epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Бабуля, казку!..»

«Бабуля, казку!» — так, бывала,

Малы я бабцы назаляў.

Мяне старая пеставала,

І з ёй я гэта дазваляў.

 

«Якую казку? Дзе іх ўзяці?

Ідзі, кладзіся лепі спаць,—

Пачынкі1 трэба мне звіваці,

І ты павінен рана ўстаць».

 

«Бабулька-рыбка, ну, адну хоць,—

Паглядзіш, ўстану рана я,

Цябе заўсёды буду слухаць,

Бабулька-кветачка мая!»

 

І твар стары яе, абняўшы,

Я моцна, моцна пацалую

І так прашу, к грудзям прыпаўшы:

«Бабуля, казку, хоць малую».

 

І сэрца добрае старэнькай

Змякчэе з ласк і просьб дзіцяці.

«Ну, добра, казачкай маленькай

Пацешу я, як будзеш спаці».

 

«Маленькай мала! Лепей тую,

Што ты учора мне казала».

«Ну, не таргуйся, я другую

Скажу табе. Не будзе мала».

 

Сказаўшы пацеры за бабкай

І ўсіх пазбаўлены грахоў,

Гатоў я слухаць казкі гладкай

Хоць да астатніх петухоў.

 

Пад коўдру цёплую кладуся

І з нецярплівасцю чакаю,

А побач з працаю бабуся

Сядзіць, прадзе ці што сукае2.

 

«Ну, слухай, дзеткі. Было гэта

Даўно. Таму са сто гадоў.

Зімою, пэўне, не у лета,

Настроіў холад гарадоў.

 

Ён з лёду вылажыў палацы,

І цэрквы з лёду, і красты.

Не пакладаўшы рук для працы,

Зрабіў дарогі, ўзняў масты.

 

Як добры майстар, ўсякіх цацак,

Аздобаў ўсякіх нарабіў,

Панастаўляў іх на палацах,

Дзе толькі трэба — іх прыбіў.

 

Праз нейкі час, сканчыўшы працу,

Пайшоў наўкола аглядаць,

Ад цэркві к мосту, стуль к палацу,—

Чы дзе там фальшу не відаць.

 

Усё так добра, чыста, гладка:

З аглядам майстар як ні біўся,—

Нідзе не ўбачыў непарадку.

Таму быў рад, крыху гардзіўся.

 

І, праўду кажучы, гардзіцца

Яму было-такі з чаго,

Бо можна б і ў заклад пабіцца,

Што не было йшчэ ні ў каго

 

Такога царства самацветаў,

Якімі ссыпаў ён дамы,

Што так ігралі ўсякім светам

І ў ясны дзень, і сярод цьмы.

 

І ні адзін кароль на свеце

Такога царства не імеў,

І нават так, хоць на прымеце

Каб мець такое бы, не смеў.

 

Так, абхадзіўшы ўсе будынкі

І абглядзеўшы гарады,

Ён вецер, лёгкі на ўспамінкі,

Заве хутчэй к сабе тады:

 

«Ляці, мой сын, да скраяў света,

Заві усіх сюды людцоў,

А каб скарэй рабіў ты гэта,

Вазьмі з сабой сваіх хлапцоў.

 

Пашлі найменшага к усходу,

На поўдзень большага пусці

І выпраў старшага к заходу,

А сам на поўнач паляці.

 

Завеце ўсіх ў мае дзядзіны,

Усіх, паноў і чорнай косці,

Ганеце ўсякае звярыны,

Каб есці мелі мае госці».

 

І вецер посвістам працяжным

Умомант змог сыноў сабраць

І ўсіх траіх з наказам важным

Паслаў па свеце пагуляць...»

1 Пачынак — пража, якую наматалі на верацяно або знялі з яго.

2 Сукаць — скручваць некалькі нітак пражы ў адну.


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан