epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Там, дзе ў жыта гульлівымі кліньнямі...

Там, дзе ў жыта гульлівымі кліньнямі

Забягаюць з мяжы васількі, -

Там рука жыцця закінула

Мне ў вочы нябёс блакіт.

 

Я пакінуў свае загоны,

Кінуў я васільковую даль –

Ап'яніла жалобным звонам,

Абманула мяне нуда.

 

Ў падарожжы, нудою выгнаным,

Гартаваў я свой цьвёрды шаг –

Засталіся вочы блакітнымі,

Засталася блакітнай душа.

 

А цяпер у вяселля крыніцы

Утапіў я сваю нуду,

І чырвоная рань зарніцы

Заліла мой блакітны дух.

 

І без крыльляў крылаты лячу я…

Сонца! Сэрца маё запалі!

Слухай, сэрца! Я чую, чую

Васільковых загонаў кліч!

 

Усё забуду, усё пакіну я -

Зноў, дзе ў жыта гульлівымі кліньнямі

Забягуць з мяжы васількі.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. Беларусь бунтарская. Мн., БДВ, 1925