epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Добры вечар, мой Язэпка!...»

Добры вечар, мой Язэпка!

Добры вечар, мой каханы!

Мой ты браце, мой зямляча,

Мой ты дружа неслухмяны.

 

Ці ж не я прасіў астацца

Гэтта зімку зімаваці,

Каб хоць зрэдку ды спаткацца,

Разам хвільку скаратаці?

 

Не! Папоў яму мілейшы,

Ён прыяцель, кум і сват!

З кім Язэп, а з гэтай шэльмай

Хоць у пекла ехаць рад!

 

Што ж ты выйграў? «Дон Отэлло?»

Ёсць жа «Чуда» ў Бадайбе.

Мо прысватаў там дзяўчыну?

Ой, не лжы, брат, не табе!

 

Можа, службай выйграў гэнам,—

Больш там пэнсыі бярэш,

Лепш ясі, чысцей там ходзіш? —

Не паверу, хоць зарэж!

 

Служба й гэтта — чым не служба?

Ганіць — значыць саграшыць:

Можна й выспацца, й пад’есці,

І гульнуць, як набяжыць.

 

Што й казаць — ты выйграў мала,

«Як на мыдле пан Заблоцкі»,

Як той хлопчык, што [то] брату

Каўбасу змяняў на клёцкі.

 

«Ніц не зробіш», бо «рызыка» —

Гэта звычай шляхціцовы.

«Не шкадуе той валоссяў,

Хто ужо не мае гловы».

 

Мушу скончыць нараканні,

Бо не бачу з іх карысці.

Ты ж далёка — не дастануць.

Будзе час яшчэ калісьці!

 

Не сярдуй, што гэтак лаю:

Сумна, прыкра, вось і мушу

Хоць над тым, каго я знаю,

Адвясці на момант душу.

 

А на сэрцы, браце, гэтак,—

Хоць ты вешайся ад болю.

Думкі б’юцца, як бы птушка,

Хочуць вырвацца з няволі.

 

Ветрам дзікім паляцеў,бы,

Воўкам нёсся бы галодным,—

Толькі б згэтуль адпусцілі

На відзенне з краем родным.

 

А трымае злая сіла,

І няма з ёй сілы біцца;

І няма душы спагаднай,

З кім бы горам падзяліцца.

 

Напішы ж ты мне, Язэпка,—

Успомні, брат, аб нашай дружбе,

Аб усім, што гэнам бачыш,

Аб сваім жыцці, аб службе.

 

Як ты час праводзіш вольны,

З кім там знаешся, гамоніш;

Як ты журбу, як ты гора

Ад сябе штодзенне гоніш.

 

Буду дзякаваць за гэта,

Буду знаць, што ёсць жа гдзесь

Мой Язэпка, мой каханы,

Мой прыяцель...

Твой Алесь.

1916 г.


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан