epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Скрыжалі

1.

За мастом разышліся вілаватыя сьцежкі,

Разышліся дарогі…

І трава пры дарозе, і дзірван на ўзьмежках,

І туман крутарогі.

Не прайсьці, не праехаць і назад не вярнуцца

Праз бары, дзе бярозы верхавінамі гнуцца –

Разышліся дарогі.

 

2.

І праз вецер заходні, і праз вецер і слоту

Пахне днём і вясною.

Не магу і ня здамся… Будзе ў песьнях яснота,

Будзе сонца са мною.

Заімжыць пазалотай лёгкакрылая песьня

І не будзе самотна, і не будзе мне цесна –

Пахне днём і вясною.

 

3.

Там, у сонцавай хаце, што на ўзьмежку нябёсаў,

Пазалочаны ганак.

Ходзіць месяц бялявы і галосіць, галосіць,

Як забыты каханак.

Пойдзе месяц надхмар’ем на зялёныя ўзгор’і,

І да самага раньня вартаваць будуць зоры

Пазалочаны ганак…

 

4.

Будзе плакаць дзяўчынка, будзе плакаць ад болю,

Будуць слёзы як срэбра.

Бо на першае гора не забыцца ніколі –

Мусіць гэтак і трэба.

Калі ляльку пабілі, не паможаш нічым тут –

Над пабітаю лялькай будзе плакаць дзяўчынка,

Будуць слёзы як срэбра.

 

5.

Можна ў горы з усьмешкай, можна плакаць ад шчасьця –

Будзе сэрца як крэмень.

Засумуе асіна, стане лісьцямі шастаць,

Стануць стыгнуць карэньні.

Дні з начамі праскачуць, як шалёныя коні.

Цела зробіцца кволым, стануць срэбнымі скроні –

Будзе сэрца як крэмень.

 

6.

Выйду, выйду ў нізіны, дзе прасторы і вежы.

Загарацца сузор’і.

У кім гарачае сэрца, таго смутак драпежны

Ня супыніць, ня зморыць

Выйду, выйду на горы, дзе лунаюць сусьветы,

Кіну песьню ў пагоню за мяцежнікам-ветрам -

Загарацца сузор’і.

 

7.

І ні лютае гора, ні балючая крыўда

Не павіснуць на крыльлях.

Прадуць людзі ліхія, да з каменьнямі прыдуць,

Прыдуць з крыкам зьвярыным.

Будуць бэсціць адважных, што ўзьняліся на ўзвышшы,

І ад злосьці бясьсільнай, як ваўкі заскавычуць –

Не павіснуць на крыльлях.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. І залацісьцей, і сталёвей. Мн., БДВ, 1926