epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

DIES IRAE, DIES ILLA

Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і стагоддзяў.

Мохам спавіты Акрополь, руінаю стаў Капітолі.

Мірна гандлююць алівай патомкі Гамэраў і Брутаў.

Мора нязьмерную гладзь прасьвярлілі наўсцяж браняносцы.

Дзень немінучага гневу, гадзіна вялікіх змаганьняў

Будуць грымець і чакаць сваіх срэбраструнных Гамэраў;

Толькі ня тых, што хрыпяць пра жалезабетонны Акропаль,

Ды барабанамі глушаць срыбрыстыя думкі і песьні.

Дзень неабдымнага гневу, грознай як сьмерць навальніцы

Можна пазнаць толькі ў песьні, нежнай, як майскае раньне.

Будзе і радасьць, і шчасьце! І гнеў буйнарадасны будзе…

Шкода, што Рым і Эляда заснулі ў тумане стагодзьдзяў.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. І залацісьцей, і сталёвей Мн., БДВ, 1925