epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Як надарыцца мінута...»

Як надарыцца мінута.

Што ад працы адарвуся,

І жыццевая атрута

Ні пячэць, і прахаплюся,

Дык цябе, мой Родны Краю

Шчырай думкай аблятаю.

Ты нішчасны і убогі,

Ты бездольны і забіты,

Ты без шляху, без дарогі,

Ты абдзерты і прапіты,

Подлай здрадаю праданы.

Ты ні свой, — дауно забраны.

Меу вялікія клейноды.

Быу і моцны і багаты,

—Задзіуляліся народы —

А дазнауся горкай страты.

Сохнеш, вянеш,— вокам кіну,

Аж здаецца, што загінуу...

А як сонейко устане

І прыемна усьміхнецца,

Па палетках, на кургане

І па весцы разліецца,

Як паводка. Родны Краю,

Над цябе тагды ні маю....

Ты квяцісты, залацісты,

І прыгожы, і аздобны,

Ты лясісты, каласісты,

—Можа рай табе падобны—

Колькі-ж моцы маеш скрытай,

Колькі сілы ніспажытай!

Ты паустанеш, працавіты,

Гаратнічы, нівымоуны,

Шчасьця, долі прагавіты,

Мой сланэчны, мой чароуны!

Будзе час, пабачуць сьведкі,

Хоць ні мы, дык нашы дзеткі.


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан