epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Як не плакаць,— я ж сіротка...»

Як не плакаць,— я ж сіротка,

Страціў татку, [маму].

Ах, сарочка, ах ты, цётка,

Я няшчасны самы.

 

«Ціха,— кажа белабока,—

Ты не плач, маленькі:

Яны ж гэтта, недалёка,

Дзе растуць апенькі».

 

Зайчык зразу як падскоча

Ад такоі весці,—

Скача, круціцца, рагоча,

Не ведае, [як] сесці.

 

«Ну, ну, досыць вычвараці, —

Кажа белабока,—

Пойдзем лепі іх шукаці,

Знойдзем недалёка».

 

От пайшлі, ляціць сарока,

За вяццё чапляе,

А за ёю зайчык ззаду

Шпарыць, патрапляе.


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан