epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Ідуць гады

Ідуць сабе гады, ідуць,

Бы карагод без конца,

Што у небі зорачкі вядуць

Ля месяцу, ля сонца.

Ідуць сабе гады, ідуць —

І чалавек за імі.

Куды цябе яны вядуць,

І сьцежкамі якімі?

— «Ніведама мне скуль усе і што я;

Ніведама мне сама сьцежка мая,

Ніведама мне і куды я іду.

Пытання ні маю, ці што там знайду,

Ніведаю жыцце, ці шчасьце, ці не,—

Пачалося гэта, браток, ні на мне».

Ідуць гады, ідуць гады

І з імі усе на сьвеці.

Сягоння ты, а йшлі дзяды,

А заутра пойдуць дзеці.

Ідуць гады і ты ідзеш

У здагонь за імі, з імі.

На што, скажы мне, ты жывеш

І з думкамі якімі?

— „З аднэю я думкай у сьвеці жыву,

Настаунікам узяушы і лес і траву,

Крыніцы і кветкі, і цемру, і сьвет,

І месяц, і зоры, і сонца прывет.

Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,

Красуйся на радасьць сабе і другім."


1907; 1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан