epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Ён не згіне...

Настроі

Ці дзялю я свой сум з цішынёю,

Ці жартую з сябрамі над чарай,

Перад мыслью таемна маёю

Неадступнай, назойлівай марай,

Як жывы, як бы ўзяты з натуры,

Ўсё малюецца вобраз пануры:

 

Як калоссі ў жытнім полі,

стаяць людзі на раўніне;

Быццам вецер каласочкі, —

гэтак сум іх прыхіляе.

Ані шэпту! Часам толькі

маць-зямліца уздыхае:

«Ой, пагіне... Усё пагіне!»

 

Захаваўшы слонца, ўкрылі

неба ймглішчы і туманы;

Непагодай край, здаецца,

ад прадвеку той забраны;

І не кліч яму ты долі:

гіне зык тут незваротна;

Замірае слова нават...

Ах, маркотна!

 

Ўсё мне цяжкі вобраз той здаецца,

Ці адзін, ці хаджу між людзей я...

Толькі ж... раптам, часамі прарвецца,

Бы шаленства якое, надзея:

З-пад святых нябёс блакіту

Прамяніста сонца ззяе

І дзяцей зямлі з нябыту

І з заніку паднімае.

І буяе духам вольным

Той народ, што на раўніне,

І жывець жыццём давольным...

«Ён не згіне! ён не згіне!»


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан