epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Малітва

Я бачыў: Сын Яго стаяў

На пушчы і маліўся

I словы ў гневе прамаўляў,

А твар слязьмі абліўся.

– Ах, дай мне, Ойча, моцных слоў!

Маланак слоў палючых,

Бо кроў мая сачыцца зноў

Із ранаў тых балючых...

Дзівіся, Пане, слабы я,

Саўсім ня маю сілы;

Гарыць, баліць душа мая, –

О, дай жа моцы, Мілы!

Паглянь: паўсюдах з краю ў край

Рабунак, глуз пануюць,

I льецца сьмех тых чорных зграй,

I ўсё зь зямлёй раўнуюць.

Зірні: дзе пекнасьць тая, што

Надаў нам, Міласьцівы?

Тваіх правоў трымае хто,

Братэрства, згоды хцівы?

Схініся к нам Ты і абач:

З гадзінай горш жывецца,

Цяжэе боль, мацьнее плач,

Галоў ўсё болі гнецца.

Паслухай ноччу, ўдзень, Сьвяты,

Скажы маўчаці звонам, –

I колькі жальб пачуеш Ты!

Зямля азьвецца стогнам...

Узглянь: навокал чорны сьвет,

Прыцьмена праўды слонца,

Надзеі ў людзях болей нет, –

Пашлі ж ім Абаронца!

Ах, дай мне, Божа, гэткіх слоў,

Зямля б ад іх траслася!..

Баляць бо раны мае зноў,

I кроў зь іх палілася...

Пашлю тады маланкі ў люд,

Ў бясшчасны той брадзіці,

Блішчэць, яскравець там і тут,

Праўдзівы гнеў будзіці.

Мільёны кіну перуноў

У тых, каго я знаю,

У тых, маю што сочуць кроў,

У тую чорну зграю.

Тагды ізноў, як колькі раз

На сьвеце ўжо бывала,

Настане Твой вялікі час,

Твая засьвеціць хвала.

Малюся ж, – дай мне гэтых слоў!

Сцаліш мяне, паможаш;

Гарыць душа, баліць ізноў...

Вялікі! дай, як можаш!

 


26.10.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72243