epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Лісты

Невядомаму адрасату

...Нягледзячы на тое, што страшэнне сумна жыць здалёк ад роднай нашай старонкі, ад сваіх, а ўжо прызвычаіўся крыху да гэтых месц і народу, хаця ён мне і не надта падабаецца некаторымі старанамі свайго характару.

Тутака вы не спаткаеце таго, што ў нас: едзе які-небудзь дзядзька; ты ідзеш: «пахвалёны!» — «на векі векаў» — «сядай» — «дзякую» ці «падвязіце, дзядзька!..» — «сядай» — і ты паехаў.

Тутака ў нас чалавек спаткае падарожнага, дык часцей усяго так праедзе, калі незнаёмы; папросіць падвязці пытае: «сколькі даш?» «Капейкі» іграюць у тутэйшага люду вялікую ролю, і браць іх любяць з каго ні папала і як найболей. Цяперака далей — «чалдоны» п'юць гарэліцу нічога сабе, а шынкоў колькі хочаш — што ні хата, то шынок. Ось і наш гаспадар, гдзе мы жывем,— сам не п’е; жонка толькі ў кампаніі, калі ідзе агульная гулянка: вяселле, свята ці што іншае. І ось у іх гарца гарэлкі часам не стае на тыдзень.

Ну, годзе аб гэтым — народ як народ, нічога сабе. У гэтым годзе ў Кірэнскі павет Іркуцкай губ. Прыйшло 4 партыі, а ў іх многа «палітыкаў». Калі гэта перастануць пхаць сюды народ?! І так тутака людзі галадаюць, бо для ўсіх няма работы, дык і не ўсе ўмеюць што рабіць. Нядаўна ездзіў у Кірэнск і бачыў тамака бабусю Брэшка-Брашкоўскую. Яе прыслалі ў Кірэнск, каб мець лепшы надзор за ёю. Сцерагуць, як могуць, дык і то баяцца, што ўцячэ. Чуў я, што і спраўнік хоча прасіць дазвалення (ці ўжо просіць) пасадзіць яе ў крэпасць, а то не можа паручыцца, што яна не ўцячэ. А баек каля яе... нагаварылі колькі?! І мільёншчыца яна — цэлых паўтара мільёны грошай мае; і нейкая там «партія» пад яе ўладнай рукой знаходзіцца і т. д. і т. п. Ну, ось і бачыў я гэтага цудоўнага чалавека, каторага так баяцца. Што за мілая кабета?!. Мае ўжо больш 65 гадоў, а столькі яшчэ духоўнай сілы ў сябе таіць і энергіі, што іх, здаецца, стане яшчэ на цэлы век. Ласкавая, як і сапраўды бабуля; простая, як вясковая кабеціна; жывая і вясёлая, як бы гадоў з 35 для яе дарма прайшлі. Распытывалася, як жывецца. Раіць асесці тутака і ўзяцца за што-небудзь такое гаспадарскае са сваім домам усім такім. А «Расея маўчыць; вы цяперака ёй не патрэбны — як трэба будзе, сама скліча вас». Дык ось каго я бачыў — буду памятаць яе доўга. Ось і ўсё найцікаўшае з майго жыцця ў далёкім Сыбіру.

Алесь Гарун

 

Высокапаважаны Пане Ластоўскі!

Пасылаю Пану, для «Н [ашай] Н [iвы]» зноў сваіх колькі вершаў. З песнямі пакуль што маўчу. Ёсціка ў галаве пара матываў, але пакуль што заняты другім: як урву якую вольную часінку, то пакладаю на пісанне драмы для беларускага тэатру. Драма ў вершах, з сучаснага нам жыцця і будзе меці тытул «Дэпутат». Можа, крыху другі, але кончэ з «дэпут». Першы акт на*-перша скончыў, пачаў другі, але калі ўсё давяду да канца — не ведаю. А покуль што жычу ўсяго найлепшага і, моцна паціскаючы руку Пану, застаюся заўсёды ўдзячны і прыхільны.

А. Прушынскі

1912.30/Х

Кірэнск

 

Дарагі Тарасік!

Маю табе нешта сказаць важнае перад тваім ад’ездам у Варшаву. Інтэрас важны, прашу зайсці, бо сам хадзіць не магу — забараніў доктар. Каб ты прынёс якую-небудзь кніжачку пачытаць, вельмі б дзякаваў, бо сяджу без усякага занятку. Зайдзі канечне.

Hotel Palac, № 158

А. Прушынскі


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан