epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Гэй жа ж, мая вёска!..

Гэй жа ж, мая вёска!

Як ты дзісь1 далёка —

Каб глядзеў і доўга,

Не убачыць вока

Тваіх стрэх з саломы,

Мохам часу крытых,

Вокенцаў маленькіх,

Хат, ў зямлю убітых,

Гумнаў і хлявочкаў,

Нізенькіх, як хаты,

Вулічкі ўсяродку —

Крыху крываватай...

І за вёскай крыжа,

Што помніць дзядоў,

Мосціка праз рэчку...

І абшар палёў...

Адышло ўсё гэта,

Недзе дзісь далёка,

Каб глядзеў і доўга,

Не убачыць вока:

Засланяюць горы

І лясісты кнеі2

Дык да роднай вёскі

Даляцець умеюць.

Толькі ўспомніў даўны

Гора дні, уцехі,

Думка мігам скоча

Пад вясковы стрэхі —

Бачу вобраз родны:

Працы, гаравання,

Бедныя палеткі,

Сеянне, гаранне...

Родных бачу твары —

Хатніх і суседаў,

Жыццё бачу вёскі

І шчасця і бедаў...

Успамінак ўсенька

Ў вобраз адзін луча:

Вобраз сэрцу мілы —

Мілы, аж балючы...

 

Дык хаця ты, вёска,

Родна і далёка,

Што за гор лясамі

Це3 не бачыць вока —

Я сардэчнай думкай,

Пакуль жыці буду,

Вёска мая родна,

Цябе не забуду!..

1 Сёння.

2 Гушчары.

3 Це — цябе (польск.).


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан