epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

«Не сягоння было і не ўчора...»

 

Не сягоння было і не ўчора...

Ой, ды з раніцы плакалі гуслі...

Вандравала ліхое гора,

вандравала ў палёх Беларусі.

 

Госць няпрошаны, госць нязваны

нашы нівы таптаў нагой.

Помняць, помняць яшчэ партызаны

дзевяцьсот дваццаты год...

 

Не сягоння было і не ўчора,

бо сягоння загоены раны.

Ты не плач, Наваградскае ўзгор'е,

не журыся тугой саматканай:

 

кінуў дзень залатыя кроплі

над заводам, над полем, над лугам...

Кастуся Каліноўскага покліч

сёння зноў -

                      ад Вяллі да Буга.

 

Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,

выйдуць важыць жыццё і смерць...

Дык гучней гудзіце, заводы,

каб нудою жыцця не мераць...

 

Былі дні, што здаваліся вечарам:

ой, ды ранне з крывавай расой...

Беларусь, твой стан пакалечаны

сёння новаю ззяе красой...

 

Бо сягоння гараць успаміны,

бо сягоння загоены раны...

Што было - назаўсёды згінула

і з магілы ніколі не ўстане.

 

1925

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: http://knihi.com