epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Хрушчы

Май за вокнамі гэтакі самы –

Поўны сонца, вясны і паэм…

Пераліўнымі галасамі

Кветка кветцы вясьнянкі пяе.

 

Шэры вечар ўстае панад садам;

Рой хрушчоў каля сьлівы бубніць.

Ў іх гудзеньні ўчарайшая праўда,

Ў іх гудзеньні прайшоўшыя дні.

 

Так, здаецца, даўно ўжо мінула,

А ўспамінаў не перамагчы…

…Як хрушчы там гудзелі кулі

І як кулі гудзелі хрушчы.

 

Гэткім самым вось змрокам малочным

Ад заставы яе прывялі.

Гнеў, нянавісьць і чорныя вочы –

І бязьлітаснасьць гэтых хвілін!..

 

Ды ня чорныя вочы, другія –

Як крыло маладога хрушча.

Толькі-б глянуць у іх, дый загінуць,

Ці жыццё па-другому пачаць…

 

А за вокнамі майская радасьць…

Абшукалі!.. Аб чым гаманіць…

Пазнаходзілі пляны, загады.

…Падцягнулі на стрэльбах рамні…

 

Павялі… Тыя дні – без малітвы,

У кіпеньні няспыннай хады:

Мы вялі паміж ямаў і рыцьвін

Рэвалюцыю ў тыя гады.

 

Я стаяў і напружана слухаў.

Сад чароўны трымцеў цішынёй…

Раптам хрушч прагудзеў над вухам

Ды, як куля, упаў на вакно.

 

Я глядзеў, дзіваваўся моўчкі;

Ён разгортываць крыльлі пачаў…

Выстрал… Крык… Дзесьці згасьлі вочы,

Як крыло маладога хрушча.

 

З перамогай прышла і слава,

Дык ці можна ахвяр шкадаваць?

Кожны з нас быў гатоў для справы

Сэрца ўласнае ахвераваць.

 

Толькі вочы адны мільганулі –

Ў іх нянавісьці ручаі…

…Як хрушчы там гудзелі кулі

І як кулі гудзелі хрушчы.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017. С.82