epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Каму што

(Жарт.)

 

У самы жар, у летні час,

Ужо у поудзень, па абедзе,

На заутра у горад, на кірмаш.

Народу цьма ідзець і едзе.

Ну, ехаць добра, хоць пячэ,

Але ж ісьці дык во дзе мука!

А як з паклажаю яшчэ,

Дык то найгоршая дакука.

Хаця каб крышку адпачыць—

Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці,

Бо пуд ці пару валачыць,

То ні пярынку у жмені несьці.

Калі-ж карчма,—ну, тутка стой!

Тут можна выпіць і паесьці,

А за работай мілай той,

З знаемым гутарку завесьці.

Зыйшліся гэтак у карчме раз

Наш беларус, цыган, хахол,

І неяк трапіло на час,

Што за адзін прыселі стол.

Адзін узяу сябе мядку,

Другі — гарчыну той — поупляшкі,

Пакуль сядзелі у халадку,

Зьвялі знаемство, то-ж ні цяжка

Цыган да гораду сьпяшыу,—

Каня ен добра знау усе вады, -

Купляу, меняуся — ні грашыу,

Купцом на коні давау рады.

Хахол Маучба ішоу з работ,—

Заробак добры меу, багаты,—

Шукау сябра, каб без клапот

Даехаць з ім да роднай хаты.

У горад брыу цяле прадаць

Наш Янка Цьвік, празваннем Дыба:

Падатак мусіу ен аддаць.

А так — цяле самому трэба

Адно вось так, другое не,—

Сядзяць і зюкаюць паціху,

Ажно глядзі ты, вохці мне!

Зайшлі у спрэчку, клічуць ліхо.

Каб іх на царство узьвялі.

— Аб гэтым здумалі спрэчацца! —

Дык што рабіць-бы пачалі,

Якою працаю займацца?

«Вось я, здаецца, добра-б жыу,

«Гульнуу-бы я тады безпечна,

«С сваім народам бы дружыу,

«Кулеш усе еу бы ды яешні»,

Так кажэ Янка першы наш.

«Ну, дзе твой розум, белавусы?»—

Крычыць Моучба — «саусім німаш

«Між вас разумных, беларусы.

«От, я іначай бы зрабіу:

«У садку пад вішняю ляжау-бы,

«Увесь урад пры мне-б тут быу,

А я-бы правіу ды сьпевау-бы.

«А есьці — еу бы с салам хлеб,

«Крышыу галушкі-бы зубамі.

«І сало с салам, і яшчэ-б

«Я сало так-бы еу часамі.»—

—«Каб вас пярун! — крычыць цыган:—

«Абодва варты вы німнога,

«Вунь, той аббіты увесь саган

«Хоць грошык варт, а вы—нічога!

«Каб я папау у каралі,

«Дык мне усе гэта было-б мала.

«С казны-б украу я тры рублі,

«Украу каня — і... махні драла!» .


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан