epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Скарга і крыўда

Скарга і крыўда… Смутак і боль,

Смутак і боль наўсьцяж.

Змоўкні ты, сэрца! І мы з табой

Выйдзем з нізін жыцьця.

 

Шлях крамяністы сярод трывог,

Шлях крамяністы скрозь.

Прадзед вятроў – буравей Стрыбог

Выветрыць сіньню скронь.

 

Сон залацісты сьлепіць скронь

Пеніцца сінь над ракой…

Месяц! Вясёлкамі затрызвонь

Для мяне і для васількоў.

 

Палкая радасьць і востры боль.

Цяжкі толькі пачын!

Здолеем мы самоту з журбой,

Здолеем перамагчы.

 

Шлях крамяністы сярод трывог

Скончым і пройдзем скрозь.

Прадзед вятроў-буравей Стрыбог

Выветрыць сіньню скронь.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017