epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Багаты вы

Багаты вы,

Мае паны,

Грашыма...

— Сваіма?

Дык бедны вы,

Мае паны,

Ў палацы...

— Да працы...

Багаты вы,

Мае паны,

Зямлёю...

— Сваёю?

Дык бедны вы,

Мае паны,

Работай...

— Ахвотай...

Багаты вы,

Мае паны,

І сілай...

— Змарнелай...

Дык бедны вы,

Мае паны,

Гадамі?

— Не! — днямі...

Багаты вы,

Мае паны,

Навукай?

— Не! — штукай.

Дык бедны вы,

Мае паны,

На розум...

— Цвярозы.

Багаты вы,

Мае паны,

Хаценьмі...

— З-пад цемні...

Дык бедны вы,

Мае паны,

Паверце...

— На сэрца...

Багаты вы,

Мае паны,

Шмат чым...

— Чужым...

Багаты вы,

Мае паны,

Кругом...

— Больш злом!..


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан