epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

На станцыі

Жыццё імчыцца ў даль за семафоры,

Дзе ціш палёў, дзе гулкія лясы,

Дзе сінню разатканыя прасторы

Птушыныя калышуць галасы.

А тут, за вадакачкаю цыбатай,

Ў балотцы жабы стогнуць цэлы дзень,

Мычаць каровы, сцежкі пахнуць мятай,

Ад ліп старых паўзе маўклівы цень.

Тут сонца колеру чырвонай медзі

На насыпах пад вечар зіхаціць;

Ля будкі барадатыя суседзі

Сышліся перад сном пагаманіць.

А на пероне ўвечары дзяўчаты

Глядзяць прыветна ў вокны цягнікоў

І парамі вяртаюцца дахаты,

Да звыклых кветак і нязвыклых сноў.

Калі ж лугі агорнуцца ў туманы,

Маўклівасць лес напоўніць давідна,

Дык будзе рэек сплёт адшліфаваны

Гудзець, нібы басовая струна.

І калі будуць шпаркія вагоны

Ля нас у даль бяскрайнюю імчаць, -

Мы ведаем: на нашыя загоны

Уважлівыя вочы іх глядзяць.

Але як скажа час і нам падняцца,

Дык, углядзеўшыся ў святло ці ў змрок,

Мы ўбачым сотні гэткіх самых станцый

На дальняй трасе Мінск-Уладзівасток.

І нам дзяўчаты яснымі вачыма

Са свежасцю сямнаццаці гадоў

Перададуць ад Мурманска да Крыма

Прывет для незнаёмых сваякоў.

І мы памчымся з весткаю шчаслівай

Праз гулкі лес, праз жоўтыя палі…

Мы не адны на станцыі маўклівай,

На цёплай нашай, сонечнай зямлі.


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017. С.100