epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Стары лясун

Гушчу лясную займае ноч.

Цёмна, нуда і сум.

Сёння ізноў на струхлелы корч

Сядзе стары лясун.

 

Месяц, дружака стары, прапоўз,

Плача ў гушчары воўк…

Трэскі бялеюць старых дубоў –

Секлі сягоньня зноў.

 

Брат балацянік косці склаў

Недзе пад новую гаць.

Рэчка нібыта назад пацякла –

Вадзяніка не чуваць.

 

Нават русалак пакрыўдзіў кон

Для вадзяных турбін…

Сэрца кроіць сякераў звон:

Падаюць хвоі, дубы…

 

- Старасьць – не радасьць, і час не той;

Мабыць і сьмерць не міне,

Калі не хоча верыць ніхто

І ў самога мяне.

 

Як жа ад гэтай тугі ўцячы?

Лес свой як бараніць?

Толькі і могуць сэрца тачыць

Клятыя гэтыя дні.

 

Мабыць, не вернецца тая пара.

Чуеш, сястрыца ноч!

Прыдуць, прыдуць у нас адабраць

Гэты апошні корч.

 

Твар мой асунуўся, стан аблёг.

Сёння туга і сум…

Так на гнілым карчы па начох

Плача стары лясун.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Выбраныя творы. Мн., Лімарыус, 2017. С.88