epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Легенда

Кніга ў чырвоным саф'яне,

літары кованы з золата.

Срэбрам звонкім затканы

мудрыя казкі пра волатаў.

Сінія столкі сьцелюцца,

льсьняцца імглою раньня...

Вобразаў дзіўных мяцеліца,

палкія строфы Корана!..

Індыі сінія нетры,

сказ многатварага Вішну...

Гэта Усходу ветры

зорамі сьцежкі вышылі.

Зьвіткі старыя разгорнуты:

казкі раскажа папірус,

як для Ізіды і Горуса

з мёртвых устаў Озірыс;

пра пекнату Суламіфі,

пра разьбяра Хірама...

З мармуру белага – міфы,

з золата строфы Корана.

Кніга ў чырвоным саф'яне,

кованы словы з золата.

Ў сінія столкі затканы

мудрыя казкі для волатаў.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. І залацісьцей, і сталёвей. Мн., БДВ, 1926

Беларуская Палічка: http://knihi.com