epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Скарына

 

                  400-годдзю беларускага друку

 

Не люблю, калі з роднай краіны

птушкі рвуцца ў далёкі вырай...

Я успомніў Францішка Скарыну,

што у Полацку княжацкім вырас.

 

Ўжо няма такіх настрояў,

як былі калісь даўно, -

бо сягоння над новай Дзвіною

перакінуўся новы мост.

 

Што Дзвіна!.. Для яе ўсё роўна,

хто пяе над яе берагамі.

Не яна мужычую мову

аправіла ў гнуткі пергамент.

 

О, Францішак... Францішак Скарына,

што над гранкай друкарскаю гнуўся!..

Ведай, праца твая пакарыла

новы свет для сівой Беларусі!

 

Бо сягоння спяваюць баяны,

бо ужо разгарнуліся крыллі...

Перамогі вяселлем п'яныя,

мы успомнім Францішка Скарыну,

 

што радзіўся калісь над Дзвіною,

вандраваў над яе берагамі;

што аправіў мужычую мову

ў неўміраючы гнуткі пергамент.

 

1925

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая