epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Хмары

Бягуць, ідуць па небе хмаркі —

То цёмныя, то палавыя,

То белыя — маўляў жывыя

Разветру небнага пачваркі.

Бягуць... куды? чаму? ды скуль?

Ідуць... навошта? што ім трэба?

Іх вецер гоне — гулль і гулль...

Гуляюць хмаркі, крыюць неба.

Лятуць над высямі-даламі

І над вясковым цёмным борам,

Ў дарозе вечна, вечна самі,

Лятуць адны з сваім прасторам —

Маркотна, цяжка, з краю ў край...

І, мусіць, трудненька жыць ім,

Бо дзе прыкмецяць земскі рай

Са збожжам, кветкамі, з усім,

Што слонейка ды ніўка-маці

Ў злучэнні зродзяць цудны дары,

А чалавеку, моў дзіцяці,

Даюць як плату і ахвяру...

Збяруцца хмаркі грознай тучай

Ад думак горатных нядолі,

А цяжкасці, што іх так муча,

І дрогнуць громам над палямі...

Пачнуць свяціць маланак блыскам

Ды біць грымотна перунамі,

Над нівай звісшы нізка-нізка,

Заплачуць буйнымі слязамі...

Пачнуць дзяліцца, йсці далей —

Ў бяскрэсным пустыры-прасторы,

Бягуць ужо йзноў — як раней...

І так заўсёды — ноч і дзень —

Лятуць над высямі-даламі...

Зямлі кідаюць сумны цень

І плачуць частымі слязамі.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан