне яе няма, — суха заўважыў Бешчат-маладзейшы. — Не забывайся, кахане, што я — эмерыт, ці, як у вас кажуць, пенсіянер. А кава ў нас дарагая.

Стася вярнулася ў пярэдні пакой, дастала з дарожнай сумкі бляшанку растваральнай кавы і ўрачыста прэзентавала яе старому:

— Калі ласка, пан эмерыт! Гэта вам ад мяне асабіста. Спажывайце на здароўе, а мы пойдзем ужо...

 

1 Гарсанэра – асабняк (польск.).

2 Грона – асяроддзе (польск.).

3 Пшэлажоны – шэф (польск.).

6

За колькі дзён да ад’езду ў Польшчу выпадак; нечакана звёў мяне і з тымі, каго ксёндз Сікірыцкі менаваў «пералётнымі птахамі». Так па меншай меры мне падумалася, калі разбіты грузавымі аўтамашынамі і гусенічнымі трактарамі прасёлак прывёў мяне з Зачэпіч на нейкі стары асірацелы хутар на ўскраі лесу. Гэта была мая першая журналісцкая накладка. Новая для мяне работа аказалася ўжо не такой і простай. Чалавек, з якім мне трэба было сустрэцца ў якасці карэспандэнта абласной газеты, жыў у іншым месцы. Памятаю, як рэдактар раённай газеты абяцаў майму новаму начальству падкінуць мяне туды на сваім абшарпаным «козліку», але недзе закруціўся зіму далёкіх калгасах — і мяне занесла ліха ведае куды.

Параўняўшыся з хутарам, я пачуў, як там нехта перавярнуў у сенцах вядро, і на падворак выскачыў нейкі здаравенны, як бык, п’яны дзяцюк у плашчы да калень, у доўгіх і шырокіх, нібы званы, штанах.

Эй, братва, выходзьце! Н-нікога тут, маць іх туды, няма к-каля гэтай праклятай ваўкаўні, — кінуў ён у сені. — Да вечара мы яшчэ гэтае самае...— голас п’янага маладога мужчыны перарваўся, пачуўся прыглушаны шэпт. — С-стоп, братва! І каб было ціха. Н-ну?! — ён прыклаў палец да губ. — Нас, здаецца, тут і накрыць могуць...

Вакол хутара ажно крактаў густы ядловец на пясчаных залысінах паміж будынкамі і лесам, таму мне няцяжка было на хвіліну прытаіцца ў кустах, каб не трапіць зноў у бальніцу. Паверце, гэта не агаворка: у маладым п’яным мужыку я пазнаў... Сяргея Моніча, а ў яго сабутэльніках, якія выскачылі з сяней на панадворак, — тых двух «нарыхтоўшчыкаў», што я з участковым міліцыянерам наперадвесні выправаджваў з Зачэпіцкага сельсавета, і пераапранутага ў паношанае сялянскае адзенне чорнага, як грака, «айца Збыха», шчэцінскага манаха. І ад гэтага, а, мажліва, яшчэ і таму, што якраз пачало вечарэць, а я быў адзін і нічога не мог зрабіць гэтай, гатовай на любыя злачынствы, разнамаснай гайні п’яных бадзяг, мне стала так моташна на душы, што ледзь было не рынуўся на іх з голымі рукамі.

...У Навагрудак я вярнуўся апоўначы, начаваў не ў гасцініцы, а на невялічкім, амаль цацачным, вакзале вузкакалейкі. На гэта ў мяне ўжо была вельмі сур’ёзная прычына. Ксёндз Сікірыцкі, трапіўшы ў маё становішча, ужо дзякаваў бы свайму ўяўнаму богу за яго правільныя дзеянні. «Айцец Зых», ён жа Андрэй Касмовіч, яўна разлічваў і на яго падтрымку, перабраўшыся патаемна з Польшчы да нас. Прасцей кажучы — менавіта на ім, гэтым «пералётным птаху» Касмовічу, магла бясслаўна закончыцца духоўная кар’ера Сікірыцкага, але не скончылася. Сікірыцкі абскакаў Касмовіча. ён папярэдзіў мяне, што ў раёне нехта чужы бадзяецца, і гэтым самым, па сутнасці, вывеў сябе з-пад удару. А мне яшчэ давядзецца хапіць шылам кашы. Параіўшыся з Іванам Пятровічам Закруткіным, я зрабіў усё неабходнае для таго, каб Сяргея Моніча і яго хаўруснікаў па нібыта бязгрэшных п’янках ніхто нават не крануў і пальцам. Потым наведаўся да Антося ў Мінск, дзе ён якраз выпраўляў сваёй маці Ярыне дакументы на выезд у Польшчу, абгаварылі з ім усё — і зараз мы з ім ужо чакаем Касмовіча ў Польшчы.

Пра крывавы фашысцкі мяцеж у дружалюбнай нам Венгерскай Народнай Рэспубліцы мы пачулі ў дачным пасёлку Падкова Лесьная, што каля Варшавы. А дакладней, калі вярталіся адтуль са Стасяй ад яе колішняй сяброўкі, якая спецыяльна прыязджала для гэтага са Шчэціна. Гэта потым Стасін дзядзька Бешчат-маладзейшы мне скажа, што рэакцыя ў Венгрыі пацярпела сакрушальнае паражэнне. А тады там яшчэ ўсё кіпела навокал. Польская ўрадавая прэса вельмі стрымана пісала аб гэтым, а клерыкальная ажно захлёбвалася ад непрытоенай асалоды. Ёй імпанавала тое, што былыя абшарнікі, фабрыканты, буржуазныя вайскоўцы ваеннай пары, кансерватыўнае каталіцкае духавенства на чале са сваім азвярэлым першасвяшчэннікам кардыналам Мендсенці — усе гэтыя крыважэрныя ашчаропкі старога прафашысцкага венгерскага буржуазнага ладу не проста злосна буянілі, а, як пасля зларадна пісаў навочны сведка гэтых падзей польскі паэт рэакцыйнага напрамку Віктар Варашыльскі, натхнёна вырэзвалі і выпальвалі камунізм. Пры шырокім садзеянні падбадзёранай прапагандысцкімі і дыверсійнымі спецслужбамі кансерватыўнай эміграцыі.

Потым, калі ўжо ўсё ўляглося, я яшчэ раз перачытаў злосную антысавецкую пісаніну Віктара Варашыльскага і злавіў сябе на думцы, што такіх, як ён, рэпарцёраў антыкамуністычнай хронікі ў Польшчы будзе ўсё больш ды больш, калі польскі ўрад будзе скрозь пальцы глядзець на іх публікацыі. Многае з таго, што рабілася ў Будапешце, знаходзіла пэўны водгук і ў размітынгаванай Варшаве. Як грыбы-паганкі пасля гнілога асенняга дажджу, на задворках некаторых грамадскіх устаноў няпэўнага (чытайце: амерыканскага, англійскага, французскага, канадскага) паходжання не па днях, а па гадзінах раслі розныя камітэты па зборы сродкаў на дапамогу... венгерскім «патрыётам» — удзельнікам антыкамуністычнага путчу. Заварушылася рэакцыя ў рэдакцыях некаторых каталіцкіх царкоўных і свецкіх рэдакцыях часопісаў і газет, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. На гэтым напружаным палітычным фоне з добра прадуманымі душпастырскімі казаннямі ўсё часцей пачаў публічна выступаць выпушчаны з-пад дамашняга арышту кардынал Стэфан Вышынскі, пасляваенны прымас Польскага епіскапата.

Нагадалі аб сабе і сіяністы. Гэтыя, як шашаль, падточвалі правапарадак у дзяржаўных установах, на кінастудыях і тэлебачанні, нашпігоўвалі сваімі дарослымі вундэркіндамі творчыя саюзы. Паразітуючы на патрыятычных пачуццях польскай прагрэсіўнай інтэлігенцыі, яны да пары да часу прыкідваліся шчырымі прыхільнікамі народнай улады, потым, як па камандзе, пачалі кожны на свой манер падпраўляць яе ў сваіх опусах для сродкаў масавай інфармацыі, кіно, тэлебачання і тэатраў. Універсітэцкую моладзь адпаведным чынам адукоўвалі нейкія новаспечаныя філосафы ад марксізма-ленінізма Лешак Калакоўскі і Яцэк Курань. Аднаго з іх — Яцэка Кураня — я бачыў у самым нібыта марксісцкім, як мне гаварылі тады, яўрэйскім маладзёжным клубе імя Бабеля. Ён чамусьці паказаўся мне звычайным гешэфцяжам — блатняком, хоць сын аднаго яўрэйскага перасяленца з Беларусі — Яўгеніюш, заядлы заўсягдатай гэтага клуба, узахлёб хваліў мне яго як «таленавітага прадстаўніка мясцовых інтэлектуалаў».

— Значыць, ён трацкіст? — наіўна спытаў я.

Яўгеніюш фамільярна паляпаў мяне рукой па плячы:

— Адкажу табе мудрымі словамі майго бацькі, які нарадзіў мяне працягваць яго справу: калі хочаш насіць галаву на карку — не задавай недарэчных пытанняў!..

Да атэля «Тэрмінус», дзе ў мяне быў нумар, я дабіраўся пешшу: хацелася паглядзець горад, потым зайсці ў Дом таваровы і купіць сабе прыстойны асенні плашч з цёплай паддзеўкай. Маё мехаватае шарапавае страшыдла з цыгейкавым каўняром выдавала мяне з галавой як прыезджага газетнага гастралёра. «У гэтым мастацкім цудзе нашага правінцыянальнага шырспажыву ты — белая варона сярод жыхароў Варшавы», — не без пэўнага намёку гаварыла мне прыкметна пасталеўшая за апошнія гады Стася. Прыблізна тое ж самае аднойчы сказала мне і пані Гражына М., адміністратарка, яна ж і касірка атэля. А густ у яе быў не горшы, чым у самага спрактыкаванага мадэльера. Акрамя таго, яна, мусіць, здагадвалася, хто я. А Стасю гэта страшэнна трывожыла. Былі такія дні, калі яна не адступала ад мяне ні на крок.

— Не калаціся ты гэтак за яго, — сярдзіта басіў дзядзька Базыль. — Антось мне казаў, што Ігнат як свае пяць пальцаў ведае Варшаву і ніхто яго тут не кране. Дзеля чаго ж тады ён столькі бадзяўся па свеце? Дзеля чаго сваю галаву падстаўляў пад бандыцкія кулі? Ведаеш, што мне Іван Пятровіч Закруткін гаварыў? На такіх сокалах уся сусветная контра зубы паламаць можа!

Аднак цвёрдай упэўненасці, што ў Варшаве я адчуваю сябе як дома, у дзядзькі Базыля не было. Таму і яму не сядзелася на месцы. Горад, маўляў, не свой, чужы, а ў нас, акрамя загранічных пашпартаў, нічога пры сабе не было. Калі ж асабіста пераканаўся, што польскія сябры пільна аберагалі і мяне, і Стасю, і яго, — уявіў сябе самай важнай персонай у Варшаве.

Як ні дзіўна, але Бешчат-маладзейшы нічога не меў супраць гэтага — чокаўся з ім як з роўным і называў «добрым прыяцелем». Мы са Стасяй, вядома ж, з дня на дзень чакалі якой-небудзь непрыемнасці. Але здарылася так, што не дзядзька Базыль, а Бешчат-маладзейшы нечакана трапіў у далікатнае становішча — пачаў рассыпацца, як гліняны гладыш, перад намі. Мажліва, яму абрыдла прыкідвацца на старасці гадоў бязгрэшным праведнікам, але намёкамі ён ужо больш не гаварыў, а шчыра пачаў вініцца нават перада мной. Толькі рабіў ён гэта, як паляўнічы з трохстволкай у руках: некалькі малазразумелых фраз выцісне з сябе і, азіраючыся па баках, увесь ператвараецца ў слых, грозна прыжмурыўшы левае вока: маўляў, два ствалы ў мяне набіты шротам, а трэці — куляй. Яна, калі што, можа і цераз дылёўкі, якім абгароджаны яго цагляны катух, дагнаць непрыяцеля. О, гэтая занудлівая старашляхецкая абачлівасць! Людзі, якія некалі нават да ветру крадком хадзілі з карабінамі, каб не наскочыць на якога ўзброенага дубінай прасталюдзіна ў роднай краіне, не могуць без шматлікіх агаворак і паказнога куражу па-чалавечы адкрыцца. Канчаюць свае прызнанні многія з іх так: няхай усё гэта будзе паміж намі — будзем рады бачыць вас у сябе на званых абедах.

Бешчат-маладзейшы, акрамя ўсяго, яшчэ і моцна задаваўся, расказваючы пра сваю, па яго панскіх мерках, бліскучую, хоць і разгульную маладосць. Але не па гадах зыркія і калючыя вочы ды частыя пераходы на ардынарныя салдафонскія мацюкі выдавалі, я нават сказаў бы, вытрасалі з гэтага адстаўнога мостабудаўніка і яго менш прываблівыя якасці. Варта было паглядзець, як ён хціва зліваў недапіткі спіртнога ў свой бяздонны гранёны куфаль з таннага мазурскага шкла (а да гэтага ж ён і на кілім паціху выліваў яго, баючыся ап’янець), каб пераканацца, што гэта няхай і імяніты, аднак ужо даўно дашчэнту датрапаны жыццём тарбахват.

А дзядзька Базыль гнуў сваю лінію. Можна было нават падумаць, быццам не Бешчат-маладзейшы, а ён быў заядлым пілсудчыкам і салонным валацугам. З багатага шляхецкага роду, зразумела, бо цалкам перайшоў на нядрэнную польскую мову. Бешчат-маладзейшы, у сваю чаргу, строіў з сябе памяркоўнага дабрачка. Потым яны ў поўнай згодзе разам слухалі варожыя радыёгаласы на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах, няшчадна высмейвалі іх, шкадавалі, што раней не ведалі адзін аднаго. Калі ж гэты этап іх духоўна-бутэлечнага збліжэння быў пройдзены, Бешчат-маладзейшы раптам выказаў шчырае жаданне разам з дзядзькам Базылём і мяне вывесці ў людзі. Але не ў Варшаве і нават не на польскай зямлі, а ў Злучаных Штатах Амерыкі, у Вашынгтоне. Дзядзька Базыль, канечне ж, быў на сёмым небе ад гэтай прапановы, пакуль да яго не дайшло, што стаў ахвярай недарэчнага жарту. Бешчат-маладзеншы проста пацвельваўся над ім. Разам з тым за яго жартам нешта было. Як паказалі пазнейшыя падзеі, нават і раскалоўшыся, Бешчат-маладзейшы пакінуў для сябе некалькі толькі яму аднаму вядомых лазаў у санацыйную багну. Больш таго, як сапраўдны «арыстакрат духу» ён усё часцей і часцей намякаў мне, што гатовы ў любы момант перакінуць мяне да іх на Захад.

Аднак я не спяшаўся кляваць на яго прыманку, прапускаў міма вушэй усё сказанае ім. Знарок, зразумела. І не толькі таму, што асцерагаўся выдаць сябе. Мне яшчэ трэба было хоць збольшага пазнаёміцца з гісторыяй мясцовага антысацыялістычнага падполля. Без гэтага мне, рэзервісту, нельга было нават рухацца з месца, а не тое што пачынаць сур’ёзную гульню ў «перакананага антыкамуніста», «вернага ландскнехта» Бешчата-маладзейшага ды яго заморскіх гаспадароў і хаўруснікаў па падрыўной дзейнасці супраць ПНР і іншых краін сацыялізма.

 

Кліенты «варажбіткі» Гэлены Змачынскай

 

1

Ёсць яшчэ на Памор’і людзі, якія некалі здалёк пачціва кланяліся пані Гэлене Змачынскай. Тады яна была не зацюканай жыццём варажбіткай з рэпутацыяй адпетай авантурысткі, а паўнапраўнай утрыманкай, а затым і кампаньёнкай пана Флёрыяна Бешчата, былога каменданта польскай паліцыі, затым гаспадара піўнога бара «Атланта». Яна як агню баялася народнага ладу, але яшчэ больш трэслася ад страху, калі ў горадзе лютавалі заканспіраваныя пад грузчыкаў, рыбакоў або служачых розных гарадскіх устаноў акоўцы. «Пакуль марксістыленінцы кіруюць дзяржавай, мы, каханы Флёрыяне, людзі без будучыні, хоць і сядзім у сваёй нары пры грашах. Таму я не вельмі і на тых азвярэлых высметкаў раскашэльвалася б, што пасля розных, як яны кажуць, мокрых спраў аціраюцца ў нашым бары».— «Прыкусі язык, падла смярдзючае! — гнеўна шыпеў Бешчат-старэйшы. — Ты нават не ўяўляеш сабе, як яны мне самому надакучылі. Але іх строга рэгламентаваная панам Томчакам прысутнасць у такім шумным, як наш, бары — самы радыкальны сродак ад прафесійных крымінальнікаў. Акрамя ўсяго — маланкавая рэакцыя на небяспеку, нібы карабельныя пацукі або празарліўцы якія...»

«Празарліўцы»... Відаць, гэтае прываблівае для некаторых забабонных жанчын слова тады глыбока ўрэзалася ў нічым асабліва не перагружаную памяць кампаньёнкі Бешчата-старэйшага, калі амаль адразу ж пасля яго маральнага і матэрыяльнага банкруцтва пачала рабіць свой інтарэс на адной з глухіх ускраін Шчэціна на... варажбе. Расказваючы мне пра гэта ў гарадскім аддзяленні міліцыі, цяперашні начальнік яго Метак Жмігроцкі жартаўліва дадаў:

— Пані Гэлена, братка, усё жыццё сябе розным прайдзісветам аддавала, нават, як табе вядома, на радыёсувязі з Лонданам была. А зараз, на шостым дзесятку свайго злачыннага існавання, сама іх абірае. Мне яшчэ давялося тут яе некалькі разоў аштрафаваць. І чым больш да яе пры кожнай сустрэчы прыглядаўся, тым глыбей пераконваўся: яна хітрэйшая, чым мы думалі.

— Адкуль ты ўзяў, што Гэлене Змачынскай больш за шэсцьдзесят? Па дакументах, з якімі мяне пазнаёмілі ў Варшаве, ёй яшчэ няма і пяцідзесяці, — паправіў я Метака.

— Дык гэта ж па дакументах, — махнуў ён рукой.— А на самай справе з яе ўжо даміно сыплецца. Тым не менш сярод яе кліентаў па-ранейшаму ёсць і маладыя мужчыны. Пераважна колішнія наведвальнікі «Атланты». Праўда, нібы для больш поўнага рахунку, у параднай палавіне яе камянічкі летась нечакана пабыў і пан Бешчат-маладзейшы.

— Бешчат-маладзейшы?! Калун ты, гэта ж галоўнае! — як з аўтамата, выпаліў я.

Метака ажно перакрывіла. Ён устаў, абцягнуў на сабе мундзір, пацёр вузлаватымі пракуранымі пальцамі правай рукі адну, потым другую скронь, а левай паказаў мне на дзверы:

— Выносся, я не хачу тут бачыць цябе, казёл налібоцкі! Жыццё нічому не навучыла цябе. А яшчэ выструньваешся, казыраеш сваімі ведамі!.. Ты ж нават не пацікавіўся, чаму і я назваў твайго падапечнага Бешчатам-маладзейшым.

І праўда, я зусім не звярнуў на гэта ўвагі. Я ж сам надзяліў аднаго Бешчата «даважкам» старэйшы, другога — маладзейшы. Так яны праходзілі і па дакументах, якія, як мне гаварылі, захоўваліся пад сямю пячаткамі. Хто ж іх, гэтыя пячаткі, парушыў? Каму з нашых польскіх сяброў раптам прыспічыла падымаць на дапамогу мне яшчэ і Метака Жмігроцкага, тады ўжо падпалкоўніка польскай народнай міліцыі. Дастаткова было і таго, што я застаў яго жывым, здаровым, з пачуццём гумару на такой адказнай, па-свойму цікавай і разам з тым пякельна небяспечнай рабоце. Метак, здавалася, і не думаў аб тым, што ў тагачасным Шчэціне яшчэ аціраліся людзі, якія гадамі палявалі на яго з-за вуглоў, каб не замінаў ім жыць па няпісаных законах адміраючага злачыннага свету. З лютай нянавісцю касавурыліся на гэтага неўтаймаванага «чорта лазатага» і так званыя «ўнутраныя эмігранты» — прыструненыя пасля вайны народным ладам былыя абшарнікі, фабрыканты, банкіры, купцы, бандыты, што павылазілі з лесу. І вось яшчэ наша старая знаёмая пані Гэлена Змачынская са сваімі нейкімі не ў меру памаўзлівымі кліентамі.

— Мусіць, ты крыху перагрэўся, Метак, у сваім мулкім начальніцкім крэсле, — сказаў я, працягваючы на развітанне руку свайму сябру. — Пастарэў ты, знасіўся, як медны пятак, хоць на людзях усё яшчэ бадзёрышся, трымаешся малайцом. Я чуў, як ты тлумачыў сваім падначаленым, што антыкамуністычная ідэалогія нашымі ворагамі распрацоўваецца дыферэнцыравана з улікам асаблівасцей кожнай краіны, кожнага народа Усходняй Еўропы. Павер, гэта ўжо словы сталага дзяржаўнага чалавека...

— Ідзі ты, Ігнат, да д’ябла! — зноў узарваўся Метак. — Хіба мая сталасць не ад таго, што мы тут перажылі? Акрамя таго, вучоба ж нешта дала таксама. Мясцовая контра гэта даўно ўжо адчула, баяцца з некаторага часу перабягаць мне дарогу і кантрабандысты. Ведаюць, што я нават з завязанымі вачамі разлапушу ўсе іх маліны... Аднак не будзем адхіляцца ад тэмы, якая і мне самому даўно не давала спакою. Гэта толькі для маладых крыміналістаў ды работнікаў бяспекі заўсёды ўсё ясна.

У кабінеце было моцна накурана. Метак, запырхаўшыся ад дыму, падышоў да акна і адчыніў фортачку. Відаць, яму не першы раз даводзілася гэта рабіць, бо адразу ж прывычна прыплюшчыў вочы, развёў на ўсю шырыню свае, як відаць, яшчэ пругкія, мускулістыя рукі і з асалодай удыхнуў у сябе порцыю свежага паветра. Але не па гадах памяты цыганскі твар яго ад гэтага не пасвяжэў. Наадварот, мне стала крыху не па сабе, калі Метак раптам пажаўцеў ды зноў пачаў энергічна расціраць скроні.

— Ты б хоць меней курыў, — сказаў я.

— Э-э, мне гэта, братка, здаецца, ужо не дапаможа,— з прыкрасцю, але па-ваеннаму бадзёра адмахнуўся Метак. — Я сапраўды апошнім часам пачаў здаваць. Летась пасля адной складанай прафілактычнай акцыі супраць мясцовых падонкаў я нават мерыўся прасіць кіраўніцтва, каб зусім спісалі мяне з рахунку. Колькі ж можна жыць у вечным напружанні! Калі кожнаму смертнаму наканавана працягваць род чалавечы, дык мне ўжо і сям’ю сваю трэба было б мець. Я ўжо на сваім горкім вопыце пераканаўся, што неарганізаванае халасцяцкае жыццё — самая страшная кара для чалавека. Але, ведаеш, сустрэўся на прыстані з адным цёртым-перацёртым тыпам з нацыяналістычнага падполля, паглядзеў, як ён нахабна заступаў людзям дарогу, лаяўся з імі, і ўзяўся зноў за работу. І ты ж, калі не памыляюся, ужо і памрэш гарбаты: не паспеў дома як след аглядзецца навакол, звіць сваё гняздо, ачалавечыцца і зноў загарэўся. Думаю — не памылюся, калі скажу, што нашы сцежкі-дарожкі яшчэ не раз пераплятуцца, мажліва, нават і там, на Захадзе, калі буржуазныя найміты не ўціхамірацца.

— Ты гэта і Антосю казаў? — з’едліва перабіў я Метака. — Давай мялі, Ямеля, пакуль бандыты зноў на карак не селі. А як сядуць, дык не толькі табе, але і твайму... Антосю ўжо не будзе аб чым гадаць1. Сказаць чаму? Бо, як неданоскі якія, без аглядкі скакалі і скачам у пацёмкі.

— А пры чым тут Антось? З некаторага часу я, братка, і сам з вусамі. Так, без аглядкі, зараз ужо нікуды скакаць не збіраюся!.. На ўсялякі выпадак улічы гэта, бо я магу сапраўды на цябе пакрыўдзіцца.

Колькі раз я няшчадна праклінаў сам сябе за нажытыя ў лесе мядзведжыя звычкі. У жыцці ўсё мяняецца, і людзі таксама. Аказваецца, Метак праз мяне адмовіўся ад паездкі ў Карлавы Вары на лячэнне. На жаль, я даведаўся пра гэта толькі пасля таго, як ён выматаўся дарэшты, ствараючы мне зносныя ўмовы для «службовай вагаруўкі» — пустога баўлення часу ў Шчэціне і яго прыгарадах, дзе жыло многа польскіх перасяленцаў з Беларусі. Шчэцін, як і некаторыя іншыя прыморскія гарады, быў тады моцна наэлектрызаваны антыўрадавымі выхадкамі розных «неарэфарматараў» (Метак называў іх польскімі фашыстамі). Ігнараваць іх патугі скампраметаваць народную ўладу маглі толькі згоднікі і баязліўцы. Сярод Метакавых падначаленых, у чым я ў тыя нялёгкія для польскіх марксістаў-ленінцаў дні сам пераканаўся, такіх вахлакоў не было. Не збочыў з правільнай дарогі і сам Метак, хоць ачунялыя ашчаропкі старога панскага ладу і іх азвярэлыя атожылкі пагражалі яму расправай.

Пані Гэлена Змачынская адышла на другі план. Па настойлівай просьбе Метака ёю заняліся супрацоўнікі паморскай службы бяспекі. Некаторых найбольш небяспечных яе кліентаў узяў на сябе крымінальны вышук. Дзіўна, але факт: сярод новых знаёмых гэтай «варажбіткі» аціраліся і беларусы. У большасці сваёй гэта былі колішнія нямецкія старасты, паліцаі, недабіткі нацыяналістычнай Беларускай краёвай абароны (БКА). Усе яны, само сабой зразумела, выдавалі сябе за палякаў, рэгулярна прымалі святое прычасце ў касцёлах, хоць, як правіла, былі праваслаўнымі або уніятамі.

Расказваючы пра гэтых псеўдаперасяленцаў, Метак Жмігроцкі не раз хваляваўся, як набожны «брат міласердзя» з хрыстовага воінства езуітаў або бенадыкцянаў. У некаторых жа з іх былі дзеці. Гэта і бянтэжыла звычайна суровага і непадкупнага падпалкоўніка польскай народнай міліцыі. Сам жа некалі, трапіўшы ў асяроддзе разбэшчаных панскімі парадкамі лясных трагладзітаў, наглытаўся ўдосталь антысаветчыны.

— Дзеці... Іх ратаваць, братка, трэба, ратаваць ад нядбайных азвярэлых бацькоў!

Пасля аднаго з такіх шчырых прызнанняў Метак доўга хадзіў на работу ў падаўленым стане. Потым яго раптам зусім не стала. Нейкая пажылая, кашчавая асоба жаночага полу з асабняка, дзе ў Метака была асобная двухпакаёвая кватэра за колькі зялёненькіх, мне паціху шапнула, што «пан падпалкоўнік», па яе назіраннях, даўно загадаў доўга жыць сваім падначаленым. Яна сваімі вачамі бачыла, як два «дзябёлыя дрыблясы» — дзецюкі ў белым цягнулі яго пад рукі ў машыну «хуткай дапамогі». Маглі б, канечне, палажыць і на насілкі гэтага няшчаснага бедака, ды, мусіць, ён ужо быў мёртвы.

О, гэтыя старыя кашчавыя паморскія... выдумшчыцы! Па-мойму, гэта калі не сёмае, дык не далей як дзевятае або дзесятае дзіва свету. Лепш з простымі ды няхітрымі жанчынамі гэтага суровага прыморскага краю страціць, чым з імі знайсці. Для мяне гэта ўжо стала аксіёмай. На Метакавай рабоце мне сказалі, што ніякіх «дзябёлых дрыблясаў» у белым не было, ніхто «пана падпалкоўніка» пад рукі не цягнуў у машыну «хуткай дапамогі», бо яго проста не было ў горадзе. Больш таго, ён асабіста затрымаў тую старую зводніцу. Ёю аказалася... Гэлена Змачынская, якая апошнім часам, як сказаў адзін аператыўнік, блыталася ў яго пад нагамі.

Але ж і я нішто сабе хлюст, мог, павінен быў, але не пазнаў яе, сардэчную. За руку выцягнуў з цёмнага кутка ў пад’ездзе, ва ўсе вочы, як кажуць, глядзеў у яе нібы выструганы з перасушанага патрэсканага дрэва амаль зусім нерухомы твар, чуў некалі знаёмае мне, прыкметна сапсаванае нечым, але яшчэ даволі зычнае сапрана — і не пазнаў! Як быццам яна сапраўды цалкам перамянілася, стала непазнавальнай. Штосьці за гэтым было, а што — адразу зразумець я не мог. А Метак, вярнуўшыся на работу, толькі загадкава пасмейваўся з мяне.

Аднойчы я сабраўся з ім ехаць за горад, але пачаўся дождж, і мы рашылі застацца дома — я ў гасцініцы, непадалёк ад прыстані, а Метак у сябе, на сваёй гарадской кватэры. Ноч ён правёў без сну, кіраваў нейкай аперацыяй па прадухіленню арганізаваных рэакцыяй палітычных дэманстрацый супраць народнага ладу, таму нават не распранаючыся паваліўся на старую расхістаную канапу. Паваліўся і адразу ж падняўся — яна была абліта нейкай ліпучай цёмна-бурай вадкасцю. Гэта была чалавечая кроў. Пакуль Метак са сваімі арламі прачэсваў растрывожаны горад, на яго асірацелай халасцяцкай кватэры разыгралася нейкая чалавечая драма. Аб гэтым, як потым пісаў у сваім рапарце Метак, сведчыла і тое, што ў кватэры быў вялікі беспарадак. Потым крыміналісты яшчэ знайшлі ў прыхожай каля трумо элегантны ручны сакваяжык тыпу «дыпламат» і акрываўленую мужчынскую насоўку.

Усё гэта можна было б неяк растлумачыць, спісаць на якую-небудзь фатальную выпадковасць або нават на наўмысную правакацыю, падстроеную Метаку яго асабістымі ворагамі. У «дыпламаце» былі паперы на нейкага Здзіслава Куніцкага, эмігранта, грамадзяніна ФРГ. Крыміналісты адразу ж узялі гэта на заметку. А Метак, утаропіўшыся на фатаграфію гэтага тыпа, папрасіў, каб яго пакуль што ніхто не трывожыў. Калі ж крыміналісты выйшлі, ён зараз жа пазваніў у дзяржаўную бяспеку.

А праз якія пяць-шэсць дзён тая ж мая састарэлая знаёмая незнаёмка сама перапыніла мяне каля яхт-клуба і, зладарна ўсміхнуўшыся, працягнула мне руку:

— Пазалаці, пане Лагода! Грошы мне неўзабаве ой як будуць патрэбны. Навошта? Вам на перадачы, пане, на пе-ра-да-чы...

— Не будзем гаварыць пра перадачы, пані Змачынская, — суха заўважыў я. — Мы можам і не прыняць іх. А ў парычку ды грыме вас могуць і пераблытаць з якой-небудзь разбэшчанай састарэлай вулічніцай. Пра вашу шчодра аплачаную нейкімі падонкамі варажбіцкую дзейнасць я ўжо не гавару. За яе вам могуць засланіць кратамі свет гадоў на дваццаць. І знаеце, хто мне пра гэта сказаў?

— Хто? Я вас слухаю, пане Лагода. Вы чуеце? Я вас слухаю, — Змачынская перастала іграць ролю састарэлай варажбіткі. Яна, гэтая роля, яўна не падыходзіла ёй, няхай і немаладой, але яшчэ даволі рухавай і імпульсіўнай жанчыне. Парыка яна, канечне ж, не зняла, твару ад густога пласту пудры ды розных мазілак не абцерла, але, рэзка выпрастаўшыся ў плячах, ужо не спускала з мяне напышліва зацікаўленага позірку і гэтым самым як бы адкрыта дала мне зразумець, што пастараецца менш дурыцца. Не скажу, што я гэта прадбачыў. Наадварот, мне здавался — Змачынская спахопіцца, што без асаблівай патрэбы выдала сябе, скажа на развітанне яшчэ пару калючых слоў і хуценька пашкандыбае ў сваю аблезлую камяніцу. Яе ж песня ўжо даўно была спета, гаварыў Метак. Аднак чагосьці і ён не ўлічыў і ў нечым, можа, нават самым галоўным, не дайшоў да скрэсу. Спісаная ім на сметнік бяззубая паморская ваўчыца не ўпускала ні адной магчымасці, каб прадоўжыць сваё агіднае існаванне

— Ну, дык чаго ж ты маўчыш, пан Лагода? — не адставала Змачынская ад мяне. У яе напышліва зацікаўленым позірку ўжо быў і жывёльны страх. — Думаеш, я сапраўды старая, бездапаможная дармаедка? Пан яшчэ быў салакай, неабчэсаным вясковым цурбаном, калі я... Бачыш, о, на нас ужо ўсе прахожыя звяртаюць увагу. Некаторыя з іх, напэўна, ужо нутром адчулі, што мы з панам агонь і вада, але яшчэ не рашыліся аддаць у рукі бяспецы... Закончым нашу мілую сустрэчу ў рэстаране — я запрашаю!

«З такім пудзілам — у рэстаран?!» — зжахнуўся я, утаропіўшыся на сваю прыліплівую, як п’яўка, субяседніцу, хацеў адпіхнуць яе да д'ябла ад сябе як нікчэмнае стварэнне, але ў апошні момант на мяне найшоў нейкі, калі так можна сказаць, алімпійскі спакой. Я нават перастаў збянтэжана азірацца па баках, прыгнуўся, элегантна падчапіў Змачынскую пад руку і расплыўся ў шырокай усмешцы.

— Пан ужо прыняў якоесьці рашэнне? — недаверліва ўстрапянулася яна.

— Прыняў! Я — увесь да вашых паслуг. Але выдаткі я вазьму на сябе. Інакш мы больш з вамі, пані

Гэлена, ужо ніколі не сустрэнемся...

— Добра, я згодна, — пачулася ў адказ, і праз якія пятнаццаць — дваццаць хвілін мы ўжо сядзелі за невялікім зручным столікам у недарагім рэстаране.

 

1 Гадаць – гаварыць (польск.).

2

Яшчэ не было такога выпадку, каб Метак Жмігроцкі, падпалкоўнік польскай народнай міліцыі, без крайняй патрэбы пусціў у ход агнястрэльную зброю.

Але тыя, каму карцела зжыць яго са свету, ведалі, што выкідваць на яго шляху розныя фартэлі — справа небяспечная. Ён, як загавораны, бясстрашна лез пад бандыцкія кулі. Нават калі меў справу з дасведчанымі дыверсантамі ці кантрабандыстамі. І падстрахоўвалі яго, як правіла, людзі рашучыя, мужныя. Думаю — менавіта гэтым і тлумачыўся той факт, што сярод простага люду ён быў сваім чалавекам, не панам Мечаславам Жмігроцкім, а Метакам, шырокая шчырая душа якога была заўсёды, як ён не раз мне тады гаварыў, да паслуг тым, хто нарадзіўся лётаць. Ён хваляваўся, як мурзаты падростак, калі даводзілася мець справу з ветэранамі антыфашысцкага руху, былымі вязнямі гітлераўскіх канцлагераў, здаровай у ідэйных адносінах рабочай і студэнцкай моладдзю. А ў тым, «штармавым» пяцьдзесят шостым, годзе Метак, праўду кажучы, яшчэ і баяўся за такіх гараджан. Трэба было быць сляпым і глухім, каб не паклапаціцца аб надзейнай ахове горада ад варожых прошукаў мясцовай рэакцыі. І Метак, як звычайна, шмат у чым апярэдзіў яе. Але ў лістападзе 1956 года яго нечакана... адхілілі ад работы, а 19 сакавіка 1957 года разам з групай падначаленых наогул звольнілі з міліцыі за тое, што нібыта перавысіў уладу.

Адным словам, нехта на высокім узлёце падсек майго выпрабаванага ў баях з рэакцыяй, вернага польскага сябра. Падсек так, што мне, а затым і Антосю Малочку давялося нямала патраціць часу і здароўя, каб вярнуць, тады ўжо зусім хвораму, зняверанаму правакатарамі, Метаку яго добрае імя.

Мне, як пачынаючаму журналісту, занятаму сваімі прафесійнымі справамі, афіцыйна нічога не ўдалося зрабіць для Метака. А па неафіцыйных каналах давялося падняць усіх, хто яго ведаў у нас з самага маленства. У большасці сваёй гэта былі камсамольцы ваенных і першых пасляваенных гадоў. Яны і далі бой ворагам Метака, якія даказвалі на судзе, быццам ён быў глыбока заканспіраваным шкоднікам, ворагам польскага народа.

Потым, калі ў мяне будзе крыху больш часу, я сістэматызую свае нататкі аб гэтай правакацыі. А зараз, праўду кажучы, мне самому яшчэ не ўсё ясна.

...Пані Гэлена Змачынская на папярэднім следстве пляла нешта несусветнае не толькі пра Метака але і пра мяне. Так, гэта не выдумка, а самая звычайная праўда тых змрочных дзён. Пані Змачынская як бы выцягнула яе з прапахлага нафталінам санацыйнага падполля, дзе ўсё шыта белымі ніткамі. На думку Змачынскай, я нестары, ды ранні камбінатар, шантажыст, мог вытрасці з добра вядомага ёй пана Метака Жмігроцкага душу за яе падчарыцу Стасю Бешчат-Калюжную, дачку былога гаспадара «Атланты» Флёрыяна Бешчата. Божа, які гэта быў высакародны і чысты чалавек! А яго дачка Стася... Адным словам, Метак, не падумаўшы, сарваў яе з пасады эканаміста ў Навагрудку і пры жывым мужу запрапанаваў разам перабрацца на Захад. Сама пані Гэлена, вядома ж, даведалася пра гэту подласць ад Бешчатавага брата, які прыязджаў да яе ў Шчэцін па сваю долю спадчыны, адпісанай яму Флёрыянам. Што ж тычылася мяне, дык я мог і ад Метакавай сястры Дануты, якая засталася ў Саветах, даведацца пра ўсё. На сваю бяду, канечне, бо «спаў і бачыў Стасю гаспадыняй свайго хутара ў тым жа Навагрудскім раёне». А наведаўшыся ў Шчэцін, пераканаўся, што не бываць гэтаму. Таму, маўляў, і каля Метакавай кватэры, як ачмурэлы, некалькі дзён запар вярцеўся. Пані Гэлена сама бачыла гэта. Больш таго, яна нават некалькі зялёненькіх дзеля спартыўнай цікавасці з мяне садрала за розныя небыліцы пра пана Жмігроцкага. Яму гэта не пашкодзіла, а яна ад няма чаго рабіць тады крыху пазабаўлялася...

Я сядзеў у суседнім пакоі і чуў усё гэта. Як гэта магло здарыцца? Антось Малочка пастараўся. Ён засек нас у рэстаране на адной з ціхіх вуліц горада. Гэта быў тыповы шчэцінскі вінны бедаламчык, якіх там даволі багата, асабліва ў прыморскай частцы горада. Пасля другой ці трэцяй чаркі нашай савецкай гарэлкі Змачынская прыкінулася злёгку адурманенай, пачала крыўляцца, калі ж я не клюнуў на гэту правакацыю — адпрасілася на колькі хвілін нібыта камусьці пазваніць па тэлефоне і вярнулася да століка без парыка і грыму. Калі б я не ведаў, з кім маю справу, можна было б сказаць, што гэта сціплая, мілая жанчына, з якіх некалі фламандскія мастакі малявалі набожных свецкіх матрон. Не хапала толькі, каб яна зрабіла губкі банцікам ды раскрыла абдымкі: маўляў, прыхініся да мяне хоць дзеля красы... Жывёльнага страху ў яе позірку як не было. Фанабэрыстасці — таксама. Адчувалася:

усё гэта давалася нялёгка.

— Вы на самай справе дзіўная жанчына, пані Гэлена, — сказаў я, падняўшыся з-за століка. — Можа, патанцуем?

Яна насмешліва прыжмурыла вочы:

— Пан гэта сур’ёзна? Не будзем траціць часу на кампліменты. Для шмат каго ў Шчэціне і яго задрыпаных прыгарадах я — генератар розных чутак ды плётак. Не памылюся, калі скажу, што і пан у думках прышпіліў мне якую-небудзь злую мянушку. І гэта натуральна. Чаму? Таму што лепш пра мяне думаць ты не можаш. Нават каб, як некалі стары прыдуркаваты Бешчат, з’еў са мной не адзін пуд солі. Я ж не жыла, а помсціла вам усім, старалася быць такою. А зараз... закажы, калі ласка, мне двайную порцыю кавы. І асабліва не задавайся. Клянуся вось гэтымі рызманамі,— Змачынская вачамі паказала на сваё адзенне, — я табе яшчэ нічога не сказала. І не скажу, пакуль не даведаюся, чаму пан распытваўся ў мяне пра Жмігроцкага. Вы ж некалі былі неразлучнымі сябрамі.

— Былі! — панура згадзіўся я і заскрыгатаў зубамі, не вельмі ўпэўнены ўжо, што перахітрую такую спрактыкаваную падкалодніцу. Маральныя тармазы ў яе амаль усё жыццё буксавалі на адмеціне: «асабліва не высоўвайся». А мяне жыццё навучыла даражыць кожнай хвілінай і, як кажуць, каваць жалеза, пакуль гарачае. Толькі не з-за пляча, зразумела, а з папярэдняй разметкай, як некалі любіў гаварыць мой класны кіраўнік у сярэдняй школе. Каб не ён, дык мяне, мажліва, ужо і не было б на свеце. Прайшло нямала гадоў пасля маёй апошняй сустрэчы з ім у Навагрудку, а галоўнае памятаецца — ва ўсіх сітуацыях трэба перш за ўсё быць чалавекам. На ўсялякі выпадак намякнуў пра гэта сваёй, як мне тады здавалася, напятай, як струна, субяседніцы.

— Вакзал, а не чалавек! — кпліва хмыкнула пані Гэлена. — Каб я была маладзейшая — на золаце і серабры насіла б табе ў пасцель прысмакі. У тваёй душы, пане Лагода, для кожнай жывой істоты месца знайшлося б, каб людзі змалку рук не выкручвалі. Я бачыла, як ты не на ўсю нагу, а толькі на пальчыках таптаўся каля асабняка былога каменданта нашай міліцыі...

— Чаму былога, пані Гэлена? — ледзь стрымліваючы хваляванне, спытаў я. — Яго ўжо прыкончылі?..

— Горш, знайшлі прыкрыя недакладнасці ў яго дасье першых пасляваенных гадоў,— удакладніла Змачынская. — Муж Дануты, сястры гэтага нягодніка, былы беларускі партызан пан Моніч ужо зрабіў адпаведную заяву адносна Метака. Не тут, а ў Навагрудку, пасля таго як яго арыштавалі.

Прынеслі каву. Змачынская колькі разоў нервова прыгубіла яе, потым рашуча адставіла на сярэдзіну століка і пацягнулася па бутэльку з недапітай намі гарэлкай.

— Пан чуў, што я сказала?

Я ўзяў бутэльку і напоўніў ёй чарку.

— Чуў, — сказаў як мага больш спакойна. — Слых у мяне, дзякуй богу, адмысловы. Але наконт пана Моніча ў мяне ёсць сваё меркаванне. Тут мяне ніякія выдумкі пра яго не саб’юць з панталыку.

— Цікава, — пані Змачынская і гарэлку адставіла на сярэдзіну століка. — Што ж ён з сябе ўяўляе?

Можа, гэта які правакатар?

— Вас дрэнна праінфармавалі, пані Гэлена. Пан Моніч, як і ўсе мы, канечне, не анёл. Але гэта і не звер, а перакананы чалавекалюб. Як жа пасля ўсяго гэтага ён мог кінуць цень на брата сваёй жонкі Дануты? Хаця, ліха яго ведае, у наш звар’яцелы век усё магчыма.

— Нарэшце пан выціснуў з сябе разумныя словы! — падбіла бабка Змачынская. — У наш век сапраўды ўсё можа здарыцца. Вось мая візітная картка. У Шчэціне гэта ліпа, а ў Варшаве — ключ ад маіх сталічных апартаментаў. Толькі барані цябе божа, пане Лагода, прывесці туды «хвост»!

— Вас правесці?

— Не трэба! — рэзка адказала яна. — Мяне тут усе ведаюць. Ты без пары «засвеціш» сябе — і песенька твая, мілы, назаўжды абарвецца.

Пасля гэтых слоў Змачынская ўстала, абцягнула на сабе штосьці сапраўды падобнае на рызманы, пакасілася на суседнія столікі, за якімі мірна бавілі час нейкія маладыя людзі, і цвёрдым крокам накіравалася да выхаду.

На вуліцах ужо заблішчалі ліхтары, вакол якіх, нібы ачмурэлыя, таўклі макуху камары, калі мне пашэнціла ўзяць таксі і вярнуцца ў гасцініцу. Там мяне ўжо чакаў пануры, як ноч, Антось Малочка.

— З’явіўся не запыліўся, — усхвалявана забурчаў я, распранаючыся. — Дзе ж ты, рыжае пудзіла, гэтак доўга бадзяўся? Наводзіў у Вільнюсе даведкі пра айца Збыха? Айцец Збых, ён жа Андрэй Касмовіч і Здзіслаў Куніцкі, ужо тут, у Шчэціне, і нават паспеў наслядзіць на Метакавай кватэры.

— Ведаю, можаш не траціць лішніх слоў на гэтага святога пярэваратня, — адмахнуўся ад мяне Антось. Адмахнуўся, як ад назойлівага авадня або якога бадзягі. Мы з ім столькі часу не бачыліся, у абодвух было што ўспомніць, аб чым пагаварыць, а, сустрэўшыся, перамолвалі абрыдлую будзёншчыну, замест таго каб, як належала блізкім сваякам, абняцца ды па-мужчынску моцна расцалаваць адзін аднаго. Відаць, прыблізна так падумалася і Антосю, бо, дакурыўшы цыгарэту і старанна пагасіўшы яе ў папяльнічцы, ён па-ваеннаму выструніўся каля стала на ўвесь свой магутны рост, ледзь не ўпершыся галавой у столь, і шырока распасцёр рукі:

— Ігнат, дарагі, як нам з Метакам цябе тут не хапала!..

 

3

Польшча — краіна, дзе вельмі любяць крыху адпачыць, расслабіцца пасля напружанага працоўнага дня за куфлем піва або шклянкай гарбаты — чаю ў шматлікіх піўных ды малочных барах, небагатых, вечна патанаючых у паўзмроку і тытунёвым дыме рэстаранах. Культ «шэрай гадзіны» ў шмат якіх гарадах і мястэчках стаў як бы сімвалам адраджэння добрых старых традыцый, сведчаннем бязбеднага побыту і ўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. Шматпакутлівая «Зямля пястаў», так нашы польскія сябры часта называюць сваю краіну за якія дзесяць-дванаццаць гадоў, пры шчодрай дапамозе працоўных іншых сацыялістычных краін і асабліва Савецкага Саюза, ажыла паднялася з пакінутых фашыстамі руін і, што самае галоўнае, заняла сваё законнае месца ў Арганізацыі Аб' яднаных Нацый як вольная ад якога б там ні было капіталістычнага засілля суверэнная дзяржава. І гэта натуральна Народжаныя народнай уладай, шчырыя будаўнікі новага жыцця не маглі не будаваць. Нават калі шмат дзе яшчэ не было належнага парадку і рэакцыя выкарыстоўвала гэта ў сваіх шкурных інтарэсах. Час, як зараз прызнаюць нават на буржуазным Захадзе, няспынна працаваў на тых, хто, як і мы, беларусы, вырваўся з-пад улады гітлераўскіх акупантаў і сваёй буржуазіі, стаў «людзьмі звацца». Як у цэнтральных ваяводствах краіны, так і на ўскраінах усё мянялася на вачах. Па сутнасці, гэта была адна суцэльная будоўля, арэна бурнай разбудовы амаль поўнасцю адноўленых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, пабудовы і пуску ў дзеянне многіх тысяч фабрык, заводаў, прамысловых прадпрыемстваў.

Не выпадкова ў свой час польскае контррэвалюцыйнае падполле шалела ад лютай нянавісці да народнага ладу. Пасля аб’яўленай урадам ПНР амністыі для шмат якіх былых панскіх вайскоўцаў і радавых жалнераў так званай Арміі збавення — Арміі Краёвай (АК) у краіне запанаваў яшчэ большы энтузіязм. Уцягнуць каго-небудзь назад у банду было проста немагчыма. У падполлі засталіся толькі адпетыя палітычныя злачынцы. Дзе нельга было пусціць у ход агнястрэльную зброю ці тол, там яны дзейнічалі сваімі паганымі языкамі, злавеснымі байкамі-нагаворамі тужыліся прынізіць дасягненні сацыялістычнай Польшчы.

Сімптаматычна, што ўжо тады, у памятныя для нашых польскіх сяброў бурныя пяцідзесятыя гады, рэакцыя пачала нацкоўваць падкіх на розныя сенсацыі легкавераў, пераважна дробных уласнікаў, мяшчан, няўстойлівую студэнцкую моладзь супраць Савецкага Саюза, які нібыта паступова прыбіраў у Польшчы да рук усе багацці. Таму, маўляў, не хапала тавараў шырокага ўжытку і краіна цалкам залежала ад чужых, пераважна амерыканскіх, англійскіх ды французскіх капіталаў.

Гэтая, здавалася б, бяскрыўдная хлусня шмат дзе давала ядавітыя ўсходы. Абывацель паверыў правакатарам, сыпаў громы і маланкі па адрасах прадстаўнікоў народнага ладу, якія, маўляў, распісаліся ў сваёй бездапаможнасці, давялі краіну да такога непрыгляднага стану. І называлі іх тады не інакш як «тупалобымі цемнякамі».

Аб гэтым можна было б і не гаварыць. Але я дрэнны дыпламат, ніколі не прыгладжваў і не збіраюся прыгладжваць вострыя вуглы, разбаўляць салодкай патакай свае нататкі пра жыццё сваіх братоў-палякаў. Тым больш што тады і мне даставалася ад іх звар’яцелых на антыкамунізме суайчыннікаў. Нават некаторыя мае калегі па пяру, журналісты, пісьменнікі, асабліва яшчэ неабстрэленая моладзь, часам нядобрымі вачамі прыглядаліся да мяне. Асабліва пасля таго як я выступіў у адной з іх газет з «гасцявым» артыкулам пра спрадвечную дружбу беларускага і польскага народаў, пра іх сумесную барацьбу супраць царызму і польскіх феадалаў, а затым і з фашысцкімі акупантамі. Фашыстамі назваў я і польскіх фалангістаў, якія ў дні другой сусветнай вайны не грэбавалі прыработкамі і ў нямецкіх акупантаў. Ваяўнічыя недабіткі іх, пісаў я, спяць і бачаць Савецкі Саюз выпаленым амерыканскім напалмам ажно да Урала. Шчыра, ад душы я колькі слоў сказаў і пра тое, што мне было вядома і пра польскія капіталы.

Мне здавалася, што гэта абавязкова трэба было зрабіць, даць чытачам газеты тэму для размоў у «шэрую гадзіну». Слова ж з песні, як кажуць, не выкінеш. Выратаваная Савецкай Арміяй і салдатамі Войска Польскага ад поўнага знішчэння ў фашысцкай няволі Польшча падымалася з попелу без залатых запасаў. Пілсудчыкі вывезлі іх у 1939 годзе на ваенна-транспартных самалётах англійскіх ВПС у Лондан і за гады другой сусветнай вайны растранжырылі іх там. Ураду Польскай Народнай Рэспублікі давялося ўсё, як гаворыцца, пачынаць з нуля. Але, нягледзячы на страшэнныя цяжкасці, ён пачаў адбудову краіны на пазычаныя грошы ў сваіх суседзяў. Я не ўдакладняў, у каго, з надзеяй, што гэта зробяць мае польскія калегі. Сярод іх былі і ёсць сумленныя, разумныя і аб’ектыўныя летапісцы гісторыі свайго народа, якія ведаюць, што без уласных залатых запасаў, без дэвіз-валюты, як пажартаваў аднойчы Метак Жмігроцкі, і дзядзька Сэм хадзіў бы разуты. Каму, як не журналістам ды пісьменнікам, па меры сваіх творчых магчымасцей растлумачваць такія рэчы народу. Але вядома таксама, што і «гавэнды» — гутаркі на эканамічныя тэмы — не выратуюць становішча, калі яны напісаны без душы, без сур’ёзнай думкі, без эмацыянальнага напалу. А яго, гэтага эмацыянальнага напалу, часцей за ўсё і не хапала ў такіх публікацыях.

А буржуазная прапаганда тым часам, як кажуць, брала за жывое абывацеля, падкідвала яму новыя тэмы для перашэптаў у піўных барах ды рэстаранах, не кажучы ўжо пра спантанныя ціхія зборышчы каля шматлікіх у гэтай краіне касцёлаў. А сярод абывацеляў былі і рабочыя. І тыя, каму карцела адурманіць іх сваімі антысавецкімі байкамі, адкрыта рабілі гэта.

...Скончылася набажэнства ў адным з касцёлаў Варшавы. Веруючыя высыпалі на прасторную, добра радыёфікаваную плошчу перад ім і пачалі выстройвацца ў дзве шарэнгі. З касцёла знарок запаволеным крокам выйшаў увесь набожна напружаны, урачысты яго праасвяшчэнства кардынал Стэфан Вышынскі, кумір наэлектрызаванай яго казаннямі гарадской паствы. Сотні непакрытых галоў аддзяляюць яго ад мяне. Усе яны замерлі, чакалі, што ім святы апцец скажа на развітанне. Але ён, мабыць, яшчэ не ачомаўся пасля некаторых жыццёвых непаладкаў, звязаных з яго папярэдняй, не вельмі лаяльнай у адносінах да народнага ладу, пастырскай дзейнасцю, толькі засмучана, як потым пісалі каталіцкія газеты, благаславіў натоўп і паволі пачаў спускацца па сходках на плошчу, схіляючы сваю прыгожую, перасыпаную сівізной галаву ў бок то адной, то другой шарэнгі. Тое ж самае рабілі і яго касцельныя саратнікі ў парадным культавым адзенні. У адрозненне ад іх ён толькі быў самы худы, самы змардаваны, самы заклапочаны. Чым? Ясна, што лёсам нібыта спаняверанага камуністамі краю і дзяцей божых, гэта значыць усіх веруючых і няверуючых палякаў. Сам кардынал Вышынскі не сказаў пра гэта ні слова. Навошта даваць зачэпку дэхрысціянізатарам для новых нападак на духавенства? Але ўвесь яго знешні выгляд, у чым я тады пераканаўся асабіста, гаварыў менавіта аб гэтым. Інакш навошта ж яму было пудрыцца, падводзіць сінькай кругі пад вачамі? У касцёле, мусіць, было вельмі душна, яго праасвяшчэнства там спацеў — і ўся яго хітрая касметыка страціла сваю нябесную чысціню, расплылася на твары, як у запаранай шансанеткі.

Але справа ўжо была зроблена. Непакрытыя галовы перадавалі паціху адна адной, што святы айцец жадае ўсім веруючым... поўнай духоўнай змычкі з касцёлам, хрысціянскага цярпення і вытрымкі. І асабліва павінна была памятаць аб гэтым моладзь, студэнцкая і рабочая, таму што і для яе слова божае павінна быць вышэй за ўсё. Народная ўлада нібыта і не існавала ў краіне. Вышынскі, як вядома, адкрыта не ігнараваў яе, але і не надта лічыўся з яе законамі. Таму і карысці ад яго «патрыятычнай» прапаведніцкай дзейнасці было як ад казла малака.

Усім вядома, што жыццё — рух і заўсёды ёсць вядомая супярэчнасць паміж рэальнасцю і ідэалам, існым і належным. Паразітуючы на спрадвечнай веры сваёй каталіцкай паствы ў бога, тагачасныя іерархі Польскага епіскапата амаль усё існае ставілі пад сумненне, балазе афіцыяльныя ўлады, занятыя пасля змены кіраўніцтва больш пільнымі справамі, не здолелі адпаведным чынам рэагаваць на гэта.

Помню, як адзін ксёндз, праходзячы міма групы маладых разявак (веруючыя ветліва кланяліся б яму), прывычным жэстам перахрысціў іх і, нават не пацікавіўшыся, хто яны, строга сказаў:

— Усё ў божых руках, дзеці мае! Думаю — у наступную нядзелю я вас убачу ў касцёле. Пажадана без гітары і з прыстойнымі прычоскамі...

Я думаў, што маладыя людзі, а былі гэта, як пазней высветлілася, студэнты Варшаўскага універсітэта, нагадаюць святому айцу, як трэба паводзіць сябе ў сацыялістычнай дзяржаве, дзе можна і не хадзіць у касцёлы. Але... верх узяла спрадвечная павага да ксяндзоў, боязь сказаць ім што-небудзь наперакор, хоць сярод амаль васямнаццаці тысяч каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, раскватараваных Ватыканам у ПНР, былі нават і ваенныя злачынцы. Юнакі збянтэжана пераглянуліся, далі ксяндзу дарогу, а потым і самі моўчкі пакінулі плошчу.

Паўтараю: гэта былі студэнты, якія ў тыя ж дні ў грамадскіх месцах паказалі сябе не з лепшага боку, дамагаліся перабудовы народнага ладу.

А што гаварыць пра маладых ды часам яшчэ і набожных рабочых? Агульную мову можна было знайсці з імі толькі пасля маруднай растлумачальнай работы. Так гаварыў мне Метак, так гаварылі многія іншыя прадстаўнікі народнага ладу. Ды пасля вучобы ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце я ўжо і сам сёе-тое цяміў. Але вельмі часта бывала і так, што бязрадна разводзіў рукамі. Я маю на ўвазе тую частку польскай моладзі, якая ў дзіцячым і школьным узросце амаль поўнасцю абяскрылена духавенствам. Асабліва цяжка да чаго-небудзь дагаварыцца з выпускнікамі кляшторных прафесійных школ і вучылішчаў (у ПНР ёсць і такія, з дазволу сказаць, кузні рабочых кадраў), якія мала што ведалі аб народным ладзе, жылі і жывуць па святцах тых кляштараў, у якія яны вывучыліся таму ці іншаму рамяству. Я ненашмат згушчу фарбы, калі скажу, што нават светлым сонечным днём вакол гэтай рабочай моладзі было цёмна.

Не ведаю чаму, але мяне гэта заўсёды трывожыла і трывожыць. Быў час, калі і я, грэшны, з набожнай пашанай глядзеў на свяшчэннаслужыцеляў, незалежна ад таго, ад імя якой царквы або секты яны выступалі. Нават калі дарослыя часам і лаялі іх. У царкве я калаціўся ад захаплення, слухаючы, як нашы сяляне і сялянкі, у тым ліку і моладзь, так хораша спявалі хорам. Не чужымі для мяне былі і тыя землякі і зямлячкі, што ў святочныя дні бавілі час — маліліся там толькі пераважна бабулькі — у касцёлах. Тым больш што мая маці — прававерная каталічка, і яна ўсяляк намагалася прывучыць мяне да касцельных парадкаў. А скончылася гэта тым, што я сам не раз чуў і да гэтага часу памятаю, як некаторыя паважаныя мной калісьці свяшчэннаслужыцелі пад урачыстае харавое спяванне ды арганную музыку перад кожным набажэнствам подла блюзнерылі аддавалі анафеме беларускіх і польскіх антыфашыстаў, аб’яўленых гітлераўцамі па-за законам савецкіх партызан.

Жывым доказам гэтага стаў і айцец Збых, ён жа Здзіслаў Куніцкі, ліпавы польскі эмігрант, сапраўднае прозвішча якога Касмовіч. І называецца ён не Збых і не Здзіслаў, а Андрэй. Дзе ён толькі, гэты святы слуга божы Збых-Куніцкі-Касмовіч, не наслядзіў, адрабляючы найміцкі хлеб спачатку ў гітлераўцаў, а затым у англа-амерыканцаў! Нават сярод сваіх хаўруснікаў па здрадзе ён, мусіць, адчуваў сябе асуджаным на бязрадасную адзіноту. Метак Жмігроцкі, які некалькі разоў па даручэнню свайго колішняга бандыцкага шэфа Томчака сустракаўся з ксяндзом Касмовічам на Вілейшчыне, а затым і на Гродзеншчыне, у ваколіцах Чорнай Ганьчы, ведае, што ён быў капеланам лютай кулацкай банды «Марыся», дзе з крыжам, а дзе і з аўтаматам вяршыў суд над мясцовымі камуністамі і камсамольцамі, актывістамі савецкага ладу. Толькі па нейкай невытлумачальнай выпадковасці гэты, як Метак кажа, касцельны мяснік выкруціўся ад канаплянай пятлі народных мсціўцаў. «Ардынарац» пана Томчака, вяртаючыся ў Налібокі, сустрэўся ў Слоніме з добра знаёмым яму прадстаўніком польскага антыфашысцкага падполля і расказаў, дзе трэба было шукаць здэмаралізаваную п’янкамі і разбоем банду Касмовіча.

З таго часу прайшло каля дванаццаці гадоў, як ксёндз Касмовіч зноў папаўся на вочы Метаку. І не дзе-небудзь за глухой сцяной ад занятых мірнай працай грамадзян ПНР, а ў інтэрнаце рабочых аднаго прамысловага прадпрыемства горада. На той раз гэта быў ужо спрактыкаваны канспіратар, ён нават і вухам не павёў у бок Метака, хоць да канца сустрэчы рук ужо не выпускаў з кішэняў, дзе ў яго, напэўна, штосьці было далёкае ад касцельнага рэквізіту.

— Што вы тут робіце? — спытаў Метак, павярнуўшыся да яго. — Тлумачылі маладым рабочым катэхізіс?

— Тлумачу! — злавесна працадзіў скрозь зубы Касмовіч. — Канстытуцыяй Народнай Польшчы гэта не забаронена. Ці, можа, вы яе не чыталі? Ёсць работнікі міліцыі, якія...

— Ідзіце, пан ксёндз... не ведаю, як ваша годнасць, у свой кляштар. Балазе у мяне сягоння добры настрой, інакш...

Касмовіч не чакаў паўтору гэтай каманды — спярша паволі, потым ледзь не бягом вынесся з інтэрната.

— Хто гэта такі? — спытаў Метак у рабочых, калоцячыся ад хвалявання.

Адзін з іх, малады прыгожы дзяцюк у нейкай замусоленай шафёрцы, выйшаў наперад і не без пэўнага выкліку сказаў:

— А што, пан падпалкоўнік міліцыі, наш душпастыр вам не падабаецца? Гэта айцец Збых, былы капелан Арміі Краёвай, герой, можна сказаць. Толькі, на вялікі жаль, у яго няма ўласнай парафіі, як непрыкаяны са святым распяццем па школьных ды рабочых інтэрнатах бадзяецца.

У голасе рабочага было шчырае шкадаванне. Метак заўважыў гэта, але не прыдаў асаблівага значэння. Яму ўжо свярбела як мага хутчэй вярнуцца на работу і даць сваім аператыўнікам адпаведныя даручэнні адносна мала каму ў Шчэціне вядомага слугі божага. Хаваючы ў сейф свой імянны пісталет, Метак, мусіць, адчуваў сябе няёмка, што выпусціў са сваіх рук гэтага звяругу. Факты? У яго не было неабвержных фактаў аб злачыннай дзейнасці ксяндза Касмовіча. Не было іх тады і ў гарадской службы бяспекі. І тым не менш трэба было нешта рабіць, інакш ён мог многа нашкодзіць.

А ксёндз Касмовіч, ён жа айцец Збых, неўзабаве быў ужо ў нас, на Навагрудчыне. Чаго? Наводзіў даведкі пра тых, хто некалі ведаў яго асабіста і мог, як гаворыцца, сапсаваць яму біяграфію не толькі ў нас, але і ў Польшчы, каб ён ужо нідзе больш не хадзіў у бязгрэшных героях падпольнага антыфашысцкага руху.

Нехта вывеў тады Касмовіча і на мяне. Вывеў, не вельмі турбуючыся аб канспірацыі. На ўсім была відаць спешка шчодра «падмазаных» правінцыялаў. Яны нават не абераглі ачмурэлага ад няспынных куцяжоў айца Збыха ад зыркіх вачэй загадчыка хірургічнага аддзялення раённай бальніцы, дзе я лячыўся пасля ранення, а затым і на мяне самога напароліся. Калі гаварыць праўду — гэта быў пачатак канца бясслаўнай бандыцкай кар’еры здрадніка беларускага народа ксяндза Андрэя Касмовіча з Вілейшчыны і як былога капелана, а затым і важака кулацкай банды «Марыся», і як манаха айца Збыха, і як польскага эмігранта з ФРГ фольксдойча Здзіслава Куніцкага.

Вярнуўшыся пакручастымі бандыцкімі сцежкамі з нелегальнага ваяжу да нас, Андрэй Касмовіч рашыў неадкладна расправіцца з Метакам Жмігроцкім, адным з галоўных, як яму здавалася, сведак яго колішняй крывавай мінуўшчыны. Убачыўшы Метака ў званні падпалкоўніка народнай міліцыі, Касмовіч зразумеў, што некалі меў справу не з махровым польскім акоўцам, а з адменна вышкаленым разведчыкам аднаго з атрадаў Гвардыі Людовай, якая потым увайшла ў склад Войска Польскага, касцяк якога, як вядома, быў створаны на тэрыторыі Савецкага Саюза. Для Метака Жмігроцкага гэтае войска было апорай у жыцці, а для яго праасвяшчэнства Касмовіча — крушэннем усіх міраедаўскіх надзей, асабістая трагедыя. Ён лічыў, што толькі пры капіталізме людзі жылі нармальна, хоць не надта аспрэчваў і тое, што час і абставіны патрабавалі пэўных перамен. Але пры сацыялізме гэтаму дэкласаванаму буржуазнай прапагандай і рэакцыйнымі царкоўнымі догмамі адшчапенцу яўна было цесна. Апамятайцеся, бог страціць цярпенне і люта пакарае вас, калі будзеце патураць камуністам, гнеўна шыпеў з-за вуглоў веруючым ксёндз Касмовіч, напяліўшы на сябе маску манаха айца Збыха. І хоць гэта было подла і часам нават ішло ў разрэз з палітыкай Польскага епіскапата, які перасцерагаў духавенства, каб адкрыта не выступала супраць народнага ладу, асаблівага разладу з сумленнем у Касмовіча не было. Ён проста ўжо не мог угаманіцца. Ад страху за свой заўтрашні дзень, які такім, як ён, адпетым пярэваратням не абяцаў нічога прыемнага. Асабліва тут, на аблюбаваным бязбожнымі польскімі перасяленцамі, адваяваным у гітлераўцаў Памор’і, дзе галава ішла кругам ад непрыемных для прапаведнікаў антыкамунізму перамен як у жыцці людзей, так і ў іх псіхалогіі. Паляваць сярод іх на Метака Жмігроцкага спадар Касмовіч нават і пад выглядам міралюбнага манаха айца Збыха ўжо не на жарты баяўся. Тым больш што той заўсёды быў напагатове, нідзе і ніколі не расслабляўся.

Следам за сырой дажджлівай восенню ў горад завітала не менш сырая і дажджлівая зіма. У піўных барах, рэстаранах, усюды, дзе можна было схавацца ад дажджу ды што-небудзь выпіць ды пажаваць, ад цямна да цямна не зачыняліся дзверы. Праціснуцца туды часам проста было немагчыма. Хіба што ў кішэні былі лішнія грошы ды не брыдка было дзейнічаць па прынцыпу: ты — мне, я — табе, як гэта рабілі ачмурэлыя ад маркоты познія адпускнікі і турысты, не кажучы ўжо пра мясцовых марнатраўцаў жыцця. Іх поспехі на ніве рэстараннага блату прыглянуліся і нестарому яшчэ Андрэю Касмовічу. Сагнутаму ў тры пагібелі, у паношанай рудой сутане, сноўдаць па Шчэціне яму, як відаць, ужо не хацелася — пераапрануўся ў цывільнае, уклеіў у чужы пашпарт сваю фатаграфію і стаў... польскім фольксдойчам Здзіславам Куніцкім. Глыбокія шрамы на барадзе і пад брывом, насцярожаныя калючыя шэрыя вочы, пругкая, як у вайскоўца, хада ў тыя хвіліны, калі не трэба оыло іграць ролю зацюканага народным ладам старога сутулага манаха, выдавалі ў ім мацёрага і небяспечнага драпежніка. Няцяжка было здагадацца, што гэты «турыст» усімі праўдамі і няпраўдамі намагаўся замацавацца ў Шчэціне, прычакаць для сябе лепшай пары і пры першай магчымасці — зноў страляць, вешаць. Мы, польскія фольксдойчы, яшчэ вернемся на адабраныя ў нас землі, гаварыў ён, шчодра частуючы півам або і гарэлкай непераборлівых наведвальнікаў бараў і рэстаранаў.

Партовыя гарады — пажадлівыя рысталішчы для розных прадзімных — сваіх, польскай гадоўлі, і заморскіх, нанятых буржуазнымі спецслужбамі, — прапаведнікаў непазбежнай пагібелі сацыяЛізма. Няспынныя прылівы і адлівы людзей, пераважна адпускнікоў і турыстаў, заўсёдашнія шумныя групавыя «візіты» выхадных і нявыхадных матросаў з гандлёвых і пасажырскіх суднаў розных краін свету, якія падтрымлівалі дзелавыя адносіны з ПНР, — гарантыя шырокіх магчымасцей для шпіёнаў і правакатараў. У такіх гарадах тады было лягчэй, чым, скажам, у Варшаве, непрыкметна паявіцца, наслядзіць у самых нечаканых месцах і таксама непрыкметна знікнуць у натоўпе. Відаць, менавіта на гэта — на непрыкметныя ўцёкі — разлічваў і выведзены Метакам Жмігроцкім з набожнай раўнавагі Касмовіч. Следствам было дакладна ўстаноўлена, што пасля расправы над сваёй новай ахвярай, калі б яна ўдалася, Касмовіч мог без асаблівых цяжкасцей выехаць з Польшчы ў ФРГ. Усе дакументы для гэтага ў яго ўжо былі выпраўлены. Адзінае, што магло выдаць ліпавага фольксдойча Здзіслава Куніцкага, дык гэта, як мне потым сказалі на Метакавай рабоце, няўмела ўклеены здымак Касмовіча ў здабыты ім недзе пашпарт сапраўднага гера Куніцкага і дрэннае веданне бандытам нямецкай мовы.

Пазней я даведаўся, што і святое пісанне было цёмным лесам для колішняга слугі божага спадара Андрэя Касмовіча. Гітлераўцы так перакавалі яго пад канец вайны ў сваёй сумна вядомай Дэльвіцкай шпіёнска-дыверсійнай школе, што ўжо было не да святой літургіі. Усё нябеснае, святое для сапраўды веруючых царкоўнікаў, калі яны ёсць, зразумела, пераблыталася ў Касмовіча-дыверсанта з нечым зямным, але неверагодна агідным, апаганеным фашысцкай прапагандай. Непераборлівы беларускі засцянковы грак у сутане не вытрымаў выпрабавання «вызвольнымі» для ворагаў савецкага ладу спакусамі крывавага гітлераўскага «новага парадку», стаў дыпламаваным у поўным сэнсе гэтага слова сцярвятнікам.

Калі б я быў хоць крыху пісьменнікам, дык, напэўна, знайшоў бы больш дакладныя фарбы для абмалёўкі вобраза гэтага свайго землячка. Па віне гадаванца каталіцкай царквы ксяндза Андрэя Касмовіча ў дні фашысцкай акупацыі загінула многа простых жыхароў Прынямоння — польскіх, літоўскіх, беларускіх сялян і сялянак, у тым ліку <b>і прававерных католікаў, калі яны гарою стаялі за савецкі лад і дапамагалі беларускім і польскім партызанам. Іх святая вера ў ідэалы камунізма, у імя якой людзі могуць прыняць пакуты і нават ахвяраваць жыццём, даводзіла да шаленства нанятага фашыстамі «вызваліцеля Беларусі ад бальшавікоў». І глыбокія шрамы на барадзе і пад брывом Касмовіч атрымаў не ў «смяртэльнай», як ён казаў, схватцы з «савецкімі антыхрыстамі». Гэта Метакава сястра Данута ў Томчакавым гарнізоне колькі разоў агрэла блудлівага святога айца бізуном, бо, налізаўшыся Задрапеевага чамяргесу, нахабна лез да яе абдымацца. З таго часу гэты герой «смяртэльных схватак з савецкімі антыхрыстамі» нават да ветру хадзіў пад аховай сваіх галаварэзаў, пакуль Томчак не адправіў Дануту дадому.

А потым у Касмовіча, мусіць, пачалі з’яўляцца думкі, што і з Томчакам яму не па шляху, бо нечакана адабраў у яго свой новы кажух беларускага шляхецкага пакрою і падаўся на Чорную Ганьчу. Толькі пасля поўнага разгрому фашысцкай Германіі польскія антыфашысты разам з беларускімі партызанамі выкурылі яго адтуль, як кручанага безгаспадарнага сабаку.

Знайшліся знаўцы такіх «барацьбітоў за незалежную Беларусь», якія тады гаварылі:

— Чаго з людзьмі не бывае. Касмовіч — сын патомнага беларускага мужыка, можа, дасць бог, яшчэ апамятаецца. Хіба што немцы ў ім свой гадзіннікавы механізм на многа гадоў завялі — тады, канечне, дабра ад яго ніхто не дачакаецца.

Але тое, што пасля нечаканай сустрэчы з Метакам здарылася з гэтым «патомкам» беларускага мужыка, — даволі заблытаная рэч. Выходзіць, як потым скажа на следстве пані Гэлена Змачынская, яе звераваты, маўклівы, але заўсёды ветлівы, абыходлівы духаўнік, манах-дамініканец айцец Збых, ён жа ксёндз Андрэй Касмовіч, не па злоснай задуме, а па сваёй прастаце душэўнай не знайшоў у сабе сілы і пасля вайны наступіць на горла собскай апантанасці. Падобна на тое, што гісторыя нічаму не навучыла нібыта бязгрэшнага святога празарліўца. Чаму? Ліха яго ведае. Мажліва, таму, што ён сапраўды не адважыўся зрабіць падрахункі нашкоджанага людзям, Радзіме, знайсці канчатковы адказ на пытанне, дзеля чаго ён так подла і агідна жыў на свеце. Магло на паводзіны Касмовіча паўплываць і тое, што сярод беларускага каталіцкага духавенства былі і не такія звяругі, а на Захадзе з маўклівай згоды Ватыкана занялі самыя пачэсныя пасады сярод царкоўнага «хрыстовага воінства». Там жа, як я ўжо не раз адзначаў, без асаблівай згрызоты сумлення адкрыта сімпатызавалі ваенным злачынцам, шырока адчынялі ім дзверы ў сярэднія і вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы апостальскай сталіцы, хоць менш кансерватыўныя іерархі каталіцкай царквы і дакаралі яго, свайго верхавода, за гэта.

Ёсць падставы меркаваць, што Касмовіч, нягледзячы на сваю прыродную тупасць, сёе-тое чуў пра зямныя справы сваіх колішніх хаўруснікаў па здрадзе. Але ў яго, як відаць, не было такіх зіхатлівых духоўных перспектыў. Інакш пасля няўдалага ваяжу на Гродзеншчыну, у тым ліку і ў Навагрудак, ён доўга не сядзеў бы ў чужым для яго бязбожным польскім горадзе Шчэціне. Тым больш што вяртанне ў бандыцкую маладосць, паводле слоў пані Змачынскай, было, як палын, горкае і непрыемнае, не кажучы ўжо пра небяспеку, якая на кожным кроку падпільноўвала былога важака банды «Марыся». Пасеяны ім некалі на радзіме вецер не толькі не даў пажаданых усходаў, а яшчэ, як па камандзе нейкіх невядомых Касмовічу сіл, пазачыняў шчыльна ўсе дзверы і аканіцы ў былых яго парафіян. Нават сваякі, якія некалі ганарыліся ім як будучым беларускім епіскапам, а можа, нават і кардыналам, на ўсе зашчапкі замыкаліся ад сапселага вырадка. А потым... Ды што казаць, спадар Касмовіч усюды адчуваў сябе чужым сярод сваіх і толькі цудам выкруціўся з-пад пільнага нагляду савецкіх чэкістаў. Уласцівая ўсім баязліўцам жывёльная абачлівасць выратавала яго там ад арышту і заслужанага пакарання. Як толькі нечыя дужыя рукі нечакана ляглі на сутулыя плечы бандыта на загарадным аўтобусным прыпынку, ён, нібы апараны кіпнем, перапалохана выгнуўся, літаральна, як людзі кажуць, вылузаўся з Монічавай дублёнкі, выхапіў з-за пазухі пісталет і, адстрэльваючыся, сігануў у лес, які там з абодвух бакоў абступаў дарогу. Азірнуўшыся раз-другі, зразумеў: яго хаўруснікам — загадчыку зачэпіцкага млына Сяргею Монічу і тым... «нарыхтоўшчыкам» у пацёртых хромавых скуранках з адным партфелем на двух — пераняць яго прыклад не ўдалося.

Праз некалькі дзён страшэнна напалоханы Касмовіч быў ужо ў Беластоку, адтуль дзе на спадарожных машынах, дзе пешшу дабраўся да Шчэціна. Пані Гэлене Змачынскай, сваёй духоўнай сястры ў антыкамунізме, загадаў падрыхтаваць ванну, але пакуль яна гэта рабіла, нямыты заваліўся ў яе пасцель і заснуў як забіты. «Усё скончана!» — зжахнулася Гэлена, убачыўшы «духоўніка» нераспранутым у сваёй пасцелі, і паспешліва пачала пакаваць рэчы. З ёю як быццам нешта здарылася. Яна была ўжо стрэляная варона, але на гэтым этапе свайго шэрага паўлегальнага жыцця не захацела рызыкаваць дзеля «паршывага прыблуднага царкоўнага вахлака» ні сваёй шляхецкай годнасцю (чытайце: ліпавым, нідзе не зарэгістраваным патэнтам на варажбу), ні «выклянчанай у пана бога» жаночай свабодай, ні багата абсталяванай камянічкай ледзь не ў самым ціхім закутку горада.

Расказваючы пра ўсё гэта польскім работнікам службы бяспекі, Змачынская на ўсялякі выпадак дадала, што яна не чакала персанальнага выкліку, а сама, як і належыць сумленнай грамадзянцы ПНР, прыйшла даць паказанні. Яе ж духоўны кліент, як бачыце, аказаўся крыважэрным драпежнікам, тэрарыстам. Колькі ён вымантачыў у яе, беднай адзінокай жанчыны, грошай на прапой з рознымі прыезджымі багатымі асабістасцямі, якіх потым абіраў да ніткі! Ад ціхмянага набожнага манаха ў ім ужо нічога не засталося. Гэта быў вырафінаваны пажылы гарадскі дэндзі. І пані Гэлена, па сутнасці, для яго ўжо не існавала. А пасля няўдалага замаху на свайго колішняга ляснога дружка Метака Жмігроцкага ледзь не адправіў яе да прабацькоў. За начны званок у міліцыю. Пані Гэлена Змачынская не святая Магдалена, не грэбавала нават жыць варажбою, але падсабляць ачмурэламу беларускаму нацыяналісту ў бандытызме не збіралася, аб чым гатова была тады нават паклясціся. Калі ж Змачынскай сказалі, што ёй трэба было шчыра выгаварыцца яшчэ ў першыя пасляваенныя гады пры жыцці свайго мужа і пана Томчака, былога рэзідэнта англійскай разведкі, яна страшэнна пакрыўдзілася.

— Божа, што я чую! — пачала яна, тэатральна пляснуўшы рукамі. — Паверце, я была лепшай думкі пра вас, панове. Англійская разведка — даўно пройдзены этап у маім сціплым прыватнаўласніцкім жыцці. А зараз, пасля ўсяго, што мне за апошнія гады давялося перажыць, я, можна сказаць, ведаю, на якія вышыні вы, гамолкаўцы, замахнуліся і на што вы здольныя — і як партыйныя важакі, і як будаўнікі новай сацыялістычнай дзяржавы.

Кажуць — пані Гэлена Змачынская нават крыху пахарашэла пасля гэтай, як мне здаецца, загадзя падрыхтаванай ёю для работнікаў бяспекі тырады. Але чаму ўсе, нібы згаварыўшыся, маўчалі? Чаму ніхто з яе надзвычай уважлівых і ветлівых слухачоў нават не крануўся з месца, каб элегантна адчыніць перад ёю дзверы і правесці да выхаду з аддзялення? Рабочы дзень ужо канчаўся, праз якую гадзіну мелася для шмат каго з гараджан пачацца прывычная для іх «шэрая гадзіна», а потым... Змачынская, мабыць, штосьці ўспомніла, бо раптам падхапілася з крэсла і падышла да стала начальніка аддзялення:

— Прашу прабачэння, мне ўжо пара. Падпішыце, калі ласка, пропуск. Потым мне доўга давядзецца лавіць таксі.

Начальнік, пажылы, строгі на выгляд мужчына, моўчкі агледзеў гэту неспакойную наведвальніцу і кіўнуў аднаму з прысутных у кабінеце маладых афіцэраў бяспекі:

— Вазьміце маю машыну і завязіце пані Гэлену да самага дома. Даю вам на гэта сорак хвілін часу...

 

4

Антось Малочка быў яшчэ ў Вільнюсе, калі бандыт Андрэй Касмовіч з айца Збыха пераўвасобіўся ў Шчэціне ў польскага эмігранта з ФРГ фольксдойча Здзіслава Куніцкага. Нядобрыя прадчуванні не давалі спакою ліпаваму заходнееўрапейскаму «турысту». Яму, як відаць, увесь час трызніліся хітра задуманыя Метакам Жмігроцкім аблавы на яго, непазбежныя пры гэтым уцёкі ад пагоні, узброеныя перапалкі з польскімі міліцыянерамі. Нованароджанаму геру Здзіславу Куніцкаму і ў галаву не прыходзіла, што Метаку, па сутнасці, ужо было не да яго. Паводле слоў Антося, яму па тры-чатыры разы на месяц у адной з паліклінік горада пералівалі кроў. Пасля кожнай такой працэдуры Метак колькі гадзін адпачываў у паліклініцы, а ў асабліва цяжкія для яго дні часам нават і начаваў там.

Так было і ў той дзень, калі зламэзданыя некім з пластылінавага злепку ключы ад яго кавалеркі — халасцяцкай кватэры — ужо былі ў кішэні Касмовіча-Куніцкага. Пасля напружанай, неспакойнай тузаніны ў аддзеле Метак адчуў сябе дрэнна і, нядоўга раздумваючы, сеў у машыну і паехаў у паліклініку. Дзяжурны па аддзеле выклікаў яго адтуль у дзевяць гадзін вечара, пасля трывожнага званка знаёмай Метаку «варажбіткі» пані Гэлены Змачынскай. Праходзячы міма асабняка, дзе ў адной з чатырох кватэр жыў Метак, яна заўважыла нешта такое, аб чым нават пабаялася гаварыць па тэлефоне. Але сябе пані Змачынская назвала і сказала, дзе будзе «пераводзіць дух» да прыезду патрульнай міліцэйскай машыны.

Аператыўнікаў гэтая непаседлівая старая ліса сустрэла, як колькі дзён да гэтага і мяне, у напаўцёмным пад’ездзе асабняка. Што яна там бачыла? Амаль зусім ужо ўраўнаважаная, спакойная (перад сапраўднымі крыміналістамі яна заўсёды паводзіла сябе натуральна), Змачынская суха сказала:

— Толькі тое, чаго вы, панове, ужо не ўбачыце. У кватэру можаце не заходзіць. Апячатайце яе ды шукайце свайго каменданта дзе-небудзь на пустцы, якіх тут многа. Я не ўпэўнена, што ён жывы.

— Не каркай! — сарваўся начальнік групы. Жывы не жывы — час пакажа... Дзе астатнія жыльцы асабняка? Сядзяць па кватэрах?! Няхай мяне пярун заб’е, гэта ж заалагічнае хамства, за якое дорага даводзіцца плаціць нашаму брагу!.. І ўсё ж мы пачнём з месца падзей.

Ён выцер насоўкай твар і, адхіліўшы Змачынскую рукой, павёў усю групу на кватэру свайго нібыта ўжо забітага шэфа.

 

Пачатак зімы на Памор’і — гэта не толькі зацяжныя дажджы ды мокры снег. Нават у ціхую пагоду з мора нясе холадам, які пад грукат магутных хваль уладарна сціскае ў сваіх абдымках усё прыбярэжжа. Летам шматлюднае, шумнае, пад канец верасня яно спакваля пачынае пусцець. Крутыя пеністыя хвалі рвуцца на бераг, злізваюць пясчаныя пляжы, потым зноў намываюць іх разам з дзікім бурштынам ды марскім багавіннем. Ахвочых блукаць там у такую пару мала.

Але калі крыху распагодзіцца — прыбярэжжа зноў ажывае. Прыкмеціўшы першых аматараў палюбавацца на мора ды пашукаць бурштыну або проста прайсціся берагам, бліжэй да пустых пляжаў пачынаюць злятацца таксама марскія чайкі, якіх палякі называюць мэвамі, дзікія галубы, вароны... Самыя, бадай што, хітрыя і назіральныя сярод прыморскіх птахаў. А на пакінутых людзьмі пляжах яны, як правіла, яшчэ больш асцярожныя і чуткія, чым раней, у разгар курортнага сезона.

Не вельмі даверлівыя і гаваркія ў такую пару і людзі. Помню, як падазрона прыглядаліся да нас з Антосем нейкія прыезджыя юнакі і дзяўчаты, прагульваючыся па заваленай багавіннем пясчанай касе, дзе мы аднойчы менш-больш пагодлівым надвячоркам любаваліся стомленым, прыціхлым морам, захутаўшыся ў брызентавыя плашч-палаткі. Потым сцямілі: плашч-палаткі ж былі не польскія, а нашага, савецкага, пакрою. Да таго ж і самі мы, напэўна, выглядалі як непрыкаяныя бадзягі. Таму і не дзіўна, што прыезджая польская моладзь так насцярожана прыглядалася да нас.

— Не ведаю, Ігнат, як ты сябе тут адчуваеш, — павярнуўшыся да мяне, ціха сказаў Антось. — Да гэтага я сваім розумам яшчэ не дайшоў. А наконт сябе зараз магу сказаць словамі Максіма Горкага: «У мяне няма жадання забыць, хто я, дзе я, і я не баюся думаць, навошта я». Максім Горкі, браце мой, яшчэ са школьных гадоў залез мне ў душу і, здаецца, назаўсёды перавярнуў яе на свой манер — самымі збалелымі, але яшчэ больш, чым некалі, чулымі струнамі да людзей. Мне, калі на тое пайшло, ужо не брыдка думаць, навошта я. Зусім не брыдка.

— Удакладні, адкуль на цябе найшло гэтае натхненне? — ведаючы занудлівы характар Антося, асцярожна спытаў я. У Мінску мы з ім не паспелі удосталь нагаварыцца, абодва былі як наэлектрызаваныя, чакалі, як гаворыцца, новых дыспазіцый. Антось тады нават не знайшоў часу расказаць мне, калі ён і за якія такія заслугі перад палякамі так хутка авансаваў на маёра іх службы бяспекі. Дарэчы, ён і ў Шчэціне асабліва не распаўсюджваўся аб сабе, сказаў толькі, што быў недзе з Метакам на вельмі сур’ёзнай... ваенізаванай перападрыхтоўцы, пасля чаго, маўляў, ужо грэх было таптацца на месцы. За якія чатыры-пяць гадоў капітальнай вучобы ды муштроўкі яны абодва там шмат чаму навучыліся, акрамя таго, выдатна авалодалі некалькімі заходнееўрапейскімі мовамі. Больш выціснуць з Антося што-небудзь пра яго новую работу мне не ўдалося. Ды, праўду кажучы, гэта і не так ужо важна. Галоўнае, што яго ніхто не збіў з панталыку. Я шмат разоў бачыў свайго стрыечнага брата ў справе і навучыўся разумець яго з паўслова. Ён проста не прывык многа гаварыць. А ў той зімовы надвячорак за многа кіламетраў ад цэнтра горада на беразе суровага Балтыйскага мора яго нібы хто падмяніў. Здавалася, яшчэ зусім нядаўна, якіх-небудзь гадоў дзесяць-дванаццаць назад, просты вясковы хлопец, маласпрактыкаваны, непаваротлівы кладаўшчык калгаса, затым ахвяра варожых падкопаў былога войта Жабокрыцкай гміны, польскага фашыста пана Томчака, сапселага ў лесе бацькі свайго, «фатальнае пракляцце», «біч» драпежнай банды гэтага яснавяльможнага вырадка, на чацвёртым дзясятку гадоў выраўняўся, стаў глыбокаадукаваным, сур'ёзным і разважлівым чалавекам. Можна было не сумнявацца, што нават людзям з іншымі поглядамі на жыццё Антось мог спадабацца сваімі начытанасцю і шчырасцю, бо сапраўды ўжо цвёрда верыў, дзеля чаго жыў і назаўжды звязаў свой лёс з дзяржаўнай службай бяспекі. Думаючы пра гэта, я зразумеў, што задаў яму недарэчнае і, мажліва, нават крыўднае пытанне. Але прасіць прабачэння ўсё ж не стаў, а заклапочана зірнуў на яго стомлены, памяты твар і моўчкі накіраваўся назад да атэля.

— Злуеш, што я нічога не расказаў табе пра сваю ўчарашнюю вячэрнюю прыгоду? — спытаў Антось даганяючы мяне. — Разумееш, я даў слова на некалькі дзён наогул знікнуць з вачэй адной добра вядомай табе асобы прыгожага полу і яе кліентаў. Сказаць чаму? Яны да гэтага часу не ведаюць, што іх духоўнік спадар Касмовіч і ў шкуры нямецкага турыста пацярпеў ганебнае фіяска. Расправіцца яго жалезнымі міраедскімі лапамі з нашым другам Метакам Жмігроцкім ім не ўдалося. І той чалавек, на якога раз’ятраны няўдачай бандыт накінуўся з фінкай на яго кватэры, таксама не паддаўся яму, выкруціўся ад немінучай смерці... Ты слухаеш мяне, га? Паршывая гэта справа — ваяваць з прывідамі! Асабліва калі яны дужыя і вяртлявыя, як уюны. А гэты... —Антось прыпыніўся, перавёў дух. —А гэты, маць яго туды, яшчэ і куслівы!.. Павер, зараз нават праціўна ўспамінаць, як там усё было. І страшна, ты чуеш? Мяне яшчэ і цяпер калоціць. Толькі адно крыху супакойвае — схватка з гэтым звяругам скончылася з адчувальнымі фізічнымі і маральнымі стратамі для яго. Вось недзе тут, непадалёку ад нашага атэля, на гаспадарчым двары яхт-клуба.

Я ведаў, што ўсё гэта праўда. За некалькі гадзін да сустрэчы з Антосем я быў на вочнай стаўцы з... Метакам. Ён мне, між іншым, даў зразумець, што з Касмовічам усё скончана, нейкі дзяціна на досвітку прыцягнуў яго на сабе ледзь жывога на прыстань і з рук у рукі перадаў беспечнякам1, якія там, як звычайна, былі на дзяжурстве. Але хто гэта быў — Метаку чамусьці ўжо не сказалі. Больш таго, на яго месцы ўжо завіхаўся другі начальнік аддзела. Мяне ён папярэдзіў, каб нікуды не выязджаў з горада, пакуль... і заткнуўся, бо я сказаў яму, што з яўляюся грамадзянінам СССР і папрасіў звязаць мяне з нашым пасольствам у Варшаве.

— Вы што, можа, будзеце скардзіцца на мяне? — ўзвіўся ён ад гневу. — Дзяжурны, забярыце ў гэтага... савецкага грамадзяніна дакументы.

— Што гэта вам дасць, папе Сікора? — спакойна спытаў я. — Зараз вас мянуюць крыху не так, праўда?

Новы шэф аддзела па-зладзейску азірнуўся, адчыніў чамусьці абедзве шуфляды, нервова пашнырыў у іх рукамі — відаць, ніяк не мог сабрацца з думкамі, бо зразумеў, што наскочыў на чалавека, які ведаў яго сапраўднае прозвішча. А такіх у Шчэціне, як відаць, было нямнога, інакш ён не адважыўся б лезці ў міліцыю. Так, гэта быў пранырлівы, як д'ябал, кадравы афіцэр Арміі Краёвай, адзін з вярнейшых ландскнехтаў нядобрай памяці генерала Андэрса і яго хаўруснікаў па здрадзе польскаму народу. Пан капітан Сікора некалькі разоў быў нелегальна ў Лондане, выконваў нейкія важныя даручэнні свайго камандавання на Памор’і. Нябожчык Томчак тады не раз ставіў яго ў прыклад сваім галаварэзам, якія паўлегальна аціраліся ў розных установах горада. Пасля таго, як Армія Краёва перастала існаваць, капітан Сікора, мабыць, павініўся і паступіў на службу ў народную міліцыю. Як «выхадзец з народа» — тады гэта было модна — і спецыяліст ваеннай справы. На хвалі так званага пасляамністыйнага патрыятычнага ўздыму. Не ўсе ж польскія вайскоўцы даваеннай і ваеннай пары былі дрэннымі людзьмі. Многія з іх падчас другой сусветнай вайны рушылі пад польскім нацыянальным сімвалам — Белым Арлом — на барацьбу з фашызмам і ваявалі ў шэрагах усіх трох брыгад Польскіх легіёнаў, глыбока перакананыя, што ваююць за незалежнасць сваёй любімай радзімы. Гэтая барацьба дала Польшчы такіх слаўных патрыётаў, верных сыноў народа, яго сацыялістычнай дзяржавы, як Міхал Жымерскі, Уладзіслаў Сікорскі, Зігмунт Берлінг, Марыян Бучэк, Францішак Юзвяк, Уладзіслаў Бранеўскі і многія іншыя. Наіўна было б думаць, што і ў Лондане сядзелі адны толькі ворагі ПНР. Але Сікора з пазалочанай англійскімі мілітарыстамі рукі пана Томчака, напэўна, ужо быў «заведзены» на падрыўную шпіёнскую дзейнасць. І ў гэтым, як паказаў час, таксама нічога дзіўнага не было.

— Вы таго... значыцца, напалову тутэйшы, у саракавых жылі тут, — нарэшце, як кажуць, знайшоўся новы начальнік аддзела. — А я думаў... Чаго ж вы стаіце? Сядайце, калі ласка. Думаю — у нас з вамі знойдзецца аб чым пагаварыць. Дзяжурны, проша пане, зараз прынясе нам па лямпцы2 каньяку і падрыхтуе каву...

— Дарэмна стараешся, пан Сікора, — кпліва заўважыў я. — Пакуль твой папярэднік, падпалкоўнік народнай міліцыі Мечыслаў Жмігроцкі, будзе пад арыштам, шчыра пагаварыць нам з табой не давядзецца. Гэта я табе гавару як адзін з тых, каму ты не раз, як баязлівы зладзюжка, паказваў свае кволыя плечы ў цёмных завулках. Даўно гэта было, а ты і сягоння паводзіш імі нібы які неданосак. Маё табе шанаванне, цецярук печаны. Салют!

Дзіўна, але новаспечаны шэф аддзела мяне не затрымаў. Можа, не хацеў абвастраць абставіны. А можа, і таму, што яшчэ быў не гатовы да больш рашучых дзеянняў. Я заўважыў, як ён бездапаможна круціўся на Метакавым стуле. А ў такіх слізкіх функцыянераў якіх бы там ні было спецслужбаў ці палітычных груповак чуццё на ўзроўні махровых падонкаў — сабачае. І Сікора, як відаць, не быў выключэннем з гэтага правіла. Ён зразумеў, што, прычапіўшыся да мяне, мог бы трапіць у непрыемную сітуацыю. Можа, нават горшую, чым яго дружкі на больш высокіх пасадах падрыхтавалі Метаку. Пры дапамозе спрактыкаваных правакатараў, зразумела.

Думаў і цвёрда быў перакананы, што Сікора — чужы, падстаўны чалавек у міліцыі. Пасля сустрэчы з ім мне карцела вярнуцца назад і яшчэ пагаварыць крыху. Штосьці ва ўсёй гэтай гісторыі было ад таннага дэтэктыва. Відаць, час падганяў патрапаных жыццёвымі нягодамі рыцараў плашча і кінжала, калі пайшлі на такую грубую і рызыкоўную правакацыю, узвялі нейкі страшэнны паклёп на Метака Жмігроцкага, аднаго з самых паважаных, чэсных і непадкупных кіруючых работнікаў гарадскога аддзела народнай міліцыі. Пасля многіх гадоў самаадданай барацьбы з правапарушальнікамі сацыялістычнай законнасці, недабіткамі нацыяналістычных банд, кантрабандыстамі ён трапіў у становішча чалавека, якога, як заявіў мне Сікора, ніхто не хацеў слухаць.

Вярбуючы ў Польшчы кадры платных праціўнікаў народнага ладу, буржуазныя спецслужбы, асабліва англійскія і амерыканскія, як правіла, не грэбавалі і былымі фашысцкімі паслугачамі. Яны бессаромна запазычвалі самыя ганебныя метады лоўлі душ у СС і СД, у нястомнага на хітрыя выдумкі абвера. Шэрагі падрыўной рабсілы папаўняліся тады і так званымі «інтэлектуаламі» — членамі розных паўлегальных маладзёжных антысацыялістычных груповак, якія лапушыліся на задворках некаторых вышэйшых навучальных устаноў, а таксама польскага тэлебачання і радыё.

Свае легальныя і падпольныя маліны паціху дзе-нідзе стваралі і спецслужбы Ізраіля — Масад і Шынбед. Але, на вялікі жаль, усё гэта яшчэ не вядома шырокай польскай грамадскасці. Таму і нам з Антосем часта заікацца аб гэтым проста не прыходзілася. Тым больш што станаўленне сацыялістычнага ладу пасля шумных падзей другой паловы пяцьдзесят шостага года ўжо адбывалася без асаблівых эксцэсаў.

Але гэтае зацішша, як бачыце, было нетрывалым. Пацярпеўшыя няўдачу ашчаропкі рэакцыі прыціхлі, пазашываліся ў свае падпольныя норы як мага глыбей ад дзённага святла, але ад правакацый не адмовіліся. Часцей за ўсё гэта зводзіцца да нібыта спантанных вулічных беспарадкаў, справакаваных «неарэфарматарамі» ўласнай гадоўлі або «п’янымі» чужаземцамі — амерыканскімі, англійскімі, канадскімі, аўстралійскімі матросамі і турыстамі... польскага паходжання. Але, паўтараю, да вялікіх звалак справа не даходзіла.

У навейшай гісторыі Польшчы адбываліся падзеі маласуцяшальныя і для яснавяльможнага пярэваратня пана Сікоры і яго глыбока заканспіраванай хеўры. Па дарозе ў атэль, дзе мяне, як потым аказалася, чакаў не менш устрывожаны Антось, я ад пачатку да канца перакруціў у памяці ўсё не так даўно сказанае мне ў рэстаране Гэленай Змачынскай... О, гэтая «святая наіўнасць», старая шляхецкая мляўкасць у пазавугольным антыкамунізме! Скуль яна, такая «няшчасная», «адзінокая», якая гадамі перабівалася з хлеба на квас, магла даведацца, што Метака павінны былі зняць з работы?

Хіба не яна намякала мне пра нейкія недакладнасці ў яго мінулым? І здарылася гэта праз які месяц пасля таго, як яе беларускі хаўруснік па антыкамуністычнай валтузні спадар Касмовіч патаемна вярнуўся з Гродзеншчыны. Па чыіх дыверсанцкіх святцах ён там дзейнічаў, чаму па сутнасці сам дэшыфраваў дэкласаванага буржуазнай прапагандай Сяргея Моніча і кампанію, а затым і сам трапіў у такое непрыгляднае становішча? «Трывожныя» тэлефонныя званкі Змачынскай у міліцыю — неабвержнае сведчанне гэтага. Заставалася толькі ўдакладніць некаторыя дэталі, каб не памыліцца ў агульнай ацэнцы сітуацыі, якая пацягнула за сабой не толькі звальненне з работы, але і неадкладны арышт Метака Жмігроцкага.

Добраахвотная дача паказанняў «варажбіткай» Змачынскай у органах дзяржаўнай бяспекі адносна «дзіўных» паводзін Касмовіча мела, як мне тады здавалася, непасрэдныя адносіны да спектакля, скляпанага з небыліц заклятымі ворагамі нашага польскага пабраціма. Антось сказаў мне, што яны не ад салодкага жыцця пайшлі на гэта. Так, уласна кажучы, думалі і некаторыя іншыя работнікі органаў бяспекі. Але да іх голасу чамусьці не прыслухаліся ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Там раней за ўсіх нас пабыў яго светласць Сікора, незвычайная настырнасць якога не мела межаў. Цягацца з ім без неабвержных дакументальных доказаў у руках было проста немагчыма. А на тое, каб нарэшце сабраць іх, патрэбна было нямала часу. На гэтым, як відаць, ананімныя выкрывальнікі Метака і будавалі свае разлікі.

Незвычайная вяртлявасць Сікоры прымусіла больш хутка і рацыянальна дзейнічаць і Антося. Але пасля крывавай начной схваткі з Касмовічам ён крыху разгубіўся, потым ніяк не мог дазваніцца да Варшавы, каб адтуль падкінулі яму на дапамогу персанальнага радыста. Навошта? Відаць, гэта было выклікана асаблівымі абставінамі, якія тады панавалі ў горадзе.

А пан Сікора тым часам, ведаючы, што ад нас адным махам так проста не адвяжацца, падняў на ногі ўсіх аператыўнікаў у сваім аддзеле. Па яго самавольнаму загаду яны сачылі за кожным нашым крокам, быццам мы былі якімі-небудзь адпетымі злодзеямі або кантрабандыстамі.

У такім, мякка кажучы, далікатным становішчы цяжка было займацца далей сапраўднымі злачынцамі — Касмовічам і тымі, хто нацкаваў яго на Метака Жмігроцкага, а затым ахвяраваў на «разжыву» службы бяспекі. Справа дайшла да таго, што нам нават было забаронена адлучацца з гасцініцы без асабістага дазволу Сікоры. Гэтага, маўляў, патрабавалі вышэйшыя дзяржаўныя інтарэсы. Што ні гаварыце, а ў такіх умовах, як відаць, нас маглі і пераблытаць з кліентамі пані Змачынскай. Балазе яна ўсюды нахабна намякала на свае колішнія ледзь не сакрэтныя антыдзяржаўныя сувязі з намі. Пан Сікора быў бы набітым дурнем, калі б не выкарыстаў гэтага супраць кожнага з нас паасобку. Гэты шляхцюк у сацыялізме, паводле слоў Метака, дзеля таго і зашыўся ў міліцыю, каб ва ўсё ўносіць блытаніцу. Такі ўжо ў яго характар...

 

1 Бяспечнікі – работнікі дзяржаўнай бяспекі (польск.).

2 Лямпка – чарка (польск.).

5

Не ўсё добра і ў Зачэпічах. Бацька з трывогай дачуўся ад людзей, што, атрымаўшы выклік ад Антося, цётка Ярына, звычайна шустрая, напорыстая, гаваркая, раптам чамусьці прыціхла, стала ўрачыста падцягнутая, маўклівая, гатовая зрабіць што-небудзь не так і тут жа расплакацца. Адны кажуць, быццам гэта ў яе такая старасць, другія, панаглядаўшы за ёю, божацца, што ёсць больш сур’ёзная прычына ў гэтай кабеты для ціхага плачу. Як бы там ні было, а сын усё ж не забыўся на яе, адкруціўшыся ад бандытаў. А гэта ўжо нямала. Толькі ці адкруціліся бандыты ад яго? Прыехаў бы лепш дамоў — і канец! Ну што ён там згубіў, у той Польшчы? Ды што казаць, хіба Ярына не бачыла, як яе «паляк», выскачыўшы з аўтобуса каля сельсавета, нібы лунатык, неразважліва здароўкаўся з вяскоўцамі, мала каго з іх пазнаваў, але ўвесь калаціўся ад хвалявання. Не схавалася, мабыць, ад Ярыніных вачэй і тое, што некаторыя мужчыны, асабліва былыя партызаны, па-ранейшаму глядзелі на Антося насцярожана. Але ён, здавалася, не заўважаў гэтага. Наадварот, крыху ачомаўшыся ад першых уражанняў, абняў беражліва маці за плечы і ціха сказаў: «Ты за мяне не перажывай, мама. Памятаеш, як нам тут некалі лёгка жылося? Бадай што, толькі адзін Задрапей ведаў, колькі ты тады слёз на яго хутары выплакала з-за мяне. Яны, гэтыя слёзы, мабыць, і выратавалі мяне ад бясслаўнай пагібелі ў Томчакавай бандзе. Адно тое, што ты не зламалася, выстаяла перад Монічам і яго хеўрай, заўсёды стрымлівала мяне ад дурных выхадак. А для людзей, вядома ж, я быў адпетым бандытам, зверам, хоць нікога з іх не абрабаваў і не забіў. Цікава, што яны скажуць, калі даведаюцца, кім я зараз з’яўляюся?»

Маці нічога не адказала Антосю. Яна і дома, у сваёй небагатай, але чысценькай хаце тады пераважна толькі моўчкі глядзела на яго. Мажліва, ёй цяжка было сарыентавацца, як і аб чым гаварыць з ім. Многія ж беларускія хлопцы, каго лёс закінуў у розныя краіны свету, па-рознаму і паводзілі сябе там. Ясна, што і Антось, мабыць, сапраўды толькі цудам не здрадзіў Радзіме, а заўжды памятаў аб ёй і ў адпаведнасці з гэтым ладкаваў сваё жыццё на чужыне. Інакш ён і не наведаўся б дадому з такой лёгкай і адкрытай душою. Падумаўшы пра гэта, Ярына пачакала, пакуль сын крыху аглядзеўся ў хаце, і зараз жа строга спытала:

— Дык хто ж ты цяпер, Антоська, у мяне, га?

— Твой доўгачаканы госць і сын, мама. Да таго ж жывы і здаровы — хіба гэтага мала? А тое, што я кадравы аператыўнік, афіцэр польскага палітычнага вышуку — неўзабаве Сяргей Моніч табе скажа. Ён, думаецца мне, даўно пранюхаў гэта...

За Монічам справа не стане, — згадзілася цётка Ярына, хоць перад яе вачамі раптам як жывы ўзнік Томчак. Божа, як ён быў рады, што ў яго незаконнага нашчадка ці, як ён казаў, бэнхарта1 такая незгаворлівая і грэблівая маці. На хутары ў яснавяльможнага пана Томчака ўжо наймічкавала другая маладая беларуская гаротніца. Пра Малочкаву Ярыну ён успамінаў толькі праездам праз Зачэпічы. Такім, як яна, пакутніцам у буржуазна-памешчыцкай Польшчы і сонца цераз хмары свяціла, гаварылі тады ў народзе. Мачыхай яна была і для бедных палячак. Пілсудчыкі не цацкаліся з галотай, трымалі яе ў беспрасветнай нястачы і строгасці. Людзі, якія крыху разбіраліся ў палітыцы, тлумачылі гэта агульным крызісам капіталістычнай сістэмы, якая якраз перажывала розныя непаладкі, выкліканыя ўнутранымі і знешнімі супярэчнасцямі. А што тычыцца пілсудчыкаў, дык яны наогул мала дбалі пра будучае сваёй змрочнай дзяржавы — сядзелі, як на дзеючым вулкане, у ачмурэлай ад буйнога разгулу сталіцы, калоцячыся ад жывёльнага страху за несумленна нажытыя ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны маёнткі ды асады. На другім жа баку граніцы, у бунтарнай Краіне Саветаў, час няўмольна працаваў ужо не на буржуазію, а на простых людзей.

Цётка Ярына кепска разбіралася ў палітыцы, адзіным яе дарадчыкам у тыя цяжкія для мясцовых гарапашнікаў дні была нянавісць да польскіх ды беларускіх багацеяў, да любага ім буржуазна-памешчыцкага ўрада. Так гаварыў былы панскі паслугач, яго сабачая вяльможнасць солтыс Харытон Барыла, так гаварыў Ярынін «аднатарбошнік» па службе на Томчакавай асадзе Мітрафан Задрапей, так чорным па беламу было напісана ў яе асабістай справе, заведзенай на ўсялякі выпадак у Жабокрыцкім пастарунку. Але цётцы Ярыне на ўсё гэта было начхаць. Крыху ачомаўшыся пасля страшэнных жыццёвых непаладак, яна перасыпала на пазычаныя ў добрых людзей грошы бацькаву хату, усплужыла свой здзірванелы надзел зямлі, пасеяла крыху збажыны і... наўзрыд загаласіла. Яна ж не верыла, што дасць сабе рады, думала, памрэ ад голаду або зноў пойдзе ў наймы да міраедаў. Але нянавісць ужо была відушчай, таму Ярына пераважна толькі на пана Томчака ды яго падпявалаў скоса глядзела, а калі яны намагаліся зламаць, прынізіць яе, дык і з двара праганяла, як карослівых цюцек. У поўнай адпаведнасці з няпісанымі законамі нескароных беларускіх лясных русалак. Але не гэта было тады самым галоўным у Ярыніным жыцці.

Помню, як яна аднойчы пры мне гаварыла Задрапею, што гатова была ўвесь свет абняць ад радасці, калі, пасля вымушаных жэбраў па вёсках, навучылася крыху больш разбірацца ў людзях, стала не па гадах абачлівай і зыркай. Тым больш што навокал ішла гамонка пра бясконцыя забастоўкі ў Беластоку, Лодзі, Варшаве, Гродне і нават на Бярозаўскім шклозаводзе, што непадалёку ад Навагрудка. Яна, гэтая гамонка, і хворых падымала з палацяў. А Ярына, дзякуй богу, ног пад сабою не чула, бегала з вёскі ў вёску, гатовая ад цямна да цямна слухаць сваіх землякоў. І ніхто не здіўляўся гэтаму. У кожнага ж чалавека, калі ён не вырадак, змала жыве ў сэрцы светлае жаданне лепш пазнаць родны край, яго насельнікаў і не злосна варагаваць, а дружыць з імі.

Задрапей, слухаючы Ярыну, пераступаў з нагі на нагу, глуха кашляў у каўнер свайго аблезлага суконнага каптана, даючы гэтым самым ёй зразумець, што яго цікавілі іншыя справы. Пра забастоўкі Задрапею і яго сябрук Харытон Барыла не раз гаварыў, але яго цяжка было зразумець, бо ўвесь час то адных, то другіх лаяў і за сваё воўчае гняздо калаціўся. Калі ж гэтая міраедская немач перадалася і Задрапею, Ярына магла толькі вытурыць яго з хаты, каб хоць не збіваў з панталыку Антося, які цягнуўся да любога мужчыны, гадуючыся без бацькі.

Бадай што, менавіта тады Антось Малочка, як і яго маці, раз і назаўсёды рашыў, з кім яму жыць ды дружыць, каго любіць і паважаць, а на каго і ўвішны дубец трымаць напагатове. Як бы там ні было, але ж нават і ў экстрэмальных умовах фашысцкай акупацыі, калі гітлераўцы разам са сваімі паслугачамі — польскімі ды беларускімі нацыяналістамі і кулакамі — агнём і мячом намагаліся расправіцца з бунтарнай ці, як яны гарланілі, збальшавізаванай Масквою галотай, Антось Малочка, тады ўжо дзябёлы хлопец, не прасіў спагады ў лютых звяруг. Наадварот, ён паціху нападаў на іх у самых нечаканых мясцінах, пакуль Сяргей Моніч, наш камсамольскі важак са школьных гадоў, не забараніў яму рабіць гэта. Ён лічыў, што гэтым самым мы толькі паставілі б пад удар сваю нешматлікую арганізацыю.

Усё тады было ў руінах. Шмат дзе людзі жылі ў зямлянках. Таму адзін час Моніча нават не было каму ўважліва слухаць — кожны быў заняты нейкімі сваімі справамі. Але час, аднак жа, вынес свой прысуд брахуну. Абгавораны Монічам зачэпіцкі камсамолец ваеннай пары Антось Малочка нават у азвярэлай бандзе пана Томчака, свайго пазашлюбнага бацькі, афіцыйна прызнаны ім за адзінага законнага нашчадка яго бандыцкай спадчыны, не страціў чалавечага аблічча. На вялікі жаль, у Зачэпічах гэта стала вядома толькі ў канцы саракавых гадоў, і Моніч не толькі не атрымаў за сваё, а як «ветэран антыфашысцкага падпольнага руху» хадзіў у героях.

І вось ужо ў нашы дні Антось сам заявіў аб сабе: стомлены няблізкай дарогай, але настойлівы і рашучы, смела зайшоў у канцылярыю зачэпіцкага млына да Сяргея Моніча.

Моніч быў у раёне. Насустрач Антосю з Монічавага кабінета, нізка прыгнуўшыся ў дзвярах і пакрэктваючы, паволі выпнуўся нейкі стары кашчавы дзед. Гэта быў Мітрафан Задрапей. Антось адразу пазнаў яго, але нічым не выдаў сябе. А Задрапей спадылба ўважліва зыркнуў на Антося, збянтэжана пачасаў карак і заспяшаўся міма яго на ганак. Там ён хвіліну пастаяў, падумаў, потым кемліва ўсміхнуўся і моцна тузануў шнур ад званка, што вісеў на жалезным круку каля дзвярэй канцылярыі. Недзе далёка, у самай глыбіні прасторнага, вымашчанага каменнем двара, глуха забумкаў сабака. Задрапей пачакаў крыху ды зноў пацягнуў за шнур. Тады з другой палавіны службовага будынка, дзе была Монічава кватэра, выскачыў на веранду ладны светлавалосы падлетак у форме навучэнца фабрычна-заводскага навучання. Убачыўшы каля Задрапея на ганку Антося, ён, бачыце, хацеў падбегчы да яго, паздароўкацца і спытаць, што яму трэба, але, зірнуўшы яшчэ раз на незвычайнага госця ў польскай афіцэрскай ваеннай форме, раптам пабялеў ад хвалявання, зацяўся і паспешліва вярнуўся назад у Монічава гняздо. Задрапей здзіўлена пакруціў галавой ды зноў налёг на званок.

— О божа, ну што там здарылася?! — пачулася з сенцаў, і на веранду выглянула адтуль Данута. Задрапей напяўся як струна: звычайна спакойная, ураўнаважаная, жонка яго начальніка лена прыбрала з плячэй у тугі вузел валасы, абцягнула на сабе цесны, нібы не на яе шыты, квяцісты халат, потым ускінула вочы на Антося — і аслупянела. «То-та ж, — з палёгкай уздыхнуў Задрапей. Ён сваё, можна сказаць, зрабіў. — Ты, гэтае самае, адно, не заседжвайся тут доўга», — яшчэ на ўсялякі выпадак буркнуў ён Антосю і падаўся назад у канцылярыю, дзе тады, як відаць, адбываў радоўку па ахове млына. А Данута тым часам ужо выліла на сябе каля калодзежа вядро халоднай вады і пачала скардзіцца:

— Божа ж ты мой, божа, як я стамілася!.. А цябе, Антоська, як ветрам здзьмула. Глядзі цяпер на мяне старую, мёртвую ды радуйся! Адтуль, з ганка, глядзі, бо я за сябе не ручаюся...

Антось маўчаў. Жыццё навучыла яго валодаць сабой. Акрамя таго, ён перш за ўсё хацеў перагаварыць з Монічам. Дзеля гэтага нават і мундзір напяліў на сябе, ведаючы, што гэта не магло не зрабіць пэўнага ўражання на яго спрадвечнага ворага. Моніч застаўся Монічам, ён па-ранейшаму ненавідзеў Антося і ні ад кога не таіў гэтага. Яна, гэтая нянавісць, рухала амаль усімі яго пачуццямі, прымушала практыкавацца ў прыдумванні новых доказаў сваёй заквашанай на подласці праўды, чуткага быць глухім, відушчага — сляпым, па абавязку службы (усё ж такі некалі Моніч быў нашым камсамольскім важаком і павінен быў прыстойна іграць сваю ролю) аб’ектыўнага і прынцыповага — быць несправядлівым. І вылечыць яго ад гэтай пячорнай хваробы, бадай што, ужо нельга было, бо ніхто дакладна не ведаў яе прыроды. Праўда, многае пра Моніча магла б расказаць Данута, але ён трымаў яе на значнай адлегласці ад людзей. Як якую палонніцу або ненармальную. Ды, калі быць да канца шчырым, дык і сама яна не праяўляла асаблівай актыўнасці. Ведаючы пра гэта ад маці, з якою ён сустракаўся праездам у Мінск на вакзале ў Баранавічах, Антось ні адным мускулам не выдаў свайго хвалявання, слухаючы Дануту.

Цяжка сказаць, чым закончылася б гэтая драматычная сцэна, калі б на ганак зноў не выскачыў Дануцін сын, натапыраны, як вожык, злосны, рашучы.

— Гэта мой бацька? — калоцячыся ад хвалявання, спытаў ён Дануту. — Маўчыш? Баішся, каб я яго не забіў? Пайшлі ў хату! Пайшлі, гавару...

Праз якую хвіліну іх ужо не было на ганку.

 

1 Бэнхарт – хлапчук (польск.).

6

Вечарам таго ж дня, вярнуўшыся дадому, Моніч абзваніў па тэлефоне ледзь не ўсіх сваіх сяброў і знаёмых. Некаторыя з іх ужо спалі, у адных майках ды трусах падбягалі да апаратаў, хапалі трубкі, слухалі хрыпаты голас загадчыка млына, тужыліся зразумець, што здарылася. Моніч пасля вайны колькі гадоў хадзіў у начальстве, прывык камандаваць, гаворачы з людзьмі, усіх павучаў або лаяў, не звяртаючы ўвагі на тое, хто і як яго слухаў. Гэта быў яго, Монічаў, стыль работы. Прагны да славы сангвінік не цярпеў ніякіх пярэчанняў, хоць сам быў невукам з «атэстатам сталасці» ў кішэні. Застаючыся верным многім сваім кар’ерысцкім пераконанням, наш былы камсамольсі важак і ў якасці загадчыка млына гаварыў з мясцовым, як ён казаў, мужыччом з непрытоенай фанабэрыстасцю ды мацюкамі. Як адпеты пустазвон або які пакрыўджаны богам шляхцюк.

Было, аднак, ва ўсім гэтым і нешта новае, раней малапрыкметнае ў паводзінах Моніча. «Мяне абскакалі мае колішнія дружкі, — скардзіўся ён пад п’яную руку новаму старшыні сельсавета, вельмі спакойнаму і разважліваму чалавеку, былому камандзіру Заямнаўскага партызанскага атрада «Камсамолец» Міхасю Чыжыку. Абскакалі на роўным месцы, вахлакі праклятыя, прабач, не вахлакі, а файныя хлопцы, але для мяне — небяспечныя выскачкі, ворагі! Уяві сабе, некаторыя з іх былі бандытамі, ну калі не зусім, дык амаль што былі. А зараз ведаеш што? Амаль усе яны у вялікіх чынах ходзяць! Вось так, братка... Але мы яшчэ паглядзім, хто з гэтых прыстасаванцаў дзе сядзе».

І вось, нібы снег на галаву, адразу ажно тры непрыемныя, я нават сказаў бы, страшэнна крыўдныя для Моніча навіны: першая з іх — гэта што я пасля цяжкага ранення не памёр, а выжыў, другая, што на сустрэчу са мной з Польшчы прыязджаў Антось Малочка ў чыне маёра службы бяспекі, а нашы яго не толькі не арыштавалі, але яшчэ дазволілі на колькі тыдняў затрымацца ў Мінску для азнаямлення з архівамі СД па польскім антыфашысцкім падполлі ў заходніх абласцях Беларусі і гітлераўскай агентуры ў ім; і трэцяя, самая, бадай што, нечаканая і прыкрая з гэтых навін, — паўторны прыезд Антося Малочкі ў Зачэпічы і... уцёкі яго, Монічавай, жонкі Дануты з пасынкам у адзін з суседніх калгасаў, — бліжэй да «цёмнага, неачэсанага мужычча». Пасля «канфідэнцыяльнай» сустрэчы ўсё з тым жа Ярынчыным бандзюком, Антосем Малочкам, зразумела... Ну чым не матэрыял для такога, з дазволу сказаць, «народнага мсціўца», як Моніч?! Мяне ён праглядзеў, выпусціў разам са Стасяй і дзядзькам Базылём моцна пакалашмачанага, усяго, можна сказаць, прадзіраўленага кулямі, але жывога. А Антось Малочка нечакана зноў сам у яго рукі трапіў.

Толькі вось бяда: калі тады хто і панікаваў, дык гэта сам Моніч. Да яго проста нельга было падступіцца. «Дажыліся! — пырскаў ён слінай у твар свайму колішняму «пану» Задрапею, які пасля адбыцця тэрміну пакарання за бандытызм дажываў свой век у млыне ў якасці вартаўніка. — Ты помніш, што тут рабіў Антось? Не помніш?! Ды ты яго і не пазнаў? Ну, дык глядзі, каб я цябе не выгнаў з работы. Зарубі сабе гэта на сваім доўгім вуграватым носе, цурбан стары. Мне трэба, каб ты ўсё помніў. Нават і тое, чаго сапраўды не чуў і не бачыў».

Кажуць — пасля гэтай размовы не стала ў млыне і Задрапея. Выслухаўшы Моніча, ён моўчкі зняў з вешалкі свой суконны халат, старую пацёртую аблавушку, пасядзеў хвіліну на лаве каля дзвярэй, узброіўся сукаватым калом, што стаяў у прыхожай, і падаўся дадому, хоць там ужо, як гаворыцца, не было ні кала ні двара.

Дзіўны край — Заходняя Беларусь. Яна дала нашаму народу многа выдатных імён, мужных і самаадданых барацьбітоў з панскай навалай, а затым і з гітлераўскімі «цывілізатарамі». Я сам колькі разоў быў сведкам, з якой вялікай пашанай і любоўю гаварылі ў нас пра такіх славутых сокалаў, як Язэп Урбановіч, Іван Дабрыян, Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч, Сымон Нос, Сяргей Прытыцкі, Сцяпан Пацяруха, Арсен Балабановіч ці, скажам, Піліп Пестрак, Якуб Міско або Валянцін Таўлай.

Вядомы заходнебеларускі рэвалюцыянер і паэт Валянцін Таўлай, як мне расказвалі яго землякі на Слонімшчыне, шаснаццацігадовым юнаком быў ужо перакананым антыфашыстам і актыўна ўдзельнічаў у камуністычным падполлі. Таму, калі які-небудзь Моніч пачне гаварыць, быццам яму цяжка было сарыентавацца ў абставінах і прадоўжыць справу тых, хто па той ці іншай прычыне ўжо не мог актыўна змагацца за свабоду і незалежнасць свайго народа, я нават не пытаюся, скуль ён паходзіць і каля каго аціраўся. У баку ад усенароднай барацьбы ў большасці выпадкаў стаялі сынкі багацеяў, баптысты, талстоўцы, адурманеныя нацыяналістычнай прапагандай гадаванцы некаторых польскіх і беларускіх навучальных устаноў, дзе навучальным працэсам і духоўным выхаваннем моладзі кіравалі так званыя калабарацыяністы — бязвольныя згоднікі і панскія найміты.

Час паказаў, што ў пару самых цяжкіх выпрабаванняў для беларускага народа некаторыя з гэтых гора-патрыётаў адразу паказалі свае воўчыя зубы і адкрыта шчыравалі на фашысцкіх акупантаў. Гэта таксама былі беларусы. І не бесталентныя прытым, а заквашаныя на нашым жа заходнебеларускім суглінку. Гэта і дэзарыентавала людзей. Тыя, што, як Валянцін Таўлай, Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч або, скажам, Язэп Урбановіч, прайшлі праз камуністычнае падполле і панскія турмы, ведалі цану адшчапенцам і амаль адразу ж уключыліся ў барацьбу супраць іх.

А вось Сяргей Моніч, хоць фармальна ён і быў нават сакратаром сельскай камсамольскай арганізацыі, толькі на словах асуджаў адшчапенцаў. Фашызм сваім чорным крылом недзе, як відаць, моцна закрануў яго і надламаў. Гітлераўцы ўмелі гэта рабіць. І не толькі гітлераўцы.

У Навагрудку і яго блізкіх і далёкіх ваколіцах лютавалі так званыя маладыя беларускія хадэкі — рагулеўцы. Камандаваў імі беларускі буржуазны нацыяналіст Барыс Рагуля, малады, ды ранні дзялок ад палітыкі, кумір мясцовых антысаветчыкаў, пераважна былых солтысаў ды раскулачаных багацеяў. З хлебам і соллю аднойчы сустракаў Рагулю і Мітрафан Задрапей. Сам ён гэтага не здагадаўся б зрабіць. За кошт Задрапея тады намагаўся выпнуцца ў актывісты новага гітлераўскага парадку той Барыла, які пры панах салтысаваў у Зачэпічах. Але факт застаецца фактам: Барыс Рагуля пяліўся спадылба не на іх, а на Сяргея Моніча, які тады яшчэ аціраўся на Задрапеевым хутары. Наўрад ці Рагулю не сказалі, што ён камсамолец. Ды гэты «камандзёр» мясцовага беларускага нацыяналістычнага воінства, верхавод навагрудскага батальёна Краёвай абароны і сам дасканала ведаў амаль усіх нас. Аднак любіў, як кажуць, пазабаўляцца ў «шчырага сябра» беларускай моладзі, якая, маўляў, не ведала, што рабіла пры Савецкай уладзе. І сам ён, Рагуля, хоць і быў ужо адукаваным дзецюком, не адразу зразумеў, што яго месца ў Краёвай абароне.

Аднаго толькі не любіў гаварыць Барыс Рагуля, што ён ужо тады, як былы агент панскай дэфензівы, выконваў сякія-такія даручэнні і пана Томчака, рэзідэнта англійскай разведкі. Але праз каго ён гэта рабіў, на вялікі жаль, тады ведалі толькі Томчак ды ён сам, Барыс Рагуля.

Аднак пара вярнуцца да падзей, якія Моніч падчас тэлефонных перазвонаў назваў «ідэалагічнай дыверсіяй». Асабліва ўразілі яго тады паводзіны Дануты. Куды ж яна магла перабрацца? Хто яе адважыўся ўзяць на кватэру, ведаючы шалёны характар Моніча? Антосева маці яе некалькі разоў настойліва клікала да сябе. А потым, мусіць, перадумала, перастала нават здароўкацца з ёю. Амаль тое ж самае здарылася і з новым старшынёй сельсавета. Ён прапанаваў Дануце пераехаць з сынам да яго маці, якой «сумна адной у пустой чатырохпакаёвай хаце». А калі гаварыць праўду, чалавек хацеў, як ён потым гаварыў Антосю, выцягнуць Дануту з балота. Былому камандзіру партызанскага атрада «Камсамолец» здавалася, што Моніч не варты быў гэтай кабеты, што ён нават і з ёю вёў двайную гульню.

Але адных здагадак ды меркаванняў мала было для таго, каб нарэшце можна было прыняць правільнае рашэнне. Таму і Міхась Чыжык, мажліва, нават ужо і не ўспамінаў пра Дануту.

Але свет не без добрых людзей. Я гавару пра тых сваіх землякоў, якія не пакінулі Дануту ў бядзе, надзейна схавалі яе да пары да часу ў сябе ад Моніча і яго блудлівых сябрукоў. Відаць, ужо ніхто не сумняваўся, што гэта адпеты вылюдак. Той жа старшыня сельсавета, дачуўшыся аб яго азвярэлых выпадах супраць Антося, Дануцінага брата Метака і мяне, паклікаў да сябе ўчастковага міліцыянера і сказаў:

— Не спускай, капітан, вачэй з Монічавага кодла. Да мяне дайшлі чуткі, што ён быў падручным у Барыса Рагулі. Будзем, братка, разам выясняць гэту справу, бо наломіць, паршывец, многа дроў у нашых лясных палесцінах. Ад верных людзей ведаю, што контра ўжо яго завяла, гэты механізм зацяжнога дзеяння...

 

Цётка Ярына накрыла стол у сваёй свяцёлцы новым абрусам, прынесла з каморкі качан свежасалёнай капусты, талерку тонка нарэзанага сала, кілбасы, выставіла з хвацка адгабляванага мясцовымі ўмельцамі дубовага буфета поўны графін вішнёвай настойкі і некалькі блакітнаватых, як малады лёд, гранёных шклянак. Мяркуючы па гэтых няхітрых атрыбутах нашага вясковага побыту, у думках яна ўжо бачыла за сваім сталом маіх бацьку і маці, Стасінага мужа, які прыязджаў з Навагрудка пабачыцца з Антосем, але не застаў яго ў Зачэпічах, і... Задрапея. Апошнім часам у яго закарэлай, растрывожанай небывалымі падзеямі душы нешта ўсё ж заварушылася, ажыло: ён амаль штодзень наведваўся ў апусцелы, апячатаны следчымі органамі млын, карміў са сваёй бяздоннай кішэні Монічавага сабаку, потым спусціў яго з ланцуга і забраў да сябе на хутар. Майму бацьку, які якраз ішоў міма, глуха прашапялявіў: «Дануцінага навакольніка шкада. Ён пачарнеў бы ад журботы, дачуўшыся ад каго-небудзь, што з-за яго айчыма ледзь было не здохла ад голаду і гэтая няшчасная псіна».

З лугавіны цягнула вільгаццю, а каля Задрапеевай хаты за няўходжаным дзіравым плотам круцілася нейкая пажылая, але яшчэ рухавая жанчына ў кароткай чорнай плюшаўцы і гумовых ботах. Гэта была Барылава жонка, якая пасля вайны прыслужвала ў сельсавеце. Задрапей уважліва прыгледзеўся да яе і хутка пачаў развітвацца з бацькам:

— Бывай, братка! Карослівым казлом буду, калі гэтая круцёлка не ад айца Сікірыцкага да мяне прыбегла. У часы Пілсудскага я быў для яго «цёмным гэнаком», у дні фашысцкай акупацыі — «адстаўнога войта капцінармусам», а пасля бясслаўнай пагібелі Томчака — «ахвярай уласнай дурасці». За гэтыя мянушкі я летась і адлупцаваў яго на сваім прыгуменні. А Барыліха адлівала гэтага касцёльнага кажана вадой і цяпер пасецца тут, як цяцера...

— Думаеш, гэта галоўнае, чым яна зараз жыве?

— Думаў, — хмура ўсміхнуўся Задрапей. — А як набраўся злосці ды вызверыўся — брыдка стала. Успомні, як гэту гаротніцу Барыла муштраваў. А потым яшчэ і Томчак гнуў да самай зямлі, каб не падсабляла Ярыне, якая тады жыла ў страшэннай нястачы. Па яго міласці Барыла ўжо і на святочныя ўборы нічога ёй не даваў, казаў, што і ў будзённым гэта была калючая засцянковая шыпшына. А галава ў яго варыла, не памыліўся! Ярына ў лапухі ад разбэшчаных цемрашалаў не хавалася, выстаяла, і Барылава нявольніца, падружыўшыся з ёю, духам асабліва не падала, хоць, як і ўсе нялюбыя жонкі, жыла толькі дзеля дзяцей. Ды яна і цяпер, нябога, за іх як асінавы ліст калоціцца. А павырасталі ж ужо і разляцеліся ў розныя бакі...

— Маглі б і не разлятацца, — заўважыў мой бацька. — Па сабе ведаю, як гэта для некаторых дрэнна канчаецца. Мой лятун, бачыш, ужо вялікай крывёю расплаціўся за свае птушыныя замашкі. А як мне, яго састарэламу продку, жыць пасля гэтага? Халодная наледзь усё часцей і часцей сціскае сэрца — і ўжо ніякага спасу няма... А наконт гэтай жанчыны, — ён кіўнуў на Барыліху, якая цярпліва чакала Задрапея, прымайстраваўшыся на прызбе каля яго хаты, — я з табой, Мітрафан, цалкам згодзен. Па крайняй меры, маці яна сапраўды самаадданая і руплівая...

— Што ты гэтым хочаш сказаць? — насцярожыўся Задрапей. — Не для сваіх дзяцей і не для сябе, а на новую легкавушку айцу Сікірыцкаму гэтая кабета жылы з мяне выкручвае. У яго такіх неразважлівых фінагентак многа. Толькі не дзеля таго я рук на сябе не налажыў, каб да глыбокай старасці дагаджаць гэтаму паразіту! Пажывеш — пабачыш, колькі на яго сумленні злачынстваў. Пан Томчак, калом яму зямля, называў Сікірыцкага сваім платным духоўнікам, хоць не грэбаваў і касцёльнымі паслугамі спадара Касмовіча. Адным словам, накруцілі яны тут такіх вузлоў, што, праўду кажучы, ужо не разблытваць, а секчы іх трэба...

Аддаўшы належнае ксяндзу Сікірыцкаму, Мітрафан Задрапей не забыўся і на Моніча. Стары зненавідзеў яго за Дануту. Відаць, яна спачувала гэтаму састарэламу дзіваку. Інакш ён не хваляваўся б за яе, сцяміўшы, што над ёю навіслі чорныя хмары. А Задрапей ведаў, чым гэта пахла ў лясной глушэчы, дзе некаторыя сяляне нават уласнага ценю баяліся. Не раскажаш ім усю праўду пра Моніча, дык перастануць, саколікі, нават і заўважаць Дануту, якую ён, мабыць, ужо назаўжды абяскрыліў. Толькі Задрапей па-ранейшаму баяўся святла, не жыў, а хаваўся ад людзей, нібы той мядзведзь-шатун, у беспрасветнай адзіноце. Таму і не дзіва, што, перш чым паехаць у раён да следчага ды выгаварыцца там за ўсе гады шчымлівага маўчання, ён перадаў праз майго бацьку Ярыне, што хацеў бы хоць раз «чынна, як прыстойны чалавек» пасядзець за бяседным сталом у яе хаце, якая, па яго разліках, не была чужой і для Дануты.

Толькі адна нітка з гэтай няхітрай Задрапеевай задумкі аніяк не лезла ў збуцвелыя нічальніцы яго заваляшчых, аднаасобніцкіх красён. Аб сваім жаданні наведацца да цёткі Ярыны ён паведаміў у аўсянае жніво, на чацвёрты ці пяты дзень пасля арышту Сяргея Моніча, а прывалокся да яе ў госці толькі ў канцы лістапада, калі навакол ужо ляжаў глыбокі снег. Здавалася б, нічога дрэннага ў гэтым не было, галоўнае, што Задрапей хоць пад канец свайго змрочнага хутарскога жыцця адчуў у сабе патрэбу зрабіць нешта добрае для мясцовых «антыхрыстаў», з якімі ён некалі ваяваў. Але здарылася так, што закасцянелая марудлівасць гэтага нерастароплівага скрыпуна была нябеснай маннай для Моніча. Яго нават хацелі адпусціць пад распіску дадому. Дадзеныя ім паказанні чорнай плямай ляглі толькі на няшчасную Дануту і яе брата Метака, які нібыта моцна наслядзіў некалі на Гродзеншчыне як «перакананы польскі адвэтовец».

Гэта быў пачатак яго новай агіднай правакацыі. Моніч так захапіўся абвінавачваннямі, што нават і самога сябе не пашкадаваў — «шчыра прызнаўся», што ледзь было не трапіў у антысавецкае падполле. Метак жа гаварыў яму, быццам яго сябры — патэнцыяльныя антыфашысты, вадзіў, так сказаць, за нос Моніча. А пасля яшчэ і сястру сваю яму нахабна падсунуў. З гадавалым байструком замест пасагу. А сам — у функцыянеры польскай народнай міліцыі, дзе, між іншым, за якія дзесяць гадоў даслужыўся да падпалкоўніка. Моніч некалькі разоў намагаўся падняць трывогу і развянчаць яго, але знайшліся ўпартыя букваеды як у нашых, так і ў польскіх органах .бяспекі, якім без канкрэтных фактаў у руках нічога нельга было даказаць. Не перагледзелі сваіх адносін да Монічавых заяў гэтыя службісты і пасля крывавага нападу бандытаў на Зачэпічы. Зрабілі некалькі аблаў на крымінальнікаў, параспіхалі іх на работу ў розныя майстэрні райпрамкабміната — і ўціхамірыліся. Службовай зацікаўленасці не хапіла дакапацца да праўды. А потым усё прыбраў да сваіх рук нейкі Закруткін, чалавек маўклівы, як рыба, педантычны, — і пан Метак Жмігроцкі стаў недасягальны для сумленных людзей. Пераканаўшыся ў гэтым на сваім горкім вопыце, Сяргей Моніч наадрэз адмовіўся ад далейшых паказанняў.

Характэрна, што адгалоскі Монічавай выхадкі абраслі «неабвержнымі доказамі» яго добрасумленнасці. Асабліва стараліся раскулачаныя фальваркоўцы, пераважна былыя рагулеўцы. Але цётка Ярына сказала, што нават ксёндз Сікірыцкі ўжо не заступаецца за Моніча, якога ён некалі хваліў за нястомныя намаганні ачарніць сваіх колішніх сяброў па камсамолу. Гэта прыкметна астудзіла адвакатаў ачмурэлага правакатара.

Аднак Метаку Жмігроцкаму ад гэтага не палягчэла. Монічава заява стараннямі мясцовай рэакцыі ўсё ж такі дайшла і да яго месца работы, у Шчэцін. Таму, убачыўшы Задрапея, цётка Ярына ажно закрычала на яго:

— Прыплыў, не запыліўся, галубок! На сёмым дзесятку завітаў да мяне, цяпер ужо старой, непрыгожай, з пустога ў парожняе пераліваць, — сыпала яна, як з рукава, прапускаючы старога ў хату. — Ты ж пра Моніча зноў нічога не скажаш. А мне і ўсім людзям нашым трэба, каб сказаў, каб не пакрываў гада! І пара якраз дагодная. Хіба ты не чуў, шаноўны, што я ўжо другі месяц сяджу на вузлах, не сягоння-заўтра паеду ў Польшчу да сына? Чуў, па вачах бачу, але ў цябе, як і пры Пілсудскім, душа мёртвая. Тое, што ў маладосці ў цябе не хапіла духу адпомсціць за мяне Томчаку, — гэта яшчэ паўбяды. Твае бандыцкія вылазкі супраць савецкага ладу таксама можна было б неяк растлумачыць людзям, — быў час, калі і не такія, як ты, памыляліся. Але тое, што праз тваю міласць ніхто нічога не ведаў пра Моніча, — подласць, якой ніколі не было і не будзе ніякага апраўдання! Няўжо ты, Мітрафан, зусім ужо акалодзеў? Калі не можаш сам расказаць, хто гэта такі на самай справе, дык даручы мне свае бандыцкія сакрэты. Хіба я не заслужыла твайго даверу? Крыўдна будзе, калі ўсё застанецца так, як было. Гэта, мілы мой, можа дорага каштаваць не толькі нам, зараз ужо старым ды нямоглым, але і дзецям нашым. Ці, можа, у цябе іх ніколі не было, га?..

Задрапей маўчаў. Цётка Ярына магла б ужо і за стол яго пасадзіць. Ну чаго яна гэтак усхадзілася? Хіба Задрапей вінаваты, што зямля гэтак доўга насіла Моніча, што ніхто яго не падлавіў на злачынствах? Хто гэтаму двухтвараму Янусу давяраў, той няхай за яго і адказвае перад людзьмі. А Задрапей, калі на тое пайшло, лепш на палацях пагрэецца. Балазе і на дварэ якраз замямліла. Хутчэй бы толькі Ярына здагадалася, што яму толькі адно жыццё дадзена. Ёй што, сядзе ў цягнік ды паедзе да сына, а яму, Задрапею, яшчэ давядзецца ўсяго наглядзецца ды наслухацца ў лесе. І не толькі ад памяркоўных, вартых глыбокай пашаны людзей, але і ад рознай сапселай, а значыцца, і небяспечнай дрэні. А чым з ёю за чубы цягацца, лепш у багне ўтапіцца. Таму Задрапей толькі збянтэжана лыбіўся, слухаючы Ярыніны пацеры. Карцела абысціся «малою крывёю». Калі ж да яго слыху зноў дайшло імя Моніча — груба вылаяўся і павярнуў назад да дзвярэй. Цётка Ярына аслупянела, потым, крыху ачомаўшыся, схапіла старога за каўнер і моцна тузанула на сябе. Задрапей пахіснуўся, але не ўпаў. Чорны ад гневу, пануры, ён толькі ашалела лыпаў вачамі. Цётка Ярына, зірнуўшы на яго, усміхнулася ў кулак і строга, але без злосці сказала:

— Мусіць, у цябе не ўсе дома, Мітрафан. Глядзі, каб работнікі пракуратуры зноў самі да цябе не завіталі. Колькі разоў я гаварыла: не дурыся, жыві, як усе людзі жывуць, а ты якім быў, такім і застаўся. Скажы мне шчыра, быў ты хоць раз у раёне ці не?

— Калі ж мне было туды хадзіць? — вінавата апусціў галаву Задрапей. — Дымам з ядлоўцу абкурыў хату, каб прусакі не надакучалі, ды з дня на дзень ужо чакаў смерці. Нездаровіцца мне штосьці. А ты, Галуба, яшчэ хочаш нешта выбіць з мяне. Пра названую табой выправу ў раён я, прызнацца, не думаў.

— Ладна, бог з табою, — цяжка ўздыхнула цётка Ярына.— Не думаў учора — падумай сягоння. Пасля абеду паедзем у Навагрудак. Новы старшыня сельсавета падкіне нас туды на сваім «козліку». Дарэчы, табе не шкодзіла б крыху бліжэй прыцерціся да яго. Інакш і памрэш адшчапенцам. Ды яшчэ, можа, і не дома, а ў прочках. Дома адны прусакі будуць круляваць у тваёй хаце... Пайшлі на кухню!

— Чаго?!. Мне і тут добра.

— А мне — дрэнна. Трэба цябе, Мітрафан, падстрыгчы. Хачу, каб усе бачылі, што ты — чалавек, а не старое скрыпучае страшыдла з дрымучага лесу!

Вечна маўклівы ды змрочны, як ноч, Задрапей паволі размяк, пачаў нешта збянтэжана балбатаць Ярыне, але гэта ўжо не выратавала яго ад вострых кравецкіх нажніц і металічнай расчоскі, якія тады прадаваліся ледзь не ва ўсіх крамах хітрага на выдумкі Прынямоння.

...Пераглядаючы архівы былых фашысцкіх спецслужбаў, якія некалі дзейнічалі ў захопленых гітлераўцамі заходніх абласцях Беларусі, Антось Малочка натрапіў на спісы польскіх і беларускіх ваеннапалонных, адпушчаных нямецкім камандаваннем з канцлагераў восенню сорак першага года. Сярод іх былі і нашы землякі, толькі не з тых, кім у нас ганарыліся, а нейкія фанабэрыстыя атожылкі мясцовых багацеяў або проста маладыя, ды раннія згоднікі, калабарацыяністы. Амаль усе яны былі на алоўку і ў колішняга рэферэнта Мінскага фашысцкага камісарыята па пытаннях нацыянальнасцей, оберштурмфюрэра СС фон Цоймерна, якому было даручана мець вока на такіх «уцекачоў» з нямецкага палону. Іх агентурныя мянушкі і сапраўдныя прозвішчы красаваліся ў адным спісе з такімі «змагарамі за незалежную Беларусь», як ваенныя злачынцы Станіслаў Станкевіч, Францішак Кушаль, Барыс Рагуля... Некалькі тлустых клічнікаў стаяла там і перад прозвішчам нейкага Аляксандра Калодкі з вёскі Церабостынь, што непадалёку ад мястэчка Турэц на Міршчыне, прадстаўніка, так сказаць, мірнай, гуманнай прафесіі — трыццацідвухгадовага бакалаўра юрыдычных навук. Аб маральным вобліку яго сведчыць факт, шмат для каго яшчэ пакрыты змрочнай таямніцаю. Яго зафіксаваў усё той жа оберштурмфюрэр СС фон Цоймерн. У адной са сваіх справаздач ён з нямецкім педантызмам суха адзначыў:

«З'явіўся беларус Калодка Аляксандр, 14.ХІІ-1910 года нараджэння, нарадзіўся ў вёсцы Церабостынь Мірскага раёна (скончыў гімназію ў Вільна, вывучаў права, у 1938 годзе атрымаў званне магістра юрыдычных навук), раней жыў у г. Вільна, у цяперашні час жыве ў г. Мінску, Герберштрасе, 31, у Казлоўскага (рэдактар «Мінскай газеты»), і заявіў наступнае:

У раёне Міра расклейваюцца друкаваныя і самаробныя лістоўкі прыкладзеных узораў, а таксама перадаюцца з рук у рукі.

Лістоўкі, на яго думку, складаюць палякі, якія працуюць ва ўстановах, затым друкуюць іх і распаўсюджваюць. ён назваў мне наступных палякаў:

1. Касоўскі — бургамістр Мірскага раёна,

2. Вольскі — аграном, намеснік Касоўскага,

3. Краўчанка — адвакат, паліцэйскі ў Міры,

4. Баліцкі — настаўнік (у перыяд польска-германскай вайны ствараў атрады захопу нямецкіх парашутыстаў),

5 і 6. Энглерт і яго жонка; былы аўстрыйскі афіцэр, выдае сябе за немца, пры Польшчы выдаваў сябе за паляка, займаўся антыгерманскай дзейнасцю. Яго жонка за шпіёнскую дзейнасць у Германіі была ўзнагароджана польскім крыжам за заслугі...

Усе гэтыя звесткі Калодка сабраў у час веласіпеднай паездкі па Беларусі, па дарозе з Вільні ў Мінск.

СД неабходна праверыць іх і прыняць энергічныя меры.

фон Цоймерн».

 

Функцыянеры СД не прымусілі доўга чакаць сябе. Усе названыя ў гэтым дакуменце польскія антыфашысты былі неадкладна арыштаваны і вывезены ў невядомым напрамку. Толькі пасля вайны на Міршчыну дайшлі чуткі, што адны з іх былі расстраляны гітлераўцамі, другія загінулі непадалёку ад Баранавіч у Калдычэўскім лагеры смерці.

А дзе падзеўся спадар Калодка, які выдаў іх акупантам? Праз які месяц пасля здрадніцкай аперацыі «Веласіпед» ён быў ужо... начальнікам паліцыі горада Маладзечна і сам уважліва слухаў прадажных магістраў ад так званага беларускага вызвольнага руху. Фон Цоймерн, напэўна, быў у захапленні ад яго. Новы начальнік паліцыі нікога не шкадаваў, сам дапытваў арыштаваных і бязлітасна распраўляўся з імі.

Трэба сказаць, што і Калодкавы сябры па вучобе ў Навагрудку, а затым і ў Вільнюсе, прозвішчы якіх значацца ў службовых рапартах фон Цоймерна, як правіла, таксама пачыналі свае змагарныя кар’еры з даносаў на польскіх ды беларускіх антыфашыстаў. Але я ўжо шмат гаварыў пра гэта, таму зараз толькі звярну ўвагу на пісьмо Льва Гарошкі Барысу Рагулю, у якім Гарошка дакараў апошняга за шашні з такімі няпэўнымі «парабчукамі», як... пастух яго далёкага сваяка Мітрафана Задрапея Сяргей Моніч. Гарошка некалькі разоў бачыў яго ў Рагулі і, мабыць, заўважыў нешта такое, што яго насцярожыла і прымусіла перасцерагчы свайго неразлучнага дружка.

Ліст Гарошкі быў для нас не абы-якою знаходкай. Антось зрабіў з яго копію і забраў з сабою. Няхай і не цалкам, але Моніч быў ужо на мяжы поўнага палітычнага банкруцтва. Леў Гарошка як у ваду глядзеў, беручыся за самапіску: Рагулевы разлікі на Моніча сапраўды не збыліся, Моніч проста не справіўся з пастаўленай перад ім задачай, хоць ніколі не агінаўся, заўсёды муціў вакол сябе ваду.

Знаёмячыся з асабовымі справамі Монічавых «палітычных камандзёраў», мы хваляваліся, намагаліся самі дакапацца да праўды, добра зразумець, якія падспудныя сілы рухалі гэтымі палітыканамі. Наіўна было б думаць, быццам усе яны ад прыроды былі ворагамі камунізма, самасільна лезлі ў абдымкі да акупантаў. За гэтым стаяла пякельная сістэма не толькі псіхалагічнай апрацоўкі розумаў, выстуджвання душ антысавецкай прапагандай, але і жорсткага, няўмольнага выкручвання рук, прымусу. Не ведаючы гэтага, цяжка было разабрацца ў паводзінах таго ці іншага прыхільніка колішняга крывавага гітлераўскага «новага парадку». Жыццё навучыла нас берагчы людзей, нават калі яны па сваёй дурасці або і па перакананнях да пары да часу падсаблялі фашыстам. Хіба мала такіх адурманеных фашысцкай прапагандай палітычных недарэк вярнулася ў сваё рабочае або сялянскае асяроддзе, сумленнай працай акупілі дапушчаныя некалі памылкі. Але нават самыя перакананыя лібералы, пасівелыя ад думак пра неабходнасць больш памяркоўных адносін да былых «паражэнцаў» (здраднікамі беларускага народа, фашыстамі называць іх як быццам ужо і няёмка), не рашаліся абараняць ваеннага злачынца Радаслава Астроўскага і яго азвярэлых платных нямецкіх «вызвольнікаў Беларусі» — спадароў сабалеўскіх, кушаляў, станкевічаў, калодак, касмовічаў, рагуль. Пацярпеўшы ганебнае фіяска дома, пасля разгрому гітлераўскай Германіі, яны, як прадажныя вулічныя «прынцэсы», амаль адразу ж перананяліся да амерыканскіх мілітарыстаў і іх натаўскіх саюзнікаў. А дзеля чаго — гэта ўжо было вядома і вясковым падлеткам.

У беларускіх буржуазных нацыяналістаў ніколі не было сваіх святцаў. Многія з іх, як гаворыцца, з сямі печаў хлеб елі. Інтарэсы беларускага народа для іх — пусты гук. Гэта бачна па іх беспрынцыпнай халуйскай услужлівасці, з якой яны шчыруюць на падпальшчыкаў новай вайны, на гэты раз атамнай або вадароднай. Абы адстаяць свае эгаістычныя інтарэсы. А ўсё астатняе — камуністычная прапаганда, хоць бы што для іх.

Пакінуўшы ўсё гэтае гнілое панства на сумленні яго цяперашніх карміцеляў і паіцеляў, гэта значыць амерыканскіх мілітарыстаў, Антось яшчэ амаль цэлы месяц сядзеў у архівах Вільнюса. Менавіта там пачыналі сваю антынародную дзейнасць ледзь не ўсе падапечныя фон Цоймерна, оберштурмфюрэра СС, там некаторыя з іх практыкаваліся на даносах і правакацыях, там пад пільным наглядам рэзідэнтаў польскай палітычнай паліцыі (а камандаваў жа ёю платны агент гітлераўскага абвера Янкоўскі!) прымяралі маскі «адказных работнікаў падпольных райкомаў КПЗБ», фальшывых, зразумела, «камсамольскіх арганізатараў», «членаў трапіўшага пад уплыў камуністаў левага крыла Грамады» або проста вулічных дэбашыраў, памагатых паліцыі. Адтуль, з Вільнюса, яны распаўзаліся па ўсёй апетай Адамам Міцкевічам Літоўшчыне — па верхнім і сярэднім Прынямонні (Стаўбцоўшчына, Навагрудчына, Гродзеншчына), Вілейшчыне, Брэстчыне, Піншчыне, не мінаючы нават самых глухіх вёсачак і хутароў.

Вярнуўшыся назад у мінулае, гадоў на дваццаць — дваццаць пяць назад, у бурныя трыццатыя гады, можна было б убачыць многіх віленскіх псеўдаантыпілсудчыкаў сярод рабочых прамысловых прадпрыемстваў, гарадской і сельскай моладзі, польскай і беларускай працоўнай інтэлігенцыі. Не шмат іх было, ды навучаныя горкім вопытам працоўныя заходніх абласцей налаўчыліся, як гаварыў мне дзядзька Базыль, пазнаваць такіх «панскіх алілуйшчыкаў» па халявах, нават калі яны былі і неблагімі майстрамі брудных спраў. Аднак наслядзілі яны нямала. Час паказаў, што некаторыя псеўдарэвалюцыянеры даволі доўга хадзілі ў сапраўдных героях, а потым пазрывалі з сябе маскі і адкрыта супрацоўнічалі з акупантамі. Гэта дало магчымасць генеральнаму камісарыяту даволі хутка ўкамплектаваць дасведчанымі спецамі па камуністычным падполлі свае разведслужбы, шырока разгарнуць антысавецкую прапаганду, не кажучы ўжо аб так званых прафілактычных акцыях супраць мясцовага насельніцтва. Кіравалі імі, як правіла, былыя «хроснікі» пана Янкоўскага.

Людзі, вядома ж, даведаўшыся, хто ёсць хто, шукалі ратунку ад такіх «вызвольнікаў Беларусі», адзін аднаму перадавалі весткі пра іх або, як якіхнебудзь кручаных сабак, прыбіралі з дарогі.

Пяцідзесятыя гады прынеслі многа цікавых падзей народам Заходняй Еўропы. Не стаяла жыццё на месцы і ў нас. Дастаткова заглянуць у падшыўкі тагачасных нашых і буржуазных газет, паглядзець дакументальнае кіно, каб пераканацца ў гэтым. А вось аб руху падспудных сіл даваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу мы ведалі крайне мала. Адным гэта, як гаворыцца, было да лямпачкі, другія знарок замоўчвалі, нікому нічога не гаварылі пра варожую дзейнасць беларускіх «змагароў», бачачы ў гэтым самую вялікую і страшэнную кару для іх, трэція, да якіх заўсёды належаў і да гэтага часу належу і я, лічылі, што небяспека яшчэ не мінула, таму трэба, каб нашы людзі, асабліва моладзь, ведалі, адкуль яна можа нам пагражаць.

Праз дзесяць гадоў пасля вайны бандыты напалі на мяне ў Зачэпічах і скасілі аўтаматнай чаргой, як асуджанага на расстрэл. Не прайшло якіх-небудзь трох-чатырох месяцаў, як нехта пачаў рыць яму пад Метака Жмігроцкага, які ледзь не змалку, як некалі яго беларускія землякі са Слонімшчыны Валянцін Таўлай, Якуб Міско і многія іншыя рэвалюцыянеры, ваяваў з панамі за лепшую долю свайго свабодалюбнага народа. Толькі шчаслівы выпадак выратаваў яго ад смяртэльных абдымкаў узброенага да зубоў ксяндза-бандыта Андрэя Касмовіча. Жалезную хватку гэтага азвярэлага цемрашала адчуў на сабе мой стрыечны брат Антось Малочка, які нечакана для Касмовіча заспеў яго ў Метакавай кватэры. А колькі такіх пярэваратняў, як у сутанах, так і ў партыкулярным адзенні, бадзялася па цёмных завулках у іншых гарадах ПНР? За некалькі дзён да арышту Метак гаварыў мне, што яго падначаленыя выпадкова напалі на след нейкіх звязнікоў, якія пад выглядам турыстаў з Федэратыўнай Рэспублікі Германіі шукалі сваіх «добрых знаёмых» сярод польскіх і беларускіх перасяленцаў з Савецкага Саюза.

Розныя людзі, неаднолькавыя па ўзросту, прафесіі, палітычных і рэлігійных перакананнях, шарахаліся ад гэтых звязнікоў, таму яны хутка і заспяшаліся назад у ФРГ. Толькі самыя нахабныя і самаўпэўненыя з іх да апошняга выпрабоўвалі цярпенне польскіх улад, плявузгалі людзям розную лухту на Савецкі Саюз, хваліліся, што пабываюць у ПНР як вызвольнікі. А на допытах аказалася, што большасць з іх — платныя халуі дзядзькі Сэма, яго хлуслівых радыёгаласоў «Свабода», «Свабодная Еўропа», «Голас Амерыкі».

А нарадзіліся ж і раслі яны ў нас, у заходніх абласцях Беларусі. Вядома і тое, што не ад салодкага жыцця некаторыя з іх гатовы на ўсялякія подласці супраць свайго народа. Тым не менш дараваць ім гэта, бадай што, толькі папа рымскі можа. У яго на такія безадказныя палітычныя курбеты розуму хапае!..

Думаю, што ў гэтым мяне і Антось падтрымае. Зараз кожная сволач — Пію XII помач, казаў ён, вярнуўшыся з аўдыенцыі ў мясцовага епіскапа, які нечакана пажадаў выказаць сваё абурэнне паводзінамі прыблуднага «беларускага свяшчэнніка» ў яго царкоўных уладаннях. Толькі Антося цяжка было пераканаць, што «беларускі свяшчэннік» быў безгаспадарным саматужнікам на кляштарных харчах мясцовай польскай рымска-каталіцкай курыі. Ён успомніў, як яе свяшчэннаслужыцелі, у тым ліку і манахі, шумна звегавалі па Томчаку, калі функцыянеры лонданскага эмігранцкага ўрада грузілі на сваю самаходную баржу труну з яго астанкамі. Гарачы гэта быў дзень для міліцыі і работнікаў дзяржаўнай бяспекі. Ледзь не дайшло да крывавых сутычак з мясцовай рэакцыяй і яе духавенствам... Не суцішылася яна і пасля. Таму Антось пасля сустрэчы з епіскапам заглянуў і да Метака Жмігроцкага. Думаю, гэта быў халодны душ для нашага польскага пабраціма. Ну, як Метак мог праглядзець цэлую гайню былых польскіх фольксдойчаў, якія наляцелі на Шчэцін закамуфліраваныя пад звычайных заходнегерманскіх турыстаў?! У каго з іх было сапраўднае прозвішча, а ў каго фальшывае? Хіба цяжка было пацікавіцца, да каго і з чым яны прыязджалі, чаму некаторыя з іх вярцеліся каля аблезлай камяніцы пані Гэлены Змачынскай? Адна-дзве загадзя падрыхтаваныя вочныя стаўкі — і сёе-тое праяснілася б. Але Метак, як заўжды, на ўсё глядзеў з пазіцый звычайнага абаронцы парадку.

«Я ні ў якай меры не хачу адбіраць хлеб у асабістаў,— не раз гаварыў ён нам, хоць па праву лічыўся адным з лепшых у мінулым контрразведчыкаў. — А ў міліцыі яшчэ паслужу...» — «Служы! — злаваў Антось. — Служы і сушы сухары, пудзіла саламянае. Пакуль жывыя прывіды яшчэ швэндаюць не толькі там, за Эльбай, але і тут, у нас, я табе спакойнага жыцця не гарантую. Нават калі ты будзеш міністрам унутраных спраў! Чуеш, халера ясная, га?» Метак рабіў выгляд, што не чуе, але на самай справе і ён вельмі хваляваўся, калі заходзіла размова пра недабітых палітыканаў і тэрарыстаў.

Праўду кажуць у народзе: кожны чалавек павінен прайсці цераз свайго нягодніка, цераз свайго падлюгу. Дачка патомнага беларускага гарапашніка Базыля Калюжнага Ліда, Стасіна маці, прайшла цераз Бешчата-старэйшага, былога каменданта Жабокрыцкага пастарунка панскай паліцыі, Антосева маці Ярына Малочка — цераз Бешчатавага сябрука Томчака, мой бацька — цераз Томчака і Барылу, мы — Антось Малочка, Метак Жмігроцкі і я, раб божы Ігнат Лагода, — цераз усіх гэтых падонкаў, узятых разам, і яшчэ цераз Моніча.

Кажуць — я быў дужым, здаровым, разважлівым і памяркоўным юнаком. Бацька ганарыўся маімі поспехамі ў школе, хацеў, каб я быў лесніком або аграномам. А маці, як звычайна бывала ў такіх выпадках, ужо наглядала мне нявесту. І раптам завірыла такое, што мы не паспелі нават і развітацца як людзі.

Амаль дзесяць гадоў па страшэнным бездарожжы, збіты з панталыку, абгавораны, прыступам браў сваю Джамалунгму — шукаў выхаду з пякельнага тупіка Антось Малочка. Ужо ніхто не верыў у тое, што ён не разгубіцца, выберацца на тупкую, светлую дарогу, страшэнна стомлены, некалькі разоў прадзіраўлены бандыцкімі кулямі, але, як і раней, улюбёны ў жыццё, лагодны і дабрадушны. Толькі не з ваяўнічымі ашчаропкамі пілсудчыны, канечне. Ёсць у яго свой асабісты рахунак і да беларускіх нацыяналістаў.

Ні аднаго дня не ведаў спакою засланы да Томчака польскімі антыфашыстамі польскі ж разведчык Метак Жмігроцкі. Ён наогул для сябе не паспеў нічога ўзяць ад жыцця, калі не лічыць шматлікіх урадавых узнагарод за баявыя справы. Калі хто-небудзь і хваляваўся заўсёды за яго, дык гэта сястра Данута. Але з гадамі і яна перастала бедаваць, калаціцца за брата.

Наканаваны ёй, падбітай на ўзлёце злымі людзьмі арліцы, нягоднік ледзь канчаткова не абяскрыліў яе ў сваім змрочным бедламе пад шыльдай захірэлай зачэпіцкай мукамольні. Тым больш што, як сказалі Антосю, менавіта шматгадовы загадчык яе Сяргей Моніч раскалоўся ў Навагрудку на следстве і, акрамя ўсяго іншага, даў вельмі каштоўныя паказанні аб «злачынных» справах Метака Жмігроцкага, які на яго вачах нібыта расстраляў былога польскага солтыса Харытона Барылу толькі за тое, што той бачыў яго ў Навагрудку ў крыважэрнай свіце адшчапенца Барыса Рагулі.

Шкада, што Сяргей Моніч трапіў у рукі нейкага легкавера, які, не ўдакладніўшы фактаў, адразу ж даў ход паказанням Моніча. Барыла атрымаў за сваё па дарозе за Буг як адзін з самых верных халуёў Томчака. Моніч нават не ведае, дзе і калі гэта здарылася. А што датычыцца Рагулевай світы, дык Метак быў бы дрэнным разведчыкам, калі б баязліва абыходзіў яе, будучы «ардынарцам» пана Томчака. Дзякуючы гэтаму «памагатаму» Томчака Рагуля пад канец вайны баяўся куды-небудзь высунуцца з Навагрудка — усе яго планы, накіраваныя на «поўную ліквідацыю» антыфашысцкага падполля на Навагрудчыне, былі вядомы не толькі Томчаку, тайнаму апекуну гэтага платнага фашысцкага «вызвольніка Беларусі», але і мясцовым беларускім партызанам. Яны і не давалі Рагулю і яго хутарскім гора-ваякам ходу.

Некалі самаўпэўнены, фанабэрысты, сам сабе начальства не толькі ў штабе батальёна, але і ў горадзе, пацярпеўшы «паражку» на подступах да Налібоцкай пушчы, якую тады па праву называлі савецкім партызанскім краем, Барыс Рагуля ўсё часцей і часцей пачаў заглядаць у крышталёвы графін з самагонам. На смачныя, але слабыя заморскія віны яму ўжо і запрашаць нікога да сябе не хацелася. Затое на круку амаль кожны дзень нехта вісеў галавой уніз і павінен быў адказваць на самыя нечаканыя пытанні ачмурэлага ад страху за сваю сабачую шкуру ката. Біў ён свае ахвяры так, каб не пакідаць слядоў. Падатлівых паіў самагонам і адпускаў дамоў, маўчуноў перадаваў у камендатуру або адпраўляў у канцлагер Калдычэва. Каранасты, пружыністы, у ладна скроеным мундзіры «камандзёра» Беларускай краёвай абароны, Рагуля баязліва стрыг вушамі на кожны гук у калідорах свайго штаба. А Метак, наведваючыся да яго па даручэнню Томчака, яшчэ пацвельваўся:

— Што ж вы, спадар Рагуля, ніяк не ўгамоніце партызан? Працаваць трэба, працаваць!

Рагуля, пануры, як ноч, уважліва прыглядаўся да Метака, які быў крыху маладзейшы за яго, паныла ківаў галавой:

— Тваё шчасце, хлопча, што я мушу танцаваць і пад англійскую сапёлку твайго шэфа, інакш па табе ўжо даўно адслужылі б у лесе абедню. Гэта вам больш працаваць трэба. Па справаздачах сваіх разведчыкаў ведаю. А іх у мяне больш, чым у пана Томчака рыжых касмылёў на галаве. Зараз я — гаспадар становішча! Перадай яму, пудзіла гарохавае, што дружалюбнае нам, беларускім германафілам, нямецкае камандаванне назначыла мяне намеснікам прэзідэнта БЦР па Навагрудскай акрузе. Мая паінфармаванасць аб бандыцкіх акцыях вашага санацыйнага падполля —нядрэнны трамплінчык для далейшага руху па службовых драбінах пад эгідай вялікага рэйха. Хайль Гітлер!..

— Шанцуе ж некаторым! — прытворна ўздыхнуў Метак. — У майго дарагога начальніка сківіцы адвіснуць ад здзіўлення, калі дачуецца ад мяне, якая вы, спадар Рагуля, цяпер важная шышка. Хайль Гітлер, хайль. Аднак я на вашым месцы асабліва не казыраў бы такой бясслаўнай удачай. Лепш быць пудзілам гарохавым хоць у якім антыфашысцкім падполлі, чым верным гітлераўскім паслугачом на волі. Ёсць людзі, якія мне казалі, што ў вас ужо няма аніякага выбару...

— Прэч! Я не хачу больш слухаць цябе! — раптам узарваўся Рагуля. — Эй, хто там сягоння дзяжурыць?

У кабінет заскочылі нейкія два дзябёлыя дзецюкі ў цывільных касцюмах вясковага пакрою. Але спадар «намеснік прэзідэнта БЦР па Навагрудскай акрузе» ўжо абыякава глядзеў паверх Метакавай галавы на партрэт Гітлера і ціха, а затым усё гучней і гучней пачаў крычаць:

— Хто ж яго гэтак коса павесіў, га? Каму надакучыла насіць сваю дурную галаву на плячах? Пан Жмігроцкі, Метак, дарагі, скажыце гэтым двум ёлупням, якія прыджгалі ў Навагрудак з маіх родных Негнявіч, чаго яны заслугоўваюць пасля такіх адносін да дзяжурства. Зараз жа папраўце партрэт, кажаны неданошаныя!..

Гэта была перамога над адшчапенцам. Усё ж не хапіла ў яго духу скруціць тады яшчэ зусім маладога і маласпрактыкаванага польскага разведчыка ў барані рог. Характэрна, што і перананяўшыся да амерыканцаў, Барыс Рагуля не забываўся на Метака Жмігроцкага, не раз наводзіў пра яго даведкі для кіраўніцтва Лювенскага каталіцкага універсітэта, якое з благаславення амерыканскіх спецслужбаў школіла шпіёнаў для засылкі ў СССР. Айцец Роберт, тагачасны рэктар гэтага шпіёнска-дыверсійнага вужачніка, аднойчы нават пакрыўдзіўся на свайго новага памочніка.

— Бачыць бог, ты мяне здзіўляеш, спадар Рагуля, — з прыкрасцю выціснуў ён з сябе. — Той чалавек, пра якога ты не раз з цялячым захапленнем гаварыў мне, перакананы марксіст-ленінец. Ёсць людзі, якія выпыталі гэта ў адказных польскіх урадоўцаў. Таму не раю больш мець з ім справу. Гэта можа дрэнна скончыцца для ўсяго нашага беларускага нацыянальнага вызвольнага руху.

— Выходзіць, я дрэнна зрабіў, што не прыстукнуў яго ў Навагрудку? — захваляваўся Рагуля. — Дзякую вам за перасцярогу, ойча. Толькі няшмат карысці і ад вашых так званых упаўнамочаных прадстаўнікоў урада БНР, пераважная большасць якіх ужо на радзіме надрывае пупкі на бальшавікоў у папраўча-працоўных калоніях. Нават ужо не маліцца на вас, а выць хочацца, што цэлая паласа няўдач пакрыжавала амаль усе нашы планы арганізацыі антыкамуністычнага падполля ў Саветах.

— Ды ці табе, спадар Рагуля, дакараць рэктарат нашай навуковай установы за гэта? — крыва ўсміхнуўся айцец Роберт. — Хіба ты — змагар пярэдняга краю? Хто ж тады, калі не твая міласць, надрывае пупок пераважна толькі ў вызвольных акцыях пратакольнага характару? Але бог літасцівы, мы з часам выведзем цябе ў сапраўдныя баевікі хрыстовага воінства. Назваць тваю агентурную дзейнасць інакш ужо ніхто не зможа. Хіба што будзеш завіхацца сярод якіх-небудзь палітычных невучаў ды падхалімаў.

Думаю, айцец Роберт мог бы гэта сказаць і Сяргею Монічу, які, як цяпер ужо ўсім вядома, недалёка паў ад Барыса Рагулі, пераблытаўшы Метака Жмігроцкага з лютымі ворагамі народнага ладу, накшталт нябожчыка Томчака і яго галаварэзаў польска-беларускай клерыкальна-нацыяналістычнай гадоўлі.

 

Хто каго

За некалькі дзён да новага, 1957 года Шчэціне і яго блізкіх і далёкіх ваколіцах выпаў снег, серабрыста-блакітныя гурбы яго ляжалі на апусцелых берагах Одэра і марскім пабярэжжы, прыкрываючы голыя да гэтага пясчаныя дзюны, мох пад карэлымі соснамі на дзікіх, яшчэ неабжытых участках «высокага берага».

— Цяплей адзявайся, Ігнат, вечарам я цябе выцягну з атэля на мора, абавязкова выцягну, — радасна басіў Антось Малочка ў трубку тэлефона. — Зіма ўсё ж узяла сваё! Шкада, што заўтра мне зноў трэба ехаць у Варшаву — мы б яшчэ і на лыжах пахадзілі... Гэта лепш, чым увесь час валаводзіцца з бітымі дружкамі пані Гэлены Змачынскай... Ты хоць ведаеш, каго яны ў кастрычніку аблаташылі ў яе смярдзючай камяніцы? Усё сведчыць пра тое, што гэта быў Здзіслаў Куніцкі, заходнегерманскі турыст польскага паходжання, нейкі пранырлівы, як барсук, фольксдойчэ, адным словам. На вялікі жаль, зараз ён, як табе вядома, ужо нябожчык. Таму яшчэ няясна, чаго гэты «турыст» больш за два месяцы аціраўся ў Варшаве і Шчэціне, чаму ён ні ў чым сабе не адмаўляў і цягаўся па прыватных кватэрах. Хто ён па спецыяльнасці? Музыказнавец, да вайны ў Варшаўскай кансерваторыі вучыўся. А ў нашы дні быў госцем І Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі, які адбываўся з 10-га па 21 кастрычніка гэтага года.

— Адкуль ты мне звоніш? — спытаў я.

— Не бойся, ніхто нас не падслухае, — пачулася ў адказ. — Сягоння ж польскія каляды, усе аператыўнікі, калі яны дзе і сядзяць з навушнікамі, зараз ужо, напэўна, клююць насамі. А потым і мы ж не паны касмовічы ды куніцкія, а іх ідэйныя праціўнікі. Гучыць гэта высакапарна, суха, але затое праўдзіва. Ты згодзен са мною, га?

Як жа мне было не згадзіцца? Такіх самаадданых, напорыстых і сумленных, як Антось Малочка, разведчыкаў у сацыялістычнай Польшчы па праву называюць беспечнякамі. Колькі іх загінула ў няспынных схватках з унутранай і знешняй рэакцыяй, а ворагам народнага ладу ад гэтага не палягчэла — на месца загінуўшых работнікаў дзяржаўнай бяспекі прыходзяць новыя. Яны вераць людзям, а людзі — ім. Не ўсе, зразумела, але вераць. А нам з Антосем, калі гаварыць праўду, яны не раз і дапамагалі, хоць ведалі, што мы не карэнныя палякі, а беларусы. Асабліва, як мне думаецца, шанцавала Антосю, ён усюды быў «файным хлопцам», часткай працоўнага люду. А ён жа, гэты люд, неаднародны. Тым не менш нас гэта не палохала. Без апоры на яго, гаварыў Антось, нам цяжка будзе справіцца з рэакцыяй. Гаворачы «нам», ён меў на ўвазе польскіх марксістаў-ленінцаў. Ім такі і сапраўды нялёгка будзе будаваць сацыялізм у краіне, дзе для знішчэння ўсяго лепшага, перадавога было створана фашысцкімі «цывілізатарамі» больш за дзве тысячы канцлагераў. Хацела яно таго ці не, але непасрэдны ўдзел у гэтай «цывілізатарскай» акцыі прымала і кансерватыўнае каталіцкае (ды і не толькі каталіцкае) духавенства. Знайшліся ксяндзы, якія з першых дзён акупацыі ўцямяшвалі веруючым ідэі «непраціўлення злу», заклікалі працоўных Польшчы слухмяна выконваць загады акупацыйных улад. Гэтага патрабаваў ад каталіцкіх духаўнікоў Ватыкан, гэтага патрабавалі ад іх і ашчаропкі польскай арыстакратыі, якая як агню баялася ўласнай «чэрні».

Час паказаў, што прапаведнікі пакоры ўмелі пастаяць за свае перакананні і са зброяй у руках, як гэта рабіў ужо знаёмы нам Андрэй Касмовіч. На вузкіх кладках без увішнага дубца або аўтамата лепш было не сустракацца з імі. А мы не толькі сустракаліся, але часам яшчэ і давалі ім дарогу, каб не нарабіць лішняга грукату ў той ці іншай парафіі. Думалі — жыццё нечаму навучыць і такое незгаворлівае духавенства. Але яно, як каменнае, бывала, што нават і ў агні не гарэла...

Не ведаю, як мае сябры Антось з Метакам, а я заўсёды трымаўся напагатове, убачыўшы перад сабой ксяндза або манаха і каго-небудзь з тых, каму яны дагаджалі. Нават калі яны выглядалі бяскрыўднымі міратворцамі. Вельмі ж ужо часта гэтая хітрая брація малілася на Захад. І не гэтак на Ватыкан, колькі на Вашынгтон і Лондан, дзе, як вядома, атабарылася нямала ворагаў сацыялістычнай Польшчы. Святыя айцы толькі не ўпэўнены, што ім там што-небудзь свеціць. Буржуазная палітычная дыялектыка на працягу многіх гадоў часта была радовішчам несусветнай блытаніны. Мала таго што ў польскіх паноў не было дакладна вызначанай палітычнай арыентацыі, дык іх важакі яшчэ і дзейнічалі па прынцыпу: пан за пана хавайся! Я гавару пра пілсудчыкаў. Дастаткова прыгадаць, як яны ў трыццаць дзявятым «мужна» і «самааддана» ваявалі з гітлераўцамі, каб пераканацца, што большасць гэтых гора-ваяк перш за ўсё думала аб выратаванні ўласнай шкуры. Прытым адны гэта рабілі з аглядкай на французаў і англічан, другія — адразу ж успомнілі, што яны калісьці былі грамадзянамі Аўстра-Венгрыі, паціху аселі ў сваіх маёнтках на Падгаллі і Кракаўшчыне, чакалі палёгкі ад бога на падсуседзях у румын, славакаў, чэхаў, аўстрыякаў, трэція, самыя хітрыя і вяртлявыя, без асаблівых агаворак перайшлі на службу да акупантаў, чацвёртыя, як непрыкаяныя, бадзяліся па краіне са зброяй у руках, але са строгім загадам у асноўным выкарыстоўваць яе супраць... польскіх камуністаў і іх сімпатыяў. Гэта былі так званыя адвэтоўцы — польскія рэваншысты, пераважна адпетыя марадзёры і забойцы. Нават кіраўніцтва падпольнай Арміі Краёвай, якое нельга было западозрыць у асаблівых сімпатыях да камуністаў, асцерагалася гэтага зброду.

Але ўсё гэта ўжо ў мінулым. Польскі народ рашуча пераступіў цераз адшчапенцаў перадваеннай і ваеннай пары. У яго знайшліся сілы выжыць і здзівіць свет сваімі мужнасцю і гераізмам у барацьбе як з фашысцкімі акупантамі, так і з пілсудчынай. І ўзначальвала гэтую барацьбу Гвардыя Людова — Народная Гвардыя, да якой пад канец вайны далучыліся і многія іншыя польскія падпольныя партызанскія фарміраванні.

Рэакцыя, як відаць, надоўга запомніла гэта. Запомніла і, канечне ж, улічыла. На многія гады наперад. Так гаварыў мне Бешчат-маладзейшы, так шэптам, баязліва азіраючыся, «слямазарылі» многія іншыя выкапні былога панскага ладу. Адчувалася, што іншымі сталі стратэгія і тактыка падрыўной антынароднай дзейнасці іх. Той жа Бешчат-маладзейшы вярнуўся на радзіму, як ён сам казаў, не паліць, а будаваць масты. Аб тым, што ўсё пабудаванае потым ён павінен быў пусціць у паветра — нікому нават і ў галаву не прыходзіла. Вельмі ж гэты састарэлы крахтун мала быў падобны на такога буйнога дыверсанта. Ды жыццё, як відаць, усё ж такі нечаму навучыла яго. А тут яшчэ Стася... Бываюць жа цуды і ў рэшаце! Братава дачка спакваля канчаткова вывела з прывычнай, амаль пратакольнай раўнавагі пана Бешчата-маладзейшага, як бы вярнула яго з непралазнага балота на сонечную паляну новай, яшчэ малазразумелай для яго, але не такой ужо і страшнай рэчаіснасці, як яму малявалі яе ў Лондане. У адпаведнасці з гэтым яго настроем мне, праўду кажучы, карцела як мага хутчэй праверыць, хто з мясцовай контры мог з ім няшчадна расправіцца ў Варшаве. Міжвольна ўспомніў, што пані Гэлена Змачынская, раздобрыўшыся, магла б мне дапамагчы ў гэтым. Але ж яе не было ў сталіцы. Таму мне заставалася толькі на ўсялякі выпадак паглядзець, хто жыве ў яе варшаўскай тайнай нары на Павіслі. Балазе адрас яе мне быў вядомы.

Але... Змачынская, аднак жа, якраз бавіла час у Варшаве. Дзіўна, але факт: з яе не ўзялі распіскі аб нявыездзе са Шчэціна да канца следства па справе Касмовіча. Антось мне нічога не сказаў пра гэта, а сам я дзейнічаў па прынцыпу: «Куй жалеза, пакуль гарачае», і, вядома ж, дорага заплаціў за сваю гарачнасць.

Але не буду забягаць наперад. Можа, якраз нічога страшнага і не здарылася. Барацьба з рэакцыяй — справа тонкая. Тут лепш сем разоў адмераць, чым адзін раз адрэзаць. Пані Гэлена Змачынская аферыстка, таму, як на мой недасведчаны розум, у адносінах да яе не лішнім было б дзейнічаць з далёкім прыцэлам: мы табе дулю, а ты нам абаранак. Як злоўленая з доказамі.

Між іншым, Бешчата-маладзейшага менавіта так і аблапушылі. Стася нічога яму не паабяцала. Наадварот, яна шчыра сказала, што не ведае, дзе, на якім могільніку яго пахавае, калі людзі дачуюцца, які ён... мостабудаўнік. Стары ўважліва выслухаў яе і на некалькі дзён замкнуўся ў сваім кабінеце.

 

Неяк, вярнуўшыся з горада, Стася знайшла вуйка ў гасцінай з металічным саўком і венікам у руках. Пад круглым сталом, каля буфета і кадак з фікусамі валяліся чарапкі яго дарагіх ваз і рознага іншага дэкаратыўнага посуду. Бешчат-маладзейшы паспешліва замятаў іх венікам у савок і сярдзіта шамкаў бяззубым ротам:

— На якое ліха мне ўсё гэтае мяшчанства?! Каму я патрэбен такі? О, божа міласцівы, гэта ж самагубства!..

— Вуек, дайце я прыбяру ваш антыкварыят. Мне гэта — адзін раз мяцёлкай махнуць...

Стары паволі разагнуўся, але веніка з рукі не выпусціў. Праўда, потым толькі савок з чарапкамі, нібы загіпнатызаваны, паслухмяна аддаў Стасі. Відаць, ужо не чакаў ён, што зноў убачыць яе. Ды яшчэ якраз тады, калі ў гасцінай быў такі страшэнны беспарадак. А яна ж дасужая, адразу, напэўна, здагадалася, што да чаго. Тым не менш стрэляны верабей, трапіўшы ў непрыгляднае становішча, чырыкаць не будзе. Варта было Стасі толькі здзівіцца, як яе вуек пачаў бы віляць: маўляў, пагарачыўся крыху, перабраўшы ў памяці ўсе этапы свайго шалапутнага жыцця. А сапраўднаму рыцару плашча і кінжала, халера ясная, такіх успышак пад канец свайго бясслаўнага існавання ўжо можна было б і не саромецца. Асабліва калі амаль кожная з іх — крык растрывожанай новымі нечаканымі думкамі і падзеямі душы. Нібы адчуўшы гэта, Стася моўчкі паадчыняла вокны, прынесла з кухні вядро вады, анучу і пачала мыць падлогу.

— Чаму ж ты, гарэза, нічога не сказала, чаму не палаяла мяне? — калоцячыся ад хвалявання, спытаў Бешчат-маладзейшы. — Ведаеш, колькі ўсё гэта мне каштавала? Я не пра посуд — гэтага дабра ці, як ты сказала, антыкварыяту можна зноў нацягаць у кватэру. Я пра сам факт лютай дэпрэсіі, якая тут без цябе на мяне напала. Ведаеш, чым гэта можа скончыцца? Не? Ну дык і дзякуй богу! Мне перш самому трэба будзе ва ўсім разабрацца.

У Стасі хапіла вытрымкі не перабіваць старога Таму неўзабаве ён сам расхлыстаў перад ёю сваю душу насцеж. Калі ж яна міжвольна адхіснулася ад яго — памаўчаў крыху і сумна паківаў галавою.

— Так мне і трэба, дурню старому! — сказаў праз хвіліну. — Так мне і трэба, — і, нібы між іншым, дадаў: — Але ты не хвалюйся за мяне, кахане. Я, Стасечка, свайго крыжа не ўзвалю на твае кволыя жаночыя плечы. Не маю права ўзваліць. Праз такіх, як я, палякаў, усе вы, магільшчыкі нашы, жылі б у атмасферы істэрыі, дэмагогіі і маральнага тэрору. Усё гэта ўжо ў крыві нашай. Да вайны мы, пілсудчыкі, з лёгкасцю незвычайнай душылі не толькі рэвалюцыйны, але і любы прагрэсіўны рух і такім чынам мацавалі капіталістычны лад. Нястомнаму мацаванню гэтага ладу была падначалена і наша знешняя палітыка. А як прыспічыла бяда — яго проста не было каму бараніць. Я ж табе, здаецца, ужо некалькі разоў гаварыў пра гэта, дзіця маё. Наша парламентарная Польская Рэч Паспалітая была самай ардынарнай паліцэйскай дзяржавай. На большае ў нашых правадыроў не хапала розуму. Толькі ёсць гісторыкі, якія даўно абялілі іх. Адсюль, можна сказаць, і новыя спробы масавага тэрору ці, як нядаўна пісалі ў газетах, арганізаваных франтальных атак на сацыялістычныя заваёвы польскага народа. А дзе лес сякуць, там і трэскі ляцяць. Я гэта ўжо не раз адчуваў на сваёй скуры. І ведаеш як? У поўнай адпаведнасці з дэсперацкімі законамі санацыйнага падполля! А яно сапраўды крыважэрнае і небяспечнае. Я шчыра дзякую за перасцярогу. З маіх сваякоў ты, бадай што, будзеш самай блізкай мне па крыві і духу...

— Прабачце, вуйку, але гэта немагчыма, — раптам запярэчыла Стася. — Мы вельмі розныя з вамі людзі. Па крыві я сапраўды родная вам, а па сваіх перакананнях, па духу — чужая! На маіх вачах у новай, на гэты раз народнай Польшчы адбылося столькі абнадзейваючых падзей, што пра мінулае і ўспамінаць неахвота. А вы яшчэ не вылушчыліся з яго, жывяце надзеямі на аднаўленне буржуазнага ладу ў краіне. Гісторыя нічаму не навучыла і вашых правадыроў. Вазьміце хоць Мікалайчыка, якога англічане з амерыканцамі намагаліся праціснуць у прэм’ер-міністры ПНР як правадыра польскага сялянства. Але яго партыя, якую на Захадзе без агаворак менавалі «Польскім стронніцтвам людовым», была не людовай, а буржуазнай. Пад прыкрыццём яе як вядома, дзейнічалі падпольныя тэрарыстычныя банды, якія вялі ўзброеную барацьбу з народнай дзяржавай. Мікалайчыку гэта не прынесла жаданых палітычных дывідэнтаў, як ён сам, так і яго ліпавыя «людоўцы», на першых жа выбарах у Сейм у студзені 1947 года пацярпелі паўсюдна ганебную няўдачу і паразбягаліся хто куды, як безгаспадарныя цюцькі. Час, вуйку, няшчадна тады пакараў іх. Але ад сваіх эгаістычных амбіцый яны не адмовіліся. І не адмовяцца, пакуль мы з вамі будзем удакладняць свае адносіны да іх.

— Стоп, кахане маё, стоп! — сярдзіта заскрыпеў Бешчат-маладзейшы. — Зараз жа забяры назад усё, што ты тут мне нагаварыла! «Польскае странніцтва людовае» — даўно пройдзены этап у маім жыцці. Адыходзячы ў нябыт, ён ледзь было не пацягнуў і мяне з сабой. Але я жыццялюб, таму і без асаблівых мук сумлення парваў з Мікалайчыкам і яго зграяй палітыканаў. А чаму так здарылася — сам не ведаю. Відаць, сапраўды вельмі доўга я жыў без уласнага цара ў галаве. Прабач мне, калі гэта было ганьбай для нашага роду, прабач...

Пасля гэтых слоў пан Бешчат-маладзейшы, моцна стаміўшыся, мабыць, раптам нечакана заснуў за сталом, паклаўшы пацяжэлую галаву на скрыжаваныя рукі. Стася асцярожна накрыла яго цёплым шарсцяным пледам, каб не прастудзіўся каля адчыненага акна ў гасцінай, і пайшла ў свой пакой. Менш за ўсё ёй хацелася чытаць палітграмату састарэламу пілсудчыку. Але неяк так здарылася, што больш простых, зямных слоў для яго ў гэтай не па гадах строгай сваячкі не знайшлося...

 

Відушчыя слепакі або шляхцюкі ў сацыялізме

Дакурыўшы цыгарэту да самых пазногцяў, Антось нервова пагасіў недакурак у попельніцы сваімі пажоўклымі ад бясконцага курэння пальцамі і стомлена асунуўся ў крэсла. На Монічаву заяву ў Шчэціне адрэагавалі адназначна: пра Метака Жмігроцкага ніхто сур’ёзна і гаварыць не хоча. Раней яго як быццам усе любілі і паважалі, ставілі ў прыклад маладым. А зараз — поўная цішыня ў горадзе. Гэта калі не звяртаць увагі на злавесныя чуткі, якія нехта патаемна разносіў па ўстановах. Такім чынам рэакцыя некалі распраўлялася з актывістамі народнай улады і яе штатнымі функцыянерамі. Але гэта ж калі было! Няўжо буржуазныя спецслужбы зноў разварушылі нацыяналістычнае падполле? Пасляваенная папуляцыя ворагаў народнай Польшчы не менш небяспечная за даваенную санацыйную погань. Ад іх злосных наскокаў мала каму з нашых польскіх сяброў удавалася адмахнуцца. Былі выпадкі, калі менавіта шаптуны святкавалі перамогу. Гэта, калі гаварыць праўду, і не давала нам спакою.

У пачатку лютага з Варшавы ў Шчэцін прыехаў дзядзька Базыль. Ён прывёз нам ад Стасі яшчэ адну не менш прыкрую навіну. Адзіны сведка, які мог абвергнуць паклёпніцкую заяву Сяргея Моніча і расказаць следчым органам, хто ён на самай справе, нечакана памёр ад разрыву сэрца па дарозе ў Навагрудак. Гэта быў сумна вядомы нам усім Мітрафан Задрапей. Стасін муж ледзь не ўрэзаўся з машынай у сустрэчны грузавік, убачыўшы, як цётка Ярына трасла яго ўжо мёртвага за грудзі і плакала.

А потым, як водзіцца ў такіх выпадках, за справу ўзяліся работнікі дарожнай міліцыі і крыміналісты. Аб тым, што Задрапей ехаў у раённую пракуратуру развенчваць Моніча, напалоханай цётцы Ярыне на слова яны не паверылі.

— Ну што ж, — нібы палемізуючы з некім, цяжка ўздыхнуў Антось, — фармальна тут да іх не прыдзярэшся. Мала што ў такіх выпадках гавораць людзі. Маме трэба было адразу ж зайсці ў дзяржбяспеку. Там хлопцы што трэба сядзяць, міма вушэй яе заявы не прапусцілі б.

Ён пружыніна падхапіўся з крэсла, быццам да гэтага і не адчуваў аніякай стомы, і падышоў да мяне.

— У Шчэціне ты мне больш пакуль што непатрэбны, — сказаў з сілай, але не вельмі ўпэўнена. — Каціся, даражэнькі, да тых, хто цябе запрашаў да нас на паслявучэбную размінку. Памёр Задрапей — возьмем у абароты спадара Касмовіча. Ты мяне зразумеў? Папрасі, каб яго дапытвалі ў нашай прысутнасці.

— А што гэта дасць? — насцярожыўся я. — Касмовіч не прастачок. Я ненамнога памылюся, калі скажу, што Моніч дзейнічае па яго сцэнарыю. Інакш па якое ліха гэты бандыт папёрся б да яго цераз граніцу ў такі неспакойны час. Моніч, як таое вядома, мала каму саступаў з дарогі, хутка загараўся, мог любому з нас нагрубіць, а за Касмовічам чамусьці хадзіў ціхенькі, як цялё. Потым, калі Касмовіча не стала, калі ён, адстрэльваючыся ад работнікаў бяспекі, змыўся ў лес, Моніч анямеў ад жаху, думаў — аператыўнікі яго не крануць, яго ж усе ведалі ў раёне, але атрымалася інакш. Адсюль, на маю думку, і танцаваць трэба, разблытваючы завязаны ім вузел на Метакавай біяграфіі.

— Аднак пры мне вы маглі б гэтага і не гаварыць, — нечакана кінуў свае тры грошы і дзядзька Базыль. — Цярпець не маю ахвоты, калі два такія бывалыя сокалы цвіркунамі запелі. Тут амерыканскія долары — усяму галава. Паглядзелі б вы, як Стасіна мачыха, пані Гэлена, трасецца, калі ўбачыць на кім-небудзь з жанчын залаты пярсцёнак або завушніцы. О, гэта, можна сказаць, ненажэрная фурыя, а не кабета. Магу вас запэўніць — так сказаў бы кожны, хто меў справу з гэтай сапселай на «шалёных залатых бразготках» асобай. «Шалёнымі» яна сама іх называла, паказваючы Стасі. Потым растлумачыла: што ні бразготка, то падарунак або куш за нейкія, як яна гаварыла, пякельна рызыкоўныя паслугі.

— Якая ў вас, дзядзька Базыль, адукацыя? — суха перабіў старога Антось.

— Амаль такая ж, як і ў цябе: нагаечна-шомпальная, — сумна нахмурыўся дзядзька Базыль. Мне нават здалося, што ён пакрыўдзіўся на Антося. «Якая ў вас адукацыя?»... Ад гэтага ўжо недалёка і да пагарды. Мяне ў свой час таксама дакаралі некалі так, пад'ялдыквалі. А што датычыцца Антося, дык яго наогул мала хто прымаў сур’ёзна Пакуль не даказаў на справе, што ўсё ж такі ён яшчэ быў нечага варты. Адкуль жа ў яго прарвалася такое высакамер’е да дзядзькі Базыля, старога налібоцкага рубакі, бясстрашнага беларускага «выўратоўца» — бунтаўшчыка, ветэрана падпольнага антыфашысцкага руху? У гэтага старога было чаму павучыцца і не такім, як Антось, спрактыкаваным работнікам службы бяспекі. Не мы, а менавіта ён першы раскусіў Бешчата-маладзейшага. Зрэшты, не толькі яго. Стасін дзед ужо тады меў немалы ўплыў і на Змачынскую. Па крайняй меры, яна заўсёды з набожным страхам глядзела на яго спрацаваныя, але цяжкія кулакі і старалася як мага менш надакучаць яму сваімі вялікасвецкімі грымасамі. Проста ў прысутнасці дзядзькі Базыля, якога яна называла «святым чалавекам», гэта была нармальная жанчына. А мой стрыечны браценік...

— Папрасі ў дзядзькі Базыля прабачэння! — ціха, але з сілай шапнуў я Антосю.

— А што здарылася? — здзівіўся ён. — Хіба гэта абавязкова? Я цябе не разумею, Ігнат.

Потым, даведаўшыся, у чым справа, Антось сумна ўсміхнуўся:

— Як ты мог такое падумаць пра мяне?! Толькі што мы гаварылі з табой пра Касмовіча. Хіба без вас я даказаў бы, што ён — адпрацаваная дэталь пякельнай машыны зацяжнога дзеяння, ласкава пакінутай нам у спадчыну Томчакам і хеўрай. Па сутнасці, яна ўжо ўзарвалася. Першай ахвярай «узрыву» стаў Метак, на якога гэту «машыну» і ставілі, другой — Касмовіч. Нездарма Змачынская ад яго адраклася. Дарэчы, дзядзька Базыль нядаўна прытворна пахваліў яе за гэта. Нічога дрэннага не сказала ёй і Стася. Таму ім не грэх было б у яе і пагасцяваць крыху. Толькі, перад тым як прасіць дазвол на гэту аперацыю, мне хацелася літаральна ўсё ведаць пра дзядзьку Базыля. Не забывайся, таварыш журналіст, што я пазнаёміўся з ім толькі тут, у Польшчы.

Атрымалася ліха ведае што — самым нерастароплівым фраерам быў усё ж такі не Антось, а я, з чым, дарэчы адзначыць, дзядзька Базыль тады і павіншаваў мяне. Аказваецца, у мяне былі «дзявочыя нервы» і вытрымкі не больш, як на адну спрэчку хапала. Антось жа да ўсяго гэтага яшчэ дадаў, што ён сам паедзе ў Варшаву, каб там не перадумалі і не адправілі мяне назад у зачэпіцкія палесціны як «патэнцыяльнага халерыка». Адным словам, абодва адвялі на мне свае змардаваныя турботамі пра Метака душы, потым, усё ж такі не без майго ўдзелу, рашылі, што не дзядзька Базыль, якому і з Бешчатам-маладзейшым хапала марокі, а менавіта я павінен быў зноў трапіць на вочы пані Гэлене Змачынскай. У адпаведнасці з гэтым рашэннем у той жа дзень вечарам я зноў выехаў у Варшаву.

Гэта было ў лютым 1957 года. А ў сакавіку мяне ўжо на Павіслі падабрала «хуткая дапамога». Праўда, я ў той жа дзень падняўся на ногі. Але мае памочнікі па вылазцы на санацыйныя задворкі Варшавы, дзядзька Базыль і Стася, угаварылі мяне, каб на дні два-тры застаўся ў бальніцы. Відаць, баяліся, каб не адкрыліся старыя раны. Акрамя таго, ім паказалася, што я мала дбаў пра захаванне гасцявога статуса ў польскай сталіцы, хоць, як і я, раззбройвацца не збіраліся.

Дзядзька Базыль гаварыў:

— Нават калі ў нас застанецца толькі па дзве кулі на брата, у музей іх здаваць не давядзецца. Новыя фашысты не дазволяць нам мірна жыць, ліха іх матары!

Само сабой зразумела, што стары толькі намякаў мне пра пазіцыйную вайну з контррэвалюцыяй. ёсць многа іншых спосабаў прывесці нават самых закаранелых і спрактыкаваных палітыканаў да прытомнасці. І наколькі нам было вядома, нашым польскім сябрам гэта амаль заўсёды ўдавалася, калі не лічыць дробных прамашак. Былі яны і ў нас. Але больш за ўсё нам далася ў знакі палітыка так званага палітычнага адпружання. Гэта калі нават мацёрыя шпіёны ды правакатары падпадалі пад амністыю, гадоў некалькі гулялі на волі, часам нават прыжываліся дзе-небудзь на дзяржаўнай службе як былыя ахвяры буржуазнай прапаганды, а потым спакваля зноў пачыналі шкодзіць. Суняць гэту публіку малымі сіламі было проста немагчыма, хоць, на выпадак якой бяды, у польскіх бяспечнякоў знайшлося б і па сотні патронаў на брата.

— Наперад! Абыходзьце іх з тылу! Страляйце толькі па нагах! Нам яны патрэбны жы-вы-я-а-а —крычаў я ў бальнічнай палаце. А потым, калі варшаўскія медыкі збольшага збілі ў мяне тэмпературу, на мяне напала страшэнная меланхолія. Помню, як адна пажылая доктарка паклала мне на галаву руку і маркотна ўсміхнулася:

— Усе акоўцы ўжо ў кутузцы... Віншую з паспяховым завяршэннем аперацыі! Зараз, калі што, нам давядзецца вас з ног да галавы абкласці лёдам.

А потым зусім, як мая маці, з дакорам дадала:

— Хоць бы вы нас, медыкаў, пашкадавалі... Вас рана выпісалі дома з бальніцы, пане Лагода. Адчуўшы смяртэльную небяспеку, вы пачалі, як зацкаваны паляўнікамі алень-падранак, шукаць ратунку бог ведае дзе. Ведаеце, адкуль вас прывезлі ў нашу бальніцу? З Павісля, з пустой вілы нейкай пані Бешчат-Змачынскай. Яе падчарыца Стася знайшла вас там у такім плачэўным стане, што мы ўжо не спадзяваліся на поспех. Ай ды ваяка-забіяка! Адкуль у вас столькі дзікай непрыстасаванасці да жыцця? Вы хочаце што-небудзь мне сказаць? Не трэба. Пані Станіславе скажаце, бервяно вы гэтакае. Яна ж тут валасы на сабе праз вас ад роспачы рвала.

Доктарка ўстала. І тады я ўбачыў, што ў яе не было адной рукі. Амаль па самы локаць. У мяне закружылася галава. «Можа, тыя ж пілсудчыкі акалечылі жанчыну?! — зжахнуўся я, намагаючыся прыпадняцца на руках. Але гэта мне не ўдалося. А доктарка тым часам ужо зачыніла за сабой дзверы.

З белай да гэтага, як снег, столі на мяне пасыпаліся чорныя, парослыя мохам валуны. Многа валуноў. Цэлая гара. Калючы і нейкі агідны смярдзючы мох забіў мне вочы, рот, упіўся вострымі іголкамі ў збалелыя грудзі. Што ж гэта такое, няўжо я зноў страчу прытомнасць? Не, каля мяне зноў ужо нехта мітусіўся са шпрыцам. А потым я, мусіць, моцна заснуў, бо ўжо нічога не чуў і не бачыў, пакуль мяне не пачалі тузаць і перакладаць з ложка на насілкі.

— Трэба было яго з ложкам перакаціць у палату для цяжкахворых, — уздыхнуў мяккі жаночы голас.— Бачыце, які ён худы, паджары, а на цела тугі і цяжкі. Можа, які спартсмен...

— Калі нават і быў спартсменам, дык ужо... Паехалі выгружацца, сарокі. Хвораму патрэбен спакой. І старшая сястра яго ўжо з капельніцай чакае.

Насілкі на момант захісталіся пада мной і мерна рушылі ў калідор. Я мог бы ўжо расплюшчыць вочы і нешта сказаць, але язык не слухаўся мяне. Зноў жа і паветра я ніяк не мог набраць у грудзі.

— Ідзіце ў нагу, дзеванькі, бо ён зваліцца з насілак,— зноў захваляваўся мяккі жаночы голас. — Кожны дзень носім хворых, а хадзіць роўна не навучыліся... Стасечка, і вы тут? Адчыніце нам дзверы ў трыста пятнаццатую.

Трыста пятнаццатая... Я чуў пра гэту палату. Каб падбадзёрыць сябе, зноў паспрабаваў сесці. Мне нават удалося прашаптаць: р-раз, два, тры, чатыры, і ўсё захадзіла хадуном у маіх вачах. Чорны валун на маіх грудзях таксама закружыўся. Потым я зразумеў, што гэта была кіслародная падушка, але ўжо ляжаў ціха, прыслухоўваючыся да страшэннага звону ў галаве. У трыста пятнаццатай палаце ўжо. І не на халодных брызентавых насілках, а на рухомым ложку.

— Р-раз, два, тры, чатыры...

— Мы вас прывяжам да ложка, пане Лагода. Вы чуеце мяне?

Чаму ж не, я ўсё чуў. Больш таго — зараз жа здагадаўся, што гэта была тая, аднарукая доктарка. А як расплюшчыў вочы — убачыў незнаёмую светлавалосую маладзіцу ў белым халаце. Доктаркі ў палаце ўжо не было. Санітаркі, якія мяне прытарабанілі туды на насілках, таксама паспешліва шмыганулі за дзверы. Відаць, светлавалосая маладзіца ў белым халаце была не па гадах строгім чалавекам. Магла б хоць крыху ласкавей паглядзець на мяне або спытаць, як я сябе адчуваю, а яна адразу ж пачала рабіць мне ўколы і пераліваць кроў.

Ужо цямнела, не ў палаце, а на падворку, канечне, калі ціхенька прыадчыніліся дзверы і ў трыста пятнаццатую зайшла яшчэ адна жанчына ў белым халаце. Яна падала маёй светлавалосай мучыцельцы нейкую паперку і адступіла назад да дзвярэй. Мне здалося, што гэта была Стася. Адно грубае слова магло смяртэльна пакрыўдзіць яе, прымусіць выйсці з палаты. Мажліва, нават назаўсёды. Я ажно да крыві пагрыз губы, падумаўшы пра гэта. Але і сярод шпітальных мучыцелек бываюць анёлы. Жанчына зразумела жанчыну: Стасі велікадушна было дазволена моўчкі паглядзець на мяне, менавіта толькі моўчкі, і на гэтым сіла выданага ёй дазволу на наведанне мяне канчалася.

Аднак штосьці і пачалося, бо Стася крадком на каталіцкі лад перажагнала мяне і не выйшла, а выбегла з палаты. Мая мучыцелька паглядзела ёй услед і задумліва ўсміхнулася сама сабе. Потым яна падсела да мяне на ложак і доўга з непрытоенай трывогай угаворвала маю «светласць» выкінуць усё дурное з галавы і думаць толькі аб выздараўленні. Аказваецца, я быў «ахвярай уласнай легкадумнасці», пераацаніў свае, надарваныя цяжкімі раненнямі сілы тады, як трэба было капітальна лячыцца.

«Якая вы добрая і разважлівая», — хацеў я сказаць гэтай цудоўнай жанчыне. Але перад маімі вачамі раптам зноў замітусілася Стася, быццам яна зусім не выходзіла з палаты. «Чаго яна раптам зачасціла адна ў бальніцу? — намагаўся адгадаць я, раз-пораз правальваючыся ў глухія пацёмкі. — Хіба я даваў Стасі якую-небудзь зачэпку для такой неразважлівасці? Хопіць для злых людскіх языкоў і таго, што менавіта яна знайшла мяне, пакінутага мясцовымі бандытамі паміраць у пустым асабняку сваёй звар’яцелай мачыхі, і прытарабаніла на нейкім армейскім бальнічным грузавіку на далейшыя пакуты ў гэту бальніцу. Акрамя мяне, на бальнічным двары яна перадала з рук у рукі мясцовым крыміналістам і двух мёртвых ужо малойчыкаў, якія былі кінуты дружкамі на волю лёсу каля мяне. Гэта проста дзіўна, што яна сама ацалела. Адвэтоўцы за такія дзёрзкія выхадкі жорстка караюць сваіх праціўнікаў. Наўрад ці пахваліць Стасю і яе муж, чалавек злы, недалёкі і, як Атэла, раўнівы. Добра, што хоць пабаяўся пакінуць парадкам наседжанае ўжо сваё кулацкае гняздо ў Навагрудку недапечаны канавал гэты. Інакш... Не, біцца з ім да крыві, як хутарскі галаварэз, за Стасю я не стаў бы. Яна сама, мяркую, зараз павінна быць больш <b>рашучай, </b>калі не хоча раздзяліць горкую долю сваёй маці Ліды, у якой некалі не хапіла сілы раз і назаўжды парваць са сваім злым і нялюбым мужам.

Зрэшты, у жыцці не ўсё так проста, як гэта нам часам здаецца. Мажліва, у асобе Стасі якраз цяпер і фарміруецца сапраўды смелая, рашучая і валявая жанчына. Так на маёй памяці некалі мужнела і фізічна і духоўна цётка Ярына. Так, калі на тое пайшло, спакваля стала б арліцай і Данута, <i>каб</i> не Моніч са сваімі дамастроеўскімі замашкамі. І тым не менш, аднак жа, і яна не перарадзілася ў бяздумную мяшчанку, як была, так і засталася пасвойму разважлівай, мужнай і багатай духоўна жанчынай...

Але хто гэта зноў мяне варочае, як калоду, каму абавязкова трэба пакласці мяне на спіну? Не, гэта не Стася. З чорнага небыцця данёсся ціхі мілагучны голас:

— Не падайце духам, таважышу! Неўзабаве вам будзе лягчэй. Я гэта вам гарантую. А калі захочаце паправіцца — і паправіцеся. Вам гэта на раду напісана. Хіба што зноў неразважліва сунецеся ў якінебудзь бандыцкі прытон. І собіла ж вам аднаму ў незнаёмым горадзе так рызыкаваць!..

— Адкуль вам усё гэта вядома?! — здзівіўся я, уважліва ўглядаючыся ў твар сваёй ласкавай выратавальніцы. За яе ціхім мілагучным голасам адчуваўся энергічны, валявы характар. Але нязвыклая для медыцынскіх сясцёр паінфармаванасць крыху насцярожыла мяне. Тым больш што яна ішла ад некага з тых, хто вельмі добра ведаў мяне. А што, калі гэта былі кліенты пані Змачынскай? У маім становішчы кожны новы чалавек — новыя хваляванні. Таму я на ўсялякі выпадак адвярнуўся да сцяны. Потым рашуча скінуў з сябе рукі гэтай незнаёмай жанчыны. Але яна быццам і не заўважыла гэтага, а яшчэ больш падабрэла. Так, гэта не агаворка. Толькі яе злёгку прыжмураныя блакітныя вочы прыкметна пацямнелі, але гэта працягвалася вельмі нядоўга.

— Глядзі, Ігнат, каб яна цябе не залячыла, — усхвалявана шаптала мне Стася, пазнаёміўшыся з маёй пеленгняркай1. Да яе дайшлі трывожныя чуткі, быццам гэта была нейкая вельмі небяспечная злыбеда, мажліва, нават і спецыяльна прыстаўленая да мяне, каб не сказаў чаго лішняга шпітальнай абслузе.

Але што я мог той абслузе сказаць, калі сам яшчэ толкам не разабраўся ва ўсім тым, што са мной здарылася. А ляжаць аднаму ў палаце для цяжкахворых было сумна і нудна, таму я часта з-пад апушчаных павек непрыкметна назіраў, як мая дабрадзейка ў белым халаце іграла ролю пеленгняркі. Сапраўды, гэта была жанчына з выдатным самавалоданнем, разважлівая, назіральная. Але разгаварыць яе было проста немажліва. Зацялася, разбойніца, — і канец... А колькі ж яна магла зрабіць дабра сваім суайчыннікам як высокакваліфікаваная медсястра, каб дагаджала ўсім без выключэння хворым так, як мне! Праўда, пасля першага знаёмства з яе медыцынскімі прыёмамі ў мяне доўга зудзелі косці. Відаць, яна сілай уціхамірвала мяне, калі біўся, як рыба аб лёд, у гарачцы. Толькі ў крайніх выпадках яна і ўколы мне рабіла, казала, што на польскай зямлі людзі больш вітамінамі лечацца. На вітаміны я і налягаў. А заадно спакваля перастаў падазрона касавурыцца і на пеленгнярку. Цяпло яе мімалётных усмешак, а яны, як пазней аказалася, былі шчырымі, па-свойму сагравала маю вымушаную бальнічную адзіноту.

Аднак Стася па-ранейшаму баялася яе, гаварыла, што не супакоіцца, пакуль мяне не выпішуць з бальніцы. Яна ўжо шкадавала, што ўгаварыла мяне застацца ў ёй. У горадзе па-ранейшаму было неспакойна. Нейкія маладыя людзі з ліку так званых неарэфарматараў працёпам лезлі на палітычную арэну, на гэты раз з благаслаўлення не толькі падрыўных імперыялістычных цэнтраў, але і рэакцыйнага каталіцкага духавенства. Самі ксяндзы, як правіла, трымаліся ў цяньку, але варта было ім набожна нахмурыцца, як іх паства ўжо гыркала на народную ўладу, якая нібыта не давала жыцця веруючым. Гэта была няпраўда, але рэакцыі карцела калі не адразу, дык хоць праз дзесяць — пятнаццаць гадоў расхістаць асновы сацыялізма, а потым цалкам знішчыць яго і аднавіць буржуазныя парадкі ў краіне. Прыходзілася толькі здзіўляцца, што ніхто асабліва не пераймаўся гэтым. Наадварот, зямля поўнілася чуткамі, што з прыходам да улады загартаванага ў класавых баях рэвалюцыянера Веслава Гамолкі і яго таварышаў рэакцыя без бандыцкіх вылазак здасць свае пазіцыі.

Але так думаць маглі толькі несур’ёзныя людзі, якіх варшавяне называлі «палітычнымі слепакамі» або «шляхцюкамі ў сацыялізме». Усё яны бачылі, але не змагаліся з ворагамі народнай улады, а хаваліся за вуглы, лайдачылі. А палітыку Польскай аб’яднанай рабочай партыі многім хворым у прыватных і дзяржаўных бальніцах сталіцы растлумачвалі... манахі і манашкі. Парадокс? Вядома, не. Але, на вялікі жаль, ён меў месца ў гэтай краіне. Таму Стася думала, што і я, няшчасны, стаў ахвярай хрыстовай нявесты. З часам яна дыскрэтна пакідала нас са Стасяй адных у палаце, хоць, як мне не раз здавалася, рабіла гэта вельмі неахвотна. А за каго больш хвалявалася — не толькі, я, але і гасподзь бог, мусіць, не ведаў.

Вось і ўсё, на гэтым можна было б паставіць кропку, калі б у разгар перадвелікодных малебнаў да мяне ў бальніцу не завалілася Стасіна мачыха пані Гэлена Бешчат-Змачынская. Аказваецца, у Варшаве яна марнавала жыццё пад здвоеным прозвішчам, як якая-небудзь графіня або знакамітая шляхцянка. Прапускаючы яе ў палату, мая набожная медсястра з выклікам сказала, што без дазволу галоўнага доктара бальніцы больш нікога не будзе зводзіць з хворымі. Асабліва з такімі, як я, збалелымі, апустошанымі. Пані Гэлена Бешчат-Змачынская павярнулася на яе голас, абедзвюма рукамі прыпадняла вэлюм, які да гэтага прыкрываў яе астаркаваты, але яшчэ мілавідны твар, і знішчальна зашыпела:

— Вас чакаюць пякельныя пакуты, сястра Генавэфа. Пан Лагода мне даражэй за сына. Неўзабаве пра гэта ўся Варшава будзе ведаць. Пакіньце, калі ласка, мяне адну з ім у гэтай душнай кунсткамеры.

Пасля гэтых слоў яна зноў апусціла вэлюм і, наблізіўшыся да мяне, замерла, як цапля на купіне. Можа, нават і на адной назе якую хвіліну пастаяла, бо ледзь было не страціла раўнавагу.

— Вы што-небудзь меліся мне сказаць, пані Гэлена? — ціха спытаў я, нібы да паўсмерці закатаваны, абыякава, вяла.

— Так, мелася, але... бадай што, не скажу,— пачулася ў адказ. Аднак пакідаць палату яна не збіралася. Наадварот, пані Гэлена яшчэ бліжэй нахілілася да мяне. Яе некалі прыгожыя блакітныя вочы, як два кінжалы, упіліся ў мой твар і раптам закаціліся пад лоб:

— Езус-Марыя, што яны з табой зрабілі, радасць мая! Я пра Касмовіча і яго азвярэлых спульнікаў. Не залежвайся доўга ў гэтай захірэлай бальніцы! Папрасі, каб цябе ўладкавалі ў ваенны шпіталь. Потым, калі паправішся, мы закончым гэту , размову ў больш падыходзячым для пана месцы. Адз’ю!

Яна памахала мне ружовай насовачкай, якой выцірала пад вэлюмам вочы, і, віляючы задам, ціхенька вышмыгнула за дзверы.

У Польшчы любяць і цэняць гумар. Я пераканаўся ў гэтым яшчэ ў першыя пасляваенныя гады, калі мяне хацелі пасадзіць за абязвечанага ў Бешчатавай «Атланце» пана Томчака. Другі раз тады насмяшылі нашы сябры шчэцінцаў, калі ўчапіліся было за Антося і намагаліся прыпісаць яму забойства бацькі. А забіў жа пана Томчака, як гэта потым было даказана следствам, гаспадар «Атланты» нядобрай памяці Бешчат-старэйшы. Нейкім горкім, недарэчным гумарам аддавала ад следчай чахарды па яўна інспіраванай рэакцыяй «справе» Метака Жмігроцкага. З крывой усмешкай на абкіданых балячкамі ад прастуды губах далучаў мяне да культуры ваяўнічай экіпы — групоўкі маладых «інтэлектуалістаў», членаў праславутага клуба імя Бабеля ўжо раней названы мной сын Г. Смоляра. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што гэта быў патэнцыяльны правакатар, вораг сацыялістычнага ладу ў ПНР. Мне было прыкра слухаць яго, але многа б я паспеў пачуць і пабачыць у тым, з дазволу сказаць, клубе, каб тузаўся, як паралітык, падчас кожнай сустрэчы з такімі неарэфарматарамі польскага народнага ладу. Я тады яшчэ вельмі дрэнна разбіраўся ў палітыцы, але з «інтэлектуалістамі» трымаўся насцярожана. Адзін няпэўны рух мог перакрэсліць усе мае намаганні правільна разабрацца ў абставінах, якія тады панавалі ў маладой сацыялістычнай краіне.

Аднак больш за ўсіх «праняла» мяне сваімі недарэчнымі «жартамі» пані Гэлена Бешчат-Змачынская. Чаму яна не спытала, хто мяне гэтак «ласкава» прывеціў у яе нібыта амаль заўсёды пустой віле на Павіслі? Дактары рашылі, што я — ахвяра сваёй легкадумнасці, маўляў, рана выпісаўся дома з бальніцы, пасля цяжкай аперацыі на пазваночніку і лёгкіх. Гэта мне сказала аднарукая доктарка. Пра гэта ж некалькі разоў з дакорам гаварыла мне і мая пеленгнярка сястра Генавэфа. Балазе пані Гэлена міжвольна падказала мне, як яе называлі. А вось Стася, аб чым я і сам доўгі час не здагадваўся, была іншай думкі. Яна, як і яе дзед Базыль, больш за ўсё асцерагалася сваёй мачыхі і яе паклоннікаў і знаёмых, з якімі ёй, падчарыцы гэтай хітрай падкалодніцы, давялося не раз сустракацца ў горадзе.

У палаце яшчэ пахла дарагімі парфумамі Стасінай мачыхі, калі сястра Генавэфа прынесла мне невялічкі букецік фіялак і томік вершаў Уладыслава Бранеўскага.

— Ад каго гэта? — з цікавасцю спытаў я. — Можа, ад падчарыцы пані Гэлены Бешчат-Змачынскай?

— Вось, значыцца, як, — цяжка ўздыхнула яна, — быццам, акрамя іх, пра вас няма каму паклапаціцца ў нашай краіне. Глядзіце, каб і гэтая вясна не прайшла міма вас, пане Лагода. А вам жа, калі не памыляюся, ужо на чацвёрты дзясятак пераваліла. Мне нават не верыцца, што вы журналіст. Вы — бяздушнае палена, бяка... Пачытайце Бранеўскага. А калі ён вам не даспадобы, дык я біблію прынясу... Як і належыць забабонлівай манашцы.

— Забабонлівыя манашкі... Я нічога пра іх не ведаю, сястра Генавэфа, — паныла прамямліў я. — Калі ўсе яны такія, як вы...

— Не тужцеся мяне перайграць, пане Лагода, — сказала з непрытоеным сарказмам пакрыўджаная мной медсястра. Відаць, толькі прафесійная вывучка ўстрымала яе ад больш рэзкіх слоў. Гэта было відаць па яе гнеўным позірку і хуткіх рухах, «змікшыраваных» пасля вінаватай усмешкай. А перадаўшы змену другой пеленгнярцы, нібы між іншым ужо зусім міралюбна сказала:

— Памаленьку можаце паднімацца, хворы. Вам, на мой погляд, наканавана яшчэ жыць ды жыць! Мажліва, нават і пакахаеце каго-небудзь. Прыгожых паненак і маладзіц у нас багата. Толькі вось бяда — памяць у вас кароткая. Ды і самі вы нейкі, быццам на марожаных дражджах заквашаны, амаль цэлы тыдзень тут праляжалі і не заікнуліся мне, што ў вас ёсць брат Антось. Вось мужчына дык мужчына! За такім і на край свету можна было б ісці... Гэта ён і прыслаў вам букет фіялак з вершамі Бранеўскага. А вы... І як вам не сорамна было падазрона лыпаць на мяне сваімі халоднымі глядзелкамі! Вы прыгожы, прываблівы і грэшны, як біблейскі разбойнік Варава...

«Грэшны, як біблейскі разбойнік Варава...» Мне хацелася схапіць сястру Генавэфу за руку і прыцягнуць да сябе. Можа, яна хоць сказала б мне яшчэ, чаму Антось сам не прыйшоў на спатканне. Не хацеў дэшыфраваць мяне? Тады кім была на самай справе сястра Генавэфа, калі Антось назваўся ёй? Новая пеленгнярка глядзела на яе з непрытоенай пашанай, але без прыкрай услужлівасці, якая дзе-нідзе працвітае сярод абслуговага медыцынскага персаналу. Можна было нават падумаць, што яны абедзве былі не на апошнім месцы ў бальніцы. Але Генавэфа ў адрозненне ад сваёй напарніцы яшчэ была ў самым росквіце сіл, таму, як відаць, больш думала пра зямное. І хоць мне, праўду кажучы, было не да яе, ляжаць калодай у прысутнасці гэтай вострай на язык, калючай, але мілай варшавянкі я не мог. Нібы ўгадаўшы мае думкі, Генавэфа строга звяла тонкія чорныя бровы і пагразіла мне пальцам:

— Ну што? Усё ў божых руках, пане Лагода. А мы,— яна кіўнула на сваю напарніцу, — толькі звычайныя медсёстры. Вось падлечым вас крыху — і каго-небудзь зноў прывязуць. Наша краіна — суцэльная будаўнічая пляцоўка, а для такіх свентых і нігды неткнентых, як тая ваша феерычная пані з Павісля, гэта — месца фізічных і духоўных пакут. Кожнага, хто перастаў спачуваць ім, яны без жалю адправілі б да прабацькоў. Незалежна ад таго, наколькі вы заангажаваны ў сацыялізме. Ваш брат казаў, што пан на сваім горкім вопыце ўжо не раз пераконваўся ў гэтым. А калі ён не хлусіў, то мушу вас перасцерагчы: усё, што пані Бешчат-Змачынская і яе пасланцы будуць насіць сюды, мы будзем аддаваць на экспертызу. Беражонага адным махам яны не зжывуць са свету.

Строгі тон сказанага сястрой Генавэфай адбіў у мяне ахвоту жартаваць і задаваць лішнія пытанні. А яна, высокая, стройная, яшчэ раз пагразіла мне пальцам, насмешліва прыжмурыўшы вочы, і ціха вышмыгнула з палаты.

 

Следам за Антосем са Шчэціна ў Варшаву прыехаў і знаёмы нам ужо па Метакавай справе пан Сікора. Як ні дзіўна, але ў той жа дзень яго «засеклі» на віле пані Гэлены Бешчат-Змачынскай, затым у атэлі «Тэрмінус» у акружэнні нейкіх маладых нахабных барадачоў.

Бешчат-маладзейшы некаторых з іх ведаў.

— Вось гэты, мардасты, сутулы, — гаварыў ён Стасі, тыцкаючы пальцам у фотаздымак, — сынок пана Распэндоўскага, беластоцкага анучніка, прабачце, фабрыканта, Борух, ён жа Эдмунд Ковальскі, адзін з самых заядлых адвэтоўцаў, трацкіст, пазаштатны функцыянер маладзёжнага клуба імя Бабеля. А гэты, што стаіць побач з Сікорам, здаецца, Здзіслаў Нэйдар, публіцыст, рэдактар часопіса «Твурчосць». Сікора разам з ім бадзяўся па капіталістычных краінах пасля разгрому фашысцкай Германіі, а затым, як і я, вярнуўся на радзіму. Наколькі мне вядома, перад адпраўкай у Польшчу пана Сікору інструктаваў граф Ежы Гедройц, платны амерыканскі шэф польскага эмігранцкага часопіса «Культура», які выдаецца ў Парыжы.

— Вы цвёрда ўпэўнены, вуек, што шэф парыжскай «Культуры» Ежы Гедройц — агент ЦРУ? — захвалявалася Стася. — Чым вы гэта маглі б даказаць, калі б у вас спыталі?

Бешчат-маладзейшы дастаў з кішэні насоўку, выцер ёю змоклыя ад хвалявання лоб, карак і цяжка падняўся з-за стала.

— Што з табой, Езус-Марыя? — хрыпла спытаў ён Стасю. — Хіба я не гаварыў нікому, што хачу канчаткова парваць з мінулым? Збірайся, паедзем, калі ты ўжо так перажываеш за мяне, у Міністэрства ўнутраных спраў. Там я зраблю афіцыйную заяву.

Стася разгубілася. Антось папярэдзіў яе, каб асабліва не турбавала старога. Хапала і таго, што ён пачаў пазнаваць на фотаздымках добра знаёмых яму буржуазных наймітаў. Афіцыйная заява такога асвядомленага ў справах контррэвалюцыйнага падполля адрачэнца толькі нарабіла б многа непатрэбнага гармідару. Так гаварыў Стасі Антось, так, мусіць, яна і сама думала. Але яны не ўлічылі ўпартага характару Бешчата-маладзейшага. «Я не магу бяздзейнічаць! — сказаў ён Стасі. — Не магу, і канец! На душы цяжка, разумееш?» — «Разумею, — скрозь слёзы злосна шапнула Стася і ледзь не сілай усадзіла свайго капрызнага вуйка назад у крэсла. — Нікуды мы з вамі на ноч гледзячы не паедзем. Вось!»

Старое расхістанае крэсла цяжка зарыпела пад сваім невялічкім, але ладна ўкормленым гаспадаром. «Стася, не пакідай мяне аднаго ў гасцінай», — захрыпеў спалохана стары, і праз якую хвіліну ўжо і выбівачкай яго не разбудзілі б, так, моцна і смачна ён спаў.

У тую ноч Стася пераканалася, што гэта быў сон аблавушанага жыццём адшчапенца. Бешчату-маладзейшаму ўжо не было чаго больш траціць. Пачуццё жывёльнай роспачы і страх перад непазбежнай расплатай за здраду недабіткам свайго ваяўнічага класа ўсё ж такі паднялі яго на старыя, пасінелыя ад падагры ногі. Яны, гэтыя хворыя ногі, і прывялі Стасінага вуйка на досвітку ў Міністэрства ўнутраных спраў.

Як кожны выведзены з раўнавагі чалавек, Бешчат-маладзейшы, як потым выяснілася, нагаварыў там многа лішняга. Гэта, гаворачы словамі аднаго польскага публіцыста, унесла замэнт — замяшанне ў шэрагі ўнутранай і знешняй рэакцыі. Былі нават гучныя абвяржэнні. У польскай буржуазнай эмігранцкай прэсе, канечне. А шэф парыжскай «Культуры» Ежы Гедройц, налізаўшыся ў рэдакцыйным буфеце спіртнога, даў слова гонару, што пры першай жа нагодзе выкліча на паядынак Бешчата-маладзейшага, які, на яго графскую думку, заслужыў самага строгага пакарання.

А мы — Антось Малочка, Стася і я — гаравалі, што нічым ужо не дапаможам Метаку. Я ўсё яшчэ кантаваўся ў бальніцы, хоць быў ужо амаль цалкам здаровы, а яны, як казаў дзядзька Базыль, сохлі ад думак і згрызоты — Стася на асірацелай кватэры Бешчата-маладзейшага, а Антось на сваёй далікатнай і небяспечнай службе.

У другой палове красавіка мяне зноў наведала пані Гэлена Бешчат-Змачынская. Яна доўга прыглядалася да мяне, сказала, што я ўжо не такі страшны, як раней, потым узяла мяне за руку і падвяла да дзвярэй:

— Паглядзі, там, здаецца, нехта стаіць за імі.

— Мяне гэта не хвалюе, паглядзіце самі, — сярдзіта сказаў я, упэўнены, што пані Гэлена знарок пацвельвалася нада мной. Хто б іншы на яе месцы перш за ўсё пацікавіўся б маім здароўем, а яна адразу схапілася за сваё: здаецца, нехта стаіць за імі... Чаму ж не, стаялі. І не адзін раз, а многа, але, нібы на радасць гэтай старой сухажыльнай браскатусе, нічога не выстаялі. Пасля афіцыйнай заявы Бешчата-маладзейшага аб добраахвотным выхадзе з рэакцыйнага падполля і выкрыцця яго заморскіх фундатараў, паны сікоры, кавальскія, распэндоўскія недзе як скрозь зямлю праваліліся. Праўда, пан Сікора яшчэ паспеў прыхапіць з сабой і Касмовіча. Як ахвяру «прыкрага недаразумення». Пакуль да гарадскіх улад дайшло, што гэта была дзёрзкая палітычная дыверсія, арганізатара яе і след прастыў.

А Метак Жмігроцкі тым часам усё ніяк не мог выблытацца з хітра расстаўленых на яго сетак. Антось толькі пасля ўцёкаў Сікоры атрымаў было дазвол на сустрэчу з ім. Метак, даведаўшыся пра гэта, страшэнна абурыўся і папрасіў Антося, каб неадкладна папрасіўся на прыём да таварыша Веслава, штабісты якога некалі закінулі яго ў банду Томчака. А таварышам Веславам, як вядома, польскія антыфашысты ў дні вайны называлі Уладыслава Гамолку. Таму Антось адразу ж кінуўся ў Варшаву каб як мага хутчэй прабіцца да яго ды падсабіць Метаку. Акрамя ж усяго ён яшчэ і хварэў ці, як зларадна гаварыў мне Сікора, паміраў ад лейкаміі.

На прыём да таварыша Гамолкі папрасілася і... Скажу шчыра: я доўга не верыў у гэта. Але Антось, а затым і сястра Генавэфа, якая аказалася кадравай работніцай дзяржаўнай бяспекі, некалькі разоў запар дуэтам паўтарылі мне, што на прыём да новага кіраўніка ПНР па справе Метака Жмігроцкага папрасілася і Магда Марчукова, па мужу Гаеўская, патомная рыбачка, былая актывістка Польскага сацыялістычнага Саюза моладзі і наша шчырая-прашчырая сяброўка.

— Прынеслі б вы мне чаго-небудзь выпіць, — сказаў я Антосю і Генавэфе. — У мяне ж інфаркт будзе, калі Магда раптам з’явіцца на гарызонце.

Але замест Магды Марчуковай-Гаеўскай, якая пасля канфідэнцыяльнай размовы з Гамолкам неадкладна была прынята міністрам унутраных спраў і выехала ў Шчэцін, перада мной узнікла пані Гэлена Бешчат-Змачынская, таксама жанчына, таксама палячка, толькі са сваім комплексам. Калісьці, як і Магда Марчукова-Гаеўская, яна была маладая, прыгожая, лічыла сябе патрыёткай, вернай дачкою мужнага, працалюбівага і гасціннага народа, аднак не стала нават маткаю, змарнатравіла сваё жыццё на дробныя палітычныя інтрыжкі і правакацыі.

Ні поўнай кампраментацыі Польскай рабочай аб’яднанай партыі, ні палітычнай дэстабілізацыі і падзення народнага ладу яна так і не дачакалася. Расчаравана азіраючыся вакол, такая, з дазволу сказаць, патрыётка магла груба лаяцца, ірваць на сабе валасы, страляць. А Стасіна мачыха пані Гэлена Бешчат-Змачынская яшчэ і разносіла розныя плёткі. Ведаючы пра гэта, я не сумняваўся, што менавіта яна заўсёды, як гаворыцца, поедам ела нас, а калі не магла нічым дацяць — ішла на любыя правакацыі. Або співалася да нуля і плакала.

Ці трэба гаварыць, што гэта былі злыя, няшчырыя слёзы. Таму на мяне, як правіла, ніякія лірычныя ўсхліпы не дзейнічалі. Па просьбе Антося я толькі дзеля «спартыўнага інтарэсу» цярпеў гэту дзівакаватую асобу.

А ў той вясновы дзень, калі пані Гэлена, нечым устрывожаная, цягнула мяне за руку да дзвярэй, каб паглядзеў, ці стаяў хто-небудзь за імі, я злавіў сябе на думцы, што, па сутнасці, гэта зацюканая адвэтоўцамі няшчасная кабета. І ледзь было зноў не папаўся на яе хітра замаскаваны ў жаночых крыўляннях кручок. Пераканаўшыся, што ў калідоры нікога не было, яна збянтэжана шапнула:

— Я, мусіць, неўзабаве звар’яцею, пане Лагода. Ніхто так, як ваша міласць, не заінтрыгаваў мяне. Нутром чую — занясло пана на абочыну ад цэнтральных дарог, а дружкам — сваё ў галаве.

— Мажліва, — згадзіўся я, прымасціўшыся на падаконніку. — Зараз што ні чалавек, то загадка. Але ў паддаўкі з вамі, пані Гэлена, я гуляць не збіраюся. Нехта ж усё-такі паклапаціўся, каб я не акачурыўся ў вашай неспакойнай краіне. Больш таго, я дакладна ведаю, што вы ў гэтай гуманнай акцыі ніякага ўдзелу не прымалі. Наадварот, менавіта на вашай віле нехта намагаўся сярод белага дня калі не забіць да смерці, дык назаўжды акалечыць мяне. Але, як бачыце, я зноў на нагах. А як выпішуць, дык, напэўна, яшчэ не раз і да вас завітаю. І ведаеце чаго?

— Ведаю. У пана гэта на твары напісана, — спакойна адказала пані Гэлена і, акінуўшы мяне злым, халодным позіркам, дадала, што менавіта таму яна другі раз пафатыгавалася да мяне ў бальніцу. Любая недамоўленасць у такіх выпадках, на яе думку, магла пацягнуць за сабой новыя непрыемнасці. А я быў «сімпатычны» пані Гэлене, хоць яшчэ пры жыцці яе «камуфляжнага» мужа Флёрыяна Бешчата, царства яму нябеснае, некалькі разоў адкрыта прадэманстраваў перад ёю «нулявы варыянт» мужчынскай ветлівасці і павагі. Праўда, у кожнага чалавека ёсць свае погляды на жыццё, кожны неяк стараецца даказаць уласную выключнасць жанчынам, але я мог бы крыху суняць падхопленую ў шчэцінскіх піўнушках антыпатыю да іх.

«Што ёй ад мяне трэба?» — думаў я, слухаючы Змачынскую. Не па гадах спартыўная, падцягнутая, інтэлігентна стрыманая, але калючая, яна выгаворвала мне ўсё, што накіпела ў яе на пакарэжанай мяшчанскімі забабонамі душы. Але ў яе мілагучным грудным голасе чуліся і пагрозлівыя ноткі. Таму я злез — саскочыць я яшчэ не мог — з падаконніка і, наблізіўшыся да яе, хмура сказаў:

— Не з таго канца вы пачалі, пані Гэлена. Вам трэба як мага хутчэй змывацца з Варшавы. Я чуў ваша мецца-сапрана ў віле на Павіслі. Калі вы не супраць, дык я магу на пальцах пералічыць і тых, хто там быў з вамі.

— Не трэба, — запярэчыла яна. — Здаецца, я сапраўды дала вам зачэпку для абвінавачванняў. Але вы, пане Лагода, можа, таму і жывяце, што я там была. Мая віла на Павіслі — уласнасць пана Сікоры. Так, так, не здзіўляйцеся, іменна ён, той самы «праведнік» Сікора, што папсаваў з маім колішнім духаўніком Касмовічам кар’еру пану Мечыславу Жмігроцкаму, атрымаў гэту разваліну ў спадчыну ад свайго таткі, які зараз дажывае свой век у Парыжы. У Варшаве яго чацвертавалі б за крывавыя злачынствы на радзіме.

— Думаю, яму і ў Парыжы не паздаровіцца, — сказаў я, шлэбаючы ў мяккіх палатняных тапках па палаце.

Змачынская кпліва ўсміхнулася. Яна ведала, што ў ваенных злачынцаў было нямала адвакатаў. І не толькі на буржуазным Захадзе, але і ў самой Польшчы. Яны ўпарта гудзелі: «Людскія крыўды — дробязь у параўнанні з вечнасцю, будзьце па-хрысціянску літасцівыя да сваіх блізкіх, нават калі яны былі фашысцкімі памагатымі, не ўспамінайце старых крыўд!» А чыя гэта была песня, каму выгадна было прапаведаваць гэту «хрысціянскую літасць» да адпетых нягоднікаў, можна было даведацца з буржуазных газет, якія адкрыта прадаваліся ў Варшаве на глухіх вуліцах і завулках.

А мая субяседніца і сама нечага варта была. Таму яе ўсмешка настроіла мяне на ваяўнічы лад. Заставалася ёй толькі лішні раз у чым-небудзь упікнуць мяне — і адвэтоўцы не далічыліся б адной сваёй спрактыкаванай функцыянеркі. Колькі яна нарабіла нам шкоды! А як Сікора выпусціў на волю Касмовіча і сам «растварыўся» ў контрэвалюцыйным падполлі — затрэслася асінай ад жаху. Яна бачыла іх у «рабоце», ведала, што абодва яны ненавідзелі яе як апошнюю з тых «хрысціянак», якіх варшаўскія жартаўнікі называлі «сінімі панчохамі». І хоць яшчэ нічога не прадвяшчала бяды, пані Гэлена не знаходзіла сабе месца ў Сікораван віле на Павіслі. Зноў жа і ў Шчэцін ёй дарога была закрыта.

Але вось у палату зайшоў Антось Малочка. І не адзін, а з Бешчатам-маладзейшым і Стасяй. Усе ў лёгкім вясновым адзенні, з нейкімі пачкамі і кветкамі ў руках. Пані Гэлена адвярнулася да акна, хвіліну падумала і заспяшалася да дзвярэй.

— О, не, мы вас не выпусцім адсюль, пані Змачынская, — сказаў Антось, шырока расставіўшы рукі. — Мы ведалі, што вы тут. Адзін ваш стары знаёмы вачэй не зводзіў з параднага ўваходу ў бальніцу. Мяне ён адразу пазнаў і хацеў пусціць у ход зброю, але... Вам, пані Гэлена, дрэнна?

— Хто гэта быў?

— А-а, вось яно што, — Антось папрасіў Стасю, каб прынесла мачысе шклянку вады, а сам сабраў у адно месца ўсе пачкі, паклаў на іх кветкі, прычасаўся.

— Дык хто ж гэта ўсё-такі быў? — зноў заныла пані Гэлена. — Не мучце мяне, пане Антось. Я ведаю, што вы ад бяспекі. А тыя... Што ж ім ад мяне трэба? О, божа, няўжо гэта быў Касмовіч?

— Касмовіч, пані Гэлена, Касмовіч, — пацвердзіў Антось. — Мы з вамі недаацанілі гэтага сцярвятніка. Вы як свайго духаўніка і падсобніка, я — як «змагара за незалежную Беларусь». Калі б яму сягоння ўдалося ўцячы, — ён зірнуў праз акно на вуліцу і зноў павярнуўся да Змачынскай, якая, прысланіўшыся да сцяны, нервова абмахвала хустачкай пасінелы ад хвалявання твар. — Прысядзьце каля акна, — параіў Антось. — Стася прынясе вады, і вам палягчэе...

Змачынская паслухмяна выканала Антосеву параду. Гэта ўжо была не тая падцягнутая «спартсменка» з насмешлівымі і злымі вачамі, а разбітая дзікім страхам пажылая кабета, якой заставалася «тры чвэрці да смерці».

— Гляджу я на вас, пані Гэлена, і захапляюся, — зноў загаварыў Антось. — Вы — цуд жаночага роду.

Але не забывайцеся, што ёсць мера і нашаму цярпенню. Калі ёсць розум — ідзіце самі ў бяспеку. Зараз жа. Інакш вас ужо ніхто не выратуе ад вашых жа хаўруснікаў па здрадзе.

Калі Бешчат-маладзейшы, па-змоўніцку падміргнуўшы нам, вывеў яе за дзверы, Антось далікатна падштурхнуў да мяне збянтэжаную Стасю і строга сказаў:

— Я адвярнуўся. Павіншуй гэтага вучонага недарэку з днём нараджэння і выпіскі з бальніцы. Думаю, для вас абаіх зараз гэта самае вялікае і радаснае свята...

Думаць усё можна! Аднак Антось не павінен быў так гаварыць. Рэаліст па натуры, тут ён яўна перастараўся. Стася ад яго непрадуманых слоў раптам пабялела як палатно. Відаць, яна канчаткова яшчэ не пераступіла цераз сваё няўдачнае замужжа, мажліва, нават наогул разлюбіла мяне, а гэты саманадзейны рыжагаловы балака сам усё рашыў за яе. Стася перастала б сябе паважаць, каб прабачыла яму гэта. Некалі ціхая, паслухмяная, зараз яна...

Ды што гаварыць, зазлаваўшы на Антося, гэтая маладая «гэначка» (ад полькі ў ёй нічога не засталося) не стала і на мяне маліцца — суха павіншавала з днём нараджэння і паспешна вярнулася назад да дзвярэй.

Антось збянтэжана пачухаў патыліцу. Нічога лепшага не прыдумаў і я. Толькі Антось ужо нешта гаварыў Стасі, а я — стаяў як укапаны пасярод чыстай, залітай сонцам палаты і не ведаў, што рабіць, куды схавацца ад сораму. Пакрыўджаным я сябе не лічыў. Прафесійнае чуццё падказвала мне, што яшчэ не ўсё страчана. Інакш Стася ні на адну хвіліну не затрымалася б, не стала б слухаць Антося. Але, уважліва аглядзеўшы сябе, я ледзь не закрычаў ад роспачы. На мне ж усё вісела, як на агародным пудзіле. Падняў перад сабой змарнелыя кастлявыя рукі — трасуцца! Бясконцыя аперацыі, як відаць, не нашмат часу прадоўжылі мне жыццё. Не скажу, што я раней не здагадваўся аб гэтым. Само сабой зразумела — добрага настрою гэта не прыбаўляла. Здароўя таксама. Таму, праўду кажучы, страшнавата было аднаму заставацца ў палаце.

Хіба мы дзеля таго да крыві біліся ўсюды за новае жыццё, каб паміраць у адзіноце? Што б яно тады было варта? Асабліва ў такіх краінах, як Польшча, дзе кожная зладзейская акцыя накіравана супраць нас, камуністаў. Гэта многае рашыла ў маім жыцці. Я нават стаў больш даражыць ім, але не да такой ступені, каб апусціцца да жывёльнага страху перад смерцю.

Ад сціпласці ты не памрэш, скажа Антось, прачытаўшы гэтыя радкі ў маім блакноце. Але я напісаў гэта не для яго, а для тых, хто ўсё яшчэ палахліва хрысціцца, сустрэўшыся з намі. Колькі ж можна цярпець такое?! Ці не найшла гэтая нябесная пошасць і на Стасю? Хоць бы дала мне крыху часу на роздум. Мажліва, я і сам знайшоў бы ў сабе сілу... Не, гэта звыш маіх сіл! Не магу я адным махам вырваць яе са сваёй душы, з сэрца. А ведаю ж, што гэта непазбежна, што, напэўна, усё так і будзе, калі нават Стася і не разлюбіла мяне. Навошта ж ламаць ёй жыццё? Дні маі злічаны. А ёй яшчэ жыць ды жыць... Сто бочак пораху! Усё ж нездарма я некалі рызыкаваў сабою, каб не загрузнуць назаўжды ў эгаізме, ад якога, калі гаварыць праўду, недалёка было і да здрады. Балазе менавіта здраднікі не раз і прымушалі нас ісці на крайнія меры.

Аднойчы наш апякун Ян Новак канфідэнцыяльна шапнуў мне, што беларускія нацыяналісты дамовіліся паціху прыстукнуць мяне як лютага ворага рагулеўцаў і самога Рагулі. Адрас іх «змагарнай» (чытайце: шпіёнска-дыверсійнай) штаб-кватэры я ведаў, таму адразу і накіраваўся туды. З практыкі знаў, што Ян Новак абавязкова падстрахуе мяне сваімі асведамляльнікамі. А баязлівыя, як суслікі, змагары маглі прыняць іх і за целаахоўнікаў.

Мой нечаканы візіт літаральна заспеў у нядобры час усю гэтую брацію — у штаб-кватэры не было ні аднаго баевіка, а я быў злы, як д’ябал. Можна было не сумнявацца — мая дзёрзкая выхадка там была расцэнена як выклік на смяртэльны паядынак кожнага, каму карцела неадкладна расправіцца са мной.

Разам з тым, па словах нейкага Юркі Віцьбіча, якому ^ было даручана ўціхамірыць мяне, у маёй «нашпігаванай нянавісцю ды грубымі мацюкамі» асобе паны бебурнацы ўбачылі «паказальны палец божы», які перасцярог іх, каб асабліва не захапляліся бяздумным тэрорам. Відаць, у штаб-кватэры ведалі, што акрамя пана Яна Новака мной вельмі зацікаўлена апекавалася і яго неўгамонная палавіна. А перабягаць гэтай хітрай палітыканцы ў яе зорны час маглі толькі вар’яты або такія ж, як і яна, аферысты.

А мае разлікі менавіта на гэтым і былі пабудаваны. Не адразу, зразумела, а пасля таго, як дасканала асвойтаўся са своеасаблівым бегам часу і расстаноўкай нашых закаранелых ворагаў у здрадніцкім свеце.

Але чаму я раптам загаварыў пра свае прыгоды за межамі ПНР? Каму гэта сягоння цікава, дзе, калі і як нейкі Ігнат Лагода шчасліва выкручваўся ад польскіх і беларускіх квіслінгаўцаў? Ёсць людзі, якія і не ў такіх перапалках пабывалі. Уся гісторыя Польшчы ваенных і пасляваенных гадоў — неабвержнае сведчанне масавага гераізму яе грамадзян. Гаворка ідзе пра сапраўдных марксістаў-ленінцаў і тых, каго яны ў складаных умовах класавай калатнечы паўсямесна спакваля паднялі на бескампрамісную барацьбу з рэакцыяй. Калі быць дакладным, іменна таму многія з іх і расплаціліся за гэта жыццём. Кінутая некім з гэтых сокалаў фраза «Лепш памерці з чыстым сумленнем, чым жыць на «каленях» стала надзвычай папулярнай і крылатай у народзе. Значыць, лёд ужо зрушыўся —працоўныя зразумелі, з кім маюць справу. Той жа платны амерыканскі радыёскрыпун Ян Новак, які не раз паклёпнічаў на польскіх камуністаў, асцервянела б’е ў набат, што яго ведамства без дадатковых субсідый не можа пакрыжаваць іх планы.

Не «пакрыжуе» яно ні адной сур’ёзнай задумы камуністаў і з субсідыямі. Хіба што ўсе буржуазныя радыёгаласы будуць падвываць «Свабоднай Еўропе», як гэта было ў час венгерскіх падзей. Але не будзем забягаць наперад. Мяркуючы па афішах, расклееных на вуліцах горада, Варшава 1957 года пасля наканаванай ёй народным ладам напружанай працы вечарамі слухае канцэрты японскай піяністкі Куото Танака, чэхаславацкага дырыжора Вацлава Сметачэка і сваёй славутай суайчынніцы — спявачкі Эвы Бандроўскай-Турскай. Я некалькі разоў чуў яе цудоўнае сапрана. Але гэта было там, на Захадзе. Хацелася б паслухаць яе і ў Варшаўскай філармоніі, у роднай, так сказаць, стыхіі. Усё не так моташна было б на душы.

Аднак і на гэта, як відаць, у мяне ўжо не знойдзецца часу. Ды, калі на тое пайшло, можна пражыць і без канцэртаў. Пераканаўшы сябе ў гэтым, я са штучнай бадзёрасцю заявіў Антосю, што крыху адпачну ў атэлі ад строгіх бальнічных парадкаў і пачну прыводзіць да ладу свае нататкі.

— Прыводзь, — хмура загрукатаў Антось сваім надтрэснутым басам. — Зараз для цябе гэта сапраўды, бадай што, самае галоўнае. Акрамя далейшага лячэння, вядома. Толькі не налягай на цыгарэты і каву. Ты павінен праявіць максімум вытрымкі, чорт неўгамонны!..

Праявіў! Замкнуўся ў нумары на ўсе зашчапкі і грыз кулакі ад злосці на сваю бездапаможнасць. Потым пакінуў кулакі ў спакоі, прыняў душ, напяліў на сябе святочны касцюм і выйшаў на вуліцу. І назад у атэль вярнуўся толькі пасля таго, як шчасліва запісаўся на прыём да Гамолкі — хачу асабіста як умею падзякаваць яму за поўную рэабілітацыю Метака Жмігроцкага. Няхай сабе і пасмяротную. Як бы там ні было, але гэта яшчэ адзін вельмі адчувальны ўдар па ўнутранай і знешняй рэакцыі. Тым больш што на Метаку Жмігроцкім спякліся рафінаваныя спецы ад палітычных інтрыг і правакацый.

У атэлі «Тэрмінус» ціха, як у падвале. Мяккія дарожкі, кілімы глушаць не толькі крокі, але і галасы нешматлікіх насельнікаў яго. Для мяне гэта... Вось так!.. А я думаў...

 

Заўвага аўтара: Ігнат Лагода не паспеў упарадкаваць свае нататкі. Праз некалькі дзён пасля выпіскі з бальніцы яго не стала. Труна з яго астанкамі стаяла ў адным з вестыбюляў Палаца дружбы... Прыязджалі бацькі. Сваё спачуванне ім выказалі не толькі прадстаўнікі мясцовых улад, але і радавыя палякі.

Падкія на сенсацыі карэспандэнты буржуазных газет і часопісаў, акрэдытаваныя ў Варшаве, нейкім чынам вынюхалі, што нябожчык не паляк, а беларус і да апошняга часу быў чынным функцыянерам польскага палітычнага вышуку. Гэта дало ім багатую страву для фантастычных здагадак. Антось, узброіўшыся каменным цярпеннем, спакойна абвяргаў іх, гаварыў, што яго стрыечны брат Ігнат Лагода быў звычайным зямным чалавекам. Але гэта нікога не пераконвала. Вянкі ад міністэрстваў унутраных спраў, нацыянальнай абароны ПНР і Савецкага пасольства ў Варшаве гаварылі аб адваротным і наводзілі настырных іншаземцаў на непрыемныя для іх думкі.

Дзе Ігната Лагоду пахавалі? На вайсковых могілках у адным з прыгарадаў Шчэціна побач з магілай Метака Жмігроцкага. Такой была яго апошняя воля, паспешна занатаваная на нескарыстаным білеце на канцэрт польскай спявачкі Эвы Бандроўскай-Турскай, які меўся адбыцца ў Варшаве 5 красавіка 1957 года.

Мне гэтая дата чамусьці запомнілася на ўсё жыццё. І не толькі таму, што разам з Ігнатам Лагодам адышла ў нябыт і некаторая частка мяне, яго, так сказаць, літаратурнага бацькі. Справа ў тым, што гальванізаваныя вашынгтонскімі «крыжаносцамі» недабіткі польскай санацыі пасля цэлага шэрагу ганебных правалаў яшчэ больш азвярэлі. Сацыялістычны лад у Польшчы даводзіць да ультралевага шаленства і неатрацкістаў нейкай прасіянісцкай папуляцыі амерыканскай гадоўлі. На маім настольным календары сягоння 5 красавіка 1984 года. Заўтра ў Варшаве будзе засядаць Сейм Польскай Народнай Рэспублікі. На парадку дня яго — жыллёвае будаўніцтва, замена статута прафесійных саюзаў, стварэнне Акадэміі грамадскіх навук і многае іншае, самае зямное, мірнае. А рэакцыя ажно са скуры вылазіць, каб зноў падняць які-небудзь вэрхал у краіне, нарошчвае падрыўныя акцыі супраць ПНР. Дастаткова сказаць, што нават шырока разрэкламаваная Захадам «дабрачынная дапамога» палякам ператварылася ў заўсёдашні канал сувязі паміж дыверсійнымі цэнтрамі за рубяжом і падпольнымі групоўкамі. З гэтых цэнтраў, як ужо не раз адзначалася ў польскім і нашым, савецкім, друку, актыўна кіруюць літаральна кожным рухам падбухторшчыкаў і адшчапенцаў, у іх распрацоўваюць новыя планы падрыўных і правакацыйных акцый.

Думаю — настаў час і мне сёе-тое расказаць пра гэта ў пасляслоўі да незакончанай аповесці Ігната Лагоды. Толькі лагодным, як і ў яго, гэты расказ не будзе!..

 

1 Пеленгнярка – медсястра (польск.).

Замест эпілога

...І здарылася тое, што павінна было здарыцца: інспіраваная вашынгтонскімі «крыжаносцамі» шырокамаштабная падрыўная антысацыялістычная кампанія супраць Польскай Народнай Рэспублікі пад кодавай назвай «Аперацыя Палонія» ганебна правалілася. Глабальныя амбіцыі ваяўнічых верхаводаў буржуазнага свету, мякка кажучы, разышліся з рэальнымі магчымасцямі. Палітычныя хіраманты з чорнай сотні спецаў «па язвах камунізма» жорстка іх ашукалі. Польшча, як заявіў Першы сакратар ЦК ПАРП, Старшыня Савета Міністраў ПНР Войцех Ярузельскі, «была, ёсць і будзе сацыялістычнай». У той змрочны для імперыялістычных урадаў дзень — 13 снежня 1981 года — перад тварам навіслай небяспекі контррэвалюцыйнага перавароту ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча. Гэта моцна астудзіла ўнутраную і знешнюю рэакцыю. Больш таго, яна назаўсёды страціла вельмі выгадны плацдарм для далейшых ідэалагічных дыверсій у краінах сацыялізма, у тым ліку і ў СССР.

Аднак было б наіўна думаць, быццам на гэтым усё скончылася.скончылася. Ёсць вельмі сур’ёзныя падставы меркаваць, што нашым польскім сябрам яшчэ не раз давядзецца адбівацца ад азвярэлых наскокаў антыкамуністычных сіл. Паўзучая контррэвалюцыя жывучая, як пырнік. Адным махам яе не выкарчуеш. Асабліва пасля таго, як учэпістыя пасынкі гэтага прасякнутага заалагічным антыкамунізмам «пустазелля» аплялі і асобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Ды гэта і не дзіўна, калі ўлічыць, што апошнія гады яна была аб’ектам асаблівай зацікаўленасці ЦРУ і некаторых іншых буржуазных разведак. З іх дапамогай павылазілі на творчую арэну розныя «дзеячы» культуры, ад якіх заўсёды нясло і нясе нігілістычнай пагардай да народнага ладу. Вось чаму трэба, каб людзі як мага хутчэй даведаліся, да якой з сямі пар нячысцікаў адносіцца кожны з такіх пярэваратняў. На фронце ідэалагічнай барацьбы ў шапку драмаць нельга. Гэта павінна стаць аксіёмай для ўсіх нас!

 

«Крыжаносцы» з санацыйнага балота

У кожнага народа свая гісторыя. Гэта датычыцца і палякаў. Да другой сусветнай вайны іх краіна ў палітычных адносінах міласцю сваіх заморскіх імперыялістычных павітух з Англіі, Францыі, а затым і са Злучаных Штатаў Амерыкі дасягнула найвышэйшага ўзроўню фашысцкай ідэалогіі і антыкамуністычнай накіраванасці.

Не ўдаючыся ў падрабязнасці, скажу толькі, што яна, гэтая антыкамуністычная накіраванасць, была ўзведзена ў ступень дзяржаўнай «мудрасці» ў пару шалёнага разгулу пілсудчыны. Які гэта быў благаславёны час для памешчыцка-капіталістычнай зграі палітычных авантурыстаў! Дарваўшыся да ўлады, польская рэакцыйная ваеншчына на чале з Пілсудскім у пажарным парадку ўстанавіла ў зняверанай краіне рэжым санацыі і, нібы тая жаба ў каляіне, пачала распінацца перад сваімі нацыянальнымі і замежнымі дабрадзеямі «ад мора да мора», стараючыся вырвацца наперад у сваіх імперыялістычных агрэсіўных прэтэнзіях. Менавіта недзе ў тыя змрочныя гады — хто сам, па ўласным жаданні, а хто і ў якасці падручных спецыяльных шпіёнска-дыверсійных службаў — ставіліся на крыло многія верхаводы і верхалазы сённяшняй польскай унутранай і знешняй рэакцыі, будучыя «героі» «Аперацыі Палонія», якая бясслаўна правалілася ў нашы дні. Пілсудчына з яе чорным нутром была для іх спецыяльнай пажыўнай глебай. Тым больш што пад канец сваіх звар’яцелых «скачак» у другой палавіне трыццатых гадоў яе палітычныя і дзяржаўныя дзеячы, за невялікім выключэннем, адзін перад другім пачалі набівацца ў кампаньёны да Гітлера і яго генералаў. Варта было паслухаць, як яны радасна вішчалі ад захаплення, калі Германія анексіравала Судэцкую вобласць Чэхаславакіі, каб пераканацца ў гэтым.

Ды каб толькі вішчалі. Неўзабаве паны пілсудчыкі і самі рушылі ў паход на гэтую моцна аслабленую тады гітлераўцамі краіну, адарвалі ад яе Цешынскую Сілезію. Аб гэтым зараз можна было б і не ўспамінаць, калі б польскія буржуазныя гісторыкі не абельвалі пілсудчыкаў у сваіх псеўданавуковых выкладах пра даваенную Польшчу. Мы не маем права забывацца на зло, якое яны ачмурэла сеялі як у цэнтры краіны, так і на яе мілітарызаваных ускраінах, у тым ліку і ў заходніх абласцях Беларусі. Падзеі з няўмольнай логікай развіваліся ў напрамку поўнай палітычнай і духоўнай дэградацыі прафашысцкіх гора-ваяк за Польшчу «ад мора да мора». Мне, тады студэнту адной з вышэйшых навучальных устаноў польскай сталіцы, на ўсё жыццё запомніліся іх парадкі і сустрэчы з ваяўнічымі нашчадкамі пілсудчыкаў.

Прыемна адзначыць, што працоўная Варшава па нахабных тварах і дарагіх хромавых крагах1 пазнавала як пажылых, бывалых ужо, так і маладых сцярвятнікаў. Адным з іх гэта дадавала невыказнай пыхі, маўляў, вось мы якія, а другія, наадварот, адчувалі сябе чужымі сярод сваіх, злавалі, лаяліся, маглі і ў ахранку зацягнуць. Так сябе, між іншым, паводзілі не толькі баязлівыя, як зайцы, найміты санацыі, але і перакананыя пілсудчыкі, сярод якіх першынство трымалі ў далейшым платныя амерыканскія «праваабаронцы польскага народа» экс-графы Зыгмунт Міхалоўскі, Ежы Гедройц, а таксама цяпер ужо адстаўны мюнхенскі радыёскрыпун польскага паходжання ўсё той жа Ян Новак. Ён не хадзіў, а трушком бегаў па прыціхлых вуліцах даваеннай Варшавы, бо яна маглаў любы час навешаць яму «ліхтароў». А спагнаць, па сутнасці, не было з каго. Дастаткова сказаць, што амаль ні адна гарачая сутычка простых гараджан з маладымі, ды раннімі гадунцамі пілсудчыны не выплеснулася за рамкі ардынарнай бульварнай скандальнай хронікі.

Савецкі Саюз у той час быў ужо магутны і непахісны, як скала. Пілсудскі са сваёй хеўрай не паспеў закідаць яго шапкамі, хоць не раз напышліва заяўляў аб гэтым. Нядобрай памяці СміглыРыдз, пераемнік Пілсудскага, таксама, можна сказаць, бясслаўна апраставалосіўся і накінуўся, як ваўкалак, на абяскроўленую гітлераўцамі Чэхаславакію. А выкармленая ідэолагамі Рэчы Паспалітай моладзь, як ёй і было наканавана тагачаснай польскай рэчаіснасцю, не раз шумна заяўляла аб сабе на антыкамуністычнай арэне санацыйнага балота. Гісторыя распарадзілася так, што менавіта гэты від новай папуляцыі пілсудчыкаў аказаўся найбольш жывучым і ўчэпістым. Многія прадстаўнікі яго разам са сваімі міласэрнымі братамі з дэфензівы добраахвотна ўдзельнічалі ў начных аблавах на камуністаў, дзейнічалі як спецы «хвытаць людзі за плецы» (чытайце: правакатары, стукачы), задзіраліся з так званымі «цудзакамі» — рускімі, украінскімі, беларускімі, літоўскімі юнакамі і дзяўчатамі, якія вучыліся або працавалі ў Варшаве і яе прыгарадах. Маладыя, дужыя панічы ў гімназісцкіх і універсітэцкіх шапачках злосна крычалі сваім ахвярам у твар, што Польшча прызначана толькі для чыстакроўных палякаў, учынялі дзікія скокі вакол іх, штурхалі «цудзакоў» локцямі, стараліся збіць з ног або спіхнуць з тратуара пад трамвай ці машыну. Такія «забавы» былі альфай і амегай актывістаў пілсудчыны, тым жа яны асталіся і для іх атожылкаў. А колькі пры гэтым трацілася высакароднай шляхецкай энергіі! У тым ліку і <i>на</i> прачулае дэкламаванне патрыятычных вершаў. І ўсё гэта без прыкметнага біялагічнага выніку, калі не лічыць успышак звярынай радасці ад нічым не абмежаванай свабоды дзеяння ды бясконцых шумных папоек.

Будучыя платныя амерыканскія «праваабаронцы польскага народа» ўмелі сябе паказаць! Нават асобныя палітычныя і дзяржаўныя дзеячы Рэчы Паспалітай не раз шарахаліся ад іх. У параўнанні з нядошлымі новакамі-гедройцамі гэта былі суперправакатары і грамілы. Сацыяльныя і эканамічныя праблемы краіны былі для пераважнай большасці іх цёмным лесам, яе ўнутраная і знешняя палітыка таксама. Мажліва, таму яны, гэтыя неўтаймоўныя «барацьбіты» за «Польшчу толькі для палякаў», мякка кажучы, натыкнуўшыся на гітлераўцаў, палі духам ды гераічна паразбягаліся хто куды па краінах капіталістычнага свету.

А Варшава не пахіснулася, мужна рыхтавалася да ўзброенай барацьбы з ворагам. Побач з салдатамі мясцовага гарнізона зарываліся ў зямлю на ўскраінах горада і простыя варшавяне, у тым ліку і захопленыя там вайной «цудзакі». Скажу больш: нават многія ўкраінскія, беларускія, літоўскія палітвязні, вырваўшыся з астрогаў, ішлі не дадому, а ў акопы. Адзін з вышэйшых афіцэраў кіраўніцтва абаронай сталіцы палкоўнік Порвіт так ахарактарызаваў абставіны, у якіх усё гэта рабілася:

«Мэта барацьбы з таго моманту была яснай для ўсіх, ад камандуючага арміі да стралка. Я не гаварыў аб ёй ані з генералам Ромлем, ані з генералам Чумой, ані таксама з прэзідэнтам Стажыньскім (маецца на ўвазе прэзідэнт горада Варшавы. — А. Б.). Бо выказвалася яна ў свядомасці ўсіх простымі словамі: «Не дацца!» Таксама думаў і горад...»2

Зараз аб гэтым не грэх было б і добрую паэму або баладу напісаць! Аб тым, як страшэнная бяда, наперакор пацучынаму піску розных згоднікаў, якія, нібы паганкі, павылазілі аднекуль, моцна яднала людзей, рабіла іх братамі. І не толькі ў Варшаве, але і ў многіх іншых гарадах Польшчы. Таму гітлераўская ваенная машына хоць і ненадоўга, а ўсё ж тады моцна забуксавала ў Цэнтральнай Польшчы, адным махам не здолела падмяць пад сябе абаронцаў Прымор’я і нават мала каму вядомай да гэтай вайны Млавы.

Думаю, менавіта тады, у памятныя як для палякаў, так і для нас, беларусаў, гады барацьбы супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту зараджалася тое рэвалюцыйнае братэрства, што на ўвесь рост паднялося ў атаку на гітлераўцаў у 1943 годзе пад Леніна3. Там таксама ўсе — і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, і галоўныя героі той слаўнай падзеі ў гісторыі другой сусветнай вайны — палякі — думалі аб адным: «Не дацца!» І рухаліся толькі наперад — на Берлін!..

Толькі паміж гэтымі гадамі яшчэ было многа іншых важных гістарычных падзей. Не буду пералічваць іх, яны шырока адлюстраваны ў перыёдыцы, ляглі ў аснову шматлікіх навуковых прац пра братэрскія сувязі паміж новай пасляваеннай Польшчай і СССР. Зараз хочацца асабліва падкрэсліць той факт, што яшчэ задоўга да таго, як у Польшчу прыйшлі касцюшкаўцы, там, нібы тыя жыватворныя крыніцы, пачалі прабівацца з народных нетраў і дзейнічаць Саветы. Яны, па сведчанню часопіса «Пшыязнь», які нядаўна выступіў з рэдакцыйным артыкулам на гэтую тэму, узнікалі як тайныя ячэйкі яшчэ ва ўмовах гітлераўскай акупацыі, а на рубяжы 1943 і 1944 гадоў была створана Краёва Рада Нарадова, якая выконвала ролю падпольнага польскага парламента, дзе пераважалі левыя сілы на чале з Польскай рабочай партыяй.

«Гэта быў перыяд вызвалення ўсіх польскіх зямель ад гітлераўскай акупацыі, — тлумачыць часопіс, — а затым — барацьбы за ўладу з падпольнымі арганізацыямі буржуазнага эмігранцкага ўрада, які знаходзіўся ў Лондане, і з рэакцыйным узброеным падполлем, што варожа адносілася да рэвалюцыйных сіл і імкнулася да аднаўлення буржуазнай улады даваеннага толку»4.

Адным словам, ворагаў у «першапраходцаў» польскага народнага ладу хапала. Не зламалі іх фашысцкія акупанты, дык павылазілі з засады рэакцыйныя элементы, якія па камандзе з Лондана арганізавалі самую сапраўдную дзікую «псіхалагічную вайну» супраць удзельнікаў рэвалюцыйнага руху, народнай улады. Гэта нічога, што сярод ахвяр бандыцкага разгулу звар’яцелай на антыкамунізме рэакцыі ‘былі вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, пісьменнікі, артысты, дзеячы навукі і адукацыі. Гітлераўцы, як вядома, знішчалі іх, і польскія фашысты не раз з асалодай рабілі гэта.

Аднак, навучаныя горкім вопытам, працоўныя Польшчы станавіліся ўсё больш абачлівымі. Іх можна было палохаць лютымі расправамі, біць да крыві дубцамі, расстрэльваць, вешаць, але духоўна і маральна зламаць кожнага ўжо нельга было. Аб гэтым сведчыла неадольная цяга многіх рабочых, сялян, прадстаўнікоў працоўнай і творчай інтэлігенцыі да інтэрнацыянальнай дапамогі адзін аднаму, да рашучых калектыўных дзеянняў супраць як германскіх, так і сваіх, выгадаваных Пілсудскім і яго паслядоўнікамі, фашыстаў.

Гаворачы аб гэтым, нельга не адзначыць, што толькі ў атрадах Арміі Людовай, створанай на базе баявой арганізацыі ППР Гвардыі Людовай (ГЛ) і Батальёнаў хлопскіх (БХ) прагрэсіўнай Сялянскай партыі, якая дзейнічала з 1942 па 1945 год, побач з карэннымі палякамі на працягу 1944 года змагалася 8 тысяч савецкіх партызан, у тым ліку і беларусаў. Шмат дзе «людоўцаў» падстрахоўвалі і самастойныя савецкія партызанскія атрады, у якіх налічвалася 12 тысяч грамадзян Савецкага Саюза і палякаў. Ці трэба гаварыць, што гэта была адна з тых фундаментальных з’яў, якія вызначалі ход гістарычных падзей, стваралі ўмовы для далейшага ўмацавання Краёвай Рады Нарадовай і ўсіх яе грамадзянскіх і ваенных адгалінаванняў.

Само сабой зразумела, што гэта не падабалася польскай рэакцыі. У Лондане яе лідэры ўжо не ведалі, чым і крыць польскіх марксістаў-ленінцаў, потым, як і трэба было чакаць, некаторыя з іх атупела пачалі гарланіць пра «палітычную слепату» польскай «чэрні», якая нібыта толькі па дурасці сваёй паўсямесна гарнулася да камуністаў. А палякі ў гэты час цэлымі сем’ямі ўступалі ў атрады Арміі Людовай, дапамагалі ёй чым маглі і марылі аб хутчэйшай сустрэчы з касцюшкаўцамі, сярод якіх, як вядома, было нямала родных і блізкіх у жыхароў Цэнтральнай Польшчы.

Што ж, з песні слова не выкінеш: час няспынна працаваў на тых, каго яснавяльможныя вялікасці доўгі час не прыкмячалі з вышыні свайго буржуазна-памешчыцкага інтэлекту. Па ўсім відаць і ў міжнародным становішчы яны дрэнна разбіраліся калі чапляліся яшчэ за любую магчымасць, каб павярнуць кола гісторыі назад. Але гэта была сізіфава праца. Яно ж, гэтае кола, не пераблытала каляін, на вачах усяго польскага народа, у тым ліку і саміх пілсудчыкаў, з трэскам раздушыла санацыю, якая так па-дурному, бязглузда распіналася «ад мора да мора». Таму ўсе яе спробы зноў гнуць сваю імперыялістычную агрэсіўную лінію былі асуджаны на яшчэ больш ганебнае фіяска.

Характэрна, што былым заправілам Рэчы Паспалітай не спачувалі і тыя палякі, якія пасля польска-германскай вайны асталіся на тэрыторыі СССР. Я маю на ўвазе выхадцаў з заходніх абласцей Беларусі, з якімі мне давялося з’есці не адзін пуд солі на тэрміновай службе ў Чырвонай Арміі, а затым і на фронце, спачатку на Заходнім, пад горадам Ельняй Смаленскай вобласці, потым на Калініншчыне. Баязліўцаў сярод іх не было. Жадаючых зноў трапіць пад драпежную ўладу санацыі таксама.

Мне, прызнацца, тады яшчэ і не снілася, што наша камандаванне прызначыць мяне палітработнікам сярод гэтых салдат, а затым адкамандзіруе разам з імі ў 145-ты інтэрнацыянальны полк, які тады фарміраваўся на тэрыторыі Калінінскай вобласці. Гэта, уласна кажучы, і прымусіла мяне бліжэй азнаёміцца з усім тым, што тады рабілася вакол маіх польскіх аднапалчан на палітычнай арэне, як у Лондане калаціліся ад жаху рэакцыянеры ўсіх прабуржуазных палітычных напрамкаў, каб яны пасля вайны не вярнуліся на радзіму камуністамі. А як вакол гэтых жорстка апаленых ванной польскіх юнакоў выкаблучваліся бравыя вярбоўшчыкі нядобрай памяці генерала Андэрса, які па дамоўленасці свайго лонданскага ўрада з урадам Савецкага Саюза стварыў на тэрыторыі СССР сваю «вызвольніцкую» армію. Калі ж на бывалых франтавікоў іх тэатралізаваная бравада не дзейнічала або толькі выклікала кплівыя ўсмешкі, пачыналіся грубая лаянка ды пагрозы. Гэта ж былі не ваенныя людзі, а разбэшчаныя даваеннымі прывілеямі армейскія выскачкі. Пазнаёміўшыся з імі бліжэй, карцела неадкладна падвоіць пасты. Або далікатна пазапіхаць назад у машыны ды адправіць на перадавую. Але, на вялікі жаль, усе яны былі надзейна прыкрыты дыпламатычнай недатыкальнасцю. Зноў жа і сапраўдныя намеры іх мала каму тады яшчэ былі вядомыя. Тым больш што на словах гэта былі самыя шчырыя і верныя нашы саюзнікі. Як і двурушны іх шэф генерал Андэрс, які аказаўся звычайным палітычным авантурыстам, жалю вартым апосталам стратэгіі хамелеона.

Але трэба прызнаць, што і сярод вярбоўшчыкаў Андэрса былі нядрэнныя арганізатары. Паразітуючы на патрыятычных пачуццях сваіх суайчыннікаў, асабліва польскіх ваеннапалонных і бежанцаў з заходніх абласцей Украіны і Беларусі, дзе, як і ў Цэнтральнай Польшчы, арудавалі фашысцкія акупанты, яны ўсё ж наскраблі не адну тысячу салдат і афіцэраў у сваю армію. Толькі адпраўляцца з ёю на фронт вяртлявая хеўра Андэрса асабліва не спяшалася. Больш таго, яна па-зладзейску ціха вывела сваіх ваяк з тэрыторыі Савецкага Саюза.

Аднак нажыць сабе вялікі палітычны капітал на гэтай подленькай акцыі яе арганізатарам не ўдалося. Стратэгія хамелеона адкінула іх на самыя цёмныя задворкі рэакцыйных недабіткаў санацыі, унесла раскол у шарэнгі працоўнай польскай эміграцыі, якая, быццам пасля доўгага летаргічнага сну, раптам прачнулася і пачала жыва цікавіцца справамі лонданскіх «вызваліцеляў», яе братоў і сясцёр на акупіраванай гітлераўцамі радзіме.

Мае польскія пабрацімы, з якімі служыў у арміі, затым працаваў на Валагодчыне, у армію Андэрса не пайшлі, асталіся вернымі прысязе, якую далі Краіне Саветаў, але і пра свае родныя мясціны не забываліся. Мажліва, менавіта таму і не пацягнуліся цугам за лонданскімі вярбоўшчыкамі. Вельмі ўжо некаторыя з тых вярбоўшчыкаў саладжавенькімі былі. І вось, нібы той гром з яснага неба: «Армія генерала Андэрса пакінула межы Савецкага Саюза!..»

«Ганьба!» — гнеўна закрычалі ў адказ на гэтае паведамленне ТАСС былыя польскія франтавікі Камсамольцы сабраліся на мітынг. Нехта загаварыўаб стварэнні новайарміі. На рукі мне, тады камсоргу Цэнтральнага камітэта ВЛКСМ галаўнога будаўнічага ўчастка, пачалі паступаць заявы ад жадаючых завербавацца ў такую армію.

Потым пачаліся гарачыя дэбаты на будаўнічых пляцоўках у гарадскіх пасёлках Сокал, Гразавец, Чарапавец. Там таксама ўсё хадуном хадзіла. Дастаткова сказаць, што нават польскія рабочыя пажылога веку раптам пацягнуліся да моладзі. А праз некаторы час, калі ў Волагдзе пачало дзейнічаць акруговае ўпраўленне Саюза польскіх патрыётаў 5, многія адкрыта падтрымалі яе на акруговай канферэнцыі, якая адбылася ў ліпені 1943 года. Яна была прысвечана 533-й гадавіне бітвы пад Грунвальдам.

Мне запомнілася гэтая канферэнцыя не столькі таму, што я выступаў на ёй з дакладам аб слаўнай гістарычнай падзеі ў жыцці славянскіх народаў, як у сувязі з тым, што менавіта тады ў зале прагучалі зусім неарганізаваныя, але вельмі злыя галасы дэкласаваных андэрсаўцамі палякаў — будучых арганізатараў ідэалагічных правакацый супраць ПНР.

З таго часу мінула сорак з лішнім гадоў, многае ўжо забылася, але перакрыўленыя ад бяссільнай злосці твары былых пілсудчыкаў і сягоння мільгаюць перад маімі вачамі. Пасля дзікіх ваеннастратэгічных выкрутасаў аднаго з іх самых паважаных куміраў, генерала Андэрса, без рызыкі нарвацца на моцныя рабочыя кухталі яны ўжо асаоліва разгуляцца не маглі. Андэрс жа канчаткова развеяў міф аб маральнай чысціні і высокім патрыятызме палітычных і дзяржаўных дзеячаў лонданскага буржуазна-памешчыцкага ўрада. Вышэйшыя нацыянальныя інтарэсы, якімі яны тлумачылі свае памяркоўныя адносіны да закаранелых антыкамуністаў, цалкам трацілі сваю сілу, бляднелі, калі на парадак дня гэтага «маральна чыстага» і «высокапатрыятычнага» ўрада ставілася пытанне аб узаемаадносінах з прагрэсіўнымі сіламі краіны, з іх Краёвай Радай Нарадовай.

У той час у нас, выхадцаў з заходніх абласцей Беларусі, не было патрэбнага вопыту для больш эфектыўнай барацьбы з рэакцыяй, мы не адразу зразумелі, хто быў хто сярод палякаў, доўга валаводзіліся з імі, угаворвалі, некаторым нават паляпшалі ўмовы работы, пасылалі на лячэнне ці, як моладзь тады жартавала, на вылежку ў санпункт, пакуль некаторыя з іх як агенты Андэрса не былі аб’яўлены савецкімі ўладамі асобамі нон грата ды не выправаджаны за межы СССР. Характэрна, што яны, тыя асобы нон грата, былі самымі ціхімі і малапрыкметнымі. Калі ўлічыць, як такія «ціхоні» некалі паводзілі сябе ў Варшаве, дык гэта ўжо быў прыкметны біялагічны зрух наперад: буйныя драпежнікі сталі ціхімі. У поўнай адпаведнасці з парадамі аднаго андэрсаўца, які давёў іх, як кажуць, да жыцця такога, а сам хутка змыўся на Захад.

Нашы ідэйныя ворагі, падкаваўшыся як мае быць у буржуазных шпіёнска-дыверсійных школах, адзін за адным перапраўляліся ў Польскую Народную Рэспубліку на падмогу недабіткам рэакцыйнага падполля. Былі выпадкі, калі яны палявалі на камуністаў і камсамольцаў і ў нас, у заходніх абласцях Беларусі. А буржуазная прапаганда на ўвесь свет трубіла, быццам гэта ніякія </b>не дыверсанты, а сапраўдныя польскія патрыёты.

— І верныя сыны каталіцкага касцёла, — хорам падтаквалі ёй многія ксяндзы. Без гэтага і багаслужбы былі б нецікавыя. Дзе нешта хорам кракаюць буржуазныя газетныя качкі, там не менш зладжана пішчаць і касцельныя пацукі. Толькі яны пры гэтым часам зрываліся і на пагрозлівы рык: «Далоў камуністаў! Гэта праз іх веруючыя патаемна на радзіму вяртаюцца. Гора нам, затузаным дэхрысціянізатарамі...»

Гэта таксама была беспардонная хлусня! Ніхто паноў свяшчэннаслужыцеляў не тузаў, хоць, як вядома, амаль усе яны актыўна супрацоўнічалі з контррэвалюцыйным падполлем, падтрымлівалі сувязі з лонданскім буржуазным эмігранцкім урадам. Невядома, як богу, а яго тагачаснаму намесніку, былому духоўнаму настаўніку і дарадчыку Гітлера папе рымскаму Пію XII гэта страшэнна падабалася Не накладаў ніякіх царкоўных кар на блудлівых польскіх свяшчэннаслужыцеляў і яго пераемнік Іаан XXIII. Наадварот, ён не супраць быў нават, каб яны строга пільнаваліся тых пакручастых сцежак, дзе некалі перакрыжоўваліся і проста супадалі каналы сувязі нямецка-польскіх служак Ватыкана з іх цэнтрамі ў гестапа. У першыя пасляваенныя гады, калі ўсе такія сувязі былі парушаны, гэта было вельмі важна для рымска-каталіцкай царквы.

Неверагодна, але факт: сярод польскіх ксяндзоў былі рафінаваныя правакатары. Дастаткова сказаць, хто даводзіўся ім духоўным бацькам, каб пераканацца, што гэта за птахі. Афіцыйна ён значыўся начальнікам аддзела прапаганды лонданскага санацыйнага ўрада, а на самай справе быў каардынатарам Ватыкана. Хто гэта такі? Былы маёр старой польскай арміі, затым манах-дамініканец, выкладчык логікі ў адной з хітрых папскіх духоўных акадэмій у Рыме, самы падкаваны тэарэтык апостальскай сталіцы па... марксізму прафесар Бахеньскі. Праз яго шчупальцы ў свой час прайшоў нават цяперашні папа рымскі Караль Вайтыла, ён жа Іаан Павел ІІ.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Духоўная акадэмія, у якой прафесар Бахеньскі з маўклівай згоды яе апекуна кардынала Цісерана выкладаў логіку, рыхтавала не проста слуг божых, а царкоўных спецаў па барацьбе з камунізмам. Дзеля гэтага яны вывучалі падсобныя прафесіі — краўца, слесара, сантэхніка, радыёмеханіка і г. д. А потым, само сабой зразумела, справа не абыходзілася і без «стажыроўкі» ў такіх краінах, як, скажам, Балгарыя, Чэхаславакія, Венгрыя. Асабліва гэта шырока практыкавалася ў разгар пасляваеннай міграцыі бежанцаў і ваеннапалонных. А пра ўсё астатняе не так ужо і цяжка здагадацца. Рыцары ватыканскага ордэна шпіёнаў і дыверсантаў, пераважна функцыянеры яго палітычнага вышуку ў рабочых робах, «шылі», «кляпалі» і шмат дзе нямала падатлівых на палітычныя правакацыі душ апрацоўвалі. Яны ж, гэтыя пярэваратні ў сутанах, не перабіралі ў сродках. Як і іх былыя настаўнікі Цісеран і Бахеньскі якія ім гаварылі: «Будзьце дабрадушныя, як галубы, але хітрыя, як змеі», — і ківалі на святое евангелле, дзе гэта чорным па белым напісана.

Такім чынам, было б грубай памылкай ігнараваць нястомныя патугі Ватыкана ўсімі праўдамі і няпраўдамі замарудзіць ход грамадскага развіцця ў краінах сацыялізма, у тым ліку і ў Савецкім Саюзе. Духоўныя акадэміі ў Ватыкане яшчэ дзейнічаюць і, па сведчанню заходніх сродкаў масавай інфармацыі, зараз займаюць адно з самых важных месц у антыкамуністычнай валтузні амерыканскіх імперыялістаў. Ды, уласна кажучы, яны трапілі пад «каптур» падрыўных спецслужбаў ЗША яшчэ ў часы атамнага маньяка Гары Трумэна.

«Дазвольце, а пры чым тут Ватыкан?» — могуць спытаць у мяне чытачы. Сан-францыская «Мазер Джоунс» («Матухна Джоунс») не пакінула і каменя на камені ад гэтых сумненняў пасля таго, як яе супрацоўнікі азнаёміліся нядаўна з некаторымі рассакрэчанымі дакументамі аб сувязях Вашынгтона з апостальскай сталіцай. Што ж яны сабой уяўлялі?

«Ліпеньскім днём 1944 года, калі па ўсёй Еўропе яшчэ лютавала другая сусветная вайна, — піша гэтая газета, — генерала Уільяма Донавана («Дзікага Біла») увялі ў пышныя пакоі Ватыкана на аўдыенцыю да папы Пія XII. Папа прачытаў цырыманіяльную малітву на лацінскай мове, якую Донаван слухаў са схіленай у пашане галавой. Затым папа ўручыў Донавану Вялікі крыж ордэна св. Сільвестра, старэйшага і самага пачэснага з усіх папскіх рыцарскіх ордэнаў. За ўсю гісторыю, акрамя Донавана, гэтую ўзнагароду атрымалі яшчэ 100 чалавек, якія «ратнымі подзвігамі, або творамі, або выдатнымі дзеяннямі сваімі распаўсюджвалі веру, ахоўвалі царкву і станавіліся на яе абарону».

Донаван атрымаў рыцарскую адзнаку за паслугі, якія ён аказаў каталіцкай царкве ў час другой сусветнай вайны, калі ўзначальваў Аддзел стратэгічных службаў (АСС), арганізацыю ваеннага часу, якая ў далейшым была ператворана ў Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне (ЦРУ)»6.

Што ж гэта былі за паслугі? Донаван, ён жа Дзікі Біл, па расказах добра знаёмых з амерыканскай рэчаіснасцю людзей, нават не ўмеў як след перахрысціцца. Ды яго і Дзікім Білам назвалі не за што-небудзь, а за карчомную непрадказанасць характару. А калі гэта так, калі ён больш буяніў, чым маліўся, значыць, і ўзнагароджваць яго не было за што.

Уся справа ў тым, што і ў Ватыкане сапраўдная святасць ніколі не начавала. Амерыканскага генерала разведкі, не па сану прадпрымальнага, намеснік бога на зямлі ўзнагародзіў Вялікім крыжам ордэна св. Сільвестра за тое, што ён, гэта значыць Уільям Донаван, або Дзікі Біл, у 1941 годзе знюхаўся ў Лісабоне з айцом Феліксам Мерліёнам, заснавальнікам еўрапейскай каталіцкай разведвальнай службы, вядомай пад назвай «Про Дэо», і, калі гітлераўцы захапілі Заходнюю Еўропу, дапамог яму перабазіравацца адтуль у Нью-Йорк на ўтрыманне дзярждэпартамента ЗША. Ну, а пра ўсё астатняе нават у Белым доме да пары да часу шэптам гаварылі. Уільям Донаван пасля такой удалай аўдыенцыі ў напалоханага перамогамі саюзніцкіх войск папы па-маладзецку нахрапіста і хутка паклаў свае валасатыя лапы на ўсе кангрэгацыі Ватыкана і яго свецкія і духоўныя ўстановы, звязаныя з выхаваннем новага пакалення свяшчэннаслужыцеляў. Больш таго, сплёўшыся з маўклівай згоды Пія XII у адзін шпіёнска-дыверсійны вузел, спецслужбы апостальскай сталіцы і ЗША неадкладна пачалі ратаваць нацысцкіх ваенных злачынцаў — выцягвалі іх з цёмных нор у вызваленых ад гітлераўскай салдатні гарадах ды сёлах, забяспечвалі фальшывымі дакументамі і па так званай «пацучынай сцежцы» або пад прыкрыццём Міжнароднага Чырвонага Крыжа адпраўлялі ў Паўднёвую Амерыку. Некаторых нават у манаскім адзенні. Нядаўна стала вядома, што сярод ацалелых такім чынам ашчаропкаў фашысцкай Германіі і іх паслугачоў было каля пяці тысяч ваенных злачынцаў і беларускага паходжання. Аб іх крывавых злачынствах на радзіме расказваецца ў дакументальнай кнізе амерыканскага юрыста Джона Лофтуса «Тайна» Беларусі», якая выйшла ў 1983 годзе ў ЗША.

Карацей кажучы, патаемная сепаратная змова «хітрых як змеі», цемрашалаў была агідным злачынствам, накіраваным супраць усяго прагрэсіўнага чалавецтва. На людзях, вядома ж, амаль усе яны былі «дабрадушныя, як галубы», ветлівыя і нават часам з чырвонымі гваздзікамі на лацканах свецкіх фракаў і царкоўных камзоляў, а фактычна, згодна з тымі рассакрэчанымі дакументамі, іх галоўная штаб-кватэра ў Лэнглі:

фінансавала каталіцкую арганізацыю міран, якая служыла палітычнай ударнай сілай папы і Ватыкана ў перыяд «халоднай вапны»;

прасочвалася ў амерыканскую секцыю аднаго з самых багатых і ўплывовых ватыканскіх ордэнаў;

плаціла грошы многім свяшчэннікам і епіскапам, і некаторыя з іх свядома сталі агентамі ЦРУ, удзельнічаючы ў яго тайных аперацыях;

выкарыстоўвала тайных агентаў для апрацоўкі членаў курыі (ватыканскага ўрада) і для назірання за ліберальнымі свяшчэннікамі з акружэння папы, якія падвяргалі крытыцы палітыку Злучаных Штатаў;

рыхтавала зводкі разведданых, у якіх было дакладна прадказана распаўсюджанне падтрымкі вызваліцельных рухаў свяшчэннікамі;

супрацоўнічала з правымі каталіцкімі арганізацыямі ў барацьбе супраць прагрэсіўных свяшчэннікаў у Лацінскай Амерыцы.

А неўзабаве справа дайшла да таго, што і Сусветны савет цэркваў7 пачало калаціць. Захапіўшыся мышынай валтузнёю з кансерватыўным духавенствам, якога там было нямала, вашынгтонскія «рыцары плашча і кінжала» ў каталіцызме і туды прашыліся. Асабліва стараўся прыстойна выглядаць сярод духоўных і палітычных дзеячаў Джон Фостэр Далес, былы дзяржаўны сакратар ЗША, а дакладней, паслухмяная марыянетка заправіл ваенна-прамысловага комплексу. Можна было нават падумаць, што гэта не проста ачмурэлы балансёр «на мяжы вайны», актыўны арганізатар Паўночна-атлантычнага і іншых агрэсіўных блокаў, а бязгрэшны прапаведнік амерыканскага буржуазнага ладу жыцця. Але навучаныя горкім вопытам еўрапейцы, у тым ліку і многія свяшчэннаслужыцелі, не надта слухаліся такіх дабрадзеяў. Таму, як паказаў час, яны больш націскалі на сваіх наймітаў у сутанах. І не без поспеху.

Яшчэ ў памяці людзей не пабляклі расказы відавочцаў крывавых падзей у Венгерскай Народнай Рэспубліцы, дзе ў 1956 годзе раптам ашалеў ад нянавісці да народнага ладу Іожэф Міндсенці, герцаг і буйны землеўладальнік і, канечне ж, верны «слуга божы», кардынал і г. д. Каму ж, як не яму, суджана было тады прыструніць як мае быць «бязбожную чэрнь», якая не пабаялася і без свайго колішняга пастара тарыць сабе дарогу ў жыццё. Усю контррэвалюцыйную нечысць падняў небарака супраць неслухаў, на крывавыя сутычкі з народам пайшоў, але ад свайго не адступіў, пакуль не астаўся ў гордай адзіноце каля каваных варот пасольства ЗША ў Будапешце...

Тады ж, у 1956 годзе, пры актыўным садзеянні буржуазных, пераважна амерыканскіх, спецслужбаў заварушылася рэакцыйнае духавенства і ў Польскай Народнай Рэспубліцы. І не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах гэтай далёка не чужой для мяне краіны. На фронце было прасцей. На ваенным будаўніцтве таксама. Там прайдзісвета-чужака адразу, як кажуць, бралі за бокі. А ў мірных умовах, ды яшчэ без права на актыўны ўдзел у падзеях, якія адбываліся наўкола, за гэта можна было і ў міліцыю трапіць. Як адразу пасля ванны, так і ў тыя неспакойныя вераснёвыя дні на варце інтарэсаў дзяржавы стаялі члены ПАРП, салдаты народнага Войска польскага, былыя партызаны Гвардыі Людовай, Батальёнаў хлопскіх, рабочая і універсітэцкая моладзь. Не ўся, зразумела, а тая, што не трапіла пад уплыў функцыянераў унутранай рэакцыі. Гэты факт абнадзейваў. Асабліва пасля таго, як на падмогу маладым, мала спрактыкаваным юнакам і дзяўчатам, а таксама работнікам міліцыі і бяспекі прыйшлі рабочыя з розных фабрык і заводаў, сярод якіх былі марксісты-ленінцы з даваенным стажам барацьбы з ворагамі працоўнага люду.

Не скажу, што ўсё ў нашых польскіх сяброў тады ішло гладка. Але разгуляцца рэакцыі так, як гэта было ў Венгрыі, яны ўсё ж не далі. Тым больш што яна тады яўна пераацаніла свае сілы. Дарэмна яе важакі распіналіся перад людзьмі, стараліся ашукаць, дэзарыентаваць іх сваімі нагаворамі на народную ўладу. Многія яшчэ не забыліся на ваенныя нягоды, памяталі, як тады паводзілі сябе праціўнікі рэвалюцыйных перамен у Польшчы, колькі крывавага вэрхалу нарабілі яны ў краіне, выслужваючыся перад зацюканымі буржуазнымі спецслужбамі прафашысцкімі эмігранцкімі ваяводамі за Ла-Маншам.

«Мы вельмі рана супакоіліся, — сумна тлумачыў мне адзін пажылы варшавянін. — Рэакцыя, пане, і паміраючы кусаецца. А ў нас яна, крыжамі ды аўтаматамі абвешаная, можа яшчэ і ў шалёныя скокі пайсці. Вазьмі што-небудзь у рукі ды пастарайся завідна дабрацца да гасцініцы. Сам жа гаварыў, што гасцюеш у нас...»

Моцны поціск рукі гэтага чалавека быў для мяне тады найлепшым доказам таго, што ўсё будзе добра. Так яно і здарылася. Але рэакцыя ўсё ж наламала дроў нямала для міжнароднай ваяўнічай буржуазіі ды клерыкальнага антыкамунізму. Аб гэтым, між іншым, гаварылася на ІІІ з’ездзе Польскай аб’яднанай рабочай партыі. А тагачасны першы сакратар ЦК ПАРП Уладыслаў Гамолка ў сваім дакладзе тады адзначаў, што не апошнюю ролю іграла ў гэтай «дрэванарыхтоўчай акцыі» і рэакцыйнае каталіцкае духавенства. Сваю рэлігійную дзейнасць яно часта выкарыстоўвала для палітычных мэт, для нападак на палітыку рабочай партыі і народнага ўрада, які падняў Польшчу з руін і пры гэтым не забыўся і пра касцёлы, дазволіў епіскапату прывесці іх у адпаведны парадак ды прапаведаваць вучэнне божае. Але ксяндзы, як відаць, не былі б ксяндзамі, каб не прапаведавалі і слова варожае...

Аб’явіліся тады і будучыя так званыя ўнутраныя ды знешнія эмігранты, платныя амерыканскія спецы «па язвах камунізма», «саветолагі», а дакладней, проста неатрацкісты Яцак Курань, Караль Мадзялеўскі. Абодва яны былі членамі ПАРП, нястомна аціраліся сярод універсітэцкай моладзі, дзе, дарэчы адзначыць, ужо брынкаў пусты гладыш, цяперашні ідэолаг польскай рэакцыі Лешак Калакоўскі. Курань і Мадзялеўскі ўбачылі у ім свайго аднадумца. Але, на вялікі жаль ніхто нават і не здагадваўся аб гэтым. Іх «партыйная платформа» праяснілася толькі ў 1962 годзе калі Мадзялеўскі сышоўся ў Італіі з адным з лідэраў заходнееўрапейскіх трацкістаў Л. Мафтані.

Жыццё навучыла мяне шанаваць людзей, шукаць у кожным чалавеку станоўчае, прыгожае, нават калі яно па той ці іншай прычыне і пакарэжана рознымі палітычнымі і рэлігійнымі забабонамі. Я маю на ўвазе не толькі нацыянальныя элементы, а і тых калідорных дабрадзеяў, якія з энергіяй, вартай лепшага выкарыстання, прапаведуюць даўно забытую нават папам рымскім запаведзь «не забі», размагнічваюць нашага брата пісьменніка сваімі глыбакадумнымі даследаваннямі здрады, кожны па-свойму апраўдвае яе, а на сапраўды чалавечнае, гераічнае глядзіць як на штосьці вельмі ўмоўнае і крохкае. Такімі людзьмі бачыліся мне і польскія калідорныя балакі накшталт Мадзялеўскага і Кураня. Вопыт падказваў, што ад сумленнага служэння народнаму ладу і сваім карміцелям — працоўным Польшчы яны не памруць.

Помню, як адзін мой польскі сябар па вучобе ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага аднойчы з непрытоенай прыкрасцю сказаў:

— Мы, палякі, даўжэй за ўсе іншыя народы Еўропы ваявалі з гітлерўцамі, неверагодна дарагой цаной заплацілі за ўсё тое, што зараз маем. А гэтыя санацыйныя неданоскі і ўсялякія «камандосы» нават і не нюхалі пораху, але пры нашай недаравальнай бестурботнасці могуць нарабіць грукату на ўсе буржуазныя прапагандысцкія цэнтры, каб адкінуць нас назад ад намечанай мэты.

А ён жа, гэты мой сябар, яшчэ не ведаў тады, якія змрочныя сілы стаялі за панамі мадзялеўскімі, куранямі, калакоўскімі і многімі іншымі нібыта бяскрыўднымі левакамі, залішне экзальтаванымі «неарэфарматарамі сацыялізма», што побач з імі на польскім літаратурным Парнасе ўжо рабілі сваю чорную справу кадравыя рэзідэнты ЦРУ і інтэліджэнс сервіс. Але чаго ў жыцці не бывае. Зусім мажліва, што не ўдалося б цэлай грамадой літаратараў справіцца з імі. І не толькі таму, што гэта былі вельмі хітрыя і спрактыкаваныя правакатары. Так здарылася — і гэта больш за ўсё непрыемна, —што іх амаль дваццаць гадоў запар старанна, часам нават з выклікам прыкрывала цэлая гайня не менш хітрых і вяртлявых прабуржуазных пісак. Дастаткова сказаць, што ў 1980 годзе, у самы разгар інспіраванай амерыканскімі імперыялістамі «Аперацыі Палонія», менавіта яны пачалі кіраваць Саюзам польскіх літаратараў.

Карціна была б не поўнай, калі б, гаворачы пра гэта, я не расказаў і пра тое, што гэтым небяспечным для нашых польскіх сяброў падзеям на літаратурным Парнасе папярэднічала шырокая падрыхтоўчая мітусня контррэвалюцыйнага падполля. Згодна з сучаснымі польскімі афіцыйнымі крыніцамі, у канцы сямідзесятых гадоў было створана некалькі антысацыялістычных груповак, у тым ліку «Камітэт абароны рабочых» (перайменаваны пазней у «Камітэт грамадскай самаабароны» — КГС), «Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна» — РАПЧіГ, студэнцкія камітэты салідарнасці, «Камітэты сялянскай самаабароны», «Рух маладой Польшчы» (пасля расколу РАПЧіГ), якія прадстаўлялі розныя ідэалагічныя плыні, уключаючы рэвізіянізм і рэфармізм, хрысціянскія плыні, аграрныя, неалібералізм і нацыяналізм. Па ініцыятыве КГС — КАР, па сцвярджэнню газеты «Жолнеж вальносці», былі створаны так званыя камітэты свабодных прафсаюзаў, галоўнай задачай якіх было правядзенне антысацыялістычнай работы непасрэдна сярод рабочых. Але затым арганізатары гэтых камітэтаў, з якіх потым вырастала праславутая «Салідарнасць» на чале з «верным сынам» каталіцкай царквы Лехам Валенсам, не забываліся і на творчую інтэлігенцыю, у тым ліку на падатлівых на розныя палітычныя правакацыі літаратараў.

 

1 Крагі – некалі адзін з самых распаўсюджаных атрыбутаў шляхецкага побыту.

2 Жолнеж вальносці, 1984, 28 вер.

3 Леніна — мястэчка ў Магілёўскай вобласці, дзе ў 1943 годзе ўпершыню ўступіла ў бой з фашыстамі польская дывізія імя Т. Касцюшкі.

4 Пшыязнь, 1984, 14 вер.

5 Саюз польскіх патрыётаў (СПП) – арганізацыя польскай дэмакратычнай эміграцыі ў СССР.

6 За рубежом, 1983. 15–21 ліп.

7 Сусветны савет цэркваў — незалежна ад Ватыкана кіруючы орган экуменічнага (Усяленскага) руху за аб’яднанне хрысціянскіх цэркваў; афіцыйна дзейнічае з 1948 года.

Дацэнтура здрады

Гэты загаловак узяты мною з адной польскай урадавай газеты, у якой паведамлялася аб судзе над былым дацэнтам Варшаўскага ўніверсітэта Здзіславам Найдэрам. На судзе выяснілася, што гэты «дацэнт» моцна наслядзіў у асяроддзі некаторых расхлябаных у палітычных адносінах польскіх пісьменнікаў. Больш таго, ён быў адным з галоўных арганізатараў і верхаводаў глыбока заканспіраванай антыкамуністычнай падпольнай арганізацыі «Польскае незалежнае паразуменне» (ПНП). Частка кіруючых функцыянераў яе заўсёды знаходзілася на Захадзе ў непасрэдным падначаленні падрыўных цэнтраў, што ажыццяўлялі «Аперацыю Палонія». Як было выяснена на судзе, нават такія «зубры» контррэвалюцыйнага падполля, як Курань, Міхнік, Мадзялеўскі, былі марыянеткамі ў руках членаў «устаноўчага камітэта» гэтай арганізацыі. Здзіслаў Найдэр і хеўра маглі без суда і следства казніць і мілаваць іх.

Але спярша, мабыць, трэба пазрываць маскі з тых, хто ў свой час здорава падзарабіў на такіх вырадках, як Здзіслаў Найдэр. Адным з самых спрытных гандляроў гэтым заляжалым «таварам» быў колішні шэф польскай секцыі хроснай дачкі Джона Фостэра Далеса радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» Тадэвуш Жэньчыкоўскі. У адрозненне ад свайго калегі па радыёдыверсіях, ужо знаёмага нам даваеннага варшаўскага барацьбіта за «Польшчу толькі для палякаў» пана Яна Новака, Жэньчыкоўскі ўмеў паціху шкодзіць і маўчаць. Стараннямі англійскага палітычнага вышуку, з якім гэты камбінатар доўгі час супрацоўнічаў, Жэньчыкоўскі меў доступ да шмат якіх сакрэтаў эмігранцкага ўрада. Ім тады (а гэта было ў канцы саракавых гадоў) кіраваў Томаш Арцішэўскі, чалавек нахрапісты, але недалёкі. Пранырлівы будучы радыёскрыпун загаварыў яму ўстаўныя зубы і пад пільным кантролем англійскіх разведчыкаў абабраў да апошняй сакрэтнай паперкі службовы сейф. Не кранаючы нічога з месца, зразумела. Дастаткова было паціху зрабіць фотакопіі з тых дакументаў. Інакш у страшэнна фанабэрыстага ды яшчэ хваравітага прэм’ер-міністра адразу ж падскочыла б тэмпература, а пасля, мажліва, ён і акачурыўся б ад злосці, што яго абакраў такі прайдзісвет. Ён і сам паслухмяна хадзіў пад англічанамі. Чаму ж яны аддалі перавагу Жэньчыкоўскаму?

Пакуль пан прэм’ер-міністр толькі смутна здагадваўся, што яго канцылярыя дадаткова некім прасвечвалася, Тадэвуш Жэньчыкоўскі з маўклівай (але, напэўна, не бескарыслівай) згоды сваіх англійскіх павадыроў перадаў у горадзе Бергу (ён знаходзіцца недалёка ад Мюнхена) амерыканскім спецслужбам пакет з планамі антыдзяржаўнай дзейнасці рэакцыйнага падполля ў Польшчы. Відаць, у англійскіх гаспадароў не хапала сродкаў на аднаасобнае ўтрыманне яго. Але, як бы там ні было, факт астаецца фактам: у ліпучых лапах амерыканскіх спецшахермахераў разам з пакетам падрыўных аперацый у ПНР апынуліся і спісы агентаў, якія павінны былі іх ажыццяўляць.

Адным словам, гэтая не такая ўжо і тонкая здзелка па справядлівасці атрымала на Захадзе мянушку «Афера Берга». Уласна кажучы, гэта быў своеасаблівы ключ да ўсіх антыкамуністычных кратавішчаў у ПНР. І той, хто ім валодаў, мог кіраваць імі, як хацеў. Для гэтага тады ўжо былі неблагія ўмовы, калі ўлічыць, што спецслужбамі Вашынгтона і Ватыкана верхаводзілі не толькі Донаван і Мерліён, але і такія мацёрыя «майстры чорных спраў», як браты Далесы. Акрамя таго, у Ватыкане на змену Пію XII прыйшоў папа-«рэфарматар» Іаан XXIII, які, на радасць амерыканскім імперыялістам, усю сваю папскую святасць прысвяціў навядзенню належнага парадку ў апостальскай сталіцы і прыстасаванню ідэалогіі каталіцызму да развіцця навукі, неаслабнаму кантролю за яе дзейнасцю, якая ставіла пад пагрозу будучыню царквы.

Тут можна і трэба яшчэ раз нагадаць чытачам, што як прыпсаваныя паталагічным антыкамунізмам папы рымскія, так і аслепленыя ім палітычныя і дзяржаўныя дзеячы некаторых капіталістычных краін Заходняй Еўропы, не кажучы пра іх генералаў шпіёнска-дыверсійных спраў, хацелі яны таго ці не, а былі выканаўцамі волі заправіл амерыканскага манапалістычнага капіталу. Яскрава выяўленых «аднаасобнікаў» сярод іх не было. Таму і небяспеку яны прадстаўлялі немалую, хоць з масах і былі не падобныя адзін на аднаго.

А Здзіслаў Найдэр, аб якім гаварылася вышэй, быў малапрыкметным польскім журналістам, калінікалі выязджаў па справах адной рэдакцыі на Захад, дзе яго яшчэ ў 1951 годзе «вудзільшчыкі» эмігранцкага урада і ЦРУ падчапілі па свой «зазубень». Калі ж аказалася, што ў гэтага тады яшчэ маладога, неабстралянага газетчыка была надзвычай кемлівая і вяртлявая галава, «вудзільшчыкі», праўда, не адразу, а праз 14 гадоў, падпіхнулі яму ў Лондане на калені нейкую Галіну Караль, англійскую грамадзянку польскага паходжання, якая, як і яе першы муж, падпалкоўнік брытанскай ваеннай разведкі, была спецыялісткай па польскіх пытаннях. Найдэр тады ўжо быў галоўным рэдактарам часопіса «Твурчосць». На зваротнай дарозе, як і трэба было чакаць, ён разам са сваёй новай сяброўкай нанёс гасцявыя візіты патрэбным людзям у Парыжы і Мюнхене, а затым пабыў і ў Бергу, дзе <i>і ў</i> шасцідзесятых гадах ажно кішмя кішэла розная контррэвалюцыйная погань. Там Здзіслаў Найдэр, між іншым, дзейнічаў як прадстаўнік Саюза польскіх літаратараў па пытаннях культуры. Пад гэтай маскай потым міласцю сваіх непераборлівых у палітычных адносінах калег у кіраўніцтве тагачаснага Саюза ён рэгулярна да самых уцёкаў на Захад у снежні 1981 года выязджаў у амерыканскія і англійскія універсітэты нібыта для «абмену вопытам», а таксама ў Парыж і Мюнхен — штаб-кватэры рэакцыйнага эмігранцкага выдавецкага цэнтра «Культуры» і «Свабоднай Еўропы».

За шырокай спіной Здзіслава Найдэра нямала наслядзіла ў ПНР і Галіна Караль, яна ж Найдэр. Праўда, наперад свайго суджанага яна асабліва не вылазіла, ведала, што гэты знешне малапрыкметны, ціхі чалавек быў вельмі злы і вераломны, мог, калі што такое, і задушыць яе ў пасцелі. Аднак і адмаўляцца ад сваіх воўчых правоў на яго не хацела — пільна сачыла за кожным яго крокам, каб не сарваў задання, якое яны разам рабалепна выконвалі.

Дзіўна, але ў Варшаве ніхто асабліва не цікавіўся, чым займаўся гэты мацёры ў здрадзе «спецыяліст па пытаннях культуры» за межамі краіны і дома на зямлі бацькоў сваіх, чаму ён быў «на кароткай назе» з нібыта бязгрэшнымі эмігранцкімі дзялкамі ад культуры за Ла-Маншам, каго адтуль прывёз у свой берлаг амаль у самым цэнтры сталіцы. Адносіны калег да такіх, як Найдэр, «арыгіналаў» многія гады былі па меншай меры паблажліва-іранічныя. Ніхто не надаваў асаблівага значэння і таму, што новая грамадзянка ПНР Галіна Караль-Найдэр пачала выкананне сваіх шлюбных абавязкаў у Варшаве з... наладжвання кароткіх інтымных знаёмстваў з асобнымі членамі рэдкалегіі часопіса «Твурчосць», а затым і з многімі іншымі рыцарамі пяра, што паціху тады бузацёрылі ў пісьменніцкім асяроддзі. Галіна Караль-Найдэр выдатна ведала Варшаву, бо да таго, як зблыталася са Здзіславам Найдэрам, яна працавала ў англійскім пасольстве ў сталіцы ПНР, потым хадзіла ў самых актыўных радыёрэпарцёрах англійскай кароны. Хіба гэта ні аб чым не гаварыла Найдэравым калегам па рабоце ў рэдакцыі? Падобна, што не. І вось...

Працоўная Польшча не даравала Здзіславу Найдэру свядомага пасобніцтва агентам буржуазных разведак і шматгадовага асабістага супрацоўніцтва з імі. Суд Варшаўскай ваеннай акругі завочна прыгаварыў яго за гэта да пакарання смерцю. Мяркуючы па магільнай цішыні, якая на некаторы час запанавала ў Мюнхене, дзе Найдэр зараз аціраецца ў якасці шэфа польскай секцыі «Свабоднай Еўропы», польская грамадскаць прыняла гэты прыгавор з адабрэннем.

Час паказаў, што зараз у ПНР нават і лапцямі не звоняць і па тых жывых трупах, якія нага ў нагу спяшаліся за Здзіславам Найдэрам і яго вяртлявай палавінай пад чорныя сцягі рэакцыі, фальсіфікавалі ў сваіх творах сацыялістычную рэчаіснасць, шукалі «чалавечага твару фашызму», млелі ад настальгіі па буржуазна-памешчыцкім ладзе і зноў намагаліся навязаць яго палякам. Вельмі ж доўга ашуквалі яны людзей, прыкідваліся самымі шчырымі і непадкупнымі патрыётамі ПНР, свае нігілістычныя высметкі, даносы на яе друкавалі пад псеўданімамі на Захадзе, у такіх дысідэнцкіх выданнях, як парыжская «Культура» экс-графа Ежы Гедройца, а псеўдапатрыятычныя — дома, у дзяржаўных выдавецтвах краіны, якая дала гэтым адшчапенцам усё што магла.

Глыбока, ой глыбока «аралі» ксяндзы, калі прапаведавалі заквашанае на махровым ватыканскім антыкамунізме слова божае ў даваеннай Польшчы, а затым і ў ПНР! І як ім толькі ўсё гэта сыходзіла і сыходзіць з рук! Больш за шэсць мільёнаў палякаў, пераважна прававерных католікаў, у тым ліку нават і ксяндзоў, сталі ахвярамі любых Ватыкану гітлераўскіх «крыжаносцаў». Каля трыццаці з нечым тысяч чалавечых жыццяў запісалі ў свой пасляваенны крывавы «вызвольніцкі» актыў набожныя душагубы рэакцыйнага крыла Арміі Краёвай і кулацкіх банд. А ваяўнічым крумкачам у сутанах усё мала!..

Няцяжка сабе ўявіць, як такія, з дазволу сказаць, свяшчэннаслужыцелі шалелі ад высакароднага праваабарончага гневу, калі пасля суда над Здзіславам Найдэрам у польскім афіцыйным друку замільгалі прозвішчы дарагіх ім «заслужаных барацьбітоў дэмакратычнай апазіцыі» і лютых праціўнікаў сацыялістычнай культуры ў Польшчы — Анджэя Кіеўскага, Яна Юзафа Ліпскага, Анджэя Шчыперскага, Казімежа Орлася, Марака Навакоўскага, Стэфана Кісялеўскага на чале з Янам Юзафам Шчэпаньскім, заядлым нацыяналістам і антысаветчыкам, шматгадовым дзеячам клерыкальнага антыкамуністычнага таварыства «Знак». Усе яны аказаліся актыўнымі членамі «Польскага незалежнага паразумення», якое дзейнічала пад пільным наглядам чарговых кіраўнікоў пасольства ЗША — кадравых функцыянераў ЦРУ, у прыватнасці Леанарда Балдыгі і Джона Кардэка.

Леанард Балдыга, паляк па нацыянальнасці, выпускнік Калумбійскага універсітэта, дзе гэты ліпавы аташэ па культуры і друку вывучаў грамадска-палітычныя навукі, затым пасля адпаведнай перападрыхтоўкі ў адным з вучэбных цэнтраў ЦРУ неадкладна быў накіраваны на «дыпламатычную» работу ў амерыканскае консульства ў горадзе Познані (1964—1967), а затым аб’явіўся ў Варшаве (1972—1975). Што містэр Балдыга рабіў з 1967 па 1972 год, калі яго адклікалі ў ЗША, невядома. Але, вярнуўшыся ў сямідзесятых гадах назад у ПНР, ён ужо шныпарыў сярод творчай інтэлігенцыі ў Варшаве ў якасці сакратара, а затым саветніка па пытаннях культуры і друку пасольства ЗША. Пабываў гэты саветнічак не раз у сталіцы ПНР і ў якасці дырэктара бюро па справах Усходняй Еўропы інтэрнацыянальнага агенцтва Злучаных Штатаў. Менавіта таму, праўду кажучы, яму так многа месца і адведзена ў гэтых нататках. Леанард Балдыга быў на «кароткай назе» перш за ўсё з тымі членамі «Польскага незалежнага паразумення», якія падтрымлівалі творчыя сувязі з пісьменнікамі і журналістамі іншых сацыялістычных краін, у тым ліку і Савецкага Саюза.

У гэтым сэнсе не лішнім будзе назваць тут прозвішчы некаторых «ветэранаў» гэтага «інтэрнацыянальнага» шпіёнска-дыверсійнага руху, якія пад выглядам творчых работнікаў і «спецыялістаў па пытаннях культуры» батрачаць на містэраў балдыг. Перш за ўсё гэта, зразумела, выяўленыя польскімі контрразведчыкамі члены «Польскага незалежнага паразумення» Казімеж Брандыс, Тадэвуш Канвіцкі, Віктар Варашыльскі, Адам Загаеўскі, Яцак Бахеньскі (адзін з галоўных памочнікаў Яна Юзафа Шчэпаньскага і ідэолаг гэтай падпольнай арганізацыі), Ежы Анджаеўскі. Усе яны жылі і жывуць па святцах унутранай і знешняй рэакцыі, на ўсё глядзяць праз маноклі сваіх буржуазных выдаўцоў, моляцца на свайго духоўнага правадыра паэта Чэслава Мілаша, які яшчэ ў 1951 годзе афіцыйна адрокся ў ЗША ад грамадзянства ПНР, якую прадстаўляў там як аташэ па пытаннях культуры.

У бязгрэшных праўдашукальніках значыцца Мілаш і ў асяроддзі нейкіх слізкіх, як вугры, польскіх дзялкоў ад літаратуры беларускага паходжання. Маюцца на ўвазе такія нашы «сябры», як Сакрат Яновіч, якія гэтаму куміру «заслужаных барацьбітоў дэмакратычнай апазіцыі» хвалебныя панегірыкі пішуць. Менавіта гэтым, на мой погляд, і тлумачыцца той факт, што некаторыя з іх і самі скаціліся на пазіцыі плюгавенькай «дэмакратычнай апазіцыі», страцілі здольнасць, як у народзе кажуць, з адной печы хлеб есці, ліхаманкава шукаюць прыработку не толькі дома і ў нас, у Савецкім Саюзе, але і... на Захадзе.

 

Біблейскія скокі ў імя антыкамуністычнай марокі

1983 год. Вясна. На Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне яна пачалася з архівычварных палітычных выкрутасаў, пасля якіх увесь свет даведаўся, што самыя прававерныя і бязгрэшныя хрысціяне зараз жывуць у Злучаных Штатах Амерыкі. На поўным сур’ёзе аспрэчыць гэта, бадай, мог бы толькі Конрад Адэнаўэр. Ён стараўся некалі ператварыць Бон у апостальскую сталіцу заходнегерманскіх хрысціянскіх дэмакратаў. Назло папе рымскаму Іаану XXIII, які не раз раздражняў яго сваімі аднаасобнымі імперскімі замашкамі. Але... міласцю амерыканскіх імперыялістаў па-халуйску паслухмяны ім папа астаўся «канцлерам» самага высокага духоўнага рангу над усімі канцлерамі каталіцкіх дзяржаў Захаду. Ніхто не замахваўся і на правы яго пераемнікаў, хоць яны былі больш незалежнымі ад Вашынгтона і дэмакратычнымі. Братоў Далесаў, якія мелі «сваіх людзей» у Ватыкане, гэта асабліва не хвалявала, чарговых прэзідэнтаў ЗША таксама. Чаму? Хіба яны калі-небудзь спавядаліся перад сваімі выбаршчыкамі?! Мажліва, яны проста не падумалі аб гэтым або не захацелі без строгай каманды «зверху» мяняць свецкае жыццё на царкоўнае з яго бясконцымі маленнямі, пастамі, абавязковым захаваннем цэлібату1... А для Рональда Рэйгана, самага «святога» і шумнага з іх, гэта не праблема. Ён абвясціў сябе духоўным пастырам усіх тэўтонаў ЗША — і канец! Гэта нічога, што большасць з іх — патэнцыяльныя гарлахваты і падпальшчыкі новай, на гэты раз атамнай вайны. Па евангеллі ад «апостала» Рональда Рэйгана, яны зараз — самыя высакародныя людзі Асабліва пасля таго, як з часоў няўдачлівавага папярэдніка Джымі Картэра многія з іх, у тым ліку нават нацысцкія ваенныя злачынцы, якіх у ЗША доўгі час трымалі ў «цяньку», былі ўцягнуты спецслужбамі гэтай краіны ў падрыўную дзейнасць супраць Польскай Народнай Рэспублікі і іншых краін сацыялізма.

Уявіўшы сябе суперхрысціянінам, Рональд Рэйган нечакана нават для буржуазнай прэсы, якая ўжо наглядзелася розных дзівосаў, зрабіў ход «канём» і на чыста рэлігійнай глебе: аб’явіў 1983 год годам Бібліі ў Злучаных Штатах.

Людзі з не азмрочанай буржуазнай прапагандай памяццю, напэўна, глядзелі на гэта як на звычайную палітычную камедыю. На працягу дваццатага стагоддзя, асабліва пасля другой сусветнай вайны, амерыканскія прэзідэнты не раз здзіўлялі чалавецтва і не такімі вычварнымі выхадкамі. Адзін толькі Гары Трумэн колькі надзівіў зямлян, выслужваючыся перад некаранаванымі каралямі манапалістычнага капіталу! Але Рональд Рэйган, на думку многіх палітычных аглядальнікаў, зойме самае пачэснае месца ў пантэоне буржуазных славутасцей як узурпатар ролі духоўніка. Нават Джымі Картэр, які пад канец свайго бясслаўнага прэзідэнцтва ў Белым доме не расставаўся з Бібліяй, не дадумаўся да гэтага. А Рэйган паварушыў мазгамі — і ў «дамках». Зараз ён не толькі свецкая, але і духоўная асоба, хоць царква ў Злучаных Штатах Амерыкі, як вядома, адлучана ад дзяржавы.

Але не будзем строга асуджаць чалавека, якому ад прыроды наканавана быць святым з незямным агрэсіўным тэмпераментам. Не трэба забывацца, што яго бліжэйшыя памочнікі — былы дзяржаўны сакратар Аляксандр Хейг і дырэктар ЦРУ Уільям Кейсі — былі і зараз значацца... рыцарамі легендарнага ватыканскага Мальційскага ордэна, створанага яшчэ ў пару крыжовых паходаў, калі «манахі-воіны» складалі армію каталіцкай царквы2. Уільям Донаван, ён жа Дзікі Біл, як бачыце, нібы ў ваду глядзеў, калі летам сорак чацвёртага года па сакрэту ад саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі скантактаваўся з Піем XII і прымусіў яго маліцца за сваіх вашынгтонскіх босаў. Прадпрымальныя служкі манапалістычнага капіталу, у тым ліку нават і іншаверцы тыпу Кісінджэра, адчувалі сябе ў Ватыкане, як пацукі пад стогам, а заадно і нахабна арудавалі сярод членаў Мальційскага ордэна, якія кожны год у канцы чэрвеня збіраюцца ў Рыме на свой рэлігійны сабантуй з нагоды дня св. Іаана. Гэта ж не проста прававерныя «крыжаносцы дваццатага веку», а чыстакроўныя выхадцы са старэйшых і самых уплывовых каталіцкіх сем’яў Еўропы.

Такім чынам, у Рональда Рэйгана ўсё ж была рэальная глеба пад нагамі, калі яму раптам уздумалася напяліць на сябе маску магістра ваяўнічай буржуазіі, заручыцца яе падтрымкай і аб’явіць «крыжовы паход» не толькі на сусветны камунізм, але і на сваіх, амерыканскіх, каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, пераважная большасць якіх да гэтага выказвалася за мірнае суіснаванне паміж народамі, крытыкавала знешнюю палітыку Белага дома. Колькі ва ўсім гэтым было шчырай праўды — меркаваць не бяруся, але ўсё ж справа дайшла да таго, што некаторыя з такіх свяшчэннікаў неўзабаве паспрабавалі паліцэйскіх гумовых палак, а потым яшчэ і ў стальных наручніках натузаліся парадкам на вачах шматлікіх разявак непадалёку ад дзярждэпартамента.

Зараз ужо ніхто не сумняваецца, што Рональд Рэйган — апостал розных праваабарончых ідэй з двайным дном. У сябе, у Злучаных Штатах Амерыкі, ён нічога дрэннага не бачыць, нават калі там без суда і следства прыбіраюць з дарогі барацьбітоў за свабоду, лінчуюць індзейцаў і неграў, разганяюць прафсаюзы, як гэта, напрыклад, было з прафсаюзам авіядыспетчараў, а ў іншых краінах, асабліва з сацыялістычным ладам жыцця, — і ў дабры бачыць зло. А каб яно, гэтае «зло», не мазоліла надта самазванаму духаборцу вачэй, усе дыпламатычныя місіі ЗША даўкамплектаваны кадравымі супрацоўнікамі ЦРУ. Акрамя таго, як аб гэтым ужо не раз паведамлялася ў нашым друку, на «кароткі павадок» узяты некаторыя з раней існаваўшых на Захадзе арганізацый хрысціянскай, мусульманскай <b>і </b>іншых рэлігій, а таксама створана цэлая сетка новых падрыўных антыкамуністычных цэнтраў <b>і арганізацый, </b>якія прыкрываюцца рэлігійнымі шыльдамі, <b>а </b>падначальваюцца... Ды што гаварыць, бог літасцівы. Зараз не толькі спецыяльныя службы Вашынгтона <b>і </b>НАТА, але іх стараннямі і Ватыкан <b>з </b>вялікай зацікаўленасцю глядзяць на гэтыя змрочныя шпіёнскія гнёзды ў ЗША, Англіі, Францыі, ФРГ, Бельгіі... Абставіны вымушаюць глядзець. Грошы на іх патрачаны ўжо немалыя, а ў беднага Рональда Рэйгана <b>і </b>яго крыжаноснай адміністрацыі як не было біблейскага спакою, так і няма. Успомніце, што рабілася ў Белым доме пасля ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы, якія гучныя і шырокамаштабныя скокі пачаліся там перад тэлекамерамі і радыёмікрафонамі, што гаварылася.

Час паказаў, што гэта былі шумныя, але невясёлыя скокі. Містэр Рэйган, можна сказаць, і тут астаўся верным сабе: сам даскакаўся да антыкамуністычнай гарачкі і сваіх верных натаўцаў запарыў. Працоўныя Польшчы не паверылі ім, народы іншых сацыялістычных краін таксама. А парадкам патрапаныя спецслужбы дзядзькі Сэма з іх філіяламі ў капіталістычных краінах Заходняй Еўропы, Ватыкане, дыпламатычных прадстаўніцтвах Ізраіля ў ФРГ, Бельгіі, Швецыі няхай, мажліва, і ненадоўга, але ўсё ж, як гаворыцца, селі макам. Сеяць вецер усюды — не жвачку жаваць, што, уласна кажучы, нашы польскія сябры на практыцы неабвержна ім даказалі.

Аб’яўлены Рэйганам біблейскі бум у ЗША таксама бясслаўна лопнуў, як мыльны пухір. Нават самыя цёртыя ў спецхедарах гэтай краіны дарадчыкі прэзідэнта на чале з правадзейным рыцарам Мальційскага ордэна і дырэктарам ЦРУ Уільямам Кейсі, якія заўсёды дзейнічалі і дзейнічаюць па прынцыпу: «на чыім возе едзеш, таму і песню спявай», зараз, напэўна, паныла мармычуць: «Наш паважаны шэф, мабыць, яшчэ не скантактаваўся з богам, калі ўсе нашы хітрыя падказкі на пшык зводзіць. Што ж гэта яшчэ прыдумаць, га?»

Зусім мажліва, што ў спёртай атмасферы антыкамуністычнай істэрыі, якая да гэтага часу пануе <i>ў</i> Белым доме, Уільям Кейсі са сваімі «крыжаносцамі» ад падспудных падрыўных спраў крыху і падпужнуў Рэйгана, каб ён не прыдурваўся перад магутнымі капіталістычнага свету, а вымантачыў у іх пры сядзенні «сваіх хлопчыкаў» у дзярждэпартаменце яшчэ крыху грошай на барацьбу з польскімі «дэхрысціянізатарамі». Гэта новы папа рымскі Павел ІІ некалі на заранку сваёй духоўнай дзейнасці, будучы яшчэ звычайным царкоўным прапаведнікам божага слова сярэдняга рангу, аднойчы з апломбам назваў так сваіх суайчыннікаў, якія парвалі з касцёлам і сталі членамі ПАРП. З лёгкай рукі будучага папы і пайшла гуляць гэтая мянушка па свеце. А ў Уільяма Кейсі, як відаць, яна яшчэ і прыступы вар’яцтва выклікала. На карысць гэтай версіі найбольш яскрава іграе той факт, што зараз супраць Польскай Народнай Рэспублікі вядзецца больш тонкае стратэгічнае наступленне. На яго ажыццяўленне міласцю амерыканскіх фінансавых заправіл адміністрацыя Рэйгана кідае велізарныя сродкі, сучасную тэхніку і адборную падрыўную шпіёнска-дыверсійную рабсілу. Сярод ландскнехтаў вашынгтонскіх рэжысёраў новай антыпольскай кампаніі, між іншым, ёсць і выхадцы з Беларусі, якія пасля разгрому фашысцкай Германіі акапаліся на Захадзе. Няцяжка здагадацца, што гэта недабітыя ашчаропкі гітлераўскага крывавага «новага парадку», пераважна ваенныя злачынцы і іх зараз ужо дарослыя атожылкі. І гэта заканамерна: дзе вызначаецца палітыка «браніраванага кулака», там заўсёды знаходзіцца адпаведны занятак і для гэтых «вызваліцеляў».

Да гонару беларускай працоўнай эміграцыі, яна ў пераважнай большасці сваёй яшчэ ў першыя пасляваенныя гады раз і назаўжды адмежавалася ад збеглых здраднікаў Радзімы. Дарэмна яны набіваліся ў «шчырыя сябры» нашым суайчыннікам у Францыі, Англіі, Канадзе, ЗША, краінах Цэнтральнай і Лацінскай Амерыкі, Аўстраліі. Гасцявыя і турысцкія паездкі ў СССР, сустрэчы з жорстка апаленымі вайной роднымі і блізкімі адкрылі вочы людзям на многае, чаго яны раней не ведалі, аб чым і не снілі. Ясна, што многія тады на месцы, як гаворыцца, з першых рук даведаліся, а вярнуўшыся назад у свае заморскія краіны і іншым сказалі, чым займаліся на радзіме беларускія здраднікі, памагатыя фашыстаў. Толькі нашым польскім сябрам на вялікі жаль, ад гэтага асабліва не палягчэла Былі выпадкі, калі асобныя беларускія прафашысцкія «змагары за незалежную Беларутэнію» шасталі па іх краіне ў масках былых польскіх партызан, жаўнераў розных польскіх ваенных фарміраванняў на Захадзе, у тым ліку і колішняп арміі генерала Андэрса. І ўсе, канечне ж, паціху рабілі сваю чорную справу, шчодра аплачаную ім загадзя новымі гаспадарамі. Сімптаматычна, што найбольш за ўсё яснавяльможныя беларускія «змагары» жыравалі на Беласточчыне, дзе жыве многа беларусаў, ёсць вялікі атрад маладой, энергічнай, пісьменнай працоўнай і творчай інтэлігенцыі.

Адным словам, толькі не хапала падкупленых ваенных капеланаў і маркітантак ды аднаго-двух «герояў абароны Варшавы» або легендарнай польскай крэпасці Вестэрплятэ, што на балтыйскім прыбярэжжы ў дэльце Віслы. Для неспрактыкаванай польскай студэнцкай і рабочай моладзі, не кажучы ўжо аб мясцовых «неарэфарматарах», яны былі б нядрэннай прынадай. Рухаючай сілай развязанага Рэйганам і яго адміністрацыяй «крыжовага паходу» супраць ПНР па-ранейшаму служаць размешчаныя на паўночна-амерыканскім кантыненце і ў Заходняй Еўропе дыверсійныя цэнтры, укамплектаваныя, як правіла, такімі пярэваратнямі. Трэба сказаць — і гэта не будзе перабольшаннем, — што па сваёй халуйскай адданасці амерыканскім імперыялістам некаторыя з іх цягнуць не толькі на дацэнтаў, але і на дактароў ад здрады. Тым больш што, як правіла, яны аціраюцца сярод непераборлівых у палітычных адносінах заходніх журналістаў, вучоных, мастакоў, літаратараў. Там, дзе іх ведаюць як аблупленых, лоўка практыкуюць тактыку «надточаных рук», гэта значыць карыстаюцца паслугамі сваіх калег па фаху амерыканскага, англійскага, французскага або нямецкага паходжання, маскіруюцца пад каталіцкіх і уніяцкіх свяшчэннаслужыцеляў, як гэта рабілі ў свой час ваенныя злачынцы Леў Гарошка, Уладыслаў Рыжы, ён жа Рыг-Рыгскі, і Чэслаў Сіповіч, выпускікі папскай духоўнай акадэміі «Русікум», дзе, акрамя ўсяго, іх вучылі і падрыўной шпіёнска-дыверсійнай справе. Дарэчы, менавіта яны, гэтыя, з дазволу сказаць, святыя айцы, «надточвалі» сабе нячыстыя рукі радавымі беларускімі эмігрантамі, андэрсаўцамі, англійскімі, амерыканскімі, нямецкімі вучонымі, журналістамі, літаратарамі. Дзеля гэтага, як вядома, яшчэ з часоў Гары Трумэна браты Далесы згарбузавалі некалькі змешаных навукова-даследчых устаноў тыпу, скажам, былога мюнхенскага Інстытута па вывучэнню СССР, прыплюсавалі да іх некалькі беларускіх кнігарняў і бібліятэк — і шпіёнска-дыверсійнае матавіла закруцілася на самых высокіх абаротах.

Гэта проста дзіўна, што ў нас цяпер мала хто знае, колькі спрактыкаваных шпіёнаў і дыверсантаў падрыхтавалі і закінулі ў нашу краіну «арганізатары» розных клерыкальна-нацыяналістычных падрыўных цэнтраў, што пасля вайны разлапушыліся стараннямі амерыканскіх і англійскіх спецслужбаў у Францыі і Англіі. Аб гэтым жа яшчэ ў пяцідзесятых гадах пісаў беларускі пісьменнік Макар Паслядовіч у сваёй кнізе «Па воўчых сцежках», у якой расказвалася аб варожых падкопах нацыяналістычнай эліты — былога «прэзідэнта» фашысцкай Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага, яго намесніка па Навагрудскай акрузе, «камандзёра» карнага батальёна так званай Беларускай краёвай абароны Барыса Рагулі, епіскапа Чэслава Сіповіча супраць нашай сацыялістычнай краіны.

Вельмі падрабязна і доказна расказваецца пра злачынную антынародную дзейнасць гэтых і многіх іншых буржуазных наймітаў пад чорнымі сцягамі буржуазных разведак і ў багата ілюстраванай дакументальнай кнізе Васіля Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», якая, між іншым, амаль на дваццаць гадоў апярэдзіла нашумелую на Захадзе кнігу амерыканскага юрыста Джона Лофтуса «Тайна» Беларусі», напісаную на гэтую ж тэму і выдадзеную ў 1983 годзе ў ЗША на англійскай мове. Але кніга Васіля Раманоўскага была нашай, савецкай кнігай, таму на Захадзе (ды і не толькі на Захадзе) прыпсаваныя буржуазнай прапагандай вучоныя мужы яе «праглядзелі».

Але жыццё аказалася мудрэйшае за відушчых слепакоў, яно агаліла і без таго голых «змагароў за незалежную Беларутэнію», выплеснула з амерыканскіх сакрэтных архіваў іх здрадніцкія дасье, частка якіх і апублікавана ў кнізе Джона Лофтуса. Мёртвым яны, гэтыя дасье, крыві ўжо не папсуюць, а тым, хто яшчэ капціць неба, мяркуючы па чутках, якія дайшлі да нас з-за акіяна, ужо горача. І не толькі ў ЗША, але і ў некаторых іншых капіталістычных краінах. Тыя, каго буржуазная прапаганда гадамі нястомна абельвала, зноў вымушаны хавацца ад радавых эмігрантаў, мяняць месца жыхарства і шмат разоў ужо мяняныя прозвішчы.

А што было б, каб на Захадзе былі апублікаваны ўсе сакрэтныя дакументы аб крывавым мінулым беларускіх фашыстаў? Наўрад ці інтэліджэнтс сэрвіс, напрыклад, прыкрыла б ад непрыемнасцей сягонняшніх гаспадароў музейна-бібілятэчнага комплексу імя Францыска Скарыны ў сталіцы Англіі, каб нашы суайчыннікі за Ла-Маншам ведалі, што большасць, пераважная большасць экспанатаў яго была вывезена гітлераўцамі з Мінскага краязнаўчага і іншых музеяў рэспублікі. Аб гэтым сведчыць тэлеграма фашысцкага міністра ўсходніх абласцей Розенберга, якую ён 20 сакавіка 1944 года накіраваў генеральнаму камісару ў Мінск з напамінкам аб неабходнасці хутчэй ажыццявіць гэтую подлую аперацыю. Фотакопія Розенбергавай тэлеграмы апублікавана ў кнізе Васіля Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынстве» на 151 старонцы, а арыгінал, трэба думаць, знаходзіцца ў архіве.

Але і гэта яшчэ не ўсё! Дакладна вядома, што ў Лондане падрыхтоўкай антысаветчыкаў доўгі час верхаводзіў выпускнік «Русікума» беларускі епіскап, а затым архіепіскап Чэслаў Сіповіч. Міласцю Ватыкана і буржуазных разведак яго памагатымі былі кадравыя агенты ЦРУ ў сутанах — уніяцкі духоўнік Леў Гарошка, інструктар ЦРУ па трэніроўцы курсантаў школы-інтэрната Барыс Рагуля і... цяперашні пераемнік Сіповіча, яго колішні пратэжэ айцец Аляксандр Бучко, ён жа Надсан, ураджэнец пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, выпускнік дзвюх, здавалася б зусім розных па духу і спецыяльнасцях школ — Мінскай афіцэрскай школы так званых «беларускіх камандзёраў», арганізаванай Беларускай цэнтральнай радай, і папскага духоўнага вужачніка «Русікум» Бучко-Надсан быў саўдзельнікам лютых ворагаў беларускага народа ў пасобніцтве амерыканскім імперыялістам. Усяго праз іх воўчыя лапы прайшло звыш пяцідзесяці чалавек.

Такой жа агіднай антынароднай справай займаліся рэктар Лювенскага каталіцкага універсітэта айцец Роберт, самазваны «прэзідэнт» нябожчыцы Беларускай народнай рады Мікола Абрамчык, былы верхавод Беларускай краёвай абароны маёр старой польскай арміі Францішак Кушаль, у іх усіх пачыналіся прыступы вар’яцтва пры словах «Саветы», «Масква», «камунізм». Лёс не раз зводзіў мяне з імі, ведаю, што гэта за «божыя ягняткі». Таму з поўнай адказнасцю хачу сказаць: фактар часу на такіх шкурнікаў амаль зусім не дзейнічае, калі не лічыць асобных вельмі рэдкіх выпадкаў прасвятлення ў той ці іншай адурманенай буржуазнай прапагандай галаве пад уплывам якога-небудзь незвычайнага стрэсу. Цяпер паны з ЦРУ ў Лэнглі, пасля бясконцых правалаў, робяць стаўку пераважна толькі на перакананых антыкамуністаў. Так, па меншай меры, абстаяць справы ў дыверсійных цэнтрах, якія раскватараваны ў ФРГ, дзе сканцэнтраваны асноўныя, так сказаць, ударныя сілы «майстроў чорных спраў». Важнай іх зброяй, як ужо не раз паведамлялася ў нашым і замежным друку, з’яўляюцца радыёстанцыі. Дыверсіі ў эфіры — да пары да часу асноўны сродак псіхалагічнай вайны супраць «усходніх дэхрысціянізатараў», гэта значыць не скароных здвоенымі сіламі Вашынгтона і Ватыкана палякаў і нас, бязбожных пабрацімаў іх.

Павышаны інтарэс да радыёдыверсій праяўляюць і кіруючыя колы шэрагу краін НАТА. Так, напрыклад, група «экспертаў» на чале з закаранелым антыкамуністам Збігневам Бжазінскім, продкі якога закапаны ў нас на Ракаўшчыне, і былым дырэктарам радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» В. Грыфітам у часы прэзідэнцтва Картэра распрацавала дэталёвы план падрыўной дзейнасці заходніх радыёстанцый з мэтай аслаблення краін сацыялізма, дэзарганізацыі іх палітычнага і грамадскага жыцця.

Але гэта, як ужо адзначалася вышэй, былі толькі «кветачкі», хоць і ад іх ужо нясцерпна несла мілітарысцкім смуродам. Таму нават некаторыя тады яшчэ на словах «стойкія ў палітычных адносінах» польскія літаратары, абкураныя ім дома і ў зарубежных творчых камандзіроўках, пачалі штосьці няўцямнае балбатаць аб «роднасці душ», «адзіным радовішчы польскай культуры», паасобку, а затым і групамі браталіся не толькі з сапраўды вартымі пашаны польскімі эмігрантамі, але і з адшчапенцамі. А гэта якраз і было пачаткам падзення асобных непераборлівых парнаскіх балак, ахвочых на такія знаёмствы.

Брыдкія гэта справы, зараз пра такіх... паноў і пісаць неахвота. Але на іх халуйскім «творчым рахунку» ўжо нямала паклёпніцкіх публікацый не толькі на сваіх польскіх калег па пяру, але і на нас, пісьменнікаў Савецкай Беларусі. Адказваць на іх — гэта тое самае, што на вецер свістаць. Мы лепш паглядзім, што зараз адбываецца на Захадзе пасля таго, як, па словах газеты «Нью-Йорк таймс», «смурод няўдач павіс над рэйганаўскім Белым домам». Яны ж, гэтыя няўдачы, могуць яшчэ і ў пасцель пакласці самазванага хрысціянскага месію. Многія з арганізатараў праваленай «Аперацыі Палонія» зараз яму, напэўна, і на вочы не паказваюцца. Нібы прыстукнуты пыльным мяшком, пацее недзе над новымі пражэктамі ідэалагічных дыверсій супраць свайго народа нястомны Збігнеў Бжазінскі, хоць, як вядома, ён цяпер «ценявая асоба». А прэзідэнт — лютуе. Па яго загаду ўжо адбывалася татальная перастаноўка «бітых тузоў» ад палітычных правакацый як у Белым доме, так і ў яго спецслужбах. «Смурод няўдач» быў такі ядавіты, што нават дайшоў ажно да Мюнхена і Парыжа, дзе ад яго раптам заняпалі ўжо знаёмыя нам экс-графы Зыгмунт Міхалоўскі і Ежы Гедройц. У Белым доме зрабілі выгляд, што яны не існуюць. І гэта адразу падзейнічала: яго святлейшая вяльможнасць Зыгмунт Міхалоўскі, як бедны сваяк, хуценька пакінуў пасаду шэфа польскай секцыі «Свабоднай Еўропы», хоць па нянавісці да працоўных ПНР яму там не было роўных. Моцна захісталася службовае крэсла пад галоўным рэдактарам сумна вядомай парыжскай «Культуры» Ежы Гедройцам. Яшчэ зусім нядаўна страшэнна самаўпэўнены, нахабны і катэгарычны, зараз Гедройц, па расказах знаёмых мне польскіх журналістаў-міжнароднікаў, прыкметна аціх, замкнуўся ў сабе, як гэта часта бывае з такімі неўраўнаважанымі натурамі, дрэнна рэагуе на тэлефонныя званкі сваіх штатных і пазаштатных інфарматараў (карэспандэнтамі іх не назавеш) з Вашынгтона, Лондана, Рыма, Мюнхена, Заходняга Берліна... Відаць, рашыў, што яны больш ужо нічога не прыбавяць у яго аблезлую жалезабетонную «скарбонку» на састарэлых кастлявых плячах, якія цяпер нагадваюць стары надламаны каромысел. Дыялектыка жыцця — цётка няўмольная, яна ўладарна адкінула гэтага прадажнага буржуазнага выдаўца і рэдактара на пазіцыю звычайнага палітычнага банкрута. Яго публікацыі аказаліся бруднай антыкамуністычнай пісанінай, заквашанай на жывёльным жаданні як найбольш нашкодзіць нашым польскім сябрам, іх сацыялістычнай радзіме. Ведаючы яшчэ з даваеннага часу, які пан экс-граф Ежы Гедройц ад прыроды хітры, нахрапісты і вераломны, я не сумняваюся, што нават сам Уільям Кейсі адным махам не пазбудзецца яго. Але гэта ўжо нічога не мяняе, таму Гедройц, нягледзячы на ўсе свае былыя «заслугі», і трасе штанамі.

На месца Зыгмунта Міхалоўскага амерыканцы ўладкавалі Здзіслава Найдэра, які, безумоўна, будзе лепш за Міхалоўскага батрачыць на сваіх заакіянскіх гаспадароў. Зараз гэта «спецыяліст па падрыўной дзейнасці сярод творчай інтэлігенцыі ПНР, асабліва пісьменнікаў». Так, прынамсі, гавораць аб ім балбатлівыя радыёскрыпуны «Свабоднай Еўропы». Такога ж, калі яшчэ не больш саліднага, «знатака» майстроў мастацкага слова ўладкуюць малойчыкі Кейсі і на месца Гедройца. Але гэта стаўка на «мыльныя пухіры». Ежы Гедройц з першых пасляваенных гадоў валаводзіўся з пішучай браціяй, нават «вылавіў» некалькі літаратурных «суперінтэлектуалаў» для далейшага выкарыстання іх у падрыўных мэтах. Але амаль увесь гэты «ўлоў» аказаўся мечаным як у палітычных, так і ў сацыяльных адносінах. Карацей кажучы, парыжскі «рыбак» цэрэушнага выдавецтва інстытута «Культура» ў асноўным меў справу з прадстаўнікамі апошніх з «магікан» польскай прабуржуазнай творчай інтэлігенцыі даваеннага часу і маладымі, ды раннімі «левакамі» з розных падазроных маладзёжных палітычных арганізацый і груповак. Некаторыя з іх, як той жа Найдэр, гадамі прыкідваліся шчырымі патрыётамі, займалі адказныя пасады на радыё і тэлебачанні, рэдагавалі грамадска-палітычныя і літаратурныя часопісы і газеты, спакваля нацэльвалі іх... супраць народнага ладу, балазе ў ПНР тады не ўсе такія спробы знаходзілі прынцыповую партыйную ацэнку. Гэтая горкая ісціна зараз ужо не навіна для польскай грамадскасці, яна шырока каменціравалася ў савецкай і зарубежнай прэсе як адна з прычын палітычных і гаспадарчых непаладак у тагачаснай Польшчы. Усе, хто належаў да Польскай аб’яднанай рабочай партыі, для Здзіслава Найдэра і хеўры былі «цемнякамі» — недавучкамі, безнадзейнымі дагматыкамі, народная Польшча — гіблым месцам для «сапраўдных інтэлектуалаў». Аднак у мутных ад бяссонніцы вачах Ежы Гедройца гэтыя «сапраўдныя інтэлектуалы» былі патэнцыяльнымі калі не трупамі, дык «непрыемнымі людзьмі» і для ацалелых ацяробкаў мацёрай польскай санацыі. Здраднікі, як і крыміналісты, тыпы карпаратыўныя, дружныя. Некаторыя з іх, стараннямі Яцака Кураня і Караля Мадзялеўскага, дзейнічалі з аглядкай на актывістаў «славутага» «IV Інтэрнацыянала» (трацкісцкага) і супрацоўнічалі з ім. Абыякава глядзець на гэта скрозь свае арыстакратычныя пальцы Гедройцу проста яго панская натура не давала. Адкрыта сваіх пагардлівых адносін да польскіх трацкістаў ён шырока не афішыраваў, але і на перашэпты ў сваю антыкамуністычную выдавецкую бярлогу запрашаць не спяшаўся.

Трэба сказаць, што нюх у Гедройца адменны. Нядаўна мне ў рукі трапіў зборнік «Неаб’яўленая вайна супраць Польшчы», складзены па матэрыялах польскага друку аб падрыўной дзейнасці за ходніх спецслужбаў3. Праглядаючы яго, я звярнуў увагу на невялікі, але вельмі па-свойму цікавы артыкул Юзафа Касецкага «Правакатары за работай», з якога бачна, што сучасны трацкізм — гэта таксама не абы-якая падмога для амерыканскіх імперыялістаў. Па крайняй меры, на ўсіх этапах падрыўной дзейнасці ў ПНР ён сваімі лявацкімі заскокамі ні разу не сапсаваў «кашы» рэакцыі. Асабліва стараліся так званыя «камандосы», якія ў шасцідзесятых гадах намагаліся спіхнуць ПАРП на шлях крывавых рэпрэсій, але, ізаляваныя ад рабочага класа, усе яны, як піша Касецкі, былі лёгка разбіты і пераможаны. Частка іх, гаворыцца далей у яго артыкуле, эмігравала на Захад — сярод іх аказаліся Стэфан Бэкер, Гольдберг і Хэнрык Пашт, якія пачалі адкрытую дзейнасць у шэрагах «IV Інтэрнацыянала», затым сталі рэдактарамі газеты «Валька кляс» («Барацьба класаў») — органа «Рэвалюцыйнай рабочай лігі Польшчы», секцыі «IV Інтэрнацыянала».

Але нашмат цікавейшае тое, што, пацярпеўшы ганебны разгром у Польшчы, паны «камандосы», як падкрэслівае аўтар артыкула «Правакатары за работай», перасталі выстаўляць напаказ свае трацкісцкія погляды, пачалі шукаць кантакты з каталіцкімі коламі.

Думаю, каментарыі тут не патрэбныя! Мне нават захацелася павіншаваць Гедройца за яго прафесійную абачлівасць. Апусціцца да адкрытага супрацоўніцтва з «IV Інтэрнацыяналам» маглі толькі асобныя прапаведнікі тэалогіі імперыялізму. Але ж як бы там ні было, а месье Гедройц таксама карпаратыўны палітычны камбінатар... Вось ён, польскамоўны грамадзянін Францыі, збуцвелы на службе ў амерыканскіх імперыялістаў пасынак нейкага графскага роду, Ежы Гедройц, пранізліва глядзіць на мяне спадылба з аматарскага фотаздымка, крыху ператрыманага ў час праяўлення, гатовы да любых нечаканасцей, і прыкідвае, ці варта яму наогул звязвацца з кожным сустрэчным. Для гэтага ў яго воўчым гняздзе ў так званай сельскай рэзідэнцыі з чырвонай цэглы ў ваколіцах Парыжа ад цямна да цямна млеюць на «баявых пастах» менш радавітыя супрацоўнікі, празваныя мясцовымі жартаўнікамі «святымі паганцамі».

У канцы пяцідзесятых гадоў, неўзабаве пасля таго як мяне прызначылі намеснікам рэдактара газеты «Голас Радзімы», мне, можна сказаць, пашанцавала пазнаёміцца з адным такім Гедройцавым памагатым. Знешне ён не выклікаў у мяне ніякага падазрэння, хоць сустрэліся мы ў незвычайных умовах, і не ў ПНР, дзе я заўжды адчуваў і адчуваю сябе як дома, а ў Заходнім Берліне ў прыватнай сталоўцы (яе яшчэ называлі і малочным барам) адной польскай эмігранткі непадалёк ад рэйхстага. На паспешныя знаёмствы ён асабліва не набіваўся, мне нават было цікава з ім пагаварыць. У Заходнім Берліне тады прадыхнуць нельга было з-за рознай погані, а ў Гедройцавага чалавека чамусьці ажно нервова затраслася галава, калі яму прыспічыла пагаварыць са мной. Успомніліся словы аднаго нашага савецкага публіцыста, які справядліва адзначыў неяк, што многія з нашых ідэйных праціўнікаў з’яўляюцца ў самым чыстым выглядзе прадуктам буржуазнай прапаганды, прытым другараднай. Іх цяперашнія прарокі — фанатычныя антыкамуністы, крыкуны, не здольныя зразумець складанасці сучаснага свету. У гэтым інтэлектуальным тупіку топчуцца зараз, як бараны перад наглуха зачыненай брамай, пагарэлыя дактары ад філасофіі нават такога буйнога рангу, як Збігнеў Бжазінскі і Лешак Калакоўскі. Свае філасофскія высметкі яны выдаюць за неабвержную мудрасць, а даказаць гэтага на практыцы не могуць. Адкуль жа тады нойдзе тое палітычнае «прасвятленне» на іх і без таго цвердалобыя ахвяры? Жывуць яны, як прайдзісветы-шабашнікі, прыкідваюцца перад суайчыннікамі з Польскай Народнай Рэспублікі «ахвярамі гістарычнай несправядлівасці» і, пакуль ёсць рылы, рыюць ім усюды магілы.

Такой свіной тактыкі, як відаць, прытрымліваўся і мой новы знаёмы польскі эмігрант, старанна замаскіраваны ў «сельскай рэзідэнцыі» Ежы Гедройца пад турыста. Высокі, плячысты, з лупатымі, як у пугача, шэрымі вачамі і высунутым наперад квадратным падбародкам, ён панура, з нейкім нахабствам аглядзеў мяне з ног да галавы, потым хрыпла спытаў, ці можна яму прысуседзіцца да майго стала, і, атрымаўшы станоўчы адказ, дагодліва заахкаў, што мая «пальшчызна» (польская мова) не горшая за яго.

Клянуся маткай боскай вастрабрамскай пан хвэцка гаворыць па-польску! Дзе ж вы нарадзіліся? На Гродзеншчыне? Я так і думаў, пане каханы, як пачуў, што вы гаворыце нараспеў — самазадаволена гудзеў ён, раз-пораз выціраючы далонню слінявыя губы. — Выкіньце з галавы, што я — ваш вораг. Чаго мы, польскія бежанцы, не падзялілі з беларусамі? Або чаго вы, беларусы, не падзялілі з намі? У Італіі, пад Монтэ-Касына, смерць усіх нас аднолькава касіла. Генерал Андэрс, халера ясная, сваіх салдат і афіцэраў беларускага паходжання называў крэсавякамі, як і ў часы Пілсудскага. А што датычыцца майго цяперашняга шэфа пана... Пачакайце, мы павінны яшчэ абмяняцца візіткамі. Або давайце хоць паціснем адзін аднаму руку... Мне чамусьці думаецца, што і вы недзе ваявалі. Я нават упэўнены ў гэтым! Хочаце, дык тэго... махнём у наш, польскі эмігранцкі, рэстаран. Шыльда на ім, праўда, нямецкая, а ўсё астатняе...

Тут лупатыя вочы майго субяседніка крутануліся. Ён зноў нахабна прасвідраваў імі мяне навылёт. За вокнамі сталоўкі стаяў хмурны асенні дзень, а мне здавалася, што пачало змяркацца. Яшчэ хвіліна-другая, і я не ведаю, чым бы ўсё скончылася. Той хмурны асенні дзень, мажліва, быў бы для мяне і апошнім. З жыццёвай практыкі знаю буржуазныя найміты ў сродках не перабіраюць, калі адчуюць смяртэльную небяспеку. А я, не падумаўшы, назваў сапраўднае прозвішча свайго назойлівага суседа па стале.

Зараз я магу нават пажартаваць на гэтую тэму. А тады — страшэнна перахваляваўся: перада мной жа разгублена лыпаў вачамі адзін з тых не дабітых «лясных братоў», якія, вярнуўшыся з розных геаграфічных шырот на радзіму, па камандз з Лондана, і пасля вайны яшчэ доўгі час ваявалі з намі. Па сутнасці, ён, мабыць, таму і апынуўся на Захадзе. Ці трэба гаварыць, што лепш было яго там не чапаць. Але як на грэх, дык і на роўным месцы можна спатыкнуцца. Калі і ацалеў я, дык відаць, толькі таму, што ў мяне былі нервы крыху мацнейшыя, чым у майго звераватага, але баязлівага апанента. Ён проста паспешна ўсхапіўся з-за стала і зараз жа вышмыгнуў на вуліцу, нават не расплаціўшыся з гаспадыняй сталоўкі.

Думаю, у яго шэфа, шаноўнага месье Гедройца, пасля такой сустрэчы не хапіла б вынаходлівасці і на гэта. ён жа «тэарэтык бескампраміснай барацьбы з камуністамі», у тым ліку і з намі, «крэсавякамі», а не які-небудзь вашывы практык, з надточанымі нажом або пісталетам валасатымі лапамі. Менавіта таму, праўду кажучы, Гедройцу ў гэтых нататках і адведзена так многа месца. Яго арыстакратычныя лапы надточаны рафінаванымі «пшэмытнікамі» — кантрабандыстамі, якія па-ранейшаму ў любы час дня і ночы, незалежна ад пары года, пацучынымі сцежкамі разносяць па свеце падрыўныя антыкамуністычныя практыкаванні Гедройца і яго кампаньёнаў, што друкуюцца ў «Культуры» адкрыта і пад псеўданімамі. А сярод іх, як ужо не раз паведамлялася ў польскіх газетах, ёсць «тэарэтыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам» розных контррэвалюцыйных напрамкаў. Гэта робіць іх публікацыі больш прабіўнымі і небяспечнымі. І наогул аўтары Гедройцавай «Культуры», як відаць, ад сціпласці не паакачурваюцца на задворках капіталістычнага свету. Дастаткова сказаць, што ў свой час яны спачатку вусна, а затым у пісьмовай форме настойліва падказвалі... палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША, дзе, калі і як яна больш эфектыўна магла б ажыццяўляць ідэалагічныя дыверсіі.

Адносіны «Культуры» да тых, каму карціць як мага хутчэй зноў рушыць у «крыжовы паход» на камунізм, проста адыёзныя. Вось як іх, напрыклад, характарызуе польскі публіцыст Эдвард Мадзялеўскі ў сваім артыкуле «Імпарт контррэвалюцыі», змешчаным у зборніку «Неаб’яўленая вайна супраць Польшчы»:

«...Калі пэўныя колы, асабліва старой эміграцыі, працягваюць займацца гратэскавымі прасоўваннямі па ваеннай службе, уручэннем даўно ўжо адмененых узнагарод, асвяшчэннем ужо выцвілых сцягоў, а шасцідзесяцігадовыя і сямідзесяцігадовыя «палкоўнікі» і «генералы» мараць аб «крыжовым паходзе» супраць «камуністычнага рэжыму ў Польшчы», то рэдакцыя «Культуры» глядзіць на гэта вельмі спрыяльна, хоць і з пэўнай доляй паблажлівасці. Няхай старыя забаўляюцца, відаць, думаюць у рэдакцыі «Культуры», гэта не пашкодзіць, а сярод прадстаўнікоў маладога пакалення падобныя, па сутнасці справы антыкамуністычныя, рытуалы могуць павысіць баявы дух. Калі ж нехта з эміграцыі памкнецца выйсці за рамкі ранейшых поглядаў на Польшчу і рашыцца хоць бы на найменшую дозу аб’ектывізму, то рэакцыя будзе неадкладнай».

Адным словам, не рэдакцыя, а нешта падобнае на ската, які ў любы момант можа па-снайперску паразіць сваю ахвяру электрычным зарадам. Упартае антыкамуністычнае маньяцтва, як справядліва падкрэслівае Эдвард Мадзялеўскі, давяло Гедройца і яго паслядоўнікаў да зацяжной канфрантацыі з больш памяркоўнымі і разважлівымі эмігрантамі. Прыкладам гэтага могуць быць няспынныя нападкі «Культуры» на польскія эмігранцкія колы, аб’яднаныя вакол выдання «Нарадовец» і «Мысль польска», якія сумняваліся ў аўтэнтычнасці (г. зн. састаўленых менавіта ў Польшчы) некаторых праграмных дакументаў КГС — КАР і выказвалі пэўныя агаворкі адносна шчырасці палітычных намераў і маральнай чысціні лідэраў КГС — КАР. Рэдакцыя «Культуры», па словах Мадзялеўскага, на такія выказванні заўсёды адказвала рашуча.

А што ёй, гэтай наэлектрызаванай маньякальным антыкамунізмам рэдакцыі, аставалася рабіць, чым больш карысным і цікавым заняцца? Яна і сама не грэбавала грубымі падробкамі розных гак званых «праграмных дакументаў» польскага «праваабарончага руху». Ежы Гедройц можа пакрыўдзіцца, калі нашчадкі забудуцца на яго высакародную патрыятычную дзейнасць у гэтым напрамку. Хіба не па яго ініцыятыве яшчэ ў 1976 годзе ў «Культуры» была апублікавана праграма польскай</i> <b>контррэвалюцыйнай групоўкі «Польскае паразуменне непадлаглесцёвэ» <b>(ППН), нацэленая на</b> дэмантаж народнага ладу і ліквідацыю сацыялізма ў Польшчы? Ананімныя аўтары гэтай праграмы заклікалі ўсіх палякаў да «рэалізацыі» іх злавесных для працоўных ПНР планаў. Толькі ў <i>1978</i> годзе нечакана шыла пачало вылазіць з мяшка, і ананімы круціліся, як уюны на патэльні. Аказваецца, гэта былі такія, з дазволу сказаць, сябры польскага народа, як платны амерыканска-англійскі «саветолаг» Лешак Калакоўскі (Лондан), які нядаўна праз заходнегерманскі часопіс «Шпігель» заклікаў сваіх сапраўдных хлебадаўцаў да ваеннай інтэрвенцыі ў сацыялістычную Польшчу.

Не ўстаяў перад спакусай хоць злёгку насаліць камуністам і нейкі пан Густаў Нэрлінг-Грудзіньскі, шматгадовы супрацоўнік «Культуры». Атабарыўшыся пасля вайны ў Італіі, ён знюхаўся там з такімі ж, як і сам, адшчапенцамі, трапіў недзе на вочы «святых паганцаў», а дакладней, інфарматараў Гедройца, і, як ачмурэлы, пачаў скакаць пад яго пазалочаную амерыканцамі дуду.

Сімптаматычна, што сярод аўтараў праграмы ППН прымайстраваўся таксама і намеснік кіраўніка Паўночнаамерыканскай студыі польскіх спраў прафесара А. Эрэнкрэнтза, былы функцыянер кансерватыўнай эмігранцкай арганізацыі «Польскі вызвольны рух — незалежнасць і дэмакратыя» І. Лерскі. Адным з яе «прадстаўнікоў» у ПНР быў рэакцыянер Т. Валяндоўскі, які аціраўся сярод «баевікоў» Кураня і Міхніка, актыўна супрацоўнічаў у іх падпольным друку.

Зараз ужо ні для каго ў ПНР не сакрэт, што паны лерскія, нэрлінг-грудзіньскія, калакоўскія — верныя служакі амерыканскіх імперыялістаў, якія гатовы на любую подласць.

Але вернемся да Гедройца. Па-першае, ён самая дзябёлая і адчувальная частка галавы ската, па-другое, гэта «злы геній» амаль усіх польскіх дысідэнтаў, асабліва пісьменнікаў і журналістаў, па-трэцяе, Гедройц перастаў бы быць Гедройцам, падсадной «качкай» ЦРУ, калі б за многія гады супрацоўніцтва з ім не стварыў капітальнай картатэкі на ўсіх польскіх дысідэнтаў і на тых, з кім яны мелі справу на радзіме і ў іншых краінах сацыялізма. Не ведаю, як яму самому, а яго гаспадарам такія матэрыялы патрэбны да зарэзу, хоць бы дзеля таго, каб дакладней вызначыць і ўзяць на заметку тых, хто іграе важную ролю ў тым ці іншым творчым саюзе, не гаворачы ўжо аб дзяржаўных установах, дзе, акрамя ўсяго, ёсць яшчэ і сейфы з рознымі сакрэтнымі дакументамі.

Дарэчы, менавіта такімі людзьмі потым больш дэталёва займаліся спецыяльна вышкаленыя для гэтага супрацоўнікі пасольства ЗША ў ПНР, якое пасля вайны разлапушылася ў пяціпавярховым сучасным будынку са шкла і бетону ў самым цэнтры Варшавы. Па сутнасці, гэта магутны камбінат па зборы і апрацоўцы, гаворачы словамі Юрыя Карнілава, «зыходнага матэрыялу» для складання і папаўнення разведвальных дасье ўжо не толькі аб людскім патэнцыяле народнага ладу ў ПНР, але і аб прадпрыемствах і ўстановах краіны, для аналізу — няхай самага агульнага, папярэдняга — грамадска-палітычнай атмасферы ў краіне4.

Паўтараю, так мяркуе Юрый Карнілаў. А нашы польскія сябры і ў практычных адносінах сёе-тое па гэтым пытанні ўжо зрабілі. Іх служба бяспекі накрыла з доказамі многіх «зборшчыкаў» і «прыёмшчыкаў» «зыходных матэрыялаў» для такіх дасье. Іх прозвішчы былі апублікаваны ў газетах «Трыбуна люду», «Жолнеж вальносці» і іншых перыядычных выданнях. Таму дазволю сабе нагадаць тут адно пра тое, што сярод развенчаных «нарыхтоўшчыкаў» былі не толькі звычайныя даносчыкі, але і тытулаваныя шаптуны з ліку розных прыстасаванцаў, не кажучы ўжо аб тых падатлівых на інтымныя размовы чыноўных балаках, якія, бываючы ў пасольстве па службовых справах або на афіцыйных прыёмах, не ўмелі трымаць пры сабе ніякіх сакрэтаў. Іх жа, як правіла, абслугоўвалі толькі амерыканцы польскага паходжання і прапушчаныя праз густое сіта эмігранцкіх падрыўных спеццэнтраў пілсудчыкі як даваеннай, так і пасляваеннай фармацыі. Гэта, безумоўна, стварала своеасаблівы ўра-патрыятычны мікраклімат у сценах пасольства. Бывалі выпадкі, калі пасля дзвюх-трох чарак моцнага шатландскага віскі ў многіх наведвальнікаў яго языкі самі развязваліся...

Наіўна было б думаць, што амерыканскія імперыялісты былі адзінокімі ў сваіх варожых падкопах у Польскай Народнай Рэспубліцы. Хіба ў «Аперацыі Палонія» не ўдзельнічалі спецслужбы краін НАТА і Ватыкана? Яны таксама не выпадкова былі адменна ўкамплектаваны агентамі польскага паходжання, а там, дзе іх не хапала, і беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі. А чаму? Бо ўсе здабывалі «зыходныя матэрыялы» ў адну скарбонку, якая надзейна схавана ад людскіх вачэй у галоўнай штаб-кватэры ЦРУ ў Лэнглі, што непадалёку ад Вашынгтона. Там па іх, акрамя звычайных шпіёнскіх маніпуляцый, складалі планы новых падрыўных аперацый супраць ПНР і іншых краін сацыялізма.

Раней я не надаваў асаблівага значэння таму, што адзін час у пасляваенную Польшчу, нібы тыя мусульмане ў Мекку, зачасцілі ў госці і на экскурсіі былыя фашысцкія паслугачы і іх дарослыя атожылкі — украінскія, беларускія, літоўскія нацыяналісты, не верыў, што сярод польскіх беларусаў былі і ёсць нашы ідэйныя ворагі. Цяпер, чытаючы іх публікацыі ў беларускіх і польскіх выданнях, міжвольна думаю, што такім пісакам бліжэй да якога-небудзь запсявелага на антыкамунізме пана Гедройца, чым да роднага бацькі. Інакш чым жа растлумачыць той факт, што іх страшэнна раздражняюць ідэя і практыка сацыялізма ў нашай краіне. І гэта ўжо, як відаць, нешта невылечнае...

Ежы Гедройц — патомны цемрашал, ён яшчэ ў чэраве буржуазна-памешчыцкай Польшчы даспеў як антыкамуніст. Дастаткова сказаць, што ўжо тады, як помніцца, гэты выкапень махровай пілсудчыны «праленгаваў» — выдаваў прафашысцкі лісток «Бунт млодых» (чытайце: змагароў за «Польшчу толькі для палякаў»), затым далучыўся да правага крыла газетных трубадураў так званай Лігі мацарствовай. Гэта яе гадунцы на словах і фактычна тэрарызавалі «цудзакаў», хоць іх у даваеннай Польшчы былі мільёны. І хто ведае, ці не таму толькі нямногія з Гедройцавых дружкоў да нашага часу ўтрымаліся на паверхні палітычных падзей. Замест састарэлай санацыйнай эліты ў імперыялістычныя агрэсіўныя скачкі пусцілі яе кволыя нашчадкі і перабежчыкі, якіх на Захадзе называюць дысідэнтамі. А што прымушае рабіць гэта некаторых польскіх літаратараў беларускага паходжання? Няўжо калі не ў панах, дык хоць у цівунах пахадзіць захацелася? З чаго б гэта? А перад вачамі ж стаяць знешне праўдзівыя, міралюбныя людзі, поўныя шчырай сяброўскай добразычлівасці, сумленных намераў і аптымізму! Такімі я сам бачыў іх у Польшчы, такімі яны былі і прыязджаючы да нас. Прынамсі, на афіцыйных прыёмах.

Зрэшты, надзённае святло яны асабліва не вылазілі. Толькі пасля, вярнуўшыся назад у ПНР, яны сваімі антысавецкімі публікацыямі паціху падлівалі ваду на млын тых сваіх польскіх братоў па духу, што яшчэ задоўга да драматычных падзей 1980—1981 гадоў, як ужо гаварылася вышэй, пачалі біць у хамут. Відаць, класавая рознасць не давала ім спакою, калі ўсё новае, непрывычнае раздражняла і палохала іх. А як гэтыя паны пагрозліва шыпелі на тых літаратараў, якія пісалі пра вайну. Грубая акопная праўда, бачыце, не лезла ў пракрустава ложа іх асвечаных поглядаў на дабро і зло. А чым гэта скончылася — вельмі праўдзіва і доказна, на мой погляд, сказана ў інтэрв’ю вядомага польскага празаіка і публіцыста Войцеха Жукроўскага ў газеце «Жолнеж вальносці». Цытую: «Так дзіўна складваецца, што тыя, хто асуджаў пішучых пра вайну, першыя дэзерціравалі з Польшчы. Сягоння яны старанна працуюць у замежных цэнтрах. Бо з’яўляюцца проста наймітамі...»5

 

 

1 Цэлібат — закон устрымання ад шлюбаў і плоцевых уцех.

2 За рубежом, 1983. 15–21 ліп.

3 Издательство политической литературы. М., 1984.

4 За рубежом, 1983, 26 жн. – 1 вер., с. 12.

5 Жолнеж вальносці, 1984, 20—21 каст.

Змагары за «мошчы гебельсавай цешчы»

Ходзяць упартыя чуткі, быццам пасля шумнага антыкамуністычнага выступлення Рэйгана летам 1982 года ў англійскім парламенце на Захадзе ўжо толькі ў выключных выпадках глядзяць перабежчыкам у зубы. Для аб’яўленага прэзідэнтам ЗША «крыжовага паходу» за дэмакратыю, мэтай якога будзе «пакінуць марксізм-ленінізм на папялішчы гісторыі», патрэбны мільёны легальных і тайных інквізітараў. Уся натаўская раць са сваімі шматлікімі антыкамуністычнымі прапагандысцкімі, шпіёнска-дыверсійнымі і царкоўнымі, ці, як іх яшчэ называюць, чорнасутаннымі службамі ўпершыню з такой высокай трыбуны афіцыйна была заклікана прыняць удзел у гэтым антыкамуністычным шоу і вышэйшымі іерархамі Ватыкана, які з часоў Пія XII некалькі разоў спрабаваў, але так і не адмежаваўся ад авантурыстычнай палітыкі амерыканскіх мілітарыстаў. Яны аказаліся больш магутнымі, чым усявышні з усімі яго свяшчэннымі запаведзямі. Як жа пасля гэтага не благаславіш Рэйгана і яго адміністрацыю на больш інтэнсіўныя шашні з дэзерцірамі з краін Усходняй Еўропы?

На Захадзе (Лондан) ужо выйшла ў свет дакументальная кніга на гэтую тэму. Згодна з паведамленнем газеты «Морнінг стар», яе напісалі англійскія пісьменнікі Гордан Томас і Макс Морган-Уітс. Называецца гэтая рэч «Год Армагедона». Вывучаючы рассакрэчаныя амерыканцамі дакументы, аўтары яе таксама прыйшлі да вываду, што ЦРУ амаль чатыры дзесяцігоддзі іграе не апошнюю ролю ў Ватыкане. «З таго дня, як Донаван схіліў сваю галаву перад папай, разведка ЗША практычна без перапынку займае зайздросную пазіцыю галоўнага дарадчыка па палітычных справах пры першасвяшчэнніках каталіцкай царквы, якія прыходзілі адзін аднаму на змену», — пішуць яны.

Не менш цікавае і другое сцверджанне аўтараў кнігі «Год Армагедона» аб тым, што Іаан Павел ІІ таксама пазычае розуму ў паноў з Лэнглі. У непасрэдны кантакт з ЦРУ, па іх словах, цяперашні папа ўступіў менш чым праз месяц пасля таго, як быў узведзены на папскі прастол.

У Ватыкане, само сабой зразумела, адразу ж абверглі гэта як недарэчную выдумку, аднак пазнейшыя падзеі не пакінулі і каменя на камені ад такога абвяржэння. Дастаткова сказаць, што менавіта Іаан Павел ІІ наваліўся ўсім сваім аўтарытэтам «найсвяцейшага чалавека» ў каталіцкім свеце на асобных прадстаўнікоў лацінаамерыканскага духавенства, якія не толькі на словах, але і фактычна ўдзельнічаюць (Сальвадор, Нікарагуа, Бразілія) у нацыянальна-вызваленчых рухах. Справа дайшла да таго, што Ватыкан афіцыйна асудзіў іх і нават вуснамі кардынала Ратцынгера, прэзідэнта Кангрэгацыі па пытаннях веравучэння, прыпужнуў адлучэннем ад царквы. Асцярожна, без грубай прастаты, але недвухсэнсоўна: «Мы не асуджаем палітычны выбар часткі духоўных асоб (маецца на ўвазе прыняцце імі некаторых марксісцкіх ідэй), але паказваем на неадпаведнасць паміж іх выбарам і верай»*1.

Іаан Павел II, які так многа патраціў слоў і спісаў паперы за час свайго панціфіката на розныя праваабарончыя ідэі, не абарваў Ратцынгера. Наадварот, ён пад націскам такіх, як Ратцынгер, царкоўных палітыканаў пачаў перагляд наватарскіх пачаткаў у палітыцы Іаана XXIII і Паўла VI у напрамку ўмацавання традыцыяналісцкіх кансерватыўных дагматаў. Зараз ужо нават буржуазныя сродкі масавай інфармацыі асабліва не аспрэчваюць таго, што гэта перакананы падпявала амерыканскіх мілітарыстаў. Па словах Гордана Томаса і Макса Моргана Уітса, зафіксаваных у іх дакументальнай кнізе «Год Армагедона», гэта ўжо стала нормай яго апостальскіх паводзін. «Па пятніцах рымская рэзідэнтура ЦРУ, — пішуць яны, — дастаўляе папе рымскаму штотыднёвую зводку разведвальных даных». Навошта? Папа іх вывучае пасля абеду, тлумачаць гэтыя даследчыкі, і, калі патрабуюцца дадатковыя ўдакладненні, на наступны дзень выклікае да сябе рэзідэнта ЦРУ.

Я нават не раблю зносак на гэтыя сцверджанні, бо яны ўжо шырока вядомыя нашай грамадскасці па паведамленнях, якія на працягу некалькіх месяцаў публікаваліся на старонках нашай і зарубежнай перыёдыкі, каменціраваліся па радыё і тэлебачанні. Трэба мець на ўвазе, што пераважная большасць іерархаў рымска-каталіцкай царквы ў барацьбе з рэвалюцыйнымі і дэмакратычнымі сіламі дапамагае рэакцыі.

Адным словам, на палітычнай арбіце сёння дзейнічаюць святыя айцы, якія з божай дапамогай вучыліся ў папскіх духоўных акадэміях і семінарыях на шаўцоў, краўцоў, водаправодчыкаў, электрамеханікаў, радыстаў, гэта значыць на сапраўдных шпіёнаў і дыверсантаў. Іх апостальская антычалавечая дзейнасць не разыходзіцца з сучасным каталіцкім веравучэннем.

А куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй. Гэтая народная мудрасць, на мой погляд, перш за ўсё датычыцца заходнегерманскіх неанацыстаў, якія ўжо вуснамі сваіх важакоў загаварылі аб тым, што спяць і бачаць Германію ў даваенных граніцах і што гэта будзе чацвёрты фашысцкі рэйх, толькі ў больш прымальнай для хаўруснікаў па НАТА хрысціянска-дэмакратычнай аправе. Дзеля гэтага, калі спатрэбіцца, усё чорнае стане белым, а белае чорным і баевікі за новы рэйх аб’явяць, быццам яны змагаюцца не за чалавеканенавісніцкія нацысцкія ідэалы, а, напрыклад, за «мошчы Гебельсавай цешчы», якая яшчэ не кананізавана ў святыя.

Само сабой зразумела, што да гэтага змагання далучацца не толькі былыя фашысцкія паслугачы, але і цяперашнія перабежчыкі з краін Усходняй Еўропы. Многія з іх, з благаславення Рэйгана і яго адміністрацыі, ужо «размінаюцца» ў падрыўных ідэалагічных акцыях пад кодавымі назвамі «Праўда» і «Дэмакратызацыя камуністычных дзяржаў».

У пачатку 1983 года ў дзярждэпартаменце ЗША адбылася канферэнцыя на гэтую тэму. З надзвычай прачулай прамовай выступіў на ёй тады яшчэ не надта ўпэўнены ў сабе дзяржсакратар ЗША Дж. Шульц. Па словах газеты «Жолнеж вальносці» ад 15 лютага 1984 года, прамоўца ледзь быў не праслязіўся ад хвалявання.

«Некаторыя з прысутных у гэтай зале, — гаварыў ён, з яўляюцца былымі палітычнымі дзеячамі ч камуністычных краін, адвакатамі вольнасці ў краінах, з якіх яны паходзяць. Я перакананы, што вы упішацеся ў гісторыю як апосталы надзеі, што станеце вешчунамі новай эры дэмакратыі. Мы намераны дапамагчы вам і вашым суайчыннікам у ажыццяўленні мары пра вольнасць...»

Услед за Шульцам такія ж «сімпозіумы» правялі і яго чыноўныя суайчыннікі, пераважна функцыянеры ЦРУ (трэба ж неяк рэабілітаваць сябе пасля правалу «Аперацыі Палонія»), з важакамі розных рэакцыйных эмігранцкіх палітычных арганізацый і груповак у Мюнхене, Бергу, Лондане, Парыжы. Гісторыя, як бачыце, нічаму не навучыла аслепленых лютым антыкамунізмам гарлахватаў. Калі не хапае аргументаў, у якасці завадатараў зноў навязваюцца адшчапенцам не толькі былыя пілсудчыкі, але і нацысцкія спецы па барацьбе з камунізмам, не кажучы пра тыя «мошчы Гебельсавай цешчы».

Злавесную ролю ў палітычнай пераарыентацыі некаторых непаваротлівых прадстаўнікоў польскай творчай інтэлігенцыі на вашынгтонскіх «крыжаносцаў» сыграў верхавод аднаго амерыканскага дыверсійнага цэнтра, дыпламатычна схаванага за шыльдай «Баявая арганізацыя вольнай Польшчы», Канстанты-Зігфрыд Ганф, былы агент гітлераўскага армейскага вышуку. Само сабой зразумела, што ён дзейнічаў не саматужна, а пад пільным наглядам ЦРУ ў асобе польскага перабежчыка нейкага. Равіч-Каханьскага. Мяркуючы па выніках іх вярбовачнай дзейнасці, гэта правакатары, якія дзейнічаюць рашуча і даволі эфектыўна. Стратэгію і тактыку яны мянялі і мяняюць зараз у залежнасці ад палітычнага клімату ў краіне і актыўнасці патэнцыяльных антыкамуністычных сіл — кансерватыўнага духавенства і яго звяглівай паствы з розных клерыкальных рэакцыйных арганізацый і груповак.

Па ініцыятыве К.-З. Ганфа, функцыянера «Вольнай Польшчы», якая пачала сваю антыпольскую дзейнасць яшчэ ў 1975 годзе, складаліся чорныя спісы грамадзян ПНР, якія затым у эмігранцкім рэакцыйным друку аб’яўляліся як <b>ворагі </b> польскага народа. К.-З. Ганф з 1945 па 1948 год быў у палоне ў Савецкім Саюзе, пасля, як выхадзец з Польшчы, у красавіку 1948 года быў перададзены польскім уладам. Для разведчыка-прафесіянала гэта была нядрэнная магчымасць зноў узяцца за сваё, толькі ўжо на карысць не толькі недабіткаў трэцяга рэйха, але і амерыканскіх мілітарыстаў. Дзеля гэтага, як цяпер стала вядома, Ганф разам з жонкай і сынам у жніўні 1969 года перабраўся ў ЗША.

Важна адзначыць, што форткамі для пранікнення ў Польшчу функцыянерам яго контррэвалюцыйнай арганізацыі служылі і служаць перш за ўсё розныя культурныя і дабрачынныя ўстановы, навукова-даследчыя інстытуты і універсітэты. Не ўсе, вядома. Але факт застаецца фактам: менавіта ў вышэйшых навучальных установах і навукова-даследчых інстытутах Захаду страцілі сваю грамадзянскую нявіннасць многія з тых, як нашы польскія сябры гавораць, анёлаў, што зараз павыплывалі ў падрыўных прапагандысцкіх цэнтрах мілітарызаванага амерыканскімі атамнымі маньякамі капіталістычнага свету.

К.-З. Ганфу, мажліва, не так проста кантактавацца з людзьмі, якія ведаюць, што ён служыў у гітлераўскай арміі. А вось яго духоўны брат па антыкамунізму былы польскі ксёндз Францішак Бляхніцкі нават і ў ФРГ ідзе на самыя блізкія кантакты з прыезджымі палякамі. Адны, як 11 кастрычніка 1984 года паведаміла «Трыбуна люду», называюць яго «сучасным крыжаносцам», другія — «тэолагам нянавісці». Цікава, што гэтыя мянушкі на ксяндза Бляхніцкага павесілі на Захадзе яго хаўруснікі па здрадзе. У Польшчы ён доўга выдаваў сябе за былога партызана-антыфашыста, паціху ператварыў амаль усе каталіцкія пункты па вывучэнню катэхізіса ў шпіёнска-дыверсійныя прытоны. Калі ж яны пачалі правальвацца адзін за другім, яго здрадніцкае праасвяшчэнства ксёндз Францішак Бляхніцкі, як падсмалены пацук, хуценька даў лататы на Захад. Там, як і трэба было чакаць, ён менш за ўсё думаў пра бога, хоць чорнай сутаны не знімаў са сваіх яшчэ дужых сутулых плеч. У адрозненне ад мясцовых змагароў за «мошчы Гебельсавай цешчы» «айцец» Бляхніцкі паставіў перад сабой мэту... «вызвалення свету ад камуністаў».

Для людзей, якія хоць крыху знаёмыя з польскімі справамі, нічога дзіўнага ва ўсім гэтым няма. Саракавыя гады былі цяжкім выпрабаваннем для ўсіх палякаў, у тым ліку і для іх колішніх палітычных дзеячаў. Адны выйшлі з яго яшчэ больш загартаванымі, рашучымі, перапоўненыя светлымі надзеямі на будучыню і аптымізмам, другія, наадварот, сталі яшчэ больш змрочнымі і злымі, хоць пры жаданні маглі б прынесці нямала карысці свайму народу. Але ёсць катэгорыя людзей, аб якіх можна сказаць словамі Адама Міцкевіча з яго неўміручай «Оды да маладосці», што гэта істоты «без душ, без сэрца! Натоўп шкілетаў!». Для іх нічога святога ніколі не было і, як відаць, ужо не будзе на зямлі. Дастаткова сказаць, што на чужыне пераважная большасць іх стала падзарабляць нават на спекуляцыі наркотыкамі і «жывым таварам». А што гаварыць аб іх адносінах да радзімы? Таму і не дзіва, што амерыканцы скупілі ўсю гэтую брацію ў англічан. Вянцом яе, гэтай скупкі, і была «Афера Берга», а пачаткам бясслаўнага канца — «Аперацыя Палонія».

Але мы забыліся на недабітага прадаўжальніка яе Ежы Гедройца. Пасля вайны ён сам пастукаўся да амерыканцаў з пранырлівай гайні Уільяма Донавана. І, напэўна, не з пустымі рукамі, бо якраз быў ужо не проста моцна патрапаным вайной маладым польскім арыстакратам, а звольненым у запас супрацоўнікам аддзела прапаганды ІІ корпуса польскай арміі лонданскага ўрада. Уільям Донаван, ён жа Дзікі Біл, такімі «адстаўнікамі» не грэбаваў і калі не сам, дык праз сваіх малойчыкаў, напэўна, адразу ж праверыў будучага выдаўца антыкамуністычнай макулатуры і вярнуў назад у эмігранцкае асяроддзе. Але не ў ЗША. І нават не ў Трызонію, якая потым была ператворана ў ФРГ, а ў Парыж, у самае сэрца Францыі, якая заўсёды прыносіла нямала клопатаў буржуазным палітыканам сваімі непрадказальнымі палітычнымі выхадкамі.

Даўно гэта было, ой даўно. А што змянілася. Натоўп шкілетаў застаўся натоўпам шкілетаў. Па словах аднаго з яго новых «тэарэтыкаў», члена пагарэлага найдэраўскага «Польскага незалежнага паразумення» Стэфана Кісялеўскага, працоўныя сучаснай Польшчы не паддаюцца на буйныя антыкамуністычныя правакацыі. «Рабочыя падвялі, — скуголіць ён на старонках Гедройцавай «Культуры», — бо мусілі падвесці».

У жыцці народаў і краін бываюць падзеі, якія надоўга застаюцца ў памяці людзей. Сутнасць адной з такіх падзей у жыцці гераічнага польскага народа, які ў нашы дні на справе даказаў, што ўмее абараняць сваю сацыялістычную Радзіму, — гэта далейшае ўмацаванне народна-дэмакратычнага ладу. Зараз можна толькі паспачуваць вашынгтонскім стратэгам. Глабальныя разлікі скончыліся бясслаўным банкруцтвам. Польшча Адама Міцкевіча і Станіслава Манюшкі, Юльюша Славацкага і Фрыдэрыка Шапэна, Баляслава Пруса і Уладзіслава Рэйманта зараз у надзейных руках загартаваных у баях з рэакцыяй нашчадкаў, духоўнымі правадырамі якіх сталі нацыянальныя героі гэтай краіны Тадэвуш Касцюшка і Яраслаў Дамброўскі...

Да спакойных мірных дзён нашым польскім сябрам, безумоўна, яшчэ далёка. Біблейскія скокі ў імя антыкамуністычнай марокі ў Вашынгтоне яшчэ не скончыліся, змагары за «мошчы Гебельсавай цешчы» ад сваіх рэваншысцкіх планаў яшчэ цалкам не адмовіліся, ваяўнічыя чорнасутаннікі не ўтаймаваліся. Але адпор дадзены, ды такі, што ўся гэтая бітая крыжаносная раць яшчэ доўга чухацца будзе...

«Польскі камуністычны рух неаднаразова ў сваёй гераічнай бурнай гісторыі даказваў вернасць патрыятычнаму і інтэрнацыянальнаму абавязку, — гаворыць Войцех Ярузельскі, — як перад сваім рабочым класам і народам, так і перад міжнародным рабочым рухам і сіламі сусветнага прагрэсу. Гэта апошняе з’яўляецца крыніцай сілы, гонарам і абавязкам Польскай аб’яднанай рабочай партыі»2.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што аматары «крыжовых паходаў» яшчэ не раз адчуюць гэта на сваіх воўчых шкурах!

*

 

1 За рубежом, 1984, 26 кастр. – 1 ліст.

2 Проблемы мира и социализма. 1983, № 11, с. 16.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Жывыя прывіды: Аповесць.- Мн.: Маст. літ., 1986. - с. 3-351
Крыніца: скан