epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

На плач мяне забірае

На плач мяне забірае:

На ціхі плач,

Страшэнны плач

Без сілы...

Стаю на распуцці

У пушчы бяскрэснай,

Счарнелай, жалобнай,

Замёрлай,—

Без крышкі надзеі

Спаткаці жывое,

Хоць сэрца маё поўна

Вялікім жаданнем:

Не быці адному,

Кахаць, што ёсць годна

Кахання людскога,

Хоць думкі вялікі

Ўсялякіх пытанняў,

А часта і адказу,

Вінуцца, нясуцца,

Быц нейкія хмары,

Што цёплым дажджом

Не могуць праліцца

На чорную землю...

Так мыслі адказам

Ясным не могуць

Сказацца —

На страшны пытанні

Жыццёвы!..

 

І моўчкі стаю я

На жыцця распуцці,

Ўсяго бездарожжы...

Без сэрца кахання,

Без дум адказання,

Без сілы жыццёвай,

Без ўсякае сілы!..

І б’ецца напрасна

Ў грудзях маіх сэрца,

І рвуцца так думы,

І гасне душа...

Бо нават не маю

Я гэнай пацехі,

Каб ў сенкі ці жары

Духоўны —

Хацення пытання,

Каб высказаць словам

І кінуць ў твар людзям

Страшэнныя праўдай,

Магучыя словы...

Усцяж стаю моўчкі,

У сабе я тамлюся...

І чую, што робіцца

Здзек мне вялікі,

Вялікая крыўда...

А я ўсё ж без сілы

Стаю... чую,— болей

Ды болей на плач

Мяне забірае...

На ціхі, страшэнны,

На плач безгалосны,

На плач бясслёзны...


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан