epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Як дзеўча у веку квіцення...»

Як дзеўча у веку квіцення

Жыццёвую вабу пачуе,—

У думках сваіх летуценне

Аб нечым нязнаным пястуе.

Заўсёды адно ёй пляцецца:

Аб хлопцах і тым, як адзецца.

 

Хлапчына ж той з’явіцца скора;

Прыемны з ім слоўцы, ўздыханні,

Як ён аб уродзе гавора,

Аб моцным сваім закаханні,

І кліча ён неба у сведкі.

Ах, любы дзяўчыне слых гэткі!

 

Паволі ён сетку абводзе

З думкай сваёй патаемнай,

І гэтак і так падыходзе,

І просіць аб ласцы ўзаемнай.

Такая-то птушачкі доля,

Што зараз ёй клетка — няволя.

 

Калі ж удаецца дзяўчыне

Убачыць сіло у мякіне,

Тагды спадзявайцеся буры,—

Хлапец распачнець авантуры:

Такое паказуе гора,

Што літасць яе загавора.

 

Ашукана так ці іначай,

Аддаўшыся мужу навекі,

Потым бывае, што плача,

Пазнаўшы і здраду і здзекі.

Дарэмна сябе, бач, маркоціць,

Бо страты сваёй не вароціць.


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан