epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Зьвініць прасторамі туга

Зьвініць прасторамі туга,

І кут далёкі бліжай, бліжай.

Ізноў асінавая гаць

Мае напевы закалыша.

 

Ў зялёных пацерках бяроз,

Сьвятлей ад рання і ад сонца,

Маячыць сівы вербалоз,

Сасонка туліцца к сасонцы.

 

О, маем вытканая сінь!

Які напеў, якія словы,

каб шалясьцелі каласы

і бор гудзеў сінегаловы.

 

Ужо цяпер - ня тыя дні.

І я прышоў сюды з паклонам.

І будзем думаць мы адны

Не пра тугу і не пра клёны.

 

Успомнім, колькі мы прайшлі,

Якія зналі пуцявіны –

Пабеды звон і славы кліч –

Шлях вінаватых і нявінных.

 

Ўсё помню я… І цьмяны бор…

І мост, і пруд паміж чаротаў…

О, як прайсьці з такой журбой

Скрозь сівер люты, стынь і слоту?

 

Гатоў загінуць на мяжы,

Гатоў і плакаць, і сьмяяцца.

І хочацца не дарам жыць,

Але гарэць і разгарацца.

 

Прайду праз гаць, праз строй асін

З дарог прывычных і далёкіх.

Пачну сьпяваць пра тую сінь,

Што першую спаткала вока.

 

Ізноў асінавая гаць

Мне тыя казкі наварожыць,

Што пачала глушыць туга

Напевам сумным і варожым.

 

Пра маем вытканую сінь

Скажу я зноў такія словы,

Каб шапацелі каласы

І залацісьцей, і сталёвей.


1926-05-20

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудар А. І залацісьцей, і сталёвей. Мн., БДВ, 1926