epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Матцы

Маці міла! любка родна!

Гэтта нет жыцця мне!

Дзень з дзянёчкам пачародна

У бяздонне цягне.

 

Сумна, рыбка, тужна, міла,

Што цябе не бачу!

Вочы нечым заімгліла,—

Ад слязы, ад плачу!

 

Край чужы — страшная мара:

Снег, мароз ды зоры;

А цябе, як чорна хмара,

Заступілі горы.

 

Маці родна! любка міла!

Хоць у сне падайся.

Ты ўспаіла, ты ўскарміла,

Ты ж не адмаўляйся!

1912 г.


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан