epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Хай ні льюцца дажджы...»

Хай ні льюцца дажджы цемна-хмарныя

Над зьмярцьвелаю пашаю.

Хай пачнуцца гады хлебадарныя

Над зямелькаю нашаю.

Хай красуецца жытам, пшаніцаю,

Каласочкамі цяжкімі,

Хай узмацуецца Боскай правіцаю

І Усетворчымі ласкамі.

Хай асьвеціцца прауды навукаю

І братэрскаю згодаю,

Хай зьнівечацца крыуда с прынукаю

За яе загародаю,

Хай узлятаець хвала яе племяні

Упякненаго цнотамі,

Хай шыбаець над скаламі с крэмяню.

Над арлінымі узлетамі.


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан