epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Лісты

І
ІІ
ІІІ


І

Я ня веру ні чарам, ні лёсу:

Толькі знаю – лажацьму ў магіле.

Калі песьня ў калосьсях галосіць –

З сэрца шэрая немарасьць гіне.

 

Песьня – вежа, што неба мяжуе;

Песьня – сэрца зялёнай зарніцы.

Ў залатыя пяскі Чарджуя

Паляглі бліскавіцы ніцма.

 

Што мне сноў жалобныя звоны –

Я не веру ні чарам, ні лёсу.

Вольным посьвістам, гоманам вольным

Песьні сонца ў калосьсях галосяць.

 

Хай імгла па аржанішчы ляжа,

Хай туман – украсай кудзебнай.

То ільняная садзь анталяжай

Заімжыць пад празрыстым небам.

 

ІІ

Вы прышлі з далёкіх ваколіц,

Вы прынесьлі далёкія песьні.

Загубіў залатую падкову

На шурпатым аўсянішчы месяц.

 

Гадоў не адна ўжо сотня

Праняслася над нашым полем.

Вы казалі: «У ціне балотнай

Не растуць кіпарысы ніколі!»

 

А прышлі-ж вы, прышлі здалёку,

Вы прынесьлі далёкія песьні:

І затупаў нячутым крокам

Па шурпатым аўсянішчы месяц.

 

За акном зарыдала катрынка,

А я лепш паслухаў гармонік.

Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі,

я-б за песьняй паляцеў у пагоню.

 

ІІІ

Наша песьня – з балота ды з лесу.

Наша песьня – з кудлатых імшараў.

Мне ня жаль, што сарвалі завесы

З непазнаных імглістых чараў.

 

Я люблю нашы сінія казкі

Такімі, як іх складалі…

Бусел над пуняй крылом заляскаў

Дый панёсься ў бяскрайнія далі.

 

Многім многа яшчэ раскажа

Наша песьня з кудлатых імшараў:

Ў ёй саткалі мы тонкую пражу

З непазнаных імглістых чараў.

 

Вось і ўпала з вачэй заслона.

Мы пазнаць непазнанае хочам.

Лягу я на зялёным улоньні –

Буду слухаць, як песьня стукоча.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Сонечнымі сьцежкамі. Мн., БДВ, 1926