epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Лірнік

Хто лірніка з вас знаў? Хто ведаў з вас старога,

Які з кійком ў руцэ ўвесь край наш абхадзіў?

Памёр, памёр сівы! Свой дар панёс да Бога,

Што ліру даў яму і песню прысудзіў.

Хто бачыў з вас яго сідзячым на кургане

Тагды, як зачынаў румяніцца усход?

Ён там любіў спяваць, што некалі паўстане

І будзе вольна жыць каханы ім народ.

Шуміць вяршынай дум — падзеі ўспамінае,

Каторых сведкаю зрабіўся на жыцці,

А лірнік наш стары з шумоў тых спеў складае —

Рука на корбе спіць ў чароўным забыцці.

Праходзіць слава ўся — аб ёй народ забыўся

Князі, і воіны, і мескі люд, і кмет,

Які не менш баяр старынаю гардзіўся...

І, сам не знаючы, раняе слёзы дзед.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан