epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Брацця! Досыць цярпець нам і гнуцца...»

Брацця! Досыць цярпець нам і гнуцца,—

Беднасць і голад ліхой прамнуцца;

Ўстанем зараз мы за шчасце, за волю,—

За лепшую, светлую, вольную волю.

 

Гляньце — свет божы кругом так багаты:

Дзе ты абернешся — муры, палаты;

Золата свеціцца, сонцам гуляе;

Хлеба, адзежы на свеце хватае.

 

Многа працуюць і знаюць навукі,

Каб зменшыць цяжолыя людскія мукі;

І ўсё ж няма шчасця, і ўсё ж няма долі,

І век мы працуем, гаруем ў няволі.

 

Чаму ж гэта, брацця? Адкуль гэты мукі?..

Дзе гэты хлеб, палацы, навукі?

Дзе гэта шчасце?.. Яго укралі

Тыя, што пот наш на золата гналі.

 

Ўсё, што здабылі потам і кроўю,

Што мы рабілі з прымусу, з любоўю,—

Ўсё гэта, братцы, зладзеі забралі,

Тыя, што нашых бацькоў катавалі.

 

Гляньце кругом яшчэ раз: па астрогах,

Вёсках, дварох, гарадох і дарогах

Беднага люду колькі страдае,

Ў жыцці прасвету, ні шчасця не мае.

 

І зноў жа я крыкну усім, што бядуюць:

Брацця! Доўга ужо нас рабуюць...

Мы доўга аб гэтым нічога не зналі;

Доўга цярпелі мы, доўга маўчалі.

 

Пара перастаць ўжо нам, браткі, маўчаці

І толькі паціху ў няволі ўздыхаці. {ўздыхаці.

Трэба падняцца нам сільнаю сілай;

Трэба пакончыць з жыццем-магілай.

 

Трэба разбурыць свет гэты пракляты —

Мястэчкі, двары, гарады і палаты;

Больш не давацца сябе абкрадаці,

А ўсё, што ёсць наша, сабе адабраці.

 

Нашыя гады не будуць давацца;

Пашлюць салдатаў за дабро сваё драцца,

Збяруць усе сілы, каб нас перамоч,—

Мы дружна ўсе ўстанем, і кончыцца ноч.

 

Потым мы свет па-свойму пастроім

І жыцце ў корнях яго перакроім;

Багацтва ўсе света будуць народа,—

І будзе ў нас шчасце, спакой і свабода...

1907 г.


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан