epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Чалавечая кроў

Гэй ты, людская кроў, чалавечая кроў,

Разліваешся ты па зямліцы.

Ад пачатку людзей, ад пачатку вякоў,

Ад граніцы яе да граніцы.

 

Не шкадуюць цябе, неашчадна ліюць,

Мэрам ты і не варта нічога,

Па калені ў табе пасуваюцца, йдуць...

А куды? — без адказу дарога.

 

За дабро, дзеля зла праліваюць цябе,

Дзеля крыўды і скрыўджанай праўды,

Дзеля старых багоў ў маляваным грабе,

Дзеля новых — нязнаных запраўды.

 

І здаецца, няхай прабягуць, пралятуць

Векі цэлыя братняе згоды,

Ані высахнеш ты, будзеш чэмерам труць

Кожнай радасці людскае ўсходы...

 

Разліваешся ты, чалавечая кроў,

Безнадзейны усякія лекі,

І няма на цябе лекароў, знахароў

Запыніць, зачыніці навекі.


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан