epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Себеж

Точыць возера бераг высокі

з дня ў дзень, з году ў год - без спачыну.

Аглядаецца горад навокал,

ўспамінае калішнія чыны.

 

Нарадзіўся ў крывавай прыгодзе,

ў няціхоту ваяцкіх паходаў…

А гады, як прышлі – адыходзяць

па адвечнасці каменных сходах.

 

Колькі сьцягаў было, столькі моваў,

столькі-ж раз, мабыць, сьцены палілі,

каб ізноў у прыгожасьці новай

вырас горад турботаю пільнай.

 

Летапісы нашчадкам казалі,

як Масква тыя сьцены граміла,

як праз лёд недасяжныя хвалі

дакрануў ваявода Няміра.

 

Горад мералі людзі на грыўні,

як тавар прадавалі, куплялі…

Толькі горад з мурамі сваімі

ўсё глядзіцца ў вазёрныя хвалі.

 

Ішлі людзі праз Себеж на Захад,

ня згубіўшы, шукалі чагосьці –

і пад замчышчам сохнуць і чахнуць

беларускія белыя косьці.

 

А з-пад Нёмну з агнём і крыжамі

несьлі людзі дурныя галовы…

Захавалі адно себяжане –

сваё возера толькі ды мову.

 

Захавалі бяскрайнюю сілу,

навучыліся жыць без апекі:

сьцяг чырвоны над возерам сінім,

шлях мінуўшчыны чэзьне і меркне.

 

Точыць возера бераг высокі

з дня ў дзень, з году ў год – без спачыну.

Аглядаецца горад навокал –

забывае мінулыя чыны.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017