epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Маладняку

Ўсё прайшло…

І сьледу больш няма –

і мяцежны шлях, і перазвоны…

Скрозь тугу, імглістасьць і туман

ўсё прайшло без крыўд і без праклёнаў.

 

Калі трэба – пойдзем на нажы,

сэрца вытачым на жвір, на камень…

Мы жылі,

Жывём

і будзем жыць,

бо ў прасторах Заўтра спатыкаем.

 

Шмат было, шмат будзе перашкод…

Спавіюць туманы пуцявіны…

Толькі крок сталёвей – з году ў год,

шлях шырэй – з гадзіны ў гадзіну.

 

Шмат было прастораў і журбы,

Шмат імкненьняў – звыклых і нязвыклых..

Ох, як цяжка сьцежкі церабіць

да шляхоў далёкіх і вялікіх! ..

 

Калі трэба згінуць…

Ну, дык што!

Шмат прайшлі!

Ня шкода і загінуць.

Не павінна змоўкнуць хараство,

Будзе воля дружнай і адзінай.

 

Можа скажуць –

не па сілам боль,

радасьці і крыўды не па сілам…

Усё роўна –

чым далей, тым больш,

толькі-б рунь буйней закаласіла.

 

Знаем – намі пройдзеных пуцін

не забыць, ня зьнішчыць, не закрэсьліць…

Ня спыняцца, а далей ісьці

да жыцця, да радасьці і песьні.


26.05.1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017