epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Беларусам у чатырохлецце «Нашай нівы»

Гэй, вы ўсе, каго зваць беларусам,

Не чурайцеся мовы айчыстай,

Не зракайцесь яе пад прымусам:

Ваша моц ў гэтай мове вячыстай.

Ад прадвеку, ад дзедаў-прадзедаў

Гэта спадак і скарб наш багаты,

Жыцця вольнага памяць пабедаў,

Цяжкай працы і волі утраты.

Дык няхай жа жыве наша мова,

Гэты скарб наш, на доўгія годы,

Зажывём і мы з ёю нанова

Без бяды, без жуды, без нягоды.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан