epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Хлопчык у лесе

Абраз І
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
Абраз ІІ
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
Абраз ІІ
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI


Казка ў трох абразкох

 

Абраз І

На сцэне — падножжа лесу: камлі вялікіх дрэваў, высокія кусты, буйная трава, з якой дзе-нідзе выглядаюць кветкі званочкі.

 

З’ява І

Нейкі час ціха. Пасля чуваць, збліжаючыся паволі, дзяціны голас: «Мама, мама!» На сцэну выходзіць Хлопчык гадоў 8—9, адзеты ў зрэбніну, паверх якой —латаная світачка. Хлопчык у лапцёх, без шапкі. Валасы падстрыжаны роўненька і гладка ўчасаны. Усё на ім беднае, але чыстае.

Хлопчык

(кліча)

Мама!.. Мама!

(Шукае між кустоў.)

Мама!.. Мама!..

(Падыходзячы на перад сцэны, як бы сам сабе.)

Дзе ж мама?

Хаджу, хаджу, шукаю і...

нігдзе няма мамы...

(Аглядаецца, не сходзячы з месца,

кругом; як бы да публікі.)

Мама некуды пайшла...

Сам не ведаю, дзе я...

Страшна ў лесе: скрозь імгла...

(У глыб лесу.)

Мама!.. Мамачка мая!

(Зноў абходзячы кусты.)

Мама!.. Мама!.. Мама!..

(Як раней.)

Ну, куды цяпер ісці? —

Скрозь тут дрэвы, слізкі мох...

Ах,— мне сцежкі не знайсці

Ў гэтых нетрах, пустырох...

(Зноў у глыб лесу.)

Мама!.. Мама!..

(Паўза.)

Тут звяры...

Могуць ноччу разарваць...

Ой, так рана, без пары,

Не хачу я паміраць.

(У глыб лесу, злажыўшы,

як для малітвы, рукі.)

Мама!.. Мама!..

(Паўза.)

(Адступаючы ў глыб сцэны,

з плачам.)

Ой, згубіла,

Ой, наўмысля з воч спусціла,

Каб астаўся ў лесе я...

(Падае ў траву, закрыўшы

рукамі твар; з плачам.)

Мама!.. Родная мая!..

(Паўза. Хлопчык плача, паволі

ўціхае нарэшце, відаць, заснуў.)

 

З’ява ІІ

Хлопчык спіць. З-за аднае кветкі званочка выглядае галоўка дзяўчынкі з блакітнымі вочкамі, у жоўта-чырвонай шапачцы на светлых ільняных валасох,— душа кветкі званочка. За ёй такім спосабам паказваецца другая, трэцяя, чацвёртая. З-за аднаго з кустоў выглядае Незапамінайка ў блакітным вяночку і бела-зялёнай сукеначцы.

 

Першы званочак

(аддзяляючыся ад куста, падбягае

да Хлопчыка, схіляецца

над ім і цікава прыглядаецца,

дакранаючыся нават да валасоў)

 

Хлопчык... Людскае дзіця...

 

Другі званочак

(з'яўляецца, як і першы)

 

Як ён папаў сюды ў лес?

 

Трэці званочак

(як першыя)

 

Маленькі яшчэ ён саўсім...

 

Чацвёрты званочак

(як першыя)

 

Бедненькі! Дзе яго дом?

 

Незапамінайка

Моцна змогся ён, спіць...

(Паўза, у часе якой з лесу

збіраецца ўсё болей кветак.)

 

Першы званочак

Што ж, сястрычкі, з ім рабіць?

 

Другі званочак

Мусіць, трэба разбудзіць, Сцежку з лесу паказаць...

 

Незапамінайка

Не, не трэба абуджаць!

Хай паспіць ён, адпачне,

Страху збудзецца ў сне...

 

Трэці званочак

Хай паспіць, а тэй парой

Трэба збегаць за сястрой

Нашай старшай, хай яна

Ўзбудзіць хлопца ада сна.

 

Адна з кветак

Так найлепей нам зрабіць!

 

Першы званочак

Хто ж пакліча з вас сястру?

 

Незапамінайка

Дзе яна?

 

Другі званочак

А мусіць быць

Ў тым баку, ў старым бару.

 

Кветкі

(адна да аднэй)

Пойдзем! Пойдзем! Пабяжым!

 

Трэці званочак

Я другіх пайду склікаць...

(Разбягаюцца адна за аднэй.)

 

Незапамінайка

Я пабуду тут пры ім.

 

Першы званочак

Я таксама.

(Схіляецца над Хлопчыкам.)

 

З’ява ІІІ

Некаторыя з кветак разбягаюцца па лесе, а некаторыя, між імі і Незапамінайка, Першы званочак, застаюцца пры Хлопчыку. Паўза.

 

Першы званочак

Гэтак спаць

Моцна можа толькі той,

Хто ад матачкі адбіўся

І сярод травы густой,

Як мурашачка, зблудзіўся.

(Гладзіць яго па галаве, у часе гэтага

іншыя кветкі абступаюць Хлопчыка

і маўчліва глядзяць на яго.)

 

Незапамінайка

Ведаеце, сястрыцы, што я надумала? —

Госць гэта рэдкі у нашым лесе,

Трэба яго і як след прывітаць:

Трэба казак яму і нашых песняў

Наказаць, наспяваць, нашаптаць.

Беднага роду, мусіць, гэта дзіцятачка,

Вырасце і не будзе знаць радасці,—

Хай жа яму тыя песні ўспамінаюцца,

Што пачуе тут у нашай зараслі.

 

Усе кветкі

(адна да аднэй)

Праўда! Добра! Паспяваем!

Трэба ў кола ўсім пастаць.

(Становяцца ў кола.)

 

Першы званочак

Ну, сястрычкі, пачынаем

Разам, разам запяваць.

(Становяцца ўсе ў кола і рытмічнымі

рухамі то ў адзін, то ў другі бок

рыхтуюцца да спеву.)

 

Усе

(спяваюць, ходзячы карагодам)

 

ПАВОЛЬНА

Леты дзіцячыя, леты шчаслівыя,

поўныя радасці дзеці вясны,

ў ночы асеннія, ў сцюжы зімовыя

сняцца і рояцца ў думках яны!

Яснае сонейка, светлыя зорачкі,

Цёплыя дожджычкі,— ласкі зямлі,—

Ўсё для вас лецейкі — годы дзяцінныя,

Толькі б вы радасцю яснай цвілі.

Толькі малое, нявіннае, чыстае

Свету прыўкрасай праўдзіва слыве,

Толькі для дзетачак, пекненькіх кветачак,

Ўсё на зямельцы красуе-жыве.

 

ЖЫВЕЙ

Слонца прамені з нябёс пасылае,

з мілай усмешкай малых забаўляе.

Ранічкай ціха ля вушка казыча,—

будзіць: ўставай і на вулачку кліча.

Месячык, зоркі — пасцель пасцілаюць,

Срэбнай тканінай ад сцюжы ўтуляюць,

Ветрык цяплюсенькі ціханька дзьмець:

«Люлі, дзіцятачка, люлі»,— пяець.

 

ЖЫВА

І мы ўлетку, кветкі-дзеткі, заспяваем, як і ён:

Спі наш госцік, ягамосцік, спі, лаві спакойны сон!

 

Пройдуць годы — скараходы,

Дні дзяцінства прамінуць,

Сцюжы, буры і віхуры

Не дадуць тады заснуць.

(З лесу чуюцца вясёлыя крыкі,

кветкі перастаюць спяваць,

слухаюць, паволі кола разнімаецца.)

 

Незапамінайка

Ідуць! Нашы йдуць.

 

Усе

(адна за аднэй, спатыкаючы)

Ідуць! Нашы! Йдуць!

 

З’ява IV

З лесу выходзіць Ружа, першая сярод кветак, вясёлая, рухавейшая і крышачку вышэйшая ад усіх.

 

Ружа

Кажуць мне, мае сястрыцы,

Быццам дзіва вы знайшлі.

Малы хлопчык?

(Прыглядаецца да Хлопчыка.)

А не самі

Яго ў лес вы завялі?

 

Першы званочак

Не, сястрыца, ён быў з маткай,

Ды згубіўся неяк сам;

Матку ўсё шукаў, бядацтва...

І прыблукаўся аж к нам.

 

Ружа

Што ж вы тут без нас рабілі?

Чым прынялі вы гасця?

 

Незапамінайка

Карагод яму вадзілі

І спявалі...

 

Ружа

А дзіця?

 

Першы званочак

Спаў, нябога, час увесь.

 

Другі званочак

Не хацелі мы будзіць.

 

Незапамінайка

Прыкажы ты нам сама,

Што з ім, бедненькім, рабіць.

 

Ружа

Што, па-вашаму?

 

Першы званочак

Яго абдараваць мы мусім шчасцем.

 

Другі званочак

І грошы даць яму, каб знаў

І помніў дзікі лес і кветкі.

 

Незапамінайка

І пекны сон, каб ўспамінаў яго

Усё жыццё ён —

І нават і тады, калі яму

Благія сны пачнуць збывацца

Ўсё часцей...

 

Ружа

Ну, значыць, вы сказалі ўсё, што думала і я;

Іначай я сама бы не зрабіла.

Дык слухайце: вось тут, на гэтым мейсцу,

Дзе мы стаім,

Вялікі скарб закопаны; яго

Дзіцяці аддамо, каб меў з чым жыць.

А каб умеў шчаслівым быць,

Дык сон яму пакажам, казку.

Няхай усё жыццё ён лес прыпамінае

І дзякуе за сон.

Дык зараз...

(Глядзіць навокал: кветкі, зразумеўшы

знак, разыходзяцца ў шырокае кола.

Ружа нахіляе рукой галінку ад куста

і ёй дакранаецца да Хлопчыка.)

Няхай пачнецца казка!

(Пры апошніх словах раптам

яркае святло кладзецца шырокім

променем на Ружу і Хлопчыка.

Хлопчык узварухнуўся,

паднімае галаву і працірае вочы.)

 

Заслона.

 

 

 

Абраз ІІ

Сцэна — альтана з дрэваў, галіны каторых, пасплятаўшыся, твораць як бы цыркульны строп. Пасярэдзіне — увойсце, завешанае павучыннем, на якім — залаты павук. Відаць, што альтана апіраецца на чосаных з жоўтага дрэва арках, каторых слупы і цыркулі амаль не саўсім хаваюцца ў галлі і лісцях. Дрэвы — дзіўныя, хваіны і лісцяныя, але з яскравымі кветкамі. У глыбі альтаны, у левым кутку на трох прыступачках — як бы трон, высокі ўслон. Каля тыльнай і правай сцен — услоны, каторыя, як і трон,— з нейкага бліскучага крышталю. Наперадзе, з правага боку — сярэбраныя кросны з залатою асновай. У адным месцы левай сцяны — заросшы ўючыміся ружамі (незвычайна вялікімі) чатырохкутнік — як бы запон над нейкімі дзвярыма. Праз увесь абраз шчабечуць-заліваюцца птушкі.

 

З’ява І

Сяляначка прылягла на троне. Чатыры папрадухі — дзве ля тыльнай і дзве ля правай сцен — сядзяць на ўслонах і прадуць. Ткачыха сядзіць ля красён, аб нечым замысліўшыся.

 

Сяляначка

Што вы, дзевухны мае,

Прыуціхлі, прыунылі?

Ні адна не запяе —

Хоць бы гаварылі

Аб чым-небудзь... Ўсё маўчаць,

Як ім слоў не стала.

Ах, каб я магла спяваць —

Я б вам заспявала!

 

Адна з папрадух

Ой, паненачка, не грашыце людзям,

Гэта ж голас маеце чысты, салаўіны,

І як мы часамі промеж сябе судзім,

Дык спяваць вы голасна й хораша павінны.

 

Сяляначка

Ах, не тое, ах, не тое!

Хіба ж можна пець ў няволі,

Калі туга сэрца кроіць?..

 

Другая папрадуха

Эй, паненка, у гэткай холі

Грэх тужыць, ды сумаваці,

Ды красу сваю губіць...

 

Сяляначка

(горача)

Не хачу я гэтак жыць!

Я расла ў мужыцкай хаце...

Тата... Мілыя браточкі...

(Плача.)

Мама-любка... гадавала...

 

Ткачыха

(падыходзячы, пацяшае)

Пашкадуй, паненка, вочкі.

 

Сяляначка

(з гневам)

Нашто буду шкадаваці? —

Каб мне імі здрайцу бачыць,

Што забраў мяне праз сілу?

 

Ткачыха

(ласкава)

Дык не можна ж гэтак плакаць...

 

Сяляначка

(устаючы, да Ткачыхі)

Ах, мне гэты свет пастылы!

(Абнімаючы Ткачыху.)

Заспявай ты, любанька, заспявай ты, міла,

Тую песню сумную, што я навучыла! —

Можа, гора ўкоіцца, пераціхне, згіне.

Ты, як я, няшчасная,— паслужы дзяўчыне.

 

Ткачыха

Зараз, зараз, панначка мая ты гаротная,

Абы б твае думкі мінулі маркотныя.

(Паўза. Ткачыха спявае.)

 

УМЕРКАВАНА

Ой, плакала горлічка у шчырым бары

па сваёй радзіначцы, па сваім двары.

 

У роднага татачкі

Ў прыволлі жыла,

У роднай матуленькі

Пастушкай расла.

А браты, саколікі,

Мяне сцераглі,

Ласкавы, прыветлівы

Са мною былі.

Надумалась коршуну

Мяне пагубіць —

Надумаўся горлічку

Ў няволю ўсадзіць...

(Ткачыха спявае адразу

чатыры радкі, а потым усе паўтараюць

за ёй апошнія два радкі.)

 

З’ява ІІ

Пад канец песні, каторая наводзіць на дзяўчат задуму, у дзвярах з’яўляецца Хлопчык. З вялікім зацікаўленнем глядзіць на дзяўчат, і усё. Сяляначка, убачыўшы раптам яго, ад здзіўлення не можа нічога выгаварыць, хаця як бы памыкаецца нешта сказаць. Потым зрываецца з месца і радасна перабівае спявачак.

 

Сяляначка

Дзяўчаткі! Дзяўчаткі! Госць!

 

Папрадухі і Ткачыха

(убачыўшы Хлопчыка, здзівована, разам)

А-а! Ай! Хлопчык!.. Просты... Хлопчык...

 

Сяляначка

(падбягае да Хлопчыка

і за руку ўводзіць яго ў альтану)

Хадзі, хадзі, наш госцік любы!

Хадзі, не бойся нас, дзяўчат!

 

Хлопчык

А мама дзе?

 

Ткачыха

(разам зразумеўшы пытанне)

Шукае згубу...

 

Сяляначка

Чыя? Твая?

 

Хлопчык

Але!..

 

Сяляначка

Наўрад

Яна сюды зайсці б магла.

Не, не, дзіця, твая матуля

У нас ніколі не была! —

Але нічога! Лепш скажы нам,

Якім здарэннем ты забрыў,

Куды не ходзіць і звярына?

 

Хлопчык

Я ж хіба вам не гаварыў,

Як мы сягоння зрана, мамачка і я,

У лес пайшлі абое назбіраць лам’я,

Бо мы небагата, мы бедна жывём,

Хаця сваё жыцце нягоршым завём.

Сушняк зараз мама пачала збіраць,

А я схацеў кветак для мамы нарваць.

Рвучы тыя кветкі, ад мамы адбіўся,

Хадзіў, хадзіў лесам, пакуль заблудзіўся.

 

Ткачыха

Ай, вось няшчасце!

 

Адна з папрадух

Аяй, аяй, бедны!

 

 

Другая папрадуха

Якая ж то матка, што спусціла з вока

І дала дзіцяці зайсці так далёка!

 

Трэцяя папрадуха

Трэба ж гэтак: ў лесе дзіцятка пакінуць!

Маглі звяры з’есці, і так мог загінуць!

 

Сяляначка

Ціха, сястрыцы! У добры ён час

Трапіў здарэннем к нам ў госці:

Знойдзе дарогу ён, выведзе й нас,

Вызваліць бедных...

 

Адна з папрадух

(здзіўлена)

А вохці!

Як ён зробіць гэты цуд?

Як жа станецца яно?

(Хлопчык слухае здзівіўшыся.)

 

Сяляначка

Той, хто нас сюды садзіў

(паказвае рукамі навакол)

Мне усё адкрыў даўно...

(Да Хлопчыка.)

Слухай, хлопча: нас адзін

Чараўнік дзяржыць ў няволі.

Ён заморскай ведзьмы сын,

Злы вядзьмар, і мы ніколі

З-пад яго замкоў ўцячы

Не здалелі б, каб не ты.

Але дзержыш ты ключы,

Ты, што любіш так цвяты.

(Падводзіць Хлопчыка да ружанай

заслоны, паказуючы рукой на заслону.)

Бачыш: ро*жы! — Гэта дзверы —

Сам вядзьмар іх змайстраваў,

А за гэтымі дзвярыма

Ён жалейку захаваў.

Як зайграць на тэй жалейцы —

Уцячэць адсюль вядзьмар

За тры моры-акіяны,

І не стане болей чар.

Але мы зачараваны,

Нам дзвярэй не адчыніць,

Толькі ты, неспадзяваны,

Можаш гэта учыніць

І сябе і нас уволіць...

 

Хлопчык

(жвава, з бляскам у вачох)

Праўда? Як жа?

 

Сяляначка

Сашчыкні

Адну ро*жу ты рукой

І убачыш, як заслона

Распадзецца прад табой.

 

Ткачыха

(сумняваючыся, махае рукой)

Не адна з нас ро*жы рвала,

Дый нічога не відаць!

 

Сяляначка

Бо пад чары ты папала

(паказваючы на Хлопчыка),

А ён здолее іх зняць!

 

Хлопчык

Я спрабую.

(Падыходзіць да заслоны

і мяркуецца сарваць ружу.

Папрадухі, Ткачыха і Сяляначка

глядзяць на яго са страхам і надзеяй.

Хлопчык, адрываючы руку.)

Ой, пячэцца,

Маўляў, жыжка-крапіва...

 

Сяляначка

Рві, нічога!

 

Хлопчык

Кепска рвецца...

 

Сяляначка

Асмяляйся! Рві... Раз...

 

Хлопчык

Два!

(Моцна, адразу тузае

адну ружу і зрывае яе.

Заслона падае, і ў глыбі

тайніка відаць абітую

зялёным саф'янам шкатулу.

Хлопчык хапае ў рукі

шкатулу і вымае з яе

просценькую жалейку.

З трыумфам.)

Вось яна!

 

Ткачыха і Папрадуха

Дудка! Дудка!

 

Сяляначка

Я казала!

(Чуецца гук трубы. Усе,

апрача Сяляначкі, палохаюцца.)

 

Папрадуха і Ткачыха

Ён! Ён! Пакарае ўсіх яшчэ!

 

Сяляначка

Не, цяпер нам страху мала,

Сам ад нас ён уцячэ.

(Раптам надумаўшыся.)

Трэба ўдаць, як не бывала

Тут нічога і ні ў чым,

Каб яго душа не знала,

Што зрабіць мы хочам з ім.

(Да Ткачыхі і Папрадухі.)

Вы на мейсцы сядзьце чынам

І пачніце ўсе спяваць.

(Да Хлопчыка.)

А ты, хлопча, як я скіну1

Рукой — зараз пачні йграць...

(Усе разыходзяцца і сядаюць,

як спачатку. Сяляначка хавае

Хлопчыка за сваім крэслам

і сама сядае, як у пачатку сцэны.)

 

ВЕСЕЛА

Ой, ужо не рана, а не відна пана,

а не відна мосця, забавіўся штосьці.

 

Усе

(спяваюць)

 

1 Скіну — дам знак (паланізм).

З’ява ІІІ

На парозе з’яўляецца Гаспадар-чараўнік у высокай футранай шапцы, з доўгай да кален сівой барадой, у чырвоным кантушы і зялёных саф’янавых ботах. Насустрач яму кідаецца Сяляначка і за абедзве рукі вядзе яго на сваё месца. Абнімае і цалуе яго, саджае на ўслон, але ўсё робячы так, каб ён не відзеў змены, якая зрабілася з заслонай. Знімае з яго шапку, потым угаворвае зняць боты і раптам, адставіўшы іх далей, засмяяўшыся, адскакуе ўбок і дае рукой знак Хлопчыку. Праз увесь гэты час дзяўчаты пяюць, а як толькі пачынае граць дудачка — сціхаюць.

 

Спеў

А нашая паня хораша убрана,

ў вокны пазірае, пана выглядае.

Птаха прыляцела

З мора-акіяна,

Села на вароцех:

— Прынімайце пана!

Прыехаў, прыехаў,

Прывёз нам гарэхаў,

Для яснай малжонкі

Прывёз два пярсцёнкі...

Пачынае іграць дудачка, песня перарываецца, птушкі перастаюць спяваць. Чараўніка як бы нешта падкідае з месца: ён дзіка азіраецца наўкол і, убачыўшы тайнік раскрытым, бяссільна падае на месца — ад страху, але зараз жа падскакуе зноў і, не могучы нічога сказаць, уецца на месцы, як уюн, і крывіць усялякія грымасы,— такім спосабам паволі спускаецца з прыступак на памост, хапаючыся то за бакі, то за галаву, то за грудзі, то за бараду. Хлопчык выходзіць пры гэтым наперад і грае, ідучы за Чараўніком, каторы, як пабіты сабака, пасуваецца да дзвярэй. У вачах Чараўніка — часам страшны, бяссільны гнеў, часам шкода, часамі — страх. Падышоўшы да дзвярэй, ён, як маланка, кідаецца вон. За ім у лесе чуецца трэск ламаючыхся дрэваў, гром, моцны свіст.

 

З’ява IV

Тыя ж, без Чараўніка. У альтане робіцца шмат святлей; відаць, як сонечныя праменні, прабіваючыся праз лісце, іграюць светлымі плямкамі на сценах, тварах, падлозе: ружаная заслона сама паднімаецца і закрывае тайнік. На тварах усіх, апроч Сяляначкі і Хлопчыка, відаць вялізную радасць, змяшаную з такім жа здзіўленнем. Толькі Хлопчык не страціўся:1 ён з цікавасцю разглядае просценькую жалейку. Сяляначка глядзіць угару, як бы дзякуючы некаму. Гэта сцэна як можна нядоўгая.

 

Ткачыха і папрадухі

(падаючы на калені і, злажыўшы,

як бы молячыся, рукі, у адзін голас)

 

Дзякуй табе, долечка, за гэтакі цуд,

Што мы не асталіся, не згінулі тут...

 

Сяляначка

(з нецярплівасцю)

 

Дурныя, вас не доля збавіла,

А хлопчык гэты. Гэта ён

Не шкадаваў сваіх маленькіх рук

Для нашага дабра — дык дзякуйце

Яму.

 

Ткачыха і папрадухі

(саскочыўшы з каленяў, з крыкамі)

 

А гэта праўда!

Праўда! Ён збавіў!

(Кідаюцца на свае месцы і зараз жа

варочаюцца бягом да Хлопчыка,

несучы ў руках падарункі.)

 

Першая папрадуха

Вось клубок вазьмі ты ніцей залатых,

Я іх сама напрала. У якія б нетры ты

Ні трапіў — не бойся з ім. Кінь толькі —

Ён пакоціцца і выведзе дамоў.

Яго сама я прала, але ўцякаць баялася,

Бо Чараўнік усё роўна бы дагнаў.

(Аддае залаты клубок Хлопчыку.)

 

Другая папрадуха

А гэта — пасак мой. Надзень яго,

І сілы у цябе аддасца утрая.

(Аддае пасак.)

 

Трэцяя папрадуха

А ад мяне кудзельку вазьмі прадзіўную,

З якой яна расліны — я не ведаю,

Але як дзьмухнеш на яе, дык зараз самалёт

Перад табой рассцелецца, кілім.

 

Чацвёртая папрадуха

Вазьмі зярняты гэтыя. Пасееш, і ўродзіцца З іх залаты табе лянок.

 

Ткачыха

А я хачу табе аддзякаваць апраткай гэтаю —

Зімой у ёй не холадна, а ўлетку не пячэць.

 

Сяляначка

А я табе, збавіцель наш, вось што прыгатавала:

Не мела чым дарыць, дык ад яго забрала —

Вось гэта боты-скараходы і шапка-цемязень,

Яны хоць для якой прыгоды у жыцці

Не шкодзяць.

(Падае.)

На, надзень.

 

Хлопчык

Не-не, не буду, надзяваць я —

Бо ў іх ад вас я уцяку..

Але скажэце мне: багацця

Нашто мне столькі, мужыку?

Што з ім рабіціму?..

 

Сяляначка

Для братняй

Яго карысці ужывай

І, як сягоння нам, хлапчына,

Ўсім шчыра ў горы памагай.

(Да ўсіх весела.)

Ну, а цяпер ідзём адгэтуль! —

Хай будзе птушкам гэты дом,

Ў якім не бачылі мы свету.

Ідзём!

 

Хлопчык

(радасна)

Ідзём!

 

Папрадухі

(таксама)

Ідзём!

 

Ткачыха

(таксама)

Ідзём!

Усе варушацца з альтаны.

 

Заслона.

 

 

 

1 Не страціўся — не разгубіўся.

Абраз ІІ

На сцэне ўсё, як у канцы першага абраза. Тыя самыя асобы ў тых самых пастацях, тыя ж дрэвы, травы, кветкі — усё, як у канцы першага абраза.

 

 

З’ява І

Ружа

(адпушчае галінку, каторая зноў

выпростваецца)

Скончылася казка... Час пачацца жыццю!

(Пры гэтых словах прамень,

асвятляўшы Ружу і Хлопчыка, знікае,

кветкі збіраюцца зноў у кола каля іх.)

Зараз ён устане і памкне дамоў.

Ды і вы, сястрычкі, зараз пабяжыце,

Бо і слонца хутка скоціцца далоў.

Ці вы ўсе у зборы?

 

Першы званочак

Не, аднэй нямаш.

Незапамінайка з вёскі не прыйшла.

 

Ружа

Куды ж яна збегла?

 

Трэці званочак

А у вёску тую, адкуль хлопчык наш,

Мы яе прасілі, каб матку прывяла.

 

Ружа

А?.. Вось гэта добра. Так яно і трэба,

Незапамінайка пэўна справіцца з усім.

Ну, пачырванела на захадзе неба,

Досыць нам тут дляцца.

(Пытаецца ў першага, другога,

трэцяга і чацвёртага Званочкаў.)

А вы тут пры ім?

 

Чацвёрты і іншыя званочкі

Мы адгэтуль самі...

 

Ружа

Ах, я прызабыла!

Трэба скарб адзначыць той, што тут ляжыць.

Чым яго адзначыць, каб прыметна была?

А!.. Знайшла, знайшла я! — Грыб тут пасадзіць!

(Перасаджвае з другога месца на тое,

каля якога спіць Хлопчык, вялікі грыб.

Да тых, што застаюцца.)

А вы заспявайце яму калыханку,

Хай, пакуль да маткі, саладзей паспіць!

(Да ўсіх.)

Ну, пара, сястрыцы!

(Да тых, што астаюцца.)

Да другога ранку,

(Збіраецца ісці з іншымі кветкамі.)

 

Званочкі

(каторыя астаюцца)

І табе, красуня, сон вясёлы сніць!

 

Ружа і іншыя кветкі адыходзяць. Першы, другі, трэці і чацвёрты Званочкі становяцца на свае месцы за кустамі.

 

 

З’ява ІІ

Хлопчык спіць, як раней. Званочкі толькі аднымі галоўкамі выглядаюць з-за кустоў. Ціхі-ціхі пачынаецца спеў калыханкі і паволі мацнее, але не да поўнага голасу. Падчас спеву змрок гусцее, і пад канец абраз асвячаецца месяцам.

 

Незапамінайка

(ціхенька, на пальчыках,

выбягае на сцэну, на хвіліначку

схіляецца над Хлопчыкам

і таксама бяжыць

на сваё месца.

Спеў у часе гэтага

не перарываецца.)

 

Спеў

 

УМЕРКАВАНА. СПАКОЙНА

 

Вечар цёмны настае, слонка ўсёй зямлі пяе:

я іду адпачываць, люлі, люлі дзеткі спаць

Бор заснуў і ціха спіць,

Месяц лісце серабрыць.

Ветрык-жэўжык шмыгануў,

Роску з лісцяў страсануў.

Трэба спаці, ветрык-свет,

Бор бурчыць яму услед.

Люлі, люлі — на палёх

Над ракой туман залёг...

 

Некалькі разоў у часе песні ў лесе чуецца далёкі кліч: «Сынку! Сынку!» Перад апошнімі словамі песні ён чуецца саўсім блізка — тут жа, у кустох. Кветкі як бы ўздрыгваюць і перарываюць спеў. З-за кустоў выходзіць Матка.

 

Матка

(шукаючы промеж кустоў,

слабым голасам)

Сынку! Сынку! Сынку!

(Выходзячы наперад.)

Мілае маё, каханае дзіцятка,

Дарагі ты мой званочак залаты,

Заблудзіўся, бедненькі, ў лесе, як ягнятка,

Адгукніся, маё роднае, дзе ты?..

Сыначку! Сыночак!

(Заўважыўшы Хлопчыка.)

А хто ж гэтта, скорчыўшыся, пад кустамі спіць?

(Прыглядаецца,

а пасля, пазнаўшы, кажа.)

Сыначку! Дзіцятка! Рыбка мой! Каточак!

Сыначку!

(Будзіць. Хлопчык абуджаецца;

соладка пацягуецца пасля сну і,

увідзеўшы Матку, успамінае, дзе ён,

і кідаецца ёй на шыю.)

 

Хлопчык

Мамачка!

(Цалуе Матку.)

 

Матка

(цалуючы Хлопчыка)

Сыночак! Месячык!

 

Хлопчык

Як мяне знайшла ты?

 

Матка

А ты як тут спаў?

 

Хлопчык

Ох! Не мог я сцежкі адшукаць да хаты

І ужо не помню, як сюды папаў.

(Раптам.)

Ах, які я відзеў сон!

Каб ты, мама, знала!

Мне й цяпер здаецца ён...

 

Матка

А я? Як шукала

Цябе, сынку... Каб ты знаў,

Як душа балела...

Страх мяне такі абняў,

Што ледзьве не млела.

Голас твой ў маіх вушах

Ўсё звінеў, як струнка:

«Мама, мама, памажы!

Мама! Дай ратунку!»

 

Хлопчык

Мамачка бедная! Столькі трывогі

Ты праз дурнога мяне прыняла!

(Пацяшае Матку.)

 

Матка

Не, мае дзеткі, не будзь к сабе строгі:

Я наўмысля цябе завяла

Ў гэтыя нетры...

 

Хлопчык

(не верачы, з абурэннем)

Няпраўда?

 

Матка

(прыцягуючы яго да сябе, з плачам)

Ой, каб гэтак!

Каб няпраўдаю было! —

Мяне б скруха так не брала,

Так бы сэрца не пякло!

Але праўда!.. Мусіць, знаеш,

Як прыходзіцца нам жыць:

Ані хлеба, ні да хлеба

І няма дзе зарабіць!..

(Плача.)

 

Хлопчык

Не плач, мамачка-галубка,

Прамінець усё, як цень.

Голад, холад нас з табою

Не разлучаць ні на дзень.

 

Матка

Веру, веру, маё шчасце,

Залаценькі хлопчык мой,

Што ні холад, ані голад

Не раздзеляць нас з табой!

А цяпер, маё каханне,

Час ужо ісці дамоў.

Ото ж радасці там будзе,

Што ты вернешся здароў!

 

Хлопчык

Пойдзем, пойдзем!

(Убачыўшы грыб.)

Ай, што гэта?

Грыб вялізны які ўрос!

 

Матка

Грыб?

(Нахіляецца над грыбам.)

Мусіць, усё лета

Быў тут.

Бачыш, мохам як зарос.

(Да Хлопчыка.)

І які з сябе вялізны!

Рві, дый пойдзем — пуць не бліжні,

А нам вёрст са тры адмераць!..

 

Хлопчык

(радасна)

Вось і будзе чым вячэраць!

(Зрывае грыб, за якім паднімаецца

дзёран, і з-пад яго аббітая срэбнай

бляхай шкатула з медзянымі абручамі.

Хлопчык у радасці цягне Матку

за руку)

Мама, мама, падзівіся,

Тут куфэрак нейкі з бляхі,

Рэчы нейкія знайшліся!

(Вынімае шкатулу і паказуе Матцы.)

 

Матка

(здзівована)

Ах!

І напраўду нехта тут

Нешта нейкае схаваў!

Дай адчынім,

ці не скарб

Пад табою тут ляжаў?

(Абое нахіляюцца і, }адчыніўшы

шкатулу, вымаюць з яе рэчы.)

 

Хлопчык

(хапае з радасцю жалейку)

Жалейка! Тая!

 

Матка

Боты...

(Вымае і ставіць іх на зямлю.)

 

Хлопчык

(паднімае боты і, пазнаўшы, кажа)

Скараходы!

 

Матка

(вымае)

Шапка...

(Кладзе на зямлю.)

 

Хлопчык

(паднімае з радасным крыкам)

Цемязень!

 

Матка

(вымае)

І вопратка багатая...

 

Хлопчык

 

(не ўстрымлюючы радасці)

Мама, любка,—

гэта ж сон,

Сон мой дзіўны!

Каб ты знала,

Што я тут надойчы сніў!

Тут навокал ўсё спявала,

Чараўнік тут страшны быў...

Яго я прагнаў ігрой

Вось на гэтай во жалейцы.

 

Матка

(спыняючы)

Перад ноччу,

хлопчык мой,

Так не трэба гаварыць.

Яшчэ ў лесе,

можа быць,

Праз такія словы зблудзім...

 

Хлопчык

Не,

блудзіць ужо не будзем.

(Паказуючы залаты клубок.)

Во ў клубку у гэтым сіла:

Ён дарогу,

дзе б ні была,

Сам пакажа,

толькі кінуць...

(Кідае клубок.)

 

Матка

(хапаючы яго за руку, каб стрымаць)

Што ты робіш,

ніці згінуць...

 

Хлопчык

(паказуючы другой рукой)

А глядзі, глядзі ж!

 

Матка

(здзівована)

І праўда!

Клубок коціцца прасцютка...

Ды не трацьма ж ні мінуткі,

Пойдзем зараз!..

(Збіраючы рэчы, каб ісці.)

 

Хлопчык

(скідае лапці і адзяе боты)

Вось я толькі скараходы

Замест лапцікаў адзену...

 

Матка

Што ты, дзетачкі, надумаў

Тут у лесе рабіць змену?

 

Хлопчык

Я хачу папрабаваць,

Як у іх хадзіці трэба

І як імі кіраваць...

(Устаўшы да Маткі.)

Ну, цяпер ідзём дамоўку!

Куфар, мамачка, бяры.

 

Матка

(хоча надзець яму шапку)

Надзень шапку на галоўку!

 

Хлопчык

(рукой не дае адзець)

Не, не трэба без пары!

Пойдзем!..

(Бярэць Матку за руку

і хоча ісці разам,

але зараз жа апераджае яе

і хаваецца ў лесе.)

 

З’ява IV

 

Матка

(крычыць Хлопчыку ўслед)

Сынку!.. Сынку!..

(Ламаючы рукі.)

Божа мой! Зноў згубіла!..

(Крычыць у лесе.)

Сынку!.. Сынку!..

(У роспачы ламае пальцы

і аглядаецца навокал.

Чуецца голас Хлопчыка з лесу.)

 

Хлопчык

Я тут, мама!

(І зараз жа ён выбягае сам

вялізнымі крокамі і, стаўшы з імпэту,

аж сеў у траву.)

 

 

З’ява V

 

Матка і Хлопчык

(з дакорам да Хлопчыка)

Ці ж так можна жартаваці?!

Гэтак матку абіждаці...

Ад каго ты навучыўся?

 

Хлопчык

(жыва ўскочыўшы з травы

і лашчачыся да Маткі)

Не, матуля дарагая,

Гэта боты-скараходы

Ў гэтым разе вінаваты:

Як памчалі,

як памчалі,

Не замчалі чуць да хаты.

 

Матка

Праўду кажаш?

 

Хлопчык

(не адказуючы, сядае скідаць боты.

Гледзячы на яе ўгару)

Я іх скіну,

Панясу ўжо у руках...

(Устаўшы, трымае ў аднэй руцэ

боты, другой бярэ Матку за руку.)

Пойдзем, мама!

 

Матка

Пойдзем, сыну!

Прамінуў ужо мой страх,

І трывога больш не мучыць:

Ўжо мы разам...

 

Хлопчык

(жыва, у вялікай радасці)

Разам, разам!

І ніхто нас не разлучыць!

(Ідуць дамоў.)

 

 

З’ява VI

Першы, другі, трэці і чацвёрты Званочкі і Незапамінайка паказуюць галоўкі з-за кустоў і, гледзячы на пайшоўшых Матку і Хлопчыка, ціха шэпчуць: «Пайшлі з лесу, пайшлі з лесу» і з гэтым шэптам зноў хаваюцца. Услед за гэтым пачынаецца нямы спеў калыханкі. У лесе робіцца цямней. Перад канцом з нямога спеву калыханкі крышачку мацней выдзяляюцца словы:

 

Ходзіць месяц промеж зор,

Спіць, заснуў драмучы бор.

Тучкі мкнуцца у паўсне,

Часам ветрык шалясне...

 

У часе спеву паволі апушчаецца заслона.

 

Канец.

1920?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан