epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Песьні, песьні! Даволі мяцежыць...

Песьні, песьні! Даволі мяцежыць –

Ўспамінаць учарайшую быль.

Ваш нясьмелы напеў не абрэжа

Срэбракованых струн журбы.

 

Прамяністай вясеньняй парою

Пульхным лёдам пакрыта рака…

Бач – пад сіняй празрыстай карою

Захаваўся мяцежны шквал.

 

Песьні мілыя, буйныя песьні,

Нібы рокат сталёвы заводу –

Не настане вясна на прадвесьні,

Ў берагох не стрымаеш паводкі.

 

Прыдзе час – зноў паўстануць буры,

Дні бліскучыя мятнуцца ў вырай, -

Прыдзе радасьць,

Нежная, як гурыя,

Ў ваяўнічай постаці валькірыі…

 

Песьні, песьні!.. З вас сілы чэрпаць,

Як паўстане ўчарайшая быль…

Ад удараў ламаецца чэрап,

У сэрцы б'е барабан барацьбы.

 

Празьвіняць сталёвыя віхуры,

Заляскочуць уздоўж і ўшыр.

Прыдзе радасьць

Нежная, як гурыя,

Ваяўнічая, як буйная валькірыя.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Сонечнымі сьцежкамі. Мн., БДВ, 1926