epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Гімн роднай мове

О, мова родная мая!

Вяскова, проста, а святая —

Хацеў бы свету крыкнуць я,

Што сэрцам ўсёгды паўтараю:

Хвала табе! О, церпяліва,

За муку вечную тваю —

Дагэтуль ты ўсяму надзіва

Схавала моц вялікую...

Не згінула... мерлі хаця

Прадзеды, дзеды і іх ўнукі —

Табой ж гаворыць іх дзіця,

І зноў ты, мова, церпіш мукі...

Хвала табе! Бо дні вякамі

Ішлі над гэным светам ўсім,

А ты трывала ўсцяж і з намі...

Хвала табе — табе і ім,

Хто здрады ў жыццейку не знаў,

Нягледзячы на хмары бед,

Хто ўсцяж табою стараваў,

Сцярпеўшы здзекаў пераслед.

Хвала табе! Прайшло ўжо тое...

Хоць не зусім, але мінецца:

Пачулі мы, што нам святое

І да чаго сардэнька б’ецца...

Хвала табе! О, дарагая!

О, беларуска проста мова!

Што сон магільны прарываеш,

Нясеш нам знак на жыцце нова!

Хвала табе! Вяліку справу

Спраўляеш ты між нас сярод,

Адвечнай кормячы нас стравай,

Даеш салодкі жыцця мёд.

Хвала ж табе — на кожным месцы —

Па вёсках ўсіх ды гарадох,

Па Беларусі кожнай рэсцы

Гудзеў бы я, каб толькі мог!..

Хвала табе! — гудзеў бы ўсім,

На ўсю Бацькоўшчыны зямліцу,

Каб толькі вось братом сплючым

Дапамагчы са сну збудзіцца...

Хвала табе, о, родна мова.

Шапочуць лісці, рэчкі, зоры —

Гаворыць поле скрозь вяскова,

Грымяць лясы, прыгоркі, горы...

Хвала табе — няхай ж нясецца

Па Беларусі ўсёй шырокай...

Да сонейка няхай ўздымецца,

Да зорачак ў высі высокай!..

Хвала табе няхай жа будзе

У кожным сэрцы, ў кожнай грудзі!

І ад малога, й ад старога,

І ад мяне, сына тваёга,—

Хвала табе!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан