epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Вежа

Заснула вежа. Што ёй сніцца?..

Стаіць панурая, як здань.

Была турма тут ці званіца -

хто мог бы гэта адгадаць?..

 

А сівы час наўкола бродзіць,

як крок гадзін, як бег хвілін...

І незлічоныя стагоддзі

на шэрым камені ляглі.

 

Вякі стаялі без работы -

гняздо легенд і кажаноў...

............................................

А сёння людзі ў цяжкіх ботах

па сходах тупаюць ізноў.

 

Спавілі вежу дзіўным строем:

тут не разблыталі б канцы

ні скандынаўскія героі,

ні царгародскія купцы.

 

І сёння к вежы прывязалі

драты ўстрывожаную даль...

О, прадзеды, каб вы пазналі

антэны стынучую сталь!

 

Вам не паняць, што ваша вежа,

знайшоўшы працу пад канец,

збірае гоманы з бязмежжа

на свой зіяючы вянец.

 

1928

 

 

Каментары

 

Паводле выд.: Дудар А. Вежа. Мінск, 1984.

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008
Крыніца: http://bk.knihi.com