epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Каб быў молад...

Каб быў молад,

Я кахаў бы,

Ў холад-голад

Я спяваў бы

Песні веры

Ў свае сілы,

Што без меры

Пружаць жылы...

І ў спадзеі

Лепшай долі —

Праз завеі

Бед, нядолі —

Йшоў бы чынам

Да здабыцця

Братам, сынам

Права жыцця...

А дарогай

Вечнай мэтай,

З думкай Бога

Ўсяму свету

Я каханне

Даў б законам,

Каб з зарання

Аж да скону

Быў тут кожны

З нас шчаслівым —

 

Калі можна

Ім быць — жывым!..

Каб быў молад,

Я кахаў бы,

Ў холад-голад

Я спяваў бы!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан