epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

На Віціме

1

Адзін ў жалезнай дамавіне2

Ляжу без дум, ляжу без слоў,

Не маю сноў, не бачу сноў,

Няма бажанняў і ў спаміне.

Навокал хлюпае вада —

Ракі нявернай дар няшчыры;

Наўсцяж звініць, як спевы ліры,

Паспешных хвалек чарада.

 

Часамі ў шчылінку зірне

Праменьчык сонца, зелень бора,

Між гор скалістая разора,

А ў ёй шумлівы вадаспад,

Заімкі3 беднай вокны хат,

Рыбак у чоўне прамільгне —

Нішто не вабіць больш мяне!

Няма ў душы адгучных нот,

Кудысь падзеўся рым званчасты,

А чорны сум, як гад кальчасты,

Спыняе сэрца мерны ход.

Плыву адзін у дамавіне —

Здаецца, стыне ў жылах кроў.

Так голы куст ў глухой цясніне,

Між шчэбняў скал, ў прытулку соў,

Без дум і слоў паволі гіне.

1 Віцім — сібірская рэчка.

2 У віціне на рэчцы.

3 Выселак — па-сібірску. (Заўвагі А. Гаруна.)


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан