epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Дакоры

Ты не прыйшла, як быў я хворы,

І смерць парог мой сцерагла,

І мне канец здаваўся скоры,—

Ты не прыйшла, ты не прыйшла!..

 

Ты не прыйшла, калі мне снілась,

Што ты сястрой пры мне была

І, як дзіцём, са мной вадзілась,

Ты не прыйшла, ты не прыйшла!

 

Ты не прыйшла, калі рукі я

Не мог паднесці да чала.

Былі усе... Былі чужыя.

А ты адна,— ты не прыйшла!..

 

Ты боль уцішыць мой каханнем

Патрэбы ў сэрцы не знайшла,

І, як другія, з прывітаннем

Ты не зайшла, ты не зайшла!


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан