epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

І ў нязнанай цьмянай далі

І ў нязнанай цьмянай далі словаў новых мы шукалі,

Словаў новых мы шукалі і ня здолелі знайсьці,

А ў жытнёвым у прасторы рассыпалі песьні зоры,

Рассыпалі песьні зоры каля возера ў трысьці.

І ня думалі ніколі, што ў нашай моцы доля.

Што ў нашай моцы доля і ня вырвецца ад нас;

Не магло нам і прысьніцца – нашых думак калясьніца,

Нашых думак калясьніца – гэта сьвету апаяс.

Хто-ж казаў, што ў цьмянай далі словаў новых мы шукалі,

Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсьці?

Новы дзень не за гарамі. Наша доля будзе з намі,

Наша доля будзе з нам днямі новымі цьвісьці.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Сонечнымі сьцежкамі. Мн., БДВ, 1925