epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Экзотыка

Нам безьліч баек апавядалі,

Легенд велізарныя томы in folio

Пра Індыі дзіўнай таемныя далі,

Пра флямінгаў Эгіпту, хрызантэмы Японіі.

І пэрсыдзкі дыван перад намі разгортвалі,

Ўваскрашалі бажніцы майяў ды інкаў,

Караблі Магэлянаў, што жывымі ці мёртвымі

Дападалі нязнаных народаў і рынкаў.

Гэта іх, Рабінзонаў, рамантычная спадчына

Пацяшала старых, зачароўвала юных,

Што нічога не ўбачаць, нічога не бачылі,

Але прагнуць да сонца сонцапрагнаю руньню.

І лунаюць над экваторыяльнымі пальмамі,

Чуюць у сэрцы курарэ з караібскага дроціка,

Сэрца, нэрвы іх сонцам Сахары апалены.

Экзотыка!

 

*

 

У броні бронзавай і са шчытом пазалочаным

Ўздымаю падобны да месяцу крыс.

Ў сэрца б’ю Бенуа: хоча ён, ці не хоча ён,

А прыспушчшаных весьніц не здолеў раскрыць.

Мой далёкі таварыш, прыгнечаны брат мой!

Я не знаю, як зваць цябе, але ведаю – ты

Утаміўся маліцца і Вішну, і Браме,

Сам цярэбіш пуціны ў дзень залаты.

Што табе Бэнарэс і Ангкор з Эльсінорам,

Калі лютая доля твая і кароткая?

Узяць сваё, ці загінуць, таварыш напорны!

Экзотыка!

 

*

 

Размалёўваю твар у ваенныя фарбы,

У чырвонае з сінім размалёўваю твар.

Я здыму сёння скальп з галавы ў Эмара,

Як здымаў калісь з чырвонаскурых Эмар.

Сёння Чорны Арол (таго самага праўнук!),

Перапалены віскі, асуджан на звод.

Свае дзесяць гадзін акуратна і спраўна

Ён за сэнты здае на Дэтройцкі завод.

І, загнаны ў трубу жабранінай і крызісам,

Нікне ён да зямлі, што калісьці ягонай была…

Слухай, Чорны Арол! Страшны бой, бой рашучы ўжо блізіцца,

Хоць сягоння яшчэ й затуманьвае вочы імгла.

Загрыміць, загрукоча, і з клічам ваенным на вуснах

Ты ўзнясешся на грэбні нечуванай паводкі!

Здымеш скальп з сваёй нэндзы – яе чэрап прагнецца і хрусьне.

Экзотыка!

 

*

 

Я на камні пустыні навастру баявы асэгай.

Без мальбы, без кляцьбы, без магічнага танцу

Двойчы ў горле Хагарда яго павярну я. Няхай

Сваёй уласнай крыві наглытаецца!

Мы ў капальнях Наталю здабываем караты для дам

І вугальле капаем для браняносцаў,

ім прастор, і выгода, і радасьць, і доля, а нам

толькі біч з бэгэмотавай скуры ў сьпіну ды кулак у пераносіцу!

Дарагі мой, таварыш з Бечуанскай зямлі!

У паўночнай краіне нас ня дзеліць ні мова, ні колер.

Прыганятыя-ж чорнай крывёю сваёю залілі

Усе дарогі яе і бяскрайнае вольнае поле.

І глядзі не на твар, а на рукі – мазолі ці ёсць

Калі ёсць – гэта брат твой! Хай жыве ваша ўлада на тропіках.

Хай цьвіце жар-агнём сонца з поўначы – лепшы ваш госьць!

Экзотыка!

 

*

 

Безьліч казак-баек нам апавядалі.

Мы ня верым, ня верым цудоўнейшым казкам!

Там няма зіхаценьня барвовых крышталяў,

Дзе пануюць галунныя кэпі і белыя каскі.

Байкі даўныя мы асудзілі на злом.

Горш за казку суровая доля жывога тавару.

Аксамітную маску без развагі сарвём,

Аксамітную маску са зьвярынага твару.

Будзе сьвет заглынацца рамантыкай барацьбы.

Будзе казка пра праўду – яскравая, лёгкая.

Ёй ня страшны бізун, нават куля яе не праб’е.

Экзотыка!


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017