epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Мая люба

У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,

Губкі вішневыя;

І шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная,—

Грудкі пуховыя;

І голас у любай, як у лесі зьвінючай, бліскучай крынічанькі

Сьпевы адвечныя;

А усьмешка каханай — у зяленым аксаміце луга мурожнаго

Пэрлы сланэчныя;

Ідзець каралеунаю, добрай, ласкаваю, роунай паходкаю,

Ціха ступаючы,

Зауседы усьміхаецца думцэ захованай, у сэрцы мілосную

Песьню сьпеваючы;

Вяночкі, што вечара, у рэчку спушчаючы кажэ: «Плывіце вы

Разам з вадзіцаю!

Скажэце каханаму станем прад Богам мы параю шлюбнаю,

Хоцьбы з грамніцамі."

 

А гэтак далекая! Так яно, зорачка захаду ранняя,

Будзе і станецца.

Над нашым каханняйкам людзі ні сільныя,

леты ні уластныя—

Хай-жа мінаюцца.


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан