epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Дні

Жыву на чацвёртым паверсе ў гатэлі, саўсім не выходжу, бо чуюся хвора, праседжую дні прад вакном у фатэлі1,— сягоння... учора... заўчора...

Ні дум, ні пачуццяў. Праз дым цыгарэткі за шыбамі вочы ўвесь дзень на папасе: у тумане там ловяць касцёлаў сыльвэткі, дым з комінаў, часам сход галак на дасе; драты тэлеграфу вісяць у паветры, між імі калмацяцца тучкі капрызна; запаў небасхіл ў алавяныя нетры, далёка, над грудай Панараў2 вялізнай.

...Часцей за усё пападаецца воку насупраць вакно ад гары, стыль «бароку» крыху непакоіць... Наогул жа дніны праходзяць прыемна: някрыўдна, няўцешна. Сяджу у фатэлі, занятак ядыны — шаптаць: «Усё добра, ўсё добра!..» Хоць... смешна!..

Так... Людзі ж... З’яўляецца зрана дзяўчынка:

— Прыбраць пан пазволіць?

— Так... Але, прыбраць!

— Гарбаты прынесці? З цытрынай?3

— З цытрынкай! І потым газеты...

— Газет жа шмат браць?

— Дзве возьмеш...

Праз хвілю гатова гарбата, праз пяць хвіль звычайна прыходзяць «кур’еры», праз квадранс4 прыбрана. Ці ў будні, ці ў свята,— у дзесяць за ёй зачыняюцца дзверы, і больш не трывожаць да самай вячэры. Ніхто не трывожыць... Так добра... Без меры!..

1920 г.

1 У мяккім крэсле.

2 Узгоркі каля Вільнюса.

3 З лімонам?

4 Чвэрць гадзіны.


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан