epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Маліліся пад крыжам

Маліліся пад крыжам

Хісталіся ад зморы;

А я, як чорнакніжнік,

Лічу на небе зоры.

 

Шукаю я заўзята

Дарогі з родных вязяў –

Мкне сэрца азіята

У сінь таемных Азій.

 

Да казак сінявейных,

Няпісанае праўды…

Самкнуць такія зьвеньні,

Каб заіскрыла радасьць;

 

Спазнаць такія далі,

Знайсьці такія тропы,

Каб праўнукі ня зналі

Ні Азій, ні Эўропаў…

 

Ці будзе, ці ня будзе,

Імкненне ёсць і воля…

І прагнуць, прагнуць грудзі

Прастораў і сваволі…


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. І залацісьцей, і сталёвей. Мн., БДВ, 1926