epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Хвейнаму другу

Але, ну так, але, але,—

Мы ўсё яшчэ ў няяснай ймгле,

Наперад глянуць,— далі там

Няма, здаецца, жаднай нам.

 

Па тэй дарозе, што ідзём,

Калоды, пні, завалы, лом,

І страх, і жах глядзяць зусюль,

Няма палёгкі ніадкуль.

 

І сілаў нам, здаецца, брак...

Усё так, ўсё так! Але ж, аднак,

Пазбудзь трывог душы сваёй,

Няхай пануе вера ў ёй,—

 

Глядзі: ідзём мы не адны

Шукаць дабра для стараны,—

За намі рушылі яны —

Зямлі радзімае сыны!

 

* * *

 

Яшчэ не спаў з іх даўні сон,

Не прэціць ім кайданаў звон,

Не вытхнуў з іх ганебны дух

Рабоў адданых, верных слуг.

 

І можа быць, што, раз, ізноў,

На даўніх трапіўшы паноў,

Ім паднясуць свае дары,—

Нічога, гэта да пары!

 

* * *

Нясмелы крок іх і цяжкі,

Дык ён і мусіць быць такі,

Бо гэта толькі першы крок...

Прыпомні, як вясной паток

 

Здаецца слаб, здаецца хіл,

Здаецца, ён не мае сіл,

І часта як тамуе1 бег

Яго вясняны рыхлы снег.

 

Аднак што далей, то смялей

Бяжыць паток шырэй, глыбей,

І хлусіць з розных перашкод

Ён сілай вод... Як ён — народ!

1 Стрымлівае.


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан